Марк 3 1-35
Мар 3:1-35
Гэта вельмі важная частка ў жыцьці Ісуса Хрыста. Шмат каму стала відавочным тое, што Ён глядзіць кардынальна інакш, чым артадаксальныя кіраўнікі юдэйскага грамадзтва. Ужо тое, што Ён увайшоў у сынагогу, кажа пра вялікую мужнасьць, хаця няма большай мужнасьці, чым у Госпада. У гэтай сынагозе былі і пасланцы Сынэдрыёна, якія не былі незаўважанымі, бо былі, як звычайна, на першых месцах у сынагозе. Меньш за ўсё яны намерваліся зараз шанаваць Бога і спазнаваць праўду, але яны павінныя былі сачыць за кожным дзеяньнем Ісуса.
Мар 3:1-6
«І зноў увайшоў у сынагогу. І быў там чалавек, які меў сухую руку. І сачылі за Ім, ці не аздаровіць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго. І кажа сухарукаму чалавеку: “Стань на сярэдзіне!” І кажа ім: “Ці належыць у суботу рабіць добрае, ці рабіць благое? Душу выратаваць ці загубіць?” Але яны маўчалі. І, глянуўшы на іх з гневам, смуткуючы дзеля скамяненьня сэрца іхняга, кажа чалавеку гэтаму: “Выцягні руку тваю!” І ён выцягнуў, і зрабілася рука яго здаровая, як і другая. Фарысэі ж, выйшаўшы, зрабілі адразу нараду з ірадыянамі супраць Яго, каб Яго загубіць» (Мар 3:1-6).
У сынагозе, гэтым часам, знаходзіўся сухарукі чалавек, які набыў гэтую хваробу пры сваім жыцьці. Эвангельле паводле гебраяў кажа, што гэты чалавек раней быў будаўніком і прасіў Ісуса пра аздараўленьне, каб зарабляць на жыцьцё працаю, бо саромеўся прасіць міласьціну. Бачыцца, што гэты чалавек скарыстаўся момантам, апынуўшыся побач з Ісусам, нягледзячы на тое, што гэта быў дзень суботы, калі забаронена было аздараўляць, бо гэта лічылася працаю. Выключэньнем магло быць толькі тое, што чалавек мог апынуцца ў сьмяротнай небясьпецы. Але зараз гэтага не было і жыцьцё гэтага чалавека не было ў небясьпецы. Ісус жа, разумеючы ўсё гэта, вырашае зрабіць нестандартнае дзеяньне.
«І кажа сухарукаму чалавеку: “Стань на сярэдзіне!”». Чаму так зрабіў Ісус? Адзіна для таго, каб выгляд хворага выклікаў у прысутных спачуваньне і каб гэта бачыў кожны. Ён задае фарысэям два пытаньні: «Ці належыць у суботу рабіць добрае, ці рабіць благое? Душу выратаваць ці загубіць?» і гэтым ставіць фарысэяў перад складаным выбарам, прымушаючы іх, сваім маўчаньнем, пагадзіцца з тым, што па закону дазваляецца рабіць добрае ў суботу і што Ён робіць добрую справу. А зараз увага. Ісус мае намер уратаваць душу гэтага чалавека, а яны, фарысэі, пачынаюць думаць пра тое, каб забіць Яго. У любым выпадку, безумоўна, было б лепей адказаць, што лепш дапамагчы чалавеку, чым разважаць пра забойства Ісуса. І таму нядзіўна, што ў фарысэяў не было адказу.
Пасьля гэтага Ісус уладным позіркам аздаравіў гэтага чалавека, а фарысэі выйшлі з сынагогі і пачалі радзіць з ірадыянамі, каб забіць Ісуса. У фарысэяў не было рэальнай улады, а таму, для сур’ёзнага нападу на Ісуса, ім патрэбны быў нейкі праўладны зьвяз. Тут трэба зьвярнуць увагу на тое, што ірадыяне, набліжаныя да Ірада людзі, лічыліся ў фарысэяў нячыстымі. І вось зараз яны былі гатовыя да зьвязу з ірадыянамі, бо ў іхніх сэрцах кіпела нянавісьць, якая і штурхала фарысэяў да гэтага дзеяньня. Заўважым таксама, што ўсё гэта адбывалася ў суботу. І ці па закону яны радзілі з ірадыянамі, каб зьдзейсьніць забойства Ісуса? Але чаму меравіта з ірадыянамі? Можа таму, што Ірад, які ўжо забіў Яна, такім жа чынам заб’е і Ісуса? Паглядзім.
