Про любовь к Христу
«Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Які нарадзіў, любіць
і Народжанага ад Яго. З гэтага пазнаем, што любім дзяцей
Божых, калі любім Бога і захоўваем прыказаньні Ягоныя.
Бо тое ёсьць любоў Божая, каб мы захоўвалі прыказаньні Ягоныя; і прыказаньні Ягоныя няцяжкія» (1 Ян 5:1-3).
У сваёй кнізе «Любоў да Бога» Чарльз Колсан расказвае, як ён задаваў веруючым адно пытаньне: «У чым праяўляецца іхняя любоў да Бога?» Людзі, адказваючы на гэтае пытаньне, казалі, што яны чытаюць Біблію, кожнадзённа моляцца, наведваюць царкву, ахвяруюць дзесяціны, змагаюцца з сваімі грахамі, але ніхто з іх не адказаў так, як сказаў Ісус: «Любіць Бога – гэта значыць павінавацца Божым запаведзям». Ісус кажа ў Слове Сваім: «Калі што папросіце ў імя Маё, Я зраблю. Калі любіце Мяне, захоўвайце прыказаньні Мае» (Ян 14:15). Нашая любоў да Бога, якая выказвае падпарадкаваньне Яму – адказ на Божую любоў да нас. Ісус таксама кажа, што любоў да Бога і любоў адзін да аднога, ў аднолькава падобнай ступені, адпавядаюць Ягоным запаведзям: «А Ісус сказаў яму: “Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім”. Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне. Другое ж падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”. На гэтых двух прыказаньнях трымаецца ўвесь Закон і Прарокі» (Мац 22:37-40). Ісус кажа, што калі мы любім Яго, дык будзем падпарадкоўвацца Ягоным запаведзям, бо запаведзі задаюць нам напрамак духоўнага руханьня і выразна кажуць, як нам рухацца, каб ісьці адным шляхам з Ісусам Хрыстом у сьвятле Ягонай любові да нас.
«Кажа яму трэці раз: «Сымон Ёнін, ці сябруеш ты са Мною?” Засмуціўся Пётр, што трэці раз спытаўся ў яго: “Ці сябруеш ты са Мною?”, і сказаў Яму: “Госпадзе! Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я сябрую з Табою!” Кажа яму Ісус: “Пасьві авечкі Мае”» (Ян 21:17). Калі мы толькі пачынаем ісьці за Ім, калі мы толькі пачынаем бачыць Яго, Ягоныя міласьці і славу, сэрцы нашыя напаўняюцца любоўю да Яго. Ён збаўляе нашыя злачынныя душы, а мы кажам пра нашую любоў да Яго, бо ня можа чалавек быць у Хрысьце і не любіць Ісуса Хрыста. Як зерне ў вільготных і цёплых умовах дае ўсход, так і нашыя душы пад уплывам міласьці Збаўцы даюць усходы любові і імкненьня да Яго.
Нашая любоў да Ісуса Хрыста – гэта ня толькі словы падзякі і ўхваленьня, але адчуваньне патрэбы нашых душаў і нашых сэрцаў імкнуцца да праведнасьці дзеля славы Госпада і асабістай радасьці.
Пра наступствы і пажаданыя вынікі сапоаўднай любові выразна кажуць гэтыя словы : «Вернасьць і ўпадабаньне».
Вернасьць – гэта імкненьне сэрца да Ісуса Хрыста, бо калі мы адчуваем гэтае імкненьне, мы жадаем быць вернымі свайму Госпаду, свайму Збаўцу і калі мы кажам Яму словы вывышэньня і праслаўленьня, мы пасьвячаем сябе вернасьці і самаадданасьці Хрысту, каб несьці славу Яго, укрыжаваную за нашыя грахі, але, якая ўзьнеслася да нябёсаў у вернасьці, Ягонай вернасьці да нас і да Айца Свайго Нябеснага.
Упадабленьне – гэта пачуцьце, калі мы жадаем і імкнемся быць падобнымі на Ісуса Хрыста, бо менавіта Ён падае нам найвялікшы прыклад любові да ўсіх нас, Ягонай ахвярнай любові за грэшныя нашыя сэрцы, каб навярнуліся мы і ўз’енчылі мы да Айца з імем Ісуса Хрыста, дзеля збаўленьня нашага за ўсе нашыя злачынствы, якія мы рабілі супраць Госпада. Мы жадаем быць, як Ён, цярплівымі і пакорлівымі, але непаграшальнымі ды свабоднымі ад спакусаў.
