Про зло
«І вас, якія былі некалі адлучаныя і ворагі,
разуменьнем зьвернутыя да злых справаў, цяпер
пагадзіў ва ўласным целе Яго праз сьмерць, каб
паставіць вас сьвятымі, і беззаганнымі, і
бездакорнымі перад Сабою» (Кал 1:21-22).
Пытаньне існаваньня зла вельмі важнае, бо для гэтага ёсьць некалькі сур’ёзных прычынаў.
Па-першае, існаваньне зла – гэта аргумент на карысьць атэізму.
Па-другое, зло тычыцца ўсіх нас, бо кожны з нас, так ці інакш, задумваецца над тым, чаму з добрымі людзьмі здараецца нешта дрэннае і чаму гэта нешта дрэннае ўвогуле здараецца.
І па-трэцяе, існаваньне зла – гэта ня проста тэарэтычная, але практычная праблема, бо непасрэдна тычыцца ўсіх нас. Гэта ня проста процістаяньне двух разуменьняў - Бога і зла. Праблема зла ня ў нашых словах і кнігах, але ў тых словах, якія пачуліся з Крыжа «Элі! Элі! Лама сабахтані?, што значыць: «Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты Мяне пакінуў?”» (Мац 27:46).
Асноўная форма праблемы зла – гэта погляд на ягонае несправядлівае размяркаваньне ў сьвеце. Усім вядома, што сонца сьвеціць аднолькава ўсім, як і хваробы, што чапляюць правых і няправых. Хрысьціянства кажа, што вырашэньне гэтай праблемы ляжыць у разуменьні першароднага грэху і выбаўленьні чужой віны. Калі мы ўявім сабе чалавецтва ўвогуле, як ствол дрэва, а асобных людзей, як шматлікія галінкі гэтага дрэва, дык будзем уражаны напрыклад тым, што такія людзі, як Сталін і Гітлер – нашыя блізкія, як дарэчы і Радзівіл Чорны ці Васіль Быкаў. Усе людзі на зямлі ў пэўным сэнсе блізкія адзін да аднога і таму аб’яднаныя першародным грахом. Але ці можна было пазьбегнуць першароднага грэху? Напэўна так, але для гэтага Бог павінен быў бы пазбавіць нас свабоднай волі і зрабіць нас ня людзьмі, а жывёламі. Ці стварыць нас незалежнымі адзін ад аднога істотамі, якія ня маюць ні сям’і, ні спадчыны на падабенства анёлаў. Таму першародны грэх і пераходзіць праз ствол дрэва чалавецтва на кожнага з нас.
Выбаўленьне чужой віны кажа пра тое, што як грэх вінаватага можа нашкодзіць невінаватаму, так і пакуты невінаватага могуць выбавіць віну грэшніка. Выбаўленьне чужой віны азначае, што чыісьці пакуты могуць выбавіць каго-небудзь ад грахоў нейкім нявідзьмым шляхам, дзякуючы таму, што ўсе людзі блізкія праз дрэва чалавецтва. Ісус Хрыстос быў нашым братам і таму Ягоныя пакуты выбавілі ўсю Ягоную сям’ю.
Праблема зла мае ў нашай сьвядомасьці некалькі узроўняў адчуваньня. Першы, ніжэйшы ўзровень – гэта адчуваньне зла на фізічным, «жывёльным» узроўні, бо калі мы вымушаны губляць жыцьцё нашага роднага чалавека, дык мы рэальна адчуваем зло на сабе. Другі ўзровень – інтэлектуальны, калі мы пачынаем разважаць. Мы пачынаем бачыць супярэчнасьць паміж злом і любоўю Бога, бо зло, як нам падаецца, абвяргае Бога, а гэта ўжо аргумент для атэіста, бо калі Бог абвергнуты, дык Яго і няма. І яшчэ адзін, самы глыбокі ўзровень адчуваньня зла – гэта тое, пра што кажа Пісаньне і што сустракаецца ў нашым кожнадзённым жыцьці: катастрофы, розныя жыцьцёвыя драмы і іншыя здарэньні. Зло тут ня проста існуе, але здараецца. І тут вынікае наступнае. Вырашэньне праблемы зла павінна быць у тым асяродзьдзі, у якім зло існуе і здараецца.
