Про десятую Божью заповедь

ПРА ДЗЕСЯТУЮ БОЖУЮ ЗАПАВЕДЗЬ


«Ня прагні дому блізкага твайго;ня прагні жонкі
блізкага твайго,ні раба ягонага, ні рабыні ягонай,
ні вала ягонага, ні асла ягонага,нічога, што ў
блізкага твайго»(Вых 20:17).

Жаданьне Госпада, каб нашая душа была напоўнена міласэрнай любоўю і сэрца нашае было чыстае ад жаданьняў, якія супярэчаць гэтай любові – вось мэта гэтай Божай запаведзі. Сэнс жа запаведзі ў тым, каб да нас не прыходзіла ніякая думка, якая была б здольнай запаліць нашае сэрца жаданьнем, якое можа прынесьці шкоду блізкаму. Бог дае нам накірунак, што ўсякая справа, якую мы задумалі, павінна быць добрай і карыснай для нашых блізкіх. Папярэднія запаведзі Бога накіроўваюць нас у дзеяньнях і толькі апошняя, дзесятая запаведзь, патрабуе ад нас чыстаты нашага розуму і нашых думак, бо менавіта ад іх зыходзяць нашыя дзеі. Складаецца уражаньне, што Бог, праз Пісаньне, падводзіць нас да гэтай складанай тэмы праз больш простыя запаведзі дзеяньня. Ад простага да складанага і ў гэтым праяўляецца найвышэйшая Божая мудрасьць, бо дзеяньне – ёсьць зьява другасная ад жаданьня розуму.

У папярэдніх запаведзях Госпад жадае, каб закон любові упакорваў волю чалавека, ягонае імкненьне і ягоныя справы, але зараз Ён жадае, каб Яму былі падпарадкованыя і нашыя думкі, якія нараджаюцца ў нашым розуме і, каб яны не былі адмоўнымі. Раней Бог забараніў нашым сэрцам аддавацца гневу, нянавісьці, распуснасьці, хцівасьці, ілжы. Зараз жа Ён забараняе нашаму розуму турбаваць нашае сэрца, падштурхоўваючы яго да гэтых адмоўных справаў.

Бог мае права патрабаваць ад нас такой глыбокай праведнасьці. І вось чаму. Усе мы ведаем і разумеем, што ўсе нашыя душэўныя пачуцці павінны служыць братэрскай любові да атачаючых нас людзей. І калі ў наш розум заляціць хоць бы адна адмоўная думка, дык гэта значыць, што нашая душа заганая. Атрымліваецца так, што калі толькі ў тваім розуме нарадзілася думка, якая здольная прынесьці шкоду твайму блізкаму, дык гэта значыць, што ты шукаеш асабістай выгады. Але, калі тваё сэрца напоўнена любоўю, дык ніякі такі намер ня ўзьнікне ў тваім розуме. Калі ж адмоўныя жаданьні авалодалі сэрцам чалавека, дык гэта значыць, што сэрца ягонае пазбаўлена любові. Сьвяты Аўгустын кажа, што наш Госпад патрабуе ад нас такой любові да блізкага, якая не азмрочана ніякім чужым жаданьнем. Бог патрабуе такое заміранае сэрца, якое не магло б укалоць ніякае джала і ўзьняць яго супраць Закону любові.

Дзесятая Божая запаведзь – гэта другая Скрыжаль Закону, што паказвае нам наш абавязак у адносінах да людзей, які зыходзіць ад любові да Бога і на якой стаіць любоў да блізкага. Бог патрабуе ня толькі устрымлівацца ад дрэнных дзеяньняў, але і не дапускаць нават самага малога жаданьня да прычыненьня шкоды іншаму.

Запаведзь забараняе нам быць незадаволенымі тым, што ў нас ёсьць. Мы маем на ўвазе нейкія матэр’яльныя рэчы і таму выкананьне запаведзі – гэта выпрабаваньне на зайдрасьць кожнага з нас. І гэта вельмі сумна, калі ў нас ужываюцца думкі пра тое, што мы хочам мець тыя ці іншыя рэчы, як у некаторых, выбраных намі людзей і больш таго - крыху лепей і абавязкова, каб гэтыя людзі бачылі гэта. Кропка, прыплылі. Вымушаны канстатаваць, што сэрца нашае ў загане і любові ў ім да нашага блізкага няма. Калі мы пачынаем думаць і разважаць у зайдрасьці, дык мы вельмі шкодзім, найперш, самім сабе, бо адмаўляемся ад супакою і набываем толькі горыч. І калі хто-небудзь распачынае матэр’яльную гонку за кім-небудзь, дык калі і атрымае нейкі вынік, але ж задавальненьне наўрад ці, бо хутчэй за ўсё набываецца ня тое, што патрэбна на самой справе, і гэта дзеяньне, да таго ж няўгоднае Богу.