Калі мы аддаем усіх сябе, і ўсё, што маем, на служэньне Госпаду, дык гэта і ёсьць адзін з найгалоўнейшых паказчыкаў любові да Хрыста,- любові, як пасьвячэньне Хрысту.
Калі мы, усьведамляючы сваё збаўленьне, пасьвячаем сябе Госпаду, мы аддаем Яму ўсё, што маем: здольнасьці і таленты, якія ад Бога, частку нашых заробкаў і найперш – нашыя сэрцы. Усё, што мы маем, пасьвячаем мы Ягонай любові да нас, пасьвячаем ахвяры Госпада за нашае збаўленьне, за нашую свабоду ў Ісусе Хрысьце. Урачысты запавет паміж Богам і нашымі душамі быў зацьверджаны шчырай малітвай і разважаньнямі. Мы павінныя маліцца і разважаць, як вялікія сьвятыя, тыя, што без астатку прысьвяцілі свае жыцьці служэньню свайму Збавіцелю. Пасьвячэньне Хрысту – ёсьць пахаваньне і ўваскрасеньне разам з Ім у пакаяньні пры хрышчэньні. Пахаваньне для грахоў нашых і ўваскрасеньне дзеля новага жыцьця ў Ісусе Хрысьце. І няхай нашае пасьвячэньне будзе шчырым і адданым, але не пасьпешным.
Калі Госпад аднойчы кранаецца нашага сэрца і ператварае нашыя пакуты ў радасьць, мы, пад уплывам гэтага, прымаем рашэньні сумленныя і шчырыя, але якія, на самой справе, вельмі слабыя, каб змагацца з нявідзьмымі ў наступным спакусамі. Так казаў і Пётр Хрысту: «Адказваючы, Пётр сказаў Яму: “Калі і ўсе згоршацца дзеля Цябе, я ніколі ня згоршуся». Сказаў яму Ісус: “Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне”. Кажа Яму Пётр: “Калі б мусіў і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе”. Таксама гаварылі і ўсе вучні» (Мац 26:33-35). Нашая памылка ў тым, што мы даем абяцаньні, зробленыя з вельмі вялікай верай у нашыя асабістыя сілы. І што ў выніку? А ў выніку тое, што мы можам вельмі выразна пабачыць нашую слабасьць. Зноў пачуем Пятра: «Тады ён пачаў бажыцца і прысягаць, што ня ведае Чалавека Гэтага. І адразу запяяў певень. І ўзгадаў Пётр слова Ісуса, сказанае яму: “Перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне”. І, выйшаўшы вонкі, заплакаў горка» (Мац 26: 74-75). Так і мы, якія пабачылі сваю слабасьць, горка плачам, але калі мы адкрываем у сабе нашыя слабасьці, нашыя памылкі, Госпад даруе нам, а мы дасягаем большага веданьня Яго і таксама саміх сябе. І таму мы можам сказаць словамі Ісаі: «Адзін скажа: “Я – Госпадаў”, другі назавецца імем Якуба; а іншы напіша рукою сваёю: “Я – Госпадаў”, і назавецца імем Ізраіля» (Іс 43:5).
Пасьвячэньне павінна быць шчырым, сьвядомым, з адчуваньнем асабістай нявартасьці, ды з простай верай у збаўляльную Кроў Ісуса Хрыста. Мы павінныя пасьвячаць сябе Хрысту, падпарадкоўвацца Яму і калі спатрэбіцца, дык і да сьмерці. Бо калі мы пасьвячаем сябе Хрысту цалкам, мы прымаем Яго, як нашую паўнату, прымаем з усёй шчырасьцю, сьвядома і безумоўна. І калі хто з нас дарэмна траціць час, сродкі, таленты на ўсё, што заўгодна і не пасьвячае ўсё гэта Ісусу, дык ці могуць яны казаць пра шчырасьць іхняга пасьвячэньня, ці ўяўляюць яны, што заслугоўвае Збаўца і ці можна служыць Госпаду толькі трошкі? Няхай тыя, самі адкажуць на гэтыя пытаньні, але няхай зразумеюць яны, што ілжывая вера накліквае на іхнія душы жахлівае пакараньне. Хай будзем мы з дапамогаю Духа Сьвятога жыць дзеля Яго, хай будзем мы ўпакораныя, і будзем аддана шукаць Яго, як уваскросшыя з мёртвых разам з Ім.
