Про соль земли
«Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубіць сілу, то
чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не
надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на
патаптаньне людзям» (Мац 5:13).
Мы жывем у тым часе, які можна сьмела называць унікальным, бо маем цудоўную магчымасьць канстатаваць, фіксаваць і нават сьведчыць пра імклівыя зьмены ў якасьці нашага жыцьця, як дарэчы ў жыцьці некалькіх папярэдніх пакаленьняў. У жыцьцё Божага стварэньня ўпэўнена ўвайшла і вельмі актыўна ўзьдзейнічае на яго навука. Навука поўніцца дзіўнымі таямніцамі і дае нам вялікае разуменьне сьвету, у якім мы жывем і, дзякуючы гэтаму, мы маем цудоўную магчымасьць кіраваць ім і валодаць ім, як гэтага жадае Бог, бо Ён нам загадаў гэта: «І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: “Пладзіцеся і множцеся, і напаўняўце зямлю і валодайце ею, і валаладарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае на зямлі”» (Быц 1:28).
Навука дала нам электрычнасьць, медыцыну, самалёты, радыё і тэлебачаньне. Навука падоўжыла нам жыцьцё, дала цудоўную магчымасьць пераадольваць працяглы шлях за вельмі кароткі час. Навука дала нам яшчэ шмат і шмат магчымасьцяў палепшыць свой дабрабыт і лепш пазнаць навакольле, якое атачае нас. І гэта ёсьць слава Госпада, бо гэта Ён даў нам такія здольнасьці і таленты, каб мы пазнавалі тое, што дадзена нам Госпадам ва ўладу і каб мы, пазнаючы сьвет, бачылі веліч Творцы. Бог так хоча. Бог стварае нам гэтыя зручнасьці, каб мы мелі яшчэ большыя магчымасьці служыць Яму.
Але чалавек, як заўсёды, праяўляе сваю няўдзячнасьць і замест таго, каб дзякаваць Бога і служэньнем адказваць на Ягоную любоў ды клопат пра нас, пачынае лічыць дасягненьні навукі, як свае дасягненьні і таму выбірае зло, бо адварочваецца ад Бога. І гэта адваротны бок разьвіцьця навукі. Сьвет губляе Божую мараль і ўсё глыбей падае ў прорву грэху. Ці можна станоўча ставіцца да таго, што законы грамадзтва дазваляюць адбіраць жыцьцё ненароджанага чалавека, жыцьцё, якое дае толькі Бог. Ці ёсьць у чалавека такія паўнамоцтвы? Ці дазваляў яму гэта Бог? Нават недасьведчаны чалавек напэўна скажа, што не. Але людзі адварочваюцца ад Бога і будучы упэўнены, што чалавек сам сабе валадар, выпускаюць законы, якія дазваляюць аднаполыя бракі, легалізуюць прасьцітуцыю і шмат яшчэ іншых рэчаў, якія агідныя і ненавісныя Богу, бо парушаюць Тыя прыказаньні, якія Ён даў людзям дзеля іхняга сапраўднага прызначэньня.
Так, мы бачым разьвіцьцё навукі, але таксама бачым і дэградацыю чалавека. Духоўную дэградацыю. Навука, сама па сабе, не выбірае паміж добрым і дрэнным, бо адкрывае таямніцы нашага фізічнага жыцьця, але нічога ня кажа пра духоўнае жыцьцё. Навука паляпшае нашае фізічнае жыцьцё і не адказвае за духоўны асьпект гэтай праблемы. Праблема духоўнай дэградацыі цалкам кладзецца на чалавека, які карыстаючыся набыцьцём тэхнічнага прагрэсу процістаіць Госпаду і Ягонай Царкве. І таму Ісус Хрыстос кажа сваім верным: «Вы – соль зямлі». Але чаму соль? Разважым пра гэта.
Соль, як каштоўная рэч у жыцьці чалавека і якая дадзена нам Богам, мае некалькі прызначэньняў для ўжываньня. Па-першае, соль дае ежы смак, бо пранікае ў ежу і асольвае яе. Сапраўды, паспрабуем наогул не пасаліць прыгатаваную страву і адчуць прыемнае задавальненьне. Здаецца што не адчуем і здаецца, што кінемся шукаць соль і саліць, каб атрымаць задавальненьне ад ежы. Гэта па-першае, а па-другое, соль патрэбна нам, каб захоўваць розныя прадуктовыя вырабы ад псаваньня. Соль, вельмі каштоўная і неабходная рэч у жыцьці чалавека. І таму Ісус Хрыстос кажа вучням Сваім: «Вы – соль зямлі». Але што здарылася з сольлю зямлі, якая ёсьць Царква Хрыстова, калі зямля псуецца, а людзі дэградуюць? Чаму так шмат веруючых, але дэградуе культура? Чаму дэградуюць людзі ў сваім духоўным разьвіцьці? Чаму ідэі ліберальнага багаслоўя, якія зьнішчаюць чысьціню Эвангельля і парушаюць Божыя пастановы, умацоўваюць свае пазіцыі, як гэта мае месца ў Заходняй Эўропе і нават у Амерыцы? Можа соль губляе сваё прызначэньне і не асаляе зямлю і душы людзей так, як гэта падабаецца Госпаду? А можа соль страчвае сілу і становіцца непрыдатнай, як кажа Ісус Хрыстос: «Хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям”?»
