Про содержание веры Авраама

ПРА ЗЬМЕСТ ВЕРЫ АБРАГАМА


«Вераю Абрагам, калі быў пакліканы, падпарадкаваўся,
каб ісьці ў месца, якое меў атрымаць у спадчыну, і
выйшаў, не разумеючы, куды ідзе. Вераю вандраваў ён
на зямлі абяцанай, як на чужой, жывучы ў намётах з
Ісаакам і Якубам, суспадчыньнікамі таго самага абяцаньня;
бо ён чакаў гораду, які мае падмуркі, якога майстар і
дойлід — Бог» (Геб 11:8-10).

Абрагам чакаў гораду, які мае Божы падмурак і дойлідам якога зьяўляецца сам Бог. Але што ёсьць дойлід? Гэта аўтар праекта, які стварае як форму, так і зьмест. Больш таго, дойлід забясьпечвае свайму тварэньню бясьпечнае існаваньне, але пры ўмове забясьпячэньня тых законаў будаўніцтва, выкананьне якіх патрабуе Бог. Бог запланаваў, але хто пабудуе? Так, мы. Усе тыя, хто верыць Божаму плану і хто прызначаны Богам да будаўніцтва Ягонага гораду для нас.

Абрагам – гэта пачатак працы Госпада над стварэньнем Свайго гораду для нас. Для будаўніцтва патрэбны будаўнікі, якія сумленна і ў чысьціні сэрца пабудуюць горад сваёй мары, бо Бог прызначае жыць у ім Сваім вучням-будаўнікам, якія прызнаюць Яго і павераць Дойліду свайго жыцьця – Ісусу Хрысту. Пачатак працы – гэта пакліканьне Абрагама, каб даць ад яго пачатак таго народу, які і стане будаўніком гораду Бога і які, з пакаленьня ў пакаленьне, будзе класьці цагліну за цаглінай, пакуль ня зьдзейсьніцца план Божы – забудова гораду-мары Абрагама, дзе, ў будучым, сустрэнецца ён з усімі сваімі нашчадкамі, якія пабудавалі гэты горад. Мара ў зьдзяйсьненьне Божага плану, як абяцаньня – вось вера Абрагама.

Але чаму менавіта Абрагама прызначыў Бог быць бацькам усіх веруючых? Чаму Абрагам спадабаўся Госпаду? Адказ на гэта дае Пісаньне: «І вывеў яго вонкі і сказаў: “Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты можаш палічыць іх”. І сказаў яму: “Столькі будзе ў цябе наступнікаў”. Абрам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў праведнасьць. І сказаў яму: “Я Госпад, Які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую на валоданьне”» (Быц 15:5-7). Бог абяцае Абрагаму зямлю і незьлічоную колькасьць наступнікаў. Ён кажа таксама і тое, што дзеля гэтага Абрагам быў выведзены з Ура Халдэйскага. Але зьвярнем увагу на тое, што ня сам Абрагам выходзіў з Ура Халдэйскага: «І ўзяў Тара Абрама, сына свайго, і Лота, сына Аранавага, унука свайго, і Сару, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў з імі з Ура Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую» (Быц 11:31). Мы бачым дзеяньне Божае, як і тое, што Бог гатуе Абрагама да пакліканьня, каб прызначыць яго бацькам Свайго народу.

Нагадаем, што Абрагам – нашчадак Сіма, сына Ноя. Адзінага праведніка, які быў захаваны Богам ад патопу, што зьнішчыў усё грэшнае чалавецтва. З гэтага можна зрабіць нейкае вызначэньне таго, што Абрагам захаваў Госпада ў сэрцы сваім, бо Бог дабраславіў Сіма і род ягоны. І таму мы можам зрабіць выснову, што Абрагам – гэта плод Божага дабраславеньня, як і тое, што план Божы для збудаваньня горада Свайго пачынаўся менавіта з моманту дабраславеньня Сімавага роду. І таму зараз паспрабуем адказаць на пытаньне: «Чаму Абрагам паверыў Госпаду?»

Абрагам меў Госпада ў сэрцы сваім, бо паходзіў з дабраславёнага роду Сіма. Абрагам паверыў Госпаду ня толькі таму, што Бог абяцае даць яму сына і ня толькі таму, што атрымае ў валоданьне зямлю Ханаанскую, але таму, што ён, разам з нашчадкамі сваімі, атрымае горад, законам існаваньня якога будзе Божы закон. Дзе будзе панаваць праведнасьць і ня будзе існаваць зло. Абрагам - гэта пачатак Божай працы па стварэньню новага народу. Гэта погляд Бога. Абрагам марыць, у нашчадках сваіх, убачыць народ праведны. Гэта жаданьне Абрагама. Жаданьне Бога супадае з жаданьнем Абрагама. Тое, што хвалявала Госпада, хвалявала і Абрагама. Абрагам паверыў Госпаду і гэта залічылася яму ў праведнасьць.

