Про планирование времени
«Дык глядзіце, хадзіце дакладна, не як бязглуздыя,
але як мудрыя, выкупляючы час, бо дні злыя. Дзеля
гэтага ня будзьце неразумнымі, але пазнавайце, якая
ёсьць воля Госпада» (Эф 5:15-17).
Госпад заклікае нас, каб мы выкарыстоўвалі свой час так, як таго хоча Ён. У адваротным выпадку нашае жыцьцё – гэта змарнаваньне часу з сумнымі, у рознай ступені, вынікамі. Пазнаньне волі Бога і выкананьне волі Яго – гэта і ёсьць правільна выкарыстаны час у жыцьці чалавека. Планаваць свой час. Што гэта?
Адказ на гэтае пытаньне дае Біблія, бо менавіта Слова Божае – гэта прыклад планаваньня. Бог запланаваў стварэньне чалавека і дзеля гэтага стварыў з нічога неба і зямлю, як і ўсё тое, што ў іх і ў іх. Бог адкрыў Свой твар, калі даў нам Сына Свайго ў пэўны час. Ісус Хрыстос прыйшоў у гэты сьвет па Божаму плану, як пра тое казаў Стары Запавет. І вось ужо Ісус Хрыстос плануе далейшае жыцьцё вучням Сваім: «Але вы возьмеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ў-ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і нават да краю зямлі». І, сказаўшы гэтае, Ён быў падняты, калі яны глядзелі на Яго, і воблака ўзяло Яго ад вачэй іхніх» (Дзеі 1:8-9). І яшчэ Ён кажа вучням Сваім: «І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: “Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі. Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку». (Мац 28:18-20). Біблія, як план Божы – гэта дакладная гісторыя чалавецтва ад пачатку і да канца, калі будзе новае неба і новая зямля. Чалавек – вельмі значная частка Божага плана, якая прызначана да выкананьня сваёй місіі і таму нашае жыцьцё павінна падпарадкоўвацца гэтаму плану.
Планаваць сваё жыцьцё ў адпаведнасьці з планам Госпада – вось галоўная мэта кожнага з нас і таму складаньне планаў, як кароткатэрміновых, так і доўгатэрміновых ёсьць вельмі важны момант у жыцьці чалавека. Давайце паглядзім на асноўныя сфэры планаваньня жыцьця чалавека. Для чалавека няверуючага, гэта ў першую чаргу кар’ера, фінансы, сям’я, здароўе. Ня ведаю ў якой пасьлядоўнасьці раскласьці гэтыя тэрміны, бо ў кожнага свае прыярытэты. Для веруючага чалавека асноўны прыярытэт – гэта служэньне Госпаду, але з дадаткам асноўных прыярытэтаў няверуючых людзей. Але як спалучыць служэньне Госпаду з кар’ерай, фінансамі і гэтак далей? Што кажа на гэта Бог? Якім павінен быць Божы стандарт планаваньня?
І на гэтае пытаньне адказвае Біблія, калі паказвае нам адзін дзень жыцьця Ісуса Хрыста, як прыклад планаваньня кожнага дня чалавека: «І ўваходзяць у Капэрнаум. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сынагогу, Ён навучаў. І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. І быў у сынагозе іхняй чалавек, апанаваны духам нячыстым, і закрычаў ён, кажучы: “Пакінь! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы!” Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: “Замаўчы і выйдзі з яго!” І нячысты дух, тузануўшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго. І аслупянелі ўсе, таму пыталіся адзін аднаго, кажучы: “Што гэта? Што гэта за новае вучэньне, што з уладаю загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?” І адразу пайшла чутка пра Яго паўсюль ва ўсёй ваколіцы Галілейскай. І, адразу выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі яны ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе. І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку, і адразу пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім. А калі настаў вечар, як сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі; і ўвесь горад сабраўся перад дзьвярыма. І Ён аздаравіў многіх хворых на розныя хваробы, і многіх дэманаў выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос. І раніцай, на самым досьвітку ўстаўшы, выйшаў, і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся. І пайшлі за Ім Сымон і тыя, што з ім былі, і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: “Усе шукаюць Цябе”. А Ён кажа ім: “Хадзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там Я абвяшчаў, бо Я дзеля гэтага прыйшоў» (Мар 1:21-38).
