Марк 1 1-45

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА


Мар 1:1-45

Калі Мацьвей, які пісаў сваё Эвангельле для хрысьціянаў з юдэяў, ён павінен быў паказаць ім, што Ісус Хрыстос паходзіць з продкаў юдэйскага народу – Абрагама і Давіда, дык Марку, які пісаў сваё Эвангельле для хрысьціянаў з паганаў, не было неабходнасьці ў падобным указаньні. Марк проста называе Хрыста Сынам Божым – безумоўна, у сэнсе выключным, як Адзінароднага ад Айца. Але калі Эвангельле, якое Марк прапануе ўсім нам, зыходзіць ад Божага Сына, дык яно, як бы кажа пра тое, што Эвангельле паводле Мацьвея павінна мець бясьпрэчны аўтарытэт для ўсіх.


Мар 1:1-8
«Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў Прарокаў: “Вось Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою. Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго”. Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў. І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерусалімцы, і ўсе былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае. І быў Ян апрануты ў вярблюдавы волас, і скураны пояс на паясьніцы яго, і еў ён саранчу і дзікі мёд. І абвяшчаў ён, кажучы: “Ідзе за мной Дужэйшы за мяне, Якому я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рамень сандалаў Ягоных. Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым”» (Мар 1:1-8).

Марк пачынае свой аповяд пра Ісуса здалёк – не ад нараджэньня Ісуса і нават ня з Яна Хрысьціцеля ў пустыне. Ён пачынае аповяд са старажытных прарокаў. Ён пачынае з глыбокай старажытнасьці, з Божага наканаваньня. Бог распрацоўвае Свае планы і выконвае іх. Гісторыя чалавецтва – гэта не выпадковы калейдаскоп нейкіх падзеяў, а працэс, які мае сваё разьвіцьцё і дзе Бог ужо з самага пачатку бачыць канчатковую мэту. Мы ж знаходзімся ўнутры гэтага працэса, які разьвіваецца, і таму здольныя перашкаджаць ці дапамагаць яму. У пэўным сэнсе гэта вялікая чэсьць – дапамагаць у такой справе, але і бачыць канчатковую мэту – гэта таксама вельмі і вельмі добра. Жыцьцё нашмат бы зьмянілася, каб мы, замест таго, каб пасіўна чакаць далёкую і сапраўдную мэту, рабілі ўсё, што ў нашых сілах, каб наблізіць гэтую Мэту.

«Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою». Гэта цытата з Малахіі 3:1 і яна шматзначная. У кнізе прарока Малахіі гэта пагроза сьвятарам, якія дрэнна выконвалі свае абавязкі: прыносілі ў ахвяру жывёлін з фізічнымі недахопамі і глядзелі на служэньне як на сумны абавязак. Пасланец Божы павінен быў ачысьціць богаслужэньне ў храме, паперш чым прыйдзе на зямлю Памазанік Божы. Такім чынам, прыход Хрыста быў ачышчэньнем жыцьця, а сьвету было такое ачышчэньне вельмі неабходным.

Ян Хрысьціцель прыйшоў, прапаведуючы хрост пакаяньня, даючы напамін той даўняй гісторыі, але асэнсаванай па новаму. Кожны год на Пасху гебраі ўспаміналі падзеі Выхада з Егіпту, расказваючы адзін адному пра тое, як Бог збавіў Ізраіля ад фараона і правёў яго праз Чэрмнае мора, а потым праз пустыню ў зямлю абяцаную. Гэты аповяд ёсьць асноўным сюжэтам Старога Запавета. Але Ян не задавальняўся паўторам вядомых словаў і падзеяў і таму ператварыў гэта ў відовішча з удзелам ягоных слухачоў. Яны таксама пройдуць праз воды і стануцца свабоднымі. Яны пакінуць ззаду «Егіпет», сьвет грэху, у якім яны так доўга жылі, супрацівячыся Жывому Богу. Ян бачыў, што Ізраіль кіруецца у няслушным напрамку і крочыць прэч ад мэты. Настаў час абярнуцца і пайсьці правільным шляхам – вось што, літаральна, азначала гебрайскае слова «пакаяньне», навяртаньне. Настаў час прачнуцца і прыняць Божую рэальнасьць.