Адзін выдатны прапаведнік распавёў прыклад са свайго жыцьця, як назіраньне, сьведчаньне і адкрыцьцё. Аднойчы, цудоўна прыгатаваны жонкаю ўкраінскі боршч стаўся быць непасоленым. Дык гэта ж не праблема, вазьмі салонку і пасалі гэтую прыгажосьць. Але як ён ня трос гэтую салонку, соль ніяк не выскоквала з яе. Што здарылася? Можа салонка пустая ці што іншае? Усё аказалася прасьцей. Салонку трэба было крышачку пракруціць, каб адкрыліся дзірачкі праз якія пасыпалася соль. Такім чынам цудоўна прыгатаваная ежа была збаўлена ад недасканаласьці і задаволіла тых, хто яе пакаштаваў. Гэтае назіраньне кажа пра тое, што нашыя цэрквы, як тая салонка, маюць соль – соль, пра якую казаў Ісус Хрыстос, але яна не выходзіць у сьвет, бо людзі, на жаль, падзялілі царкву і астатні сьвет, як тую салонку, што не раскрылі перад баршчом. І што ў выніку? Бізьнес, мастацтва, законатворчасьць ды шмат якія яшчэ сфэры нашага жыцьця засталіся бяз солі Госпадавай і таму ня маюць таго смаку, які падабаецца нашаму Госпаду.
Але ці цікавіць Госпада такія сфэры нашага жыцьця, як мастацтва, бізьнес, разьвіцьцё навукі і гэтак далей? Так, цікавіць і Пісаньне кажа пра гэта: «Госпадава зямля і ўсё, што на ёй, сусьвет і ягоныя жыхары» (Пс 23:1). Бог цікавіцца і тым, як мы вядзем свой бізьнэс, як мы паводзім сябе на вуліцы ці ў якім грамадзкім месцы, бо ўсё прыналежыць Богу і Яму неабыякава, як мы ставімся да Ягоных стварэньняў ды адзін да аднога. Бог дае здольнасьці і нават таленты людзям. Дае адкрыцьці Сваім людзям і Сваёй Царкве. І не абмінае ніякай дзейнасьці любога чалавека. Тут варта прыпамятаць прыповесьць Ісуса Хрыста пра закопаны ў зямлю талант. Богу ня ўсё роўна, як чалавек карыстаецца грашыма, якія Ён дае нам. І таму зразумела, што Ён называе таго, хто закапаў свой талант у зямлю: «Ліхі раб і гультай» (Мац 25:26). Не, Богу ня ўсё роўна, як мы жывем, што чытаем, як праводзім свой вольны час і як мы працуем. У Пісаньні Божым напісана пра ўсё і ў прыватнасьці пра ўсякую дзейнасьць чалавека, як фізічную, так і духоўную.
Зямля патрабуе солі, сьвет патрабуе солі. Так хоча Бог, бо хоча каб тыя, каго Ён назваў сольлю зямлі, асалілі сабою гэты сьвет і ўпрыгожылі смак гэтай зямлі. Бог патрабуе рэфармацыі, якая ўвойдзе у гэты сьвет, якая ўвойдзе ў кожнае жыцьцё, каб перамяніць існуючыя ня Божыя законы на тыя законы, якія адпавядаюць Божым стандартам.
Мы жывем у апошні час, але няхай ня думае ніхто, што можна не рабіць нічога, каб зьмяніць гэтую зямлю, бо Пісаньне, на апошняй сваёй старонцы кажа і пра гэта: «Крыўдзіцель няхай яшчэ крыўдзіць, і брудны няхай яшчэ брудзіцца, і праведны няхай яшчэ чыніць праведнасьць, і сьвяты няхай яшчэ асьвячаецца». (Адк 22:11).
Так, чалавечая прырода сапсаваная грэхам і мы ведаем, што грэх, на жаль, будзе множыцца і няпраўда будзе прагрэсаваць. Але і праведнасьць нашая павінна прагрэсаваць і множыцца, але больш хутка і тады мы пераможам. Так хоча Бог. Ён хоча, каб мы перамаглі і таму мы не павінны хавацца, але быць моцнай Царквой, як моцнае цела Хрыстова ў славе Сваёй. Мы павінны працаваць на Ягоную славу, каб перамагчы разам з Госпадам нашым Ісусам Хрыстом.
Госпадзе, умацуй нас у сіле Тваёй. Умацуй нас Духам Тваім і няхай Дух Сьвяты распаляе нашыя сэрцы і дае ўсё новыя і новыя сілы, каб перамагчы няправеднасьць гэтага сьвету і праславіць імя Тваё. Дай нам, Госпадзе, быць зброяй Тваёй. Дай нам дастойна і цьвёрда несьці сьцяг Тваёй праведнасьці і сьвятасьці. Дай нам Госпадзе быць сольлю Тваёй, каб асаліць гэтую зямлю, зямлю, якую даў нам Ты. Умацуй нас Госпадзе ў слове Тваім, умацуй нас Госпадзе ў праўдзе Тваёй, умацуй нас Госпадзе ў сіле Тваёй, бо мы змагаемся і жывем дзеля славы Айца, Сына і Духа Сьвятога. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122201724