Искушение

СПАКУСА


«Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля
спакушваньне праз д’ябла, і, прапасьціўшы сорак
дзён і сорак начэй, нарэшце згаладнеў» (Мац 4:1-2).

Ісус Хрыстос спазнаў тры спакушэньні, якія чакалі яго ў Ягоным зямным жыцьці. Самыя галоўныя спакушэньні, якія Ён толькі мог бачыць і адчуваць у Сваім зямным служэньні. І гэта не выпадкова, бо гэтым самым, Ён дае нам вялікі прыклад таго, што мы павінны ня толькі чуць пра гэта, але і адчуваць сутнасьць гэтых спакушэньняў: «Бо таму, што Сам Ён, спакушаны, цярпеў, можа тым, якія спакушаныя, дапамагчы.» (Геб 2:18).

Спакуса (tentatio) – гэта найбольш вядомае выпрабаваньне, праз якое праходзяць дзеці Божыя пасьля набыцьця збаўленьня ў Ісусе Хрысьце. Заўважым, што спакушэньне, як выпрабаваньне, ня тычыцца чалавека няверуючага, бо няверуючы так ці інакш падпарадкаваны д’яблу і таму проста выконвае грахоўныя загады свайго гаспадара. З веруючым чалавекам ня так. Д’ябал ня мае над ім улады, але даволі актыўна ўдзельнічае ў гэтым працэсе, выступаючы ў ролі спакусіцеля. Нязбаўлены, а значыць няверуючы чалавек залежыць ад д’ябла, які ўладай пракурора выносіць яму абвінавачваньне і атрымлівае дазвол на вышэйшы прысуд: «Атрымаць ня толькі жыцьцё, але і душу чалавека». Але ня так з хрысьціянінам, бо ня так важна, што робіць д’ябал, а важна тое, што ён ня можа атрымаць душу хрысьціяніна, якая знаходзіцца ў Хрысьце з-за нараджэньня звыш і якая зьмешчана духоўна ў цела Ісуса Хрыста.

Ніхто ня можа пазьбегнуць спакушэньня, бо недарма Госпад вучыў нас прамаўляць у асноўнай малітве наступныя словы: «І ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога» (Мац 6:13). Ісус Хрыстос быў вельмі сур’ёзна выпрабованы спакусамі, але адкінуў іх ад Сябе і калі мы з Ягонай дапамогаю ня здольныя пераадоліць выпрабаваньні, дык гэта можа азначаць, што Ісус Хрыстос не зьяўляецца нашым Збаўцам.

Перанесьці спакусу азначае вытрымаць яе і змагацца з ёй. Мы павінны супрацівіцца спакушэньню з дапамогаю Божага слова, малітвы і Крыві Ісуса Хрыста. Апостал Павал дае нам Божы запавет, які мы павінны вывучыць слова ў слова: «Так што, хто думае, што стаіць, няхай сьцеражэцца, каб ня ўпасьці. Вас наведала спакуса ня іншая, як чалавечая. Але верны Бог, Які не пакіне вас быць спакушанымі больш, чым вы можаце, але са спакусай зробіць і выхад, каб вы маглі перанесьці» (1 Кар 10:12-13).

Зьяўляючыся чалавекам зямлі, Ісус пачынае Сваё зямное служэньне з вялікага паста і вялікага спакушэньня. Міласэрны і сьвяты чалавек, Сын Божы, радуецца гэтаму прывілею, бо Ён павінен прайсьці праз выпрабаваньні, якія ня здолеў прайсьці першы чалавек Адам. Дададзім да гэтага, што ўмовы, ў якіх знаходзіліся пры гэтым Адам і Ісус, былі кардынальна розныя. Адам не знаходзіўся ў жорсткіх умовах пустыні, але быў зьмешчаны Богам у Эдэмскім садзе. Ён не пасьціўся і нават ня ведаў пра гэта, але, нават ў такіх спрыяльных умовах свайго жыцьця, ня вытрымаў першага ж спакушэньня. Наколькі ж хужэйшым было становішча Сына Божага, Які, будучы фізіялагічна звычайным чалавекам, здолеў вытрымаць гэтыя выпрабаваньні пасьля соракадзённага посту.

