Родители и дети

СЯМ’Я ХРЫСЬЦІЯНІНА
БАЦЬКІ І ДЗЕЦІ


«Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо
ў гэтым праведнасьць. Шануй бацьку
твайго і маці – гэта першае прыказаньне з абяцаньнем:
“Каб было табе добра, і быў ты даўгалетнім на зямлі”.
І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у дысцыплінаваньні і напамінаньні Госпадавым» (Эф 6:1-4).

Апостал Павал, зьвяртаючыся да эфэсцаў, кажа вельмі простую праўду. Дзеці павінны слухацца сваіх бацькоў, а бацькі павінны замест таго, каб раздражняць сваіх дзецей, гадаваць іх у Божай дысцыпліне. Гэта ёсьць настаўленьне апостала да ўсіх і на ўсе вякі. Але як мы ставімся да гэтага сёньня і што мы павінны зрабіць, каб адносіны бацькоў і дзяцей складаліся ў рэчышчы Божага выхаваньня? Мы павінны прызнаць, што ў сёняшнім сьвеце тая праўда, пра якую кажа апостал Павал, вельмі занядбаная. Чаму? Таму што сучасныя бацькі больш слухаюцца дзяцей і падпарадкоўваюцца ім, чым наадварот. Нашыя разважаньні зусім не пра тое, каб вызначыць гэты факт, але пра тое, як павінны сябе паводзіць бацькі і як павінны ставіцца да іх дзеці. Якія абавязкі адносна дзяцей павінны быць у бацькоў і якія задачы ставяцца перад дзецьмі, каб быць паслухмянымі перад сваімі бацькамі ў дзяцінстве і да паўнагодзьдзя?

Павал кажа пра гэта так: «Кажу вось: увесь час, пакуль спадкаемца – немаўля, ён нічым ня лепшы за слугу, але ён пад наглядчыкамі і эканомамі аж да вызначанага бацькам часу» (Гал 4:1-2). Дзіўна, але гэта так, бо дзіцё – гэта нявольнік, будучы гаспадаром над усім. Безумоўна што ў будучым, бо сёньня ён павінен быць паслухмяным у-ва ўсім. Так павінна быць. Але, усе мы дакладна ведаем тое, што паслухмянасьць дзіцяці сёньня – гэта рэдкасьць. Чаму? Ці не таму, што паслухмянасьць дзіцяці бацькам залежыць ад паслухмянасьці бацькоў Госпаду?
Непаслухмянасьць – гэта грэх. Той, хто слухае ў Госпадзе, мае дабраславеньне. І наадварот. Зьвярнемся да Старога Запавету, каб адчуць да чаго прыводзіць непаслухмянасьць Госпаду. Першы валадар Ізраіля Саўл не паслухаўся Госпада, пачаўшы жыць і кіраваць па свайму разуменьню. Які з гэтага вынік: «І ўзяў Самуіл рог з алеем і памазаў яго сярод братоў ягоных, і пакоіўся Дух Госпадаў на Давідзе з таго дня і пасьля. А Самуіл устаў і адышоў у Раму. А ад Саўла адступіўся Дух Госпадаў, і бунтаваў яго ліхі дух супраць Госпада» (1 Вал 16:13-14). Мы кажам зараз пра паслухмянасьць кожнага для таго, каб мець дабраславеньне ад Госпада. На жаль, калі гэта тычыцца сьвету, гэта ня так, бо зараз казаць пра паслухмянасьць зусім не сучасна. І калі гэта суадносіць да дзіцяці, дык трэба канстантаваць, што сучасныя бацькі намагаюцца, быць, згодна Фрэйду, сябрам дзіцяці. І тут уся праблема ў дарослых, бо менавіта яны закладаюць у будучае чалавека тое, што мае назву паслушэнства ці непаслушэнства Госпаду Ісусу Хрысту.

