Родители
БАЦЬКІ
«А вы, бацькі, не раздражняйце дзецей вашых, а
выхоўвайце іх у дысцыплінаваньні і напамінаньні Госпадавым» (Эф 6:4).
Калі апостал Павал кажа пра бацькоў, першае, што мы чуем, дык гэта пра адносіны да сваіх дзяцей. Чаму? Таму што гэта тое галоўнае прызначэньне, да якога прыставіў іх Бог. Выхаваць дзіця для Бога – гэта значыць паслужыць Яму так, як Ён гэтага хоча. Так павінна быць ад пачатку. Але паглядзім у дзень сёняшні, у нашую сучаснасьць. Выхаваньне дзяцей - тэма складаная, бо гэта, як бы гэта дзіўна не гучала, ёсьць зона рызыкі. Патлумачым. Многія з нас – гэта першае ў веры пакаленьне і таму яно яшчэ ня можа бачыць пэўных вынікаў выхаваньня дзяцей у Госпадзе. І таму нашая размова для многіх можа мець больш тэарэтычны чым практычны характар. Гэта так. Але трэба рухацца далей і таму нашая размова распачата дзеля таго, каб мы ад тэорыі пераходзілі да практыкі. Практыкі Божага выхаваньня.
Апостал Павал кажа пра тое, каб бацькі не раздражнялі сваіх дзецей, а выхоўвалі іх у Госпадавым напамінаньні. Што гэта азначае?. Толькі тое, што бацькі не павінны перашкаджаць дзецям ў іхнім разьвіцьці, але дапамагаць ім пазнаваць Божую праўду, як падмурак усяго астатняга веданьня. Бацькі адказныя за выхаваньне дзяцей. Ні дзіцячы садок, ні школа, ні якая іншая навучальная ўстанова. Навучаць могуць многія, але адказнасьць за гэта перад Госпадам нясуць бацькі і толькі яны. Але перанясемся ад агульнага да прыватнага. Да сям’і, дзе ёсьць бацькі і дзеці. У фармаце нашага грамадзтва выхаваньне дзяцей, у сваёй большасьці, кладзецца на маці. Але гэта ніяк не азначае, што на яе кладзецца асноўная адказнасьць за выхаваньне дзяцей. Біблія кажа пра адказнасьць мужа за сваю жонку і сваіх дзяцей. Адказнасьць перад Госпадам і гэта павінна накладаць на мужа вельмі вялікую адказнасьць у дачыненьні да сваёй сям’і.
Індустрыяльны лад сучаснага жыцьця, а ён пачаўся яшчэ ў 19 стагодзьдзі, прадугледжвае той стан жыцьця бацькі, які вызначаецца даволі вялікай занятасьцю. Што аўтаматычна накладае на маці асноўны клопат па выхаваньню сваіх дзяцей. Прамысловая рэвалюцыя зьмяніла лад чалавечага жыцьця, як дарэчы і жыцьця хрысьціянскага. Бацька павінен даволі працяглы час працаваць на прадпрыемстве, каб забясьпечыць сваю сям’ю матэр’яльна, а маці, адпаведна, павінна даглядаць і выхоўваць дзяцей у фактычнай адсутнасьці мужа і бацькі сваіх дзяцей. У кожнага з іх (бацькоў) свая функцыя ў гэтым жыцьці і ў сваёй сям’і. Якія ж яны, мужчыны і жанчыны? Калі мы супынімся на мужчынах, дык можам упэўнена сьцьвярджаць, што яны, па вызначэньню, больш рэлігійныя і больш стойка абараняюць веру (гэта тычыцца таксама і атэізму). Жанчыны глядзяць на мужчынаў і часам дадаюць ім у веры. А разам яны пераносяць свае адносіны з Госпадам на дзяцей і на грамадзтва ў цэлым. І менавіта таму мы павінны падтрымліваць, распаўсюджваць і аднаўляць у грамадзтве Біблійныя прынцыпы жыцьця.
