Про образование
«Захоўвай сябе і вучэньне, трывай у гэтым
бо, гэтак робячы, і сябе збавіш, і тых, якія
слухаюць цябе» (1 Цім 4:16).
Каб чалавек быў дасканалым, павінен ён быць настаўленым на правільныя шляхі веданьня. Вельмі неабходныя чалавеку веданьні, але яшчэ больш неабходна чалавеку ўменьне карыстацца гэтым веданьнем.
Калі мы кажам пра адукацыю чалавека, мы разважаем пра тыя задачы, якія ўзьнікаюць пры асьвятленьні гэтага пытаньня. Першая задача адукацыі вызначае неабходнасьць інфармацыйнай падрыхтоўкі дзеля будучай прафесіі ці рознага роду заняткаў, неабходных у нашым жыцьці. Але другая задача, ня меньш значная, вызначае правільнае карыстаньне гэтымі ведамі. Бо якая карысьць ад чалавека, калі ён, атрымаўшы мноства інфармацыі, ня здольны скарыстаць гэтую інфармацыю ў практычным жыцьці. І самае небясьпечнае ў гэтых пытаньнях тое, што калі чалавек атрымлівае інфармацыйныя веды ня будучы Божым і не прызнаючы ахвяру Ісуса Хрыста, вялікая небясьпека хаваецца ў тым, як ён скарыстае сваё веданьне на практыцы.
Адукацыя чалавека павінна пачынацца з маленства ў сям’і і першымі настаўнікамі чалавека павінныя быць ягоныя бацькі, бо напісана: «І хай будуць словы гэтыя, якія Я наказваю табе сёньня, ў сэрцы тваім; і перадавай іх дзецям тваім і кажы пра іх, седзячы ў доме тваім і ідучы дарогаю, і кладучыся і ўстаючы» (2 Зак 6: 6-7). Дык усе настаўнікі чалавека: першыя і далейшыя, а найперш першыя, павінныя ведаць, а іхнія вучні зазнаць ад іх Божую праўду.
Бог ёсьць творца праўды.
Ісус Хрыстос ёсьць захавальнік праўды.
Дух Сьвяты ёсьць адкрывальнік праўды.
Усе людзі Божыя; і настаўнікі, і вучні, а ўсе мы з’яўляемся адначасова і вучнямі ды настаўнікамі, павінныя засвоіць і паўтараць непрыпынна: «Усё што праўдзівае – у Богу і ўсё што ў Богу – праўдзівае».
Бог стварыў сьвет, стварыў яго добра і гэта ёсьць праўда. Але чаму ня ўсё так так добра, запытае нехта, у гэтым сьвеце? Чаму існуюць прыродныя небясьпекі, такія як зямлятрусы, вывяржэньні вулканаў, затапленьні і засухі, розныя экалагічныя катастрофы; чаму існуе зло ад прыроды, якую стварыў Бог? Чаму існуе зло біялагічнае, сьмерць напрыклад? Адказ адзіны – сьмерць гэта зло, але Бог не ствараў зло, таму Бог не ствараў і сьмерць. Але сьмерць існуе, як існуе неправеднасьць і ўсё гэта існуе праз грэх, а грахі зыходзяць ад людзей.
Сьмерць – праяўленьне граху і яна прыйшла на зямлю праз грэх чалавека, бо сказана «А з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж з яго, бо ў дзень, калі ты пакаштуеш з яго, сьмерцю памрэш» (Быц 2:17).
Вынік нашага разважаньня ня вельмі прыемны для няверуючага, але для чалавека веруючага, а тым больш для таго, хто ведае Пісаньне, не шакіруючы, але станоўчы, таму што ўсе мы павінныя ўсьведамляць нашую грахоўную прыроду і тыя наступствы, якія цягнуць за сабою нашыя грахі. Аўтар і творца сьмерці – чалавек!
Сьвет, у якім мы жывем, сапсаваны чалавекам, сапсаваны ягоным грахом, але Бог, нягледзячы на гэта, захоўвае яго. Ён так палюбіў сьвет, што паслаў Сына Свайго, каб збавіць сьвет ад сьмерці. Калі прыйдзе Сын Божы, будзе пачатак іншага сьвету, дзе ня будзе граху і як выніку –сьмерці. Бог не жадае зьнішчэньня сьвету, але Ён жадае яго адкупіць і аднавіць. Сын Божы, якога даў нам Айцец дзеля нашага збаўленьня, і ёсьць Захавальнікам праўды Айца.
