Про избрание

ПРА ВЫБРАНЬНЕ


«А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас,
улюбёныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку,
праз асьвячэньне Духа і веру праўдзе, выбраў вас
на збаўленьне, да якога і паклікаў вас праз
Эвангельле нашае на атрыманьне славы Госпада
нашага Ісуса Хрыста» (2 Тэс 2:13-14).

Гэта словы Сьвятога Пісаньня і ўсё, што адкрывае нам Бог, адкрывае з пэўнай мэтаю, бо ўсё ў Пісаньні Божае і карыснае для дасягненьня духоўных мэтаў. Бог дае нам вучэньне пра ласку Сваю, калі праўда пра бязьмежную любоў Бога ўваходзіць у сэрцы як сьвятых, так і грэшнікаў. Мы чытаем у гэтых вершах пра тое, што Бог выбраў нас на ратаваньне. Прагучала слова «выбраньне» і можна зразумець, што зьявіліся і пытаньні як ад веруючых, так і няверуючых: «Чаму і як Бог выбірае. Хто выбраны, а хто не?»

Давайце ж разам паразважаем, з дапамогай Духа Сьвятога, пра вучэньне Госпада пра выбраньне, грунтуючыся на Сьвятое Пісаньне, якое ёсьць вышэйшы аўтарытэт і якому павінен падпарадкоўвацца кожны хрысьціянін.

Каб наблізіцца да Божай праўды, нагадаем старажытнае веравызнаньне вальдэнсаў – пасьлядоўнікаў П’ера Вальдо - 1170 года: «Бог збаўляе ад разбэшчанасьці і праклёну тых, каго Ён выбраў паперш стварэньня сьвету не па дабразычлівасьці, веры ці сьвятасьці, якія Ён прадбачыў у іх, але па адной толькі міласьці ў Ісусе Хрысьце Яго Сыне, мінуючы астатніх людзей, у адпаведнасьці з недасягальнай прычынай, якая хаваецца ў Ягонай свабоднай воле і справядлівасьці». І гэта, па сутнасьці, ёсьць кальвінізм, але, каб зьняць усе пытаньні пра тое, што гэтыя радкі напісаныя людзьмі і не заўсёды могуць быць праўдай, зьвярнемся да бездакорнаму аўтарытэту – Сьвятому Пісаньню. Мы можам пабачыць, што выбранымі называюцца людзі, а гэта значыць, што выбраньне існуе і калі Ісус Хрыстос, як і апосталы, называюць веруючых выбранымі, дык мы павінны верыць, бо гэта Слова Божае. Ісус Хрыстос кажа: «І калі б Госпад не скараціў гэтых дзён, не выратавалася б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў гэтыя дні. І тады калі хто вам скажа: “Вось тут Хрыстос”, ці: “Вось, там”, — ня верце. Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць рабіць знакі і цуды, каб зьвесьці, калі магчыма, і выбраных. Вы ж глядзіце: вось, Я вам усё наперад сказаў. Але ў тыя дні, пасьля прыгнёту таго, зацьмее сонца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі нябесныя падаць будуць, і сілы, што ў небе, захістаюцца. І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках з вялікай моцаю і славаю. І тады Ён пашле анёлаў Сваіх, і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба» (Марка 13:20; 22; 27). І яшчэ кажа Госпад: «А Бог ці ж не абароніць выбраных Сваіх, якія клічуць да Яго дзень і ноч, і доўга цярпець будзе іх?» (Лук 18:7). Апосталы Хрыста называюць сьвятых выбранымі. Павал кажа: «Дык апраніцеся, як выбраныя Божыя, сьвятыя і ўлюбёныя, у міласэрнасьць, ласкавасьць, пакору, ціхасьць, доўгацярплівасьць» (Кал 3:12). Апостал кажа таксама пры зьвяртаньні да Ціта: «Павал, слуга Божы, апостал жа Ісуса Хрыста, паводле веры выбраных Божых і пазнаньня праўды паводле пабожнасьці» (Ціту 1:1). Таксама і апостал Пётр кажа: «А вы — выбраны род, валадарнае сьвятарства, народ сьвяты, людзі, атрыманыя як удзел, каб абвяшчаць цноты Таго, Які паклікаў вас з цемры ў дзіўнае сьвятло Сваё» (1Пят 2:9).

Нарэшце зьвярнемся да словаў Хрыста, якія непасрэдна вучаць нас пра выбраньне: «Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш заставаўся; каб тое, што папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам. Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Калі сьвет вас ненавідзіць, зразумейце, што Мяне раней за вас зьненавідзіў. Калі б вы былі са сьвету, сьвет любіў бы сваё, а як вы не са сьвету, але Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет» (Ян 15:16-19).

Ісус Хрыстос зьвяртаецца да Айца ў малітве за выбраных Сваіх: «Я зьявіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са сьвету. Яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны ўзялі і сапраўды зразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў. Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўславіўся. І Я ўжо не ў сьвеце, але яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Ойча сьвяты! Захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб яны былі адно, як і Мы» (Ян 17:6-11).

Мы можам зьвярнуцца да пасланьня Рымлянам, прачытаўшы восьмы ды дзявяты разьдзел і мы спадзяемся, што кожны з нас зробіць гэта самастойна, але працытуем толькі з разьдзела адзінадцатага: «Дык што? Што шукае Ізраіль, таго не атрымаў; выбраныя атрымалі, а іншыя былі скамянеўшы» (Рым 11:7).

І нарэшце, каб скончыць гэты пералік сьведчаньняў пра выбраньне, якія мы знаходзім у Пісаньні, бо такіх сьведчаньняў за шмат болей, чым мы даводзім зараз, мы зьвярнемся да апостала Паўла, які кажа: «Бо паглядзіце, браты, на пакліканьне вашае, што ня шмат сярод вас мудрых паводле цела, ня шмат магутных, ня шмат высакародных, але Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых, і слабое сьвету выбраў Бог, каб асароміць магутных, і бязроднае сьвету, і пагарджанае, і тое, што ёсьць нічым, выбраў Бог, каб зьнішчыць тое, што нечым ёсьць, каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім» (1 Кар 1:26-29).

Пісаньне вучыць пра выбраньне – гэта факт, і калі хто ня можа скарыцца і прыняць гэтую праўду, дык гэта вялікая праблема чалавека, але мы ўсё ж павіны імкнуцца данесьці вучэньне пра выбраньне адных і невыбраньне іншых не шукаючы доказаў справядлівасьці Валадара, бо ня можа сказаць выраб майстру: «Навошта ты зрабіў мяне менавіта такім?» Гаршэчнік мае ўладу над глінаю, каб зрабіць з яе посуд ня толькі для высокага выкарыстаньня, але і для нізкага.

