Про испытание веры

ПРА ВЫПРАБАВАНЬНЕ ВЕРЫ

«Вялікай радасьцю лічыце, браты мае, калі трапляеце
ў розныя спакусы, ведаючы, што выпрабаваньне вашае
веры робіць цярплівасьць. А цярплівасьць няхай мае
дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалымі і
суцэльнымі, без аніякага недахопу» ( Як 1:2-4).

Выпрабаваньне – гэта Божая праверка нашае веры на жыцьцёвым шляху чалавека. Чалавек прыйшоў у гэты сьвет, каб хутка ійсьці па ім і гэтая вандроўка, якае працягваецца ўсё жыцьцё, – ягоны занятак, які ніколі не прыпыняецца. Ён, чалавек, – пілігрым навякі ў самым вялікім сэнсе гэтага слова. Наогул, пілігрымка да сьвятых месцаў складае значную частку большасьці рэлігій існуючых у сьвеце. Так рабілі калены Ізраіля, так робяць мусульмане, так робяць вучні Брахмы, так рабілі і хрысьціяне, бо хто ня чуў пра пілігрымкі да Дамавіны Госпадавай, так робяць хрысьціяне і зараз, калі наведваюць розныя сьвятыя месцы. Але вера ў Бога, Словам нашага Айца, не патрабуе гэтага ад чалавека. Яно не прадугледжвае зямных пілігрымак, бо кажа: «Гаворыць ёй Ісус: “Жанчына, павер Мне, што прыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерусаліме ня будзеце пакланяцца Айцу. Вы ня ведаеце, каму пакланяецеся; а мы ведаем, Каму пакланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў. Але прыходзіць час, і ён ужо прыйшоў, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэткіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе. Бог ёсьць Дух, і тыя, якія пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе» (Ян 4:21-24).

Кожны хрысьціянін зьяўляецца пілігрымам, але ў містычным сэнсе гэтага слова, бо ягоная радзіма ня тут, не на зямлі. І геаграфія хрысьціянскага шляху вельмі і вельмі разнастайная. Асобная прыкмета гэтага шляху – даліна плачу, бо гэта і ёсьць нашыя выпрабаваньні. «Ідучы далінаю плачу, яны адчыняюць у ёй крыніцы, і дождж пакрывае яе дабраславеньнем; прыходзяць ад сілы ў сілу, паўстаюць прад Богам на Сыёне» (Пс 83:7-9). Шлях да Сыёну ляжыць праз цемру і людзі Божыя вымушаныя прайсьці праз яго, бо гэта непазьбежна. Шмат разоў крочым мы па гэтай даліне, таму што мноства прычынаў для нашай жалобы, як і жалобных дзён.
Непрымнасьці, якія зьвязаныя з хваробамі, сьмерцю нашых блізкіх, стратамі і няўдачамі ў розных справах і, наогул, з тысячамі іншых праблем – вось тая жалоба, праз якую праходзяць хрысьціяне, якія ёсьць суспадчыньнікі Валадарства Нябеснага. Усім людзям, час ад часу, бывае ня лёгка і ня трэба казаць: «Я адзіны пакутую», таму што ўсе без выключэньня, так ці йнакш, праходзяць праз даліну плачу, а найбольш трэба памятаваць, што Валадар валадароў таксама праходзіў праз гэтую даліну і тут Ён заслужыў імя Чалавека смутку, бо, праходзячы па ёй, Ён пазнаў хваробы. Найкаштоўнейшая міласьць ёсьць у тым, што Ісус Хрыстос, наш нябесны Сябар, заўсёды хоча быць з намі пад час нашага жыцьцёвага вандраваньня, каб падтрымліваць і супакойваць нашыя душы, калі мы ідзем па даліне плачу ў нашым смутку.

