Про свободу и порядок

ПРА СВАБОДУ І ПАРАДАК


Калі чалавек не разумее што такое свабода, ён ня можа зразумець, што такое парадак.

Каб пачаць разважаньні на гэтую тэму, трэба зьвярнуцца да галоўнага – зьвярнуцца да Слова Божага, зьвярнуцца да Бібліі: «І рушылі з Эліма і прыйшло ўсё супольства сыноў Ізраілевых у пустыню Сін, што паміж Элімам і Сынаем, на пятнадцаты дзень другога месяца пасьля выхаду іх з зямлі Эгіпецкай. І пачало наракаць усё супольства сыноў Ізраілевых на Майсея і Аарона ў пустыні. І сказалі сыны Ізраілевыя: “О, калі б мы сканалі ад рукі Госпадавай у зямлі Эгіпецкай, як мы сядзелі каля катлоў з мясам, як мы елі хлеба ўдосыць. Бо вы нас вывелі ў пустыню гэтую, каб ўсё супольства замарыць голадам”» (Вых 16:1-3). Чытаючы гэтыя радкі, мы бачым вельмі даўнюю гісторыю народа Ізраільскага, калі Бог, праз Майсея, вырашыў збавіць Свой народ з палону Эгіпецкага, дзе панавала над імі жорсткая дыктатура фараона. І будзьце ўпэўненыя, што парадак пры гэтай жорсткай уладзе быў. Парадак жаху, парадак прымусу, парадак бяспрэчнага выкананьня ўсякага загаду з боку службоўцаў фараонавых. І нарэшце, праз стагодзьдзі няволі, Бог выводзіць Сваіх выбраных сыноў Ізраілевых з палону і дае ім свабоду, але тыя наракаюць на Майсея. Лепш ня мелі б яны гэтай свабоды, але сядзелі б лепш каля катлоў з мясам у няволі Эгіпецкай: «Майсей заенчыў да Госпада і сказаў: што мне рабіць з народам гэтым? Яшчэ крыху, і паб’юць мяне камянямі» (Вых  17:4). Бог даў ім, стварыўшы цуды, ежу і пітво, але Ён не пайшоў з гэтым непакорным «першым пакаленьнем» у Зямлю Абяцаную. Ні воднага з іх Ён не дапусьціў туды, таму што зьняверыліся і не схацелі цярпець часовыя цяжкасьці і выпрабаваньні, якія даў ім Госпад іхні ў якасьці ахвяры за ласку Сваю. Таму што наракалі на Госпада і гатовыя былі зьмяніць свабоду сваю на катлы з мясам у палоне Эгіпецкім, а пайшой Ён з наступным пакаленьнем, якое паверыла Богу і пакрочыла за Ісусам сынам Нава ў Зямлю Абяцаную: «Майсей, раб Мой памёр; дык вось, устань, перайдзі цераз Ярдан гэты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я даю ім, сынам Ізраілевым. Ніхто ня ўстоіць перад табой. Не адступлюся ад цябе і не пакіну цябе» (Ісус Нава 1:2;5).
Дык ці не адчуваем мы, гледзячы на «першае пакаленьне» народа, збаўленага з няволі, што свабода – гэта непахісная вера, ахвярная вера адданая Таму, Хто, па веры нашай, дасьць нам і манну з зямлі і ваду са скалы і прывядзе нас у Зямлю Абяцаную.

Але вярнемся ад тых старажытных часоў да сучаснасьці, якая ёсьць сёньня, тым больш, што пытаньні свабоды і парадку хвалююць нас ня меньш, чым нашых продкаў. На жаль, атрымалі мы ў спадчыну краіну, зьнявечаную камунізмам, гэтую духоўную пустыню, дзе пануе любоў да залатога цяльца, дзе пануе зло ў-ва ўсіх яго праявах і дзе царква Божая, як Ян Прадвесьнік, прапаведваючы ў гэтай пустыні, заклікае грэшнікаў да пакаяньня.