Сьвяты Дух прывёў Ісуса ў пустыню для спакушэньня ад д’ябла. І вось, што важна. Ён быў спакушаемы не таму, што быў грэшны, але таму, што Бог мэтанакіравана вёў Ісуса да спакусы, каб падгатаваць Свайго Сына да пакліканьня Ягонага жыцьця. Дух Сьвяты вядзе Яго праз вельмі сур’ёзны пост да адзіноцтва і паслабленага становішча, каб потым дазволіць д’яблу напасьці на Яго ў гэты момант.

«І прпасціўшы сорак дзён і сорак начэй». Гэта пра Ісуса Хрыста, Які, бязумоўна паслабеўшы, стаў мішэньню спакушэньняў д’ябла. «Ісус нарэшце згаладнеў», бо гэта казала Ягонае цела. Цела заўсёды перашкаджае нам узьняцца над самім сабою, бо падштурхоўвае нас не згаджацца з тым, што мы можам быць мацнейшымі за гэты сьвет. І вось, падгадаўшы момант войстрай неабходнасьці задавальненьня фізічнай патрэбы, спакусьнік прыходзіць да Ісуса і зьвяртаецца да Яго: «Калі Ты - Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі» (Мац 4:3). Д’ябал спакушае Яго, прапануючы задаволіць Свае патрэбы цела, не чакаючы Божага дазволу, але выкарыстоўвачы Сваю волю і тую ўладу, якую Ён меў ад пачатку.

Звярнем увагу на першыя словы д’ябла: «Калі Ты Сын Божы». Заўважым, што любое спакушэньне – гэта ня заклік прамога дзеяньня, але нейкі намёк на тое, што Божая праўда, ў той ці іншай ступені, не падыходзіць да той жыцьцёвай сітуацыі, у якой мы можам апынуцца. Прыпамятаем самае першае спакушэньне, якое адчулі на сабе Адам і Ева: «Ці сапраўды сказаў Бог: “Ня ежце ні з якога дрэва ў раі?”» (Быц 3:1). Мы ведаем, што водгукам на гэтае пытаньне спакусіцеля стаў грэх, бо воля чалавека вырашыла, што яна сама можа забясьпечыць асабістыя патрэбы. Але, ці магло так здарыцца з Ісусам Хрыстом, Які і на самой справе мог ператварыць любы камень у хлеб?

Ісус Хрыстос прыйшоў у гэты сьвет ня дзеля Сябе, а каб паслужыць Айцу і даць выратаваньне людзям, што значыць паслужыць ім. Мы ведаем, што Ён рабіў цуды, калі ператварыў ваду ў віно і накарміў пяць тысяч чалавек пяцьцю хлябамі. Усе Ягоныя цуды былі накірованы на тых, дзеля каго Ён і прыйшоў у гэты сьвет. Але ня дзеля Сябе. Пісаньне не дае нам такіх зьвестак і таму становіцца ясна, чаму Ісус не стварыў гэты першы цуд ператварэньня камяню ў хлеб. Бо ня ў тым была воля Айца.
Ісус вытрымаў гэты першы іспыт, калі адказаў: «Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мац 4:4). Ён не адмаўляў таго, што Яму патрэбны быў хлеб, але проста пацьвердзіў, што хлеб не зьяўляецца галоўнай патрэбаю чалавека. Ісус кажа пра словы Божыя, кожнае з якіх зьяўляецца праўдай і якія чулі людзі сорак дзён таму: «І вось, голас з неба, які казаў: Гэты ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім Я маю ўпадабаньне» (Мац 3:17). Чалавек, паслухмяны юдэй, Сын Божы, прыйшоў, каб выканаць не Сваю волю, але Таго, Хто паслаў Яго. Голад ня быў Ягоным грэхам, бо якая шкода ад таго, што чалавек галодны? Але ці была воля Айца на тое, каб Ісус ператварыў камень у хлеб? Д’ябал намагаўся пазбавіць Ісуса Хрыста дасканалага паслушэнства і зьмяніць Ягонае становішча слугі Айца. Першая перамога Хрыста – гэта простае і абсалютнае паслушэнства слову Айца. І ўсе мы асьвячоныя паслушэнствам Ісуса Хрыста, бо слова Айца жыве і перамагае.

