Про человека веры
«Абрам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў
праведнасьць» (Быц 15:6).
Паміж Адамам і Ноем нарадзілася і памёрла дзесяць пакаленьняў людзей, якія паступова сталі настолькі грэшнымі, што Бог даў на зямлю патоп і зьнішчыў усё чалавецтва, акрамя праведнага Ноя і ягонай сям’і. Паміж Сімам і Абрамам таксама дзесяць пакаленьняў, якія паўтаралі грэшны шлях дапатопных людзей.
Пасьля патопу чалавецтва зноў, і даволі хутка, маральна дэградавала. Нашчадкі Хама паўсталі супраць Бога, калі задумалі збудаваць вежу да нябёсаў, каб зрабіць сабе імя. Але Госпад зьмяшаў ім мову і расьсеяў іх па ўсёй зямлі, бо Ён даў абяцаньне не зьнішчаць больш чалавецтва: «Станаўлю запавет Мой з вамі, што ня будзе болей зьнішчана ніякая цела водамі патопу, і ня будзе ўжо патопу на спусташэньне зямлі» (Быц 9:11). Бог дапусьціў хадзіць людзям сваімі шляхамі, даючы ім сьведчаньні пра Сябе: «Які ў мінулых пакаленьнях пакінуў усе народы хадзіць сваімі шляхамі, ды не пакінуў сьведчыць пра Сябе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы і поры ўраджайныя, напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя!» (Дзеі 14:16-17). Але Бог мае Свой план, і ніхто ня можа Яму перашкодзіць. Ён хоча навярнуць расьсеяных па ўсёй зямлі людзей і таму пачынае ствараць новы народ, які б захоўваў Ягонае адкрыцьцё чалавецтву і зь якога б выйшаў Збаўца. І таму, менавіта з гэтай мэтаю, Бог выбірае Абрама - нашчадка Сіма, каб зрабіць яго бацькам выбранага народу.
Трэба адзначыць, што ўмяшальніцтва Госпада ў гісторыю разьвіцьця чалавецтва неаднаразова паўтаралася менавіта праз дзесяць пакаленьняў – лічы праз тысячагодзьдзе, бо грэх ды няпраўда дасягаюць сваёй кульмінацыі на стыку тысячагодзьдзяў, і таму прыходзіць Бог і збаўляе Свой народ.
Гэта надзея павінна падтрымліваць сучасных хрысьціянаў і абадзёрваць Царкву пад час бездухоўнасьці гэтага сьвету, бо Бог ніколі не пакіне Свой народ, праз якія б цяжкасьці не прышлося б яму прайсьці.
«І сказаў Госпад Абраму: “Ідзі з зямлі тваёй, ад радзіны тваёй і з дома бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе. І Я выведу ад цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і праслаўлю імя тваё, і будеш ты ў дабраславенстве. Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну. І дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя» (Быц 12:1-3).
Абрам, нашчадак Сіма – сына Ноя, нарадзіўся ў звычайнай сям’і Тары. Пісаньне ня кажа на колькі род Тараў быў далёкі ці блізкі да Бога, але мы можам здагадацца, што калі Бог дабраслаўляў Сіма і род ягоны, дык нейкая сувязь паслушэнства Тары перад Госпадам існавала, бо чамусьці Тара вырашае выйсьці з таго месца, дзе яны жылі і накіравацца ў зямлю Ханаанскую – тую самую зямлю, якую Бог паабяцаў Абраму для ягоных нашчадкаў: «І ўзяў Тара Абрама, сына свайго, і Лота, сына Аранавага, унука свайго, і Сару, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў з імі з Ура Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; але дайшоўшы да Харана, яны спыніліся там. І было дзён жыцьця Тары дзьвесьце пяць гадоў, і памёр Тара ў Харане» (Быц 11:31-32). Мы ня ведаем, чаму Тара не дасягнуў зямлі Ханаанскай. Было гэта зьвязана з фізічнай немагчымасьцю вандраваць ці няўпэўненасьцю ў веры,- мы ня ведаем. Але выразна бачна, што шлях бацькі Абрама да Ханаана не выпадковы, бо выпадковасьць – катэгорыя ня Божая.
Бог рашучым чынам умешваецца ў гісторыю разьвіцьця чалавецтва, каб збавіць людзей ад разбэшчанага і заганага веку. Ён зьвяртаецца да Абрама, каб той працягнуў шлях у зямлю Ханаанскую, словам «ідзі». Гэта загад. Абрам павінен пакінуць бацькаву хату і зямлю сваю і ісьці ў невядомую краіну. Жан Кальвін аднойчы сказаў, што гэта вельмі цяжкае выпрабаваньне, калі нам трэба кінуць тое, што ў нас ёсьць, дзеля таго, каб знайсьці нешта далёкае і невядомае. Абрам паверыў Богу і таму прыняў такое няпростае рашэньне – выканаць загад Бога: «Вераю Абрагам, калі быў пакліканы, падпарадкаваўся, каб ісьці ў месца, якое меў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не разумеючы, куды ідзе» (Геб 11:8).