Любоў да Хрыста робіць нас больш уважлівымі да асабістых паводзінаў. Калі мы сустракаем знаёмых ці калі мы прыходзім на служэньне, мы імкнемся быць больш уважлівымі да тых, з якімі мы размаўляем ці вядзем нейкія супольныя справы. І мы непакоімся, каб нашая прысутнасьць не была халоднай і ўчынкі нядобрымі. Так мы паводзім сябе пад уплывам адданасьці нашаму Збаўцы і чым больш мы адданыя Госпаду, тым больш мы ўважлівыя да асяроддзя і тым больш мы бачым сваю недасканалую натуру, якая не адпавядае славе Ісуса Хрыста. Таму веруючы павінен пазьбягаць нават выгляду зла і бегчы ад спакусы, як зрабіў гэта Язэп, каб вялікая блудніца не злавіла яго ў свае путы: «Яна схапіла яго за вопратку ягоную і сказала: “Кладзіся са мной. Але ён, пакінуўшы вопратку сваю ў руках у яе, пабег і выбег прэч”» (Быц 39:12).
Жах перад магчымасьцю ўпасьці – каштоўны набытак нашага духоўнага жыцьця. Чалавек, які не баіцца гэтага жаху, ніколі ня можа быць вельмі разумным ці вельмі любячым. Уважліва крочыць, адчуваючы прысутнасьць Бога, найлепшая гарантыя бясьпекі і шчасьця. Сваімі паводзінамі, мы павінныя процістаяць грэху, бо разумеем, што любоў да Хрыста і любоў да грэху ня могуць і не павінныя існаваць у адным сэрцы, бо яны – ворагі паміж сабой. Адзін дабрасумленны чалавек сказаў: «Калі хтосьці прэтэндуе на ўпэўненасьць у дараваньне праз заслугі Ісуса без нянавісьці да грэху пры ўяўленьні сваёй заганай натуры, я магу сьмела сказаць, што гэтая прэтэнзія – пусты самапогляд, які вядзе да вечнай пагубы іх безсьмяротнай душы».
Калі мы любім Госпада, мы будзем выконваць ягоныя запаведзі. Як жонка, якая любіць свайго мужа і слухаецца яго, так і нашая збаўленая душа атрымлівае асалоду, калі мы старанна выконваем запаведзі Ісуса Хрыста. Любоў да Хрыста вымушае нас да паслушэнства, яна вядзе нас да выкананьня ўсіх запаведзяў без выключэньня, яна пераадольвае наш дух непакорлівасьці, але схіляе нашыя сэрцы да адчуваньня, што народжаныя звыш, мы павінныя слухацца Настаўніка і выконваць тое, пра што Ён кажа нам. Мы будзем служыць Богу, калі любім Сына Ягонага. Мы павінныя імкнуцца да сьвятасьці Бога і дасканаласьці Ягонай, бо гэтае імкненьне і нашая любоў да Госпада, спадзьвігае нас з радасьцю служыць Яму і ператварае самае нязначнае служэньне ў ганаровае, бо мы лічым сваё служэньне вялікім і радасным, калі пакорліва падпарадкоўваемся свайму вялікаму Сябру.
Але давайце паглядзем уважліва на саміх сябе. Ці ўсё мы робім дзеля выкананьня запаведзяў Божых, ці аддана мы служым Госпаду, ці распраўленыя нашыя крылы, альбо ціха складзеныя? І калі мы ўбачым нешта адмоўнае, дык давайце неадкладна падумаем пра працу і любоў нашага Збаўцы, каб з дапамогай Духа Сьвятога аднавіць нашую любоў да Яго, бо калі ня зробім гэтага, дык будзем плакаць і скардзіцца прад Госпадам: «Як паблякла золата, як зьмянілася золата высакароднае! Камяні сьвяцілішча рассыпаны па ўсіх ростанях. Сыны Сыёна каштоўныя, роўныя шчыраму золату, цяпер, як чарэп’е глінянае каштуюць, як вырабы рук ганчара» (Ерам пл. 4:1).
