Жена

СЯМ’Я ХРЫСЬЦІЯНІНА
ЖОНКА

«Жанчыны, падпрадкоўвайцеся мужам сваім, як Госпаду, бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос – галава Царквы, і Ён жа – Збаўца цела. Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, гэтак і жонкі сваім мужам у-ва ўсім» (Эф 5:22-24).

«І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх» (Быц 1:27). Так кажа Біблія пра стварэньне першай шлюбнай пары. Бог стварыў іх рознымі. Жанчына не была падобнай на мужчыну, хоць і была ўзятая «ад яго». Бог даў Адаму памочніка і прыўнёс у ягоную прыроду нешта новае. Бог стварыў дзьве розныя чалавечыя істоты, загадаўшы ім быць адным целам, як адзінства шматстатнасьці. Сучасныя школы не навучаюць сваіх навучэнцаў гэтай розьніцы, як і таму, што паміж мужчынай і жанчынай існуе вялікая гендэрная розьніца. Дакладаем тым, хто ня ведае гэтага:

• У мужчын і жанчын розныя целы.
• Па рознаму функцыянуе іхні мозг.
• Па рознаму дзейнічаюць гармоны.
• Па рознаму адбываюцца камунікацыі жыцьцёвых дзеяньняў.
• Па рознаму успрымаюцца жыцьцёвыя зьявы і інфармацыя.

Усю гэтую розьніцу стварыў Бог. Але чаму? І ці не заклаў Бог у Сваё стварэньне сур’ёзную праблему? Не, не заклаў, бо гэта трэба не для таго, каб раз’яднаць, але наадварот, каб аб’яднаць дзьве асобы, якія цудоўнейшым чынам павінны дадаваць адзін аднога. Для таго, каб быць разам большую частку свайго жыцьця, людзі павінны быць рознымі, а інакш іхнія ўзаемаадносіны вельмі хутка страцяць сваю прывабнасьць. Як у фізіцы: процілеглыя полюсы прыцягваюцца, а аднолькавыя – адштурхоўваюцца. Муж і жонка могуць зносіцца на трох узроўнях: эмацыйным, фізічным і духоўным, што мае быць унікальным, бо гэта азначае тое, што ў гэтых адносінах удзельнічае Бог. Калі адносіны ў шлюбе будуюцца ў адпаведнасьці з першапачатковым Божым планам, дык мы можам бачыць тую высокую ступень адзінства, якая разьвіваецца паміж сужонцамі. Навошта мы пра гэта разважаем? Каб больш зразумець тую ролю, якую адыгрывае ў сям’і жонка, улічваючы розьніцу мужа і жонкі ў «адзіным целе» шлюбнай пары.

Жанчыне ўласьціва кахаць і гэтая схільнасьць глыбока сядзіць у жаночым сэрцы. Ёй не патрабуецца напамін пра тое, што яна павінна кахаць свайго мужа. Тут усё ў парадку. Але ёсьць і адмоўны асьпект, на які трэба засяродзіць сваю ўвагу. Жанчына мае схільнасьць не падпарадкоўвацца свайму мужу, каб валадарыць па-над усім у сям’і. Так як гэта зрабіла аднойчы Ева, якая праз непаслушэнства прывяла да грэху. Памятаючы пра гэта, жонцы патрэбны напамін пра тое, што яна павінна падпарадкоўвацца свайму мужу, шанаваць яго, раіцца з ім і шчыра лічыць яго галавой сям’і. Падпарадкаваньне жонкі мужу павінна быць «у Госпадзе» і гэта дадзена ёй аўтарытэтам Ісуса Хрыста, на якім базуецца аўтарытэт мужа. Так кажа Слова Божае: «Хачу, каб вы ведалі, што ўсякаму мужу галава – Хрыстос, а галава жонцы – муж, а галава Хрысту - Бог» (1 Кар 11:3).

