Марк 2 1-28

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА


Мар 2:1-28

Завяршыўшы Сваю вандроўку па сынагогам Галілеі, Ісус вярнуўся ў Капернаум, у дом, які прылежыў сям’і Ісуса і набыты каля дзесяці гадоў таму. Тагачаснае жыцьцё ўвогуле мела вельмі грамадзкі характар. Зранку дзьверы дома адчыняліся і гэта азначала, што кожны жадаючы мог сюды зайсьці. Зачыненыя дзьверы азначалі тое, што гаспадар дома жадаў адзіноцтва і ня схільны да зносінаў. Зараз жа ўявім сабе сьціплы домік Ісуса з адчыненымі дзявярмі і з уважлівасьцю паслухаем Марка.

Мар 2:1-12
«І праз некалькі дзён Ён зноў увайшоў у Капэрнаум, і пачулі, што Ён у доме. І адразу сабралася мноства, што нават пры дзьвярах не маглі зьмясьціцца, і Ён гаварыў ім слова. І прыходзяць да Яго са спараліжаваным, якога несьлі чацьвёра. І, ня здолеўшы прайсьці да Яго дзеля натоўпу, раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложак, на якім ляжаў спараліжаваны. І Ісус, убачыўшы веру іхнюю, кажа спараліжаванаму: “Дзіця, адпускаюцца грахі твае”. Былі ж там некаторыя кніжнікі, якія сядзелі і разважалі ў сэрцах сваіх: “Што гэта Ён кажа блюзьнерства? Хто можа адпускаць грахі, калі ня сам Бог?” А Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны гэтак думаюць, кажа ім: “Што вы гэтак разважаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй, сказаць спараліжаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі ложак свой і хадзі”. Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі”, — кажа спараліжаванаму: “Табе кажу: Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой”. І той адразу ўстаў і, узяўшы ложак, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: “Мы такога ніколі ня бачылі”» (Мар 2:1-12).

Адчынены дом Ісуса вельмі хутка быў запоўнены людзьмі, каб паслухаць Ягонае слова. Нават прастора перад домам была запоўненай зацікаўленымі жыхарамі Капернаума. І вось, да гэтага натоўпу падыйшлі чацьвёра, якія несьлі спараліжаванага чалавека. Яны не маглі прасунуцца праз натоўп і таму праявілі ўпартую вынаходлівасьць, калі вырашылі ўвайсьці ў дом праз дах. Дахі тагачасных дамоў былі плоскімі, на якіх, звычайна, адпачывалі гаспадары. Сама канструкцыя гэтага даху падштурхнула гэтых людзей на выдумку і вось чаму. Дах складаўся з бэляк, якія ўкладваліся на сьцены з адлегласьцю паміж сабою каля аднога метра. Прамежкі паміж бэлькамі запаўняліся вязкамі гальля спрасаванага з глінай, а зьверху ўсё закрывалася глінаю з вапнай. Было зусім ня цяжкім дастаць вязку гальля паміж бэлькамі, каб спусьціць параліжаванага да ног Ісуса. Калі Ісус убачыў такую вялікую веру, Ён мабыць усьміхнуўся і, усё зразумеўшы, сказаў: «Дзіця, адпускаюцца грахі твае».

Безумоўна тое, што гэтыя словы Ісуса большасьці падаліся дзіўнымі, бо ці мог чалавек, сваёй уладаю, адпускаць грахі? Так, юдэі лічылі, што калі нехта пакутуе, дык гэта ад грэху. Грэх і пакуты неаддзельныя адзін ад аднога. Гэта і сьцьвярджалі сябры Ёва: «Згадай жа, ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б?» (Ёў 4:7). У рабінаў жа была прымаўка: «Ні адзін пакутуючы ня быў аздароўлены па-перш, чым яму былі прабачаны грахі яго». У-ва ўяўленьні юдэяў хворыя – гэта тыя, на каго гневаецца Бог.  Сучасныя людзі не зьвязваюць так непасрэдна з грэхам, як гэта рабілі юдэі, але кожны юдэй пагадіўся б з тым, што спачатку павінна быць прабачэньне грахоў і толькі потым – аздараўленьне. Сэрца хворага было напоўненае жахам перад гневам Божым і вось зараз цяжар зьнік і гэта зрабіла аздараўленьне поўным.