Любоў да Хрыста дае нам сілы абараняць Збаўцу ад Ягоных ворагаў. Калі мы выбраныя Госпадам, дык павінныя быць больш уважлівымі да Ягонага імені, чым да свайго асабістага. Ісус дастойны такіх адносінаў. Ці не зьяўляецца дрэнным хрысьціянінам той, хто спакойна слухае зьнявагу і дазваляе яе вымаўляць каму-небудзь у бок Госпада? Не, мы не павінныя, як Пётр абараняць Яго мечам чалавечым, але мы ўзброеныя мечам Духа, які ёсьць у нас. І няхай мы яшчэ слабыя надзейна абараняць вежу праўды, няхай не валодаем моцай логікі, але шчыра і аддана, з упэўненасьцю, ў прысутнасьці Духа Сьвятога, змагаемся мы за сьвятое імя Таго, хто даў нам новае жыцьцё, ахвяраваўшы Сваё. Мы павінныя быць рашучымі, як тыя сьвятыя юнакі, што стаялі перад жорсткім тыранам і іхні адказ павінен быць нашым адказам: «Няма нам патрэбы адказваць табе на гэта. Бог наш, якому мы служым, мае сілу ўратаваць нас ад раскалёнай вогненай печы, і ад тваёй рукі, валадару, выбавіць. Калі ж ня будзе таго, дык хай будзе вядома табе, валадару, што мы багам тваім служыць ня будзем і залатому ідалу, якога ты паставіў не паклонімся» (Дан 3:16-18). Любоў не слабей за сьмерць і ласка Божая па ранейшаму даецца нам у слабасьці нашай, бо ласка Божая не слабая – яна ўсемагутная і здольная пераадолець усе выпрабаваньні. Так было раней, так ёсьць і сёньня.
Нашая любоў да Хрыста вымушае нас несьці да людзей Дабравесьце. Яна заахвоціла працавітага дабравесьніка, дала яму вялікія сілы, каб навокал распаўсюджвалася Слова Госпада, нягледзячы на супраціў ворагаў Хрыста і абыякавасьці навакольля. У чалавека, які ставіцца абыякава да распаўсюджваньня праўды, мала, ці наогул няма любові да Ісуса Хрыста. Але чалавек, які любіць свайго Збаўцу, будзе нястомна працаваць дзеля Госпада, як будзе і прызнаваць, што можа зрабіць ня вельмі шмат дзеля Таго, хто аддаў Кроў Свайго сэрца за збаўленьне гэтага сьвету. Любоў да Хрыста прагне дзейнасьці, яна поўная энэргіі і не задавальняецца малым. Яна- крыніца гераізма, бо вялікія справы выліваюцца з яе. Яна ператворвае горкае ў салодкае, яна называе сьмерць жыцьцём і жыцьцё – сьмерцю. Пад уладаю любові да Хрыста, ці не гатовыя мы з дапамогай Духа Сьвятога ісьці і пераносіць усё, што прыдзецца, каб праславіць Яго? Дык будзем жадаць мы дабраславеньня і росквіту ўсім, каго любім. Калі ж мы любім Ісуса, дык будзем працаваць дзеля Ягонага слаўнага і сьвятога Імя.
Любоў да Ісуса стварае ў сэрцы самаадданасьць. Калі мы любім Яго ад усяго сэрца, мы з радасьцю прымаем выпрабаваньні, якія выпадаюць нам. Калі Ён пазбаўляе нас радасьці, мы павінныя лічыць гэтую страту больш за дабраславеньне, чым за набыцьцё, калі такім чынам праяўляецца Ягоная воля. Нават калі Ён карае нас вельмі сурова, мы схіляемся перад Ім. Верыць, што гэта зрабіў Хрыстос, азначае вырваць джала ва ўсякай нягоды.
Вось прыповесьць, якую распавёў адзін знакаміты прапаведнік, як урок, які трэба засвоіць усім Хрыстовым пад час стратаў і нягодаў: «У аднаго паважанага чалавека быў вялікі сад, які ён даручыў клопатам вернага слугі, і слуга гэты атрымліваў вялікае задавальненьне даглядаючы гэты сад. Ён рабіў усё, каб ператварыць сад у райскі кветнік. Аднойчы ранкам ён прачнуўся, радасны, у захапленьні, што хутка сустрэнецца са сваімі любімымі кветкамі і знойдзе іх яшчэ прыгажэйшымі. Але, да свайго вялікага зьдзіўленьня, ён убачыў, што адна з яго найпрыгажэйшых кветак сарваная, і, азірнушы навокал, заўважыў, што на кожнай клумбе няма самых прыгожых кветак, якія былі гордасьцю ягонага сада. У роспачы і гневе ён пасьпяшаўся да іншых слугаў і пачаў запытваць, хто скраў ягоны скарб. Ён вельмі смуткаваў, пакуль адзін з іх не сказаў: «Гаспадар мой гуляў па саду гэтым ранкам. Я бачыў, як ён сарваў кветкі і ўнёс іх». Тады садоўнік знайшоў, што ў яго няма прычынаў для хваляваньняў. Ён зразумеў, што гаспадару было заўгодна тое, што яму прыналежыць, і ён пайшоў, усьміхаючыся ў думцы пра сваю страту, бо кветкі ўзяў ягоны гаспадар». Прысутнасьць Госпада заўсёды больш за тое, што Ён можа забраць ад нас. Лепш быць у Ягонай прысутнасьці, разам з Ягонымі выпрабаваньнямі, чым аплакваць Ягоную адсутнасьць у атачэньні ўсіх багатстваў, якія можа даць сусьвет.