Калі мы кажам пра парадак у сям’і, мы азначаем, што жонка – гэта памочнік галавы сям’і, якая павінна падпарадкоўвацца Госпаду і свайму мужу. І гэта зусім ня кажа пра тое, што муж, як галава сям’і, павінен быць дыктатарам, які жыве па прынцыпу: я начальнік, а ты дурань. Біблійнае разуменьне адносінаў у сям’і іншае, чым тое, што ёсьць у сьвеце. Падпарадкаваньне жонкі не азначае падпарадкаваньне характару мужа, але ўзьнікае пытаньне: «Дзе межы гэтага падпарадкаваньня?». Адказ адзіны: «У Госпадзе». Калі паслушэнства мужу супярэчыць волі Госпада, дык жонка ня можа быць паслухмянай свайму мужу. Паслушэнства Госпаду вышэй за паслушэнства чалавеку, нават і тады, калі гэта прыводзіць да непрыемнасьцяў.

У наш сучасны век жаночая пакора лічыцца нейкай непапулярнай і перажыткавай з’яваю. Жанчыны патрабуюць свабоды і роўнасьці з мужчынамі. Але падпарадкаваньне жонкі ў адносінах да мужа – гэта выраз волі Бога. Веруючая жанчына павінна выконваць патрабаваньні Госпада, бо калі гэта парушаецца, дык у выніку ня можа быць радасьці і дабраславеньня. Невыкананьне Божых пастановаў нясе з сабою смутак і разлады, што можна назіраць у-ва многіх сем’ях. Гаворка не пра ўладу мужа і падпарадкаваньне жонкі, а пра парадак як выкананьне Божай волі. Калі жанчына ўзяла ўладу ў свае рукі, не шануючы мужа, яна будзе няшчаснай, бо пажне горкія плады, займаючы, у прыватнасьці, няправільную пазіцыю ў выхаваньні дзяцей, што вядзе да сур’ёзных праблемаў у будучым.
Але хто больш важны ў жыцьці сям’і: муж (галава) ці жонка (шыя, як кажуць сярод людзей)? Зьвернемся для гэтага да кнігі Быцьця. Бог стварыў жанчыну, як памочніка першаму чалавеку Адаму. З чаго ж складаецца гэтая дапамога? Пакарміць, прыбраць, уладкаваць быт ці як? А можа дапамагчы мужчыне быць сапраўдным чалавекам? Божым чалавекам. Каб рабіць добрае ў адносінах да сям’і і ўсяго астатняга сьвету. Гэта і ёсьць асноўнае прызначэньне жанчыны як памочніка – добрага памочніка ці памочніка на добрае. Памочнік – гэта другая па рангу асоба, але гэта вельмі важная пасада. Кожны кіраўнік добра ведае наколькі важна мець пад рукою разумнага і кваліфікаванага памочніка, бо гэта гарантыя парадку ў калектыве і наогул у справах прадпрыемства. Уявім сабе сітуацыю, калі зьбіраецца нейкі калектыў і ўсе лічаць сябе нумарам адзін. Ці будзе там парадак? Наўрад ці. Таксама і ў сям’і. Калі муж і жонка будуць лічыць сябе нумарам адзін, дык разбурэньне сям’і ім забясьпечана. Няма памочніка – няма парадку.

Жонка – памочніца для мужа, каб была гармонія ў адносінах і парадак у сям’і. Божы парадак – гэта той настрой у сям’і, дзякуючы якому яна магла б рухацца ў Божым накірунку. Але як атрымаць тое, што лічыцца правільным у пабудове сямейнага жыцьця? Мужу атрымаць жонку і наадварот. Атрымаць так, каб муж быў галавою, а жонка ягонай памочніцай. Калі зьвярнуцца да кнігі Быцьця, мы можам пабачыць, што Ева была дадзена Адаму ня як рабыня ці слуга, але яна была дадзена яму памочніцай. Мы бачым , што Бог не стварыў Еву з нагі Адама, каб быць патаптаным. Бог не ствараў Еву і з галавы Адама, каб яна не валадарыла над ім. Бог стварыў Еву з ягонай рабрыны, паказаўшы гэтым, што яна стаіць на адным узроўні з ім, пад ягонай рукою, ім абароненая, блізкая да ягонага сэрца і каб быць ягонай сужонкай. Бог стварыў мужчыну і жанчыну для таго, каб яны валадарылі над усім Яго тварэньнем. Гэта было Божым дзеяньнем, каб Ева мела магчымасьць валадараньня разам з Адамам. І таму кожны хрысьціянскі муж павінен ставіць сваю жонку на адзін з сабою прыступак, каб усе таямніцы свайго сэрца падзяляць разам з ёю.
Але як зрабіць так, каб было тое, пра што мы казалі вышэй? Каб муж быў галава, а жонка яму памочніцай. Трэба вельмі ўважліва ставіцца да выбару сужонкі (сужонца) для стварэньня сям’і. Калі будучы муж выбірае будучую жонку, ён не павінен думаць толькі пра тое, якая яна прыгажуня ці захапляцца «прыкольнасьцю» гэтай жаночай асобы. Гэта ж тычыцці і будучай жонкі пры выбары будучага мужа. Трэба думаць пра будучае сумеснае жыцьцё, бо яно не абмяжоўваецца вясельлем і фотаграфічнай сэсіяй. Наперадзе вялікі сумесны жыцьцёвы шлях, які павінен быць прызначаны такому жыцьцю, як гэтага хоча Бог.