Праблема нашага грамадзтва тая-ж, што і ў часы Эгіпецкага палону народа Ізраільскага: ёсьць парадак – няма свабоды, ёсьць свабода – няма парадку. Прыхільнікі вызваленьня ад дыктатуры, у сваёй большасьці, атрымалі не свабоду, а магчымасьць распаўсюджваць разбэшчанасьць, бездухоўнасьць і яшчэ больш чым пры дыктатуры паклананяцца балванам ад кінематографа, эстрады, а таксама фінансавых і крымінальных сфэраў. І дзе ж тут парадак? Прыхільнікі разьмяркованага кавалка кілбасы, нягледзячы на ўкладзеную працу, патрабуюць вяртаньня «моцнай рукі», інакш кажучы вяртаньня да катлоў Эгіпецкіх. І дзе ж тут свабода?

А зараз, працягваючы нашыя разважаньні, зноў зьвернемся да Бібліі і каб усьвядоміць гэтыя паняцьці - свабода і парадак – запытаем сябе: «Адкуль яны ўзяліся і што было першае – свабода ці парадак?» Чалавек створаны свабодным, бо створаны на падабенства Божае: «І сказаў Бог: “Створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага. Няхай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам і над усёй зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі”» (Быц 1:26). Чалавек створаны свабодным, свабодным у межах волі і ласкі Божай, з дадзенай яму ўладай над усёю зямлёю і стварэньнямі зямнымі, бо ўлада дадзеная чалавеку Богам павінна выкарыстоўвацца дзеля падтрыманьня і захоўваньня таго парадку, які ўсталяваўся пры Божым сьветастварэньні: «І ўзяў Госпад Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго» (Быц 2:15). Больш таго, Бог даў чалавеку памочніка: «І сказаў Госпад Бог: “Нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму”» (Быц 2:18). Бог даў ім магчымасьць свабодна кіраваць усім зямным і супольна захоўваць Божы парадак, які быў ўстлёваны Госпадам на зямлі.
Але сталася так, што чалавек сам пазбавіў сябе свабоды, бо першы парушыў парадак, які належала яму захоўваць. Ён зграшыў, бо ня выканаў наказ Госпада: «А з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж з яго, бо ў дзень, калі ты пакаштуеш з яго, сьмерцю памрэш» (Быц 2:17). І вось на гэтым этапе гісторыі чалавека здарылася катастрофа: «Праз аднаго чалавека грэх увайшоў ў сьвет, і праз грэх – сьмерць» (Рым 5:12).

 Адносіны нашых продкаў з Богам былі разбураныя. Яны, нашыя  продкі, згубілі сваю свабоду, бо сталі залежыць ад грэху. Больш таго, іхнія адносіны адзін да аднога сапсаваліся з-за падазронасьці, хлусьні, недаверу, хцівасьці і іншых наступстаў грэху. Паўстаньне чалавека супраць Творцы мела вельмі сур’ёзныя вынікі. Грэх парушыў гармонію ў сьвеце. Другі закон тэрмадынамікі, які кажа пра тое, што ўсё ў сьвеце імкнецца да хаосу, сцьвярджае біблійную праўду пра тое, што ўсё знаходзіцца ў рабстве тленьня: «Што і само стварэньне будзе вызвалена з няволі сапсутасьці на свабоду славы дзяцей Божых» (Рым 8:21). Розныя прыродныя катастрофы, якіх не было да таго, як грэх увайшоў у сьвет – гэта знак прысутнасьці грэху і ягонага ўплыву на сьветабудову. Грэх скасаваў свабоду чалавека, зрабіў яго залежным ад сябе, грэх нарадзіў непарадак у адносінах паміж людзьмі, паміж краінамі, паміж людзьмі і краінамі.

Але Госпад Бог, які даў нам свабоду выбара паміж дабром і злом, вельмі любіць створаны Ім сьвет і любіць чалавека, як створанае Ім падабенства Сваё, ня хоча зьнішчаць Свае стварэньні. Наадварот. Ён хоча збавіць сьвет, Ён хоча ачысьціць сьвет ад грэху. Дзякуючы Сваёй любові да нас, Ён дзіўным спосабам умешваецца ў разьвіцьцё гісторыі чалавека: «Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3:16-17). Ніякім розумам чалавечым, нават калі скласьці ўсе лепшыя розумы ў адзін, немагчыма ўявіць памер любові Госпада нашага да нас і да нашага сьвету, але мы можам параўнаць памер Божай любові да нас з той неабсяжнай ахвярай, якую паклаў перад Айцом Сын Ягоны, дзеля збаўленьня нашага, дзеля збаўленьня сьвету, створанага Айцом, каб ачысьціць сэрцы нашыя і сьвет наш ад грэху і каб вярнуць страчаную намі свабоду.

