Муж
МУЖ
«Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адным целам. Таямніца гэта вялікая; а я кажу пра Хрыста і Царкву. Зрэшты, і вы, кожны па сабе, няхай любіць жонку сваю як сябе; а жонка няха баіцца мужа» (Эф 5:31-33).
Сям’я. Муж, жонка, дзеці. Як многа сказана пра гэта ў-ва ўсе вякі. Спрэчкі пра гэта былі заўсёды. Што ёсьць сям’я і якая яна павінна быць у дасканаласьці? І што павінен рабіць кожны хрысьціянін, які складае сваю сям’ю і нясе перад Госпадам за гэта сваю адказнасьць? Біблія перадае нам гісторыю любові праз вобраз сямейных адносінаў. З аднога боку сям’я – гэта пэўная сацыяльная зьява, але ў той жа час, яна зьяўляецца сымбалем Божага адкрыцьця пра адносіны чалавека з Ім і з сусьветам. Звычайна мы бачым у Адаме і Еве першую чалавечую пару (сям’ю), якая ў будучым давала разуменьне дома, як частку Божага народа. Шлюбная пара на якую Бог ускладае Свае надзеі, павінна будаваць свае адносіны на падмурку дасканалай трываласьці і поўнай узаемнасьці. Гэта азначае, што любоў чалавечая і любоў Божая – гэта дзьве цесна зьвязаныя рэальнасьці, якія высьвятляюць і садзейнічаюць разьвіцьцю, а таму шлюб і сям’я лічацца азнакай Божай любові ня толькі для мужа і жонкі і іх дзяцей, але і для ўсяго народа.
Так, Бог хоча бачыць любую шлюбную пару ў дасканалай еднасьці, бо гэта Ён і вызначаў: «Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць адно цела» (Быц 2:24). Але ці існуе гэта ў сучасным сьвеце? У большасьці не. Ды і няма больш меньш сур’ёзных падставаў казаць пра адну плоць, якую павінны складаць муж і жонка. Шлюбны зьвяз, які павінен грунтавацца на ўзаемным паразуменьні не вытрымлівае крытэрыяў катэгорыі «аднога цела», а вельмі часта і наогул разбураецца. Чаму? Таму што існуюць дамаганьні і прэтэнзіі аднаго ці абоіх бакоў, бо ў кожнага з іх асабістыя ўяўленьні адносна чалавечага шчасьця. Гэта вызначае пазіцыю індывідуалізму, што, у сваю чаргу, вядзе да эгаізму. А эгаізм – гэта маніпуляваньне тым, што зьўляецца самым патаемным у чалавека і перашкаджэньне адкрытасьці сваёй любові да супруга і сьвету. Так грэхам разбураецца «адно цела». Гэта ў сьвеце. А як павінна складацца хрысьціянская сям’я?
Апостал Павал кажа пра першапачатковую складаючую хрысьціянскай сям’і, як пра герархію адносінаў мужчыны і жанчыны перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом: «Жанчыны, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Госпаду, бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос – галава Царквы, і Ён жа – Збаўца цела. Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, гэтак і жонкі сваім мужам у-ва ўсім. Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстос палюбіў Царкву і выдаў Сябе за яе, каб асьвяціь яе, ачысьціўшы абмыцьцём водным у слове, каб паставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, ці заганы, ці чаго падобнага, але каб яна была сьвятая і беззаганная. Гэтак павінны мужы любіць сваіх жонак, як целы свае: хто любіць жонку сваю, самога сябе любіць. Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да цела свайго, але жывіць і грэе яго, як і Госпад Царкву. Бо мы – члены цела Яго і ад костак Яго» (Эф 5:22-30). Муж – галава сям’і перад Богам. Але што гэта для сям’і і што гэта ў жыцьці?