Паглядзім уважліва на тое, што рабіў Ісус Хрыстос на працягу Свайго дня ў храналагічным парадку. Зьвярнем увагу таксама і на тое, дзе выконваў Ісус Хрыстос Сваё служэньне.
Сыныгога, бо менавіта ў храме Божым пачынаецца актыўная дзённая дзейнасьць Хрыста.
Дом Сымона Пятра, дзе Ісус Хрыстос вырашае сямейныя праблемы блізкіх людзей.
Каля дома Сымона Пятра, дзе Ён працуе для жыхароў горада, бо «увесь горад сабраўся перад дзьвярыма».
Пустыннае месца, дзе Ісус Хрыстос моліцца за нас, зьвяртаючыся да Айца.
Усё служэньне Ісуса Хрыста накірована на людзей, бо дзеля іх Ён прыйшоў у сьвет, каб паклікаць іх да апраўданьня перад Айцом. Ісус служыў людзям пры Сваім зямным жыцьці, служыць і зараз верным Сваім, калі хадайнічае перад Айцом за дараваньне грахоў іхніх. Ісус Хрыстос ёсьць Збаўца наш і Валадар, Які патрабуе ад нас служэньня праз Яго людзям. Праз Яго. Адзначым гэты вельмі важны момант. І таму, для правільнага планаваньня часу, галоўным арыентырам і цэнтрам нашага жыцьця павінен быць Ісус Хрыстос. Чым бы мы не займаліся і што б мы не планавалі, мы павінны суадносіць гэта з пытаньнем, якое абавязаны ставіць перад сабою: «Ці станоўча адбіваецца запланаванае мерапрыемства на служэньні Ісусу Хрысту?», бо калі мы не памятаем пры планаваньні Хрыста, дык робім вялікую памылку ці нават здраджваем свайму Валадару. Няхай мы займаемся фінансамі, кар’ерай, вывучэньнем моваў, набыцьцём аўтамабіля, стварэньнем сям’і, уладкаваньнем асабістага быту і шмат чаго яшчэ, мы павіны рабіць гэта праз прызму служэньня Ісусу Хрысту.
Дык як мы мы павіны планаваць свой час? Якія прыярытэты вызначаць, каб правільна будаваць сваё жыцьцё? Адказ на гэтыя пытаньні дае нам Ісус Хрыстос і калі мы здольныя прааналізаваць прыклад аднаго дня служэньня Ісуса Хрыста, дык зможам раскласьці прыярытэты ў планаваньні нашага жыцьця.
Царква, бо менавіта з гэтага пачынае актыўнае служэньне Ісус Хрыстос: «увайшоў Ён у сынагогу і вучыў».
Сям’я і блізкія людзі, як сказана ў Пісаньні: «Прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя»
Грамадская дзейнасьць, бо так рабіў Ісус: «І ўвесь горад сабраўся перад дзьвярыма. І Ён аздаравіў многіх».