Мар 3:7-19
«І Ісус разам з вучнямі Сваімі адыйшоў да мора, і вялікае мноства пайшло за Ім з Галілеі, і з Юдэі, і з Ерусаліму, і з Ідумеі, і з-за Ярдану, і з ваколіцаў Тыру і Сідону, вялікае мноства, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго. І сказаў вучням Сваім, каб быў падрыхтаваны для Яго човен дзеля натоўпу, каб ня ціснулі Яго. Бо многіх Ён аздаравіў, таму пхаліся да Яго ўсе, што мелі немачы, каб дакрануцца да Яго. І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: “Ты — Сын Божы!” Але Ён строга забараняў ім, каб не выяўлялі Яго. І ўзыходзіць на гару, і кліча тых, якіх Сам хацеў, і прыйшлі да Яго. І вызначыў Дванаццаць, каб былі з Ім і каб пасылаць іх абвяшчаць, і каб мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў: Сымона, і даў яму імя Пётр, і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імя Боанэргес, што значыць “Сыны грому”, і Андрэя, і Філіпа, і Барталамея, і Мацьвея, і Тамаша, і Якуба Альфеявага, і Тадэвуша, і Сымона Кананіта, і Юду Іскарыёта, які выдаў Яго» (Мар 3:7-19).
Ісус не жадаў сур’ёзнага сутыкненьня з уладамі і таму Ён пакінуў сынагогу. Але Ён пайшоў не з пачуцьця страху і не таму, што баяўся наступстваў Свайго ўчынку. Ягоны час яшчэ не настаў і Яму трэба было шмат што зрабіць, паперш чым пайсьці на канчатковы канфлікт. Менавіта з гэтага Ён пакінуў сынагогу і пайшоў на бераг Галілейскага мора, дзе Ён працягнуў Сваю пропаведзь у прысутнасьці натоўпаў людзей, якія прыйшлі да Яго з розных куткоў Ізраіля. Натоўпы прыходзілі нават з Ідумеі, паўдзённай краіны, якая ляжала паміж межамі Ізраіля і Арабіі, а таксама фінікійскіх Тыра і Сідону. Усе яны хацелі пабачыць і пачуць Ісуса. Натоўпы былі такія вялікія, што станавілася небясьпечна, бо людзі прыціскалі Яго на берагу і таму ля берага трымалі напагатове човен. Аздараўленьні, якія ўчыніў Ісус наклікалі яшчэ большую небясьпеку, таму што хворыя ўжо не чакалі, пакуль Ён дакранецца да іх, але цягнуліся да Яго, каб дакрануцца да Ісуса.
Ісус жа, тым часам, сутыкнуўся з асаблівай праблемай – з людзьмі, якія былі апанаваныя дэманамі і якія крычалі да Ісуса, што Ён Сын Божы. Ня трэба думаць, што апанаваныя вызначалі Ісуса як частку Тройцы, але адчувалі, што Ён знаходзіцца вельмі блізка да Бога і таму мацнейшы за дэманаў. Але чаму Ісус забараняў ім казаць гэта? На гэтае ў Яго была простая, але важная прычына. Ісус – Мэсія, памазанны Богам Валадар, але Ягонае разуменьне Мэсіі кардынальна адрозьнівалася ад агульнапрынятага. Ісус бачыў у мэсіянстве шлях служэньня, ахвяры і любові з крыжовым фіналам. У вачах жа юдэяў Мэсія – непераможны Валадар, Які прагоніць рымлянаў і прывядзе юдэяў да ўлады над усім сьветам. І калі б разьнесьліся чуткі пра зьяўленьне Мэсіі, непазьбежна пачаліся б бунты і паўстаньні, асабліва ў Галілеі, дзе народ заўсёды быў хуткі на пад’ём, каб крочыць за нацыянальным лідарам. Ісус думаў пра мэсіянства катэгорыямі любові, але народ думаў пра гэта ў катэгорыях юдэйскага нацыяналізму. Таму Ісус і забараняе казаць пра гэта, бо спачатку Ён павінен навучыць народ сапраўднаму разуменьню мэсіянства.
