Про волю Божью
“Заўсёды радуйцеся. Бесьперастанку маліцеся.
За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў
Ісусе Хрысьце. (1 Фес. 5:16;17;18)
Божая воля для нас, выбраных Ім – гэта заўсёды радавацца, гэта заўсёды несупынна маліцца і заўсёды дзякаваць Яго, бо такімі Бог жадае бачыць нас. Кожны з нас можа і павінен уважліва паглядзець у сваё сэрца, каб вызначыць: “ці адпавядаем мы гэтым Божым стандартам у нашых паводзінах і ў дачыненьні да Госпада нашага Ісуса Хрыста”. Калі мы слухаем разважаньні на гэтую тэму, ці разважаем самі, мы з лёгкасьцю і радасьцю згаджаемся, бо ўвогуле ўсё гэта зразумела і правільна. Па тэорыі. Бо па “тэорыі, як кажуць, у нас ва ўсіх – “выдатна”, а па “практыцы”- трэба глядзець. Нашая грэшная прырода перашкаджае нам ажыцьцяўляць тэарэтычныя разважаньні на практычным узроўні. Апостал Павал кажа: “Няшчасны я чалавек! хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці?...Дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось, сам я служу розумам закону Божаму, а целам – закону грахоў” (Рым. 7:24;25). Апостал прапануе нам зьвяртацца за дапамогай да Ісуса Хрыста, каб Ён умацаваў нас, каб даў сілы дзеля перамогі над целам граху, дзеля шчырага жаданьня жыць па воле Божай, бо без Ісуса Хрыста, без Ягонай прысутнасьці, мы будзем целам сваім служыць граху. І наадварот, прысутнасьць Ісуса Хрыста дае нам магчымасьць вызваляцца ад залежнасьці цела і сваімі дзеямі падцьверджваць нашае жаданьне жыць па воле Бога. Апостал Павал дадае: “А калі Хрыстос у вас, дык цела мёртвае для грэху, а дух жывы для праведнасьці” (Рым. 8:10). Калі хочам мы знайсьці сілы, каб жыць па законах і воле Божай, павінныя мы быць з Ісусам Хрыстом, бо толькі Ён можа сказаць, навучыць, паказаць правільны шлях, бо толькі Ён ахвяруе Сабой дзеля нас, бо толькі Ён стаіць перад Айцом і заступаецца за нас.
ЗАЎСЁДЫ РАДУЙЦЕСЯ
“Вялікае стварыў Госпад над намі: мы радаваліся” (Пс. 125:3). Сапраўды вялікае стварыў Госпад над намі і з гэтае нагоды мы можам прыгадаць нашыя першыя духоўныя радасьці і тое нашае становішча, калі гэта адбылося. Мы былі прыгнечаныя грахом, жылі з жахам пакараньня гневам Божым і думка пра непазьбежную пагібель не давала нам супакою, адчуваньне віны было цяжарам для нас. І нам здаецца, што ніхто ня будзе дзівіцца, калі збаўлены чалавек радуецца сваёй свабодзе ў Ісусе Хрысьце, як радуецца напрыклад вайсковец, што выйшаў жывым з крывавага і доўгага бою і што бачыць радасьць родных сустракаючых яго.
Нашае пакаяньне, наш плач абарочваюцца ў каштоўныя камяні радасьці; нашыя ногі, збаўленыя ад ланцугоў, радасна таньчаць у такт сьпеву Ізраіля, які гучыць у гонар выхаду з палону Эгіпецкага і загубы войскаў прыгнятальнікаў: “Тады Майсей і сыны Ізраілевыя засьпявалі Госпаду сьпеў гэты і казалі: сьпяваю Госпаду, бо ён высока ўзьнёсься: каня і верхаўца яго ўкінуў ў мора. Госпад цьвярдыня мая і слава мая, Ён стаў мне ратункам:” (Вых. 15:1;2).