Зразумела і тое, што нехта будзе казаць, пра жорсткасьць з боку Бога, каб выбіраць адных і кідаць іншых, але ў такім выпадку ёсьць тэст-пытаньне: «Ці хочаце вы быць сьвятымі, нарадзіцца звыш, адкінуць грэх і хадзіць у беззаганасьці?» Калі ёсьць адказ «так», дык гэта значыць, што Бог выбраў вас, а калі «не», дык навошта вы кажаце пра жорсткасьць Бога, калі самі ня хочаце гэтага выбраньня.

Бог шчодра дае ўсім, хто жадае Ягоных дароў і Ён дае ім гэтае жаданьне, бо самі людзі ня здольныя жадаць гэтага. Калі вы любіце іх, дык Бог выбраў вас для іх і вы можаце іх атрымаць, але калі вы ня хочаце дабраславеньняў, дык ня трэба абвінавачваць Госпада, бо вашая асабістая воля утрымлівае вас ад дабраславеньняў і вашае асабістае «Я» вымушае вас ненавідзець іх. Бог выбірае нас да сьвятасьці, калі мы любім сьвятасьць і калі мы хочам быць збаўленымі праз Ісуса Хрыста, дык гэта значыць, што Ісус Хрыстос выбраў нас для збаўленьня.

Мы павінны адзначыць безумоўнасьць выбраньня, таму што яно не залежыць ад таго, што мы з сябе ўяўляем. Крытыкі могуць казаць, што Бог выбірае людзей таму, што яны добрыя і робяць шмат добрых справаў, але толькі добрымі справамі нельга апраўдацца, а значыць і збавіцца. Нехта прапаноўвае версію, што Бог прадбачыць веру чалавека і таму выбірае яго, але гэта ня так, бо вера – гэта дар ад Бога. Выбраньне ніяк не залежыць ад тых дабрачыннасьцяў, якімі сьвятыя будуць валодаць у будучым, а што тычыцца сёняшніх дабрачыннасьцяў, дык самая найлепшая з іх не пазбаўленая цялеснага і таму заганага.

Нашая адзіная надзея грунтуецца на Божай ласцы, якая даецца нам у Ісусе Хрысьце і на пытаньне, чаму Ён збавіў менавіта нас, можна сказаць толькі адно – Ён так пажадаў, бо няма ў нас нічога такога, каб мы заслугоўвалі Божай ласкі.
Бог ад пачатку выбраў нас да вечнага жыцьця і гэта значыць, што выбраньне вечнае, але мы павінны адказаць на пытаньне: «Калі гэта – ад пачатку?» Можа гэта тады, калі Адам упершыню ступіў на зямлю? Але гэта не пачатак усяго, бо Бог, пэўны час, гатаваў зямлю і ўсё што ў ёй дзеля будучага чалавека. Але і гэта не пачатак, бо каб стварыць зямлю, як планету, трэба было стварыць сусьвет, каб даць кожнай зорке Свой план існаваньня і руханьня і каб усе зоркі складалі агульны план збалансаванага існаваньня. Але і гэта яшчэ не пачатак. Пачатак усяго там, дзе быў толькі Бог, апрануты ў Сваю вечнасьць і вось тады: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога спрадвеку.  Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не было з таго, што сталася» (Ян 1:1-3). На пачатку народ Божы быў адно са Словам, бо Бог выбраў людзей да жыцьця вечнага і таму нашае выбраньне вечнае.

Вучэньне пра выбраньне вельмі і вельмі важнае, бо дае магчымасьць рухацца і бачыць горняга веруючаму чалавеку, але можа даць шмат разуменьня і няверуючаму, калі Бог дабраславіць гэтага грэшніка. Вучэньне пра выбраньне дапамагае пазбавіцца ад надзеі на нашае цела, дае нам магчымасьць упакорыцца перад Богам, робіць нас мужнымі, бо мы ведаем, што калі мы выбраныя Богам, дык знаходзімся пад Ягонай абаронай. Выбраньне робіць нас сьвятымі, бо нічога болей за ўзьдзеяньне Сьвятога Духа, ня можа зрабіць хрысьціяніна больш сьвятым.

І нарэшце мы павінны зьвярнуцца да няверуючых з заклікам абадзёрыцца і зьвярнуцца да Госпада, каб выпрабаваць Яго. Заклікай да Яго, грэшнік і калі ты вымавіш перад Ім словы пакаяньня, дык атрымаеш тое, што просіш, бо Бог не адмовіў яшчэ ні воднаму чалавеку. Даверцеся Ісусу Хрысту ў-ва ўсім, Яму і толькі Яму.

«Ведаючы, умілаваныя Богам браты, выбраньне вашае. Бо нашае Эвангельле не было ў вас у слове толькі, але і ў сіле, і ў Сьвятым Духу, і ў шматлікіх пацьверджаньнях, як вы самі ведаеце, якімі былі мы дзеля вас між вамі. І вы сталіся пераймальнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў вялікім прыгнёце з радасьцю Духа Сьвятога» (1 Тэс 1:4-6).

У чым жа заключаецца вучэньне пра выбраньне? Апостал Павал сьцьвярджае, што існуе такая зьява, як выбраньне. Чалавек па сутнасьці свабодны, але ён не мае свабоднай волі. Марцін Лютар казаў, што свабодная воля – гэта імя, за якім нічога не стаіць. Бог мае абсалютную ўладу і Ягоная воля абсалютна добрая і наадварот чалавек, што робіць учынкі ў адпаведнасьці з хітрыкамі свайго сэрца, але і над ім валадарыць мудрая і ўсемагутная сіла Божая.

Бог усё наканаваў, але чалавек нясе адказнасьць за свае ўчынкі, бо ён робіць іх не па прымусу звыш і калі чалавек грашыць і ўпарта не павінуецца Богу, дык гэта ягоная асабістая адказнасьць перад Богам. Бог выбірае людзей па Сваёй воле і Ён выбірае тых, каго хоча выбраць. Ён вышэйшы Судьдзя і мае на гэта права, бо мы ўсе перад Ім злачынцы і таму ў воле Бога пакараць нас ці памілаваць.

Па якім бы крытэрыям ці прычынам Бог не выбіраў бы людзей, нам зразумела толькі тое, што прычына выбраньня ня ёсьць нешта добрае ў чалавеку. Чалавек выбраны таму, што так захацеў Бог і больш нічога. Выбраньне зьдзяйсьняецца па воле Божай, незалежна ад чалавека, але яно зьдзяйсьняецца адзін раз і назаўсёды. Іншымі словамі, рашэньне Госпада ня мае адваротнага ходу, бо Ён не перамяняе Сваіх рашэньняў, бо сказана: «Дары і пакліканьне Божае вечныя». Выбраньне зьдзяйсьняецца для кожнага чалавека ў асобнасьці, бо Бог кліча дзяцей Сваіх паасобку, называючы кожнага з іх асабістымі імёнамі.