Строгасьць начальніка? Мы ведаем, што гэта азначае ў сьвецкім жыцьці. Строгі начальнік – пачатак парадку, бо калі начальнік рэзка патрабуе, а нават і брыдкасловіць, дык гэта для большасьці падначаленых азначае, што трэба нешта неадкладна і тэрмінова рабіць. Гэта ў сьвеце. Але ня так павінна быць у хрысьціянскай сям’і. Муж – галава, але ў мужа – галава Ісус Хрыстос, а жонка падпарадкаваная мужу і Хрысту. Таксама і дзеці падпарадкаваныя бацькам і Хрысту. Так павінна быць і інакш быць не павінна. Муж – галава сям’і, але гэта ніяк не павінна азначаць, што статус галавы прадугледжвае дробязнае ўмяшальніцтва ў справы сям’і. Першая і галоўная задача галавы складаецца з таго, каб вызначаць прыярытэты як галоўны накірунак у жыцьці сям’і. Наогул, для кожнага мужа вызначэньне прыярытэтаў ёсьць задача складаная і вельмі адказная, але калі муж падпарадкоўваецца Ісусу Хрысту, дык тут задача значна прасьцей. Прасьцей у тым сэнсе, што Сам Бог дае мужу гэты накірунак. Божы стандарт – вось той накірунак, які павінен усталёўваць і патрабаваць муж, бо гэта і ёсьць тая найвялікшая адказнасьць галавы сям’і перад сваім Госпадам.
Духоўная спадчына – галоўны капітал сям’і. Ніяк не матэр’яльная, хаця і гэта займае нейкае месца ў жыцьці сям’і, але тое, што чакае нашчадкаў – дабраславеньне ці праклён ад Бога. Калі прыярытэты сям’і вызначаюцца матэр’яльным забясьпячэньнем, дык гэта і ёсьць той небясьпечны шлях які вядзе да будучага праклёну. На жаль, сьвет ня надта напружвае свой розум пра такую незайздросную перспектыву і будуе свае сем’і не на духоўным, а на матэр’яльным падмурку. Дзе ж тут праўда? А праўда ў тым, што кажа пра гэта Пісаньне. Абрагам меў сям’ю, але ня меў нашчадка. Бог абяцаў яму гэта і ў рэшце рэшт гэта яму даў. Абрагам меў жонку, якая, ня будучы плоднай, па Божай волі нарадзіла Абрагаму Ісаака. І ўсё гэта па веры Абрагама, якая на погляд сьвету – гэта ня больш чым глупства. А што Сара? Ці была яна няшчаснаю за Абрагамам? Здаецца што не, бо Абрагам даў правільны накірунак ад Бога для сваёй сям’і (безумоўна за выключэньнем тых дзеяў Абрагама якія мы можам чытаць у Старым Запавеце). Мы ня можам ухваляць дзеі Абрагама адносна Сары, але мы павінны разважаць пра тое будучае, якое Бог абяцаў нашчадкам Абрагама. А гэта нашае з вамі будучае. Але хто гэта павінен захоўваць у нашыя з вамі часы?
Муж стаіць перад выбарам. Каго слухаць. Сьвет, сябе ці жонку ад Госпада? Па-першае Госпада, бо калі муж слухае Госпада – гэта ёсьць шчасьлівы муж, бо робіць правільна для сям’і, таму што ў яе ўкладаецца Божае дабраславеньне. Муж закладае будучыню сям’і - Божую будучыню. І ня толькі для жонкі, а найбольш для дзяцей, якія ўспрымаюць ад дарослых тое духоўнае, што яны маюць. Муж, які штодзённа, ў практычным жыцьці, крочыць за Хрыстом дае добры прыклад усім членам сваёй сям’і. І таму, менавіта муж, у першую чаргу, павінен ачышчаць свой дом ад сумнёўных рэчаў і грахоўных паводзінаў. Менавіта муж адказны за тое, што іншыя члены сям’і чытаюць, глядзяць, слухаюць і чым духоўна насычаюць сябе. Муж мае ўладу над усім, што адбываецца ў ягоным доме.
