Про деньги

ПРА ГРОШЫ


«І сказаў Амасія чалавеку Божаму: што ж рабіць
са ста талантамі, якія я аддаў войску Ізраільскаму?
І сказаў чалавек Божы: “Госпад можа даць табе
больш за гэта”» (2 Лет 25:9).


Гэтыя словы мелі вялікі сэнс для Юдэйскага валадара, але такі ж, а можа і большы, сэнс яны павінныя азначаць і нам, хрысьціянам, якія вядуць барацьбу са спакусамі гэтага сьвету. Калі мы губляем грошы, дык мы ня вельмі радуемся і нашая істота не жадае гэтае ахвяры. Нашае цела кажа: «Навошта губляць гэта? Ці ж праўда каштуе гэтага? А як жа жыць, калі грошай паменьшыцца? Як забясьпечыць сямью, калі мы і так няшмат зарабляем? І наогул, ці патрэбна гэта Госпаду, бо Ён і так валадарыць над усім і ўсё што нашае – Яго? Бо нам самім патрэбны хлеб штодзённы».
 
Распаўсюджаная сучасная думка гаворыць пра тое, што посьпех чалавека параўноўваецца да багацьця, але праўда ў тым, што мы ня можам стаць пасьпяховымі, калі ня будзем такімі, якімі хоча нас бачыць Бог і выконваць тое, што Ён хоча ад нас, выконваць тое, што Ён запланаваў для нас яшчэ да пачатку ўсяго.
Колькі б мы не чыталі Пісаньне, мы ня знойдзем там нічога пра тое, каб вы меліся імкнуцца стаць матэр’яльна багатымі і што зьбіраньне багацьцяў зьяўляецца мэтай, якую Бог мог паставіць перад чалавекам. Але ці значыць гэта, што багаты чалавек ня мае дабраславеньня Госпада? Ніяк. Гэта азначае, што багацьце ня ёсьць мера, па якой мы павінны разглядаць посьпех чалавека, але тое, як Бог разглядае шлях да набыцьця гэтага багацьця. Багацьце ніколі ня ўражвае Бога, але Яго ўражвае нашая паслухмянасьць, нашая вера і нашая ўпэўненасьць у Ягонай прысутнасьці ў нас.
У якасьці прыкладу прывядзем некалькі жыцьцёвых сітуацый.

Першая. Чалавек займаецца бізьнэсам і аддае гэтай справе амаль што ўвесь свой жыцьцёвы час. Яму патрэбны гэты час, бо ён шмат працуе ў сваім офісе, сустракаецца з партнёрамі, аддае ўвесь свой вольны час розным мерапрыемствам, якія могуць тым, ці іншым чынам, садзейнічаць ягонаму ўзбагачэньню. Ён вельмі мала бачыць жонку і дзяцей, бо ягоны час – гэта ягоныя грошы і ён пасьвячае свой час памнажэньню грошай, дзеля асабістага багацьця. Ён ходзіць у царкву на Раство ды Пасху і толькі таму, што банкі і партнэры не працуюць, а бізьнесовая актыўнасьць у гэтыя дні замірае. Ці будзе ён багатым? Напэўна так. Але ці атрымае ён дабраславеньне Божае? Напэўна не, бо ён паставіў Бога звонку свайго жыцьця. 
Другая сітуацыя. Чалавек, а часьцей за ўсё гэта жанчына, якая мае ўсе падставы для службовага посьпеху, пасьвячае сваё жыцьцё праведнаму выхаваньню трох сваіх дзяцей, каб яны выхаваліся такімі, якімі хоча бачыць іх Бог. Яна не дасягнула багацьця ў сьвеце, але яна дасягнула вечнага дабраславеньня Божага і таму яна бязьмежна багаты чалавек.