Мы павінны зьвярнуць сур’ёзную ўвагу на тую аснову, на якой грунтуецца вучэньне пра выбраньне. Уявім сабе шлях, які вядзе да Валадарства нябеснага і на гэтым шляху ёсьць кантрольны пункт, які выдае пасьведчаньне на дасягненьне канчатковага пункту нашага вандраваньня – дому нашага Айца, які стварыў нас і чакае нашага вяртаньня. Няцяжка зразумець, што кантрольны пункт – гэта наш збаўца Ісус Хрыстос, а шлях да Яго падказваецца Айцом, бо Ён хоча, каб мы ішлі па гэтаму шляху і гэта ёсьць пачатак выбраньня, бо калі мы адгукнемся на заклік Айца і пойдзем да Ісуса Хрыста, дык будзем мець жыцьцё вечнае і таму мы ёсьць выбраныя Богам.

Вучэньне пра выбраньне падобнае смачнай страве, якое падаюць на сьвята ў выпадку вяртаньня блуднага сына да дому свайго Айца. Але мы павінны ўсьвядоміць тое, што мы ня можам зразумець гэтага вучэньня, калі не пакаемся і не паверым у збаўляльную сьмерць Ісуса Хрыста. Гэта ёсьць першая ўмова, бо нельга пазнаць вышэйшую матэматыку, калі мы ня бачылі нават табліцы памнажэньня. Мы павінны, на пачатак, зьвярнуцца да Хрыста і толькі потым да Айца, бо Ён кажа: «Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне». Вера ў Ісуса Хрыста і ёсьць тая аснова на якой грунтуецца шлях да Айца, і які ёсьць разуменьне нашага выбраньня Богам.
Зьвярнем нашую ўвагу на прыкметы выбраньня. Некаторыя людзі сьцьвярджаюць пра сваю выбранасьць нягледзячы на тое, што жывуць у грэху і маюць у ім асалоду і ўсё гэта як быццам таму, што ім жывецца даволі добра. Але мы бачым інакш.

Па-першае, Слова Божае прыходзіць да нас з сілай: «Бо нашае Эвангельле не было ў вас у слове толькі, але і ў сіле, і ў Сьвятым Духу, і ў шматлікіх пацьверджаньнях, як вы самі ведаеце, якімі былі мы дзеля вас між вамі» (1Фес 1:5). І справа не ў красамоўнасьці прапаведніка, але ў сіле Сьвятога Духа, якая перамяняе волю чалавека і прыводзіць яго да Хрыста.

Па-другое, выбраныя Бога жадаюць быць падобнымі на Яго. Сьвяты Дух настройвае нашыя сэрцы быць падобнымі на Хрыста і калі мы крочым за Ісусам Хрыстом, дык тыя, хто ведае Яго, могуць з поўнай упэўненасьцю сказаць, што мы выбраныя Богам.
Па-трэцяе, прыкметай выбраньня зяўляецца духоўная радасьць у духоўнам служэньні. Дзеці з радасьцю ўзьбіраюцца на калені да бацькі, так і чалавек, які прыходзіць у дом Божы і для якога вера – радасьць жыцьця, таму што Бог – ягоны Айцец і калі чалавек адчувае гэта, дык ён выбраны Богам.

Вось словы вялікага прапаведніка XIX веку Чарльза Сьперджана: «Нехта сказаў мне: “Я жадаў бы ведаць, выбраны я ці не. Я не магу сказаць, што Слова калі-небудзь прыходзіла мне ў сіле, я не магу сказаць, што прымаў яго са сьведчаньнямі, я не магу сказаць, што крочу за Хрыстом, што я прымаю Слова з радасьцю”. Ну што ж брат, у такім выпадку, пакінь пытаньне пра выбраньне. Лепш я задам табе пытаньні: “Ці верыш ты ў Госпада Ісуса Хыста? Ці даверыш ты зараз Ісусу Хрысту, каб Ён збавіў тваю душу?” Ён збавіць вас, калі вы, такія, як ёсьць, прыйдзеце да Яго і аддадзіце сябе ў Ягоныя рукі, каб Ён збавіў вас, каб Ён валодаў вамі заўсёды, калі вам дрэнна і добра, калі вы жывыя і калі паміраеце. У той момант, калі вы паверыце, вы будзеце збаўленыя. Праз веру каштоўная Кроў Хрыста можа змыць кожны ваш грэх. Вы ня проста пачнеце шлях да збаўленьня, вы будзеце збаўленыя. У вас ня проста зьявіцца магчымасьць атрымаць збаўленьне, вы атрымаеце яго, вы паверыце ў поўнае і безпаваротнае збаўленьне. “О, як я жадаў бы паверыць у Хрыста!” – шмат хто кажа так. Усякі, хто прагне няхай прыходзіць, няхай даверыць Хрысту. Хай дапаможа вам Бог зрабіць гэта зараз. Паверце ў Ісуса, і вы збаўленыя. Гэтае абяцаньне данае кожнаму з вас без выключэньня, бо веруючы ў Сына Божага мае жыцьцё вечнае. Хай дапаможа вам Госпад даверыцца Ісусу Хрысту, і тады вы зможаце працягнуць свой шлях, радуючыся і ведаючы выбраньне вашае, улюбёныя Богам браты».

Апостал Павал казаў, што Ісус Хрыстос быў пагарджаны юдэямі і паганамі, але гэта не было перашкодай, бо тое, што для іншых было глупствам, ён лічыў за мудрасьць, і радаваўся, што глупства Божае было мудрэйшае за людзкое і што слабасьць Божая была больш магутная, чым сіла чалавечая. У сваім першым пасланьні да Карынцянаў Павал кажа пра іхняе пакліканьне і выбраньне: «Паглядзіце браты, - кажа ён, - хто вы закліканыя. Няшмат сярод вас мудрых, няшмат моцных, няшмат высакародных». Зьвярнем увагу на тое, што Бог паклікаў бедных, неадукаваных і някчэмных, каб ніякае цела ня здолела хваліцца перад Ім. Бог кінуў выклік чалавечай велічы, бо Ён прынізіў чалавечую гордасьць і зьнішчыў славу чалавека.

Па-першае разважым пра тое, хто зрабіў выбар. Чаму адныя збаўленыя і набываюць жыцьцё вечнае, а другія працягваюць ісьці па шляху грэху, пакуль ня трапяць у пекла? Калі мы ўважліва паглядзім на словы Паўла, дык убачым, што ён у вершах (1 Кар. 1:27-28) тройчы кажа: «выбраў Бог» і таму мы можам сказаць, што ласка Божая, слава і вечнае жыцьцё, што даецца накаторым з нас, ёсьць дары Божага выбраньня і не дасягаюцца волей чалавека.

