Про призвание

ПРА ПАКЛІКАНЬНЕ


«І пачуў я голас Госпада, Які сказаў: “Каго Мне
паслаць? І хто туды пойдзе за вас?” І сказаў я:
“вось я, пашлі мяне”» (Іс 6:1-8).

Біблейная гісторыя паказвае нам пакліканьне Ісаі на прароцкае служэньнеГоспаду. Мы бачым страх простага чалавека перад Богам, бо ён, усьведамляючы нячыстасьць вуснаў сваіх, напэўна намаляваў у думках сваіх карціну Божага суда. Суда не было, але было ачышчэньне Ісаі ад грахоў ягоных і беззаконьне ягонае было адведзена ад яго. Чаму? І што значыць тое, што Госпад кліча? Бог паклікаў звычайнага чалавека Ісаю на служэньне. На працу для Бога. Бог патрабуе ад нас добрага служэньня і таму не дапусьціць, каб чалавек, прыступаючы да працы для Госпада, быў запэцканы брудам грэху і таму Ён даруе яму чысьціню і адводзіць ад яго ягоныя беззаконьні вугольлем з ахвярніка.

Нашае пакліканьне ці прызначэньне ў гэтым жыцьці, ня нашая прыдумка і не склад нейкіх цудоўных ці ня вельмі абставінаў. Гэта план Божы і Ягонае рашэньне, бо толькі Ён мае гэтае права - права Творцы і Валадара сусьвету. Ён даў нам жыцьцё і менавіта Ён дае нам тое ці іншае пакліканьне, але без сустрэчы з Госпадам гэтае прызначэньне ня можа быць рэалізавана. Яскравым прыкладам поўнай рэалізацыі Божага прызначэньня, зьяўляецца жыцьцё Майсея – ад пачатку і да сьмерці.

«У той час нарадзіўся Майсей, і быў мілы Богу; яго гадавалі тры месяцы ў доме бацькі ягонага. Калі ж выкінулі яго, узяла яго дачка фараона і гадавала яго за сына сабе. І быў настаўлены Майсей ва ўсёй мудрасьці эгіпцянаў, і быў ён магутны ў словах і ўчынках. Калі ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму на сэрца даведацца братоў сваіх, сыноў Ізраіля. І, убачыўшы, як некага крыўдзілі, заступіўся за яго і адпомсьціў за пакрыўджанага, ударыўшы Эгіпцяніна. Ён жа думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог рукой ягонай дае ім выбаўленьне, а яны не зразумелі. І на наступны дзень ён зьявіўся ім, як яны біліся, і вёў іх да згоды, кажучы: “Мужы, вы — браты! Чаму вы крыўдзіце адзін аднога?” А той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі? Ці ты хочаш забіць мяне, як забіў учора эгіпцяніна?” Праз гэтае слова ўцёк Майсей і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыям, дзе нарадзіў двух сыноў.» (Дзеі 7:20-29). Мы бачым пачатак Божага плана ў жыцьці Майсея. Цудоўным, але зусім не выпадковым чынам апынуўся і выхаваўся Майсей у палацы фараона, бо ён быў ад нараджэньня даспадобы Госпаду. Але першыя крокі да вызваленьня і абароны свайго народу былі няўдалымі і нават трагічнымі, бо яму прышлося ўцякаць і стаць прыхаднем у чужой зямлі. Чаму? Пакліканьне Майсей меў, але яно не магло быць рэалізаваным да сустрэчы з Госпадам. Майсей спадзяваўся на сваю адукацыю, значнае становішча ў грамадзтве і на сваіх братоў гебраяў. Але нічога не атрымалася і вынік гэтай спробы атрымаўся вельмі сумным. Прыхадзень у зямлі Мадыямскай – вось які вынік.

Але ўсё цудоўным чынам перамянілася пасьля ягонай сустрэчы з Госпадам: «А калі споўнілася сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні пад гарою Сынай анёл Госпадаў у полымі агню куста. Майсей жа, убачыўшы, зьдзівіўся відзежу, і калі ён набліжаўся, каб прыгледзецца, быў да яго голас Госпада: “Я — Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба”. Трасучыся, Майсей не адважыўся ўглядацца. А Госпад сказаў яму: “Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, — зямля сьвятая. Гледзячы, Я ўбачыў гора народу Майго ў Эгіпце, і пачуў стагнаньне іхнае, і зыйшоў выбавіць іх. І цяпер ідзі, Я пашлю цябе ў Эгіпет”. Таго Майсея, якога яны адракліся, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю?” — яго Бог за начальніка і выбавіцеля паслаў рукой анёла, які зьявіўся яму ў кусьце» (Дзеі 7:30-35). Калі адбываецца сустрэча з Госпадам, дык тое служэньне, якое дае Ён, абавязкова будзе выніковым і плённым. Гэта тычыцца кожнага з нас, бо калі на служэньне ставіць Бог, як Ісаю і Майсея, дык усё атрымаецца.