Гэта прыклад веры. Мы павінны быць падобнымі на Абрагама, каб вераю бачыць скрозь туман сучаснага жыцьця абяцанае Госпадам і ісьці па Ягоным пакліканьні.
Бог шмат патрабаваў ад Абрама, але шмат і паабяцаў. Ён дае яму сем абяцаньняў, пяць з якіх зьбіраецца выканаць асабіста. Пачуем разам. Валадар сусьвету дае клятву рабу! Бог абяцае Абраму, што дасьць з яго вялікі народ. Бог абяцае дабраславіць Абрама. Бог абяцае ўзьвялічыць яго. Бог кажа, што сам Абрам будзе дабраславеньнем. І гэта так, бо закон Божы быў дадзены людзям праз Майсея – нашчадка Абрагама, як і Мэсія выйшаў з ягонага роду праз Давіда.
І нарэшце, Ён зьвяртаецца да нас усіх, калі кажа: «Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну». Бог таксама зьвяртаецца да ўсіх людзей будучых вякоў, калі кажа, што дабраславяцца ў ім усе плямёны зямныя. Мы чуем з гэтага, што збаўленьне прыходзіць да нас праз Абрагама ў Асобе Ісуса Хрыста і прызначаецца для ўсяго сьвету.
«І пайшоў Абрам, як сказаў яму Госпад. І з ім пайшоў Лот. Абраму было семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харана. І ўзяў з сабою Сару, жонку сваю, Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую яны набылі, і ўсіх людзей, якіх яны мелі ў Харане. І выйшлі, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую, і прыйшлі ў зямлю Ханаанскую. І прайшоў Абрам па зямлі гэтай да мясьціны Сіхэм, да дубровы Марэ. У гэтай зямлі тады жылі хананэі» (Быц 12:4-6).
Абрам паслухаўся Госпада і пайшоў у невядомую зямлю, але пайшоў не адзін, бо ўзяў з сабою сваю сям’ю, маёмасьць і ўсіх людзей, якіх ён меў. Бог заклікаў яго пакінуць усё гэта, але Абрам так ня робіць. Чаму? Ці не таму, што Абрам паверыў абяцаньням Госпада, як у нейкую сьветлую, але далёкую і пакуль нябачную мару. Ці не таму, што Абрам ня можа кінуць «сваё», бо гэтае «сваё» моцна трымае яго і таму ён бярэ з сабою ўвесь гэты цяжар зямнога набыцьця, не давяраючы ў гэтым сэнсе Госпаду і не разумеючы, што бярэ з сабою клопат пра зямное, які яго абцяжарвае, як і немінучае зло, што стаіць за гэтым.
Гэта пра нас. Пра ўсіх людзей, хто прыходзіць на заклік Госпада, бо гэта ня просты шлях – шлях да абяцанага Валадарства праз укрыжаванага Ісуса Хрыста. Гэта шлях адмаўленьня ад сьвецкай залежнасьці і ачышчэньня сэрца на карысьць і славу Госпада.
Абрам прыйшоў у зямлю Ханаанскую. У зямлю, якую займалі нашчадкі Ханаана, праклятага сына Хама і таму, па сутнасьці, варожую тэрыторыю. Але Бог вырашыў так. Ён прывёў туды семя жонкі, каб менавіта ў гэтым месцы захаваць Свой народ. Заўважым, што зямля, якую паабяцаў, але пакуль ня даў Бог, знаходзілася на месцы грэху і разбэшчанасьці.
Паглядзім вакол сябе. Той жа грэх і разбэшчанасьць. І мы, таксама, як і Абрам, знаходзімся на варожай зямлі свайго Ханаана. Але гэтая зямля абяцана нам Госпадам, і мы верым, што Бог зьнішчыць зло і няпраўду і аддасьць яе ў валоданьне народу Свайму.
«І зъявіўся Госпад Абраму і сказаў: “Нашчадкам тваім аддам Я зямлю гэтую. І паставіў там ахвярнік Госпаду, Які зьявіўся яму”» (Быц 12:7).
Сам Бог з’явіўся Абраму, каб паабяцаць ягоным нашчадкам зямлю Ханаанскую. Семені Абрама. Бог пачынае зьдзяйсьняць тое, што Ён раней казаў зьмею, калі той спакусіў першых людзей Госпада: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быц 3:15). Бог наканаваў перамогу дабра над злом, бо семя дабра будзе заўсёда біць семя зла па галаве, хоць і будзе адчуваць спакушальнае джала ў пяту, як кажа Апостал Павал: «І, каб я не вывышаўся празьмернасьцю адкрыцьцяў, дадзены мне бадыль у цела, анёл шатана, каб біць мяне, каб я не вывышаўся» (2 Кар 12:7).