«І ўзыходзіць на гару, і кліча тых, якіх Сам хацеў, і прыйшлі да Яго». Пачаўся вельмі важны момант у жыцьці і дзейнасьці Ісуса. Ён прыйшоў са Сваім дабравесьцем і вельмі ўразіў людзей пропаведзьдзю і аздараўленьнямі. І вось зараз настаў час вырашыць дзьве вельмі важныя задачы. Ён павінен быў знайсьці спосаб хуткай перадачы Ягонага дабравесьця, а таксама і спосаб распаўсюджваньня Свайго вучэньня вялікай колькасьці людзей. Тое, што хрысьціянства пачалося з групы людзей, было вельмі важным. Хрысьціянскую веру ад пачатку можна было адкрываць і перажываць унутры братэрства людзей, якія зьўляліся аднадумцамі. Наадварот фарысэі рабілі ўсё, каб людзі адгароджваліся адно ад аднога. Самая назва «фарысэй» азначае «выбраны ці аддзелены», а сэнс хрысьціянства складашся з таго, што яно зьвязвала людзей і ставіла перад імі задачу жыць адзін для аднога.
Гэтая група людзей, з якой пачалося хрысьціянства, была вельмі разнастайнай, дзе зьбіраліся процілегласьці. Мацьвей, напрыклад, быў мытнікам, а таму атступнікам і здраднікам свайго народу. Сымон жа Кананіт (у Лукі Сымон Зілот) трымаўся групы зілотаў – жорсткіх нацыяналістаў, якія не цураліся забойстваў, каб вызваліць сваю краіну ад рымлянаў. У адной групе адзінадумцаў сышліся фанатычны патрыёт і чалавек, пазбаўлены ўсякага патрыятызму. Безумоўна і тое, што пакліканыя Ісусам людзі адрозьніваліся як па паходжаньню, так і асабістым поглядам. Хрысьціянства з самога пачатку настойвала на тым, каб людзі розных поглядаў і паходжаньня жылі разам і вучыліся ў Ісуса.
А зараз паглядзім на гэтых людзей, якіх паклікаў, у Свой бліжэйшы круг, Ісус. Яны не былі багатымі, яны не займалі асаблівага стану ў грамадзтве, не было ў іх і асаблівай адукацыі, яны не былі багасловамі ці духоўнымі асобамі, не былі і набліжанымі да ўлады. Усе яны былі простымі людзьмі. Але гэтыя вучні Ісуса мелі некалькі асаблівых якасьцяў. Яны, па-першае, адчувалі прыцягальную сілу Ісуса, што абудзіла іх прызнаць Яго сваім Госпадам. І потым у іх была сьмеласьць адкрыта паказаць, на чыім баку яны стаяць. А тут, на самой справе, патрэбна была немалая сьмеласьць. Чаму? Таму што Ісус адкрыта парушаў фарысэйскія правілы і ішоў на сутыкненьне з артадаксальным кіраўніцтвам юдэяў. Яго ўжо абвінавачвалі ў блюзьнерстве, а яны сьмела пайшлі за Ім. Гэтыя галілеяне рызыкавалі ўсім, але, добра ўсьведамляючы ўсё гэта, ішлі за Ім. Так, у гэтых дванаццаці былі свае недахопы, але трэба цьвёрда сказаць, што яны вельмі любілі Ісуса і не баяліся пра гэта абвяшчаць сьвету. Ісус паклікаў гэтых людзей, каб яны былі Ягонымі спадарожнікамі. Іншыя вучні маглі прыходзіць і ўходзіць, але гэтыя дванаццаць павінны былі жыць такім жа жыцьцём, што і Ісус і жыць побач з Ісусам. Ён паклікаў іх, каб, у хуткім часе, паслаць іх у сьвет. Каб яны сталі Ягонымі прадстаўнікамі ў сьвеце і апавядалі пра Яго іншым. Яны былі заваяваныя дзеля таго, каб яны заваявалі іншых.