Мэта запаведзі – дасканалая праведнасьць, як упадабленьне жыцьця чалавека чыстаце Бога, як узору, бо Бог наш адлюстраваў у гэтай запаведзі Сваю прыроду. Майсей кажа свайму народу: «Дык вось, Ізраіле, чаго патрабуе ад цябе Госпад, Бог твой? Таго толькі, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, хадзіў усімі шляхамі Ягонымі і любіў Яго, і служыў Госпаду, Богу твайму і ад усёй душы тваёй, каб трымаўся запаведзяў Госпада і пастановаў Ягоных, якія сёньня наказваю табе, каб табе было добра» (2 Зак 10:12-13). Заўважым, што Майсей прамаўляе людзям накірунак Госпада з адзінай мэтай – каб нам, людзям, было добра. Бог хоча нам дабра, бо любіць нас і таму дае правілы жыцьця. Выкананьне закону дае нам магчымасьць набліжацца да сьвятасьці Госпада і праз гэта аб’ядноўвацца з Ім: «І загадаў Госпад Майсею сказаць: “Абвясьці ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і скажы ім: “Сьвятыя будзьце, бо сьвяты Я Госпад, Бог ваш”» (Ляв 19:1-2).

Ісус Хрыстос дае накірунак для дасягненьня падобнай сьвятасьці: «Настаўнік, якое найбольшае прыказаньне ў Законе?» А Ісус сказаў яму: “Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім”. Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне. Другое ж падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”. На гэтых двух прыказаньнях трымаецца ўвесь Закон і Прарокі» (Мац. 22:36-40). Ісус Хрыстос хоча, каб усё нашае жыцьцё было напоўнена любоўю да Бога, бо менавіта з гэтага выліваецца любоў да блізкага. Пра гэта ж кажа апостал Павал: «Канец жа загаду ёсьць любоў з чыстага сэрца, і добрага сумленьня, і веры некрывадушнай» (1 Цім 1:5). Мы бачым, што добрае сумленьне і вера, як дабрачыннасьць ды страх перад Госпадам, ёсьць любоў, бо недарма апостал Павал бачыць дасканаласьць веруючага ў любові: «А па-над усё апраніцеся ў любоў, якая ёсьць вузел дасканаласьці» (Кал 3:14).

Бог не патрабуе ад нас нейкіх дабротаў для Сябе, але прымушае нас рабць добрае блізкаму: «Я сказаў Госпаду: “Ты Госпад мой. Даброты мае Табе не патрэбныя. Да сьвятых на зямлі і да дзівосных Тваіх – да іх уся зычлівасьць мая”» (Пс 15:2-3). Закон, які даў нам Бог, накірованы толькі на тое, каб мы несьлі карысьць блізкім сваім, бо ў ім няма нічога, што магло б даць падставу чалавеку рабіць карысьць сабе. Бог вучыць нас гэтаму, бо ведае, што людзі, па сваёй прыродзе, вельмі любяць менавіта сябе і таму Ён дае нам Свае запаведзі, каб не распаляць у нас любоў да самога сябе, якая і так ня ведае меры. Таму відавочна, што добрым жыцьцём жыве той, хто як мага меней жыве для сябе, але як мага болей для іншых. З гэтага мы павінны разумець, што той, хто жыве толькі дзеля сябе і бачыць у кожным сваім кроке асабістую выгаду – жыве неправедна і беззкаконна.