Калі чалавек ідзе за Госпадам, дык грэх у наступных пакаленьнях значна слабне, а духоўная складаючая ў нашчадкаў на столькі ж ўзмацняецца. Павялічваюцца дабраславеньні Госпада. І гэты шлях, як накірунак для сям’і, вызначае муж, які ёсьць галава і адказны за тое, што будзе галоўным у сям’і – матэр’яльнае ці духоўнае. Малітва, вывучэньне Бібліі ці тэлевізар з рознымі сумеснымі праглядамі тэлесэрыялаў. Ці дазволу гэтага жонцы і дзецям. Трэба добра разумець, што грэх сьмяротны і што ён забруджвае і зьнішчае. А таму не павінен муж абыякава глядзець на грэх у сям’і і такім чынам даваць яму месца. Муж павінен ісьці за Госпадам і тым самым абараняць сваю сям’ю ад грэху. Як?
Вызнаваць сваё становішча ў Ісусе Хрысьце, прызнаючы Ягоную любоў і клопат да сябе і сваёй сям’і. Рабіць тое, што правільна перад Богам. Вызначыць парадак пакланеньня Госпаду, у якім павінна прыняць удзел і твая сям’я, каб падтрымліваць адзін аднога ў гэтай справе. Маліцца пра сваю сям’ю і рабіць гэта разам з ёю, каб блізкія чулі, як прамаўляюцца іхнія імёны ў малітве да Госпада. Быць сьмелым ў сьведчаньні пра тое, кім Ісус Хрыстос зьяўляецца для тваёй сям’і і хто Ён у тваім асабістым жыцьці. Прасіць Госпада абароны для сябе і сваёй сям’і: «Велічайце Госпада са мною і ўзносьма імя Ягонае разам. Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне і ад усякіх небясьпекаў маіх вызваліў мяне» (Пс 33:4-5). Заахвочваць дзяцей вучыць Слова Божае, каб яны адчувалі сябе ўпэўнена нават і тады, калі пападаюць ў нейкія цяжкія жыцьцёвыя сітуацыі. Не дазваляць сабе цярпіма адносіцца нават і да «невялікага грэху» у сваёй сям’і памятаючы, што грэх ёсьць катэгорыя сьмерці, бо нават і маленькая колькасьць цыяніду атручвае вялікі посуд з вадою. Кожны дзень прасіць дапамогі Сьвятога Духа, бо ня можам мы спадзявацца толькі на сябе, каб абараніць ці ацаліць сябе і сваю сям’ю. І Сьвяты Дух безумоўна будзе выконваць Сваю працу і ў мужу, і ў жонцы, і ў іхных дзецях.
У сёняшняй сучаснасьці кантакты дзяцей з бацькамі ў большасьці прыходзяцца на жанчыну, маці. Крама, паліклініка, школа дзіцячы садок, хатні час – усё гэта прастора дзейнасьці жонкі. А таму дзеці і ў асаблівасьці хлопчыкі, як будучыя мужы, знаходзяцца пад выхавальным уплывам маці. Атрымліваецца, што адказнасьць маці ў правільным выхаваньні дзяцей вельмі і вельмі вялікая. З гэтага вынікае, што правільнае выхаваньне дзяцей грунтуецца на Божых стандартах, якія і выкладае для сваіх дзяцей жонка. Бо калі гэта ня так, дык што гэта будзе за выхаваньне? Сыны мала кантактуюць з бацькам у бытавым асяродзьдзі і таму бацька для дзяцей і муж сваёй жонкі мае вельмі вялікую адказнасьць у будаваньні таго сямейнага падмурку, што ёсьць Божы стандарт жыцьця сям’і.
Шчасная тая сям’я, дзе муж падпарадкоўваецца Госпаду і кіруе сваёй сям’ёю так, як гэта патрабуе Бог, бо муж бяз Бога – гэта вершнік без галавы, які нясецца невядома куды. Шчасная тая жонка, якая падпарадкоўваецца мужу і Госпаду. Шчасны той муж, які мае такую жонку. Шчасныя будуць і дзеці, якія маюць такіх бацькоў. Шчасныя будуць усе, хто нараджаецца, выхоўваецца, сталее, прыляпляецца да сваёй жонкі, каб быць адным целам, хто нараджае і выхоўвае дзяцей па Божых стандартах. Шчасныя будуць усе, хто жыве з Госпадам і ў славу Ягоную. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122001481