Каб гэтыя дванаццаць маглі выканаць ускладзеную на іх задачу, Ісус даў ім пэўныя здольнасьці. Ён даў ім слова дабравесьця. Яны павінны стаць Ягонымі весьнікамі. Адзін чалавек сказаў, што ніхто ня мае права быць настаўнікам, калі ў яго няма свайго вучэньня ці вучэньня іншага чалавека, якое ён жадае абвяшчаць. Людзі заўсёды будуць слухаць таго, у каго ёсьць слова і каму ёсьць што сказаць. Ісус і даў Сваім вучням што сказаць. І, акрамя таго, Ён даў ім сілу і ўладу, каб выганяць дэманаў і аздараўляць людзей. Яны ўсюды былі з Ім і таму атрымалі частку Ягонай сілы і ўлады. Калі мы жадаем ведаць, што азначае быць пасьлядоўнікам Ісуса Хрыста, мы павінны ўважліва паглядзець і яшчэ раз падумаць пра Ягоных першых апосталаў.
Мар 3:20-30
«І прыходзяць у дом; і зноў зыходзіцца натоўп, так што не маглі яны нават хлеба паесьці. І, пачуўшы гэта, сваякі Ягоныя пайшлі ўзяць Яго, бо казалі, што Ён зьдзівачэў. А кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму, гаварылі, што мае Бэльзэбула і што моцай князя дэманаў выганяе дэманаў. І, паклікаўшы іх, гаварыў да іх Ісус у прыповесьцях: “Як можа шатан выганяць шатана? І калі валадарства разьдзеліцца ў сабе, ня можа ўтрымацца валадарства тое. І калі дом разьдзеліцца ў сабе, ня можа ўтрымацца дом той. І калі шатан паўстаў на сябе самога і разьдзяліўся, ня можа ўтрымацца, але канец яму. Ніхто, увайшоўшы ў дом асілка, ня можа захапіць маёмасьць яго, калі перш ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом ягоны. Сапраўды кажу вам, што будуць адпушчаны сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б яны ня блюзьнілі, але хто будзе блюзьніць на Духа Сьвятога, ня будзе яму адпушчана ў вякі, але падлягае вечнаму асуджэньню”. Бо яны гаварылі: «Мае духа нячыстага”» (Мар 3:20-30).
Ісус, разам з апосталамі, накіраваўся ў Свой дом у Капернауме, але адпачыць ім, нават і паесьці хлеба не выпадала, бо зноў зышоўся натоўп з рознымі сваімі патрэбамі. І вось цікавыя словы Марка: «І, пачуўшы гэта, сваякі Ягоныя пайшлі ўзяць Яго, бо казалі, што Ён зьдзівачэў», над якімі, як бачыцца, трэба паразважаць. Родныя Ісуса, а гэта маці, браты і сёстры, усе жылі ў Назарэце, за выключэньнем малодшага Юды, як жыў у Магдале. Родныя з Назарэту безумоўна ж бачылі ці ведалі пра той канфлікт з юдэямі ў сынагозе, які даволі падрабязна апісаны ў Эвангельлі паводле Лукі. Безумоўна ж тое, што ўчынак Ісуса быў учынкам-выклікам назарэйцам, якія, дарэчы, ведалі Яго ад маленства, а таму зараз палічылі гэта за блюзьнерства, бо той самы назарэец Ісус, абвяшчае Сябе памазанцам Божым. Ці не зьдзівачэў Ён? І вось зараз прыйшла вестка з Капернауму пра служэньне Ісуса, дзе, па чутках, Ён таксама дзівачэе, калі робіць супраць суботы і, наогул, супраць фарысэйскіх пастановаў. Бачыцца, што родныя Ісуса не маглі не адрэгаваць на гэтае і таму пайшлі ў Капернаум, каб даведацца пра тое і, пры неабходнасьці, дапамагчы Ісусу, забраўшы Яго дадому.
