Пути наши

ШЛЯХІ НАШЫЯ


«Так кажа Госпад: спынецеся на шляхах вашых
і разгледзьце, і распытайце пра шляхі старажытных,
дзе шлях добры, і ідзеце па ім, і знойдзеце супакой
душам вашым» (Ерам 6:16).

Жыцьцё – гэта нейкі пэўны час. Час, які пачынаецца і які закончваецца. Безумоўна тое, што гэта тычыцца кожнага Божага стварэньня. Жыцьцё рухаецца за часам і разам з часам, бо немагчыма жыць і ня рухацца. Мы нараджаемся ў гэты сьвет і ўпэўнена рухаемся да сьмерці. І на гэтай дарозе, у кожнага з нас, ёсьць пэўныя патрэбы і пэўныя клопаты. Так праходзіць жыцьцё. І яно бяжыць ад нараджэньня да сьмерці вельмі і вельмі хутка. Так ня скажа чалавек малады, але сталы чалавек пацьвердзіць гэта даволі ўпэўнена. Чаму? Чалавек малады толькі пачынае адлік і таму не разумее хуткага бегу часу. Іншая справа чалавек сталы, які глядзіць на мінулы час, як на нешта вельмі хуткаплыннае, бо не пасьпеў адчуць свае першыя крокі, як адчуваеш ужо і апошнія. А далей час як быццам бы спыняецца. Для цябе, а для кагосьці ён толькі пачынаецца. І так да бясконцасьці? Гэта так, але толькі для тых, хто не сустрэў у сваім жыцьці Госпада Ісуса Хрыста.

Ці не таму Бог кажа: «Спынецеся на шляхах вашых?» Бог кажа нам, што ў нейкі вызначаны час нам трэба спыніцца. І гэты час – Раство Ісуса Хрыста, як час усьведамленьня той надзеі, якая адбылася 2000 год таму пад час нараджэньня нашага Збаўцы. Бог адкрыўся нам у Хрысьце, Які перамог сьвет. І гэта той час, з якога і пачынаецца нашае служэньне. Бог прапануе нам спыніцца на шляхах сваіх і для гэтага ёсьць, як мінімум шэсьць прычынаў.

Адносіны з Госпадам. Якія яны былі на працягу ўходзячага года? Бог кантралюе час, бо Ён яго і стварыў. Час, у якім мы жывем, належыць Богу. Ён даў яго для нас. Але як мы адносімся да часу нашага жыцьця? Як выкарыстоўваем яго ці як марнуем? Што нас цікавіць? Курс даляра, падзеі ў іншай краіне ці навіны з інтэрнету? І Бог глядзіць на ўсё гэта. Дарма ці не дарма мы выкарыстоўваем свой час? Так, мы павінны ведаць, што адбываецца ў сьвеце, але толькі з кропкі погляду Госпада. Чаму? Таму што ў гэтым выпадку мы ніколі не памылімся ў-ва ўсьведамленьні тых ці іншых падзеяў, бо Бог кіруе ўсім і ўсімі намі. Адносіны з Госпадам вельмі важная рэч у жыцьці чалавека, бо калі мы прачынаемся і засынаем з Госпадам, дык нашыя адносіны з Ім удасканальваюцца, а час праведзены з Богам мае вечны адлік і ніяк не ўплывае на час сьвецкага жыцьця. Чаму так? Таму што жыцьцё ў Госпадзе, яно вечнае, а фізічная сьмерць азначае ня больш таго, што пачынаецца галоўная частка нашага жыцьця – вечнае жыцьцё ў Валадарстве Божым, дзе Божая прысутнасьць – гэта рэальнае дзеяньне.