Зло – гэта драма ўсёй чалавечай гісторыі і таму гэтая праблема бачыцца вельмі складанай, амаль невырашальнай. Часам здаецца, што зло мацнейшае за дабро. Зло – гэта слон у краме з посудам, дзе стаяць крохкія вазы дабра. Адно злое слова можа зьнішчыць сяброўства, здрада можа разбурыць сямью, адзін націск на ядзерную кнопку можа зьнішчыць увесь сьвет. І каб вырашыць гэтую праблему, трэба зьвярнуцца да Пісаньня і паглядзець, як да яе ставіўся і як яе вырашаў Ісус Хрыстос. Яго запыталі фарысеі, ці трэба забіваць камянямі за блуд: «Кажуць Яму: “Настаўнік, гэтая жанчына злоўленая на чужалостве. Майсей жа ў Законе загадаў нам гэткіх каменаваць. А Ты што скажаш?» (Ян 8:4-5).
Калі б Ён дазволіў забіць яе камянямі, Ён быў бы жорсткім і парушыў бы Сваё вучэньне пра дараваньне грахоў, а калі б Ён сказаў вызваліць яе, дык дазволіў бы зло і парушыў бы закон Майсея. Больш таго, калі б Ісус Хрыстос дазволіў забойства, Ён парушыў бы закон Рыма, а калі б вызваліў яе, дык наклікаў бы на Сябе варожасьць юдэйскіх уладаў. Дылема. Што ў такіх выпадках адказваць: так ці не? Калі мы скажам злу так, дык дазваляем злу быць, а калі не, праклінаем ці ненавідзім яго. Дазваляць злу быць – гэта значыць згаджацца з ім і таму быць злым. Але і ненавідзець зло – значыць быць злым, бо ненавісьць сама па сабе ня што іншае, як зло. Як жа вырышыў гэтую дылему Ісус Хрыстос? Ён дае наступны адказ: «Хто з вас бязгрэшны, няхай першы кіне камень у яе». І, зноў нізка нахіліўшыся, пісаў на зямлі. Яны ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшыняў, аж да апошніх. І застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне. Ісус выпрастаўся, і, ня бачачы нікога, акрамя жанчыны, сказаў ёй: “Жанчына! Дзе тыя, хто абвінавачваў цябе? Ніхто не асудзіў цябе?” Яна сказала: “Ніхто, Госпадзе!” Ісус жа сказаў ёй: “І Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы» (Ян 8:7-11).
Просты адказ Ісуса можна выказаць адным словам - прабачэньне. Прабачэньне не дазваляе грэх, але і не праклінае яго. Прабачэньне прызнае, што зло – гэта зло, але яно зьнішчае сувязь паміж грэшнікам і грэхам і выбаўляе грэшніка ад грэху. Тое ж самае дзеяньне робіць і пакаяньне з боку самога грэшніка. Пакаяньне і прабачэнье дзейнічаюць разам, каб выдаліць гэтую цяжарную сувязь грэшніка са злом.
Нам здаецца немагчымым прымірыць правасудзьдзе і міласэрнасьць, але Бог гэта можа. Трэба сказаць, што ня ўсё так проста для нашага ўсьведамленьня гэтай праблемы, бо нам можа здавацца, што Бог мусіць ахвяраваць адно дзеля другога: Ён павінен ці пакараць грэх сьмерцю, ці не. Нам здаецца, што міласэрнасьць – гэта ўхіленьне ад правасудзьдзя, а правасудзьдзе – гэта адмаўленьне грэшніку ў міласэрнасьці.
Бог вырашае гэтую праблему на Галгофе, бо правасудзьдзе зьдзейсьнілася і грэх быў пакараны так, як самое пекла, што пакінутае Богам, але міласэрнасьць і прабачэньне, пры гэтым, дасталіся нам. Як гэта нам зразумець больш канкрэтна і выразна? Разважаем. Адно чалавечае цела ня можа быць у двух месцах адначасова, а два могуць. Грэшнік, адзіны са сваім грэхам, ня можа адначасова атрымаць справядлівае пакараньне і міласэрнае прабачэньне, але Ісус Хрыстос, ахвяраваўшы Сабою дзеля нас, аддзяляе грэх ад грэшніка. Мы можам аддзяляць грэх ад грэшніка толькі ў думках сваіх, а Ісус Хрыстос гэта робіць рэальна. Грэх атрымаў справядлівае пакараньне у Ягонай Асобе, а мы, грэшнікі, атрымалі міласэрнае прабачэньне ў нашай чалавечай асобе.