Юдэйскія кіраўнікі пагаджаліся з тым, што Ісус мае здольнасьці выганяць дэманаў, бо гэта не было было незвычайным на ўсходзе. Але яны, у гэтым выпадку, настойвалі на тым, што Ягоная ўлада ад зьвязу з Бэльзэбулам і таму Ён здольны выганяць больш дробных дэманаў. Таму Ісус і кажа: «Падумайце самі! Калі валадарства разьдзеліцца ў сабе, яно загіне, бо калі ў доме звады – дом не праіснуе працыяглы час. Калі д’ябал уступіць у барацьбу са сваімі дэманамі, дык з імі будзе скончана, як з дзейснай сілай, бо пачалася міжусобная хваля». Але можна сказаць і па іншаму «Вы хочаце абрабаваць асілка. Але, дзеля гэтага, вам патрэбна ўпакорыць гэтага чалавека. І толькі тады вы зможаце дасягнуць сваёй мэты». Перамога Ісуса над д’яблам ня кажа пра тое, што Ісус знаходзіцца ў зьвязе з д’яблам, але паказвае тое, што супраціў д’ябла зламаны. Зьявілася больш значнае і моцнае імя, а гэта азначае, што пачалося ўпакорваньне д’ябла. І вось чаму.
Ісус разумее жыцьцё як барацьбу Божай сілы з сіламі зла і таму не марнуе час на разважаньні пра праблемы, на якія няма адказу. Ён не прыпыняўся, каб паспрачацца на тое, дзе знаходзіцца крыніца зла. Ён папросту дзейна распраўляўся з ім. Дзіўна глядзець на тое, што людзі марнуюць час на бясконцыя разважаньні пра крыніцы зла і знаходзяць нашмат меньш часу, каб вырашаць гэтую праблему. Нехта сказаў, на гэты конт, наступнае: «Уявіце сабе, што нейкі чалавек пасярод ночы ўбачыў, што загарэўся ягоны дом. Што рабіць? Можа загугліць на тэму: “Узьнікненьне пажараў у прыватных дамах” і атрымаць адпаведны адказ? Не. Ён хапае тое, што ў яго ёсьць пад рукамі пачынае гасіць гэты пажар». Ісус бачыў важнасьць барацьбы дабра са злом, якая складае сутнасьць жыцьця і якая кіпіць у-ва ўсім сьвеце. Ён не разважаў пра гэтую барацьбу, але змагаўся з ім, даючы такую магчымасьць і іншым людзям.
«Хто будзе блюзьніць на Духа Сьвятога, ня будзе яму адпушчана ў вякі, але падлягае вечнаму асуджэньню. Бо яны гаварылі: “Мае духа нячыстага”». Каб зразумець гэтыя словы, трэба ўбачыць тыя ўмовы, пры якіх яны былі сказаныя. Гэта адбылося тады, калі кніжнікі і фарысэі зрабілі заяву пра тое, што Ісус аздараўляе ня Божай сілаю, але сілай д’ябла. Кніжнікі і фарысэі глядзелі на Божую любоў, а бачылі ў гэтым сілу д’ябла. Фактычна яны блюзьнілі на Духа Сьвятога. Ісус вызначае тут Сьвятога Духа ў юдэйскім сэнсе, а ў юдэйскім сьветапоглядзе Сьвяты Дух меў дзьве асноўныя функцыі. Першае тое, што Сьвяты Дух адкрываў людзям Божую праўду, а другое тое, што Сьвяты Дух даваў людям здольнасьці разпазнаваць гэтую праўду, калі яны яе бачылі. Трэба разумець і тое, Ісус кажа пра Сьвяты Дух ня ў тым сэнсе, якое мае месца ў хрысьціянстве, Які прыйшоў у-ва ўсёй Сваёй паўнаце да людзей пад час Пяцідзясятніцы.
Сьвяты Дух, ад пачатку, даў людзям здольнасьць спазнаць Божую праўду, калі яна ўвайшла ў жыцьцё чалавека. Але, калі чалавек адмаўляецца разьвіваць дадзеныя Богам здольнасьці і праяўляць іх, ён, у рэшце рэшт, наогул згубіць іх. Чалавек, які жыве ў цемры і ня бачыць сьвятла, губляе зрок. Чалавек, які вывучыў замежную мову і не размаўляе на ёй, губляе гэтыя здольнасьці. Такіх прыкладаў шмат і калі чалавек ня будзе прыслухоўвацца да голасу Божага Духа, дык ён, у рэшце рэшт, губляе здольнасьць пазнаваць Божую праўду тады, калі ён убачыць яе. Такі чалавек пачынае лічыць дабро злом і наадварот – зло дабром. Гэты чалавек можа бачыць Божыя вялікадушнасьць і дабрадзейнасьць, але бачыць у гэтым д’ябальскае зло. Але чаму такі грэх ня можа быць адпушчаным? Таму што іншыя грахі зьяўляюцца чалавечымі, а гэты грэх лічыцца д’ябальскім, а таму адпушчаным быць ня можа.
