Про поиск Царства Божьего
«Дык не клапаціцеся, кажучы: “Што нам есьці?”,
ці: “Што нам піць?”, ці: “У што апрануцца?” Бо ўсяго
гэтага шукаюць пагане. Бо Айцец ваш Нябесны ведае,
што вам усё гэтае патрэбна. Шукайце ж перш
Валадарства Божага і праведнасьці Яго, і тое ўсё
дадасца вам» (Мац 6:25-33).
Гэтыя словы, што дадзены нам у Новым Запавеце, ёсьць словы Ісуса Хрыста, Які заклікае нас шукаць Валадарства Божае і калі гэта будзе так, дык усё астатняе, у чым мы маем патрэбу, нам дадасца. Ісус кажа пра тое, што веруючыя людзі не павінны арыентаваць сваё жыцьцё на дзень заўтрашні, як гэта робяць, у сваёй большасьці, людзі няверуючыя. Дарэчы, што тычыцца няверуючых, дык іх зразумець у нечым можна, бо яны ня маюць Айца як свайго Абаронцу і будуюць сваё жыцьцё, спадзяючыся толькі на сябе, калі імкнуцца назапасіць як мага болей на дзень заўтрашні: «Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане» - кажа Пісаньне. Але яны забяспечваюць свой заўтрашні дзень, выкарыстоўваючы тыя здольнасьці і той розум, які даў ім Бог, Якому ў іхнім жыцьці месца няма і Якога яны зьмянілі на прыроду, ад якой яны быццам бы і атрымалі свае здольнасьці і разуменьне будоўлі свайго жыцьця, не зьвяртаючы ўвагі на тое, што прырода ёсьць, як і сам чалавек, стварэньне Госпада.
Дзеля чаго мы жывем? Накіруем гэтае пытаньне ў сьвет, дзе існуюць людзі веруючыя і людзі няверуючыя ці веруючыя фармальна, што амаль тое ж самае. Пачнем з няверуючых ці веруючых фармальна, бо погляд гэтай катэгорыі людзей больш просты і ў нечым прымітыўны, бо іхні сьветапогляд, як і пазнаньне самога сябе, знаходзіцца на ніжэйшым узроўні. Няхай ня крыўдзіцца на гэтыя словы чалавек няверуючы, але ўважліва прасочыць за напісаным далей. Любы чалавек, у той ці іншай ступені, здольны да тэхнічных і гуманітарных навукаў, а таксама і да розных мастацтваў. Але гэта веданьне пра зямное і таму яно ніжэйшага ці першага ўзроўню, бо існуе другі род веданьня – гэта веданьне Бога і Ягонае волі, а таксама і тое, якім чынам прывесьці жыцьцё чалавека да згоды з Госпадам. І гэта ўжо вышэйшы ўзровень веданьня.
Бог даў здольнасьці ці нават таленты ўсім людзям. Кожнаму свае, як гэта пажадаў Ён, і гэта тычыцца як веруючых, так і няверуючых людзей, але чалавек няверуючы, ў адрозьненьні ад веруючага, прыкладае і выкарыстоўвае свае здольнасьці ці нават таленты ў дачыненьні да ніжэйшага ўзроўню веданьня, бо ён ня бачыць і таму не намагаецца імкнуцца да ўзроўню вышэйшага. Дык што адкажа няверуючы на пытаньне: «Дзеля чаго я жыву?» Адказ можа быць вельмі тыповым і распаўсюджаным ў сьвеце, бо наўрад ці можа прыдумаць нешта іншае чалавек, як толькі сьцьвярджаць, што жыць трэба для сябе і на дабрабыт сваёй сям’і, выкарастоўваючы свае здольнасьці і свой розум. Госпада ў гэтай фармулёўцы няма, як і няма разуменьня, што здольнасьці, як і ўсё добрае ў чалавеку, дадзены Богам, а зло, якое прысутнічае ў назапашваньні матэр’яльнага і забясьпячэньні заўтрашняга дню, – гэта тое адзінае, што мае чалавек сам па сабе і таму можа прапанаваць як сваё.
