Про определение служения
«Дык вось, бойцеся Бога і служыце Яму ў чысьціні
і шчырасьці; адкіньце багоў, якім служылі бацькі
вашыя за ракою ў Эгіпце, а служэце Госпаду. Калі
ж не спадоба вам служыць Госпаду, дык выберыце
сабе сёньня, каму служыць, ці багам, якім служылі
бацькі вашыя, што былі за ракою, ці багам Амарэяў,
у зямлі якіх жывяце; а і я дом мой будзем служыць
Госпаду» (Ісус сын Нава 24:1-15).
Ісус сын Нава кажа народу Ізраіля пра вызначэньне сваіх адносінаў да Бога, Які вызваліў іх з Эгіпецкага палону і даў ім у спадчыну зямлю, на якой жылі іншыя народы. Менавіта Госпад упакорыў і аддаў у рукі Ізраілю Амарэяў, Хананэяў, Фэрэзеяў, Хэтэяў і іншых. Бог аддаў Ізраілю гарады, якія яны не будавалі і сады, якія яны не садзілі. Няма заслугі Ізраіля ў тым, што яны выйшлі з Эгіпту і атрымалі ў спадчыну зямлю, якая ўжо была падгатаваная да заможнага жыцьця. Ісус нагадвае гэта народу, каб людзі канчаткова вызначыліся: «Каму служыць?» Ідалам продкаў ці Яму – жывому Богу, Які даў ім магчымасьць добра жыць і адчуваць сябе народам Божым? Ісус нагадвае ім пра Майсея і Аарона, якіх Бог вызначыў на служэньне як прыклад для ўсяго Ізраіля і каб кожны гебрай мог вызначыць для сябе – служыць аддана Госпаду, як Майсей, ці пакланяцца багам продкаў і Амарэяў. Ісус першым падае прыклад вернасьці Богу і Майсею, калі кажа, што ён і дом ягоны будуць служыць Госпаду.
Усе выказанае Ісусам сынам Нава, у той жа самай ступені тычыцца і нас – сучасных людзей. І тое ж самае пытаньне паўстае і перад намі: «Каму служыць? Ісусу Хрысту, Які дае збаўленьне ці сучасным ідалам: тэлевізару, асабістаму абагачэньню, разбэшчанасьці ці абыякавасьці?» Так, мы жывем у сьвеце, дзе пануе д’ябал і які падкідвае нам розныя прыдумкі, каб адвярнуць нас ад Божай праўды і накіраваць у бок вечнай сьмерці. Усе ведаюць распаўсюджаныя, так званыя «народныя традыцыі». Вясельле ці сустрэча розных сьвятаў – гэта стол з абавязковай выпіўкай, бо так рабілі продкі. «Што б ні рабіць, абы нічога не рабіць» – даволі распаўсюджаная прымаўка сучаснага веку. «Панядзелак – дзень цяжкі», «Мая хата з краю», «Калі хочаш жыць у сласьці, трэба красьці, красьці, красьці» ды і шмат чаго яшчэ – гэта тое, што вельмі старанна ўкладаецца ў розум многіх людзей. Вядома, што многія сумленныя людзі ўспрымаюць гэта за жарт, але шмат і тых, хто пачынае жыць па гэтых правілах д’ябла. Так што пытаньне: «Каму служыць?»застаецца і, да таго ж, мае вельмі сур’ёзны характар.
Сучасныя ідалы – інтэрнэт, розныя кампутэрныя гульні, ў значнай ступені спусташаюць розум чалавека, бо накіроўваюць яго на служэньне грэху. Вядома, што кампутар з яго інтэрнэтам прыдумлялі зусім не для благога, але дъябал, і тут, з вялікай стараннасьцю панаставіў тут розных пастак у выглядзе порнасайтаў, розных сумнёўных гульняў і іншых прыладаў для марнаваньня часу. Грошы, якія дадзены, як і ўсё добрае, Госпадам, тым ня меньш для многіх людзей сталіся ідалам. І таму вельмі не дарма кажуць: «Грошы – праблема ня срэбра, але срэбралюбства». Сучасныя дэманы вельмі актыўна падкідваюць розныя, здавалась бы, правільныя рэчы: правільная ежа, правільнае сучаснае разьвіцьцё, правільны адпачынак, правільнае мастацтва, правільная мода і гэтак далей. З гэтым «правільным» прыходзяць новыя богі-ідалы.
І тут трэба выбіраць. Каму служыць? Ідалам, што прапануе нам д’ябал, ў сучаснай фірмовай упакоўцы, ці Ісусу Хрысту, як сказаў Ісус сын Нава: «Я і дом мой будзем служыць Госпаду».