Асабістыя патрэбы, якія мае і Ісус Хрыстос: «А раніцай, на самым досьвітку ўстаўшы, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся»
Заўважым пасьлядоўнасьць прыярытэтаў, бо так хоча Бог і менавіта такі прыклад дае нам Ісус Сваім служэньнем, дзе асабістыя патрэбы ставяцца на апошняе месца. «Не, гэта ня так», - скажа нехта, хто асабістыя патрэбы ставіць на першае месца. «Гэта спрэчнае пытаньне»,- скажа ён, таму што Ісус пачынае Свой дзень з асабістай справы, як сказана: “А раніцай, на самым досьвітку ўстаўшы, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся». На гэта трэба адказаць так. Грамадзкая дзейнасьць Ісуса Хрыста мела вельмі вялікую насычанасьць, бо сказана: «І Ён аздаравіў многіх». Наўрад ці Ён меў да пачатку новага дня пэўны час для асабістых пытаньняў. І тое, што Ісус Хрыстос на досьвітку моліцца за нас, і дзеля каго выкарыстоўвае Свой асабісты час, кажа пра тое, што Ён гатуецца да актыўнага служэньня, бо ўжо шукаюць і чакаюць Яго. Сымон і тыя, хто быў з Ім, пайшлі за Ім, кажучы Яму: «Усе шукаюць Цябе». Ён жа запрасіў іх пайсьці у бліжэйшыя паселішчы, каб і там абвяшчаць. Цудоўны адказ тым, хто хоча перакруціць сітуацыю, каб апраўдаць асабістыя беззаконьні. Гэта цудоўны прыклад і тым, хто хоча рабіць ды планаваць сваё жыцьцё так, як гэта рабіў Ён, наш Госпад і Збаўца Ісус Хрыстос.
Калі чалавек блытае прыярытэты і ставіць свае асабістыя патрэбы на першае месца, дык ён выступае супраць Божага плану і не жадае падпарадкоўвацца воле Божай. Бог безумоўна процідзейнічае гэтаму, бо бунт супраць Госпада ёсьць цяжкі грэх і таму праведны Бог ня можа пакінуць гэта без пакараньня.
Мы вызначылі прыярытэты дзейнасьці па планаваньню пэўных тэрмінаў свайго жыцьця і зараз, з дапамогай Духа Сьвятога, разглядзім вызначаныя сферы дзейнасьці ў тым парадку, які жадае бачыць ад нас Бог.
Царква, як супольнасьць дзяцей Божых, што ёсьць цела Ісуса Хрыста. Кожны з веруючых людзей павінен атаясамляць сябе, як пэўную частку цела Хрыстова. А што ёсьць частка цела, як ня тое, што дзейнічае ў згодзе зь іншымі часткамі, а тым больш з галавой – Ісусам Хрыстом. Ці можна ўявіць, што вашае вока само па сабе адмаўляецца глядзець ці вуха чуць? Калі б было гэта так, дык ці было б вашае цела дасканалым, як тое зрабіў Бог? І таму, кожны член цела Хрыстова павінен імкнуцца да дасканаласьці, як гэтага хоча Бог: «Дык будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш, Які ў небе» (Мац 5:48).
Людзі, выбраныя Богам, так аб’яднаныя з Ісусам Хрыстом, што складаюць адзінае цела і цалкам залежаць ад яго Галавы. Іншымі словамі, яны аб’яднаныя такой сувязьзю, якую мы можам бачыць толькі паміж членамі чалавечага цела. Такім чынам, усе пакліканыя да Ісуса Хрыста ёсьць адно і жывуць пад узьдзеяньнем Духа Сьвятога, адной і той жа вераю, надзеяй і любоўю, бо пакліканы да адной спадчыны і да славы Бога, і Ісуса Хрыста. Апостал Павал кажа пра гэта: «Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да цела свайго, але жывіць і грэе яго, як і Госпад Царкву» (Эф 5:29-30).
Аўгустын прапануе ўсьвядамляць Царкву яшчэ ў адным сьвятым значэньні, - як «Маці», бо няма іншага спосаба ўвайсьці ў жыцьцё вечнае як праз нашую маці – Царкву, якая зачынае ў-ва ўлоньні сваім, нараджае, корміць сваімі грудзямі, утрымлівае і захоўвае сваім кіраваньнем. Трэба адзначыць таксама і тое, што па-за Царквой няма надзеі ні на дараваньне грахоў, ні на збаўленьне: «І будзе: кожны, хто пакліча імя Госпадава, уратуецца, бо на гары Сыёне і ў Ерусаліме будзе ратунак, як сказаў Госпад, і ў астатніх, якіх пакліча Госпад» (Ёіль 2:32).