І зрабіць гэта трэба было тэрмінова, бо вельмі хутка прыйдзе Нехта Іншы Дужэйшы і Ён ужо ідзе. Ян гатуе народ да Ягонага прышэсьця, але кім быў гэты Дужэйшы па думцы Яна? Ён мог спадзявацца, што зьявіцца Сам Госпад, Бог Ізраіля, ці Мэсія, ці можа разам, але ён цьвёрда ведаў, што зьдзейсьніць гэты Дужэйшы. Той, хто ідзе за ім будзе хрысьціць Сьвятым Духам. Гэтае абяцаньне – з большага папярэджаньне, але ўсё ж больш абяцаньне – працягвае даўнія спадзяваньні гебраяў на свабоду, захаваныя ў Старым Запавеце. Стагодзьдзямі Ізраіль спадзяваўся на галоўнае абяцаньне: Госпад адновіць падзеі Выхада,- зноў і канчаткова, вызваліць Свой народ, зьявіцца Сам і будзе жыць разам з народам. Ён будзе Богам Ізраіля, а Ізраіль – Ягоным народам. Як гэта будзе? У той першы раз Бог вёў Ізраіля ў выглядзе вогненага слупа, але на гэты раз будзе, нейкім чынам, па іншаму. Дух Божы паселіцца з людзьмі, войдзе ў іх, станецца паветрам, якім яны дыхаюцьі агнём у іхніх сэрцах. Такой надзеяй яны і жылі. І вось зараз Ян кажа: «Надзея адбылася». Але ці гатовыя яны да гэтага?

Падаецца што не. І ці ледзь быў гатовы да гэтага і сам Ян. У першых вершах свайго Эвангельля Марк папярэджвае, што ягоная аповесьць – гэта Добрая Вестка пра Ісуса Мэсію, Сына Божага. Але для відавочцаў усё было не настолькі ясна. Яны чулі голас Яна, які хрысьціў іх вадою і зараз ім належала прыняць Чалавека, Які патлумачыць ім сэнс усяго. У першых сваіх радках Марк здолеў перадаць узрушэньне ад незвычайнай навізны дзеяньня Божага. Калі чалавек хворы і ня можа заснуць, дык ноч цягнецца бясконца, але калі давядзецца задрамаць, дык ужо трэба ўставаць. Менавіта так і пачынаецца Эвангельле паводле Марка. Гэта да ўсіх нас Ці ня сьпім мы сёньня ў сваім хрысьціянскім жыцьці? І што можа абудзіць нас?

Мар 1:9-13
«І сталася ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. І адразу, як выходзіў з вады, убачыў адкрытае неба і Духа як галуба, што зыходзіў на Яго. І голас быў з неба: “Ты — Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне”. І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню. І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны шатанам; і быў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму» (Мар 1:9-13).

У-ва ўсякага думаючага чалавека гісторыя хросту Ісуса выклікае пэўныя праблемы. Хрост Яна быў хростам пакаяньня, прызачаным для тых, хто каяўся ў сваіх грахах і жадаў скончыць з імі. А якія адносіны да гэтага меў Ісус? Ці ня быў Ён бязгрэшным і якія адносіны меў Ён да гэтага хросту? Але для Ісуса гэта мела важнае значэньне. Гэта быў момант прыняцьця рашэньня. Трыццаць гадоў жыцьця, вельмі насычаныя гэтым самым жыцьцём, надалі Яму ўсьведамленьне таго, што Ягоны час настае. Ён чакаў знаку і зьяўленьне Яна Хрысьціцеля і сталася гэтым знакам. Зараз Ён бачыў, што настаў той момант, калі Ён павінен выканаць Сваю задачу. Сваім хростам Ісус выказаў Сваё адзінства з народам. Яму не патрэбна было раскайвацца ў грахах, але Ён адчуваў неабходнасьць быць разам з народам, дзеля ягонага збаўленьня. Хрост быў для Ісуса момантам набыцьця сілы. У гэты час на Яго зыйшоў Сьвяты Дух у выглядзе голуба. Чаму так? Голуб – сымбаль дабрыні. Місія Яна была місіяй сякеры пры корані дрэва і жахлівага атбору ўсёпажыраючага агню. Ён абвяшчаў асуду ды пагібель, а не добрую вестку. Зьяўленьне ж Духа Сьвятога, параўнальнага з голубам, адразу стварае адчуваньне дабрыні ды мяккасьці. Ён пераможа, але гэта будзе перамога любові.

«Ты — Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне». У гэтым ёсьць сутнасьць хрысьціянскае весткі: кожнаму з нас, кожнаму хрышчанаму і веруючаму хрысьціяніну. Бог кажа тое, што Ён казаў у той час Ісусу і Ён бачыць нас не такімі, якія мы ёсьць, але такімі, якія мы ў яднаньні з Ісусам Хрыстом. Часам у гэта нялёгка паверыць, асабліва чалавеку, які ня бачыў падобнай падтрымкі ад сваіх зямных бацькоў, але гэта праўда: менавіта так Бог і глядзіць на нас. Засяродзьце ўвагу на гэтай фразе, уставіўшы ў яе сваё імя і задумайцеся ў цішыні пра тое, што Бог кажа вам,- як у момант хросту, так і ў-ва ўсе наступныя дні.

Як гэта пачалося? Прыйдзецца расказаць усю гісторыю ад самага пачатку аж да сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса, каб у гэтым разабрацца, але сутнасьць хрысьціянскай Весткі менавіта ў гэтым.