Мы радуемся штодня таму сьвятлу і цяплыні, што дае нам Сваёй прысутнасьцю наш Збаўца, наш Сябра і наш Валадар. Міласьці, якія мы атрымліваем ад Яго, вельмі каштоўныя для нас, таму яны становяцца крыніцай радаснай падзякі. Мы радуемся штодня Ягонай прысутнасьці, нават калі сыходзяць на нас нягоды і выпрабаваньні мы радуемся таму, што Ён не кідае нас, але падтрымлівае, даючы нам сілы, умацоўваючы дух наш і цела нашае”. Адна салодкая кропля віна ўцяшэньня з рукі Ісуса давала нам радавацца простаму хлебу і кісламу пітву гэтага няшчаснага жыцьця”- гэтыя словы выказаў некалькі стагодзяў таму Рэзерфорд. Мы радуемся, што маем кожнадзенныя зносіны з Госпадам і калі Ён адказвае на нашыя малітвы – у сэрцы нашыя прыходзіць радасьць і ў душы нашыя прыходзіць супакой. Самое Эвангельле – гэта вялікая радасьць, бо Добрая Вестка ня можа быць весткай смутку. Калі ёсьць надзея на прымірэньне – гэта вялікая радасьць: «Хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста праз Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне» (Рым. 5:11). Калі мы нясем Добрую Вестку – гэта радасьць: «Якія прыгожыя на гарах ногі дабравесьніка, што абвяшчае мір, зьвястуе радасьць, прапаведуе збавеньне, кажа Сіёну: “Заваладарыў Бог твой!”» (Іс. 52:7), наколькі ж большая радасьць – Яе прыняцьце, наколькі ж большая радасьць згоды душы з Богам, бо нашая радасьць у Хрысьце – праведнасьць і мір і радасьць у Сьвятым Духу.
Радасьць – гэта мір у сэрцы, бо мір ад Ісуса Хрыста. Радасьць - гэта апазіцыя смутку, бо смутак ад граху. Радасьць – гэта магчымасьць і здольнасьць нашая жыць у гэтым сьвеце паводле стандартаў Божага Валадарства. Радасьць – гэта магчымасьць і здольнасьць бачыць ды чуць волю Божую, а потым выконваць яе. Радасьць – гэта жыцьцё ў Ісусе Хрысьце, жыцьцё ў Ягоным сьвятле, жыцьцё ў Ягонай любові, жыцьцё ў Ягонай справядлівасьці, жыцьцё ў Ягонай міласэрнасьці, жыцьцё ў Ягонай пакоры і той неабсяжнай ахвяры, якая дае нам свабоду і мір у сэрцы нашыя.
БЕСЬПЕРАСТАНКУ МАЛЕЦЕСЯ
Мы жадаем жыць па воле Бога, выконваць запаведзі, што дае нам Ён і павінныя несупынна маліцца. Мы прачынаемся і ўзносім свае сэрцы прад аблічча Госпада, мы дзякуем Яго за той ранак, які Ён дае нам, каб мы ўславілі Яго, мы дзякуем свайго Творцу за гэтую цудоўную магчымасьць – размаўляць з Ім, адказваць Яму, слухаць Яго. Мы молімся. Але, як гэта рабіць бесьперастанку, як весьці размову з Госпадам несупынна, як гэта рабіць у нашым сучасным сьвеце, калі ў кожнага з нас ёсьць бясконцыя абавязкі; у адносінах да працы, дзе мы павінныя зарабляць грошы; у адносінах да сямьі, дзе мы павінныя забясьпечваць і выхоўваць дзяцей; у адносінах да асабістай гаспадаркі, а таксама быту свайго і сваёй сям’і? Як быць? Як быць адначасова ў сьвецкіх клопатах і ў непрыпыннай малітве? Адказ ёсьць, але спачатку нам трэба ўсьвядоміць, што малітва – не аднабаковае дзеяньне, а дыялог, размова, калі ўстаноўліваецца добры і давяральны кантакт паміж намі і Госпадам.
Наш Бог – усюдны. Ён існуе інакш, чым мы: Ён па-за часам і прасторай. У Бога, у адрозьненьні ад нас, хапае часу на ўсё, таму Ён здольны дапамагчы кожнаму з нас і больш таго Ён можа даць увесь Свой час кожнаму чалавеку на зямлі. Апостал Пётр кажа: «У Госпада адзін дзень, як тысяча год і тысяча год, як адзін дзень” (2 Пят. 3:8). Бог ведае ўсё, нават тое, што мы яшчэ не сказалі, але Ён хоча, каб мы зьвярталіся да Яго і размаўлялі з Ім. Таму Ён і стварыў нас разумнымі на падабенства Сваё, каб мы, адзіныя стварэньні на зямлі, былі здольныя зьвяртацца да Яго.
Адзін дастаткова вядомы чалавек, прапануе ўсім, хто разважае пра малітву, абапірацца на тры асноўных тэзісы: (1) Бог існуе; (2) Бог чуе нашыя малітвы; (3) Богу нашыя малітвы неабыякавыя. Ні воднае з гэтых сцьвярджэньняў нельга даказаць,- кажа ён – у іх можна верыць, ці ня верыць. Асабісты прыклад Ісуса Хрыста сьведчыць пра сапраўднасьць усіх трох тэзісаў. Малітва была выратавальным кругам Ісуса, крыніцай кіраўніцтва і сілы. Яна была патрэбная, каб ведаць і выконваць волю Айца. Так і нам, спадкаемцам Хрыста і дзецям Божым вельмі патрэбная малітва, каб ведаць і выконваць волю Госпада.
