Введение

УВОДЗІНЫ


То быў вялікі і незабыўны дзень. Дух Божы моцным ветрам пралунаў сярод вучняў Хрыста і напоўніў іхнія сэрцы новым адчуваньнем – адчуваньнем Божай прысутнасьці і Ягонай сілы. Першы з апосталаў Пётр, які пяцьдзясят дзён таму плакаў, як дзіця, з-за таго, што тройчы адрокся ад Ісуса, сказаўшы, што ня ведае Яго, зараз трымаў слова перад вялікім натоўпам, кажучы людзям, што адбылася падзея, якая назаўсёды зьмяніла сьвет. Тое, што Бог зрабіў асабіста для Пятра, Ён пачаў рабіць для ўсяго сьвету: новае жыцьцё, новая надзея і прабачэньне расквітнелі, як першыя кветкі пасля доўгай зімы. Пачаўся новы час, дзе жывы Бог вырашыў зьдзейсьніць у сьвеце нешта новае, пачынаючы з тых, хто сабраўся на гэтым месцы і ў той час, каб паслухаць пра гэта: «Навярніцеся, і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў, і возьмеце дар Сьвятога Духа. Бо абяцаньне для вас, і для дзяцей вашых, і для ўсіх, якія далёка, каго пакліча Госпад, Бог наш» (Дзеі 2:38-39).

Сярод вучняў, у гэты дзень, без усякага сумненьня, знаходзіўся і зусім яшчэ малады Ян Марк – будучы аўтар гэтага Эвангельля. Пляменьнік Барнабы і вучань Пятра меў, безумоўна, падрабязную інфармацыю ад чалавека, які ўсе тры гады служэньня Хрыста быў побач з Ім. Лічыцца, што менавіта Марк напісаў першае з трох сінаптычных Эвангельляў, якое зьяўляецца самым кароткім і самым імклівым з іх. Дасьледчыкі, вызнаючы час напісаньня Эвангельля, прызнаюць, што Мацьвей і Лука ведалі зьмест Эвангельля паводле Марка, калі складалі свае апавяданьні. Менавіта Марк стварыў тую эвангельскую форму апавяданьня, якой, у большасьці, прытрымліваліся і яны. І таму многія падзеі, якія апісаў Марк, сустракаюцца таксама ў Мацьвея і Лукі. Марк складае сваё Эвангельле ў вельмі дакладнай адпаведнасьці з геаграфічнымі абставінамі, якія былі пад час гэтых падзеяў. Але ёсьць і заўвагі на тое, што эвангельскія падзеі не апісаныя ў Марка ў строга храналагічным парадку. Чаму? Можа таму, што Пётр выкладаў вучэньне з мэтаю наставіць слухачоў у кожным канкрэтным выпадку, а ня з тым, каб вучэньні Госпада выкладаць па парадку.

Мэта напісаньня і асаблівасьць Эвангельля ў тым, што Марк, у першую чаргу, вылучае «справы» Ісуса Хрыста, бо пропаведзі і вучэньні Хрыста займаюць нашмат меньш месца, чым гэта дадзена ў іншых Эвангельлях. Марк паказвае Ісуса Хрыста, як Слугу. Наогул, кожнае Эвангельле падкрэсьлівае ў Ісусе Хрысьце нешта сваё, каб мы маглі бачыць Хрыста з усіх чатырох бакоў. Мацьвей паказавае Ісуса як Валадара, Лука – як Сына Чалавечага, а Ян – як Збаўцу ад Бога. Марк жа кажа наступнае: «Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх» (Мар 10:45). Карацей кажучы, Мацьвей апісаў валадарскую веліч, Лука – чалавечую прыроду, Ян – боскасьць, а Марк – пакору Ісуса Хрыста.
Марк паказвае нам жыцьцё Ісуса Хрыста ня як проста гісторык, але як чалавек веры, які бачыць у Ісусе Сына Божага і жадае абудзіць і ўмацаваць у чытача веру ў Яго. Зьвярнем увагу на тое, што Марк піша проста і даступна, што адбіваецца на скарочанасьці Эвангельля. Але, трэба дадаць і тое, што некаторыя эпізоды апісаны даволі падрабязна. І гэта яшчэ раз падкрэсьлівае тое, што гэтыя падрабязнасьці пачэрпнуты ў апостала Пятра. Заўважым яшчэ і тое, што шэраг лацінскіх словаў, якія сустракаюцца ў тэксьце, паказваюць пра магчымае напісаньне Эвангельля ў Рыме, прычым да разбурэньня Ерусаліму.

Гэтая кніга пазнаёміць вас з самай кароткай і напружанай з усіх чатырох аповядаў пра Ісуса, дзе адчуваецца сіла і імклівасьць гісторыі, запісанай дзеля таго, каб прымусіць чытача сутыкнуцца з праўдай пра Ісуса, пра Бога і пра самога сябе. Перад вамі Эвангельле паводле Марка – для кожнага.


Рецензии