Бог дае нам семя веры, якое, узрастаючы, перамагае грэх сьвету. Як тое зярнятка, што ростам сваім расьціскае глебу, каб выйсьці на Божае сьвятло і расквітнець той кветкай, што хоча Бог. Але джала ў цела дадзена кожнаму з нас, як напамін пра тое, што семя зьмея ня сьпіць, але дзейнічае. Вера, якая квітнее ў сьвятле Божым, ёсьць зьдзяйсьненьне чаканага і ўпэўненасьць у нябачным, бо: “Вераю Абрагам паслухаўся наказу ісьці ў краіну, якую меўся атрымаць у спадчыну, і пайшоў, ня ведаючы, куды ідзе” (Габ 11:8). Мы пакліканыя выбіраць Божае ў гэтым сьвеце і ісьці, як Абрагам, за голасам Бога нашага Ісуса Хрыста.
«І быў голад у той зямлі. І сышоў Абрам у Егіпет, пажыць там, бо памацнеў голад у зямлі той» (Быц 12:10).
Адчуем сітуацыю. Абрам сыходзіць у Егіпет, таму што ў Ханаане настаў галодны час. Дзе плады чаканьняў Абрама? Сара бясплодная, як і зямля Ханаанская. Сумненьні веры пранікаюць у сэрца Абрама, і таму ён пачынае дзейнічаць самастойна, не спадзяючыся на Божыя абяцаньні. Але Бог не зьмяняе Сваіх пастановаў і абяцаньняў, бо нягледзячы на малавернасьць Абрама і нават падман, Ён збаўляе Абрама ад небясьпекі і стрымлівае слова Сваё.
Гэтак жа і мы. Калі мы ня маем плоду жыцьця і бачым вакол сябе неспрыяльныя ўмовы, дык пачынаем некуды бегчы і нешта прадпрыймаць. Па сваім разуменьні і сваім магчымасьцям. Але мы павінны памятаць, што выйсьце з любых сітуацый можа быць правільным толькі пры Божым удзеле ў нашым жыцьці, бо Ён ведае нашыя шляхі і таму дасьць нам правільны выбар.
«Калі ж ён набліжаўся да Егіпта, дык сказаў Сары, жонцы сваёй: вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая з выгляду; і калі егіпцяне ўбачаць цябе, дык скажуць: “Гэта жонка яго і забьюць мяне, а цябе пакінуць жывою. Скажы ж, што ты мне сястра, каб мне добра было дзеля цябе, і каб жывая была душа мая праз цябе”» (Быц 12:11:13).
Як ставіцца да гэтага ўчынку Абрама? Абрам стаў перад маральным выбарам, і ягоны ўчынак паказвае нам сапсаванасьць ягонай прыроды. Абрагам – вялікі муж веры, але і ён грашыць ад страху за сваё жыцьцё. Больш таго, ён падштурхоўвае да падману і жонку сваю. У выніку гэтага падмана, Сара апынулася ў доме фараона, а Абрам атрымаў пэўную бясьпеку. Часова.
Часовыя і нашыя посьпехі, калі яны грунтуюцца на падмане і няпраўдзе, бо рана ці позна настае момант праўды, як і момант адказу за нашыя дзеі.
«І Абраму добра было праз яе; і было ў яго дробнае і буйное быдла і аслы, і рабы і рабыні, і коні, і вярблюды. Але Госпад уразіў цяжкімі ранамі фараона і дом ягоны за Сару, жонку Абрамавую» (Быц 12:16-17).
Гледзячы на багацьце Абрама, можна з упэўненасьцю сказаць, што фараон добра ставіўся да Абрама праз Сару. Але Бог мае Свой план, які ня можа быць ня выкананы і нават непаслушэнства ды падман Абрама і ягонай жонкі – гэта не аргумент, які можа зьмяніць Божыя абяцаньні. Так, Абраму было добра, але вельмі нядобра стала фараону праз Сару, бо Бог паразіў цяжкімі ранамі дом фараона. Пісаньне ня кажа, у якім выглядзе адбывалася пакараньне дома фараона, але мы павінны адчуваць, што цяжкія раны, як Божае пакараньне,– гэта вельмі сур’ёзна.
Мы бачым гэтыя цяжкія раны, якія атрымліваюць людзі няверуючыя ад Госпада за тое зло, якое яны шануюць і з якім жывуць. Фараон зразумеў гэта. А ці заўсёды разумеем мы, што Бог дае пакараньне на карысьць нам, каб спыніліся і разважылі пра гэта. І заклікалі да Госпада.
«І паклікаў фараон Абрама і сказаў: што гэта ты зрабіў са мною? Чаму не сказаў мне, што яна жонка твая? Навошта ты сказаў: “Яна сястра мая? І я ўзяў быў яе сабе за жонку. І цяпер вось жонка твая; вазьмі і ідзі”. І даў пра яго фараон загад людзям, і правялі яго, і жонку ягоную, і ўсё што было ў яго» (Быц 12:18-20).
Калі б не ахова Бога, дык дрэнна б сталася Абраму. Але ён захаваны планам Божым, хоць пакуль, як здаецца, не разумее гэтага. Але разуменьне набліжаецца, і ён нічога не адказвае фараону ў сваю абарону, бо яму няма чаго сказаць, але падаецца, што Абрам пачынае разумець удзел Госпада ў гэтай справе і да яго прыходзіць пакаяньне за свае грахі перад Госпадам.