Каб лепш паказаць, якую любоў мы павінны несьці да блізкага, Госпад і указвае на нашую любоў да саміх сябе. Але трэба адразу паставіць заслону тым, хто хоча перавярнуць гэтае вучэньне, бо перспектыва любіць іншых, а гэта значыць служыць ім, ня вельмі падабаецца, а дакладней вельмі не падабаецца самалюбцам, якія з задавальненьнем прымаюць сафістычныя перакруты сэнсу запаведзі. Яны сьцьвярджаюць, што Госпад запаведуе кожнаму, ў першую чаргу, любіць самога сябе і ўжо потым блізкага свайго. Бог ня хоча гэтага. Ён хоча, каб мы пераносілі на іншых тую любоў, якую мы адчуваем у сабе, бо як кажа апостал Павал, што любоў не шукае свайго: «Любоў доўга церпіць, робіць дабро; любоў не зайздросьціць; любоў не вывышаецца, не надзімаецца, ня робіць непрыстойнага, не шукае свайго, ня гневаецца, ня думае ліхога» (1 Кар 13:4-5). Самалюбцы хочуць паказаць, што любоў да сябе – гэта галоўная складаючая запаведзі, а любоў да блізкага павінна падпарадкоўвацца ёй. На гэта мы адказваем, што Госпад паказвае нам, што любоў, якая з-за нашай прыроднай сапсаванасьці паверутая намі на нас саміх, павінна распаўсюджвацца на іншых, каб мы заўсёды былі гатовыя рабіць добрае іншым ня ў меньшай ступені, чым самі сябе.

Зараз разважым, як далёка павінна распаўсюджвацца для нас гэтая запаведзь? Мы маем сваякоў – блізкіх і далёкіх, мы маем іншых людзей, з якімі жывем побач і з якімі цесна кантактуем, але мы жывем у вялікім горадзе, жывем у краіне, дзе асноўная большасьць людзей нам невядомая. Як жа размяркаваць сваю любоў? Адказ на гэтае пытаньне дае нам Ісус Хрыстос у прыповесьці пра добрага самараніна, калі паказвае, што пад блізкім трэба разумець і самога далекага, па сьвецкім меркам, чалавека: «Нейкі чалавек зыходзіў з Ерусаліму ў Ерыхон і натрапіў на разбойнікаў, якія зьнялі з яго вопратку, зьбілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога. Здарылася, што нейкі сьвятар зыходзіў гэтай дарогаю і, убачыўшы яго, прамінуў яго. Таксама і лявіт, апынуўшыся на тым месцы, падыйшоўшы і ўбачыўшы, прамінуў яго. А Самаранін нейкі, ідучы, найшоў на яго і, убачыўшы яго, зьлітаваўся. І, падыйшоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў карчму, і паклапаціўся пра яго» (Лук 10:30-34).
Чалавечае жыцьцё так збудаванае, што вакол нас ёсьць людзі, з якімі мы маем вельмі цесныя зносіны, ёсьць і такія, з якімі мы сутыкаемся ня шмат, а ёсьць наогул незнаёмыя нам людзі і гэта не абраза Госпада, калі мы аддаем больш сваёй любові тым людзям, якія знаходзяцца побач з намі. Але мы разумеем, што павінны абдымаць сваёй любоўю ўсіх людзей, ня робячы ніякіх выключэньняў і ня робячы адрозьненьняў паміж веруючымі і няверуючымі, паміж беларусам і эфіёпам. І нават паміж сябрам і ворагам, бо мы павінны бачыць чалавека ў Боге, а не саміх па сабе. І калі мы гэта не прымаем, дык пачынаем блукаць шляхамі вялікіх і малых памылак, але калі мы хочам ісьці Божым шляхам, шляхам праведнасьці, дык нам ня сьлед глядзець на людзей крытычна, а сьлед глядзець на Бога, Які патрабуе ад нас, каб мы распаўсюджвалі любоў да Яго на ўсіх людзей і кіраваліся Ягоным правілам. Які б ня быў чалавек, мы абавязаныя яго любіць, калі мы любім Бога.

Ісус Хрыстос у Нагорнай пропаведзі вучыць: «Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”. А Я кажу вам: “Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас і перасьледуюць вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ў небе, бо Ён узьнімае сонца Сваё над добрымі і злымі і спасылае дождж на праведных і няправедных. Бо калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам нагарода? Ці ж ня так робяць і мытнікі? І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж не такім чынам робяць і мытнікі? Дык будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш, Які ў небе» (Мац 5:43-48). Ісус патрабуе ад нас гэтага, каб сталіся мы дзецьмі Айца.

Гэта вялікае нашае разважаньне – ці любім мы людзей у незалежнасьці ад таго хто ён і які ён так, каб бог лічыў нас сваімі сынамі ці дочкамі.