Прабачэньне можа атрымаць толькі той, хто раскайваецца. Калі чалавек бачыць сьвятло Хрыста, калі ён ненавідзіць сваю грахоўнасьць, нават калі парваў з ёй канчаткова, дык ён можа атрымаць адпушчэньне. Але, калі чалавек упарта адмаўляе Божую праўду і лічыць добрае злым, а злое добрым, не ўсьведамляючы сваю грахоўнасьць, нават і пры сустрэчы з Ісусам ня зможа пакаяцца і атрымаць прабачэньне, дык гэты грэх і ёсьць грэхам супраць Сьвятога Духа.
Мар 3:31-35
«І прыходзяць браты Ягоныя і маці Ягоная, і, стоячы вонкі, паслалі да Яго клікаць Яго. І сядзеў кругом Яго натоўп, і сказалі Яму: “Вось, маці Твая і браты Твае вонкі, шукаюць Цябе”. І, адказваючы ім, гаворыць: “Хто маці Мая і браты Мае?” І, агледзеўшы наўкола тых, што каля Яго сядзелі, кажа: “Вось маці Мая і браты Мае! Бо хто выконвае волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці”» (Мар 3:31-35)
Каб пачаць разважаньні пра напісанае вышэй, мы павінны паглядзець на нашае сучаснае жыцьцё. Большасьць з нас, вырастаючы, не жыве з бацькамі, складаючы, пры гэтым, сваё асабістае кола зносінаў з сябрамі ці аднадумцамі. І таму, калі мы чытаем гэтыя радкі, мы ставімся да гэтага даволі спакойна, хаця яны і гучаць даволі абуральна. Але для сучасьнікаў Ісуса гэта гучала дзікунствам, бо сямейныя повязі падаваліся найбольш моцнымі і даўгавечнымі. Сям’я ўяўляла сабою, такую сабе, сямейную кампанію з агульнай маёмасьцю. Дарослыя дзеці, як правіла, жылі непадалёк ад бацькоў, маючы вельмі цесныя сувязі. Больш таго, гебраі ўспрымалі сямейныя сувязі як частку дадзенага Богам сьветапогляду і ладу жыцьця. Сямейная лаяльнасьць служыла мясцовай і канкрэтнай праявай вернасьці Ізраілю, народу Божаму. Калі толькі парваць гэтую сувязь, дык захістаецца гэтая аснова, на якой стаіць уяўленьне гебраяў пра сьвет і пра саміх сябе. Марк паказвае нам, як Ісус пераварочвае сымбалі, якія захоўвалі гебрайскую ідэнтычнасьць: захаваньне суботы, харчовыя забароны, сямейную лаяльнасьць. Усё гэта выкарыстоўвалася для пабудовы нацыянальнай выключнасьці і вернасьці Богу Абрагама, Ісаака і Якуба.
У процілегласьць гэтаму мы бачым, як Ісус выкладвае тут прыкметы сапраўднага сваяцтва, бо сваяцтва – справа ня толькі крыві і цела. Можа быць і так, што чалавек адчувае сябе бліжэй да чалавека, які і зусім ня сваяк па крыві, чым тыя, хто зьвязаныя з ім кроўнымі повязямі. І вось гэтыя прыкметы.
Сапраўднае сваяцтва – гэта агульныя перажываньні, асабліва, калі яны набытыя ў агульнай справе. Нехта мудра сказаў, што два чалавекі могуць пацьвердзіць сваё сяброўства тым, што могуць адказаць на пытаньне: «А ты памятаеш?» і прымятаць тое, што яны перажылі разам. Ня тыя сябры, які толькі сьмяяліся разам, але тыя, што разам таксама і плакалі. І ў гэтым вялікая праўда. Сапраўднае сваяцтва грунтуецца на агульных перажываньнях, а ў хрысьціянаў ёсьць агульнае перажываньне - яны прабачаныя грэшнікі.
Сапраўднае сваяцтва – гэта агульныя інтарэсы ў суполцы людзей, якія аб’яднаныя пэўнай ідэяй. У хрысьціянаў і ёсьць гэты агульны інтарэс, таму што ўсе яны жадаюць ведаць усё больш і больш пра Ісуса Хрыста.