Мы ведаем, што гэта ёсьць праўда і вось чаму. Ісус – Мэсія, а Мэсія прадстаўляе ўвесь народ. Што дакладна для Яго, тое дакладна і для ўсіх нас. Слова «Мэсія» азначае «Памазанец» і мы бачым, як Ісус прымае памазаньне Сьвятым Духам і прызнаецца Сынам Божым. Менавіта пра гэта мы і чытаем на пачатку кнігі Псальмаў: «Госпад сказаў Мне: “Ты Сын Мой. Я сёньня Цябе спарадзіў”» (Пс 2:7). Першыя хрысьціяне хутка ўсьвядомілі тое, што Ісус ёсьць Мэсія ў самым глыбокім сэнсе, бо чулі гэта ад Бога. Так і мы чуем гэтыя словы Бога адносна кожнага з нас пад час хросту, бо бяз гэтых, пастаянна зьвернутых да нас, словаў, усё, што мы чуем унутраным слыхам, зьвядзецца да пагрозаў пакараньня.

Марк перадае нам гэтыя падзеі ўрачыстаю мовай Старога Запавету. «І сталася ў тыя дні». «Убачыў адкрытае неба». Ня трэба ўяўляць сабе, што перад Ісусам адчынілася нейкая праёміна на пэўнай вышыні. Нябёсы ў Пісаньні – гэта Божая задума жыцьця, якая хаваецца за нашымі штодзённымі клопатамі і таму будзе больш правільным параўнаць гэта не з праёмінай, але з нябачнай заслонаю, якая знянацку рассоўваецца перад намі, каб мы ўбачылі Божую рэальнасць.

Хрысьціянская вера – гэта, у вялікай ступені, здольнасьць жыць у згодзе з гэтай рэальнасьцю, нават калі мы гэтага ня бачым. Часам, у сур’ёзныя моматы жыцьця, гэтая заслона рассоўваецца і мы бачым ды чуем, што адбываецца на самой справе. Але большую часку часу нас вядзе вера, а ня нешта бачнае. І Марк будуе свой аповяд такім чынам, каб навучыць нас успрымаць жыцьцё Ісуса менавіта ў такім сэнсе. Паглядзіце на гэтыя падзеі, кажа ён, удумайцеся ў гэтае жыцьцё, навучыцеся бачыць нябесную задуму, прыслухаўшыся да небеснага голасу і вы пачуеце словы, якія накірованыя асабіста да вас. Няхай гэтыя словы зьменяць вашае жыцьцё, пераплавяць вас, зробяць вас кімсьці новым – такім чалавекам, якім задумаў вас Бог. У гэтай гісторыі вам адкрыецца захаванае, як правіла, ад вачэй Божае вымярэньне сьвету.

Калі мы навучымся гэтаму, мы станемся падгатаванымі да таго, каб сыйсьці ў пустыню, як гэта было з Ісусам Хрыстом. Ісус, калі сыйшоў у пустыню, прайграваў вялікую драму Выхаду Ізраіля з Егіпту, той вялікай вандроўцы праз пустыню ў Зямлю Абяцаную. Шлях, па якому ідзе Ісус, ёсьць шляхам спакусаў і бяды. Гэтым жа шляхам крочым і мы. І калі мы будзем уяўляць Бога жорсткім тыранам, дык першы ж шэпт спакусіцеля саб’е нас з гэтага шляху. Але пакуль мы чуем голас, які прамаўляе жыватворныя словы любові, мы працягнем ісьці наперад за Ісусам Хрыстом.

«І быў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму». Марк не тлумачыць пра гэтых зьвяроў, але ён кажа, што Ісусу слугавалі анёлы, якія, між тым, не абаранялі Яго ад д’ябла, але ўмацоўвалі Ісуса ў веданьні таго, што Айцец ні на хвіліну не забывае пра Яго, заўсёды любіць і дзее праз Яго Сваю волю. Ён пастаянна вылівае Свайго Духа на Яго і праз Яго. Ісус ішоў тым шляхам, якім пойдзе ўвесь Ягоны народ. Ён змог здужаць гэты шлях, таму што пачуў словы любові, словы жыцьця.

Мар 1:14-20
«А пасьля таго, як Ян быў выдадзены, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Эвангельле Валадарства Божага і кажучы, што споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае: “Навярніцеся і верце Эвангельлю!” І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, што закідвалі нерат у мора, бо былі яны рыбаловамі. І сказаў ім Ісус: “Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей”. І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім. І, адыйшоўшыся адтуль недалёка, убачыў Ён Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, як яны ў чаўне напраўлялі сеткі. І адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, пайшлі за Ім» (Мар 1:14-20).

У гэтым кароткім выкладаньні дабравесьця Ісуса зьмяшчаюцца тры вялікія словы,- галоўныя словы хрысьціянства.