«Не раздражняйце дзецей вашых». Што гэта азначае? Даваць ім паболей папесьціцца ў ложку ці пагадзіцца ў іхнім самастойным выхаваньні? Зусім не. «Не раздражняць» - гэта значыць рэагаваць, і рэагаваць імгненна на ўчынкі дзяцей, бо абыякавасьць бацькоў – гэта і ёсьць раздражненьне. Разумеем, што гэтае параўнаньне можа выклікаць пэўнае зьдзіўленьне. Але давайце разважаць. Тут няма ніякай супярэчлівасьці, бо праўда не ляжыць на паверхні, але ляжыць на пэўнай глыбіні, да якой трэба заглыбіцца ў сваіх разважанях, грунтуючыся на Слове Божым. Уявім сабе, што бацькі слаба рэагуюць на дрэнныя паводзіны дзяцей. Іншымі словамі, яны не «раздражняюць ім» - сваім дзецям. Што далей, у некаторым будучым? Разбэшчаныя дзеці і зьдзіўленыя бацькі. Якая будзе рэакцыя бацькоў? Умяшальніцтва ў паводзіны дзяцей, а гэта азначае «раздражненьне» з кропкі погляду нашых выхаванцаў. Ці ня будзе спазьнёным гэтае раздражненьне? А таму вернемся да прынцыпу «не раздражняць дзецей вашых», як да пільнага выхаваньня дзяцей па тым стандартам, якія мы атрымалі ад Бога.
Шкодныя паводзіны дзяцей, якія не заўважаюцца бацькамі – гэта няправільныя паводзіны бацькоў, бо бацькі пакліканы аддаваць свой час дзецям. І гэта не марнаваньне часу, як нехта лічыць. І не абавязак праз сілу, бо абыякавасьць да дзяцей – гэта праява асабістага эгаізму ці проста ляноты. Дзеці павінны слухацца бацькоў, а не наадварот, бо калі бацькі ходзяць за дзецьмі і ўладкоўваюць іхнія капрызы, дык гэта прыводзіць да адмоўных вынікаў далейшага жыцьця сям’і. Патураць дзецям – гэта тое ж самае, што патураць самому сабе, калі ты бачыш няпраўду выхаванца, але ў той жа час згаджаешся з ягонымі паводзінамі. Іншымі словамі, дзеці дазваляюць сабе роўна столькі, колькі дазваляюць ім бацькі. А таму павінна быць абмежаваньне той прасторы, на якой дзеці павінны гуляць, працаваць ці што іншае. А гэтае абмежаваньне, тыя рамкі дазволенага, павінны ўсталёўваць дарослыя. Выхаваньне ў абмежаваньні – гэта той прынцып, якога павінны прытрымлівацца дарослыя. І ніяк інакш. Але, безумоўна, у добрым сэнсе.
Адказнасьць бацькоў – зьвяртаць увагу на жыцьцё і паводзіны свайго дзіцяці, бо будучы спакой бацькой наўпрост залежыць ад таго, як яны выхоўвалі сваіх дзяцей ад нараджэньня. Калі жанчына цяжарная, дык гэта ёсьць самы спакойны час у выхаваньні будучага дзіцяці, бо з ягоным нараджэньнем ўсё толькі пачынаецца. Узрастаючае дзіця – гэта ўзрастаньне праблем ад нараджэньня. Чым больш дзіця, тым больш праблем. Маленькія дзеткі – маленькія бедкі. Так кажуць у народзе. І гэта праўда, бо ад часу нараджэньні і далей, гэтыя праблемы нарастаюць з кожным наступным днём. А ведаючы гэта, трэба зьвяртаць значна больш увагі на тое, як узрастае будучы дарослы чалавек.
Усе мы ведаем, што малое дзіця заўсёды не да месца, бо ўсюды там, дзе ён не павінен быць. Гэта тычыцца і электрычнасьці, а таксама шмат яшчэ якіх пабытовых рэчаў. Але што робяць бацькі, каб дзеці ім не дакучалі (і як быць са словамі апостала Паўла: «Не раздражняйце дзецей вашых»). Сучасныя бацькі даюць у рукі дзецям мабільны тэлефон, кампутар і безумоўна самую на сёньня простую рэч – тэлевізар. І ўсё гэта для таго, каб дзеці не раздражнялі дарослых. А калі па справядлівасьці, дык для таго, каб не займацца дзецьмі і адпачываць ад іх. Дзіцё гуляе – маці адпачывае. Вось такая формула сямейнага жыцьця. Галоўнае – гэта цішыня, але што потым? А потым пачынаюцца праблемы. Паспрабуй адбяры тэлефон, кампутэрную гульню ці перапыні нейкую праграму па тэлевізіі. Адразу ж пачнецца дэмагогія: нам трэба разьвівацца, гэта трэба для адукацыі і гэтак далей. Гэта памылковы шлях, бо нельга імкнуцца, каб дзеці маўчалі і не дакучалі. Наадварот, трэба аддаваць свой час дзецям, каб не было ў будучым праблем, якія непазьбежна ўзьнікнуць, калі выхаваньне дзяцей аддаецца кампутару ці тэлевізару.
