Капялюш i шалiк
У сярэдзіне лета ўпершыню Міцькін сад стаяў ахутаны духмяным водарам белага наліву. Касматыя яблынькі, нарэшце, пасталелі і вырашылі парадаваць свайго гаспадара смачнымі наліўнымі яблычкамі.
Галіны дрэў ламіліся пад цяжарам сакавітых пладоў. Усё было б добра, каб гэтае карыснае смакоцце не прыйшліся да спадобы і мясцовым птушкам. Амаль што кожны дзень Міця з жонкай Аленай знаходзілі сапсаваныя яблыкі: сарокі, крумкачы, гракі ды шпакі штодзень наведвалі Міцькін сад, каб падмацавацца вітамінамі.
— З гэтым нешта патрэбна рабіць! — у чарговы раз выявіўшы псаванне пладоў, рашуча вымавіў Міця Моцін. — Трэба разгледзець розныя прыстасаванні для адпужвання шкоднікаў.
— А што калі нам паставіць пудзіла? — прапанавала Міціна жонка Алена.
— Выдатная ідэя! — пагадзіўся гаспадар.
Малады заатэхнік даволі хутка зрабіў каркас прыстасавання. Потым узялася за справу яго жонка. Амаль што цэлы дзень Аленка правяла за стварэннем пудзіла, якое атрымалася вельмі пацешным і сімпатычным. Жанчына сцягнула з гарышча мех са старым адзеннем і пачала адбіраць рэчы для будучага ўбору.
— Упэўнена, што наш памочнік будзе самым модным пудзілкам у вёсцы Коцікі! — выцягваючы з меху старыя штаны з пінжаком ды капялюш з шалікам, усміхалася гаспадыня.
Праз дзень у садзе з’явіўся новы цікавы суб’ект. Гаспадары назвалі садовага вартаўніка Альбертам. Здалёк пудзіла, на самой справе, можна было прынять за звычайнага чалавека, які стаіць сярод сада і размахвае рукамі.
— Не дазволім ні аднаму крумкачу гаспадарыць у нашым садзе! — укараняючы ў зямлю драўлянага вартаўніка, рэзюмаваў заатэхнік.
***
На наступны дзень каля Альберта ўжо сядзела чорна-белая прыгажуня — сарока Злата. Прыбраная сарока з бліскучымі завушніцамі даволі ўпэўнена села на бліжэйшую да пудзіла яблыню і пачала дзяўбці вялікі, духмяны яблык.
— Няўжо ты мяне не баішся? — засмуціўшыся, спытаўся Альберт у нахабнай птушкі. — Ты павінна была прыняць мяне за жывога чалавека, спалохацца і паляцець ад жаху назад!
— Птушыны бог! Чаго цябе баяцца?! А то мы не ведаем, што ты самае сапраўднае пудзіла, якое і кроку зрабіць не можа. Як завуць цябе, саломены герой?
— Альбертам зваць. Хіба я зусім не страшны? — збянтэжана прамармытала пудзіла.
— Канешне не страшны! Стаіш тут як той арлекін! Хто ж так апранаецца ў ліпені?! Трыццаць градусаў спёкі ў ценю, а ты напяліў на сябе капялюш і шалік! Навошта табе ўлетку шалік? Хіба сапраўдны чалавек так у летнюю пару апранецца? Дурань ты з саломы!
— Дык вось чаму ты не баішся мяне. Па маім адзенні ты зразумела, што я пудзіла… І што зараз рабіць? Мне вельмі спадабалася стаяць тут у прыгожым адзенні, дзе так хораша пахне яблыкамі. А калі вы зараз будзеце па-ранейшаму іх цягаць, то ад майго існавання тады ніякай карысці не будзе і гаспадар мяне ў найлепшым выпадку закіне на гарышча.
— Добра, мне цябе шкада, — з уздыхам адказала дыпламатычная Злата. — Я птушка аўтарытэтная, скажу сяброўкам, каб харчаваліся ў іншым садзе. А ты, Альберт, за гэта мне падорыш свой шалік, як толькі пахаладзее. Ён мне, на самой справе, дужа спадабаўся.
— Можаш нават капялюшык узяць! — радасна згадзілася пудзілка. — Галоўнае, каб птушкі не клявалі яблыкі.
З таго часу садавіна ў Міцькіным садзе заставалася цэлай і прыгожай. А ў кастрычніку з саломенага модніка знік шалік. Гаспадары не маглі не выказаць падзяку Альберту, дзякуючы якому ў Міцькінай сядзібе быў вельмі добры ўраджай белага наліву. Па гэтай прычыне ў Альберта на шыі з’явіўся прыгожы гальштук.
Свидетельство о публикации №225122101623