Што ж тычыцца дзяцей, дык Пісаньне кажа пра тое, як належыць адносіцца да непаслухмянасьці апошніх: «Калі ў каго будзе сын упарты і непакорлівы, які ня слухаецца голасу бацькі свайго і голасу маці сваёй, і яны каралі яго, але ён ня слухаецца іх, - дык бацька ягоны і маці ягоная няхай возьмуць яго і прывядуць яго да старэйшынаў горада свайго і да варотаў свайго жытла. І скажуць старэйшынам горада свайго: “Гэты сын наш буяны і непакорлівы, ня слухаецца слоў нашых, ласун і п’яніца”. Тады ўсе жыхары горада ягонага няхай паб’юць яго камянямі да сьмерці; і так вынішчы зло спасярод сябе, і ўсе ізраільцяне пачуюць і збаяцца» (2 Зак 21:18-21). Калі сын у такой ступені непаслухмяны, дык такі чалавек варты сьмерці. Такі закон Бог даў Ізраілю, бо паслухмянасьць прыемна Госпаду. І наадварот. З гэтага вынікае, што слова бацькоў – гэта закон для дзяцей. Безумоўна ж і тое, што слова бацькоў у дачыненьні да дзяцей павінна знаходзіцца ў межах закона, які даў ім Бог.

Выхаваньне дзяцей – рэч ня толькі адказная, але і строгая, бо месцамі мяжуе нават і з жорсткасьцю. Трэба добра ўсьведамляць, што нашыя выхаванцы робяць толькі тое і ў тых межах, што дазваляюць ім бацькі. Дарослым нельга займаць мяккую і прымірэнчую пазіцыю ў пытаньнях выхаваньня дзяцей. І гэта зусім не азначае, што бацькі не павінны праяўляць сваю любоў да дзяцей, але гэтая бацькоўская любоў не павінна даваць перавагу дзіцячаму эгаістычнаму змаганьню супраць дарослых. Бацькоўская любоў – гэта не патаканьне капрызам сваіх дзяцей, а вельмі ўзважаная і калі трэба, дык і даволі жорсткая пазіцыя да дзяцей, але і ў межах таго, што патрабуе ад нас Бог. Паміж бацькамі і дзецьмі ня можа быць ніякіх кампрамісаў, бо ці можа быць кампраміс паміж жаданьнем чалавека і законам Божым?

Безумоўна тое, што выхаваньне дзяцей – справа складаная, бо гэта заўсёды ёсьць нейкая барацьба паміж выхаванцамі і выхавацелямі. Дзіцё заўсёды пільна вывучае бацькоў і вельмі спрытна выкарыстоўвае любую іхнюю слабасьць. Можна заўважыць уяўленьне многіх, што калі дзіця плача, дык у гэтым вінаватыя бацькі. Гэты плач зьдзяйсьняецца у большасьці на публіцы, бо ў адзіноцтве дзіця капрызіць і плакаць ня будзе. Дзіцё выкарыстуе любую магчымасьць патрабаваць свайго, калі пабачыць нават і маленькае непаразуменьне паміж бацькамі адносна паводзінаў і ўзьдзеяньня бацькоў на паводзіны дзіцяці. Такая вось складаная рэч, выхаваньне народжанага дзіцяці. Зацяжарыць, вынасіць і нарадзіць значна лягчэй, чым потым выхаваць сваё дзіця па тым законе, які даў нам Бог.

Характары дзяцей вельмі розныя і яны дадзены ім ад Госпада. А таму трэба вельмі чула да гэтага ставіцца і нельга ламаць тое, што даў яму Бог. Нельга рэалізоўваць у дзіцёнку тое, што, па разуменьню дарослага, не ўдалося рэалізаваць гэта ў сваім жыцьці. Гэта ня можа быць заўсёды правільным, калі толькі да гэтага не пацягнецца самое дзіцё. Безумоўна і тое, што дадзены характар значна ўплывае на паслухмянасьць ці непаслухмянасьць у працэсе выхаваньня, ды і ўвогуле на ўзаемаадносіны паміж бацькамі і дзецьмі. А калі да характара яшчэ дадаць дзіцячы эгаізм і элемент артыстызму, дык перад намі зьяўляецца даволі сур’ёзны «аб’ект» для выхаваўчай дзейнасьці бацькоў. Выхаваньне дзяцей – вельмі сур’ёзная і вельмі нялёгкая справа. Але гэтая справа даручана нам Госпадам і адказнасьць за гэта цалкам ляжыць на бацьках. Ні на дзіцячым садку, ні на школе, ні на вуліцы, а на бацьках і толькі на іх. Так, гэта нялёгкая справа, але ці лёгка Госпаду з дарослымі? Той жа працэс: эгаізм, пыха, непаслухмянасьць. Але Бог цярпліва разьбіраецца з намі, настаўляючы кожнага з нас на шлях праўды. Таго ж Ён патрабуе і ад бацькоў, калі аддае ім у выхаваньне дзяцей.