Знаходжаньне ў даліне смутку – гэта і ёсьць нашае выпрабаваньне і праверка сілы веры ў нашага Збаўцу і нашага Валадара. Мы Хрыстовыя, мы Ягоныя стварэньні і як сказаў Ісус у Нагорнай пропаведзі: «Вы соль зямлі. Вы сьвятло сьвету». Ён правярае нас, ці ня страціла нашая соль сілу, каб асольваць зямлю нашае веры, зямлю Ягонага Дабравесьця і ці ня страціла сваё сьвятло нашая вера, каб несьці сьвятло Ісуса Хрыста ў гэты сьвет. Яскравы прыклад мужнай і адданай веры перад тварам вялікага выпрабаваньня нам дае Данііл, калі распавядае пра трох юдэйскіх юнакоў, якія абаранілі сваю веру і свайго Бога перад валадаром Бабілонскім: «Навухаданосар сказаў ім: “Ці з намыслам вы, Сэдрах, Місаха і Аўдэнага, багам маім ня служыце і залатому ідалу, якога я паставіў, не пакланяецеся?” І адказвалі Сэдрах, Місах і Аўдэнага і сказалі валадару Навухаданосару: “Няма нам патрэбы адказваць табе на гэта. Бог наш, якому мы служым, мае сілу ўратаваць нас ад распалёнай вогненай пячы, і ад тваёй рукі, валадару, выбавіць. Калі ж і ня будзе таго, дык хай будзе вядома табе, валадару, што мы багам тваім служыць ня будзем і залатому ідалу, якога ты паставіў, не паклонімся”» (Дан 3:14-18). Гэтыя юдэйскія юнакі вытрымалі выпрабаваньні, вытрымалі праверку веры сваёй, так сама і мы, павінныя цьвёрда верыць, што Ісус Хрыстос – не абыякавы глядач нашага смутку, што Ён будзе з намі ў вогненай печы і што Ён дасьць нам збаўленьне, калі мы будзем верныя Яму. Вера кажа нам, хто мы ёсьць, бо мы зьвязаныя з Богам нашай верай. Мы павінныя з радасьцю прымаць выпрабаваньні, бо Госпад хоча бачыць нашую вернасьць, каб наблізіць нас да Сябе, каб зацьвердзіць нас у праведнасьці і сьвятасьці Сваёй, бо Ён адчувае нас як Чалавек. Давід кажа: «Выпрабуй мяне, Божа, і ўведай сэрца маё; выпрабуй мяне, і ўведай намеры мае, і глядзі, ці дарога мая бясьпечная, і накіруй мяне на шлях вечны» (Пс 138:23,24). Выпрабаваньні, якія дае нам Госпад – гэта цудоўная магчымасьць пазнаць сябе, пазнаць узровень і сілу нашае веры. Адзін вялікі дзеяч Рэфармацыі сказаў: «Хвароба – лепшы доктар багаслоўя ў-ва ўсім сьвеце. Выпрабаваньне – лепшае тлумачэньне Пісаньня». Госпад паступае мудра, калі ставіцца да нас строга, бо Ягоная строгасьць – гэта праява неверагоднай дабрыні, бо выпрабаваньні дазваляюць спасьцігаць нам мудрасьць Госпада і ператварацца ў лепшых вучняў Ісуса Хрыста.

Біблеіная гісторыя з Язэпам – гэта яскравы прыклад Божага кіраўніцтва праз выпрабаваньне. Бог бачыў у ім лідэра, Свайго сьвятога, але каб стаць ім, патрэбная вялікая загартоўка і гэтая загартоўка – ёсьць вялікае выпрабаваньне. Язэп быў выбраны Госпадам, бо меў ад Яго дар правідцы, але так сама атрымаў ад Бога і вялікае выпрабаваньне: «І наклікаў голад на зямлю; кожнае хлебнае сьцябло паламаў. Паслаў перад ім чалавека: у рабы быў прададзены Язэп. Скавалі аковамі ногі яму, ў жалеза ўвайшла душа ягоная, пакуль спраўдзілася слова Ягонае: слова Госпадава выпрабавала яго. Паставіў яго гаспадаром над домам сваім і упраўцам над усім валоданьнем сваім, каб ён настаўляў валадароў ягоных паводле сваёй душы і старэйшын ягоных вучыў мудрасьці. Тады прыйшоў Ізраіль у Эгіпет, і перасяліўся Якуб у зямлю Хамаву» (Пс 104:16-23). Мы бачым дзеяньні Божыя. Бог памазаў Язэпа на выратаваньне свайго народа, але, каб выхаваць Свайго сьвятога, каб загартаваць яго ў цьвёрдасьці веры, спатрэбіліся выпрабаваньні, праз якія давялося прайсьці Язэпу. Злачынства, супраць яго, братоў ягоных, няволя Эгіпту, спроба спакушэньня, паклёп, зьнявольненьне ў цямніцу, тлумачэньне сноў чашніка і фараона, прызначэньне на высокую пасаду: «І сказаў фараон слугам сваім: “Ці знойдзем мы такога, як ён, чалавека, у якім быў бы Дух Божы?” І сказаў фараон Язэпу: “Як бо Бог адкрыў табе ўсё гэта, дык няма такога разумнага, як ты”. І сказаў фараон Язэпу: “Вось, я пастаўлю цябе над усёю зямлёю Эгіпецкаю”» (Быц 41:38-41). Мы добра бачым усе крокі шляху выпрабаваньня, мы бачым Божую прысутнасьць у кожным кроку Язэпа, бачым Божае кіраваньне ўсім гэтым працэсам, бо нават валадар Эгіпецкі прызнае прысутнасьць у Язэпу Духа Божага.