Царква, як цела Ісуса Хрыста і як маці пакліканых Госпадам – гэта і ёсьць тая прыярытэтная аснова, якая дадзена нам Богам. І на якую мы павінны абапірацца пры планаваньні іншых сфэраў дзейнасьці нашага жыцьця. Царква па праву займае прыярытэтнае першае месца ў жыцьці хрысьціяніна, бо гэтага хоча Бог. Кожны веруючы павінен сумленна і аддана служыць Царкве, каб быць у гарманічнай еднасьці з іншымі членамі цела Хрыстова, як і з яго Галавой. І няхай кожны веруючы ўносіць свой уклад у справы Царквы, згодна таму розуму і тых здольнасьцяў, якія даў кожнаму з нас Бог.
Сям’я і блізкія людзі. Выхаваньне дзяцей, матэр’яльнае забясьпячэньне, адпачынак, бытавое і жыльлёвае ўладкаваньне, адносіны да блізкіх і сяброў, заняткі спортам, мастацтвам, рознымі навукамі – гэта асноўныя, але далёка ня ўсе пытаньні, якія ўзьнікаюць пры планаваньні сямейнага ладу ў жыцьці чалавека. Як веруючага, так і ня веруючага. Але тут ёсьць розьніца прыярытэтаў, бо сямейныя планы большасьці няверуючых стаяць значна вышэй за ўсе астатнія, а справы і планы сям’і верючых суадносяцца з планамі Царквы і падпарадкоўваюцца ім. Сям’я веруючага чалавека – гэта, па сутнасьці сваёй, ёсьць калектыўны член цела Ісуса Хрыста і таму павінен падпарадкоўвацца і быць у згодзе з астатнімі членамі. Паглядзіце на сваю руку. Пяць вашых пальцаў, разам з далоняй, ёсьць сям’я. Кожны палец мае адносную свабоду, але разам гэта калектыўны член вашага цела і падпарадкоўваецца вашаму целу і вашай галаве, як кіруючаму цэнтру. Сям’я – вельмі важная частка жыцьця чалавека і таму планаваць жыцьцяздольнасьць і пасьпяховае разьвіцьцё гэтай часткі трэба гледзячы на волю і жаданьні Госпада адносна кожнага члена вашай сям’і, як частку Царквы і цела Ісуса Хрыста.
Грамадзкая дзейнасьць. У сферу грамадзкай дзейнасьці ўваходзіць і нашая праца на карысьць сям’і і грамадзтва. Але пры планаваньні працоўнай дзейнасьці мы павінны ўлічваць інтарэсы Царквы і сям’і ў тым прыярытэтным парадку, які мы вызначылі раней. Бог стварыў нас для працы, як і сказана ў Пісаньні: «І ўзяў Госпад Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго» (Быц 2:15). Бог пацьверджвае гэта пасьля грэхападзеньня Адама, калі выганяе яго з Эдэмскага саду: «І выслаў яго Госпад Бог з саду Эдэмскага, каб урабляў зямлю, з якое ён узяты» (Быц 3:23). А зараз пытаньне: «На якім месцы была праца для Адама, які бачыў, чуў і размаўляў з Тым, Хто стварыў усё і ў тым ліку чалавека?» Зразумела што не на першым, бо сама магчымасьць працы чалавека бяз папярэдняй працы Творцы ўсяго, ня мае ніякага сэнсу. Але акрамя магчымасьці працаваць, Бог даў чалавеку сям’ю, як і адказнасьць за жонку ды сваіх дзяцей, якія, разам з ім, і складаюць сям’ю чалавека. Зразумела і тое, што праца Адама была накіраваная на забясьпячэньне і дабрабыт сям’і, але той факт, што праца чалавека і тое да чаго яна прыкладаецца, як і вынікі гэтай працы – гэта тое, што дае нам Бог. І таму праца кожнага чалавека, пачынаючы ад Адама, павінна славіць Госпада і аддаваць Яму належнае, а потым плады гэтай працы павінны аддавацца сям’і, бо так хоча Бог і так вучыць нас Ісус Хрыстос.