Эвангельле (Добрая Вестка). Ісус прыйшоў дзеля таго, каб прынесьці людзям Добрую Вестку, якая складаецца з некалькіх пасланьняў. Па-перашае – гэта дабравесьце праўды. Да прышэсьця Ісуса людзі маглі толькі навобмацак шукаць Бога. З прыходам жа Хрыста людзі могуць ясна бачыць, які Бог: больш ня трэба гадаць і шукаць у пацьмах. Па-другое – гэта дабравесьце надзеі. Людзі цярпелі паразу ў барацьбе за дабрадзейнасьць. Прышэсьце ж Ісуса прынёс надзею тым, хто страціў надзею. Трэцяе – дабравесьце міра. Чалавек нясе ў сабе пакараньне – раздвойваньне асобы, дзе дзіўным чынам зьмяшаныя звер і анёл. Усе няшчасьці чалавека ад таго і адбываюцца, што ён адначасова імкнецца да грэху і дабрадзейнасьці. Прышэсьце Ісуса аб’ядноўвае гэтую раздвоеную асобу ў адну. Чалавек атрымлівае над сваім супрацьстаялым «Я» такую ж перамогу, якую атрымаў Ісус Хрыстос. Чацьвёртае.- дабравесьце абяцаньня. Трэба сказаць, што людзі заўсёды чакалі ад Бога пагрозаў, а не абяцаньняў. Усе нехрысьціянскія рэлігіі ведаюць Бога патрабавальнага і запытваючага і толькі хрысьціянства распавяло людзям пра Бога, Які гатовы даць людзям больш, чым просім. Пятае – дабравесьце неўміручасьці. Для паганаў жыцьцё ёсьць шляхам да сьмерці, а Ісус даў нам добрую вестку пра тое, што мы знаходзімся на шляху да жыцьця, а не да сьмерці. І шостае – гэта дабравесьце збаўленьня. Яно дае ня проста вызваленьне ад пакараньня і збаўленьне ад мінулых грахоў. Яно дае пераможна жыць і перамагаць грэх.

Пакаяньне. Зусім няпростая рэч, як гэта можа падавацца на першы погляд. Грэцкае тлумачэньне гэтага слова  азначае зьмяненьне ладу думак. Чалавек схільны зьмешваць дзьве рэчы: шкадаваньне пра наступствы зьдзейсьненага грэху і шкадаваньне пра грэх. Шмат хто выказвае шкадаваньне з-за шмат якіх непрыемнасьцях, якія прынёс ім грэх, але калі б яны ведалі, што могуць пазьбегнуць наступстваў, дык зьдзейсьнілі гэта і яшчэ раз. Яны ненавідзяць ня грэх, а ягоныя наступствы. Сапраўднае пакаяньне азначае, што чалавек ня толькі шкадуе пра наступствы, але і ненавідзіць сам грэх. Пакаяньне азначае, што чалавек, які любіць свой грэх, пачынае яго ненавідзець за поўную грахоўнасьць.
Вера. «Навярніцеся і верце Эвангельлю!» - кажа Ісус і гэта азначае, што трэба проста паверыць Ісусу на слова, паверыць, што Бог менавіта такі, як Ён пра Яго і сказаў, паверыць што Бог настолькі любіць сьвет, што прынясе любую ахвяру, каб вярнуць нас да Сябе. І ўсё гэтае азначае, што паверыць у тое, што ўсё, што гучыць, на наш погляд, не зусім праўдападобна – праўда.

«І сказаў ім Ісус: “Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей”». Хто ведае, колькі пакаленьняў сям’і Зэбэдэяў ці сям’і Пятра лавіла рыбу ў Галілейскім моры. У гэтай культуры невялікі сямейны бізнэс перадаецца ня толькі з пакаленьня ў пакаленьне, але і на працягу вякоў. Так яно надзейна, бо чалавек добра ведае, што яму рабіць ды планаваць і калі настаюць цяжкія часы, дык і гэта не бяда: трэба толькі больш працаваць. У Галілеі было шмат рыбакоў. Вялікі юдэйскі гісторык Язэп Флаві кажа, што ў той час у водах возера было трыста пяцьдзесят лодак рыбакоў і таму рыба была іхнім галоўным прадуктам харчаваньня. Звычайна рыба была салёнай, таму што не было сродкаў перавозкі, каб рыба заставалася сьвежай. Самая ж назва гарадоў, якія былі на беразе Галілейскага мора, паказвае тое, якое важнае месца тут займала рыбалоўства. Віфсайда азначае дом рыбакоў, а Тарыхея – месца салёнай рыбы і як раз там і захоўвалася рыба для вываза ў Ерусалім і Рым. Засолка рыбы і гандль салёнай рыбай займала важнае месца ў Галілеі.

І тут прыходзіць прарок з Назарэту і прапануе Якубу з Янам, а таксама іхнім суседзям Андрэю і Пятру кінуць усё і крочыць за Ім. І яны ідуць. Уявім сябе на іхнім месцы, калі нам прапануюць кінуць надзейную справу, кінуць сям’ю і крочыць у невядомасьць. Ці лёгка гэта? Зусім не. Але чаму яны, усё ж пайшлі за Ім? Ісус пачаў Сваё служэньне ў Капернауме, які Ён вельмі добра ведаў і дзе даволі добра ведалі Яго. На працягу двух гадоў Ён працаваў тут на прадпрыемстве Зэбэдэя, калі ствараў новы тып ветразнай рыбацкай лодкі, а па суботах прапаведаваў у мясцовай сынагозе. Безумоўна тое, што Ён ведаў сэрцы гэтых чатырох рыбакоў, якіх Ён паклікаў пайсьці за Ім. Так і яны ведалі Ягоны розум і Ягоныя патэнцыяльныя магчымасьці. Яны рызыкнулі і пайшлі за Ім.