Парадак – гэта правільная іерархія, гэта правільныя адносіны да Бога, гэта правільнае вывучэньне Слова Божага, гэта правільныя адносіны да царквы, гэта правільны шлях жыцьцёвы – шлях з Хрыстом і ў Хрысьце.
Першапачатковая іерархія была ідэяльная: Бог – чалавек –парадак, які даў у карыстаньне чалавеку Творца. Але чалавек згоршыўся спазнаўшы зло, ён набыў неспакой і непарадак у сэрцы сваім і гэты неспакой, гэты непарадак быў перанесены на ўзаемаадносіны паміж асобнымі людзьмі і на грамадзтва ў вогуле.
Але вось Добрая вестка – чалавек наўрад ці мог выдумаць гэта сам. Бог аддаў Сына Свайго ў ахвяру за нас. У Ісусе Сын стаў сапраўдным чалавекам: «Які, падобна нам, дазнаў спакушэньня ў-ва ўсім, апрача грэху» (Геб 4:15), каб збавіць нас: «Дык вось, калі Сын вызваліць вас, праўдзіва станецеся вольнымі» (Ян 8:36). Айцец жадае вярнуць нас у Дом Свой праз пакаяньне і веру ў збаўляльную ахвяру Ісуса Хрыста і дае нам новую іерархію: спачатку Бог – потым чалавек, які мае новае жыцьцё ў Хрысьце Ісусе, які мае Новы Запавет Айца – і потым парадак, які ўсталёўваецца ў сэрцы Духам Сьвятым, які адчувае патрэбу выходзіць з сэрца чалавека і ўсталеўвацца ў адносінах да іншых людзей. Таксама і свабода, якая пачынаецца ў сэрцы і якая ідзе ад Хрыста: ад Ягонай ахвярнай любові, ад Ягонай велічы і сьвятла, ад Ягонай праўды і справядлівасьці, бо гэта і ёсьць Божы парадак.

Дабраславі Госпадзе выбраных Тваіх у Хрысьце Ісусе, дабраславі Госпадзе свабоду іхнюю, атрыманую ад Хрыста, дабраславі Госпадзе парадак у іхніх сэрцах і няхай дзейнічае Дух Свьвяты, зьнішчаючы хаос сэрцаў нашых, даючы ім парадак і супакой. Госпадзе, зьвярні ўвагу на тых, хто яшчэ не навярнуўся, у каго непарадак у сэрцы і душа ў несупакоі. Краніся іхніх сэрцаў, адкрый ім Хрыста і хай дзейнічае Дух Святы адраджаючы іхнія душы, ператвараючы хаос сэрцаў іхніх у Божы парадак і хай будуць яны Тваімі выбранымі.

Дабраславі Госпадзе Царкву Тваю, бо менавіта ёй прызначыў Ты вярнуць народу Твайму разуменьне парадку і свабоды. Толькі Ісус, сваёй ахвярай, праз Нявесту Сваю Царкву зробіць наш народ свабодным, бо калі няма веры – няма і свабоды. Свабода – штандар веры праз кроў Хрыста і калі асноўнае месца ў сэрцы займае Госпад і Царква, ад гэтага і будзе Божы парадак.

Дабраславі Госпадзе краіну нашую, яе кіраўнікоў, усіх тых, ад каго залежыць дабрабыт і падтрыманьне парадку ў грамадзтве і няхай сэрцы іхнія і думкі, якія ідуць ад сэрца, будуць свабоднымі ад усяго заганага, што ёсьць у гэтым сьвеце і няхай той парадак, які ўсталюецца ў свабодных сэрцах выліваецца непрыпыннымі струменямі ў нашае грамадзтва і няхай кожны чалавек, які адчувае гэтую свабоду і гэты парадак з вялікай годнасьцю скажа: «Дзяржава – гэта я» і няхай гэтыя адказныя словы гучаць, як імкненьне берагчы і захоўваць тую свабоду, якую дае нам Збаўца і той парадак, які дае нам Бог. Амэн.


Рецензии