А Бог кажа пра гэта так: «Хто знойдзе дабрадзейную жонку? Цана яе вышэй за жэмчуг. Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і не застанецца без прыбытку. Яна аддае яму дабром, а ня злом, у-ва ўсе дні жыцьця свайго. Здабывае воўну і лён, і ахвотна працуе сваімі рукамі. Яна, як купецкія караблі, здалёку вязе свой хлеб. Яна ўстае на досьвітку, і раздае ежу ў доме сваім і належнае слугам сваім. Падумае пра поле, і купляе яго. Ад плёну рук сваіх садзіць вінаграднік. Апярэзвае сілаю сцёгны свае і мацуе мышцы свае. Яна адчувае што занятак яе добры, і – сьветач яе ня тухне і ў начы. Працягвае рукі свае да прасьніцы, і пальцы яе бяруцца за верацяно. Далоню сваю яна растуляе беднаму, і руку сваю падае ўбогаму. Не баіцца сьцюжы для сям’і сваёй, бо ўся сям’я яе апранута ў двайную адзёжу. Яна робіць сабе дываны; вісон і пурпура – вопратка яе. Муж яе вядомы каля брамы, калі сядзіць са старэйшынамі зямлі. Яна робіць покрывы, і прадае, і паясы дастаўляе купцам фінікійскім. Моц і прыгажосьць яе – вопратка яе, і весела глядзіць яна ў будучыню. Вусны свае растуляе з мудрасьцю, і добрая парада на языку ў яе. Яна сочыць за гаспадаркай у доме сваім і ня есьць хлеба гультайскага. Устаюць дзеці – і дагаджаюць ёй, - муж, і хваліць яе: “Шмат было жонак дабрадзейных; але ты пераўзышла іх усіх”. Мілавіднасьць падманлівая і прыгажосьць марная, а жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы. Дайце ёй ад плёну рук яе, і хай праславяць яе каля брамы ўчынкі яе» (Высл 31:10-31).

Шчасьлівы той, хто мае ў шлюбе чалавека, які баіцца Госпада, бо гэта ў вялікай ступені ўзвышае асабістую адказнасьць за сваю сям’ю. Гэта тычыцці і мужа, і жонкі. Але, калі мы разважаем пра адказнасьць і ролю ў сям’і жонкі, дык павінны засяродзіць сваю ўвагу на адказнасьці жонкі ў пытаньні выхаваньня сваіх дзяцей. Гэта вельмі сур’ёзная сямейная справа, але аснова гэтай справы ляжыць на маці і ніяк не наадварот. Менавіта ад маці залежыць тое, якія каштоўнасьці будуць выхоўвацца ў дзяцей. На каго кладзецца асноўная адказнасьць за хатнюю адукацыю дзяцей? Вядома што на маці. Бацька, ўвогуле, складае праграму (ці дае накірунак), а потым, безумоўна, мае права і на праверку. Маці ж адказная за навучальны працэс і погляды маці – гэта аснова для сьветапогляду дзідзяці ў будучым. І вельмі пажадана, каб гэта было ў тым накірунку, які вызначыў для сям’і муж.