Гісторыя пра прыгоды Абрама ў Егіпце – гэта цудоўная магчымасьць пазнаць план Госпада ў адносінах да кожнага з нас – да кожнага, хто паверыў Яму і ідзе на Ягоны голас. Ягоныя абяцаньні абавязкова стануць рэальнасьцю, нягледзячы на нашую духоўную недасканаласьць і чалавечыя слабасьці. Жаданьні ўсемагутнага Бога зьдзяйсьняюцца менавіта тады, калі Ён гэтага пажадае. І ніяк інакш. Гэтая думка павінна абадзёрваць усіх, хто верыць Ісусу Хрысту, нягледзячы на тое, што мы бачым вакол сябе ў гэтым сьвеце. Так, мы бачым бруд гэтага сьвету і нават прысутныя Царквы Хрыста паводзяць сябе непатрэбным чынам, але мы павінны памятаць пра тое, што Бог заўсёды трымае абяцаньні, якія Ён даў Сваёй і таму сапраўднай Царкве. І калі мы вучні Ісуса Хрыста, дык будзем памятаць пра Ягонае апошняе даручэньне і абяцаньне, якое Ён даў нам у гэтым сьвеце: «Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі. Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку» (Мац 28:18-20). Бог назаўсёды з намі.
«І падаўся Абрам з Егіпту, сам і жонка ягоная, і ўсё, што ў яго было, і Лот з ім, на поўдзень. І быў Абрам вельмі багаты быдлам і срэбрам і золатам» (Быц 13:1-2).
Абрам выйшаў з Егіпту вельмі багатым чалавекам. І тут можна прасачыць аналёгію з выхадам гебраяў з Егіпту праз чатырыста гадоў. Абрам, як і ягоныя нашчадкі перасяляецца ў Егіпет з-за голаду. Сара ў нейкім сэнсе становіцца закладніцай фараона, як і іхнія нашчадкі, што сталі рабамі ў Егіпце. Бог робіць паразу фараону за Сару, як і пры выхадзе Майсея з Егіпту. Абрам, як потым і ягоныя нашчадкі, выходзіць з Егіпту ў вялікім багацьці, маючы золата і срэбра. Бог абараняе Свой народ у-ва ўсе часы і дзейнічае ў некаторых выпадках па падобдных схемах.
Калі Ісус Хрыстос збаўляе нас ад рабства нашага грэху, дык мы па веры ў Яго, набываем найвялікшае багацьце – Ягоную прысутнасьць у нашым жыцьці, бо каштоўнасьць гэтай прысутнасьці больш за ўсе каштоўнасьці сьвету.
«І Лот з ім».» Прысутнасьць Лота, які разам з Абрамам выйшаў зь Егіпту з нямалым багацьцем, у рэшце рэшт, спараджае канфлікт паміж імі. Але Абрам, які пачынае разумець усю каштоўнасьць прысутнасьці Бога, паказвае сябе з найлепшага боку.
Калі мы, ў нашым жыцьці, абцяжараныя маёмасьцю і багацьцем, дык сутыкненьні гэтых маёмасных інтарэсаў спараджаюць розныя канфліктныя сітуацыі. І калі мы не зьвяртаемся да Госпада і ня слухаем Яго, але наадварот слухаем сябе ці парады іншых людзей, дык вынікі гэтых сутыкненьняў могуць быць вельмі і вельмі сумнымі.
«І сказаў Абрам Лоту: “Хай ня будзе разладу паміж мной і табою, і паміж пастухамі маімі ды пастухамі тваімі, бо мы родзічы. Ці ня ўся зямля перад табою? Аддзяліся ж ад мяне. Калі ты налева, дык я направа; а калі ты направа, дык я налева”» (Быц 13:8-9).
Як старэйшы ў сям’і, Абрам мог выбраць лепшую зямлю, але ён праяўляе выдатныя якасьці шчодрасьці і ахвярнасьці, бо адмаўляецца ад свайго права на карысць свайго пляменьніка Лота, і таму прапануе Лоту зрабіць выбар. Вось ён – прыклад для ўсіх нас. А што Лот?
«Лот узьвёў вочы свае і ўбачыў усё навакольле Ярданскае, што яно, перш чым зьнішчыў Госпад Садому і Гамору, усё да Сігора расілася вадою, як сад Госпадаў, як зямля Егіпецкая. І выбраў Лот усё навакольле Ярданскае; і рушыў Лот на ўсход. І аддзяліліся яны адзін ад аднога» (Быц 13:10-11).
Лот не зьбіраецца аддаваць Абраму лепшае і выбірае зямлю, пладародзьдзе якой параўноўваецца з садам Госпадавым, але зьвярнем увагу і на тое, да якіх гарадоў ідзе Лот. Гэта Садом і Гамора.