Сапраўднае сваяцтва – гэта агульнае падпарадкаваньне. Вучні Хрыста ўяўлялі сабой значнае зьмяшаньне розных людзей, як прадстаўнікоў розных меркаваньняў. Матнік Мацьвей і фанатычны нацыяналіст Сымон Зілот павінныя былі сьмяротна ненавідзець адзін аднога і, безумоўна да сустрэчы з Ісусам, так яно і было. Але яны былі зьвязаныя паміж сабою, таму што кожны з іх прыняў Ісуса Хрыста сваім Госпадам і Збаўцам. Толькі тады розныя людзі здольныя любіць адзін аднога, калі яны любяць Ісуса Хрыста.
Сапраўднае сваяцтва – гэта імкненьне да агульнае мэты. І ў гэтым царква павінна бачыць вялікі ўрок. Калі сваяцтва грунтуецца на агульнасьці мэты, дык хрысьціяне, як ніхто іншы, ведаюць гэты сакрэт, таму што ўсе яны імкнуцца лепш пазнаць Хрыста і прывесьці іншых людзей у Ягонае Валадарства. Што б нас не адрозьнівала, у Хрысьце мы можам пагадзіцца ўсе.
«І прыходзяць браты Ягоныя і маці Ягоная, і, стоячы вонкі, паслалі да Яго клікаць Яго». Вярнемся, аднак, на пачатак гэтага ўрыўка пасланьня ад Марка. І дзіўна і цікава тое, што родныя па крыві сваякі нават не ўвайшлі ў дом, які прыналежыў сям’і Ісуса. Яны паслалі іншых людзей, каб паклікаць Яго і каб Ён кінуў усё ды пайшоў з імі. Яны не пажадалі ўвайсьці ў дом і паслухаць Яго, але паслалі за Ім. Хто, хто, а Марыя ведала пра Ягоную асаблівасьць, але і яна, пад узьдзеяньнем чутак, паверыла ў тое, што Ісус зьдзівачэў. Яны, як бачыцца, прыйшлі сюды, каб пазбавіць Яго ад тых непрыемнасьцяў, якія чакалі Яго ад супрацьстаяньня ўладам. Але гэта была пустая задума, бо Ён лепш за ўсіх ведаў мэту Свайго служэньня.
Мы бачым ад Марка, што Ісус выяўляе некаторае грэбаваньне ў адносінах да Сваёй Маці, зрабіўшы гэта, як бачыцца, з намерам прадухіліць тую будучую празьмерную пашану, якую, у будучыя часы, людзі будуць аказваць ёй. Наша ж пашана павінна накіроўвацца і рэгулявацца Хрыстом. Марыя, маці Хрыста, не прыраўноўваецца тут да простых веруючых, якім Ісус аказвае вышэйшую пашану, а адсоўваецца на задні план. Ён жа, абвяшчае вучням Сваім, што яны для Яго як брат і сястра, і маці, што азначае вялікую любоў ад Яго. Марыя яшчэ мала што разумела ў Ягоным служэньні, але ўсё яшчэ наперадзе.
Ісус жа толькі абвойстрыў сітуацыю, калі адным ударам перакуліў даўно складзеную сітуацыю. Ягонае пакліканьне, Ягоная місія апынуліся настолькі асаблівымі, што патрабавалі адмаўленьня ад роднасных пачуцьцяў. Бог робіць нешта незвычайнае, калі стварае новую сям’ю, новы сьвяты народ, пры гэтым грэбуючы блізкімі чалавечымі адносінамі. Калі нас ня ўзрушылі гэтыя вершы, дык гэта азначае, што гэтае пасланьне Марка да нас не дайшло.
Вяртаючыся да тых, хто быў звонку дома Ісуса і хто ўнутры, як кажа гэта Марк, згуляе важную ролю ў наступным разьдзеле. У любым грамадзтве Біблія і вернасьць Хрысту прыводзяць да падзяленьня, часам цяжкаму і непажаданаму, але Марк заклікае ўсіх нас і зараз, як і тады, трымацца Ісуса, што б нам гэта не каштавала.
Свидетельство о публикации №225122302185