Любоў да Хрыста знішчае ў нас самалюбства і прыцягвае ў бок Госпада нашыя радасьці, жаданьні і надзеі. Вышэйшае становішча чалавека, калі чалавек ня мае іншых жаданьняў і думак, як толькі пра Ісуса Хрыста і тыя з нас, хто дасягнуў адчуваньня самапрыніжэньня, глядзяць на Хрыста, як на сонца, і кажуць пра Яго: «Госпадзе, я бачу Тваё сьвятло і я не адчуваю сябе сьвятлом, які ад Цябе зыходзіць, але цемрай, якая паглынаецца Тваім сьвятлом. Госпадзе, я заклікаю да Цябе, каб Ты заўсёды быў у-ва мне і каб жыцьцё маё было не маім жыцьцём, але Тваім жыцьцём у-ва мне». І як кажа апостал Павал: «Жыве ў-ва мне Хрыстос». Пакуль у нас застаецца хоць кропля самалюбства, яна псуе нашую прысутнасьць у Ім і пакуль мы ня збавімся ад яе, нашая радасьць ніколі ня будзе поўнай. Большасьць людзей ў сьвеце жадае падпарадкаваць іншых сабе, каб ярчэй зьзяць за конт скрадзенага сьвятла іншага агню, але вышэйшае жаданьне хрысьціяніна – быць паглынутым іншымі і страціць сябе ў славе свайго Валадара і Збаўцы.
А зараз, зьвярнем увагу на сябе. Ці любім мы Ісуса шчыра? І калі мы адчуваем адмоўнасьць, павінныя мы скарыцца і зьвярнуцца да Госпада, бо нашая душа ў дрэнным становішчы, якое і ёсьць вобраз пекла па гэты бок. Напэўна, некаторых з нас турзаюць сумненьні наконт шчырасьці сваёй любові да Ісуса Хрыста, бо нашае сэрца хвалюецца пра нашых блізкіх больш, чым пра нябеснае і таму мы думаем, што мы яшчэ ў целе і любоў Божая не жыве ў нашых сэрцах.
Але, калі вымяраць нашую любоў некаторымі ўчынкамі цела, дык павінныя мы ўсьведамляць, што няма і сярод сьвятых ні воднага, хто хаця б аднойчы, па гэткай жа прычыне, не адчуваў сябе няверным. І калі нашая любоў шчырая ў дзеяньнях, мы не павінныя адносіцца да яе з недаверам, бо калі ты блізкі да Ісуса, дык вельмі шмат думай пра Ягоную любоў да цябе і тады твая любоў да Яго будзе больш глыбокай і палкай.
Жаданьне маё – быць у доме Тваім.
Душа мая прагне Цябе, Божа сіл.
Я сэрцам імкнуся да Бога жывога,
Як птушка шукаю прытулку сьвятога.
Устанем і пойдзем за Госпадам славы,
Усе сьцежкі вядуць да Цябе!
Ён сонца і шчыт наш, абаронца ласкавы,
Маё спадзяваньне ў Табе, Бог сьвяты,
Бог сьвяты.
Госпадзе Ісусе, Твая бязьмежная любоў да нас, недаступная да нашага розуму і не выказная нашымі словамі. Наблізь, Госпадзе, да Сябе, нашыя шчырыя сэрцы і валадар ў іх Сваёй уладаю, бо мы Твае і толькі Твае. Будзь, Госпадзе, нашым адзіным вечным агнём! Госпадзе Ісусе, зрабі так, каб у нашых душах не было нічога, акрамя Тваёй чыстай і бязьмежнай любові і хай авалодае Твая любоў намі цалкам, бо нашая радасьць, наш скарб і наш вянец – гэта Ты, наш вялікі і жывы Госпад. Мы заклікаем да Цябе, Госпадзе, выдалі чужы агонь ад нашых сэрцаў і няхай усе нашыя ўчынкі, словы і думкі будуць любоўю да Цябе на вякі вякоў. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122200328