Асабістая малітва. Колькі мы выкарыстоўваем свайго часу на малітву? Вельмі важна адзначыць, што мы не губляем час, калі молімся. Наадварот, мы знаходзім яго, бо гэта час Божы. Час размовы з Госпадам – гэта набытак і набытак вельмі каштоўны, бо дае нам самую вялікую каштоўнасьць – Божую прысутнасьць. Бог патрабуе нашага жыцьцёвага часу для Сябе, бо Ён Гаспадар часу. Таго часу, які мы атрымалі ад Госпада пры нашым нараджэньні. Бог даў нам запавет дзесяціны і гэта тычыцца ня толькі нейкага матэр’яльнага здабытку, але і пэўнага часу нашага жыцьця. Гэта азначае, што духоўнае жыцьцё чалавека павінна базавацца на тым, што, як мінімум, дзесяць адсоткаў часу нашага жыцьця мы павінны аддаваць Госпаду. А колькі аддаем мы? Няхай кожны падлічыць сам і параўнае свой малітоўны час з тым, які чакае ад нас Бог. Чаму гэта трэба? Каб усьвядоміць той узровень увагі кожнага з нас у дачыненьні да Госпада.

Мы павінны адказаць на гэтыя пытаньні, бо яны вельмі актуальныя для кожнага з нас. Як Бог глядзіць на нас, калі мы не аддаем Яму пэўнай часткі свайго часу, а молімся якіх-небудзь некалькі хвілінаў? Ці не зьяўляецца адсутнасьць посьпеху ў служэньні Госпаду вынікам недахопу нашай малітвы да Бога? Няхай кожны разважыць сам.

Служэньне. Гэта прывілей для кожнага хрысьціяніна. Але давайце параўнаем наступнае. Колькі такіх магчымасьцяў служэньня дае нам Бог і колькі мы выкарыстоўваем гэтых магчымасьцяў? І тут зноў узьнікае пытаньне часу. Як мы выкарыстоўвае яго? Аддаем яго для служэньня Госпаду ці наўпрост марнуем яго ў нейкіх неабавязковых ці безсэнсоўных занятках? Амаль што ніхто ня будзе спрачацца з тым, што страта часу – гэта грэх. Але, як Бог глядзіць на тое, што ёсьць стратаю часу? Для Яго страчаны намі час – гэта час, калі мы не зьдзяйсьняем Ягоныя задумы і мэты ў адносінах да нас. Безумоўна і тое, што нам патрэбны і адпачынак, бо так вызначыў нам Бог пры нашым стварэньні. І гэта ёсьць часткай Ягонага замыслу адносна аднаўленьня сілы нашага цела, нашага розума і нашага духа.

А вось час страчаны на нешта лёгкадумнае ці, наадварот, «сур’ёзнае» адданьне асноўнага часу на ўзрост сваёй кар’еры, не зьвяртаючы ўвагі на сям’ю – гэта тое, што Госпаду зусім не падабаецца. Ніякія нашыя справы нельга лічыць стратай часу, калі гэта – гарманічная частка плану, распрацаванага для зьдзяйсьненьня Божых мэтаў з найбольшай карысьцю і найбольшым выкарыстоўваньнем нашых талентаў і здольнасьцяў. Вось што сказаў апостал Павал пра час нашага служэньня: «Дык глядзіце, хадзіце дакладна, не як бязглуздыя, але як мудрыя, выкупляючы час, бо дні злыя. Дзеля гэтага ня будзьце неразумнымі, але пазнавайце, якая ёсьць воля Госпада.» (Эф 5:15-17).