Грошы – неад’емная частка нашага жыцьця. Мы павінныя старанна працаваць, каб забясьпечваць свае сем’і і аплочваць усе нашыя патрэбы. Але, што кажа пра гэта Біблія? У большасьці сваёй Біблія разглядае грошы, як сродак абмену. Грошы, паводле Бібліі, трэба выкарыстоўваць дзеля добрых і праведных мэтаў. Грошы – гэта тое дабро, якое даў нам Бог і якім мы павінны добра валодаць, бо грошы – гэта выпрабаваньне нашае, якім Бог назірае за нашай верай і адданасьцю.
Біблія заклікае нас да таго, каб мы добра працавалі і каб былі шчодрымі ды праведнымі ў адносінах да грошай. Апостал Павал кажа:
 «Вы гэтак і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Просім жа вас, браты, багацейце ў гэтым болей і намагайцеся жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы загадалі вам» (1 Тэс 4:10-12). Бог не жадае , каб мы былі ў патрэбе, але каб мы больш стараліся і каб гэтае стараньне адбывалася ў Божай прысутнасьці. «А калі хто пра сваіх, і асабліва, пра хатніх ня дбае, той адрокся ад веры і горш за бязьвернага» (1 Цім 5:8). Бог хоча, каб мы добра працавалі, забясьпечвалі свае сем’і і плацілі па тых рахунках, па якіх павінныя плаціць. Калі Бог нам нешта даручае – Ён дасьць магчымасьць зарабіць грошы, каб выканаць гэтыя даручэньні.

Госпад – крыніца ўсіх дабротаў і ўсякае багацьце зыходзіць ад Бога. Усё што мы маем – гэта пазыка ад Бога і таму вельмі важна, як мы выкарыстоўваем тое , што даў нам Бог. Наш Настаўнік кажа, што імкненьне да багацьця не павіннае быць прыярытэтам жыцьця: «Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?» (Мац 16:26).
Ці казаў Ісус, што быць багатым – гэта грэх? Ніяк. Ён вучыў, што імкненьне да грошаў, не павіннае падменьваць сабой пошук Божага Валадарства і яго праведнасьці. Ісуса не цікавіла колькі грошай ў чалавека, але Яго цікавілі адносіны чалавека да грошай. Ісус вучыў, што памятаваць пра сваё багацьце і забываць пра шчодрасьць і скнарнічаць – вялікая памылка, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад лішку ў ягонай маёмасьці: «І сказаў ім прыповесьць, кажучы: “У аднаго багатага чалавека быў добры ўраджай у полі, і ён разважаў у сабе, кажучы: “Што мне зрабіць, бо ня маю, куды злажыць плады мае?” І сказаў: “Вось што зраблю: раскідаю сьвірны мае, і пабудую большыя, і зьбяру туды ўсю пшаніцу маю і ўсё дабро маё, і скажу душы маёй: “Душа! Шмат дабра ляжыць у цябе на шмат год; супакойся, еш, пі, весяліся”. А Бог сказаў яму: “Неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты прыдбаў?” Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее» (Лук 12:16-21). Гэты чалавек быў названы неразумным не таму, што ён быў багаты, а таму, што ён не дакладна адносіўся да грошай і памнажаючы сваё багацьце ня быў шчодрым у адносінах да Божых справаў. Ісус кажа нам: «Давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, націсьненую, стрэсеную і з верхам дадуць вам на ўлоньне вашае; бо якою мераю мераеце, такою і вам будзе адмерана» (Лук 6:38).

«Госпад можа даць табе больш за гэта». Наш Айцец Нябесны трымае ў Сваіх руках скарбонку для ахвяраваньняў, і калі мы што-небудзь аддаем дзеля Яго, Ён вяртае нам у тысячу разоў болей.