Але самое вялікае выпрабаваньне для Язэпа, якое больш за ўсё жадаў бачыць Бог – гэта прабачэньне братоў-злачынцаў, родных братоў, якія здрадзілі яму, але гэтае прабачэньне – вялікае прабачэньне, бо гэта было аграненьне апошняй грані каштоўнага камяня з Божай скарбніцы, якім стаў Язэп. І менавіта гэта прывяло да збаўленьня ад галоднай сьмерці народу Ізраіля: «Але цяпер не маркоцьцеся пра тое, што вы прадалі мяне сюды, бо паслаў мяне Бог перад вамі, каб захаваць вам жыцьцё. Бог паслаў мяне перад вамі, каб пакінуць вас на зямлі і захаваць ваша жыцьцё вялікім збавеньнем» (Быц 45:5-7).

Госпад хоча, каб усе мы, Ягоныя выбраныя дзеці, былі , як Язэп, каштоўнымі камянямі ў Божай скарбонцы і дзеля гэтага Ён аграняе нас тымі выпрабаваньнямі, якія Ён выбірае для кожнага з нас.

Зоркі сьвецяць больш ярка, калі ноч больш цёмная. Якасьць вінаграду выяўляецца пасьля таго, як з яго выцісьнецца сок. Плоду на фруктовым дрэве будзе больш, калі своечасова падрэзаць галіны. Віно больш лепшае, калі мае вытрымку. Золата больш яркае, калі яно прайшло праз агонь. Такія ўмовы і для ўсіх дзяцей Божых. Мы атрымаем больш слаўную перамогу, калі пройдзем больш выпрабаваньняў, бо чым больш выпрабаваньняў, тым большая слава.

Калі мы не вытрымліваем выпрабаваньняў, калі вера пакінула цябе ў адчаі, дык ці сапраўдная вера нашая? Тое, што не вытрымлівае выпрабаваньне агнём, не ад нябёсаў. Калі абяцаньні не супакойваюць цябе ў выпрабаваньнях, калі вера твая ня мае сілы, калі яе словы – пусты гук, уважліва паглядзі, ці не падманваеш ты сябе. Уільям Гарнэл у сваёй кнізе «Зброя хрысьціяніна» разважае пра тых, хто ніколі не адчуваў асалоды абяцаньняў Божых пад час смутку: «Абяцаньні падобныя адзеньню, якое мы носім. Калі ў тваім целе ёсьць цяпло, якое яно можа ўтрымліваць, яно нас грэе, калі ж не, дык ня грэе. Так, калі вера жыве, абяцаньні суцяшаюць нас. Для мёртвага і няверуючага сэрца яны халодныя і безвыніковыя, ад іх ня больш сэнсу, чым ад выліваньня лекаў у горла трупу. Зноў жа, абяцаньні не саграваюць нас, як сагравае агонь. Тады нам дастаткова было б зьвярнуцца да іх, каб сагрэцца, бо іхняе цяпло – гэта хутчэй крэмень, з якога трэба здабыць агеньчык высілкам, а гэтыя высілкі могуць быць народжаныя толькі верай».