Цана дабрадзейнай жонкі вышэй за жэмчуг. Так кажа Пісаньне, якое кажа і пра мужа, які павінен сядзець у брамах горада і вырашаць сур’ёзныя праблемы, каб абараняць ад небясьпекі свой горад, а значыць і сваю сям’ю. Муж – стратэг, а жонка – гэта тыктык у межах стратэгіі вызначанай мужам. Задача жонкі ня простая і вельмі важная: “Як стратэгію мужа ператварыць у рэальнасьць з дапамогаю тактычных дзеяньняў”. Муж думае пра зьнешняе – глабальнае, бо сям’я ня ёсьць нейкая рэч у сабе. Сям’я – гэта частка нечага (грамадзтва), а таму муж павінен думаць пра тое, якое месца ў гэтым нечым (грамадзтве) будзе займаць ягоная сям’я. Як гэта для многіх ня дзіўна, але месца мужа звонку сям’і і колькі яго не прываблівай сямейным супакоем і цяплом, ён усё роўна будзе намагацца сядзець у брамах горада (ці ў нейкіх іншых прысутных месцах). Колькі воўка не кармі, ён усё роўна глядзіць у бок лесу. Гэта і пра мужчыну, бо колькі яго не кармі, ён усё роўна будзе імкнуцца быць звонку сям’і, каб здабыць дабрабыт для яе. Муж, любячы сям’ю, можа шчодра накупіць розных прадуктаў харчаваньня, але далёка ня кожны будзе з іх нешта гатаваць, калі толькі ня будзе ў гэтым патрэбы ці асабістага часовага жаданьня і ахвоты. Муж па свойму глядзіць на выхаваньне дзяцей. Калі дзеці ня хочуць есьці, дык звычайна маці бегае за дзіцём з лыжкай. А як паводзіў бы сябе ў гэтым выпадку бацька? Па прынцыпу: ня хочаш есьці, ня еш. Трэба сказаць, што на трэці дзень дзіцёнак будзе есьці ўсё. Гэта пра тое, што для маці вельмі важныя дробязі сям’і і выхаваньне дзяцей.

Выхаваньне дзяцей і парадак у доме – адно з найгалоўных прызначэньняў жонкі. Парадак у доме да спадобы ўсім, бо нават і тыя мужы, якія да свайго шлюбу жылі ў парадку тыпа «вэрхал», вельмі хутка пачынаюць выказваць незадаволенасьць, бачачы непарадак у хатняй гаспадарцы сваёй жонцы. Седзячы ў брамах горада, муж заўсёды вяртаецца да дому. А што там? Мудрэц сказаў, што калі жонка ставіцца да мужа як да валадара, дык і муж будзе ставіцца да яе як да валадарыні. Жонка павінна баяцца мужа, а гэта азначае шанаваць і паважаць, бо нельга паважаць без шанаваньня. Ня можа быць павагі, калі ў хаце вэрхал, нічога не прыгатавана і бегаюць недагледжаныя дзеці. Тут няма павагі. Калі мы чакаем гасьцей, мы прыбіраем у хаце, наводзім прыгажосьць, мы гатуем смачную ежу і прыгожа апранаем дзяцей. Як і саміх сябе. А ці не таксама павіна быць у тым выпадку, калі ў хату прыходзіць муж? Калі жанчына бярэ кагосьці за мужа і не плануе яго баяцца, дык гэта азначае, што яна не плануе паважаць і шанаваць свайго мужа. Гэта пытаньне і для будучага мужа: каго выбіраеш, каб далейшае жыцьцё ў шлюбе было правільным у-ва ўсёй сваёй паўнаце?

Пры выбары будучай жонкі, трэба думаць пра яе як пра памочніцу, а не як пра прыгожую фігуру, якая будзе прыгожым дадаткам каля цябе пры выхадзе ў тэатр ці яшчэ якое грамадзкае месца. Безумоўна, што прыгожая жанчына – гэта добра і прыемна, але гэта далёка не галоўнае ў сямейным жыцьці. Калі такая жанчына ня будзе памочніцай свайму мужу, а будзе імкнуцца жыць для сябе, цягнуўшы з усёй моцы на сябе сямейную коўдру, дык прыгажосьць жонкі хутка згасьне ў вачах мужа і застанецца толькі расчараваньне ад гэтага выбару. Таму пры выбары жонкі (і наадварот) трэба быць вельмі ўважлівым, гледзячы ня толькі ў сёняшні дзень, але і на ўсё астатняе жыцьцё.