Кожны можа заўважыць, што непаслухмянасьць дзяцей праяўляецца менавіта там, дзе ёсьць магчымасьць прыцягнуць да сябе ўвагу іншых людзей. Безумоўна ж для таго, каб на публіцы перамагчы сваіх выхавацеляў. Спакойнае і разважлівае пакараньне – вось лекі ад гэтай дзіцячай хваробы. Абавязак дзяцей – паслушэнства бацькам і гэта павінна быць у галавах ня толькі дзяцей, але, у першую чаргу, гэты тычыцца бацькоў. Бацькам трэба вельмі пільна сачыць за сваімі дзецьмі, каб не дапускаць і своечасова прыпыняць любыя спробы непаслушэнства. І гэта ёсьць вельмі жорсткі абавязак бацькоў. Трэба ж да гэтага дадаць і тое, што выхоўваючы дзяцей паводле Божых стандартаў, мы самі, разам з дзецьмі, выхоўваемся ў Госпадзе, удасканальваючы сваё паслушэнства перад Тым, Хто даў нам нашае жыцьцё і жыцьцё нашых дзяцей.

Што з гэтага вынікае? А тое, што ўпакоранае дзіця – гэта вобраз і прыклад уваходжаньня ў Валадарства Божае: «У тую гадзіну падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы: “Дык хто большы ў Валадарстве Нябесным?” І, паклікаўшы дзіцятка, Ісус паставіў яго пасярод іх і сказаў: “Сапрады кажу вам: калі не навернецеся і ня станеце, як дзеці, ня ўвойдеце ў Валадарства Нябеснае. Дык хто панізіць сябе, як гэтае дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным”» (Мац 18:1-4). Глядзячы на сваіх дзяцей, мы павінны адчуваць сябе такімі ж перад Госпадам. Непаслухмянымі і свавольнымі, але якія павінны упакорыцца перад сваім Нябесным Айцом, каб адчуць усю паўнату радасьці і любові, якую дае нам Бог: «Глядзеце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца дзецьмі Божымі» (1 Ян 3:1). Апостал Ян зьвяртаецца да тых бацькоў і дзяцей, якія спазналі Госпада, а праз Яго і саміх сябе. Апостал заклікае бацькоў і дзяцей быць у Госпадзе і не разьменьваць Божую любоў на выклікі сьвету: «Пішу вам, дзеткі, што адпушчаны вам грахі дзеля імя Яго. Пішу вам бацькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Пішу вам, юнакі, што вы перамаглі злога. Пішу вам, дзеці, што вы пазналі Айца. Я напісаў вам, бацькі, што пазналі Таго, Які ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі,што вы дужыя, і слова Божае застаецца ў вас, і вы перамаглі злога. Не любіце сьвету, ані таго, што ў сьвеце: Хто любіць сьвет, у тым няма любові Айца. Бо ўсё, што ў сьвеце: пажаданьне цела, і пажаданьне вачэй, і пыха жыцьцёвая,- ня ёсьць ад Айца, але ад сьвету. І сьвет праходзіць, і пажаданьне ягонае, а хто чыніць волю Божую, застаецца на вякі» (1 Ян 2:12-17).
 
Чаму мы павінны быць як дзеці перад Богам? Гэта зусім не азначае, што мы павінны займацца капіраваньнем дзіцячых паводзінаў і жыць суадносна розуму дзіцяці. Зусім не. Але мы павіны быць паслухмянымі і пакорлівымі перад Госпадам, як і нашыя дзеці перад намі. Гэта наш абавязак перад Госпадам, ды і перад нашымі дзецьмі. Калі Бог ёсьць наш Айцец, дык бацькі павінны слухацца Яго, бо той, хто больш паслухмяны перад Госпадам, той будзе большым у Валадарстве Божым. Бог чакае ад нас паслухмянасьці перад Ім і гэта тычыцца перш за ўсё бацькоў, якія адказныя за выхаваньне сваіх дзяцей.