Калі мы молімся – мы знаходзімся ў кантакце з Госпадам і калі гэта так, важна ня тое, што кажаш ты, але тое, што адказвае Ён. Нам трэба зразумець, што пад час малітвы трэба больш думаць пра Бога, а ня пра сябе. Нават малітва Божая кажа нам пра тое, што Бог хоча ад нас: “Сьвяціся імя Тваё; прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая”
(Мац. 6:9,10). Бог жадае, каб мы імкнуліся да сэнсу, які ёсьць у гэтых словах і каб гэты сэнс быў заўсёды нашым жыцьцёвым арыентырам. Запытаем сябе: “Ці часта я прыходжу да Бога ня дзеля таго, каб папрасіць што-небудзь для сябе, але каб проста пабыць з Ім і каб даведацца, чаго Ён хоча ад мяне, а не наадварот?” Малітва, у аснове якой ёсьць жаданьне зносін, а не жаданьне нешта атрымаць – гэта самы добры спосаб наблізіцца да Бога, Які настолькі больш дасканалы за нас, што мы ня здольныя дасягнуць сваім розумам гэтай дасканаласьці. Апостал Пётр ўпэўнена кажа: “Бо вочы Госпада – да праведных, і вушы Ягоныя – да малітвы іхняе” (1 Пят. 3:12).
Калі хто быў ў мусульманскіх краінах, напэўна бачыў, як моляцца мусульмане. Пяць разоў на дзень, па сігналу, яны становяцца на калені і вымаўляюць свае малітвы. У хрысьціян няма такога, але ўсё залежыць ад нас. Набожныя гебраі павінныя каля ста разоў на дзень дабраслаўляць Бога. Хрысьціяне і юдэі, па прыкладу Нээміі, кідаюць у нябёсы так званыя “малітоўныя стрэлы”- кароткія воклічы, напрыклад такія, як “Госпадзе дапамажы”, “Слава Богу”, “Прабач Госпадзе”. Адбываецца гэта, калі мы бачым спакусу, калі хто змагаецца з залежнасьцю, ці калі мы бачым нейкія нечаканасьці. Калі мы грашым, дык няспынна паўтараем: “Чыстае сэрца ўмацуй у-ва мне Божа”, а магчыма і так”Вярні мне радасьць збавеньня Твайго” (Пс. 50:12,14). Ня так важныя словы малітвы, як тое, што мы ўспомнілі пра Яго і зьвярнуліся да Яго. Падаецца важным тое, каб мы запаўнялі ўсе паузы свайго дня нашымі малітвамі, бо гэта вельмі важная частка дзеля выкананьня волі Божай: “Бесьперастанку малецеся”.
Быць у заўсёдным кантакце з Госпадам, у Ягонай заўсёднай прысутнасьці, зьвяртацца да Яго ў любы колькі-небудзь вольны час, заўсёдна шукаць сустрэчы з Ім – гэта тое, што хоча ад нас Бог. “Дух дыхае, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць” (Ян. 3:8). Так казаў Ісус Мікадыму і мы бачым, што словы Збаўцы сапраўдныя, калі мы шукаем Бога ў-ва ўсякі час.
ЗА ЎСЁ ДЗЯКУЙЦЕ
Лёгка дзякаваць Госпада за ўсё тое добрае, што Ён дае нам, за ўсю тую ласку, не заслужаную намі, што дае Ён па міласьці Сваёй. Але як нам быць, калі нам дрэнна і калі нас спасьцігаюць выпрабаваньні? Апостал Павал перанёс шматлікія зьменьлівасьці лёсу і здабыў пакутніцкую сьмерць. Ён жадаў узнагароды, але не атрымаў яе пры жыцьці. Давайце ўявім сабе, што адчуваў Павал у турме, калі ён быў пазбаўлены самага неабходнага, калі ён быў пазбаўлены асабістай свабоды. Давайце прачытаем, што ён пры гэтым пісаў: “Кажу гэта не таму, што патрэбу маю; бо я навучыўся здавольвацца тым, што ў мяне ёсьць. Умею жыць і ў гароце, умею жыць і ў дастатку; навучыўся ўсяго і ва ўсім, насычацца і галадаць, быць і ў раскошы і ў нястачы. Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які мацуе мяне” (Філ 4:11-13). Якія яскравыя словы падзякі Госпаду нашаму Ісусу Хрысту. Павал ведаў, што ўсё самае лепшае, што ёсьць у Бога, ён можа набыць, прабываючы кожны дзень, кожнае імгненьне ў Ісусе Хрысьце. Павал ня быў сляпым, ці глухім аптымістам, які пазбаўлены адчуваньня рэальнасьці і ня гледзячы на мноства фізічных пакутаў, ня гледзячы на сваё вельмі бязрадаснае становішча, ён казаў , што задаволены сваім лёсам, бо Хрыстос зьяўляецца ягонай сілай і сэнсам ягонага жыцьця. Гэта найвялікшая падзяка Госпаду за Ягоную прысутнасьць у нашым жыцьці.