Таксама і грамадзкая дзейнасьць, як актыўная праца на карысьць паляпшэньня жыцьця атачаючых нас людзей. Госпад вітае гэтую працу, калі яна ставіць на першае месца служэньне Хрысту і праз Яго прыносіць свае вынікі ў тую вялікую сям’ю, што ёсьць грамадзтва, як супольнасьць мноства адзінак-сямей. Няхай кожны з нас, хто адчувае нейкае прызначэньне да грамадзкай дзейнасьці, вызначыць тыя прыярытэты, што ставяць на першае месца ў сваёй дзейнасьці Ісуса Хрыста і Ягоную Царкву і нясуць вынікі сваёй працы ў вялікую сям’ю – нашае грамадзтва.
Асабістыя патрэбы. Але што гэта? Адносіны да асабістага здароўя, заняткі па нейкім інтарэсам і, наогул, планаваньне свайго вольнага часу. Усё так. Але як гэта сумяшчаць з усім астатнім? Цудоўны прыклад выкарыстаньня Свайго вольнага часу дае нам Ісус Хрыстос. Ісус Хрыстос пачынае Свой дзень вельмі рана і пачынае яго з малітвы. Пустыннае - гэта тое месца, дзе Ён можа быць адзін на адзін у размове з Айцом. Ісус Хрыстос выкарыстоўвае гэты цудоўны і дабраславёны час, каб праславіць Айца і каб маліцца за тых, хто ідзе за Ім і да Яго: «Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўславіўся» (Ян 17:9-10). Праслаўляючы і просячы Айца за нас, Ісус Хрыстос просіць дабраславеньня і сілы Айца на надыходзячае дзённае служэньне, бо ўжо ідуць за Ім, бо ён патрэбны тым, каго дае Яму Айцец. Малітва і зьвяртаньне да Айца дае сілы Сыну, каб ісьці ў дзённае служэньне і зьбіраць тых, каго даў Яму Айцец.
Зноў цудоўнейшы прыклад планаваньня часу свайго жыцьця, бо ці ёсьць больш цудоўны час для праслаўленьня і зьвяртаньня да свайго Бога. Сьвет яшчэ ў сьне, але мы на золку ўжо стаім перад абліччам Госпада, каб праславіць Яго, каб прасіць дабраславеньня і сілы на клопаты наступаючага дня. І ісьці ў гэты дзень з сілай Духа Сьвятога, каб працаю сваёй праславіць Госпада, вымяраючы кожны свой крок з воляй Божай.
Дык вось, мы адзначылі, што абсалютна ўсе сферы нашага жыцьця павіны падпарадкоўвацца і служыць Госпаду. Менавіта з гэтага складаецца сэнс жыцьця чалавека, бо так хоча Бог. Мы паднімаемся з ранку і малітвай гатуем сябе на дзённае служэньне Госпаду. Мы займаемся сямейнымі клопатамі, мы працуем, памятуючы пра Госпада і на карысьць дабрабыту сям’і. Мы займаемся грамадзкай і дабрачыннай дзейнасьцю, каб праславіць Госпада і ўмацаваць Ягонае Валадарства. Нашыя фінансы, нашае здароўе, нашая грамадзкая дзейнасьць павінны служыць Госпаду. Інвеставаць сваё жыцьцё, як і любую дзейнасьць чалавека ў справу Божую – вось накірунак і галоўная мэта жыцьця кожнага з нас, бо гэтая мэта – Божая мэта. Божая мэта, якая павінна зьдзяйсьняцца на гэтай зямлі, залежыць ад нашых паводзінаў і нашага служэньня. Мы павінны жыць так, каб Бог у пэўны час сказаў: «Ты добра жыў і добра працаваў». Ісус Хрыстос у прыповесьці пра пяць талантаў хваліць таго слугу, які добра жыў і добра працаваў, калі памножыў дадзенае яму ў карыстаньне і прынёс Яму вынікі сваёй працы. Ён кажа: «Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго» (Мац 25:21). Мы пакліканыя да Хрыста, каб служыць Госпаду, бо Ён жадае, каб кожны асьпект нашага жыцьця служыў Госпаду, бо жыцьцё кожнага чалавека павінна праходзіць так, каб праслаўляўся ў ім Бог.