Біблийная формула збаўленьня людзей ад грэху заклікае ўсіх нас пакаяцца і верыць. Так, Ісус Хрыстос набыў ужо для нас збаўленьне на Крыжу і набыў аб’ектыўна, але суб’ектыўна мы павінны яго яшчэ прыняць, як прыняць і Збаўцу, Які аддзяліў грэх ад грэшніка. Пакаяцца і верыць – гэта значыць сказаць Ісусу Хрысту - так; непакаяньне ды нявер’е – гэта наш спосаб сказаць Яму - не.
Што ёсьць зло і як мы яго разумеем? Яно існае ці фізічнае, а можа гэта нейкі склад зла фізічнага і маральнага?
Адказ на гэтае пытаньне нам дае Аўгустын у сваёй «Споведзі». Ён зразумеў, што ўсё існае – гэта дабро ў сваім быцьці, бо ўсё існае – гэта ці Творца, ці Ягонае тварэньне. Творца добры і Ён абвясьціў добрым усё стваранае Ім: «І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі» (Быц 1:31). І з гэтага вынікае, што ўсякае быцьцё – гэта дабро. Калі б зло было існым, дык праблема зла была б невырашальнай, бо атрымалася б, што Сам Бог стварыў зло, а гэта непрымальна, бо Бог ёсьць любоў і дабро. Зло – гэта ня рэч, бо рэчы ня злыя самі па сабе. Пісталет, сам па сабе ня злы. І тое, што ён сваёю куляй забівае, ня значыць, што ён злы. Дзе тут зло? У намерах і выбару, што прыносяць няправільны парадак у фізічны сьвет рэчаў і дзеяньняў. Зло ў тым, што куля сустракае нявіннага, а не таго, хто гэта насамрэч заслугоўвае. Нават д’ябал добры ў сваім быцьці, бо гэта таксама стварэньне Бога. Д’ябал – гэта дабро, якое стала злом. Вялікім злом, бо пашкоджаньне найлепшага, ёсьць найхужэйшае.
Нават фізічнае зло ня ёсьць існае. Калі ў нас моцна баліць галава – гэта фізічнае зло, але з гэтага не вынікае, што нашая галава злая і таму мы можам зрабіць выснову, што фізічнае зло – не матэр’яльнае. Прыкладаў можна прывесьці яшчэ вялікае мноства.
Зло реальнае, але ня так, як рэальная рэч. Аўгустын вызначае зло, як пазбаўленую свайго парадку любоў ці волю. Іншымі словамі, гэта разыходжаньне паміж нашай і Божай волей. Бог не стварае зло. Мы яго ствараем. І мы бачым гэта з гісторыі дабра Божага тварэньня і зла чалавечага грэхападзеньня.
Крыніца грэху – свабодная воля чалавека. Але ёсьць яшчэ і пакуты – фізічнае зло, якое, часам, не залежыць ад нашай грахоўнасьці, бо розныя хваробы прыходзяць як да праведнага, так і да няправеднага. І тут можа здацца, што Бог адказны калі не за грэх, дык за пакуты. Але, калі мы ўважліва прасочым за тэкстам трэцяга разьдзелу Кнігі Быцьця, дык убачым, што ўсе зямныя пакуты, якія мы атрымалі – гэта вынік нашага грэху. Грэх адрывае ад Бога душу, а разам з ёй і цела, бо душа і цела маюць еднасьць і калі гэта здараецца, дык непазьбежным сьледствам грэху зьяўляецца пачуцьцё болі і сьмерць.