Жонка нясе асноўную адказнасьць за дзяцей. За іх дабрабыт і выхаваньне. Менавіта яна, дзеля гэтага, павінна многім ахвяраваць у сваім жыцьці. Кар’ера, грамадзкая і палітычная дзейнасьць нічога не каштуюць, калі не выконваюцца асноўныя абавязкі жанчыны ў сваёй сям’і. Выхаваньне, а нават і адукацыя павінны быць у сям’і, а ня звонку яе. Калі выхаваньне скідваецца не нейкую трэцюю інстанцыю ці асобу, дык нічога добрага з гэтага атрымацца ня можа. Дзіцячы садок, школа і нават, у нейкай ступені, царква не даюць належнага выхаваньня дзецям. Мы ўжо ня кажам пра тэлевізар ці кампутар, ад якіх нашмат больш шкоды, чым добрага і пазнавальнага. Задача бацькоў – навучыць дзяцей праўдзе, якая ёсьць толькі ў Госпадзе. Ні дзіцячы садок, ні школа, а тым больш вуліца праўдзе ня вучыць, бо базуюцца на стандартах сьвету і залежаць ад стаўленьня да гэтага шматлікіх асобных людзей, якія, у большасьці, Бога ня ведаюць. Але выхаваньне ў сям’і – гэта сумесная сямейная малітва, чытаньне Слова Божага, разважаньне пра Божую праўду і напаўненьне, у выніку гэтага, сэрца дзіцяці жыватворчымі струмянямі мудрасьці, любові, міласэрнасьці, справядлівасьці і пакоры, якія выліваюцца з бясконцай крыніцы Госпада нашага Ісуса Хрыста. На гэтым жа падмурку спасьцігаюцца і іншыя неабходны веды і дзеяньні. Гэта тычыцца спорту, літаратуры і мастацтваў, розных навукаў і гэтак далей. Родная мова і гісторыя сваёй краіны павінны стаць прыярытэтам у сямейным выхаваньні дзяцей. І ўсё гэта ў вельмі і вельмі высокай ступені залежыць ад маці, жонкі свайго мужа і бацькі сваіх дзяцей. Ці адчулі мы з гэтага меру адказнасьці жонкі за выхаваньне сваіх дзяцей перад Богам? Бо менавіта Госпад запытае ў бацькоў за тое выхаваньне дзяцей, якіх Ён даручыў ім, даўшы ім Свае настаўленьні і стандарты для падрыхтоўкі добрых Божых сыноў і дачок.
А можа адкінем гэта і аддадзім сваіх дзяцей на выхаваньне сьвету, а значыць д’яблу? Няхай кожны выбярэ сам, але ведае пры гэтым, што д’ябал з вялікім задавальненьнем возьме вучэньне вашых дзяцей у свае рукі, каб адвярнуць іх ад Бога і пацягнуць разам з сабою ў жахлівейшае месца вечнасьці, якое называецца пеклам. І гэта вельмі небясьпечна і жахліва, калі кіруе сям’ёй д’ябал, а ня Божыя стандарты. Праца д’ябла пачынаецца тады, калі муж кажа «так», а жонка кажа пра тое, што пойдзе іншым шляхам. Пачынаецца разлад, а гэта азначае, што д’ябал ужо пацірае рукі. Але тут трэба заўважыць і тое, што мужчынскае «так» павінна быць выказана ў рэчышчы Божых стандартаў і ніяк інакш. Бо калі муж кажа пра памылковае «так» дык жонка не павінна з гэым пагаджацца, але павіна паказаць гэтую памылковасьць як на адхіленьне ад Божага стандарту. Гэта ёсьць абвязковае дзеяньне жонкі, каб умацаваць адзінства сям’і і гэтым самым шчыльна зачыніць дзьвер сям’і перад д’яблам, які заўсёды намагаецца пракрасьціся, як злодзей, у сям’ю, каб скрасьці тыя дабраславеньні, якія падгатаваў нам Бог для паўнаты жыцьця.

Дык будзем жа маліцца Айцу, Сыну і Сьвятому Духу, каб Ён навучаў нас, дакараў нас і паказваў годныя шляхі жыцьця для нашых сем’яў. Каб ачышчаліся сэрцы мужоў і жонак ад зла гэтага сьвету і каб былі мужы для жонак валадарамі, а жонкі для мужоў валадарынямі. І памяталі пры гэтым, што ўсе мы падпарадкоўваемся Валадару валадароў – Ісусу Хрысту, Якому вечная слава і вечнае пакланеньне. Амэн.


Рецензии