І вось другое, выніковае пытаньне: «З чым ты прыйдзеш на суд Божы?» Папярэджваючы сустрэчнае пытаньне: «А ці будзе ён, гэты суд Божы?» адкажам: «Так, будзе, і гэта не залежыць ад таго, як мы да гэтага ставімся: верым ці ня верым». Суд Божы будзе, але з якім набыткам мы прыйдзем на яго? З нейкай сваёй жыцьцёвай мітусьнёй, з марнасьцю свайго жыцьця, з лецішчам, двумя аўто і шыкоўнай кватэрай? А ці быў Бог у тваім жыцьці і чаму ты ўсё сваё жыцьцё бунтаваў супраць свайго Творцы? Ці ня думаеш ты, што Бог дасьць табе жыцьцё вечнае і пахваліць цябе за тое, што ты нават ніяк не аддзячыў Яго за тое, што менавіта Ён даў табе задарма здольнасьці і ўсё добрае, што ў табе ёсьць? Можа ён ацэніць тваю спрытнасьць у набываньні матэр’яльных каштоўнасьцяў?
Пачуйце словы Ісуса Хрыста: «І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзеце на лілеі польныя, як яны растуць. Не працуюць, не прадуць, але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх; калі ж траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так апранае, наколькі ж болей вас малаверы». Бог зьвяртаецца да нас і Ён ня супраць нашага дабрабыту, як ніколі ня быў супраць незлічоных багацьцяў Саламона, бо гэтыя багацьці былі другаснымі, таму што на першым месцы ў жыцьці Саламона быў Бог: «Ня будзь мудрацом у вачах тваіх. Бойся Госпада, і пазьбягай ліха. Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім. Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх. І напоўняцца засекі твае з верхам, і чавільні твае будуць налівацца новым віном» (Высл 3:7-10).
Здаецца амаль кожны ведае пра мудрасьць Саламона, але ня кожны ведае тое, што гэтую мудрасьць даў яму Бог: «У Гаваоне зьявіўся Госпад Саламону ў сьне ўначы, і сказаў Бог: “Прасі, што даць табе”. І сказаў Саламон: “Ты зрабіў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, вялікую ласку. І за тое, што ён хадзіў перад Табою ў шчырай праўдзе і з шчырым сэрцам прад Табою, Ты захаваў яму гэтую вялікую ласку і дараваў яму сына, які сядзеў бы на пасадзе ягоным, як гэта і ёсьць сёньня. І сёньня, Госпадзе Божа мой, ты паставіў раба Твайго валадаром замест Давіда. Але я – хлопец малы, ня ведаю ні майго выхаду, ні ўваходу. І раб Твой – сярод народу Твайго, які выбраў Ты, народу такога шматлікага, што паводле мноства яго нельга не палічыць, ні агледзець. Даруй жа рабу Твайму сэрца разумнае, каб судзіць народ Твой і разьбіраць, што дабро, а што ліха, бо хто можа кіраваць гэтым шматлікім народам Тваім?” І заўгодна было Госпаду, каб Саламон прасіў гэтага. І сказаў яму Бог: “За тое, што ты прасіў гэтага і не прасіў сабе доўгага жыцьця, не прасіў сабе багацьця, не прасіў сабе душаў ворагаў тваіх, прасіў сабе розуму, каб умець судзіць,- вось, Я зраблю паводле слова твайго. Вось, Я даю табе сэрца мудрае і разумнае, так што падобнага да цябе не было да цябе, і пасьля цябе не паўстане падобны да цябе; і тое, чаго ты не прасіў, Я даю табе, і багацьце і славу, так што ня будзе падобнага да цябе ва ўсе дні твае”» (3 Вал 3:5-13).
Бог ня супраць нашага дабрабыту, але гэта ня самае важнае для чалавека. Чалавек не павінен жыць так, каб толькі піць, есьці, атрымліваць нейкія ўцехі і набываць усё больш і больш матэрыяльных каштоўнасьцяў, бо галоўная мэта стварэньня чалавека – гэта ўмацаваньне і пашырэньне Валадарства Божага на зямлі, бо Валадарства Божае – гэта ўлада Госпада на гэтай зямлі, гэта слава Божая на гэтай зямлі, гэта воля Божая на гэтай зямлі. Вось асноўнае прыкладаньне высілкаў чалавека і калі чалавек такім чынам служыць Яму, дык гэта і ёсьць адказ чалавека Госпаду на Ягоную любоў.
