Про жизнь и смерть человека
«Ты паклаў прад Сабою правіны нашыя і нашы
тайноты ў сьвятло аблічча Твайго. Дзён гадоў
нашых – семдзесят гадоў; а пры большай моцы
восемдзесят гадоў; а самая лепшая іх пара –
праца і хвароба, бо праходзяць хутка, і мы ляцім.
Хто ведае сілу гнева Твайго, і лютасьць Тваю па
меры страху Твайго? Навучы нас так лічыць нашыя
дні, каб нам мудрае сэрца набыць» (Пс 89:8-12).
Чаму? Гэтае пытаньне ўзьнікае амаль што ў кожнага з нас, калі
мы чуем ці становімся сьведкамі сьмерці нашых блізкіх і проста знаёмых людзей. Што дае нам гэтае пытаньне? Якія разважаньні спараджае яно? Можа пра тое, хто аўтар нашага жыцьця і ад каго залежыць яно? Нехта думае, што гэта ёсьць сам чалавек. Так, гэты нехта дапускае, што Бог стварыў зямлю і першых людзей, але далей усё залежала ад саміх нашчадкаў Адама і Евы. Жыцьцё і сьмерць – гэта вынік тых якасьцяў, якія дадзены чалавеку ад прыроды: розуму, здольнасьцяў, кліматычных умоваў, магчымасьці прыстасоўвацца да існуючага ладу грамадзтва і нават проста ад фартуны. Так лічыць чалавек, які жыве бяз Бога і спадзяецца ў сваім жыцьці перш за ўсё на свае асабістыя сілы. Але ці так гэта?
Веруючы чалавек разумее, што нараджэньне чалавека, як і ягоная сьмерць вызначаны Госпадам. І ў гэтай справе няма ніякай выпадковасьці, бо выпадковасьць ня ёсьць катэгорыя Бога. Бог – гэта альфа і амега ўсяго, бо толькі Ён вызначае пэўны час для нашага зьяўленьня ў гэтым сьвеце, як і тое, калі нам выйсьці адсюль. Толькі Ён вызначае час нашага зямнога жыцьця і зусім невыпадкова мы жывем у дваццаць першым стагодзьдзі, бо Госпад ведаў кожнага з нас яшчэ да пачатку ўсяго і вызначаны Ім час нашага жыцьця зусім не выпадковы, але ёсьць часткаю Божага плану.
Бог вызначае апошнюю хвіліну нашага жыцьця. Нават самагубства, якое замысьлівае іншы чалавек, ня можа адбыцца, калі гэтага ня хоча Бог. Так, калі чалавек зыходзіць з гэтага сьвету, дык безумоўна тое, што гэта ёсьць трагедыя. І ня толькі для чалавека, але і для Бога, бо Ён не ствараў сьмерць. Бог стварыў чалавека для жыцьця вечнага і тое, што сьмерць зьявілася, як катэгорыя жыцьця, вінаваты сам чалавек. Сьмерць – гэта вынік непаслушэнства Богу. Калі прыходзіць сьмерць да нестарога чалавека, дык мы адчуваем, што гэта няправільна і што так не павінна быць. Але гэта ёсьць. І кожны дарослы чалавек ведае, што сьмерць прыйдзе да кожнага з нас, але ня ведае калі, бо гэта, як і нараджэньне не ў ягонай уладзе. Сьмерць – гэта вынік таго, што мы знаходзімся ў бунце перад Госпадам, бо ўсе зграшылі пачынаючы ад Адама: «Як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх — сьмерць, і гэтак сьмерць перайшла на ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі» (Рым 5:12).
Сьмерць прыходзіць да ўсіх. І да добрых, і да злых. Гэта пытаньне часу. Але калі мы сустракаемся з выпадкам сьмерці нечаканай, дык як нам ставіцца да гэтага? Адказ на гэтае пытаньне дае нам Ісус Хрыстос: «Або ці думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх, хто жыў у Ерусаліме?» (Лук 13:4-5). Сам факт сьмерці нечаканай кажа пра тое, што мы жывем толькі нейкі час і толькі па міласьці Божай, бо калі б гэтага не было, дык сьмерць напаткала нас, умоўна кажучы, сто ці тысячу разоў. Грэх валодае чалавекам, а плата за грэх – сьмерць. Сьмерць – гэта напамін пра грэх кожнаму з нас. Але Бог дае нам міласьць жыцьця і гэта ласка Божая. Ён дае нам час, каб мы зразумелі сьмерць як наступства грэху і прыйшлі да Яго ў пакаяньні і шчырасьці сэрца праз Ісуса Хрыста.
«Навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць». Гэта словы Давіда, якія ён зьвяртае да Госпада. Давід зьвяртаецца да Бога, як да Аўтара і Творцы жыцьця чалавека. Таго, Хто пастанаўляе як пачатак, так і заканчэньне жыцьця любога з Ягоных стварэньняў. Давід зьвяртаецца да Госпада за мудрасьцю, бо толькі мудрасьць Божая дазваляе нам правільна лічыць дні нашага жыцьця. Кожны дзень з Богам – гэта сапраўдны дзень жыцьця чалавека. Усё астатняе, за выключэньнем чатырнаццаці гадоў дзяцінства,– сьмерць. Няхай кожны з нас самастойна падлічыць сапраўдны тэрмін свайго жыцьця ў гэтым сьвеце і няхай нехта не зьдзіўляецца, што сапраўдным дарослым жыцьцём ён і ня жыў, бо ўвесь гэты час знаходзіўся ў мёртвым стане, бо жыцьцё бяз Бога – гэта сьмерць пры жыцьці. Бог – гэта Аўтар нашага жыцьця ад нараджэньня і да сьмерці. І калі хто думае, што ягонае жыцьцё залежыць ад яго самога, дык ён вельмі памыляецца. Чалавек – гэта ніякі аўтар і бязглузды творца, бо стварае безліч зла, калі адмаўляе сам факт стварэньня Таму, хто яго стварыў на самой справе. Калі кожны з нас прыпамятае ўсё нядобрае і неразумнае, што ён зрабіў у сваім жыцьці, дык напэўна адчуе, што шмат і шмат разоў пазьбегнуў сьмерці. Чаму? Ці не таму, што Бог любіць нас за ўсё тое добрае, што Ён даў нам ад нараджэньня? Бог вядзе нас, нягледзячы на ўсе нашыя свавольлі, бо калі б толькі мы былі адказныя за ўсе нашыя ўчынкі, дык наўрад ці кожны з нас здолеў бы пражыць столькі, колькі жыве кожны з нас. Бог кіруе нашым жыцьцём, таму і жыве кожны з нас столькі, колькі дазваляе нам Бог.
Паглядзім на жыцьцё чалавека. Калі мы бачым шматлікія выпрабаваньні і пакуты, дык здаецца, што іншаму чалавеку лепш было б не нараджацца, каб так мучыцца ў гэтым сьвеце. Давід дае нам мудрую параду, калі просіць у Бога: «Навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць». Давід падказвае нам, што нашае жыцьцё цалкам залежыць ад Бога, і што трэба, разумеючы гэта, прасіць Яго мудрасьці, каб правільна лічыць дні нашага жыцьця. Але большасьць людзей ня чуе і не разумее гэтага, бо знаходзіцца ў-ва ўладзе бунта супраць Госпада. І таму дзіўна ня тое, што мы бачым шмат дрэннага ў нашым жыцьці, але дзіўна тое, што адбываецца нешта добрае. Кожнаму з нас трэба прасіць у Госпада мудрасьці, каб думаць і планаваць сваю будучыню ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Творцы да Сваіх стварэньняў. Нам трэба мець мудрае сэрца і прасіць гэта ў Госпада, як рабіў гэта і мудры Давід.
Мы ўсе жывем у гэтым сьвеце ня дзеля сябе, дакладней павінны жыць ня дзеля сябе, але для пацьверджаньня велічы і славы Госпада. Мы павінны жыць для Госпада і паміраць разам з Ім. У гэтым мудрасьць жыцьця чалавека. Давайце запытаем сябе: «Што будзе з намі праз дваццаць гадоў. Што нас чакае?» Пенсія, добры заробак, моцны фізічны стан ці што іншае? Што мы чакаем ад будучыні? Можа тое, што курс даляра і беларускага рубля стане аднолькавым, а можа тое, што нехта з нас стане ўладальнікам мільярда даляраў, ці нават тое, што каму-небудзь пабудуюць помнік на галоўнай плошчы вашага горада? Лухта і марнасьць, бо трэба думаць пра тое, што мы за гэты тэрмін можам зрабіць для Госпада. Вось правільны накірунак у поглядзе на будучае. Вось у чым мудрасьць чалавека. Астатняе – гэта падман д’ябла, бо калі ты марыш пра сваю асабістую будучыню, дык гэта падман і зьнявага Госпада. Трэба памятаць, што кожны з нас стане прад аблічча Госпада на Ягоны суд. І як ён пакажа Богу сваё жыцьцё, што прадставіць перад Ім? Сваю маёмасьць «нажытую непасільнай працай»? Сваю працу, якой трымаліся, каб зарабіць паболей грошай і каб набыць тую самую маёмасьць? Не, Бог не адмаўляе ў маёмасьці нікому, але як чалавек адкажа на пытаньне: «А што ты зрабіў у сваім жыцьці для Таго, Хто даў табе жыцьцё, розум, здольнасьці і нават таленты?» Які будзе адказ?