Мы бачым сярод прысутных вакол Ісуса некаторых кніжнікаў, якія, як бачыцца, прыйшлі з Ерусаліму. Вакол Ісуса, ад пачатку служэньня ў Капернауме, зьбіраліся натоўпы і Ягоная вядомасьць узрастала з кожным днём, а Ягоная вандроўка па ўсёй Галілеі не магла не прыцягнуць сваю ўвагу Сынедрыёна. Складваецца ўражаньне, што менавіта Сынедрыён прыслаў сюды сваіх выведнікаў, каб тыя на месцы высьветлілі сапраўдную сітуацыю. І вось зараз яны чуюць тое, што Ісус адпускае грахі хвораму чалавеку. Важнаю часткай юдэйскай рэлігіі было тое, што толькі Бог адпускае грахі і тое, што яны ўбачылі тут, было, па іхняму меркаваньню, блюзьнерствам. Выведнікі нічога не казалі Ісусу, бо на тое яны і выведнікі. Але Ісус ведаў іхнія думкі і таму Сам зьвярнуўся да іх: «Што вы гэтак разважаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй, сказаць спараліжаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі ложак свой і хадзі”». Па сутнасьці, Ісус як бы кажа ім: «Вы кажаце, што Я ня маю права адпускаць грахі? Бо вы верыце ў тое, што хворы чалавек абавязкова павінен быць грэшнікам і не можа быць аздароўлены перш, чым яму будуць адпушчаныя грахі ягоныя? Ну добра, тады глядзіце!» Ісус прамаўляе Сваё слова і спараліжаваны цалкам аздаравіўся. Кніжнікі апынуліся ў асабістай пастцы, бо чалавек ня можа быць аздароўленым, пакуль не атрымае адпушчэнье грахоў. І вось яны бачаць тое, што спараліжаваны стаўся зларовым, а гэта азначае, што ён быў прабачаным. Ісус ашаломіў гэтым кніжнікаў, але яны, як бачыцца, ня толькі былі пастаўленыя ў тупік, але і прыйшлі ад гэтага ў лютасьць.

Чаму гэта так? Таму што ўся артадаксальная юдэйская рэлігія можа апынуцца ў стане расхістаньня і зьнішчэньня. Менавіта таму і менавіта тут Ісус падпісаў Сабе сьмяротны прысуд – і Ён пра гэтае ведаў.

Мар 2:13-17
«І зноў выйшаў Ісус да мора, і ўвесь натоўп пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх. І, праходзячы, убачыў Ён Левія Альфеявага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: «Ідзі за Мною!» І той, устаўшы, пайшоў за Ім. І сталася, калі Ён узьлягаў у доме ягоным, узьлягалі разам з Ісусам і вучнямі Ягонымі шмат мытнікаў і грэшнікаў, было бо многа іх, і яны ішлі за Ім. А кніжнікі і фарысэі, бачачы, што Ісус есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: “Чаму Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?” І, пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: “Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я прыйшоў клікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да навяртаньня”» (Мар 2:13-17).

Дзьверы сынагог зачыняліся перад Ісусам, бо паміж Ім і ахоўнікамі юдэйскай артадаксальнай веры пачалася, пакуль што, негалосная вайна. Зараз Ён вучыў ўжо не ў сынагогах, а на беразе Галілейскага мора. Ягоная царква была пад адкрытым небам, дахам якой быў небасхіл, а кафедрай – пагорак ці рыбацкая лодка. Пачынаецца сур’ёзная сітуацыя, калі Сын Божы стаўся выгнаным з таго месца, якое лічылася домам Божым.