У вучэньні пра шчодрае вяртаньне тым, хто шчодра аддае, Ісус спасылаецца на прарока Малахію, які кажа: «Ці можна чалавеку абкрадваць Бога? А вы абкрадваеце Мяне. Скажаце: “Чым абкрадваем мы Цябе?” Дзесяцінаю і прынашэньнямі. Праклёнамі вы праклятыя, бо вы – увесь народ – абкрадваеце Мяне. Прынясеце Мне дзесяціны ў дом сховішча, каб у доме Маім была ежа, і хоць бы ў гэтым выпрабуйце Мяне, кажа Госпад Саваоф. Ці не адчыню Я вам адтулін нябесных і ці ня вылью на вас дабраславеньня да краю? Я ў вас забараню пажыральнікам зьнішчаць вашыя плады зямныя, і вінаградная лаза на полі не пазбудзецца пладоў сваіх, кажа Госпад Саваоф. І шчаснымі назывуць вас усе народы, бо вы будзеце зямлёю прыдатнаю, кажа Госпад Саваоф» (Мал 3:8-12). Мы павінныя выконваць Ягоную волю, і мы можам знаходзіцца у поўнай ўпэўненасьці, на конт таго, што Ён будзе клапаціцца пра нашыя патрэбы. Як аукнецца, так і адгукнецца – так кажа народная мудрасьць. Адзін вядомы прадпрымальнік, які разумеў праўду Божага Слова адносна паняцьця «даваць – атрымліваць» аднойчы сказаў: «Адзіныя з маіх грашовых укладаньняў, якія прыносілі дывідэнты, былі тыя, якія я паклаў на Божую справу». Бог шчыра кажа нам, што калі мы хочам Ягонага дабраславеньня, мы павінныя аддаваць шчодра, бяз сквапнасьці, бо калі мы аддаем па кропле, дык па кропле і атрымліваем. Бог кажа, што калі мы верныя ў сваіх ахвяраваньнях Божай працы, дык атрымаем дабраславеньне ў ідэях, магчымасьцях, мудрасьці, радасьці і, наогул, у праведным посьпехе, але тыя, хто ня хочуць аддаваць Богу, аднойчы выявяць, што злачынцы крадуць іхні ўраджай.
Некаторыя людзі, якія чуюць пропаведзь пра тое, што трэба ахвяраваць дзесяціну думаюць: «Я буду ахвяраваць, калі зараблю больш грошай». На жаль гэта не спрацуе. Калі чалавек ахвяруе з малога, ён зможа ахвяраваць і з больш вялікага заробку. Джон Ракфелер аднойчы сказаў: «Я б ніколі ня змог даць дзесяціну з майго першага мільёну, калі б не навучыўся адлічваць дзесяціну з майго першага плацёжнага квітка ў 1,5 даляра за тыдзень». Ён быў адным з самых шчодрых філантропаў, якіх, калі- небудзь, бачыла Амэрыка і ён жа стаў адным з самых багатых людзей, якія, калі-небудзь, жылі ў Амэрыцы.

Вялікі грэх – хцівасьць. Хцівы чалавек ніколі не бывае задаволеным фінансавым багацьцем, бо грашовага дабраславеньня ён жадае для сябе больш, чым Таго, Хто яму ўсё гэта дае. Хцівасьць не зьвязанае з багацьцем, бо бедныя людзі могуць быць такімі ж хцівымі, як і багатыя. Чалавек можа быць вельмі бедным, але вельмі хцівым і эгаістычным, які думае толькі пра грошы і які, па сутнасьці, нічым не адрозьніваецца ад багатага, які думае пра ўсё большыя прыбыткі. Грошы могуць быць дабром, якім Бог, па міласьці Сваёй, узнагароджвае нас, але яны не павінныя быць мэтай нашага жыцьця ці самым вялікім жаданьнем нашых сэрцаў.
Існуе шмат папарэджваньняў у Слове Божым, якія зьвязаныя з выкарыстоўваньнем грошай і адносінам да іх.

Па-першае, мы павінныя абараняць свой розум ад заклапочанасьці. Так. Ад заклапочанасьці, якая турзае наш розум пры атрыманьні і расходваньні грошай. «Пры гэтым сказаў ім: “Глядзіце і захоўвайце сябе ад хцівасьці, бо жыцьцё чалавека ня ў мностве маёмасьці яго» (Лук 12:15). Гэта словы Ісуса Хрыста, дзе ён нас папярэджвае пра тое, што мы не павінныя ставіць нашую фінансавую заклапочанасьць на першае месца, на месца, якое па праву павінен займаць у нашым жыцьці Ён – наш Збаўца і наш Настаўнік. Па другое, мы павінныя берагчы нашыя сэрцы ад любові да грошай.

Вось словы апостала Паўла: «Бо корань усякага зла ёсьць срэбралюбства, жадаючы якога, некаторыя адступіліся ад веры і самі сябе аддалі на многія мукі. А ты, чалавек Божы, уцякай ад гэтага, але імкніся да праведнасьці, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, пакоры» (1 Цім 6:10-11). Павел лічыў, што Цімафей павінен імкнуцца да праведнасьці, да веры, любові і цярплівасьці замест імкненьня да багацьця. Гэтая мудрасьць апостала накірована і да ўсіх нас.
 
Па-трэцяе, мы павінныя абмяжоўваць свае расходы і сачыць за тым, як і на што мы расходуем нашыя грошы, бо іх можна аддаваць на добрыя справы, але і на фінансаваньне пажаданьняў чалавека. Бог хоча, каб мы, па праўдзе Божай, разьмяркоўвалі тыя сродкі, якія Ён дае нам па міласьці Сваёй. Але, колькі грошай можа даверыць нам Бог? Ён дазваляе нам фінансава квітнець роўна ў той ступені, у якой Ён упэўнены ў нас, у нашай здольнасьці разумнага размяркаваньня нашых сродкаў дзеля Ягоных праведных мэтаў.