Ісус Хрыстос кажа вучням Сваім прыповесьць пра гаспадара дома, які насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам у арэнду. Але вінаградары хутка палічылі гэты вінаграднік сваёй маёмасьцю і адмовіліся аддаваць частку пладоў гаспадару дома. Нават забілі пасланцаў гаспадара. На пытаньне Ісуса пра тое, што зробіць гаспадар з гэтымі вінаградарамі, Яму адказалі: «Ліхадзеяў гэтых жорстка выгубіць, а вінаграднік здасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час» (Мац 21:41). Гэтая прыповесьць, у той ці іншай меры, пра кожнага з нас. Нашае жыцьцё – гэта Божы вінаграднік, які Ён даў нам у пэўны час. Дакладней, Бог даверыў нам Свой вінаграднік, каб мы даглядалі яго, карысталіся ягонымі пладамі, але памяталі і тое, што трэба плаціць Госпаду арэнду ў выглядзе пашаны, праслаўленьня і выкананьня Ягоных загадаў. Бог перыядычна пасылае да нас Сваіх служыцеляў і пытае нас: «Што зрабіў ты канкрэтна для Бога?» Дык давайце ня будзем паводзіць сябе так, як тыя вінаградары, што адмаўлялі гаспадару і таму атрымалі сьмерць.
Стары запавет дае нам шмат прыкладаў таго, як Бог ставіцца да тых людзей, якія «не рабілі спадобнага ў вачах Госпада Бога свайго». Бог не пакідае тым пашаны і славы у вачах і памяці нашчадкаў. Гэтыя людзі, няхай і высакародныя, застаюцца ў гісторыі фігурамі ня больш, чым статыстычнымі. Наадварот тыя, хто «робіць добрае ў вачах Госпадавых» атрымлівае ад Госпада пашану і славу на ўсе наступныя вякі. Як Давіду валадару даў Бог славы, так і нам дасьць яе, калі мы таксама, як і Давід, будзем хадзіць Божымі шляхамі. І ня трэба будаваць пірамід Эгіпецкіх, як Хеопс, але, як Майсей, што нічога матэр’яльнага не збудаваў, ушанаваны сярод людзей і па-сёньня, бо быў разам з Богам і рабіў спадобнае ў вачах Бога. Прынясем плод Госпаду і ўшанаваныя будзем. І дрэнныя справы таго, хто адкідае Ісуса Хрыста, спадзяючыся толькі на сябе, бо такіх чакае суд і пакараньне. Той, хто жыве для сябе толькі, але не для Госпада, пакараны будзе. Мы не павінны спадзявацца на сваю жыцьцёвую мудрасьць, але павінны абапірацца на мудрасьць Ісуса Хрыста.
Бог вызначыў тэрмін нашага жыцьця, як і працягласьць, колькасьць і наступствы нашых хваробаў; кожны стук сэрца адлічаны, кожная бяссоная гадзіна прадугледжана. Ні вялікае, ні малое не здараецца бяз волі Таго, у Каго падлічаны кожны волас на нашай галаве. Мудрасьцю Божай мяжа чалавечага жыцьця вызначана ў адпаведнасьці з міласьцю Божай. Выпрабаваньні і пакуты ня падаюць на нашыя голавы зьнянацку – кожны ўдар Божага жэзлу ў вялікай точнасьці вымераны і ўзважаны, бо Той, хто не зрабіў ні воднай памылкі пры стварэньні сусьвету, ня можа памыляцца і ў нашым жыцьці. Той, Хто вызначыў межы нашага жыцьця, таксама вызначыў і межы нашых пакутаў.
Ня важна, як і якім чынам памірае чалавек. Важна тое, каб нас тычыліся словы Писаньня: “Усе яны памерлі ў веры” (Геб 11:13). Калі мы жывем у веры і яна служыць нам суцяшэньнем і накірункам, дык і сьмерць прыдзе да нас у духоўнай ласцы Божай і на той цудоўнай ноце, якая гучала і ў жыцьці нашым.
Давайце шукаць тое, што прыгатаваў нам Бог, каб прыдбаць мудрасьць. Давайце станем перад Госпадам з тымі здольнасьцямі і з тым розумам, што даў нам Бог, каб паслужыць Яму сваім жыцьцём і праславіць Яго ў вышынях. Бог даў Сына Свайго, каб мы маглі прынесьці плод, які чакае ад нас Айцец і пражыць сваё жыцьцё з мудрасьцю Божай. Разам з Айцом, Сынам і Духам Сьвятым. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122200197