«І, праходзячы, убачыў Ён Левія Альфеявага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: “Ідзі за Мною!” І той, устаўшы, пайшоў за Ім». Капернаўм быў тым месцам, дзе сыходзіліся вельмі важныя шляхі тагачаснага сьвету. Даволі буйны шлях вёў ад Дамаску праз Капернаум, ідучы ўздоўж даліны Сарон праз Газу ў Егіпет. Другі ж шлях ішоў на поўдзень, у бок Ерусаліму і Арабіі, ідучы па берагу Галілейскага мора. Тагачасная Палестына, пасьля сьмерці Ірада Вялікага, была падзеленай адміністратыўна. Юдэю ўзначальваў рымскі намесьнік – пракуратар; Галілеей кіраваў тэтрарх Ірад Антыпа; на ўсходзе, у Этурэ і Траханіцкім краі, кіраваў тэтрарх Філіп, другі сын Ірада Вялікага. Па дарозе ж з тэрыторыі, падуладнай Філіпу, у Галілею і стаяў Капернаум, бліжэйшы памежны горад. Там і была мытня, дзе зьбіралася ўвазная і вывазная мыта. Тут і працаваў Мацьвей, які ня быў рымскім службоўцам, але працаваў на Ірада Антыпу, будучы на пасадзе, ненавідзімай у народзе.

Мацьвея, як дарэчы і іншых мытнікаў, не любілі і яны ніколі не карысталіся павагай у грамадзтве, бо займаліся папаўненьнем гаманцоў рымлянаў ды тэтрархаў, не забываючы, між тым, і пра сябе асабіста. У тыя часы мытнікаў ставілі ў адзін рад з пералюбнікамі, хабарнікамі і лісьліўцамі. І вось такога чалавека кліча Ісус. Чаму? Яму быў патрэбны чалавек, які нікому ня быў патрэбны. Ісус прапанаваў Сваё сяброўства чалавеку, якога многія б пасароміліся назваць Мацьвея сваім сябрам. А што ж сам Мацьвей? Можна быць упэўненым у тым, што перадумовы для таго, каб пайсьці за Ісусам, былі. Неспакой і цяжар быў на душы ў Мацьвея і можна з упэўненасьцю сказаць, што ён, ужо значны час, бачыў і чуў Ісуса яшчэ раней, калі Ісус жыў і працаваў у Капернауме. Але зараз, калі ён чуў Ісуса на беразе Галілейскага мора, сэрца Мацьвея знаходзілася ў вялікім трымценьні, але самому прыйсьці да Яго ён ня мог, бо ведаў, што яго лічылі нячыстым.

І вось Ісус кажа Мацьвею: «Ідзі за Мною». І той, устаўшы, пайшоў за Ім. Якую мы можам зрабіць з гэтага выснову? Мацьвей, у літаральным сэнсе, пакінуў усё і пайшоў за Ісусам. З усіх вучняў ён ахвяраваў нашмат болей, чым усе астатнія, калі пайшоў за Ісусам. Сымон Пётр, Андрэй, Якуб і Ян мелі магчымасьць вярнуцца да сваіх рыбацкіх заняткаў і забясьпечыць сябе ўсім неабходным. А вось Мацьвей спальваў за сабою ўсе масты. Адным сваім дзеяньнем, у адзін момант, адным хуткім рашэньнем ён назаўсёды пакончыў з сваім заняткам, кінуў працу мытніка, ня якую ён ужо ня мог вярнуцца. У жыцьці кожнага чалавека настае час, калі трэба зрабіць выбар. Мацьвей паставіў на карту ўсё, калі пайшоў за Хрыстом, і не памыліўся. Ён назаўсёды разьвітаўся з грэшным мінулым і з гэтага моманту ён мог спакойна глядзець людзям у вочы. Так, жыцьцё будзе бяднейшае і жыцьцё станецца нашмат цяжэйшым, але з гэтага моманту рукі ягоныя былі чыстымі і сумленьне ягонае было спакойным.