Распавядаючы пра заклік да рыбакоў, Марк намагаецца даць напамін пра іншыя сцэны з Пісаньня, з жыцьця Божага народу: «І сказаў Госпад Абраму: “Ідзі з зямлі тваёй, ад радзіны тваёй і з дома бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе» (Быц 12;1). Абрагам, як і Пётр з сябрамі, паслухаўся і пайшоў, куды было сказана. Марк, як бы кажа, што настаў час пакінуць старажытны сямейны бізнэс народа Божага. Бог загадвае пісаць новыя вершы і таму заклікае новых паэтаў. Загаловак гэтай новай паэмы – Божае Валадарства, пра што і марыў увесь Ізраіль. І вось, Ён заклікае да Сябе гэтых будучых паэтаў – простых людзей, якім патрабуецца немалы час, каб навучыцца паэзіі Божага Валадарства. Але працэс пачаўся і пачаўся ён з гэтых простых галілейскіх рыбакоў.

«Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей». Усё пачалося з асабістага ўражаньня, якое Ён меў у іхніх вачах. Усё пачалося з пачуцьця, якое захапляе сэрца і нараджае непахісную вернасьць. Гэта, аднак, зусім ня значыць, што няма такіх людзей, якія разумеюць хрысьціянства розумам. Для большасьці з нас пайсьці за Хрыстом – тое ж, што і закахацца. Кажуць, што мы захапляемся людзьмі розумам, але любім іх бяз розуму. Усё адбываецца так, таму што так склалася, а мы такія, якія мы ёсьць. У большасьці выпадкаў чалавек крочыць за Хрыстом не з-за таго, што Ісус сказаў, але з-за таго, кім Ісус зьяўляецца.

Але што прапанаваў ім Ісус? Ён прапанаваў ім канкрэтнае заданьне: быць лаўцамі людзей, адкрываючы ім Божае Валадарства. Ісус заклікаў іх не на супакой, але на служэньне. Адзін вядомы чалавек сказаў, што кожны чалавек павінен мець справу, у якую той павінен укласьці ўсё сваё жыцьцё. Ісус і прапанаваў гэтым рыбакам гэтую справу, якая ня ёсьць камфортным супакоем і летаргічным гультайствам. Ён паклікаў іх на выкананьне задачы, якая патрабавала ад іх усё іхняе жыцьцё і, пры рашэньні якой, яны павінны былі гарэць, а на прыканцы памерці за Яго і дзеля сваіх братоў. Ён паклікаў іх на выкананьне задачы, прычым яны могуць быць здольнымі дасягнуць пэўных вынікаў, толькі аддаючы сябе цалкам Яму і сваім блізкім.

Мац 1:21-34
«І ўваходзяць у Капэрнаум. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сынагогу, Ён навучаў. І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. І быў у сынагозе іхняй чалавек, апанаваны духам нячыстым, і закрычаў ён, кажучы: “Пакінь! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы!” Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: “Замаўчы і выйдзі з яго!” І нячысты дух, тузануўшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго. І аслупянелі ўсе, таму пыталіся адзін аднаго, кажучы: “Што гэта? Што гэта за новае вучэньне, што з уладаю загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?” І адразу пайшла чутка пра Яго паўсюль ва ўсёй ваколіцы Галілейскай. І, адразу выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі яны ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе. І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку, і адразу пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім. А калі настаў вечар, як сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі; і ўвесь горад сабраўся перад дзьвярыма. І Ён аздаравіў многіх хворых на розныя хваробы, і многіх дэманаў выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос» (Мар 1:21-34).

Апавяданьне Марка разгортваецца ў лагічнай і натуральнай пасьлядоўнасьці. У зьяўленьні Яна Хрысьціцеля Ісус убачыў заклік Божы. Адбыўся хрост і Ісус, адрымаўшы пячатку Божай згоды, набыў сілу ад Бога для выкананьня ўскладзенай на Яго задачы. Ён прайшоў спакушэньне д’яблам і выбраў Свой шлях. Ісус выбірае людзей, каб мець пэўнае кола вучняў і каб запісваць Сваё вучэньне ў іхніх сэрцых. І вось зараз Ён павінен мэтанакіравана пачаць Сваё служэньне. Чалавек, які мае пасланьне ад Бога, натуральным чынам павінен пайсьці з ім у царкву, дзе зьбіраецца народ Божы. Менавіта так і зрабіў Ісус. Сваё служэньне Ён пачаў у сынагозе.