Узрастаньне ў Госпадзе. Мы павінны планаваць свой час, каб паглыбляцца ў Божую праўду і ўзрастаць у Госпадзе. Што гэта азначае? Толькі тое, што шмат якія абставіны нашага жыцьця здаюцца нам тэрміновымі і неадкладнымі. Але ня трэба кідацца тэрмінова іх выконваць, не абдумаўшы суадноснасьць гэтых мэтаў з тымі мэтамі, якія ставіць перад намі Бог. Жыцьцё падказвае, што гэтыя мэты вельмі рэдка супадаюць, а таму верагоднасьць памылкі вельмі і вельмі высокая. І таму, каб узрастаць у Госпадзе, мы павінны засяродзіць сваю ўвагу на тым, што нам для гэтага сапраўды неабходна і важна. І вось на што. Мы павінны цаніць свае ўзаемаадносіны з Богам і аддаваць Яму свой час. Мы павінны цаніць Слова Божае і праводзіць пэўны час за яго чытаньнем і разважаньнем пра прачытанае. Мы павінны цаніць тыя здольнасьці і таленты, якія даў нам Бог. І аддаваць свой час на тое, каб разьвіваць свае здольнасьці і таленты для мудрага выкарыстоўваньня. Так, мы павінны быць мудрымі і каб узрастаць у Госпадзе, павінны прыняць сказанае Богам Ісусу сыну Нава: «Толькі будзь цьвёрды і вельмі мужны, і старанна захоўвай і выконвай увесь закон, які наказаў табе Майсей, раб Мой; не ўхіляйся ад яго ні направа, ні налева, каб чыніць разумна ва ўсіх пачынаньнях тваіх» (Нав 1:7).

Адносіны паміж людьмі. Гэта цудоўная магчымасьць паглядзець на жыцьцё іншых людзей, каб спыніцца і мажліва паўдзельнічаць ў нейкіх справах сваіх блізкіх, бо калі мы шукаем слова да блізкага, мы глядзім і на сваё жыцьцё праз Слова Божае. Ісус Хрыстос казаў пра гэта, як пра вельмі і вельмі важнае: «Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі» (Мац 7:12). Эвангельле ад Лукі таксама дае нам выказваньне Ісуса: «Дык будзьце ж міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны. І не судзіце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і вам будзе даравана; давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, націсьненую, стрэсеную і з верхам дадуць вам на ўлоньне вашае; бо якою мераю мераеце, такою і вам будзе адмерана» (Лук 6:36-38).

Бог бачыць нашыя сэрцы, а нашыя сэрцы зьвернуты да іншых людзей і да Бога. Нашыя паводзіны маюць той-жа накірунак. Бог разглядае ня толькі нашыя сэрцы, але і нашыя ўчынкі, бо большасьць нашых учынкаў, у той ці іншай ступені, кранае іншых сярод нас людзей. Ісус кажа пра тое, што ва ўзаемадзеяньні паміж сабою мы павінны кіравацца Законам і Прарокамі. Чаму? Таму што Закон нясе ў сабе строгія запаведзі таго, як людзі павінны паводзіць сябе адносна аднаго да другога. Шэсьць з дзесяці Божых запаведзяў наўпрост зьвязаныя з узаемаадносінамі людзей. Дзеці павінны паважаць бацькоў. Бог запаведаваў нам таксама не забіваць, не пераходзіць мяжу блізкага свайго, не варагаваць, ня сьведчыць ілжыва і не жадаць дома блізкага свайго.

Тое, як мы адносімся да іншых людзей вельмі зьвязана з Божым законам пра сеяньне і жатву. Паслухаем апостала Паўла: «Не падманвайцеся, з Бога не пасьмяешся. Бо што чалавек сее, тое і будзе жаць. Хто сее ў цела сваё, з цела будзе жаць сапсутасьць; а хто сее ў Дух, з Духа будзе жаць жыцьцё вечнае. А робячы дабро, ня будзем журыцца, бо ў свой час будзем жаць, калі не саслабеем. Дык пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш — сваім у веры» (Гал 6:7-10). Павал навучаў галятаў, але гэта адносіцца да кожнага з нас, бо з таго моманту, як мы атрымалі збаўленьне, кожная нашая добрая справа і кожная праява нашага служэньня зьяўляюцца дзеяньнем Божай узнагароды ў нябёсах. Мы можам ня бачыць відавочных вынікаў нашага сеяньня ў Дух пры нашым жыцьці, але нашая ўзнагарода чакае нас у вечнасьці, дзе мы будзем карыстацца ўзнагародай і дабраславеньнем Божым.