І вось, пытаньне: «Ці сапраўды грэхападзеньне здарылася ў гісторыі чалавецтва?» Як кажуць мадэрністы, трэці разьдзел Кнігі Быцьця – гэта прыповесьць, якая вучыць нас, што ўсе мы грэшныя, а Адам і Ева – гэта проста сымбалі. Але гэта азначае тое, што людзі ніколі не былі невінаватыя, а Бог ніколі і не ствараў нас добрымі, як гэта кажа першы разьдзел Кнігі Быцьця. Калі чалавек з самога пачатку быў грэшным, дык і грэх быў з самога пачатку, але мы чытаем: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога» (Ян 1:1).
Гістарычны факт існаваньня Эдэму, як часу нявіннага і за якім прыйшло грэхападзеньне, дае нам Стары Запавет, але кожны з нас і нават тыя, хто ніколі ня чуў пра гэта, падсвядома ведае пра гэта Ніхто ня будзе аспрэчваць той факт, што ўсе людзі жадаюць поўнага шчасьця, але ніхто яго ня мае. Наўрад ці хто-небудзь не пагадзіцца з тым, што людзі жадаюць дасканалай мудрасьці, але таксама, як і шчасьця, ня маюць яе. Тое, што жадаем усе мы, ня мае ніхто, але мы жывём так, як быццам мы памятаем пра Эдэм і ніяк ня можам вярнуцца туды. Мы, як тыя каралі і каралевы, апранутыя ў лахманы, якія бадзяюцца па зямлі ў пошуках свайго пасаду. Таксама і тое, што мы не прымаем сябе такімі, якія мы ёсьць, даказвае тое, што мы падсьвядома жадаем сабе лепшага жыцьця, а гэта азначае, што якім-та чынам памятаем пра такое.
Каб зразумець сэнс тварэньня і грэхападзеньня разглядзім вельмі ўдалы прыклад у вобразе трох кольцаў, якія падвешаны адно за адным да магніту. Магніт сымбалізуе Бога, верхняе кальцо – гэта душа, сярэдняе – цела, ніжняе – прырода. Пакуль душа кранаецца Бога, сіла магніта пераліваецца па ўсяму ланцугу ад жыцьця Бога да жыцьця душы, цела і прыроды Усе тры кальцы трымаюцца разам, намагнічаныя сілай Бога, у гармоніі адно з адным. І вось, трагедыя розуму. Калі душа, якая мае свабодную волю, вырашаецца на самастойнасьць і адпадае ад Бога, дык раскідваецца і ўвесь ланцуг. Душа адпадае ад Бога, цела адпадае ад душы і ад прыроды. Наступствы вельмі сумныя, бо ўлада душы над целам – гэта тая ўлада ці сіла, якую яна атрымлівала ад Бога і якая ўзьдзейнічала на прыроду. І вось, канчатковы вынік. Калі Бог, Які даваў гэтую ўладу абвергнуты, дык страчваецца і тая ўлада, якую Ён перадаў і таму пакуты і грэх выходзяць ад чалавека, але не ад Бога.
Ніхто з нас у падрабязнасьцях ня ведае, як атрымалася адпадзеньне чалавека ад Бога, але мы ведаем, што Ён стварыў матэрыю і душу, увасобленую ў чалавечае цела. Цела, самое па сабе, ня зло, але зло, якое мы творым, ня толькі духоўнае. Яно яшчэ і цялеснае, ба нашыя целы – гэта частка нас саміх.
Праблема зла ўкладае ў сьвядомасьць чалавека пытаньне: «Калі Бог можа ўсё, дык чаму Ён не стварыў сьвет бяз грэху?» Але Ён сапраўды стварыў сьвет бяз грэху. Крыніца зла – не магутнасьць Бога, але чалавечая свабода, бо калі б Ён стварыў сьвет без чалавечай свабоды, дык гэта быў бы сьвет без людзей, бо не было б ня толькі нянавісьці, але і любові. Любоў нараджаецца свабоднай волею, бо пры атсутнасьці свабоднай волі няма чалавека, але ёсьць жывела, якая ня мае любові, а толькі прывязанасьць.