Мацьвей згубіў сваю працу, але атрымаў нашмат болей важную. Нехта сказаў, што Мацьвей кінуў усё, акрамя аднога – свайго пяра, каб працягваць пісаць. Вынікі гэтага вядомыя ўсім – Эвангельле паводле Мацьвея, дзе зьмястуецца адзін з найважнейшых дакумантаў гісторыі – першая пісьмовая справаздача пра вучэньне Ісуса. Маючы выдатную памяць, звычкай да сістэматычнай працы і добра валодаючы пяром, Мацьвей быў першым апосталам, які даў сьвету кнігу пра вучэньне Ісуса Хрыста. Самым дзіўным можна лічыць тое, што прынятае Мацьвеем сьмелае рашэньне прынесла яму тое, што ён, як бачыцца, меньш за ўсё шукаў – яно прынесла яму сусьветную і вечную славу. Калі б Мацьвей адмовіўся прыняць заклік Хрыста, ён застаўся б у праменях адмоўнай славы сярод людзей у Капернауме. Але так ня сталася, а Бог ніколі не кідае чалавека, які рызыкуе ўсім дзеля Яго.

Дык вось, Мацьвей пайшоў за Ісусам. І пайшоўшы, ён запрашае Ісуса ў свой дом, каб адсьвяткаваць гэтую падзею разам са старымі і новымі сябрамі. Ісус з радасьцю прымае гэтае запрашэньне, ведаючы, што гэтыя людзі шукаюць зносінаў з Ім. Прыйдзячы ў дом Мацьвея, сідзячы з ім за адным сталом, Ісус ігнараваў фарысэйскія нормы і правілы таго часу. Ня трэба думаць, што ўсе гэтыя людзі былі грэшнікамі ў маральным сэнсе гэтага слова. Слова «грэшнік» мела падвойнае значэньне. Яно азначала чалавека, які парушыў маральны закон, але яно таксама азначала чалавека, які парушаў распрацаваныя кніжнікамі нормы паводзінаў. Чалавек, які зьдзейсьніў нейкае злачынства і чалавек, які ня мые рукі перад ежай неабходную колькасьць разоў – усе былі грэшнікамі.

Калі Ісуса сталі абвінавачваць у недапушчальных паводзінах, Ён адказаў вельмі проста: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я прыйшоў клікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да навяртаньня». Гэтыя словы Ісуса нясуць у сабе вельмі вялікі сэнс. На першы погляд можа падацца тое, што здаровым людзям Ён зусім не патрэбны, але справа ў тым, што Ісус ня можа дапамагчы толькі тым, хто лічыць сябе настолькі добрымі, што падаецца ім ніякая дапамога не патрэбна, але для грэшніка, які ведае, што ён грэшнік і ў сэрцы сваім жадае аздараўленьня – для такога чалавека Ісус зробіць усё. Чалавек, які лічыць, што яму дапамога не патрэбная, будуе бар’ер паміж сабой і Ісусам, а ў чалавека, які мае такую патрэбу, у кішэні ляжыць квіток да Ісуса.