Ці не заўважае кожна з нас у сабе хоць кроплю Лота. Мы верым Госпаду, імкнемся да добрах справаў, але ў той жа час імкнемся да больш лёгкага жыцьця. Садом і Гамора побач кожнага з нас. Вось яны. Адзін крок ці працяг рукі. Спакушэньне побач. Дзе ўзяць сілы? Толькі ў Госпадзе.
«А жыхары Садомскія былі ліхія і вельмі грэшныя прад Госпадам» (Быц 13:13).
Лот селіцца каля Гаморы і гэта сымбалічна, бо адкрывае нам характар Лота. Ён выбірае багатую зямлю, дзе жывуць маральна нізкія людзі і так падаецца, што Лота цягне да іх. Лот зрабіў няправільны выбар, бо ня ўсё тое добрае, што практычнае. Ён выбраў пладародную зямлю, але таксама і маральна дэградаваных людзей. Лот выбраў бачаньнем, але ня верай. Ён не запытаў Госпада і не заклікаў да Яго, каб пазьбегнуць памылкі, бо шукаў зямнога, але ня вечнага. Ён жадаў карысьці для сябе, але ня думаў пра сваю душу. Саламон кажа пра гэта: «Не турбуйся пра тое, каб набыць багацьце; адкінь такія думкі твае. Зьвернеш вочы твае на яго, і – яго ўжо няма, бо яно зробіць сабе крылы і, як арол, паляціць да неба» (Выс 23:4-5).
Прыклад Лота – адмоўны для нас, бо мы павінны заўсёды, калі паўстае выбар і асабліва ў складаных жыцьцёвых сітуацыях, неадкладна зьвяртацца да свайго Валадара і Дарадцы, каб знайсьці правільны жыцьцёвы накірунак, бо Ісус кажа нам: «Бо што за карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?» (Мар 8:36).
«І сказаў Госпад Абраму, пасьля таго як Лот аддзяліўся ад яго: “Узьвядзі вочы твае і з месца, на якім ты цяпер, паглядзі на поўнач і на поўдзень, і на ўсход і на захад, бо ўсю зямлю, якую ты бачыш, табе дам Я і нашчадкам тваім навечна”» (Быц 14-15).
Абрам не глядзеў, як Лот, у адзін бок, але глядзеў на ўсе чатыры бакі, бо слухаўся Госпада, і падаецца, што тая зямля, якую “выгледзеў” Лот, таксама была абяцаная Абраму і ягоным нашчадкам. Бог паабяцаў Абраму, што дасьць яму зямлю, але пры сваім жыцьці Абрам яе, па факту, не атрымаў. Але. Абяцаньне Бога больш за любы юрыдычны сьвецкі дакумант і таму гебраі, што выйшлі з Егіпту, па праву ішлі на сваю зямлю, бо валодалі ёй па Божаму запавету.
Бог дае нам сьвятло і дае нам магчымасьць сузіраць усе бакі Свайго сьвятла, каб бачыць Валадарства Сваё, а не абмяжоўваць сябе нейкай вузкай прасторай нашага жыцьця.
«І зраблю нашчадкаў тваіх, як пясок зямны. Калі хто можа палічыць пясок зямны, дык і нашчадкі твае палічаны будуць. Устань, прайдзі па зямлі гэтай удаўжыню і ўшырыню яе, бо Я табе дам яе» (Быц 13:16-17).
Словы Госпада пра вельмі вялікую колькасьць нашчадкаў, напэўна, гучалі для Абрама ня вельмі рэальна, бо ён, як і ягоная жонка, былі ў вельмі сталым узросьце, а дзяцей у іх па-ранейшаму не было. Але трэба верыць. І цярпліва чакаць. А пакуль Абрам праходзіць па зямлі, якую абяцае яму Бог.
Абяцаньні, якія Бог даў Абрагаму, маюць вечны духоўны сэнс, і таму яны маюць непасрэднае дачыненьне да нас – сучасных хрысьціянаў і да Царквы Хрыстовай. Апостал Павал кажа: «А калі вы- Хрыстовыя, дык вы - насеньне Абрагама і паводле абяцаньня – спадкаемцы» (Гал 3:29) і таму мы разумеем, што ўсе хрысьціяне зьяўляюцца нашчадкамі Абрагама, семенем жонкі і спадкаемцамі Божых абяцаньняў. Пра тое ж кажа і апостал Пётр: “Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які паводле вялікай літасьці Сваёй адрадзіў нас праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста з мёртвых дзеля жывое надзеі, дзеля спадчыны незьнішчальнае і беззаганнае, якая не завяне і якая захаваная дзеля нас у небе» (1 Пят 1:3-4). Аднойчы мы ўбачым, як абяцаньне, якое даў Бог Абрагаму споўніцца і мы ўвойдзем у нябесны горад сапраўднага разуменьня.
«І было ў дні Армафэла, валадара Сэнаарскага, Арыёха, валадара Эласарскага, Кедарлаамэра, валадара Эламскага, і Тыдала, валадара Гаімскага, і пайшлі яны вайной супраць Бэры, валадара Садомскага, супраць Біршы, валадара Гаморскага, Шынава, валадара Адмы, Шэмэвэра, валадара Сэваімскага, і супраць валадара Бэлы, якая ёсьць Сігор. Усе гэтыя злучаліся ў даліне Сідым, дзе сёньня мора Салёнае». (Быц 14:1-3).