Воля Божая аддзяляла адных людзей ад другіх. Мы бачым у Старым Запавеце, што, ў часы патрыярхаў, амаль што ўсе людзі былі паганамі, але некалькі чалавек былі выбраныя Богам і таму яны пакланяліся Яму. Бог вырашыў стварыць асобны народ, каб ён меў адкрыцьцё ад Бога і захоўваў праўду. Ён выбраў Абрагама. Падкрэсьлім, што не Абрагам выбраў сабе Бога, а Бог выбраў Абрагама. Але ці былі ў Абрагама нейкія асабістыя выдатныя здольнасьці? Пісаньне кажа, што нічога такога ў Абрагама не было і што ягоныя родзічы, як і іншыя сем’і, пакланяліся ідалам, але менавіта Абрагам быў выбраны па воле Божай, каб стаць бацькам веруючых.

Бог зьявіў Сваю міласьць Давіду, бо не Давід сам здабыў сабе пасад і зрабіў сябе пасланцом Бога для ізраільцянаў. Госпад сказаў Самуілу: «Напоўні рог твой алеем і ідзі. Я пашлю цябе да Ясэя Віфляемляніна, бо сярод сыноў ягоных Я нагледзеў Сабе валадара» (1 Вал 16:1). Але каго, бо з кропкі погляду звычайнага чалавека на валадарскую пасаду значна больш падыходзілі браты Давіда, але ніяк ня ён. Нават Самуіл, які ўбачыў Эліява сказаў: «Правільна, гэты перад Госпадам памазанец Ягоны» (1 Вал 16:6), але Бог глядзіць ня так, як чалавек, і Ён выбірае Давіда, каб быць яму валадаром Ізраіля.

Бог чыніць так, як Яму заўгодна, бо Ён Валадар для чалавека і Ён мае абсалютную ўладу, а таму можа чыніць так, як Яму хочацца. І той факт, што Ён зьяўляецца Валадаром, а людзі злачынцамі перад Ім, кажа пра тое, што нашае збаўленьне цалкам залежыць ад волі Божай. Трэба адзначыць, але і даверыць таму, што адбываецца па воле Божай, бо Ён любіць чалавека нашмат больш, чым чалавек любіць сам сябе. Бог ёсьць справядлівасьць, Бог ёсьць любоў у-ва ўсёй сваёй неабмяжаванай сіле.
Выбар чалавека да збаўленьня прыналежыць Госпаду і гэта шматкроць пацьверджвае Пісаньне. Няхай паглядзіць кожны на сябе і запытае: «Калі б Ён ня выбраў мяне ці мог бы я выбраць Яго сам?» Адказ, здаецца, будзе дастаткова падобны ў кожнага з нас: «Я свавольна жыў у грэху, я часта сыходзіў са шляху праўды, а зараз я збаўлены ласкай Божай. Як я магу абвяшчаць збаўленьне асабістым выбарам?» Госпад глядзіць нам у вочы і кажа: «Ня вы Мяне выбралі, яле Я выбраў вас».

Госпад выбірае людзей, якія шануюць Крыж Хрыста і менавіта яны будуць збаўленыя гэтай сьвятой Крывёю, бо Бог робіць іх дастойнымі ахвяры Ісуса Хрыста. Але паглядзім, які дзіўны выбар робіць Ён. «Ня шмат з вас мудрых, ня шмат моцных, ня шмат высакародных» - кажа апостал Павал. Наогул, выбар Бога і выбар чалавека – рэчы вельмі розныя, бо калі б выбіраў чалавек, дык ён бы выбраў мудрых, моцных і высокародных, але Бог выбірае інакш: «Але Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых, і слабое сьвету выбраў Бог, каб асароміць магутных, і бязроднае сьвету, і пагарджанае, і тое, што ёсьць нічым, выбраў Бог, каб зьнішчыць тое, што нечым ёсьць» (1 Кар 1:27-28).

Не, чалавек выбірае інакш, бо ён выбірае тых, хто больш для яго карысны, але Бог выбірае тых, для каго больш карысны менавіта Ён. Калі чалавек выбірае сяброў, дык такіх, каб сяброўства з імі было б яму карысным, але Бог выбірае сяброў такіх, якім Ён можа паслужыць. Сапраўды, Бог і чалавек робяць выбар зусім інакш, бо мы выбіраем лепшых таму, што яны гэта заслугоўваюць, але Ён выбірае хужэйшых, таму што яны меньш за ўсё гэта заслугоўваюць, каб іхняе выбраньне было яскравым дзеяньнем ласкі Божай, а не вынікам чалавечых заслугаў. Чалавек выбірае прыгожае і прывабнае, але Бог не выбірае бачную прыгажосьць, але пакідае Свой выбар на тых, каго людзі лічаць непрыгожымі і робіць іх сапраўды прыгожымі. Дзіўны выбар, але менавіта так чыніць Бог.

Зараз мы зьвярнемся да выбраных. Хто яны? Апостал Павал кажа: «Ня шмат вас мудрых паводле цела». Апостал ня кажа «мудрых», бо Госпад усіх Сваіх робіць мудрымі, але Ён кажа пра «мудрых паводле цела». Дарэчы грэкі называюць такіх людзей, - мудрых паводле цела, - філосафамі і вось гэтыя людзі, якія любяць мудрасьць, навукі, вялікія вучоныя, людзі выдатных ведаў, могуць з пагардай глядзець на звычайных, простых і неадукаваных людзей, але няшмат з гэтых, мудрых паводле цела, выбраныя Богам. Дзіўна? Так, але калі б апосталы Хрыста былі б філосафамі ці сьвятарамі, дык людзі б сказалі, што нічога дзіўнага, што Эвангельле мае такую моц. Але замест гэтага Госпад знаходзіць на беразе мора бедных рыбакоў і кліча іх. Рыбакі становяцца апосталамі, яны распаўсюджваюць Эвангельле і слава застаецца не апосталам, а Эвангельлю. Вось такі выбар Бога.

Павал кажа: «Ня шмат моцных». І сапраўды, заўсёды існавала пэўная колькасьць моцных уладных людзей, але ці былі выбраныя яны? Не, - кажа Павал: «Ня шмат моцных» і мы разумеем чаму, бо калі б былі выбраныя моцныя гэтага сьвету, дык многія сказалі б: «Зразумела, чаму хрысьціянства атрымала  такое распаўсюджваньне, бо зброя – вялікі аргумэнт усьведамленьня чалавека ў гэтым сьвеце». І гэтаму ёсьць прыклад у гісторыі, калі на вастрыі мяча амаль імгненна распаўсюдзілася мусульманства. Але Госпад ня выбраў моцных і ўладных, каб посьпех заваёвы Госпадавай не залежыў ад моцных людзей.