У той момант, калі нам кепска – трэба давяраць Богу, дзякаваць за тое, што Ён дае нам сілы, дае нам магчымасьці, што Ён з намі , каб даць нам дастойна прайсьці праз гэтыя выпрабаваньні і ўславіць Яго.
Апостал Павал кажа пра дабрадзейнасьці, якія зьвязаныя з ласкай Божай: “Дык апранецеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўлюбёнцы, у міласэрнасьць, даброць, мудрую пакору, лагоднасьць, доўгую цярплівасьць. І ўсё, што вы робіце словам, ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу”(Кал 3:12,17).
Калі мы ўпершыню сьвядома адчулі Божую ласку, мы адразу ж адчуваем пачуцьцё падзякі да Яго, бо ўсё каштоўнае, што мы атрымліваем у сваім жыцьці, найперш у духоўным жыцьці – вынік дзеянья ласкі Божай. І пачатак усяму – збаўленьне. Асабіста я, як і ўсе мы, вельмі ўдзячны Госпаду за гэты цуд і чым больш мы пазнаем любоў і праўду Хрыста, чым больш мы ўмацоўваемся ў веры да Збаўцы, тым больш павялічваецца нашая падзяка Богу за тое збаўленьне, якое Ён даў нам у розны час і розных становішчах. Ён даў нам збаўленьне, Ён даў нам новае жыцьцё – вечнае жыцьцё. Бог даў нам скарб, які непамерна больш за ўсе багацьці сьвету, Ён даў нам жыцьцё вечнае.
А ці ўдзячныя мы Яму за гэта, ці не запамятавалі мы падзякаваць Госпада за той дар, які так дорага Яму абыйшоўся? Калі мы жывем ласкай Божай, дык павінныя заўсёды дзякаваць Яго за вечнае жыцьцё, якое Ён нам даў праз Ісуса Хрыста і дзякаваць Яго ўсё болей і болей, чым у той дзень, калі мы перайшлі з валадарства цемры ў Валадарства ласкі Божай. Мы павінныя дзякаваць Бога ня толькі перад прыняцьцем ежы, а ўвесь час, цалкам увесь дзень, за ўсе тыя духоўныя і матэр’яльныя даброты, якія нам так шчодра дае Бог. Кожны дзень мы атрымліваем ад Госпада дзіўную і цудоўную ласку і нельга жыць Божай ласкай і ня дзякаваць за яе. “Госпад валадарыць: хай радуецца зямля; хай весяляцца шматлікія астравы” (Пс. 96:1).
Госпадзе, мы ўсе перад Табой: хто ў шчырасьці сваёй, хто ня вельмі, хто наоогул падманвае сам сябе. Але Ты, Гаспадзе, бачыш усё. Ты бачыш усе нашыя дзеяньні, Ты бачыш усе нашыя думкі, Ты бачыш нават тое, што мы яшчэ ня ведаем, бо толькі гатуемся пра гэтае падумаць. Госпадзе, дай нам цудоўную магчымасьць і цудоўныя здольнасьці глядзець і бачыць нашыя сэрцы, каб дзякаваць за тое становішча ў якім яны знаходзяцца і каб заклікаць да Цябе, каб Дух Сьвяты працягваў Сваю нястомную працу па зьнішчэньню тых рэшткаў грэху, якія на жаль існуюць яшчэ ў сэрцах нашых і хай нашае сэрца будзе чыстым і дагледжаным садам, дзе адпачывае Ісус з вялікай радасьцю за нас, бо гэтая радасьць – гэта нашая радасьць, найвялікшая радасьць, бо гэтая радасьць – гэта нашая несупынная малітва, бо гэтая радасьць – гэта нашая падзяка Айцу Нябёснаму, Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, Духу Сьвятому навекі. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122002065