Пісаньне кажа, што сьвет ляжыць у зьле і мы самі ахутаны злом, бо клапоцімся пра сябе і нічога ня робім для Божага Валадарства. Мы павінны ўсьвядоміць, што клапаціцца толькі пра сябе, гэта значыць не клапаціцца пра іншых і таму не спаўняць сваё прызначэньне – клапаціцца пра Валадарства Божае, як пра славу Божую на зямлі. Адам і Ева, калі спакусіліся і набылі грэх, адвялі свой позірк ад Божае славы і такім чынам знайшлі сьмерць. Так і мы, іхнія нашчадкі, калі на першае месца ставім свае асабістыя рэчы і дзеяньні па задавальненьню сваіх асабістых патрэбаў, дык гэта ёсьць адступніцтва ад Бога і таму гэтым самым мы набываем сьмерць. Гэта тычыцца любой сфэры нашага жыцьця: палітыкі, эканомікі, сям’і і выхаваньня дзяцей, ладу грамадзкага жыцьця і іншае. Калі мы будзем выхоўваць дзяцей бяз Божай прысутнасьці, дык, у рэшце рэшт, будзем расчараваныя ў іх і наадварот, калі выхоўваючы дзяцей, мы шукаем славу Божую і пашыраем Ягонае Валадарства, дык Ісус нам кажа: «І гэта ўсё дадасца вам, бо Госпад клапоціцца пра вас і ня дасьць загінуць, таму што Ён дабраслаўляе і абараняе вас ад ліхога і хто шукае Валадарства Божае, той атрымае неабходнае».
Мы разважылі пра тое, што ўвогуле трэба рабіць, каб ня жыць у марнасьці і асэнсоўваючы сваё жыцьцё, пашыраць Божае Валадарства, як Ягоную славу на гэтае зямлі. І вось зараз мы паразважаем пра тое, як гэта рабіць пасьпяхова, каб пашырэньне Валадарства Божага адбівалася і на нашым асабістым жыцьці, каб дабрабыт і заможнасьць былі нашымі здабыткамі, як узнагарода Госпада за нашую працу.
Веруючыя людзі усьведамляюць, што зьяўляюцца сынамі і дочкамі нашага Госпада, але павінны ўсьвядоміць і тое, што іхнія посьпехі не вызначаюцца тым, што яны робяць у сваім жыцьці, але вызначаюцца тым, кім яны зьяўляюцца ў вачах Госпада. Посьпех жыцьця веруючага чалавека – гэта сталае імкненьне стаць той асобай, якой Бог жадае бачыць нас, і выконваць тыя мэты, якія Бог дапамагае нам паставіць перад сабою. Няверуючы чалавек ня можа дасягнуць сапраўднага жыцьцёвага посьпеху. Ён можа дасягнуць нейкага, няхай і высокага узроўню матэр’яльнага дабрабыту, атрымаць чыны і ўзнагароды ці набыць нейкія прывілеі, дасягнуць вышынь у палітыцы, але яны ня ведаюць сапраўднага посьпеху, бо яны ня сталі тымі людзьмі, якімі Бог пажадаў бы бачыць іх. Яны дасягаюць сваіх мэтаў, але ня Божых.
Няверуючы чалавек жыве ў адпаведнасьці сваіх асабістых жаданьняў і мэтаў і не намагаецца будаваць сваё жыцьцё ў адпаведнасьці з жаданьнямі і мэтамі Госпада Бога. І таму ён ня можа дасягнуць сапраўднага посьпеху, калі выкрэсьлівае Бога са свайго жыцьця. Гэта, дарэчы, тычыцца і тых людзей, якія лічаць сябе хрысьціянамі, але не прымаюць у разлік жаданьні і мэты Госпада адносна іхняга жыцьця. Сьвет лічыць, што слава і ўдача ёсьць тое неабходнае вымярэньне жыцьцёвага посьпеху, якое і павінна быць, але Бог так ня лічыць, бо Ён жадае, каб мы, ў першую чаргу, атрымалі посьпех у зносінах з Ім, а не з іншымі людзьмі.