Чатыры іншаземныя валадары ідуць вайной супраць пяці цароў Салёнага (сучаснага Мёртвага) мора. І вось, пляменьнік Абрама Лот апынуўся ў палоне варожага войска, згубіўшы ўсю сваю маёмасьць.
«І прыйшоў адзін з ацалелых і паведаміў Абраму Гебраю, які жыў тады каля дубровы Мамрэ, Амарэяніну, брату Эшколу і брату Анэру, якія былі спрымірэнцы Абрамавыя. Абрам пачуўшы, што родзіч ягоны ўзяты ў палон, узброіў рабоў сваіх, народжаных у доме ягоным, трыста васямнаццаць, і гнаў супастатаў да Дана. І, падзяліўшыся, напаў на іх уначы, сам і рабы ягоныя і пабіў іх, і гнаў іх да Ховы, што па левы бок ад Дамаска. І вярнуў усю маёмасьць і Лота, родзіча свайго, і маёмасьць ягоную вярнуў, а таксама і жанчын, і народ» (Быц 14:13-16).
Абрам адгукнуўся на бяду Лота, нягледзячы на той канфлікт, які адбыўся паміж імі. Ён дае нам выдатны прыклад адносінаў да блізкага, як сказаў адзін прапаведнік: «Калі іншыя не жадаюць выконваць свае абавязкі ў адносінах да нас, дык гэта не азначае, што мы не павінны выконваць свае абавязкі ў адносінах да іх». Абрам прыйшоў на дапамогу Лоту, не задаючы ніякіх пытаньняў. Лот дрэнна паставіўся да Абрама, але патрыярх, тым ня менш, быў гатовы аддаць жыцьцё за Лота. Абрам выконваў свой абавязак, і гэтак жа павінны рабіць і мы.
«Пасьля гэтых падзеяў было слова Госпада Абраму ў відзежы, і сказана: «Ня бойся, Абраме. Я твой шчыт. Узнагарода твая даволі вялікая. Абрам сказаў: “Валадару Госпадзе! Што Ты дасі мне? Я застаюся бязьдзетны, распарадчык у доме гэтым Эліязэр з Дамаска”. І сказаў Абрам: “Вось, Ты ня даў мне нашчадкаў, і вось гадунец мой спадчыньнік мой”» (Быц 15:1-3).
Бог супакойвае Абрама пасьля дзеяньняў вайны і кажа яму пра вялікую ўзнагароду. Якую? Паўтор абяцаньня пра зямлю Ханаанскую ці што іншае? Калі мы будзем разважаць пра іншае, дык зьвярнем увагу на словы Марціна Лютара, які сказаў, што сам Бог зьяўляецца ўзнагародай.
Бог зьявіўся Абраму ў відзежы. І вось, пытаньне. Ці гэта ня першы заклік Госпада быць сьведкай Свайго запаветнага адкрыцьця? Бо калі мы пагледзім на кнігі прарокаў больш позьняга часу, дык убачым амаль такі ж самы пачатак зьвеставаньня: «Слова Госпадава, якое было да Асіі» (Ас 1:1). Але Абрам гэтага пакуль не адчувае, бо яго непакоіць іншае. Ён застаецца бязьдзетным і таму адчувае сябе бездапаможным і расчараваным, бо як можа адчуваць сябе чалавек, калі выраз «застацца бязьдзетным» даслоўна перакладаецца з гебрайскай мовы, як «хадзіць голым». Абрам у роспачы, але зьвяртаецца да Госпада з усёй павагай, бо ведае сваё месца.
«І было слова Госпада яму, і сказана: “Ня будзе ён тваім спадчыньнікам; а той, хто пойдзе са сьцёгнаў тваіх, будзе тваім спадчыньнікам”. І вывеў яго вонкі і сказаў: “Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты можаш палічыць іх”. І сказаў яму: “Столькі будзе ў цябе наступнікаў”. Абрам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў праведнасьць» (Быц 15:4-6).
Бог зноў кажа Абраму пра вялікую колькасьць наступнікаў, параўноўваючы іхнюю колькасьць з колькасьцю зорак на небе. Але сітуацыя не зьмяняецца і ўсё застаецца па-ранейшаму. Пакуль. І напэўна маючы вялікую надзею на Божае абяцаньне, Абрам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў праведнасьць. Вельмі важны момант, бо менавіта з гэтага пачынаецца вучэньне пра апраўданьне толькі вераю.