А зараз разважым пра адказнасьць бацькоў за выхаваньне сваіх дзяцей. Калі будзем казаць пра бацьку, дык ягоная адказнасьць ніяк не тычыцца зьмены дзіцёнку пялюшак ці нашэньня дзіцёнка на руках, каб, напрыклад, яго супакоіць. Адказнасьць бацькі за выхаваньне сваіх дзяцей у тым, каб будучы дарослы чалавек быў выхаваны ў Госпадзе, бо калі гэта ня будзе так, дык праблемы для такой сям’і будуць непазьбежнымі. Слова бацькі павінна быць строгім, але, у той жа час, насычана любоўю. Нават і тады, калі дзіцёнка чакае пакараньне. Слова бацькі – закон. Але ня тое, што прыдумаў сам бацька, а тое, што дадзена яму Госпадам, каб выхаваць дадзенае яму ў Госпадзе і для Госпада.
А зараз маці. Менавіта яна нясе асноўную адказнасьць за фізічны і духоўны стан дзіцяці да ягонага паўнагодзьдзя. Хатняя гаспадарка і выхаваньне дзяцей - гэта тое асноўнае, што павінна выконваць, па жыцьці, маці. Безумоўна тое, што яна не павінна замыкацца толькі ў хаце і для хатняй гаспадарцы. Сучаснае выхаваньне дзяцей прадугледжвае і выхад маці ў пазахатнюю прастору, бо выхаваньне дзяцей толькі ў хатняй прасторы немагчыма. Маці павінна быць з дзецьмі ў царкве, каб удзельнічаць як у служэньні, так і ў жыцьці нядзельнай школкі царквы. Пакуль дзеці малыя, трэба за імі вельмі пільна наглядаць. І выхоўваць. І дома, і па за ім. Рабіць агульныя справы, даводзячы да іх тое, што кажа для дзяцей і дарослых Сам Бог: «Слухай Ізраіле: “Госпад Бог наш, Госпад адзіны ёсьць. І любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою сваёю і ўсімі сіламі тваімі. І хай будуць словы гэтыя, якія Я наказваю табе сёньня, у сэрцы тваім; і перадавай іх дзецям тваім і кажы пра іх, седзячы ў доме тваім і йдучы дарогаю, і кладучыся, і ўстаючы; і завяжы іх у знак на руку тваю, і хай будуць яны павязкаю над вачыма тваімі, і напішы іх на касяках дома твайго і на брамах тваіх”» (2 Зак 6:4-9).
Госпад дае дарослым просты наказ на тое, як павінна выхоўваць сваіх дяцей. Дзяцей трэба вучыць заўсёды: і седзячы ў доме, і ідучы дарогаю, і кладучыся, і ўстаючы. Так кажа Біблія. Так павінна быць. Дзяцей трэба вучыць, бо самі яны не навучаюцца (калі толькі дрэннаму). І ўдзельнічаць у жыцьці дзіцяці. Але галоўнае – гэта перадаць веру, а гэта пачынаецца з таго, што веруючы бацька павінен быць галоўным у малітве і вывучэньні Пісаньня (тлумачэньня Біблійных гісторый). Бацька павінен вучыць свайго дзіцяці верыць Госпаду, каб жыць, ад пачатку, у Ягонай прысутнасьці і пад Ягонай абаронай. Кажучы пра бацьку, мы безумоўна ж маем на ўвазе і маці, бо бацькі – гэта адно цела ў сям’і і таму іхняя пазіцыя ў адносінах да дзяцей павінна быць ня толькі ўзважанай і сумеснай, але і суадносіцца таму, што патрабуе ад іх Бог. Падсумоўваючы ўсё вышэй сказанае, зробім нейкія высновы, а дакладней вызначым тое, чаму мы павінны вучыць сваіх дзяцей.
Веры. Вера, - гэта тое, што спазнаецца будучым дарослым пры дапамозе бацькоў, бо вера – гэта тая аснова, на якой будуецца ўсё астатняе ці будучае жыцьцё чалавека. Будучая сям’я і будучыя дзеці – гэта тая якасць, якая закладаецца бацькамі ў Божым выхаваньні сваго дзіцяці. Выхаваньне дзяцей у веры – гэта выхаваньне добрай і вечнай будучыні сваіх дзяцей і дзяцей іхніх. Пачэсная задача для дарослых.