У чацьвёртых, мы павінныя заўсёды дзякаваць Госпада Бога за Ягоныя матэр’яльныя і фінансавыя дабраславеньні. «І калі будзеш есьці і наядацца, тады дабраслаўляй Госпада, Бога твайго, за добрую зямлю, якую Ён даў табе. Пільнуйся, каб не забыў ты Госпада, Бога твайго, не шануючы запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія сёньня наказваю табе. Калі будзеш есьці і наядацца, і пабудуеш добрыя дамы і будзеш жыць, і калі будзе ў цябе буйнога быдла багата, і будзе многа срэбра і золата, і ўсяго ў цябе будзе многа, - дык глядзі, каб не напышылася сэрца тваё і не забыў ты Госпада, Бога твайго, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дома рабства. Які правёў цябе па пустыні вялікай і страшнай, дзе гады, васіліскі, скарпіёны і мясьціны сухія, на якіх няма вады. Які скрынічаў табе вады са скалы гранітнай, карміў цябе ў пустыні маннаю, якой ня ведалі бацькі твае, каб упакорыць цябе і выпрабаваць цябе, каб пазьней зрабіць табе дабро, і каб ты не сказаў ўусэрцы тваім: “Мая сіла і моц рукі маёй прыдбалі мне багацьце гэтае”, але каб памятаў Госпада, Бога твайго, бо Ён дае табе сілу набываць багацьце, каб выканаць, як сёньня запавет Свой, які Ён прысягаю зацьвердзіў бацькам тваім» (2 Зак 8:10-18).

Гэтым Словам Божым Майсей казаў народу Ізраіля, каму яны павінныя складаць падзяку ў той час, калі дасягнуць яны дабрабыту і багацьця. Гэтыя словы накірованыя таксама і да ўсіх нас, бо менавіта Бог дае нам сілу набываць багацьце, бо менавіта Ён дае нам творчыя ідэі, магчымасьці і здольнасьці дзеля плённай працы і заробку грошай. Хай будзем мы вывышаць і дзякаваць за гэта Госпада.

І ў пятых, мы павінныя прытрымлівацца Божых прыярытэтаў. Мы павінныя ўважліва сачыць за тым, каб нашая праца і зарабляньне грошай ня сталіся для нас больш важнымі, чым узаемаадносіны з Богам і вывучэньня Слова Божага. У прыповесьці пра сейбіта, Ісус кажа сваім вучням: «А тыя, што ў цернях пасеяныя, чуюць слова, але клопаты веку гэтага і ашуканства багацьця ды іншыя пажаданьні, уваходзячы, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным» (Марка 4:18-19). Гэтымі словамі Ісус папярэджвае ўсіх нас, каб Слова Божае, пасеянае ў нашых сэрцах, было вышэй за ўсе клопаты гэтага сьвету і давала плод у трыццаць, шэсьцьдзесят ці нават у сто разоў. Чым больш мы набываем і чым больш мы атрымліваем, тым больш нам патрэбна адпавядаць Слову Божаму і імкнуцца да мудрасьці і кіраўніцтву ў тым, як выкарыстоўваць грошы, якія дае нам Бог.
 
Госпадзе, дай нам сілу Духа Сьвятога, каб мы трымаліся Слова Божага незалежна ад таго, колькі грошай мы маем, каб мы чулі Госпада, як правільна карыстацца нашай маёмасьцю і разьмяркоўваць нашыя заробкі, якія Ты даеш на нашым жыцьцёвым шляху. Хай будзем мы пакорлівыя і шчодрыя, калі ахвяруем на Божыя справы і хай разумеем мы, што не абкрадаем Госпада і што адчыніць Ён адтуліны нябесныя і выльле на нас дабраславеньне да краю. Дай нам, Госпадзе, праведных дарадцаў па размяркаваньню нашых грошай і найперш разуменьне Слова Твайго і хай, Госпадзе, Твая прысутнасьць будзе крыніцай усіх нашых сродкаў і хай, Госпадзе, прамаўляем мы кожны дзень: «Дзякуй Табе Божа, бо Ты ёсьць Той, Хто даў мне ўсё гэта». Амэн.


Рецензии