«Ня шмат высакародных» – кажа Павал і ён мае рацыю, бо калі б першыя хрысьціяне былі высакароднымі, дык яны зрабілі б Эвангельле прэстыжным. Але мы бачым, што падобных людзей ў ліку першых хрысьціянаў амаль што не было і гэта пацьверджавае той факт, што сярод надпісаў у рымскіх катакомбах, якія былі зроблены першымі хрысьціянамі, наўрад ці знойдзецца хоць адна без граматычных памылак. Гэтыя надпісы былі зроблены неадукаванымі людзьмі, якія, ў той час, былі абаронцамі веры і сапраўднымі захавальнікамі ласкі Божай.

Дык каго ж выбраў Бог? Апостал Павал кажа, што Бог выбраў «нямудрае», што Ён выбраў людзей, якіх сьвет лічыць неадукаванымі і якіх можна заставіць верыць у-ва што хочаш. Бог выбраў «нямоцнае сьвету», бо хто быў у вачах сьвету Ісус? Проста валацуга, які быў укрыжаваны. І хто яго прапаведвае? Бедныя рыбакі, некалькі нікчэмных жанчын, ды Павал – філосаф, якога ў атэнскім арэапаге назвалі марнасловам. Так бычыў іх сьвет, але Бог выбраў менавіта іх – «нямоцнае сьвету». Бог выбраў «бязроднае сьвету», бо менавіта такімі былі апосталы Хрыста. Яны былі бязродныя ў гэтым сьвеце, але Бог выбраў менавіта іх. І ў сувязі з гэтым заўважым, што нічога не зьмянілася з часоў апостала Паўла, бо і ў наш час Бог па-ранейшаму выбірае нямоцнае і бязроднае і тым самым паказвае, што тыя, над кім сьмяюцца і каго называюць не зусім нармальнымі, зьяўляюцца Ягонымі выбранцамі. І мы павінны стаяць побач з народам Божым, каб быць саўдзельнікамі ў адчуваньні ласкі Божай.

Але чаму Бог выбраў гэтых людзей? Апостал Павал кажа, што існуе некалькі прычынаў. Першая з іх зьмяшчаецца ў словах: «Але Бог выбраў дурноту сьвету, каб пасароміць мудрых, і слабое сьвету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае; і бязроднае сьвету і пагарджанае і нічога ня значнае выбраў Бог, каб зьнясіліць значнае».
«Пасароміць мудрых». Калі мудры пасароміць мудрага ці неразумнага,- гэта адно, але калі неразумны пасароміць мудрага – вось дзе дзеяньне Божае. Калі тагачасныя філосафы і мудрацы слухалі першых вучняў Хрыста, дык называлі іхнія размовы байкамі і герэтычнымі размовамі. Яны казалі, што хрысьціянства – гэта глупства і нічога цікавага ў ім няма. Але дзе тая «непахісная мудрасьць» філосафаў, а дзе «хрысьціянскае глупства»?. Хрысьціянская вера, пасьля некалькі стагоддзяў пасьля сьмерці Ісуса Хрыста, распаўсюдзілася вельмі моцна і наадварот паганства, у абарону якога выступалі філосафы, прыйшло ў заняпад. Неразумнае пасароміла мудрае.

«Слабое сьвету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае». Рымскія імператары казалі, што яны здольныя зьнішчыць хрысьціянства і, разам з ім, усіх тых, хто яго прапаведвае.Розныя вышэйшыя асобы перасьледавалі хрысьціян і чым больш яны іх забівалі, тым больш іх налічвалася. Уся зброя легіянераў, якая сілай стварыла вялікую і моцную імперыю, не змагла адолець «слабое» хрысьціянства. Божая «слабасьць» перамагла і пасароміла «моцнае» гэтага сьвету.

«Нічога ня значнае выбраў Бог, каб зьнясіліць значнае». Адзначым, што зьнясіліць – дзеяньне значна большае, чым пасароміць. Алімп багоў, на чале з Юпітэрам, – вось тагачаснае «значнае», але зьяўляецца Павал і кажа, што няма іншага бога, акрамя адзінага Бога і Ісуса Хрыста, пасланага Ім. На погляд паганаў, ён кажа герэтычнае і таму «ня значнае». Але дзе зараз Юпітар, Сатурн, Венера і іншыя насельнікі Алімпу? У тоўстых слоўніках і падручніках па гісторыі старажытняй Грэцыі. Нічога ня значнае зьнясіліла значнае.

Але другая і асноўная прычына зьмяшчаецца ў словах Паўла: «Каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім» (1 Кар 1:29). Але заўважым тое, што Апостал ня кажа: «каб ніводны чалавек», але «ніводнае цела» і гэта вельмі важна для разуменьня, бо «цела» – гэта ўсе мы. Старажытныя філосафы – мудрыя людзі, але Бог кажа, гледзячы на іх, –«цела». Вось стаіць цэзаар Рымскай імперыі ці сучасны прэзідэнт сучаснай краіны – «цела», кажа Бог. Вось стаяць людзі, якія вітаюць ці не вітаюць моцных гэтага сьвету і таксама тыя, што пакланяюцца Госпаду – усё роўна «цела». «Цела» – кажа Бог, «цела», і нічога болей. Ежа сабак, дзікіх зьвяроў ды чарвей. Мы бачым, што Бог ставіць пячатку з надпісам «цела» на кожнага з нас, каб ніхто не хваліўся перад Богам, але бачыў славу і ўсемагутнасьць свайго Творцы. Бог выбірае, нямудрае і беднае цела, каб усякае іншае цела здолела ўбачыць гэта, як Ягоную волю і каб ніякае цела не хвалілася перад Ім.