Працаваць. У нашай сучаснасьці гэта няпростае пытаньне. Калі казаць пра працу фізічную, дык тут усё, больш меньш, ясна. Праца па дому, асабісты дагляд чысьціні ці яшчэ ўсё тое, што тычыцца жыцьця чалавека. Безумоўна тое, што ўвесь гэты расклад гатуе маці, якая і назірае за ўсім гэтым. Прасьцей было гэта ў ранейшым часе, калі з маленства былі распісаны гаспадарчыя абавязкі ўсіх дзяцей згодна іхняга ўзросту. Гэта тычылася перш за ўсё сям’і на вёсцы ці нейкага мястэчка, дзе мела месца асабістая гаспадарка. Але ў добраўпарадкаванай гарадзкой кватэры гэта зьдзейсьніць нашмат цяжэй, бо няма таго цяжару пабытовага жыцьця, якое ёсьць на вёсцы. Але маці і тут павінна знайсьці тое прыкладаньне, якое змусіць дзіцяці працаваць. Мы кажам ня толькі пра маці, але і пра бацьку, бо ад іх абоіх залежыць выхаваньне фізічнай дзейнасьці дзяцей. Калі дзіцё нічога ня робіць, дык гэта вельмі дрэнна, бо грахі гэтага жыцьця ў значнай ступені залежаць ад гультайства. Гэта пра фізічнае, але ёсьць яшчэ праца духоўная і ўсё тое фізічнае, што сутыкаецца з гэтым. Вучыцца працаваць – гэта азначае і вучыцца духоўнаму, каб усё разам зрабіла чалавека прыемным Богу і каб такі чалавек стаўся сынам ці дачкой Госпада. І атрымаў жыцьцё вечнае ў Божым Валадарстве на вякі вякоў.
Казаць праўду. Кожны дарослы ведае, што дзеці, самі па сабе, здольныя хлусіць. Яны і робяць гэта на кожным кроку сваім. Кожны ведае гэтую хлусьню. Па сваім жыцьці ці па ўчынкам сваіх дзяцей. Разьбілася крыштальная ваза, дык яна нейкім чынам звалілася з паліцы сама. Мы можам налічыць вялікую колькасьць прыкладаў такога кшталту. Пра што мы кажам? Пра грахоўную прыроду чалавека ад нараджэньня. І калі мы не абмяжуем гэтую хлусьню ад пачатку, дык яна можа пераўтварыцца ў больш «дасканалую» форму. І тады мы будзем мець яшчэ аднога, які будзе ўдзельнічаць у той сусьветнай хлусьні, якая пануе і ў палітыцы, і ў штодзённым грамадзкім жыцьці.
Правільным паводзінам у жыцьці. Што гэта за паводзіны? Тое, што патрабуе ад нас Бог. У любым месцы, дзе ёсьць нашае месца ў жыцьці. Дом, школа, вуліца, царква ці нейкае іншае прысутнае месца. Няхай дзеці памятаюць тое, што заўсёды павінны памятаць і іхнія бацькі: там, дзе ступіла іхняя нага, там ёсьць Божая тэрыторыя, а значыць там дзейнічаюць Божыя настаўленьні, якія павінен зьдзяйсьняць і распаўсюджваць той хто зьяўляецца носьбітам гэтага. Безумоўна ж, што адказнасьць за такія паводзіны дзяцей нясуць іхнія бацькі, якія, у сваю чаргу, павінны вучыцца гэтай адказнасьці ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Давайце ж маліцца за бацькоў, бо дзеці ёсьць іхняе адлюстраваньне. І тое, як бацькі ставяцца да выхаваньня сваіх дзяцей, залежыць і будучае той зямлі, на якой усе мы жывем. Усё тое, што не надхняе ў жыцьці бацькоў, можна з вялікай доляй ўпэўненасьці сьцьвярджаць, што гэта можа быць зьдзейсьнена ў дзецях. А таму мы мы павінны штодзённа выхоўваць у страху Божым і Божай мудрасьці саміх сябе, каб нашыя дзеці былі той сольлю зямлі, пра якую казаў нам Ісус Хрыстос.
Свидетельство о публикации №225122000086