Перениматели Христа
ПЕРАЙМАЛЬНІКІ ХРЫСТА
«Станьце пераймальнікамі маімі, як я - Хрыста» (1 Кар 11:1).
Нашы дзеці вельмі падобныя на нас. Калі нараджаецца дзіцё, дык практычна ўсе дарослыя людзі, якія ўпершыню аглядаюць немаўлятку, адразу ж намагаюцца вызначыць ці заўважыць тое, на каго з бацькоў падобна гэтае дзіцё. Гэта ўласьціва чалавеку, шукаць знешняе падабенства паміж дзецьмі і бацькамі. Але вось, крыху пазьней, у працэсе выхаваньня, адкрываецца і характар дзіцяці, які ў пэўнай ступені вельмі падобны на характар аднога з бацькоў. Безумоўна ж дарослыя заўважаюць гэта, бо недарма кажуць, што дарослыя пазнаюць у сваіх дзецях саміх сябе, а дакладней свае асабістыя паводзіны. Гэта не заўсёды падабаецца, але ж гэта так. Дзеці, ад пачатку, жывуць у атмасфэры бацькоў, пільна сочачы за імі і таму, доволі хутка, пераймаюць характары і паводзіны сваіх бацькоў.
Ёсьць прыклад з жыцьця. Той, хто аднойчы вучыўся кіраваць аўтамабілем ведае, што ў гэтай справе не абыходзіцца бяз вопытнага і напрактыкаванага чалавека, які выступае ў ролі гэткага «аўтамабільнага бацькі». Няхай гэта будзе інструктар аўташколы ці родны брат тваёй маці. Гэта ня так важна і ня мае істотнага значэньня. Важна тое, які характар мае твой вучыцель і якія манеры, тым самым, ён прывівае свайму вучню пры авалодваньні майстэрствам кіраваньня. Гэты тычыцца як адносінаў непасрэдна да аўто, так і да іншых удзельнікаў руху на дарозе. Хто водзіць аўто, той добра ведае, якія характары адкрываюцца сярод кіроўцаў пад час руху. Ад спакойнага да нярвовага. І гэта ў пэўнай ступені залежыць ад таго, хто ставіў табе гэтую навуку. Гэты прыклад толькі нейкім чынам адлюстроўвае тое, што адбываецца ў сям’і, бо зразумела, што час аўтавучэньня і час выхаваньня дзяцей зусім розны, а таму і ўзьдзеяньне бацькоў на дзяцей значна большае.
Дзеці пераймаюць сваіх бацькоў. І шмат у чым. Калі для бацькоў важнай складаючый жыцьця зьяўляецца навучаньне, дык дзеці абавязкова будуць вучыцца. Калі бацькі пасьпяхова зарабляюць грошы, дзеці будуць пераймаць гэта і ў будучым рабіць тое ж самае. Спартовыя заняткі бацькоў уражваюць дзяцей і тое, што яны будуць у той ці іншай меры зьвязаныя з гэтым у сваім жыцьці, не выклікае сумненьня. А калі бацькі абыякава ставяцца да ўсяго ў сваім жыцьці? Што чакае дзяцей? Тая ж абыякавасьць. Безумоўна, што гэта не бывае на ўсе сто адсоткаў, бо ў правілах бываюць выключэньні. Алгарытму ці нейкай праграмы ў гэтай справе не існуе, бо выхаваньне дзяцей – справа шматгранная і таму вельмі адказная, а таму трэба ведаць, што адказнасьць бацькоў за дзяцей перад Госпадам адбіваецца на дзецях. І калі бацька стаіць перад Богам, дык стаяць перад Ім будуць і дзеці. Стаяць так, як стаіць перад Ім бацька. Мы бачым у гэтым вялікую адказнасьць бацькоў перад Госпадам за сваіх дзяцей, бо будучае дзяцей залежыць ад сваіх бацькоў. Як будзе паводзіць сябе сын, калі бацька наліваючы сабе келіх гарэлкі, забараняе сыну піць гэтую атруту? Які будзе вынік?
Сям’я – гэта вочка грамадзтва. Частка яго. І яна ня здольная ад яе закрыцца, бо тут існуе фактар асяродзьдзя. Вельмі важны фактар. І гэта кажа пра тое, што фактар бацькоўскага выхаваньня павінен быць мацнейшым за грамадзкі. Выхаваньне ў Хрысьце – вось той фактар, які павінен вызначаць усё далейшае жыццьцё сям’і хрысьціяніна. Апостал Павал кажа пра тую радасьць і любоў, якія павінны быць спасьцігнуць кожную сям’ю ў Ісусе Хрысьце: «Дык калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць якая сардэчнасьць і міласэрнасьць, дапоўніце маю радасьць, каб вы тое самае думалі, тую самую любоў мелі, былі аднадушныя і аднадумныя, нічога ня робячы дзеля сварлівасьці ці дзеля пустое пахвальбы, але ў пакоры розуму шануючы адзін аднога як вышэйшых за сябе. Не на сваё толькі няхай кожны зважае, але і на тое, што іншых» (Філ 2:1-4). Сям’я – вочка грамадзтва, але яна, як утварэньне Госпада, неад’емная частка царквы Ісуса Хрыста.