Абрам адказаў Богу вераю, бо слова «паверыў» перакладаецца з гебрайскага слова «аман» – «стаяць цьвёрда». Адказ Абрама – гэта спавяданьне веры ў абяцаньне Бога і сьведчаньне таго, што Абрам лічыць Бога сваім Валадаром, Які адказвае яму апраўданьнем па веры ягонай, але не па заслугах. Апостал Павал кажа, што праведнасьць Абрагама распаўсюджваецца і на нас – на ўсіх тых, хто паверыў ў Ісуса Хрыста: «У абяцаньні Божым не сумняваўся недаверствам, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу і маючы пэўнасьць, што Ён магутны зрабіць тое, што абяцаў. Дзеля гэтага і залічана яму за праведнасьць. А напісана гэта ня дзеля яго толькі, што залічана яму, але і дзеля нас, што мае быць залічана нам, якія вераць у Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Ісуса, Госпада нашага, Які быў выдадзены дзеля грахоў нашых і ўваскрос дзеля апраўданьня нашага». (Рым 4:20-25).
Абрам паверыў Госпаду, але ён хоча даведацца больш падрабязна пра Божае абяцаньне і таму просіць Бога даць нейкую азнаку ці адкрыцьцё пра тое, што ён атрымае ў спадчыну зямлю Ханаана.
«Госпад сказаў яму: “Вазьмі мне трохгадовую цялушку, трохгадовую казу, трохгадовага барана, галубку і маладога голуба”. Ён узяў іх, расьсёк іх напалам і паклаў адну частку насупраць другое, толькі птушак не расьсёк. І наляцелі на трупы драпежныя птушкі; але Абрам адганяў іх» (Быц 15:9-11).
Бог дае падрабязны загад Абраму пра тое, што трэба зрабіць для стварэньня Сваёй азнакі запавета з Абрамам, але нічога ня кажа пра сутнасьць гэтага рытуала. Але, што азначаюць драпежныя птушкі? На мой недасьведчаны погляд – гэта тое мноства нашых грахоў, якія намагаюцца не дапусьціць нашай веры і пакаяньня перад Госпадам, бо гэта іхняя сьмерць, і таму яны хочуць скляваць ахвяры нашага сэрца, каб па-ранейшаму панаваць у ім. І мы павінны, мужна як Абрам, гнаць іх з нашага ахвярнага сэрца, каб аддаць яго Госпаду.
«Як заходзіла сонца, моцны сон апанаваў Абрама. І вось, апанаваў яго жах і змрок вялікі. І сказаў Госпад Абраму: “Ведай, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў не сваёй зямлі, і паняволяць іх і будуць прыгнятаць іх чатырыста гадоў, але Я ўчыню суд над народам, у якога яны будуць у няволі. Пасьля гэтага яны выйдуць з вялікай маёмасьцю, а ты адыдзеш да бацькоў тваіх і міры і будзеш пахаваны ў старасьці добрай. У чацьвёртым родзе вернуцца яны сюды, бо мера беззаконьняў амарэяў дагэтуль яшчэ не напоўнілася”» (Быц 15:12-16).
«Моцны сон апанаваў Абрама». Запавет Божы – гэта таямніца і таму Бог дзейнічае так, як гэта Ён рабіў пры стварэньні жанчыны: «І навёў Госпад Бог на чалавека моцны сон. І калі ён заснуў, узяў адну рабрыну ягоную, і закрыў тое месца целам» (Быц 2:21).
Абрама апанаваў жах і вялікі змрок. І гэта недарэмна, бо гаворка ідзе пра непасрэдную прысутнасьць Бога: «І сказаў я: “Гора мне! Загінуў я! Бо я чалавек з нячыстымі вуснамі, і жыву сярод люду таксама з нячыстымі вуснамі – і вочы мае бачылі Валадара, Госпада Саваофа”» (Іс 6:5). Бог прарочыць Абраму пра ягоных нашчадкаў да тае пары, калі яны вярнуцца ў зямлю гэтага запавету. Бог кажа пра беззаконьні амарэяў, як і пра тое, што пры вяртаньні гебраяў у зямлю абяцаную, мера грэху амарэяў будзе перапоўненая, і таму гэтая зямля пяройдзе да нашчадкаў Абрама. Дарэчы, назва Амарэі азначае склад усіх народаў, якія жылі ў Ханаане да гебраяў.
«Калі зайшло сонца і настала цемра, вось, дым як бы з печы, і полымя агню прайшлі паміж расьсечанымі жывёламі. У гэты дзень заключыў Госпад запавет з Абрамам, сказаўшы: “Нашчадкам тваім даю Я зямлю гэтую, ад ракі Егіпецкай да вялікай ракі, ракі Еўфрат: Кенэяў, Кенэзэяў, Кедманэяў,Хэтэяў, Фэрэзэяў, Рэфаімаў, Амарэяў, Хананэяў, Гергесэяў і Евусэяў”» (Быц 15:18-21).