Кніга Ёва дае нам выразны прыклад выпрабаваньняў. Цікава будзе даведацца, што сорак адзін разьдел гэтай кнігі расказвае нам пра ягоныя выпрабаваньні і толькі адзін – пра замірэньне з Богам. Кніга Ёва ніяк не зьмяншае нашыя пакуты, нашыя расчараваньні, але яна паказвае тое, што ўсе нашыя пакуты, усе нашыя выпрабаваньні – часовыя. Тое, што мы зараз церпім, мы ня будзем цярпець вечна: «І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьмерці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані крыку, ані болю, бо ранейшае прамінула» (Адкр 21:4). Гісторыя Ёва паказвае нам тое, што Госпад абмежаваў час бедаў Ёва і не дазволіў д’яблу зрабіць пакутаў звыш таго, што Ёў мог перанесьці. Госпад, убачыўшы вернасьць Ёва, – кампенсуе ўсе страты Ёва і дае яму яшчэ ўдвая больш. Сваім жыцьцём Ёў праславіў Госпада, бо захоўваў веру, нават у самыя трагічныя моманты жыцьця, і што ён упэўніўся ў Божай вернасьці, усемагутнасьці, усёведаньні і дабрыні.
Цярплівасьць, з верай у Ісуса Хрыста, – важнейшы сродак для перамогі над любым выпрабаваньнем: «Бо вам патрэбная цярплівасьць, каб, учыніўшы волю Божую, атрымаць абяцаньне» (Геб 10:36). У выпрабаваньнях Госпадавых набываюцца духоўныя сілы.

Кожнага з нас Бог кліча на служэньне. Ён дае нам здольнасьці, дае нам таленты і дае іх дзеля служэньня Яму, бо павінныя служыць стварэньні свайму Творцу. І каб даверыць нам тое ці іншае служэньне, тую, ці іншую духоўную пасаду перад Ім, мы абавязаныя трымаць экзамен на духоўную сталасьць – перамагчы тыя выпрабаваньні, якімі правярае нас Бог. Вялікая пасада перад Госпадам была дадзеная Язэпу, але і выпрабаваньне адпавядала гэтаму, бо ягонае служэньне Госпаду – збаўленьне ад фізічнай згубы цэлага народа, азначанага Богам.

Прыкладам найвялікшага служэньня і, адпаведна, найвялікшага выпрабаваньня, зьяўляецца ахвярнае жыцьцё Ісуса Хрыста, бо мэта Ягонай прысутнасьці сярод нас – ачышчэньне гэтага сьвету ад грэху, збаўленьне яго ад сьмерці. Каб пачаць Сваё служэньне, Ісус быў хрышчаны Янам Прадвесьнікам, калі сыйшоў на Яго Дух Сьвяты: «Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся з Ярдану і быў паведзены Духам у пустыню. Там сорак дзён Ён быў спакушаны д’яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захацеў есьці. І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты — Сын Божы, скажы гэтаму камяню, каб ён стаўся хлебам». І адказаў яму Ісус, кажучы: “Напісана, што ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам Божым”. І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе валадарствы сусьвету ў імгненьне часу. І сказаў Яму д’ябал: “Дам Табе ўладу над усім гэтым і славу іхнюю, бо яна мне аддадзена, і я, каму хачу, даю яе. Дык калі Ты паклонішся мне, усё будзе Тваё». І, адказваючы, сказаў яму Ісус: “Адыйдзі ад Мяне, шатан!” Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы”». І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на вільчаку сьвятыні, і сказаў Яму: “Калі Ты — Сын Божы, кінься адгэтуль уніз”, бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе ўсьцерагчы Цябе”, і: “На руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”. І, адказваючы, сказаў яму Ісус: “Сказана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”. І, скончыўшы ўсё спакушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго да пары. І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй ваколіцы» (Лук 4:1-3,13,14). З гэтага мы бачым, што Ісус Хрыстос таксама правяраўся Айцом, каб зацьвердзіць Сваё вялікае служэньне. Так і чалавек, калі ён мае Духа Святога, з’яднаны з Богам і калі ён, у-ва ўсім, спадзяецца на Яго, ён пераможа любое выпрабаваньне: «А тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле. Падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца» (Іс 40:31).