Абрагам меў мэту. Ён прагнуў бачыць уладу Госпада на гэтай зямлі і гэта дае веру Абрагаму, як і накірунак, каб ісьці па шляху Божым. Вера ў сілу Госпада – гэта і ёсьць сіла Абрагама. Абрагам меў агульную справу з Богам і таму ён меў і посьпех. Абрагам адчуваў адказнасьць за свае крокі ў жыцьці, каб адчуць і атрымаць абяцаньні свайго Бога. Нашчадкі Абрагама, як і сам ён – уласнасьць Бога і ён верыў у гэта. Мэта Абрагама нашмат большая за жыцьцё чалавека, бо яна праходзіць праз тысячагодьдзі і кранаецца нас з вамі – ягоных нашчадкаў. Нашчадкаў па веры ў сьвятло і чысьціню горада, які мае аснову, дойлід і будаўнік якога Бог.

Мара хрысьціяніна – гэта мара Абрагама. Ісьці да сьвятла, як гэтага хоча Бог, бо цемра душы – гэта бруднае адзеньне таго запрошанага на вясельны баль чалавека, але які ня можа быць пакліканым у валадарскія пакоі: «Увайшоўшы ж пабачыць тых, што ўзьлягалі, валадар убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельнае адзеньне, і кажа яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, ня маючы вясельнага адзеньня?” Той жа маўчаў. Тады сказаў валадар слугам: “Зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных”» (Мац 22:11-14). Ісус Хрыстос вядзе нас да нашай мары – да гораду, дойлідам якога зьяўляецца Ён і калі мы хочам ісьці за Госпадам, каб будаваць гэты горад, дык павінны быць адкрытымі і чыстымі для Бога і, разам з Ім, будаваць горад праведнасьці і сьвятасьці.

Горад мары Абрагама – гэта горад Божага панаваньня, да будаваньня якога быў пакліканы Ісаак і Якуб. Пакліканы быў і Давід, які казаў: «Бо адзін дзень у дварах Тваіх лепшы за тысячу. Хачу лепей быць каля парога ў доме Божым, чым жыць у намётах няславы» (Пс 83:11). Давід абвяшчае пра горад Божы: «Падмурак ягоны на горах сьвятых. Госпад любіць браму Сыёна больш за ўсе паселішчы Якуба. Славутае абвяшчаецца пра цябе, горадзе Божы» (Пс 86:2-3). Пакліканы быў і Саламон, якому Бог даў мудрасьць і веданьне: «І сказаў Бог Саламону: “За тое, што гэта было на сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці і славы і душы непрыяцеляў сваіх, і таксама не прасіў ты многіх дзён, а прасіў сабе мудрасьці і веданьня, каб кіраваць народам Маім, над якім Я паставіў цябе, мудрасьць і веданьне даецца табе, а багацьце і маёмасьць і славу Я дам табе такія, падобных да якіх ня было ў валадароў да цябе і ня будзе пасьля цябе» (2 Лет 1:11-12). Саламон не пайшоў за Госпадам да канца, чым і пазбавіў нашчадкаў сваіх валадарства, якое даў яму Бог. Гэта прыклад для тых, хто губляе розум, як Саламон, і кідаецца ў пакланеньне ідалам сьвецкага жыцьця, каб ісьці сваім асабістым змрочным шляхам да вечнай сьмерці, не заўважаючы шлях сьвятла ў горад Божы – мару Абрагама. Гэта прыклад таксама і тым, хто хоча быць супрацоўнікам Госпада, каб будаваць сьвяты горад Божы і прыносіць вялікую карысьць у гэтай справе. Няхай просіць у Госпада мудрасьці і веданьня, як рабіў гэта Саламон. І дадзена будзе яму. Бог заклікае і нас, бо таму і паслаў Сына Свайго, каб даць нам жыцьцё вечнае ў горадзе, дойлідам якога зьяўляецца Ён.

Божы горад ствараецца любоўю да Бога і насяляецца людзьмі, якія жывуць у Боге і няспынна, дзень у дзень, будуюць ды ўпрыгожваюць гэты горад любоўю і верай у Ісуса Хрыста. Гэта вечны горад. Сьвяты Аўгустын кажа пра гэта ў сваёй кнізе «Горад Божы»: «Нябесны горад вечны. Там ніхто не нараджаецца, таму што ніхто не памірае. Там сапраўднае і поўнае шчасьце, якое ёсьць дар Божы. Адтуль мы атрымалі заклад веры на той час, пакуль, вандруючы, сумуем пра ягоную прыгажосьць» Дарэчы, на думку Аўгустына, існуе і горад Зямны, які будуецца іншымі людзьмі. Тымі, хто любіць сябе і людзкую славу. Хто жыве толькі для сябе і ня хоча бачыць і чуць Таго, Хто даў яму жыцьцё і ўсё, што патрабуецца для ягонага існаваньня. Славу Садома і Гаморы будуюць яны і таму прызначаны да вечнага праклёну. Але той, хто будуе горад Божай любові, самаадана і верна, будуць вызначаныя да збаўленьня і жыцьця вечнага.

Ісус Хрыстос прыйшоў у гэты сьвет, каб даць нам гэты горад. Горад сьвятла, чысьціні і любові Божай. І калі мы ідзем да гораду з Ісусам Хрыстом, дык усе Божыя абяцаньні зьдзейсьняцца. У імя Айца, Сына і Сьвятога Духа. Амэн.


Рецензии