Сынагога служыла гебраям, галоўным чынам, для навучаньня. Богаслужэньне тут складалася з трох частак: малітвы, чытаньня слова Божага і тлумачэньня гэтага слова. Сынагога аказвала вялікі ўплыў на жыцьцё юдэяў, таму што Храм быў толькі адзін, а ў Законе было сказана, што ўсюды, дзе жывуць хаця б дзесяць гебраяў, павінна быць сынагога. Чалавек, які жадаў данесьці нейкае сваё вучэньне, павінен рабіць гэта ў сынагозе, якая давала такую магчымасьць кожнаму юдэю. Сынагога мела сваю адміністрацыйную структуру. І першую ў ёй пасаду займаў начальнік сынагогі, які адказваў за ўсе справы і мерапрыемствы, што адбываліся тут. Ён адказваў за арганізацыю служэньняў і таксама за сацыяльныя пытаньні па размеркаваньню сродкаў, які зьбіраліся пад час служэньняў. Быў таксама яшчэ адзін служыцель – хазан, які адказваў за захоўваньне і выдачу сьвіткаў з Пісаньнем, за чысьціню ў сынагозе, а таксама за працу школы пры сынагозе. Сынагогі ня мелі пастаянных сьвятароў, а таму прапаведаваць мог кожны, хто меў для гэтага пэўныя здольнасьці.
Сынагога Капернаума добра ведала Ісуса, Які шмат разоў вучыў тут, тлумачачы тэксты Сьвятога Пісаньня. Але зараз было ня так. Ён не тлумачыў, а вучыў, абапіраючыся на Сваю асабістую сілу і ўладу, а гэта кардынальна адрозьнівалася ад вучэньня кніжнікаў ды фарысэяў, якія спасылаліся на іншыя аўтарытэтныя крыніцы. Але ня так у Ісуса. Калі Ён казаў, дык Ён казаў так, нібы Яму не патрэбны былі ніякія аўтарытэтныя крыніцы з кніжнікаў. Сіла і ўлада, якія гучалі ў Ягоным голасе моцна ўражвалі кожнага чалавека. Словы Ісуса ашэламілі прысутных і ўразілі іх быццам бы громам. Сярод прысутных быў чалавек апантаны нячыстым духам і які, зьвяртаючыся да Ісуса, выклікаў замяшальніцтва ды непарадак. Ісус, адказваючы, аздаравіў яго, выгнаўшы нячыстага духа з гэтага чалавека.

«Пакінь! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы!” Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: “Замаўчы і выйдзі з яго!” І нячысты дух, тузануўшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго». Лютасьць, з якой нячысты дух сустрэў Ісуса ўражвае і бачна тое, што ён ня мае намеру здавацца ці пагаджацца з Хрыстом, але кажа як ведаючы пра сваю паразу. Ён называе Ісуса Назарэйцам з намерам прынізіць Яго ў вачах іншых людзей, бо кожны ведаў, што Мэсія павінен быць з Бэтлеему. І ў той жа час ён прызнаецца, што Ісус ёсьць Сьвяты Божы. Няшчасьце гэтых злых духаў у тым, што яны ўпарцяцца ў сваім бунце, хаця і ведаюць пра свой пагібельны канец. Перамога, атрыманая Ісусам над нячыстым духам кажа пра тое, што для гэтага Ісус і прыйшоў, каб разбурыць справы д’ябла і вось зараз даказвае гэта. Яго не ўтрымаюць ні лісьлівасьць д’ябла, ні ягоныя пагрозы. Улада д’ябла павінна быць скрышанай, а няшчасны чалавек павінен адтрымаць збаўленьне.

Нячысты дух здаўся таму, таму што ў яго не было сродкаў супраць улады Хрыста і калі яму не ўдалося разжаліць Ісуса, ён напоўніўся лютасьцю і абрынуўся на няшчаснага чалавека. Так і сярод нас, бо калі Хрыстос вызваляе Сваёй ласкай няшчасныя ахвяры з рук д’ябла, дык гэта адбываецца ня без пакутлівага страсеньня і замяшаньня душы, бо гэты злы вораг будзе непакоіць тых, каго ня можа зьнішчыць. Ён загаласіў моцным голасам, каб напужаць прысутных і здацца жахлівым, каб пра яго думалі, што хаця ён і пераможаны, але пераможаны толькі на гэты раз і спадзяецца зноў працягнуць барацьбу, каб аднавіць свае пазіцыі. Убачанае і пачутае зьдзівіла ўсіх прысутных так, што яны аслупянелі, задаючыся пытаньнем: «Што гэта? Што гэта за новае вучэньне, што з уладаю загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?» Той, Хто здольны загадваць нячыстым духам, так што яны ня маюць сілы супрацівіцца, але вымушаны Яму падпарадкавацца, мае ўладу загадваць нам. Менавіта так думалі юдэі, калі назіралі ўсё гэта. Што ж тычыцца ўсіх нас, дык гэта ў нашых інтарэсах – мець сваім сябрам Таго, Хто мае ўладу над нячыстымі духамі.