Праз выпрабаваньні мы пазнаем Таго, Хто выпрабоўвае нас, бо, калі мы верым Яму, калі мы просім Яго, – мы кранаемся Яго: «І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крывацечу, падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю шаты Ягонай, бо яна казала ў сабе: “Калі толькі дакрануся да шаты Ягонай, буду выратаваная”. Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: “Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе”. І жанчына ў тую ж гадзіну паздаравела» (Мац 9:20-22).
Калі мы знаходзімся ў складаным становішчы, мы спадзяемся не на чалавека, але на Госпада, бо Ён кажа, што мы маем сілу ад Яго і, калі мы вытрымліваем усе цяжкасьці і выпрабаваньні, калі мы ня здраджваем Яму, – атрымаем вышэйшае дабраславеньне Госпада і будзем адпавядаць Божым стандартам: «Ты нас выпрабаваў Божа, ператапіў нас, як топяць срэбра. Ты ўвёў нас у сетку, аковы паклаў нам на сьцёгны нашыя, пасадзіў чалавека на галаву нам. Мы ўвайшлі ў агонь і ў ваду, і Ты вывеў нас на волю» (Пс 65 10-12).

У выпрабаваньнях веры мы вучымся цярпець і перамагаць. Менавіта набожная цярплівасьць, а не чалавечыя здольнасьці, загартоўвае нас, вырабляе з нас каштоўныя камяні Хрыста і каб валодаць верай, якая перамагае сумнёвы і жахі, мы павінныя глядзець на Ісуса, як на нашую Надзею ў любым становішчы: «Шчасьлівы чалавек, які вытрымлівае спакусу, бо, стаўшыся выпрабаваным, ён атрымае вянок жыцьця, які абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго» (Як 1:12). Бог з’яўляецца нашым вялікім Памочнікам, і калі нашая вера ў Яго непахісная, мы можам быць упэўненыя ў тым, што Ён прывядзе нас да перамогі.

Госпад наш працуе, каб выканаць Сваю волю ў нашым жыцьці, бо нічога выпадковага ў нашых праблемах няма. Гэта ня вынік нейкіх абставін, бо яшчэ да таго, як мы нарадзіліся, яшчэ да таго, як быў створаны сусьвет, Бог ведаў нашыя шляхі і тыя выпрабаваньні, якія Ён нам падгатаваў. Госпад ведае ўсе нашыя цяжкасьці і праблемы, бо гэта ёсьць часткай Ягонага вялікага сусьветнага плану. Кожны раз, калі нас спасьцігаюць выпрабаваньні, мы маем магчымасьць убачыць, як Бог працуе ў нашым жыцьці, маем магчымасьць даверыцца Яму і ўбачыць Ягоную вялікую прысутнасьць у нашым жыцьці. Калі мы з Хрыстом, мы здольныя быць пераможцамі ў любых выпрабаваньнях, таму што сам Пераможца, Ісус Хрыстос, валадарыць над намі, над нашымі абставінамі. Ніхто і нішто ня можа быць мацней за Яго і перамагчы Яго.
 
Вялікі і Ўсемагутны Божа! Дай нам веру, якая перамагае ўсе нашыя сумненьні і жахі, нашыя цяжкасьці і перашкоды. Дай нам, Госпадзе наш, наша Надзея і наш Пастыр, дай нам у любым становішчы разуменьне таго, што ніхто і няік ня зможа зьбіць нас са шляху Твайго, са шляху праўды. Госпадзе, Ты займаеш у нашым жыцьці галоўнае месца і ўсё нашае жыцьцё знаходзіцца ў Тваёй уладзе. Дапамажы нам хадзіць у веры, рабіць гэта ў воле Тваёй, у Твой час, згодна Твайму плану. Госпадзе, мы аддаем у Твае рукі ўвесь час нашага жыцьця, хай будзем мы адданыя Цябе і хай будуць усе выпрабаваньні, якія Ты даеш нам, тым агнём, у якім золата становіцца больш яркім і ў якім вера нашая ў збаўляльную ахвяру Ісуса Хрыста загартоўваецца, нягледзячы на ўсе перашкоды сьвету. Ты, Госпадзе, сьвятло нашага жыцьця, Ты - наш шлях да Цябе і праз Цябе, бо Ты – Бог наш – адзіны, вечны і жывы. Праслаўляем і вывышаем Цябе, Госпад наш, на вякі. Амэн.


Рецензии