Бог даводзіць да нас праўду Сваю Духам Сьвятым праз Слова Сваё – праз Біблію. Біблія ня ёсьць падручнік. Біблія – Слова Божае. Біблія дае стандарт, дае накірунак. Як камертон настройвае музычны інструмант, так і Біблія настройвае наш розум, каб гэты настрой даваў добры эфект і ўзьдзейнічаў на веданьні чалавека. Кожны чалавек, як падабенства Божае, можа зразумець Слова Яго. «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго» (Быц 1:27). Нам усім вельмі патрэбнае веданьне ў-ва ўсіх сфэрах нашага жыцьця, якое стаіць на моцным падмурку Слова Божага, бо напісана: «Вынішчаны будзе народ Мой праз недахоп веданьня: як што ты адкінуў веданьне, дык і Я адкіну цябе» (Асіі 4:6).
Шмат якія няверучыя ўсё-ж прызнаюць, што ёсьць нейкі вышэйшы розум, але які ён: добры, злы, абыякавы…? На гэтае пытаньне з боку няверуючых адназначнага адказу няма, бо усё залежыць ад абставін. Але веруючы чалавек ведае, што Бог стварыў сьвет добры і любіць яго нягледзячы на тое, што ён сапсаваны грахом і таму Ён ня можа быць злым ці абыякавым у адносінах да сьвету. Бог дае нам шанец на выратаваньне гэтага сьвету праз Сына Свайго Ісуса Хрыста: «Дык ідзіце і вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам» (Мац 28:19-20).
Мы ўсе павінныя вучыцца - ад маленства і да таго апошняга часу, што дасьць нам Госпад наш у нашым жыцьці. Мы павінны вывучаць навукі, розныя навукі: дакладныя, прыродазнаўчыя, гуманітарныя. Але мы павінны цьвёрда стаяць на прынцыпах Божай праўды, а гэта значыць мужна адстойваць яе, калі мы Хрыстовыя і разам з Хрыстом дзеці Айца. Мы павінны, як верныя сыны і дочкі, захоўваць і абараняць праўду свайго Айца, як рабіў гэта наш Збаўца ў часы Сваёй прысутнасьці ў гэтым сьвеце, каб ня проста палепшыць гэты сьвет, але збавіць яго і аднавіць.
Мы жывем у гэтым сьвеце, ў гэтай рэчаіснасьці, дзе пануе грэх і няправеднасьць. Тыя навукі, якія выкладаюцца ў сьвеце, у большасьці прапітаныя грахом і зьнявагай да Божай праўды. Лепшае становішча ў шэрагу пералічаных навукаў займаюць навукі дакладныя, такія як матэматыка, фізіка, шмат якія тэхнічныя навукі, бо гэтыя навукі займаюцца фіксаваньнем фактаў існаваньня сьвету: лічбавых, фізіка-хімічных, мінералагічных, а таксама выпрацоўкай нейкіх тэхнічных задачаў. І тыя памылкі, якія здараюцца пры разьвіцьці гэтых навукаў, амаль ніяк не кранаюць Божае праўды. Сонца як узыходзіла, так і ўзыходзіць, поры года як зьмянялі адна адную, так і зьмяняюць. Больш горшае становішча займаюць навукі прыродазнаўчыя, задача якіх вывучаць гэты сьвет, які створаны Богам і законы быцьця, якія даў нам Бог. Праблемы прыродазнаўчых навукаў у тым, што тыя асобы, якія ўплываюць на іхняе разьвіцьцё не Хрыстовыя і ня маюць апоры ў Слове Божым, таму і маем мы ў гэтых навуках тое, што маем. Акрамя станоўчага вывучэньня таго, што стварыў Бог: усіх стварэньняў зямных, нетраў, глыбінь марскіх, мы маем таксама розныя гепотэзы пра стварэньне сьвету, тэорыю эвалюцыі і гэтак далей. Вельмі цікавым падаецца той факт, што людзі, якія стаялі ля вытокаў сучаснай навукі і першымі зрабілі навуковыя досьледы, былі людзьмі веруючымі. Больш за тое, яны верылі, што іхнія навуковыя пошукі пакажуць усім людзям, якое цудоўнае стварэньне Божае, і дапамогуць ім глыбей паверыць у Бога. Адным з іх быў Ісаак Ньютан. Ён казаў, што займаецца навукай дзеля таго, каб дапамагчы людзям паверыць у Бога. Другі вучоны, Робэрт Бойль, які напісаў шмат кнігаў, паказваў адпаведнасьць і сувязь новай навукі з Бібліяй. Да 1859 года, калі Дарвін выдвінуў сваю тэорыю ўзьнікненьня і разьвіцьця сьвету, большасьць людзей не знаходзілі супярэчнасьцяў паміж навукай і Бібліяй. Нават сёньня большасьць навуковых дасьледваньняў паказвае, які дзіўны і загадкавы сьвет вакол нас, што падцьвярджаюць словы Бібліі. Навука не абвяргае словы аўтара Псальма: «Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх» (Пс 103:24).