Характар паслушэнства Ісуса Хрыста складаецца з таго, што воля Божая – гэта закон і, як сьледства, адзіны матыў да дзеяньня. Усім нам прыемна бачыць сына ці дачку, якія кідаюць свае любімыя заняткі, каб выканаць, калі гэта неабходна, волю сваіх бацькоў. Ісус Хрыстос – наш вялікі прыклад, бо Ён ніколі ня крочыў згодна Сваёй волі, а толькі выконваў волю Свайго Айца, бо быў той вялікай і асноўнай часткаю Божага плану па збаўленьню Сваіх выбраных ад грэху і сьмерці. Трэба разумець гэта і нам, што калі мы зьяўляемся дзецьмі Божымі, дык павінны, як Ісус Хрыстос, знаходзіцца ў паслушэнстве і будаваць сваё жыцьцё згодна таго ж плану Айца, які даручыў нам выконваць наш вялікі Збаўца.

«Потым бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад, і стаўляе на вільчаку сьвятыні, і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”. Ісус сказаў яму: “Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”» (Мац 4:5-7).
Маё асабістае адчуваньне ў тым, што Ісус не дазволіў Сабе ніякага тэрміну для абдумваньня адказу спакусіцелю. Ён вельмі добра ведаў Пісаньне і той сапраўдны сэнс, які закладаў Айцец у тыя словы, якія былі прамоўленыя д’яблам. Ісус адразу ж адказвае вершам з кнігі Другазаконьня: «Не спакушай Госпада Бога твайго». Д’ябал кажа Ісусу: «Кінься ўніз», каб схіліць Яго выпрабаваць на Сабе тое, што было абяцана Мэсіі, не прытрымліваючыся шляхоў Божых.

Чалавек веры заўсёды можа цьвёрда разлічваць на Божую дапамогу, калі ідзе Ягонымі шляхамі. Мэта ж д’ябла ў тым, каб пасеяць сумнёў у сэрцы чалавека на сапраўднасьць Божых абяцаньняў і схіліць чалавека да жаданьня ўпэўніцца ў тым, ці можна давяраць Богу. Нам неабходна ўпэўненасьць і сьмеласьць на шляхах паслушэнства Госпаду, а для гэтага мы павінны імкнуцца ведаць Пісаньне так, як яго ведаў наш вялікі Настаўнік. І каб ніякі спакусіцель ня здолеў «данесьці» да нас перакручаны сэнс слова Божага. І каб мы, як Ісус Хрыстос, адразу і з цьвёрдай упэўненасьцю маглі адказаць і адкінуць спакушэньне.

Хрысьціяне жывуць не абасобку, але як і Ісус Хрыстос – сярод разбэшчанага і спакусьлівага сьвету. І тут трэба заўважыць, што і ў наш час першыя словы спакусіцеляў амаль што не зьмяніліся і мы чуем тое ж самае, што чуў пры спакушэньні і Ісус: «Калі ты. Калі ты веруючы, калі ты молішся, дык выпрасі ў Бога нешта каштоўнае матэр’яльнае. Ну, напрыклад, норкавую футру для жонкі ці кватэры для сына і дачкі. Выпрабуй свайго Бога. Ці слабо?» І калі д’ябал заўважыць, што мы ня прынялі праўду Божай ласкі, як Ягоныя нашчадкі, дык ён будзе мець у нашым сэрцы пладародную глебу, каб сеяць зерне падману.