Кожнае дзеяньне чалавека мае толькі два бакі. Яно ці праслаўляе Бога, ці Яго няславіць. Трэцяга не існуе. Што б мы не рабілі ў сваім жыцьці: праца на прадпрыемстве, выхаваньне дзяцей, размовы з блізкімі, палітычная і грамадзкая дзейнасьць, адпачынак і шмат яшчэ якія іншыя дзеяньні – усё адпавядае гэтаму крытэрыю адзнакі нашага жыцьця. Славім мы Госпада ці Яго няславім. Дык няхай кожны з нас памятае пра гэта кожную хвіліну свайго жыцьця, каб не было няславы Госпада, але была слава Яго праз усе нашыя дзеяньні і ўсё нашае жыцьцё і каб праз Ісуса Хрыста мы прыходзілі да пасаду Божай ласкі.
Але ня ўсё так проста, бо д’ябал, які калісьці спаганіў нашую істоту і прывёў нашыя душы да сьмерці, ня хоча губляць кожнага з нас і выпускаць нас з ягоных рук. Ён ненавідзіць нас і зусім ня хоча, каб хто-небудзь з нас пачуў Добрую Вестку пра Ісуса Хрыста і ўбачыў шлях да збаўленьня. Ці не таму ён шукаў сьмерці народжанага Ісуса Хрыста праз валадара Ірада? Таму і сёньня, як дарэчы і заўсёды, існуюць у сьвеце сьвецкія мудрацы, якія вучаць ставіць іншыя прыярытэты і пераварочваюць Божую праўду. Усё шыварат навыварат. На першае месца асабістае «Я». На другое – працу ці сям’ю. На трэцяе – сям’ю ці працу. Ня так важна. І толькі пасьля гэтага нейкі час можна вызначыць і для Царквы. Не, як быццам д’ябал ня кажа пра адмаўленьне Бога, бо ведае пра Яго лепш за нас, але ён «падказвае» чалавеку, што галоўнае тое, што да яго бліжэй: праца, сям’я, грошы, кар’ера, - а што тычыцца Госпада, дык гэта калі-небудзь і ня сёньня. Іншая справа, калі нехта пад узьдзеяньнем д’ябальскай грахоўнай «ласкі» наогул адмаўляе Богу, дык гэта ёсьць ня што іншае, як поўная перамога д’ябла над канкрэтным чалавекам. Але гэта ня мудрасьць, а шлях да пагібелі, бо сказана: «Праклён Госпадаў на дом бязбожніка, а дом пабожнага Ён дабраслаўляе. Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае ласку. Мудрыя спадкуюць славу, а непраўныя немысьлі – ганьбу» (Выс 3:33-35).
Госпадзе, дай нам хадзіць Тваімі шляхамі. Дай нам мудрасьці, Божа, каб бачыць што галоўнае ў гэтым жыцьці, а што пасьля. Дай нам Госпадзе ўсе нашыя дзеяньні праносіць праз Тваю прысутнасьць. Каб Ты і Твая слава былі галоўным прыярытэтам нашага жыцьця. І няхай Тваё сьвятло і той шлях, які Ты прызначыў для кожнага з нас, будуць тым самым галоўным прыярытэтам, ямя якому – Айцец, Сын і Дух Сьвяты. Мы вывышаем і праслаўляем Тваё імя. На вякі вякоў. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122201162