Спадзяваньне на Госпада. Ісус сын Нава, які быў вызначаны Госпадам кіраваць народам Ізраіля пасьля Майсея, казаў народу слова ад Бога: «А ты дай загад сьвятарам, якія нясуць каўчэг запавету, і скажы: як толькі ўвойдзеце ў воды Ярдана, спыніцеся ў Ярдане. Ісус сказаў сынам Ізраілевым: “Падыдзеце сюды і выслухайце словы Госпада Бога вашага”» (Нав 3:8-9). Зьвярнем увагу на тое, што Бог не прапанаваў бегчы і хутка пераадольваць рознымі сродкамі даволі вялікую раку. Наадварот, Ён кажа спыніцеся. Чаму? Каб людзі неабдумана ня беглі, але спыніліся і зьвярнуліся ў спадзяваньні на свайго Бога, Які можа ўсё і Які абавязкова абароніць Свой народ ад непатрэбнай небясьпекі.

І вось час сёньняшні. Крызіс, жыцьцёвая мітусьня, барацьба за дабрабыт, няпростая міжнародная сітуацыя – усё гэта відавочныя прыкметы нашага часу. Але гэта і даволі карысны час, каб спыніцца, паслухацца Госпада і пачаць у спадзяваньні служыць Яму. Але як навучыць таго, хто спыніўся? І хто гэта зробіць? Бог дасьць нам іх. Абавязкова. Як даў юдэям, якія вярнуліся ў Ерусалім і апынуліся ў даволі складанай сітуацыі, як прарок Эздра: «І прыйшоў ён у Ерусалім у пяты месяц – у сёмы год валадара. Бо ў першы дзень першага месяца быў пачатак выхаду з Бабілону, і ў першы дзень пятнаццатага месяца ён прыйшоў у Ерусалім, бо дабрадзейная рука Бога ягонага была над ім, бо Эздра прыхіліў сэрца сваё да таго, каб вывучаць закон Госпадаў і выконваць яго, і вучыць у Ізраілі закону і праўдзе» (Эзд 7:8-10). Бог дае нам такіх людзей, каб навучыць нас Божай праўдзе. А мы павінны трымацца гэтай праўды, каб быць прыкладам іншым людзям у нашым служэньні.

Сьведчаньні гісторыі кажуць нам пра тое, што, спыніўшыся, мы не згубілі часу і не змарнавалі яго. Так хоча Бог, а дзеі Госпада ў нас ня могуць быць марнымі па вызначэньню. Бо хто можа сказаць тое, што, чытаючы Біблію ці праслаўляючы Госпада ў царкве, мы марнуем час? Правільна, толькі чалавек няверуючы, для якога больш важна ў нядзелю пабэўтацца на базары ці папрацаваць на лецішчы. Але Бог ня хоча бачыць нас такімі, якія некуды бягуць не заўважаючы Госпада. Гэта і ёсьць сапраўднае марнаваньне часу. Бог кажа нам: «Супыніцеся і паглядзеце на Мяне, на Мае дзеі і на Мае словы. Не марнуйце час і не мітусіцеся, бо вашая мітусьня – гэта праява вашай волі, але не Маёй. Павінна ж быць наадварот, бо воля Бога – гэта тое галоўнае і важнае, што павінна быць у жыцьці кожнага чалавека. Толькі ў гэтым выпадку будзе супакой у вашых сэрцах»

Таму кожны веруючы павіненн маліцца на тое, каб наш Бог даў нам супыньне ў тым жыцьці, якое мы маем сёньня. Каб яшчэ і яшчэ раз зьвярнуцца да Яго з надзеяй і падзякаю. Каб убачыць тое, што прызначыў для нас Бог. І каб вызначыліся правільныя шляхі нашыя. Амэн.


Рецензии