Царква дае адказ на гэтае пытаньне, бо аддана служыць Богу. І мы, як члены цела Ісуса Хрыста, павінны жыць з Хрыстом і служыць менавіта Яму, а не шматлікім сучасным ідалам. Зразумела, што мы жывем у гэтым сьвеце і ніхто з нас не сьвяты ў параўнаньні са сьвятасьцю Ісуса Хрыста. Трэба шчыра адзначыць і тое, што кожны з нас, у той ці іншай ступені, зьвяртае ўвагу на гэтых ідалаў сьвету, але гэтая ўвага карысная для таго, каб вызначаючы іх – абвяргаць. І калі мы прыходзім на служэньне ў царкву, мы кожны раз адказваем на гэтае пытаньне вернасьцю свайму Госпаду і сваім служэньнем менавіта Яму, а ня нейкім ідалам-багам. Глыбокая і поўная вера ў Ісуса Хрыста – гэта гарантыя збаўленьня ад служэньня іншым багам.
Калі мы ў сваім служэньні ўзносім хвалу Айцу, Сыну і Сьвятому Духу, дык безумоўна маем для гэтага дары Духа Сьвятога, якія праяўляюцца ў служэньні. Такое служэньне нясе ў сабе карысьць для ўсіх, бо ўмацоўвае людзей на далейшую працу, абадзёрвае і прыносіць дабраславеньне зараз і назаўсёды. Апостал Павал кажа пра гэта карынцянам: «Бо мы супрацоўнікі ў Бога». Калі мы жадаем несьці сваё служэньне менавіта Ісусу Хрысту, а ня нейкім іншым ідалам, дык павінны імкнуцца да таго, каб нашае служэньне мела наступствы вечнасьці. І гэта можа зьдзейсьніцца толькі ў тым выпадку, калі Дух Сьвяты будзе кіраваць нашымі дзеяньнямі.
Нашае цела і нашая душа павінны быць адзінымі ў нашым служэньні, бо калі душа верыць Ісусу Хрысту, дык цела павінна падпарадкоўвацца душы. Апостал Павал кажа пра гэта: «Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасьць Божую, аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, сьвятую, прыемную Богу, на разумнае служэньне вашае, і не прыпадабняйцеся веку гэтаму, але перамяняйцеся праз абнаўленьне розуму вашага, каб вам выпрабаваць, што ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае Богу, і дасканалае. Бо праз ласку, дадзеную мне, кажу кожнаму з вас: ня думайце пра сябе больш, чым трэба думаць, “але думайце цьвяроза, як Бог кожнага надзяліў мерай веры» (Рым 12:1-3).
Дзе б мы не знаходзіліся і што б мы не рабілі, кожны момант нашага жыцьця павінен быць аддадзены Госпаду. Мы знаходзімся ў «інтэрнэтным Кантакце» – выкарыстаем гэта і паслужым Госпаду. Калі мы знаходзімся на працы, дык няхай нашая сумленная праца будзе прыкладам для іншых. Мы адпачываем, дык давайце ў сузіраньні і разважаньні бачыць велічную прыгажосьць Божага твору. Мы прачынаемся, дык падзякуем Госпада, што дае нам гэты цудоўны ранак і Сваю прысутнасьць. Мы кладземся ў ложак, дык складзем падзяку Яму за тое, што прайшлі гэты дзень з Духам Сьвятым, Які кіраваў намі і настаўляў у мудрасьці Божай. Мы жывем і працуем для Госпада, Які працуе ў нас. Апостал Павал кажа, што праца Госпада – гэта ўсё што мы робім: «І ўсё, што робіце, рабіце ад душы, як для Госпада, а не для людзей, ведаючы, што ад Госпада атрымаеце ў нагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту» (Кал 3:23-24). І паколькі мы служыцелі Бога, усё, што мы робім павінны лічыць часткаю нашага служэньня. Дзе б мы не працавалі, менавіта Госпад павінен быць нашым Гаспадаром, бо адначасова з зямным заробкам, Бог узнагароджвае нас ласкай Сваёй сёньня і ўзнагародзіць нас у вечнасьці. Калі хрысьціяне выконваюць якую-небудзь справу, дык у іх заўсёды ёсьць цудоўная магчымасьць праславіць Госпада, бо дзе знаходзяцца дзеці Божыя, там выконваецца Божая праца. Відавочна і тое, што дзеці Божыя вымушаныя працаваць і там, дзе праяўляецца варожасьць да Госпада і каб быць сьвятлом у гэтай цемры, патрабуецца моцная вера і вялікае цярпеньне.
Ты ведаеш сэрца маё.
Ты ведаеш думкі, з якімі няпроста.
Ты ведаеш усё, што напаўняе мяне.
Ты – мой Госпад.
Госпадзе! Дай нам жыць для Цябе і выконваць працу Тваю там, дзе Ты прызначыў нам. Дай нам славіць Тваё імя ў кожны момант свайго жыцьця, дзе б мы не знаходзіліся і што б не рабілі. Дай нам, Госпадзе, піць з крыніцы мудрасьці Тваёй. Дай нам насычацца Тваёй любоўю, каб аддаваць яе іншым. Дабраславі нас, Госпадзе, у любой справе, якую мы выконваем дзеля славы Тваёй і ў імя Айца, Сына і Духа Сьвятога. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122100392