«Як напісана: “Якуба Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў”» (Рым 9:13). Давайце зьвярнемся да выразнай гісторыі выбраньня Божага, якая дадзена нам у Старым запавеце. Гэтая гісторыя выбраньня Якуба і праўда ягонага выбраньня ў тым, што Бог палюбіў Якуба, але зьненавідзеў Ісава. Бог дабраславіў Якуба, але не Ісава, бо міласьць Божая была заўсёды з Якубам, а Ісаў ня меў яе. Бог дазволіў Ісаву знаходзіцца ў ягоных грахах, каб здзейсьнілася праўда: «а Ісава зьненавідзеў».
Зьвярнем увагу на тое, што выбраньне Якуба, як і выбраньне многіх з нас – гэта факт. І многім людзям гэта не падабаецца, бо, кажуць яны, з боку Бога гэта несправядліва – выбіраць аднаго і не выбіраць другога, але факт застаецца фактам: Госпад ставіцца да аднаго чалавека лепш, а да другога горш. Але што ў гэтым неверагоднага? З гэтымі фактамі мы сутыкаемся амаль што кожны дзень. Адзін чалавек працуе ў двух-трох месцах, вельмі мала адпачывае, але зарабляе столькі, каб толькі-толькі пракарміць сваю сям’ю. Другі ж мае магчымасьць зарабляць столькі, што ягоная сям’я ня ведае нястачы ні ў чым. Чаму так? Чаму адзін нараджаецца ў сям’і багатага, а другі ў сям’і беднага чалавека? Чым гэта можна патлумачыць? Божым наканаваньнем. Вось чалавек, які ня здольны зразумець простую праўду, а вось іншы, які можа лёгка напісаць кнігу і адказаць на вельмі складаныя пытаньні. У чым прычына? Бог так зрабіў і гэта факт, што Ён неаднолькава ставіцца да людзей. Адным Бог даў бацькоў адукаваных і богабаязных, якія выхоўваюць сваіх дзяцей па Божых законах і ў страху Божым. Другія ж людзі апынуліся ў абставінах, дзе схільнасьці да грэху разьвіваюцца ў поўнай меры. І нават калі людзі чуюць адно і тое ж Эвангельле, дык факт застаецца фактам, што ў адным сэрцы Бог дзейнічае асобным чынам, а ў другім – не. Гэта таксама факт і няма ніякага сэнсу гэтаму супрацівіцца. Здаецца, што да месца будзе нагадаць гісторыю пра караля Карла II і мудрацах. Кароль даволі дзіўна паставіў перад імі пытаньне: «Чаму, калі пакласьці ў вядро з вадой рыбу, вага вядра ня зьменіцца?» Што яны толькі не напрыдумалі, каб патлумачыць гэты фенамен, пакуль адзін з іх не запытаў: «А якія факты: “Ці сапраўды вага вядра з рыбай ня зьменіцца?» І раптам усе усьвядомілі, што вага павялічылася роўна на столькі, колькі важыла рыба. Так што ўсе іхнія папярэднія разважаньні выявіліся, як глупства. Дык вось, калі мы вядзем размову пра выбраньне, дык можам і нават павінны запытацца: «А якія факты?» Калі мы паглядзім вакол сябе і ўважліва паназіраем, дык мы ўбачым, што выбраньне – гэта факт. І вось факт, які застаецца фактам: Бог палюбіў Якуба і зьненавідзеў Ісава.
Зараз жа паразважаем пра тое, чаму так здарылася. «Бог палюбіў Якуба», але чаму? Прычына выбраньня Якуба зусім ня ў тым, што ў ім было нешта добрае для Бога, але напісана: «Бо калі яны яшчэ не былі нарадзіўшыся і не зрабілі нічога добрага ці ліхога, каб вызначэньне Божае заставалася паводле выбраньня, не праз учынкі, але праз Таго, Хто кліча, сказана было ёй: “Большы будзе служыць меншаму”» (Рым 9:11-12). І таму мы можам сказаць, што выбраньне Якуба – гэта свабодная ласка Бога, бо ў Якубе не было нічога такога, каб заслужыць любоў Госпада. Наадварот, Якуб быў напоўнены грэхам і не было б нічога дзіўнага, калі б Бог зьненавідзеў Якуба яшчэ болей за Ісава. Але бязьмежна міласьцівы Бог выбірае Якуба і прычынай гэтаму – ласка Божая.

Прыглядзімся да характару Якуба. Будучы грэшнікам, ён усё ў сваім жыцьці імкнуўся выкарыстаць на выгоду сабе. Ён за талерку сачыўкі набыў сабе першародства ў старэйшага брата, выкарыстаўшы слабасьць Ісава: «Але Якуб сказаў: “Прадай мне цяпер жа сваё першародства”. Ісаў сказаў: “Вось, я паміраю, што мне з гэтага першародства?” Якуб сказаў: “Прысягні мне цяпер жа”. Ён прысягнуў яму, і прадаў першародства сваё Якубу. І даў Якуб яму хлеба і стравы з саўчыкі. І ён еў і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагардзіў сваім першародствам» (Быц 25:31-34). Якуб падманам атрымаў дабраславеньне ад бацькі свайго Ісаака выкарыстаўшы прытупленьне зроку вачэй ягоных: «Якуб сказаў бацьку свайму: “Я Ісаў, першынец твой, я зрабіў, як ты сказаў мне; устань, сядзь і паеж дзічыны маёй, каб дабраславіла мяне душа твая”» (Быц 27:19). Мы можам паглядзець на жыцьцё Якуба у Лавана – чалавека гэтага сьвету. Вось два чалавекі – сквапныя і лоўкія срэбралюбцы, якія ўвесь час імкнуліся падмануць адзін аднога. Якуб прыдумаў вельмі хітры спосаб, каб атрымаць свой заробак замест таго, каб даверыць гэтую сітуацыю справядлівасьці Божай. Можна пералічваць і далей, і кожны раз, калі мы глядзім на жыцьцё Якуба, дык нам прыходзіцца чырванець за яго. Але потым прыходзіць пераломны момант у ягоным жыцьці і ён атрымлівае дабраславеньне Божае і новае імя – Ізраіль: «І сказаў: “Ад сёньня імя тваё будзе ня Якуб, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш”» (Быц 32:28). Вельмі грэшны чалавек быў Якуб і адзіна магчымая прычына, па якой Бог усё ж такі палюбіў яго – гэта ласка Самога Бога, бо Ён каго хоча, мілуе.

Але адзначым і другое пытаньне: «Чаму Бог узьненавідзеў Ісава?» і гэтае пытаньне можна прыкласьці да кожнага з нас. Адказ можа быць толькі адзін – чалавек заслугоўвае гэта і іншага адказу няма. Калі Бог учыняе жорсткасьць у адносінах да каго-небудзь, дык толькі таму, што чалавек заслугоўвае гэта. Бог – судьдзя ў адносінах да злачынцы, але чалавек сам дайшоў да таго, каб быць асуджаным. Справядлівасьць асуджае чалавека, але міласьць і ласка Божая збаўляюць.
Але ці заслужыў Ісаў ненавісьць Бога? Адказ – так, заслужыў. Ісаў адмовіўся ад першародства, бо сам прадаў яго за талерку саўчыкі. Ісаў атрымаў сваё першародства пры нараджэньні па воле Бога, але прадаў яго па сваёй воле. Ісаў дабраахвотна адмовіўся ад першародства і гэта навука для усіх нас, бо калі чалавек адмаўляецца ад нябёсаў і вечнага жыцьця, дык толькі таму, што ён ніяк ня цэніць гэтага. Ніхто не збаўляецца па сваёй воле, але толькі па сваёй воле чалавек можа загінуць. Вернемся ж да Ісава. Калі ён даведаўся, што не атрымае дабраславеньне ад бацькі, дык праявіў свае пачуцьці: «І зьненавідзеў Ісаў Якуба за дабраславеньне, якім дабраславіў яго бацька ягоны. І сказаў Ісаў у сэрцы сваім: “Набліжаюцца дні плачу па бацьку маім. І я заб’ю Якуба, брата майго”» (Быц 27:41). Бог узьненавідзеў Ісава таму, што Ісаў заслужыў гэта. Пісаньне прымушае нас зрабіць гэтую выснову.