Запытаем сябе: «Ці мог усемагутны Бог стварыць сьвет, дзе прысутнічае свабодная воля чалавека і пры гэтым немагчымы грэх?» Мы ведаем, што нашая свабода азначае таксама і магчымасьць прысутнасьці грэху. І супярэчлівасьць гэтага пытаньня ў тым, што трэба ўявіць сьвет, у якім ёсьць свабодны выбар паміж дабром і злом. І, разам з тым, няма ніякай магчымасьці выбраць зло. Так, Бог можа ўсё, але Ён не стварае бязколерны колер ці круглы квадрат, бо стварэньне чагосьці безсэнсоўнага і супярэчлівага нельга лічыць Божай дасканаласьцю. Нашае разуменьне таго, што усемагутнасьць Бога не кранае самасупярэчлівасьці, дае нам разуменьне неабходнай прысутнасьці маральнага і фізічнага зла.
Усемагутнасьць Бога – гэта частка вырашэньня праблемы зла, бо нам бачыцца супярэчлівасьць паміж злом і ўсемагутным Богам. Але Бог здольны вырабляць дабро нават са зла, падпарадкоўваючы ўсё дзеля служэньня адзінай мэты дабра ў імя ўсіх, хто любіць Яго: «А мы ведаем, што тым, якія любяць Бога, пакліканым паводле Яго вызначэньня, усё дапамагае на дабро» (Рым 8:28).
Калі мы разважаем пра зло, дык павінны разглядзець і процілеглае дзеяньне – дабро. Але зло не заўсёды процілеглае дабру, бо час ад часу служыць яму. Дабро бяз зла – гэта гуманізм і таму ён ня больш, чым складаючая дабра, бо дабро больш складанае дзеяньне. Гуманнасьць – гэта, напрыклад, імкненьне вызваліць блізкага чалавека ад болі ці якой-небудзь непрыемнасьці. Але дабро – гэта значна болей. Чым больш мы любім, тым больш мы набліжаемся да разуменьня сапраўднага дабра. Бацькі гуманна адносяцца да чужых дзяцей, але да сваіх яны на шмат больш патрабавальныя. Мы гуманна ставімся да жывелы, але ад людзей мы чакаем большага, бо жадаем пазбаўленьня ад заганаў, невуцтва і грэху. Бог дазваляе пакуты і пазбаўляе нас задавальненьняў цела, каб даць нам вялікае дабро духоўнага разьвіцьця. Прыпамятаем Ёва і ягоныя пакуты. Бог дазволіў гэта не таму, што ненавідзеў Ёва. Наадварот. Ён любіў Ёва. Бог дазволіў пакуты, каб адкрыць Ёву радасьць убачыць Яго тварам да твару: «Я чуў пра Цябе слыхам вуха; а цяпер вочы мае бачаць Цябе. Таму я выракаюся і каюся ў пыле і попеле» (Ёў 42:5-6). І гэта ёсьць найвышэйшая радасьць і шчасьце чалавека, бо пакуты вызваляюць і ачышчаюць душу, каб у яе ўвайшло больш Бога, а значыць і радасьці. Бог дазваляе тое зло, якое можа стацца для нас вялікім дабром. Ня ўсё, што мы робім, дабро, але дабро – гэта ўсё тое, што робіць Бог і нават тое, што Ён не заўсёды ўмешваецца, каб пазбавіць нас зла. Бог не падобны на бацькоў, якія робяць за дзяцей дамашнія заданьні.
Разуменьня зла кранаецца таксама і разуменьня шчасьця, якое людзі разумеюць па рознаму. Розныя падыходы да разуменьня шчасьця нараджаюцца паміж павярхоўным, сьвецкім значэньнем гэтага слова і яго больш глыбокім і філасофскім значэньнем. Сьвецкае разуменьне нараджае праблему зла, але больш глыбокае разуменьне вырашае гэтую праблему.
Сьвецкае разуменьне шчасьця суб’ектыўнае, бо гэта асабістае адчуваньне. Такое шчасьце часовае і яно існуе толькі зараз. Адчуваньні прыходзяць, але яны і ўходзяць. Такое шчасьце – выпадковасьць, таму што яно намі не кантралюецца і знаходзіцца па-за нас. Прыклады такога шчасьця – грошы, сэкс, улада, прэстыж і іншыя часовыя рэчы.