Мац 2:18-22
«І посьцілі вучні Янавы і фарысэйскія. Дык прыходзяць і кажуць Яму: “Чаму вучні Янавы і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?” І сказаў ім Ісус: “Ці ж могуць посьціць сыны вясельля, калі малады з імі? Пакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць посьціць. А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посьціць у тыя дні. Ніхто не прышывае латы з новай тканіны да старога адзеньня, бо новая лата разьдзярэ старое, і дзіра зробіцца большая. І ніхто не ўлівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно прарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; але новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі”» (Мар 2:18-22).
Фарысэі ды кніжнікі трымалі пост строга. Але ў рэлігіі юдэяў быў толькі адзін абавязковы посны дзень – дзень ачышчэньня, калі юдэі вызнавалі свае грахі, атрымліваючы прабачэньне. Гэты дзень і быў называны днём посту. Але фарысэі і кніжнікі пасьціліся, акрамя гэтага яшчэ два дні на тыдзень – у панядзелак і чацьвер. Гэты пост ня быў працяглым і доўжыўся з шасьці гадзінаў ранку да дванаццаці дня. Бачыцца, што менавіта за гэтыя пасты і абураліся артадаксальныя юдэі, калі вучні Ісуса не выконвалі іх. Ісус жа зусім ня супраць посту, бо ёсьць шмат прычынаў чалавеку пасьціцца. Што ж тычыцца фарысэяў, дык праблема была ў тым, што яны, у сваёй большасьці, пасьціліся на паказ іншым людзям. Яны нават размалёўвалі свае твары белай фарбай і хадзілі ў нядбайнай адзёжы, каб кожны бачыў, што яны пасьцяцца і захапляўся іхняй адданасьцю. Але, каб пост меў каштоўнасьць, ён не павінен быць рытуалам, а ўнутранай сардэчнай патрэбаю.

«Ці ж могуць посьціць сыны вясельля, калі малады з імі?» Калі Ісус тлумачыць фарысэям пра тое, чаму Ягоныя вучні ня посьцяць, Ён выкарыстоўвае яркую карціну з юдэйскага жыцьця. Пасьля юдэйскага вясельля маладыя не зьяжджалі ў нейкую вясельную вандроўку, але заставаліся дома. На працягу тыдня яны трымалі дом адчыненым, каб весяліцца і піраваць з сябрамі жаніха і сяброўкамі нявесты, называючы іх дзецьмі вясельнага палацу. У жыцьці, поўнай цяжкай працы, вясельны тыдзень быў для чалавека самай шчаснай. Ісус і параўноўвае Сваіх вучняў з дзецьмі вясельнага палацу, выбранымі гасьцямі на вясельным піры. Існавала рабінскае правіла пра тое, што ўсе прысутныя на вясельным піры вызваляюцца ад рэлігійных правілаў, якія перашкаджаюць радасьці вясельля. Госьці на шлюбным піры, наспраўдзе, былі звольненыя ад усякага посту. З гэтай гісторыі мы пазнаем, што адметнай рысай хрысьціянскіх адносінаў зьяўляецца радасьць. Ключ жа да гэтай радасьці заключаны ў тым, што чалавек адкрывае сябе для Хрыста і знаходзіцца ў Ім. Жыцьцё ў Хрысьце можна пражыць толькі ў радасьці. Але ўся гэтая гісторыя мае змрочнае прадвесьце, як воблака на гарызонце. Ісус бачыў Свой крыж наперадзе. Сьмерць не засьпела Яго зьнянацку і, нягледзячы на гэта, Ён выбраў Свой шлях. І гэта сапраўдная сьмеласьць, бо гэта тое, што нельга сьпіхнуць з дарогі, на прыканцы якой Яго чакае ўкрыжаваньне.

«Ніхто не прышывае латы з новай тканіны да старога адзеньня, бо новая лата разьдзярэ старое, і дзіра зробіцца большая. І ніхто не ўлівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно прарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; але новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі». Ісус добра разумеў, што Ягоная вестка ёсьць незвычайна новай. Але Ён разумеў і тое, што Ягоны лад жыцьця вельмі адрозьніваецца ад жыцьця гебрайскіх сьвятароў. Ісус добра ўсьведамляў і тое, што чалавеку цяжка гэта зразумець і прыняць праўду. Таму Ён і дае два гэтых прыклада. Ісус, як ніхто іншы, меў цудоўнейшы дар выкарыстоўваць у Сваіх прамовах простыя, вядомыя ўсім, ілюстрацыі. З дапамогаю простых параўнаньняў Ісус паказвае шлях да Бога, што вельмі важна для ўсіх нас, бо дае нам усьведамленьне таго, што зямля насычаная нябесным. Усё на зямлі кажа пра Бога і на што б ня кідаў Ісус Свой погляд, усё было накірована да Бога.