Нам запаведана любіць Бога ўсім сэрцам, усёй душой, усім нашым разуменьнем і калі ня ўсе сілы і часткі нашае душы накірованы на гэта, дык мы адхіляемся ад паслушэнства Закону, бо калі нас дасягаюць спакусы, дык гэта яўная прыкмета таго, што ўлада Госпада недастаткова моцна зацьвердзілася ў нашым розуме і ў нашым сумленьні.

Калі стаць у праўдзе і паглядзець на сябе ўважліва, дык становішча адкрыецца вельмі дрэннае і амаль безнадзейнае, бо кожны з нас зьнявечаны грэхам.

Жаданьне дабра ёсьць у кожнага з нас, але жыць па закону – вось пытаньне. Кожны з нас любіць сябе і абдзяляць сябе, у той ці іншай ступені, ня хоча. Калі мы хочам дасягнуць сваёй асабістай карыснай мэты, дык знаходзяцца аргумэнты і нават праяўляюцца артыстычныя здольнасьці. Мы так любім сябе, што ацэньваем сябе вельмі недасканала. Бог бачыць гэта і Сваім Законам прымушае нас не абдзяляць блізкага.
Але, на жаль, пры ўзаемаадносінах кожны думае пра сваю пазіцыю і зацікаўленасьць, як самую важную. Тут можна прыгадаць псіхалогію пешахода і аўтамабіліста. Кожны думае пра тое, што іншы бок перашкаджае яму жыць, Пешаход скардзіцца, што з-за гэтых аўтамабіляў немагчыма, бяз рызыку для жыцьця, перайсьці на другі бок дарогі, а аўтамабіліст, у свой час, нярвуе з-за недысціплінаванасьці пешаходаў і толькі закон матывуе, і тых і другіх, быць уважлівымі адзін да аднога. Трэба прыкладваць немалыя высілкі, каб прымусіць сябе паслужыць свайму блізкаму. Напрыклад, людзі шукаюць сяброў, а потым расчароўваюцца ў іх, але ня хочуць зразумець, што прычынай расчараваньня могуць быць яны самі, бо чакаюць ад сябра выкананьня любога капрызу і іншага падобнага ўдзелу ў іхнім жыцьці. Нельга думаць, што сябар гэта той, што заўсёды дапамагае, бо трэба задаць пытаньне сабе: «А каму дапамог ты?». Трэба кожнаму з нас засвоіць правілы , якія нясе ў сабе Пісаньне. Калі хочаш, каб с табою сябравалі – будзь сяброўскім; калі хочаш, каб табе дапамагалі – дапамажы першым; калі хочаш, каб табе зрабілі нешта прыемнае – зрабі гэта першым; калі хочаш да сябе ўвагі – сам будзь уважлівым.

Вялікі прыклад служэньня блізкаму даў нам Ісус Хрыстос, калі пад час апошняй вячэры, Ён абмыў ногі вучням Сваім і наказаў рабіць тое ж з іншымі: «Устае ад вячэры, скідвае з Сябе адзеньне і, узяўшы ручнік, падперазаўся. Потым налівае вады ва ўмывальніцу і пачынае абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падперазаны.  Тады падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: “Госпадзе! Ці ж Табе абмываць ногі гэтыя?» Адказаў Ісус і сказаў яму: “Што Я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаешся пасьля”. Пётр кажа Яму: “Не абмыеш ног маіх да веку”. Адказаў яму Ісус: «Калі не абмыю цябе, ня будзеш мець часткі са Мною”. Кажа Яму Сымон Пётр: “Госпадзе, ня толькі ногі мае, але і рукі, і галаву» (Ян 13:4-9). Петр, нягледзячы на тое, што яму служыць і абмывае ногі сам Бог, патрабаваў значна больш, чым яму было прыгатавана. Трэба быць сьціплымі і ўважліва назіраць за сабою і не патрабаваць ад бліжняга таго, што хочаш менавіта ты па свайму разуменьню.

Калі мы сталі ў праўдзе і ўбачылі сваю злачыннасьць ды недасканаласьць, дык мусім  прыйсьці да высновы і канстатаваць, што самастойна мы ня здолеем пазбавіцца таго зла, што ляжыць у нашым сэрцы і што нам патрэбны Збаўца, што Сваёй ахвярнай любоўю выбавіць нас і пакажа шлях да праведнасьці ды сьвятасьці. І гэты накірунак дае нам Бог у запаведзях Сваіх. Амэн.


Рецензии