Ісус Хрыстос добра ведаў гэта правакацыйнае «Калі Ты - Сын Божы». Ён ведаў, што быў пасланы Айцом на зямлю не абараняць ці выпрабоўваць Свайго Айца, але падпарадкоўвацца Яму і клапаціцца пра выкананьне Ягонай волі. Ісус Хрыстос быў на зямлі, каб служыць Свайму Айцу і збавіць выбраных Богам людзей.
«Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх, і кажа Яму: “Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне”. Тады Ісус кажа яму: “Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся, і Яму аднаму служы”». Тады пакідае Яго д’ябал; і вось, анёлы прыступіліся, і служылі Яму» (Мац 4:8-11).

Д’ябал, які атрымаў паразу ў сваёй спробе перамагчы паслухмянае Богу сэрца, нават выкарыстоўваючы слова Божае, не супакойваецца і спакушае Яго ў трэці раз. Ён паказвае Ісусу народы зямлі, якія паўсталі перад Ім у-ва ўсім сваім харастве. Так, Ісус убачыў Свой народ, які складаўся з усіх народаў зямлі. Ён убачыў Сваю Царкву, а таму Ён бачыў і нас з вамі. Ён бачыў усіх тых, дзеля каго прыйшоў на гэтую зямлю, дзеля каго Ён павінен быў цярпець, памерці і ўваскрэснуць. Мы былі там, у тым мінулым, сярод выбраных і пакліканых Госпадам людзей. Госпад бачыў нас яшчэ тады, калі д’ябал прапанаваў Яму неадкладную ўладу на ўмове пакланеньня яму.
Д’ябал добра ведаў, што ўсе гэтыя народы прыналежаць Сыну Божаму і тут няма ніякай патрэбы прыводзіць хоць якія доказы. Хітрасьць спакусіцеля складалася з таго, што ён прапанаваў Ісусу адмовіцца ад «цяжкога» плана Бога для чалавека Ісуса і прыняць вельмі «лёгкі» план д’ябла. Навошта выпрабаваньні, навошта зьдзекі, навошта пакуты, навошта ўкрыжаваньне і сьмерць? Можна ж усё спросьціць. Толькі адзін паклон князю сьвету і ён аддае ўладу над гэтымі народамі. Тут і зараз. Толькі адзін паклон і ніякіх цяжкасьцяў.

План д’ябла для Ісуса Хрыста не зьяўляўся нечым новым, бо многія валадары зямлі вяліся на падобныя прапановы, каб задаволіць сваё славалюбства. Розьніца толькі ў памерах змовы. Зямным валадарам прапанаваліся адзін, два, няхай і некалькі дзясяткаў народаў, але тое, што пачуў Ісус Хрыстос – гэта спакушэньне вышэйшага памеру, бо яму прапанавалася лепшая частка ад усіх народаў зямлі. Але Ісус бачыў нас усіх, як бачыў і тое, што Ён павінен быў зрабіць дзеля таго, каб мы былі Ягоным народам. Ісус Хрыстос быў у становішчы чалавека, якога спакушалі, але якімі б не былі выпрабаваньні і пакуты з-за грэху людзей, Ён будзе служыць адзіна Богу, каб выканаць тое, што даручыў Яму Айцец. Таму і кажа Ісус: «Адыйдзі ад Мяне шатан! Бо напісана: “Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы”».

Прыклад Ісуса Хрыста падказвае нам тое, што, калі д’ябал нясе нам спакушэньне і яўляе сваю д’ябальскую сутнасьць, дык, як людзі веруючыя, мы павінны прагнаць яго. Мы павінны адказаць на спакушэньне адданасьцю Слову Бога, якое зьяўляецца дасканалым компасам на шляху чалавека. Нашай абаронай ад спакусы зьяўляецца Слова, якім карыстаецца чыстае сэрца і якое жыве з Богам, каб ведаць і выкарыстоўваць сілу Слова, бо толькі Слова абараняе душу ад хітрыкаў д’ябла. Заўважым таксама, што сіла праяўляецца толькі простым і пакорлівым паслушэнствам, бо дзе яно існуе – д’ябал бездапаможны. Перамагае Бог і, адпаведна церпіць паразу спакусіцель.