Калі служэньне ў сынагозе скончылася, Ісус пайшоў з вучнямі ў дом Сымона Пятра. Па юдэйскаму звычаю, галоўная суботняя трапеза адбывалася адразу ж пасьля служэньня ў сынагозе, у шэсьць гадзін, гэта значыць у дванаццаць гадзін поўдня. Але ў доме Пятра Яго чакаў не адпачынак, а новы выклік. Цешча Пятра ляжала ў гарачцы ў вельмі слабым стане. Ісус, даведаўшыся пра гэта, узяў яе за руку і дапамог падняцца на свае ногі. Яна адразу ж аздаравілася і ня проста аздаравілася, але і імгненна набыла сілы, каб служыць Ісусу і вучням Яго. Падкрэсьлім тое, якім поўным было аздараўленьне, бо калі гарачка пакінула яе, дык не засталося ніякай слабасьці і яна пачала працаваць. Аздараўленьне зьдзяйсьняецца для таго, каб зрабіць нас здольнымі працаваць і каб мы маглі паслужыць Хрысту і дзеля Яго – блізкім.

«А калі настаў вечар, як сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі; і ўвесь горад сабраўся перад дзьвярыма». Аздараўленьне ў сынагозе выклікала эфект выбуху бомбы. Гэтая вестка імгненна разьляцелася па ўсяму Капернауму. І таму да вечара дом Сымона Пятра быў аточаны натоўпам, які шукаў дотыку Ісуса. Людзі чакалі да вечара, таму што Закон забараняў насіць грузы па гораду ў суботу. Субота ж працягвалася з шасьці гадзін ранку да шасьці вечара, што давала права людзям несьці сваіх хворых да Ісуса.

«І Ён аздаравіў многіх хворых на розныя хваробы, і многіх дэманаў выгнаў». Мы бачым трэці выпадак аздараўленьня ад Ісуса. Спачатку Ён аздараўляў у сынагозе, потым у доме Сымона Пятра і вось зараз Ён аздараўляе на вуліцы. Ісус разумеў просьбу кожнага і дзе б ня ўзьнікалі падобныя праблемы, Ісус гатовы быў выкарыстаць Сваю сілу і ўладу. Ён ясна разумеў усеагульны характар патрабаваньня людзей, якія маюць патрэбу. Людзі ж зьбіраліся вакол Яго, бо бачылі, што Ён здольны на вялікія дзеі, у параўнаньні з тымі, хто меў здольнасьці нешта казаць, але не рабіць.

Але тут і пачынаецца трагедыя. Людзі прыходзілі не таму, што ўбачылі нейкае новае бачаньне, але таму, што ім было нешта патрэбна асабіста для сябе. Яны намагаліся выкарыстаць Яго ў сваіх інтарэсах. Менавіта гэтага амаль што кожны жадае ад Бога і Ягонага Сына. На адну малітву да Бога пад час росквіту, прыходзіцца тысяча малітваў пад час бедства. Нехта сказаў, што людзі глядзяць на рэлігію, як на службу хуткай дапамогі, а ня як на перадавую лінію жыцьцёвай прасторы. Пра Бога людзі ўспамінаюць толькі пад час пэўнага крызісу. Яны пачынаюць успамінаць пра Бога толькі тады, калі яны апынаюцца ў цяжкім жыцьцёвам становішчы. Гэта ёсьць сумная жыцьцёвая карціна. Ня трэба глядзець на Бога толькі як на карысную апору ў цяжкія часы. Яго трэба любіць і памятаць кожны дзень нашага жыцьця.

Мац 1:35-45
«І раніцай, на самым досьвітку ўстаўшы, выйшаў, і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся. І пайшлі за Ім Сымон і тыя, што з ім былі, і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: “Усе шукаюць Цябе”. А Ён кажа ім: “Хадзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там Я абвяшчаў, бо Я дзеля гэтага прыйшоў”. І Ён абвяшчаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў. І прыходзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і падаючы перад Ім на калені, і кажучы Яму: “Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць”. Дык Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў руку і дакрануўся да яго, і кажа яму: “Хачу, будзь ачышчаны”. І калі сказаў, адразу зыйшла з яго праказа і стаў ачышчаны. І, грозна глянуўшы на яго, адразу выправіў яго, і сказаў яму: “Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і прынясі за ачышчэньне сваё тое, што загадаў Майсей, дзеля сьведчаньня ім”. Але ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і шырыць кругом гэта слова, што Ісус ужо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, але быў вонкі, у мясьцінах пустынных. І прыходзілі да Яго адусюль» (Мац 1:35-45).