Бог паслаў Майсея вывесьці народ з палону Эгіпецкага. Магчыма Майсей запытваў сам сябе: «Чаму павінны паслухаць мяне, калі раней слухаць адмаўляліся?» Але яго паслаў Бог і зусім няважныя зьнешнія абставіны гэтай справы, бо ім кіруе Бог і таму служэньне Майсея – гэта ягоны жыцьцёвы посьпех у славу Госпада, а па сутнасьці – гэта посьпех Госпада ў Сваім стварэньні. І вось, людзі паслухалі Майсея, які прыйшоў да іх з чужой зямлі ў вельмі сталым узросьце. Яны паслухаліся незнаёмага чалавека і адгукнуліся на ягоны заклік, бо гэты заклік – заклік Госпада.

Ісая, як і Майсей перажылі страх перад Богам, калі адбылася іхняя сустрэча з Госпадам. «Гора мне» – кажа Ісая. Майсей засланяе твар свой, бо баіцца глянуць на Бога. Кожны з нас перажывае страх перад Богам пры сустрэчы з Ім, бо пачынае разумець сваю нячыстасьць і злачыннасьць перад Ім. Страх Госпадаў – пачатак мудрасьці, кажа Пісаньне: «Служыце Госпаду богабаязна, і радуйцеся з трымценьнем» (Пс 2:11). Бог кліча на служэньне ў чысьціні і праведнасьці і калі мы пачынаем разумець, што мы ёсьць «людзі з нячыстымі вуснамі», дык пачынаем разумець і тое, што недастойныя гэтага пакліканьня. Але кліча Бог і толькі Ён дае нам гэтую цудоўную магчымасьць – выконваць тое, што Ён даручае нам. І тое, што мы робім і робім пасьпяхова – гэта заслуга Госпада, Які ўсё дае нам для гэтага, бо бяз Госпада ўсякае нашае прызначэньне невыніковае. Бог дае нам сілы і магчымасьці, нягледзячы на нашую недасканаласьць і нават узрост. Бог паставіў на дзейснае служэньне Майсея ў восемдзесят гадоў і вынікі ягонай працы атрымаліся вельмі ўнушальныя. Ён вывеў народ Божы з фараонавага палону, ён напісаў пяць кніг Старога Запавету, ён перадаў народу ад Бога Закон для жыцьця і збаўленьня. Больш таго, ён збавіў народ ад гневу Божага: «І сказаў Госпад Майсею: “Я бачыў народ гэты, і вось, народ ён – цьвёрдахрыбетны. Дык вось, пакінь Мяне, хай запалымнее гнеў Мой на іх, і зьнішчу іх, і выведу шматлікі народ ад цябе”. Але Майсей пачаў прасіць Госпада, Бога свайго, і сказаў: “Хай не ўспалымняецца, Госпадзе, гнеў Твой на народ Твой, які Ты вывеў з зямлі Эгіпецкай сілаю вялікаю і рукою моцнаю, каб Эгіпцяне не казалі: на пагібель Ён вывеў іх, каб забіць іх у горах і вынішчыць іх з улоньня зямлі; адхілі палымяны гнеў Твой і адмяні зьнішчэньне народу Твайго. Успомні Абрагама, Ісаака і Ізраіля, рабоў Тваіх, якім Ты прысягаў Сабою, кажучы: памнажаючы памножу семя ваша, як зоркі нябесныя, і ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам семені вашаму, і будуць валодаць ею вечна”. І адмяніў Госпад ліха, пра якое сказаў, што навядзе яго на народ Свой» (Вых 32:9-14). Майсей разумеў і ведаў, што ўсё зробленае ім ад Бога, што гэта Божая праца. Сьціплы чалавек Майсей выконваў волю Бога. Не пасаду даваў Бог Майсею, але служэньне – канкрэтную Божую справу.

Вялікі прыклад Божага пакліканьня – жыцьцё і служэньне апостала Паўла. Адукаваны фарысэй, які жыў па строгім юдэйскім веравызнаньні ў Ерусаліме і які мучыў першых хрысьціянаў, прымушаючы іх зьневажаць Ісуса Хрыста. Добра ведаючы Пісаньне, ён тэрэтычна ведаў пра прышэсьце Мэсіі, але ня бачыў у гэтай ролі Ісуса. І вось, сустрэча з Госпадам: «А я сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” Ён жа сказаў: “Я — Ісус, Якога ты перасьледуеш; але паўстань і стань на ногі твае, бо Я дзеля таго зьявіўся табе, каб выбраць цябе паслугачом і сьведкам таго, што ты бачыў і што Я зьяўлю табе» (Дзеі 26:15-16). Бог дае Паўлу служэньне, калі дае даручэньне Ананіі: «Ідзі, бо ён — Мая выбраная пасудзіна, каб несьці імя Маё перад паганамі, і валадарамі, і сынамі Ізраіля, бо Я пакажу яму, колькі ён мусіць перацярпець за імя Маё» (Дзеі 9:15-16). Бог раскрывае адукаванасьць ды здольнасьці Паўла і накіроўвае іх на выкананьне Божай справы. І вось вынік. Вялікі місіянэр і прапаведнік Эвангельля, апостал Ісуса Хрыста Павал напісаў чатырнаццаць кніг Новага Запавету, прапаведуючы Валадарства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усякай адвагаю. Бог шукае чалавека, каб даць яму тое ці іншае даручэньне і мы ведаем, што без Госпада мы ні нашто ня вартыя, але сустрэўшы Госпада і атрымаўшы ад Яго служэньне, мы выканаем справу Бога на гэтай зямлі.