Бог дае збаўленьне па ласцы Сваёй і пагібель з-за грэху. Бог мае ўсю славу за збаўленьне кожнае душы і Бог не вінаваты ў пагібелі хоць аднаго чалавека.
Калі мы кажам пра выбраньне дык павінны разгледзець вельмі важнае месца ў Пісаньні: «А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя анёлы з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй. І будуць сабраныя перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, якія праваруч Яго: “Ідзіце, дабраслаўлёныя Айцом Маім, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад заснаваньня сьвету”; Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным”» (Мац 25:31-34; 41). Ісус Хрыстос называе праведных, што праваруч Яго, дабраславёнымі Айца, якія павінны прыняць у спадчыну Валадарства Божае і дадае, што яно прыгатаванае ім ад стварэньня сьвету. Вось яны – выбраныя Богам. Але далей Ён кажа тым, хто стаіць леваруч Яго, каб яны ішлі ад яго ў агонь вечны, прыгатаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бог ня кажа, што агонь угатаваны ім, але д’яблу. І з гэтага вынікае, што ўся слава прыналежыць Богу, а ўся віна кладзецца на чалавека.

«Вось у Госпада, Бога твайго, неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй; але бацькоў тваіх прыняў Госпад і палюбіў іх, і выбраў вас, насеньне іхняе пасьля іх, з усіх народаў, як сёньня бачыш. Дык вось, абрэжце крайнюю плоць сэрца вашага і ня будзьце болей цьвёрдахрыбетныя”» (2 Зак 10:14-16).

Чатаючы гэтыя вершы зьвярнем увагу на два моманты. Па-першае, калі мы чытаем вершы 14-15, дык мы бачым сутнасьць Божага выбраньня, а ў вершы 16 знаходзіцца практычны вынік выбраньня.

Калі мы кажам пра выбраньне, дык павінны зьвярнуць увагу на тое, што Бог выбраў для Сябе народ з дзяцей Абрагама, якія ўпалі і адступіліся ад Бога. І гэта ёсьць вялікі цуд, бо ўсё неба і нават нябёсы нябёсаў прыналежаць Госпаду. Сапраўды, чаму Бог Сваім народам ня выбраў анёлаў, якія атачаюць Ягоны пасад? Чаму Ён ня выбраў Гаўрыіла, каб менавіта ад яго мог бы паходзіць магутны і выбраны народ анёлаў? Что ёсьць у чалавеку, які ёсьць меньшы за анёлаў, што Бог выбраў менавіта яго? Здаецца, што анёлы лепш падыходзяць да Бога, чым чалавек з яго слабым і хворым целам, але Госпад праходзіць міма анёлаў і сыходзіць да чалавека, калі кажа яму: «Ты будзеш Мне сынам». Бог прайшоў міма большага і выбраў меньшае, каб зьявіць Сваю вышэйшую ўладу і славу. Што б Бог не рабіў, мы павінны быць упэўненымі, што Ён робіць праведна незалежна ад таго, разумеем мы гэта ці не.
Бог прайшоў міма валадароў і выбраў жабракоў. Мудрых Ён пакінуў, але неразумным даў Сваю любоў. Мытнікі і блудніцы атрымалі міласьць ад Яго, але гордым фарысэям дазволіў загінуць у сваім выхваленьні. Выбар Бога вельмі дзіўны ў вачах ненавернутых людзей. Бог мае неабмежаваныя творчыя магчымасьці. Калі зграшыў Адам, Бог мог бы бяз усякай напругі прыпыніць існаваньне паўшага сьвету, бо як Ён стварыў неба і зямлю з нічога, дык таксама мог бы адным словам скончыць існаваньне сьвету. Але Бог ня робіць так і больш таго, Ён выбірае паўшы і сапсаваны род, узносіць яго да сьвятасьці вельмі каштоўнай ахвярай – сьмерцю Свайго Сына праз дзеяньне Свайго Духа.

Давайце паглядзім і ўпэўнімся, што ў выбраных Богам людзях не было першапачатковай дабрыні. Што добрага было ў Абрагаме, якога выбраў Бог? Бог уклаў у Абрагама добрыню і мы павінны засвоіць тое, што калі б Бог выбіраў нас, грунтуючыся на нешта добрае ў нас, дык мы ўсе засталіся б нявыбранымі.Ці добрае ў нас сэрца, ці ня мы ўхіліліся ад сапраўднага шляху, ці ня мы ўсе, па сваёй прыродзе, сапсаваныя? І калі Бог выбірае нас, дык зусім не таму, што ў нас ёсьць нешта добрае. Нехта скажа, што Бог прадбачыць нашую дабрыню і таму Ён дасьць нам збаўленьне. Не, гэта ня так. Бог дае людзям веру, пакаяньне і збаўленьне, як Свае дары, але, па-перш, Ён дае людзям ласку Сваю па Свайму наканваньню.

Так ці інакш узьнікае пытаньне пра справядлівасьць выбраньня, але мы павінны добра ведаць, што выбраньня не заслугоўвае ніхто і калі хто-небудзь будзе сьцьвярджаць, што менавіта ён заслугоўвае выбраньня, дык ён атрымае пекла, як свой выбар. Бог нічога не павінен ні аднаму чалавеку і ўсе людзі атрымаюць у апошні дзень тое, што яны на самой справе заслугоўваюць. Бог нікому не зрабіў зла і нікога не пакрыўдзіў. Калі ты праведны і можаш нешта патрабаваць ад Свайго Стваральніка, дык стань і скажы пра свае дабрачыннасьці і Ён будзе адказваць табе. Калі ты праведны, дык абараняй перад Ім сваю праведнасьць. І калі ты станеш перад Ім, дык пабачыш, што твая праведнасьць ёсьць няпраўда і самыя лепшыя твае дзеяньні, як заплямленае брудам адзеньне.