Але ўзьнікае пытаньне: “Ці могуць веруючыя людзі дасягнуць посьпеху, карыстацца славаю, вядомасьцю, уладай, матэр’яльнымі каштоўнасьцямі, атрымліваць узнагароды і гэтак далей?” Так, могуць. Але гэта азначае, што пры дасягненьні гэтых мэтаў чалавек павінен арыентавацца на Госпада і дзейнічаць у адпаведнасьці з задумкамі і мэтамі Бога, бо чалавек, які арыентуецца на Госпада, цікавіцца перш за ўсё тым посьпехам, які бярэ свой пачатак унутры чалавека і адпавядае такім разуменьням, як духоўнае багацьце, дабрачынны характар, заўсёднае падпарадкаваньне Божым запаведзям і настаўленьням Госпада. Веруючы чалавек можа мець багацьце, статут у грамадзтве, але яны не зьяўляюцца галоўнымі ў ягоным жыцьці, бо зьяўляюцца другаснымі пасьля славы і волі Божай.
Бог не супрацівіцца багацьцю, бо кажа ў Сваім Пісаньні, што менавіта Ён зьяўляецца крыніцай усякага багацьця. Бог ня супраць таго, каб хто небудзь з нас стаўся знакамітым, але Ён супраць нашых спробаў жыць ігнаруючы Ягоную прысутнасьць. Ён супраць нашых спробаў стаць тым, кім мы ніколі ня здолем стаць без Яго, бо калі чалавек намагаецца дасягнуць нешта ў сваім жыцьці бяз Бога, дык гэта ня можа прынесьці яму доўгатэрміновага шчасьця і радасьці. Такі чалавек можа жыць у раскошы, мець вялікі рахунак у банку, быць уплывовым дзеячам у нейкай сфэры грамадзкага жыцьця, але ў вачах Госпада ён не дасягне посьпеху. І няхай не зьдзіўляецца ён на судзе Божым, калі пачуе: «Я ня ведаю цябе і нічога з таго, што ты зрабіў ці зарабіў, ня мае для Мяне ніякай каштоўнасьці».
Чалавек, які спадзяецца ў сваім жыцьці толькі на ўласныя сілы, знаходзіцца ў кожнадзённай барацьбе за свой дабрабыт і сваё становішча ў грамадзтве, але вынік такога жыцьця вельмі сумны, бо найбольш верагодны фінал такога жыцьця – фізічнае і маральнае спусташэньне. І наадварот, чалавек, які арыентаваны на Бога і сталы духоўна, пазбаўлены барацьбы, бо ён жыве ў поўнай упэўненасьці ў сіле і прысутнасьці Госпада, Які дапамагае яму дасягнуць тых мэтаў, што адпавядаюць Божай праўдзе. Усякае жыцьцёвае імкненьне павінна служыць памнажэньню Божай славы. Вялікая дабрачыннасьць чалавека зьмяшчаецца ў тым, каб адмовіцца ад асабістага «Я», але аддаць свае сілы і сваю стараннасьць Госпаду і Ягоным запаведзям, бо Пісаньне забараняе нам клапаціцца, ў першую чаргу, пра свае асабістыя патрэбы і выдаляе з нашых сэрцаў сквапнасьць, імкненьне да ўлады, ўзьвялічваньне ды іншыя струплі сьвету. Чалавек павінен думаць пра тое, каб усё сваё жыцьцё суадносіцца з Богам, каб думаць пра тое, што аднойчы прыдзецца даваць адказ перад Ім за ўсе свае жыцьцёвыя справы і таму тыя, хто ў-ва ўсіх сваіх учынках зьвяртаецца да Госпада, пазбаўляюць свой розум ад марнасьці і жыцьцёвай мітусьні.
Госпадзе, дай нам бачыць Цябе і чуць Цябе ў кожнае імгненьне нашага жыцьця. Дай нам, Госпадзе, кожны свой крок суадносіць з тым прызначэньнем, якое Ты даеш нам. Дай нам Госпадзе жыць па запаведзях Тваіх і каб галоўным багацьцем нашага жыцьця была прысутнасьць у нас Ісуса Хрыста, каб Дух Сьвяты дзейнічаў у нас і каб пашыралася Валадарства Тваё. Дай нам Госпадзе служыць Валадарству Твайму. У імя Айца, Сына і Духа Сьвятога. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122201627