Так павінна быць, але што мы бачым сёньня? У сёньняшнім сьвеце дзеці сталі начальнікамі, бо існуе такое разуменьне, што ня сьлед перашкаджаць дзецям у іхнім разьвіцьці. Ня сьлед іх абмяжоўваць, але сьлед даваць ім разьвівацца самім па сабе. Што гэта, як не ліберальны самападман? Так не павінна быць нідзе, а тым больш у хрысьціянскай сям’і. Слова бацькі – гэта закон для дзіцяці, але ў той жа час слова бацькі – гэта вынік паслушэньня апошняга перад Богам. Бацькі адказныя перад Богам за выхаваньне сваіх дзяцей, а гэтая адказнасьць, у сваю чаргу, базуецца на паслушэнстве бацькоў Таму, Хто даў жыцьцё ім і іхнім дзецям. Усё, як быццам бы, проста. Але практыка жыцьця паказвае адваротнае і сучасны сьвет дэманструе ліберальны, а гэта значыць памылковы, падыход да выхаваньня дзяцей. Што мае, дарэчы, свой працяг, калі выхаваныя такім чынам дзеці пачнуць, з цягам часу, выхоўваць сваіх дзяцей. І так далей. Што чакае ў будучым грамадзтва? Заняпад духоўнасьці, а гэта значыць заняпад грамадзтва, што ў сваю чаргу вядзе да вечнай пагібелі многіх і многіх тых, хто створаны Богам на Сваё падабенства. Так што выхаваньне дзяцей, як будучых дарослых выхавацелей па Божым стандартам, ёсьць задача найгалоўнейшая, бо ад гэтага залежыць вечная будучыня ня толькі нашых дзяцей, але і іхніх нашчадкаў. Разважым пра гэта сёньня і неадкладна, бо хто з людзей ведае, што будзе заўтра? І таму кожны няхай вернецца ў сваіх думках і дзеях да выхаваньня сваіх дзяцей, каб рабіць гэта так, як патрабуе гэтага Бог.

Вернемся ў сям’ю, дзе ёсьць выхавацелі – бацькі і выхаванцы – дзеці. Што раздражняе маці ў выхаваньні дзяцей? Па-перш тое, што ёй неабходна шмат разоў паўтараць адно і тое ж, каб дзіцёнак нешта зразумеў і рабіў тое, што хоча маці. Але вось зьяўляецца бацька і ягоная строгасьць супакойвае сітуацыю.

 Паслухмянасьць аднаўляецца. Трэба, тым часам, адзначыць, што паслухмянасьць – гэта цудоўная каштоўнасьць сям’і. Бо калі вырастуць у паслухмянасьці дзеці, дык і ім будзе Божае дабраславеньне. Як і для дарослых, якія ўсталявалі гэтую паслухмянасьць. Дабраславеньне для ўсіх. Як для бацькоў, так і для дзяцей.
Ісус Хрыстос казаў Сваім вучням, каб яны былі «як дзеці», калі хочуць увайсьці ў Валадарства Божае. Што гэта азначае? Толькі тое, што дзеці – слугі перад бацькамі, а бацькі (як дзеці) слугі перад Госпадам. Мы любім сваіх дзяцей, як і Бог любіць нас. Бацькі любяць сваіх дзяцей у любым выпадку. Караючы іх ці даючы нейкую ўзнагароду. Так і Бог. Ён любіць нас у любым выпадку. Караючы нас ці даючы нейкую ўзнагароду, бо Ён наш Айцец, а мы Ягоныя дзеці. Дык будзем жа паслухмянымі ў Госпадзе, каб жыць і выхоўваць дзяцей па тым стандартам, якія даў нам Бог. Каб і нашыя дзеці таксама выхоўвалі сваіх дзяцей. Тады і будзе мір у нашых сэрцах, у нашых сем’ях і ў нашай краіне. Усё ў Госпадзе і разам з Ім. Амэн.


Рецензии