Справядлівасьць выбраньня ў тым, што Бог не адмаўляе ў міласьці і любові нікому, калі да Яго зьвяртаюцца. Бог дае нам Эвангельле па міласьці Сваёй. Дае задарма і дае кожнаму, бо сказана: «Кожны, хто прагне, няхай прыходзіць». Бог кліча да Сябе і калі мы адцураемся ад грэху і даверымся Ісусу Хрысту, дык мы выбраныя, але той, хто будзе ўпарта адвяргаць Эангельле, па ранейшаму жыць у грэху і не жадае прасіць Госпада пра збаўленьне, дык той нехта адштурхоўвае ад сябе Бога і не прыймае Яго. Той, хто ня хоча зьвяртацца да Ісуса Хрыста, кажа няпраўду, бо ён ня можа гэтага зрабіць і ня можа таму, што вельмі моцна трымаецца за свае грахі і вельмі любіць свае беззаконьні. Няздольнасьць прыйсьці да Госпада – гэта іхняе злачынства і іхняя віна. І калі памрэ любоў да грэху і да самога сябе – шлях да Госпада адкрыты.

Але хто вінаваты ў тым, што люді ня хочуць быць збаўленымі? Ніхто, акрамя нас саміх. Калі мы адвяргаем жыцьцё вечнае, калі не зьвяртаемся да Хрыста і не давяраем Яму, дык павінны ведаць тое, што самі асуджаем сябе на пагубу. Ці быў у гэтым сьвеце такі чалавек, які шчыра жадаў збаўленьня, але Бог ня збавіў яго? Не, не і яшчэ раз не, бо той, хто шчыра жадае збаўленьня, ужо навучаны Богам і як толькі чалавек выявіць у сабе жаданьне прыйсьці да Хрыста, дык адразу атрымае здольнасьць гэта зрабіць. І вось выснова – пагуба чалавека ёсьць асабістая віна чалавека.

Нехта лічыць несправядлівым тое, што адны збаўленыя, а другія згубленыя. Але тут узьнікаюць пытаньні. Хто зрабіў згубленых згубленымі. Ці гэта Бог прымушае іх грашыць? Ці можа Сьвяты Дух заклікае кагосьці да беззаконьня? Ці можа Слова Божае ўпэўніла іх да самаправеднасьці? Не і яшчэ раз не, бо Бог ніколі і ні на кога ня ўзьдзейнічаў так, каб яны грашылі. Уся сіла Слова Божага накірована Богам на тое, каб адвярнуць чалавека ад грэху і навярнуць яго да праведнасьці. Бог справядлівы. Калі мы адвяргаем Збаўцу, калі ня хочам даверыцца Яму, дык мы згубленыя і Бог справядліва асуджае нас, але калі Ён выбірае некаторых з нас узьдзеяньнем Сьвятога Духа, дык Ён яўляе нам Сваю справядлівасьць, калі дае міласьць, якую ніхто з нас ня мае права патрабаваць ад Бога.

І вось, адбыўся цуд. Мы ўсьвядомілі сваю грахоўнасьць, мы зьвярнуліся да Ісуса Хрыста, каб Ён збавіў нас ад гэтага цяжару, мы даверыліся Яму, мы паверылі ў Ягоную ахвяру за нашае збаўленьне і мы адчулі сябе выбранымі Богам. І жыцьцё нашае перамянілася, бо чалавек, які ўсьведамляе тое, што Бог вызначыў яму асаблівую чэсьць, адчувае яе і ў ягонай грудзі прасынаецца імкненьне жыць па гэтай чэсьці. Бог палюбіў мяне болей за іншых, - разважае выбраны, - і таму я буду любіць Яго болей за іншых і болей чым іншыя. Ён узвысіў мяне над сьветам па Сваёй ласцы і гэта азначае, што я буду весьці больш узвышаны вобраз жыцьця.

Выбраньне азначае аддзяленьне ад сьвету. Бог аддзяляе выбранага чалавека для Сябе і калі я веру, што Бог адрозьніў мяне ад іншых па Сваёй любові, дык мне хочацца прамаўляць: «Выйдзіце з асяроддзя іхняга і аддзяліцеся, кажа Госпад, і не кранайцеся нячыстага; і Я прыму вас. І буду вам Айцом» Нашая аддзялёнасьць зьяўляецца падмуркам і прычынай для поўнага аддзяленьня ад грэшнікаў, бо мы - новае стварэньне ў Хрысьце Ісусе. Для новага чалавека, што прыняў Ісуса Хрыста і аднавіўся ласкай Божай, няма вучэньня, якое б дазваляла яму любіць грэх. Чалавек атрымаў новую прыроду, якая ператварыла яго ў новага чалавека і гэта цуд, на які здольны толькі Бог. Наогул, чалавек па сваёй прыродзе – сьвіньня, якая валяецца ў брудзе, але ператварыце яе ў ягня, і ніякае вучэньне не прымусіць і ня ўпэўніць яго зноў вярнуцца да бруду. Прыкладаў шмат, але яшчэ адзін. Воўк імкнецца разарваць сваю здабычу, але ператварыце яго ў тое ж ягня і ніякае вучэньне не прымусіць яго рабіць сваю крывавую справу. Ён ня можа гэта зрабіць, бо ягоная прырода зьмянілася.

Хрысьціяне адыходзяць ад грэху і бягуць ад яго, бо іхняя новая прырода ненавідзіць грэх. Калі хто думае, што мы абыходзім грэх з-за жаху перад вечным пакараньнем, дык гэта так і ня так, бо ў нас ёсьць жах пакрыўдзіць нашага любячага Айца. Мы ня хочам грашыць, але прагнем сьвятасьці, а не беззаконьня. Нам усім патрэбна вера, якая прымушае ненавідзець тое, што раней мы любілі, і любіць тое, што раней мы ненавідзелі. Вера, якая выдаляе з нас старое жыцьцё і насычае нас новым жыцьцём у Ісусе Хрысьце. Выбраньне Божае дае нам новую прыроду і калі мы атрымліваем нейкія веды ці вучэньні, якія вядуць да ўспрыманьня грэху, дык наша новая прырода абароніць нас і дасьць нам ісьці па шляху Божым побач з Ісусам Хыстом.

Выбраньне – гэта праўда, якая з вялізарнай сілай цягне чалавека да сьвятасьці.
Госпадзе, Ты любіш нас бязьмежнай любоўю, якая ёсьць толькі ў Цябе і якая ня зьменіцца і будзе на вякі. О, наш Бог, мы жадаем аддаць сябе на служэньне Табе Мы дзякуем Бог наш за Тваю бязьмерную міласьць, што Ты даеш нам хадзіць у любові Божай, любіць Цябе і служыць Цябе ўсім нашым жыцьцём. У імя Айца, Сына і Сьвятога Духа. Амэн.


Рецензии