Д’ябал адступаецца ад Ісуса Хрыста, і зьяўляюцца анёлы, каб слугаваць Сыну Чалавечаму, атрымаўшаму перамогу праз паслушэнства. Ён цалкам перамагае д’ябла і ў гэтым закладзены вялікі прыклад для ўсіх нас. Ісус Хрыстос паказаў нам будучае нашае месцазнаходжаньне, калі мы стаялі перад Ім сярод народаў і глядзелі на Яго з чыстым і верным сэрцам. Мы, будучы рабамі д’ябла, бяром прыклад з Яго, каб біцца з д’яблам і набыць праз Яго тое сьвятое месца, на якім Ён бачыў нас у мінулым. Але для гэтага нам патрабуецца збаўленьне, каб апынуцца там, дзе знаходзіцца наш Збаўца і наш Валадар.

Мы ўжо казалі, што ніхто ня можа пазьбегнуць спакушэньняў, але Ісус Хрыстос вучыць нас дастойна сустракаць ворага разумеючы, што спакуса прыводзіць да грэху, як гэта і кажа апостал Якуб: «Шчасьлівы чалавек, які вытрымлівае спакусу, бо, стаўшыся выпрабаваным, ён атрымае вянок жыцьця, які абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго. Спакушаны, ніхто няхай ня кажа: “Бог мяне спакушае”, бо Бог не спакушаецца злом, і Сам нікога не спакушае. А кожны спакушаецца, захоплены і прываблены ўласным пажаданьнем; пасьля пажаданьне, зачаўшы, нараджае грэх, а грэх, як яго давесьці да канца, спараджае сьмерць» (Як 1:12-15). Пісаньне кажа, што спакуса не зьяўляецца грэхам, а толькі прадвесьнікам яго. Спакуса правярае веру на яе сілу і здольнасьць абараніцца ад грэху. Ня мае сэнсу турбавацца тымі думкамі, што спакуса – гэта вынік нашай неправеднасьці. Мы ня можам забараніць нейкім злым думкам зьяўляцца ў нашай галаве, але мы здольны не прымаць іх і не зясяроджвацца на іх, бо як толькі мы пачнем разважаць на гэтыя тэмы, дык адразу ж нараджаецца грэх. Ісус Хрыстос не дазваляў Сабе ніводнага імгненьня для дыялогу з д’яблам, але вершам Пісаньня адкідваў ад Сябе спакусу.

Калі спакушэньню саступаюць дык яно становіцца грэхам. Але, калі яму супрацівяцца, дык наш Госпад праслаўляецца гэтым, а хрысьціянін становіцца мацнейшым, вырастае ў веры і становіцца больш дасканалым у Госпадзе Ісусе Хрысьце, Які і дапамагае атрымліваць перамогі над спакусамі. Дзякуючы вернасьці Госпада мы застаемся на паверхні гэтага мора сьвецкіх спакусаў. Пісаньне кажа, што Бог умацуе нас і захавае нас да канца ад грахоў сьвету: «Бо ўсім вы ўзбагаціліся ў Ім, усякім словам і ўсякім веданьнем, — бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьверджана ў вас, — так што вы ня маеце нястачы ані ў якім дары, чакаючы адкрыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста» (1 Кар 1:5-8).

Мы пераадольваем спакусу, бо Ісус Хрыстос моліцца за нас і настаўляе нас на малітву: «Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу. Сапраўды, дух ахвочы, а цела кволае» (Мац 26:41). Спакуса – гэта звычайная зьява для ўсіх веруючых людзей. Кожны хрысьціянін павінен чакаць спакушэньня, а таму чуваць і маліцца, каб не паддацца спакусе, якую ён пераадоліць Словам Божым, малітвай, процістаяньнем д’яблу, пошукам шляхоў, якія вядуць ад спакушэньня і гатоўнасьцю бегчы па гэтаму шляху, калі яго адкрывае Бог. Амэн.


Рецензии