Больш глыбокае, філасофскае разуменьне шчасьця азначае аб’ектыўнае становішча. Шчасьце для душы – гэта тое ж, што здароўе для цела. Мы можам адчуваць сябе здаровымі, ня будучы здаровымі, а можам адчуваць сябе хворымі, ня будучы хворымі. Мы можам адчуваць сябе шчаслівымі, ня будучы шчаслівымі, як быў шчаслівы Ёў, які пазнаў мудрасьць праз пакуты. Сапраўднае шчасьце – гэта нязьменае становішча, якое можа працягвацца ўсё жыцьцё, бо яно знаходзіцца пад нашым кантролем.
Галоўныя крыніца шчасьця – мудрасьць і дабрачыннасьць. І гэтая крыніца знаходзіцца ўнутры кожнага з нас. Шчаслівымі нас робіць тое дабро, якое знаходзіцца ў нашай душы, а ніяк ні матэрыяльныя каштоўнасьці і грошы, як і іншыя часовыя рэчы нашага жыцьця.
Бог накіроўвае ўсё нашае жыцьцё да сапраўднага шчасьця, бо любіць нас, але гэта не заўсёды зьвязана з пачуцьцём больш павярхоўнага сьвецкага шчасьця, бо сапраўднае шчасьце патрабуе мудрасьці, а мудрасьць набываецца праз пакуты. Адзін мудры чалавек сказаў: «Чалавек, які не спазнаў пакутаў – што ён наогул можа ведаць?» Сапраўднае шчасьце прабывае ў духу, а не ў целе і пачуцьцях. Яно знаходзіцца ў глыбіні нашага сэрца, як той якар, які чапляецца за дно, утрымліваючы карабель у бясьпецы, нават калі на паверхні бушуе бура і які дазваляе жыцьцёвым бурам выпрабаваць і ўмацаваць наш характар, бо такое нашае прызначэньне і такая воля Бога.
Існуе лагічная сувязь паміж духоўным і фізічным злом, бо прырода духоўнага і фізічнага зла, як і іхнія крыніца і сэнс, зьвязаныя паміж сабою.
Прырода духоўнага зла – гэта грэх ці адпадзеньне чалавека ад Бога, што прыводзіць да пакутаў, а пакуты – гэта прырода фізічнага зла.
Крыніца духоўнага зла – гэта свабодная воля чалавека, якая выбірае грэх, а духоўнае зло – гэта крыніца зла фізічнага.
Сэнс духоўнага зла ў тым, што Бог дазваляе яго дзеля захаваньня свабоднай волі чалавека, а сэнс фізічнага зла - гэта справядлівае пакараньне за грэх, але таксама і пэўны спосаб прадухіленьня іншых грахоў, як і набыцьцё духоўнага ўмацаваньня да будучай дасканаласьці.
Але застаецца пытаньне: «Як суадносіцца свабодны выбар чалавекам грэху і Божае наканаваньне, як і Ягонае дабро?» Сапраўды, з аднога боку мы свабодна выбіраем грэх, але з другога боку Бог прадбачыць і нават выкарыстоўвае гэты грэх. І больш таго, Ён вырабляе дабро са зла і дае гэтае дабро таму, хто любіць Яго, бо безумоўна тое, што гэтае дзеяньне падуладнае толькі Богу.
Зло – гэта духоўны разрыў і адпадзеньне ад Бога, што спараджае ў нас грэх і віну за грэх. Ісус Хрыстос прыйшоў у сьвет, каб вырашыць гэтую праблему, бо віна можа быць зьнятая толькі Богам, таму што віна - гэта паказчык парушэньня чалавекам Божага Запавету. Наогул віна мае вертыкальную накіраванасьць, бо гэта ўзаемаадносіны чалавека з Богам. Калі ж казаць пра гарызантальную накіраванасьць віны, дык яна мае месца паміж людзьмі і класіфікуецца, як сорам. Гэта розныя рэчы, бо нават найлепшы псіхолаг можа зьняць з нас адчуваньне сораму, але ад адчуваньня сапраўднай віны выбавіць ня здольны.
Вось чаму Бог паслаў на зямлю Свайго Сына і ніхто акрамя Ісуса Хрыста ня можа збавіць нас ад грэху і віны. Вера ў Ягоную збавіцельную ахвяру – адзіны адказ на рэальную праблему зла. І таму наша адзіная надзея – не на добры чыйсьці адказ, але на Добрую Вестку, што ёсьць Эвангельле. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122200220