Ісус Хрыстос, будучы прыкладам зямнога жыцьця чалавека, дае нам найвялікшы прыклад пакліканьня – ахвярнага служэньня дзеля ўсіх нас: «Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3:16-17). Ісус прыйшоў у Сваім служэньні, каб кожны з нас, хто паверыў у Ягоную ахвярную сьмерць за нас і ў Ягонае ўваскрэсеньне, атрымаў збаўленьне – Ягонае сьвятло і Ягоную праведнасьць. Бог дае нам сьвятло праз Ісуса Хрыста, каб зьнішчыць цемру нашага беззаконьня. Беззаконьне баіцца сьвятла, бо хаваецца ў цемры. У цемры нашага грэху. Але Бог асьвятляе нашыя сэрцы, бо адкрывае нам Сябе, як любоў, праўду і міласэрнасьць. Гэта і ёсьць служэньне Ісуса Хрыста, бо Ён – гэта той ахвярны вугаль, які ачышчае нас ад грэху і адводзіць ад нас беззаконьні, каб даць цудоўную магчымасьць, у Ягоным сьвятле служыць Яму, выконваючы Ягонае пакліканьне.

Царква Ісуса Хрыста мае сваё сьвятое служэньне. Каб пропаведзь Эвангельля магла даходзіць да нас Божым шляхам, Бог даручыў гэты скарб Сваёй Царкве на захаваньне і таму паставіў на служэньне пропаведзі пастыраў і настаўнікаў, каб вучыць нас іхнімі вуснамі: «І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля ўдасканальваньня сьвятых на справу служэньня, на будаваньне Цела Хрыстовага, пакуль усе дойдзем да еднасьці веры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да меры ўзросту поўні Хрыстовае,» (Эф 4:11-13). Ісус Хрыстос даў нам Царкву як цела Сваё, каб захоўваць і насычаць сьвятую згоду ў веры і добры парадак сярод нас. Менавіта ў Царкве Бог хоча сабраць дзяцей Сваіх, каб яна выхоўвала іх сваім служэньнем, пакуль яны не дасягнуць канчатковай мэты веры. Жан Кальвін, у сваім Каментары да Пасланьня галатам кажа: «Кожны, хто адмаўляецца лічыць сябе сынам Царквы, марна жадае мець Айцом Бога, бо толькі праз служэньне Царквы Бог нараджае і выхоўвае Сваіх дзяцей»
 
Мноства людзей у гэтым сьвеце марнуюць сваё прызначэньне, якое дае ім Госпад, нягледзячы на тое, што менавіта Бог дае ім розум і здольнасьці. Адазвацца на пакліканьне Бога і служыць Яму – гэта самы разумны ўчынак у сьвеце. Ён стварыў нас і хоча, каб нашае прызначэньне было прысьвечана Яму. Ён клапоціцца пра нас і захоўвае нашае жыцьцё, дык чаму мы так неахвотна ідзем Яму насустрач? Бог стварыў нас і даў нам цудоўнае цела – дасканалы механізм. Душа наша створана Ім. І яна цудоўная. Дык ці не павінны мы слухацца Бога і служыць Яму?

Ісая цалкам аддаўся Госпаду, калі сказаў: «Вось я, пашлі мяне». І няхай дасьць Дух Сьвяты гэтае жаданьне ў сэрца кожнага з нас, хто любіць Госпада Ісуса Хрыста. І няхай, кожны з нас прамовіць, што-небудзь з гэтых словаў, зьвяртаючыся да Госпада:

«Госпадзе, усё, чаго я дасягнуў, я дасягнуў па міласьці Тваёй - вось я. У мяне ёсьць здольнасьці? – вось я. У мяне ёсьць таленты? – вось я. Я малады і моцны? – вось я. Я ў сталым узросьце? – вось я. У мяне ёсьць маёмасьць? – вось я. У мяне няма здольнасьцяў? – я не ствараў мае вусны і не выбіраў сабе слабасьці – вось я. Такі, які я ёсьць, такі, якім я даверыўся Твайму Сыну, каб збавіцца і такім я аддаю сябе на служэньне Тваёй славе, таму што Ён выкупіў мяне найвялікшым коштам – Сваім жыцьцём. Вось я, пашлі мяне. У імя Айца, Сына і Духа Сьвятога. Амэн.


Рецензии