Пачынаючы з гэтай памятнай суботы ў Капернауме мы бачым тое, што Яму не застаецца часу для адзіноты. Але ён добра ведаў, што ня зможа жыць бяз зносінаў з Богам, бо калі Ён і надалей хоча даваць іншым, дык павінен умацоўвацца ад Бога і Сам. Ён ведаў, што ня можа жыць без малітвы. Адзін вядомы чалавек сказаў, што малітва – гэта кліч душы да Бога. Хто ня моліцца – вінаваты ў неверагоднай неразважлівасьці, бо адмаўляецца ад магчымасьці прыяднаць Бога да сваіх здольнасьцяў. У малітве мы даем Госпаду магчымасьць насычаць нашыя душы духоўнаю сілай. Ісус ведаў гэта, як ведаў і тое, што калі Ён хоча сустракацца з людзьмі, Ён павінен спачатку сустрэцца з Богам. Калі ж Ісусу так неабходна была малітва, дык наколькі больш яна патрэбна кожнаму з нас?

Але Яго знайшлі там, дзе Ён маліўся і Ісус ня мог закрыць дзьвер перад людзьмі. Амаль што кожны з нас марыць мець асабісты пакой, дзе можна схавацца ад гэтага сьвету. Людзі будуюць платы і сьцены, каб набыць для сябе ўтульнасьць, супакой і вольны час, але нічога гэтага ня меў для Сябе Ісус. Адзін доктар казаў, што задача медыкаў складаецца з аздараўленьня ці палягчэньня, але тут заўсёды прысутнічае суцяшэньне. І такі абавязак заўсёды ляжаў на Ісусе, а Ён добра ўсьведамляў патрэбы чалавека. І вось, калі вучні прыйшлі за Ім, Ён перапыніў малітву, каб прыняць цяжар, ускладзены на Яго. З дапамогаю адзіна малітвы мы ніколі не выканаем ускладзеныя на нас задачы, але малітва так умацоўвае нас, што гэтыя задачы будуць выкананыя хутка і якасна.

«Хадзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там Я абвяшчаў, бо Я дзеля гэтага прыйшоў». Яны пайшлі па іншых месцах Галілеі і там, у сынагогах, прапаведаваў Ісус. Ён прапаведаваў і аздараўляў, ніколі не падзяляючы слова і справу. Справа ня зроблена, калі яна толькі сфармуляваная. Ісус ніколі не лічыў, што Ягоная задача заключана ў тым, каб толькі заклікаць людзей да Бога і дабрачыннасьці. Сфармуляваная задача, заклік і настаўленьне заўсёды ўвасабляліся ў канкрэтную справу. Ісус не падзяляў таксама душу і цела. Дабравесьце Хрыста адзінае і яно кажа пра тое, што пропаведзь працуе на карысьць ня толькі цела, але і на карысьць душы. Ісус ніколі не падзяляў зямное і нябеснае. Ёсьць людзі, якія клапоцяцца толькі пра нябеснае, забываючы пра зямное і таму становяцца непрактычнымі летуценьнікамі. Але ёсьць і такія, якія клапоцяцца пра зямное так, што забываюць пра нябеснае. Ісус казаў пра той час, калі воля Божая будзе ўвасабляцца на зямлі так, як і ў небе, а зямное і нябеснае будуць у адзінстве.

«Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць”. Дык Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў руку і дакрануўся да яго, і кажа яму: “Хачу, будзь ачышчаны”». Няма ў Бібліі хваробы, якая выклікала б больш жаху і пакутаў, чым праказа. Дастаткова прывесьці ў прыклад гісторыю Ёва, каб адчуць значнасьць гэтых словаў. Ні адна хвароба не ператварае чалавечую істоту ў такую жахлівую разваліну. Мы бачым на фоне гэтай сустрэчы адзін з самых выразных вобразаў Хрыста. Ён не прагнаў прэч чалавека, які парушыў Закон. Хворы праказай наогул ня меў права зьвяртацца да Яго і гаварыць з Ім, але Ісус з разуменьнем і спачуваньнем адказаў на адчайны зварот гэтага чалавека. Ісус працягнуў руку і крануўся яго. Крануўся нячыстага чалавека. Але для Ісуса ён ня быў нячыстым чалавекам. Для Яго гэта была звычайная чалавечая душа, якая мела вельмі вялікую патрэбу. Аздаравіўшы ачышчэнем гэтага чалавека, Ісус паслаў яго выканаць звычайны рытуальны абрад. Ён выканаў чалавечы закон і патрабаваньні чалавечай справядлівасьці, не ігнаруючы прынятыя нормы тагачаснага грамадзтва. І у гэтым мы бачым яднаньне спачуваньня, улады і мудрасьці.

Ісус забараніў распаўсюджваўся пра гэты цуд да тых пор, пакуль гэты чалавек не пакажацца сьвятару і не прынясе неабходныя ахвяры. Што гэта, як не іспыт паслухмянасьці аздароўленага чалавека? Але зрабіў гэты чалавек так, як яму было загадана? Не, не зрабіў і распаўсюдзіў гэтую навіну так, што гэта стала перашкодай для далейшага служэньня Ісуса. І зноў мы бачым, што Ісус адыйшоў ад натоўпу, каб зьдзяйсьняць служэньне ў пустынных месцах.


Рецензии