Царква – гэта вялікае дабраславеньне ад Госпада, бо аб’ядноўвае бацькоў і дзяцей увогуле, даючы Божы стандарт выхаваньня і жыцьця. Як бацькоў, так і дзяцей. Царква вучыць усіх, бо пакланеньне Госпаду пад час служэньня тычыцца ўсіх. Бацькоў і дзяцей. З тым толькі адрозьненьнем, што бацькі адказная за дзяцей перад Госпадам. Тыя пропаведзі, якія гучаць у царкве накірованы перш за ўсё дарослым, каб яны перадаваліся ў сям’і тлумачэньнем пра сказанае. Перадаваліся дзецям, бо апошнія вельмі ўважліва назіраюць за дарослымі. І ня толькі за дарослымі, але і за дзецьмі, які прыходзяць у царкву разам з бацькамі. Ня пропаведзі вучаць дзяцей, бо гэта ў большасьці для дарослых, а тое, што іх атачае. Тое, як паводзяць сябе дарослыя і дзеці, што яны кажуць, як моляцца і гэтак далей. І таму бацькі павінны сачыць за тым, у якім асяродзьдзі растуць іхнія дзеці. Гэта тычыцца ня толькі царквы, але і іншых месцаў па-за царквой. Дзеці – пераймальнікі бацькоў, а праз іх – Ісуса Хрыста. Апостал Павал таму і зьвяртаецца да дарослых: «Будзьце падобнымі, браты, да мяне, і зважайце на тых, хто гэтак ходзіць, паводле ўзору, які маеце ў нас» (Філ 3:17).
Чытаючы Эвангельле паводле Марка мы бачым гісторыю пра багатага юнака, які зьвяртаецца да Ісуса з пытаньнем, якое яго вельмі хвалюе. Ён хоча ведаць пра тое, якія дзеі ў ягоным жыцьці дапамогуць успадкаваць жыцьцё вечнае. Ісус пералічыў яму асноўныя Божыя запаведзі, але вось, што далей: «А ён, адказваючы, сказаў Яму: “Настаўнік, усё гэта я захаваў ад юнацтва майго”. Ісус жа, паглядзеўшы на яго, узьлюбіў яго і сказаў яму: “Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, і ідзі за Мною, узяўшы крыж”» (Мар 10:20-21). Прадай, што маеш і раздай убогім. Менавіта на гэта зьвяртаюць увагу большасьць чытачоў Бібліі. Так, багаты юнак сумеўся і замаркоціўся і недарма Ісус, пасьля гэтага, сказаў Сваім вучням, што багатым маетнікам вельмі цяжка ўвайсьці ў Валадарства Божае. Мы ня ведаем далейшага шляху гэтага юнака, але мы бачым шлях пошуку Божага Валадарства. А гэта ёсьць тое важнае, што прыводзіць кожнага шукальніка да таго, каб ісьці з вераю за Ісусам Хрыстом. Спадзяемся на тое, што гэты добры і выхаваны юнак, у рэшце рэшт, пайшоў за Хрыстом, узяўшы крыж свайго жыцьця.
Амаль што кожны чалавек разумее каштоўнасьць жыцьця ці разважае пра гэта. Навошта чалавек жыве і ў чым сэнс жыцьця чалавека? Ісус кажа багатаму юнаку пра Божыя запаведзі і гэта ёсьць першая каштоўнасьць жыцьця, але ёсьць і другая – духоўная: «Прадай, што маеш, раздай убогім і ідзі сьледам за Мною, узяўшы крыж». І ідзі сьледам за Мною – гэта і ёсьць ключ да жыцьця ў Валадарстве Божым. Ідзі за Мною і рабі так, як і Я рабіў у Сваім зямным служэньні. Гэта зварот да ўсіх бацькоў, бо калі мы бачым перад Ісусам таго багатага юнака, дык добра ўяўляем, што апошні – гэта будучы бацька сваіх дзяцей. А бацькі павінны ісьці за Ісусам Хрыстом і будаваць сваё жыцьцё так, як кажа пра гэта наш Госпад. Бацькі павіны пераймаць Хрыста, бо калі гэта так, дык і дзеці будуць пераймаць сваіх бацькоў, а з імі і Ісуса Хрыста.
Царква – гэта найбольш дасканалая прылада для таго, каб дзеці, праз сваіх бацькоў былі выхаваны па Божым запаведзям і адшукалі на сваіх шляхах Ісуса Хрыста, а з Ім і Божае Валадарства. Стандарты Госпада, якія захоўваюцца ў царкве, павінны праз бацькоў – носьбітаў гэтых стандартаў, перадавацца і дзецям, каб апошнія былі пераймальнікамі сваіх бацькоў, а з імі і Ісуса Хрыста. Давайце ж маліцца і прасіць Госпада, каб мы, а праз нас і нашыя дзеці, былі пераймальнікамі Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб разам успадкаваць цудоўную вечную будучыню ў Валадарстве Божым. На вякі вякоў. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122001955