Ісус кажа пра нямэтазгоднасьць прышываць новую лату на старое адзеньне. Новая лата – гэта новы матэрыял, яшчэ ня сьціраны, а таму ня сеўшы. І калі такое залатанае адзеньне намокне, дык новая лата сядзе і, будучы больш моцнай, парве старую тканіну. Настае час, калі старое трэба выкідваць і ствараць новае. Новыя справы, якія зьдзяйсьняе Ісус, не месьціцца ў звыклы лад жыцьця ды мысьленьня і спробы сумясьціць адно з адным прыводзіць да таго, што атрымліваць шкоду ад таго і другога. Тая Вестка, якую нясе Ісус, не сумяшчалася са сьветапоглядам Ягоных сучасьнікаў – галілеянаў. Так і з прыкладам параўнаньня старых і новых мяхоў для новага віна. Новыя мяхі мелі пэўную эластычнасьць, але з цягам часу яны цьвярдзелі і гублялі сваю гнуткасьць. Маладое віно яшчэ працягвае закісаньне, ў выніку чаго ўтвараюцца газы, якія, у сваю чаргу, ствараюць ціск, а гэта прыводзіць да разрыву старога нягнуткага меху. Будуць згубленымі і віно, і мех. З гэтага мы бачым патрабаваньне Ісуса – мець гнуткасьць розуму і не закасьцянець у свах звычках і думках. Той, хто сапраўды жадае ўзьняцца да вышыні хрысьціянскага пакліканьня, павінен захаваць на ўсё жыцьцё прадпрымальны і сьмелы склад розуму, бо мы маем невычарпальнае багацьце Хрыста.

Усё пачалося з пытаньня, ці трэба пасьціцца і калі. Сучасьнікі Ісуса пасьціліся галоўным чынам у гадавіны жудасных падзеяў мінулага, напрыклад такога як разбурэньне Храма Бабілонам пяць стагодзяў таму. Дык няўжо Ісус, веруючы юдэй, настаўнік, ня будзе выконваць пост у гэты дзень? Не, Ісус нясе людзям уваскрасеньне і новае жыцьцё. Ён прапаведуе пра новы пачатак, па якому так доўга таміўся Ізраіль. Ісус зьдзяйсьняе тую рэальнасьць, прадвесьцем якой быў Храм: збаўляльная прысутнасьць Бога сярод Свайго народу. Настаў час зьвярнуць свой погляд наперад, да вялікіх справаў Бога, а не назад, да тых часоў, калі Ізраіль атрымаў пакараньне за нявернасьць і адпадзеньне ад Бога. Хрысьціяне памятаюць Хрыста як момант пачатку, калі Бог зьдзейсьніў тую новую і цудоўную справу, абяцаную ад пачатку, і ўсё перамянілася. Але, на жаль, і мы таксама намагаемся спалучаць новыя словы Пісаньня са звыклымі традыцыямі нашага жыцьця. Калі Бог творыць нешта новае, трэба сьпяшацца на пір, а не бурчэць, што гэтае новае віно разарве наш любімы старэнькі мех. Штодзённая хрысьціянская мудрасьць у тым і заключана, каб умець аддзяліць старое ад новага.

Мац 2 23:28
«І сталася Яму ў суботу праходзіць праз палеткі, і вучні Ягоныя пачалі дарогаю зрываць каласы. І фарысэі гаварылі Яму: “Глядзі, чаму яны робяць у суботу, што ня сьлед!” А Ён сказаў ім: “Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны сам і тыя, што з ім? Як увайшоў ён у дом Божы за Абіятара першасьвятара і еў хлябы пакладныя, якія нельга яму было есьці, а толькі сьвятарам, і даў таксама тым, што з ім былі?” І казаў ім: “Субота для чалавека, а не чалавек для суботы. Таму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы”» (Мац 2:23-28).