Мы павінны таксама ўсьвядоміць, што некаторыя загадкі прыроды так і застануцца таямніцамі нават для самых адукаваных і рашучых дасьледчыкаў. Чалавечыя здольнасьці вызнаваць сьвет акрэсьленыя рамкамі, за якія яны ня могуць выйсьці: «Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым» (1 Кар 13:9). Толькі адзіны Бог мае вычарпальныя веданьні пра сусьвет. І калі Ён валодае ўсім відзьмым ды нявідзьмым, можна і не сумнявацца, што ў пытаньнях вечнасьці і чалавечых душаў Ён разумее лепш за ўсіх. Так мы падыйшлі да навукаў гуманітарных, навукаў пра чалавека, пра душы чалавечыя і пытаньні пра вечнасьць: «І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі; Каб мы не былі больш немаўлятамі, якіх хістае і захапляе ўсякі вецер вучэньня ў хітрыках чалавечых, у подступе хітрага падману» (Эф 4:11; 14). Але, на жаль, існуюць гэтыя самыя сапсаваныя людзі, якія ў значнай меры ўплываюць на разьвіцьцё гэтых навукаў. Бо гэтыя самыя, сапсаваныя людзі, зьнявечаныя грахом і якія маюць нявер’е ў сэрцах сваіх, яны і навукі гэтыя зьнявечваюць і выстаўляюць іх супраць Божай праўды. Сучасная праблема гуманітарных навукаў вызначаецца бязбожжам і на падставе гэтага даецца ў навуках усё, што заўгодна, і гэтае ўсё што загодна у значнай ступені не адпавядае адзінай праўдзе Стваральніка сусьвету і вельмі забруджвае розум многіх і многіх людзей.
Хрысьціянін павінен вучыцца ўсё сваё жыцьцё, пачынаючы з маленства, пад кіраўніцтвам бацькоў спасьцігаючы Слова Божае і ў далейшым, на гэтай падставе, вывучаць тыя грамадзкія навукі, якія неабходны нам дзеля жыцьця ў гэтым сьвеце, у адпаведнасьці з тымі здольнасьцямі і талентамі, якія дае Госпад: «І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у дысцыплінаваньні і напамінаньні Госпадавым» (Эф 6:4). Дабраславі Госпадзе ўсіх дзяцей, якія пачынаюць пазнаваць Слова Тваё. Дабраславі Госпадзе іхніх бацькоў, якія рупяцца пра гэта. Дабраславі Госпадзе настаўнікаў нядзельных школаў, якія пяшчотна і дакладна ўкладаюць у сэрцы вучняў сваіх праўду Божую. Дабраславі Госпадзе настаўнікаў сярэдніх школаў і іншых вучэбных установаў, якія трымаюцца шляху Хрыста і даюць сваім вучням веды, што суадносяцца з праўдай Стваральніка сусьвету. Дабраславі Госпадзе ўсіх навукоўцаў і хай яны працуюць стоячы на падмурку Божай праўды.
Прыйдзе дзень, кажа Біблія, калі мы ўбачым, як чалавецтва і прырода будуць збаўленыя. І хай тыя, хто мае веру ў Ісуса Хрыста, будуць валадарыць з Ім ня толькі над прыродай, як Адам, але таксама над усім духоўным сьветам у славе Айца, Сына і Духа Сьвятога. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122300688