І зноў Ісус выступае радыкальным чынам супраць нормаў і правілаў, што былі распрацаваныя кніжнікамі. Вучні Ісуса, у суботні дзень, зрывалі каласы з поля, каб падхарчавацца, а гэта лічылася працай. Ногул праца падзялялася на трыццаць дзевяць відаў і сярод іх былі чатыры: жаць, веяць, малаціць і гатаваць муку. Сваім дзеяньнем вучні парушалі гэтыя правілы і ў вачах фарысэяў гэта быў вельмі цяжкі грэх. Яны і выступілі з абвінавачваньнем у гэтым цяжкім парушэньні. А што Ісус? Ён адказвае фарысэям іхнімі ж словамі. Ён прыводзіць у прыклад гісторыю Давіда з 1 Вал 21:1-6, калі Давід, бягучы ад небясьпекі, прыйшоў у скінію ў Номбу і патрабаваў хлеба, каб паесьці. Акрамя пакладных хлябоў нічога не было, якія былі прызначаныя адзіна сьвятарам, але на момант сапраўднай патрэбы Давід узяў гэтыя хлябы і еў іх.

«Субота для чалавека, а не чалавек для суботы». Рэлігія не зьяўляецца звычайным зборам нормаў і правілаў. Безумоўна тое, што выкананьне патрабаваньняў нядзелі – рэч вельмі важная, але ў рэлігіі ёсьць найбольш важныя праблемы, чым безумоўнае выкананьне нядзелі. Калі б чалавек мог стацца хрысьціянінам толькі таму, што утрымліваецца ў нядзелю ад працы і задавальненьняў, сьпяшаецца ў царкву, прамаўляючы малітвы, дык гэта было б вельмі простым. Як толькі людзі пачынаюць забываць пра любоў, прабачэньне, служэньне і міласэрнасьці, якія зьяўляюцца сутнасьцю хрысьціянства, замяняючы іх выкананьнем нормаў і правілаў, нашаму хрысьціянству пагражае ўпадак. Сутнасьць хрысьціянства заўсёды была ў тым, каб нешта рабіць для Бога, а ня ў тым, каб устрымлівацца ад гэтага.

Але самым важным у чалавечых адносінах зьяўляецца неабходнасьць дапамагчы блізкаму, які мае пэўную патрэбу, бо гэта ёсьць прыярытэтам перад усімі астатнімі патрабаваньнямі. Нават вызнаньне веры прызнае, што неабходныя справы і справы міласэрнасьці. можна выконваць і ў нядзелю. Калі нормы якой-небудзь рэлігіі перашкаджаюць дапамагаць блізкаму, дык гэта ўжо не рэлігія. Чалавек азначае нашмат больш, чым любая сістэма і любыя рытуалы. Лепшы спосаб паважаць і любіць Госпада – дапамагаць людзям, а таму вырашальнае значэньне ў-ва ўсіх нашых учынках мае любоў, а ня літара закону.

«Таму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы». У другі раз Марк выкарыстоўвае выраз «Сын Чалавечы», прычым сэнс гэтага выразу зьвязаны з мэсіянствам, паказаным у Дан 7, прышэсьця Якога чакалі , як прышэсьця Божага Валадарства. Ісус не сьцьвярджае тое, што любы чалавек – гаспадар суботы, але Мэсія, сапраўдны прадстаўнік чалавецтва, мае ўладу над тымі пастановамі, якія звычайна прадстаўляюць людзей у гэтым сьвеце. Усе гэтыя сэнсы падсумоўваюцца ў выніковай загадцы, над якой сучасьнікі Ісуса задаваліся пытаньнем ня меньш чым і людзі ў-ва ўсіх пакаленьнях.


Рецензии