Бог, у выглядзе агню, праходзіць паміж расьсечанымі жывёламі і тым самым бярэ на Сябе адказнасьць за выкананьне гэтага запавету. Так, прысутнічае і адказнасьць Абрама – гэта ягоная вера ў дзеі Госпада. Каб больш асэнсаваць зьмест гэтага рытуала, трэба зьвярнуцца да прарока Ераміі (34:15-20), дзе ён распавядае, пра зьдзяйсьненьне падобнага. Гебраі заключылі замову з Богам, які паабяцаў ім выбавіць іх ад бабілонскага нашэсьця пры ўмове, што яны вызваляць з няволі рабоў-гебраяў. Таксама былі расьсечаны жывёлы і раскладзены ў тым жа парадку, але паміж жывёламі праходзілі гебраі. Гэты рытуал сымбалязаваў праклён тых, хто парушыць гэтую замову з Богам, як і тое, што яны будуць расьсечаны пры парушэньні замовы, як ахвярная жывёла. Але ў выпадку з Абрамам, паміж ахвярнымі жывёламі праходзіць Бог, гарантуючы выкананьне запавета з абоіх бакоў.
Уявім сітуацыю. Ніводнае абяцаньне Госпада Абраму пакуль ня зьдзейсьнілася і перспектыва была вельмі далёкай і нябачнай. Зямля яму не прыналежыць і дзяцей па ранейшаму няма. Але Абрам дае добры прыклад і працягвае верыць у свайго Бога, як кажа Эвангельле: “А вера ёсьць зьдзяйсьненьне чаканага і ўпэўненасьць у нябачным” (Габ 11:1). Вера – гэта цьвёрдая надзея на выкананьне абяцаньняў Бога, ня гледзячы на ўсё тое, што вакол нас здараецца.
Запытаем сябе. Ці можам мы параўнаць сваю веру з верай Абрагама і ці не пахісьнецца яна, калі ўсё будзе разбурацца вакол нас? Бог даў свайму народу цудоўныя абяцаньні, і гэта наша вялікае шчасьце – трымацца за іх і верыць нашаму Госпаду.
Але Сара, Абрамава жонка, не нараджала яму. У яе была служанка егіпцянка, на імя Агар. І сказала Сара Абраму: “Вось, Госпад замкнуў чрэва маё, каб мне не раджаць. Увайдзі ж да служанкі маёй, можа я буду мець дзяцей ад яе. Абрам паслухаўся Сарыных слоў» (Быц 16:1-2).
У Абрама па ранейшаму няма дзяцей, але ёсьць абяцаньне Бога. І вось, аднойчы Абрам і ягоная жонка Сара вырашылі, што яны ведаюць, як знайсьці выйсьце з гэтай парадаксальнай сітуацыі і зьдзейсьніць планы Госпада асабістымі намаганьнямі. Відавочна тое, што Сара лічыць абяцаньне Бога пустым. Яна ўпэўнена, што яно ня можа быць зьдзейсьненым, і таму распрацоўвае свой план па забясьпячэньні сваёй сям’і нашчадкам. Сара аддае Абраму ў наложніцы сваю служанку Агар, каб тая нарадзіла ім дзіця. Абрам згаджаецца з жонкай, уваходзіць да Агары, і тая зачынае ад яго.
Учынак Абрама і Сары – гэта прыклад таго, што значыць жыць бачаньнем, але ня верай у абяцаньні Бога. Яны вырашылі выкарыстаць свае сродкі для таго, каб мець сваіх нашчадкаў. А што тут дрэннага, скажа нехта, бо калі Бог не выконвае Свае абяцаньні, дык чаму чалавек ня можа паклапаціцца пра сябе сам? Так, такое права мае кожны, але гэта азначае і тое, што мы не давяраем Госпаду.
Вынік такіх дзеяньняў заўсёды ў той ці іншай ступені адмоўны, бо спараджае мноства праблемаў, якія нясе ў сабе зло. Паглядзім на далейшае разьвіцьцё сямейнага жыцьця Абрама. Агар пачала пагарджаць гаспадыняй сваёй, бо несла ва ўлоньні сваім дзіця Абрамавага.
«І сказала Сара Абраму: у крыўдзе маёй ты вінаваты. Я аддала служанку маю ва ўтробу тваю, а яна, угледзеўшы, што зачала, пачала пагарджаць мною. Госпад хай будзе судьдзя паміж мною і табою. Абрам сказаў Сары: “Вось, служанка твая ў тваіх руках. Рабі з ёю, што табе заўгодна”. І Сара пачала ўціскаць яе, і тая ўцякла ад яе» (Быц 16:5-6).
Спадзяваньне чалавека на асабістыя сілы і розум бяз Бога спараджае зло. І зноў цікавае назіраньне. Праблемы ў сваім жыцьці мы ствараем самі, але калі нам становіцца цяжка, мы заклікаем да Госпада і просім Яго дапамагчы нам. Бог – як хуткая дапамога? Падумаем пра гэта.
Сара з Абрамам спарадзілі праблемы ў сваёй сяьм’і. Самі і бяз Бога. Але, калі канфлікт разгарэўся, Сара заклікае ў судьдзі Госпада. Наўрад ці Бог адказаў ім, бо Сара ў адказ на пагарду Агары, пачала ўціскаць яе. Зло памножыла зло. І гэта ёсьць вынік недаверу і непаслушэнства Богу. Агар вымушана ўцякаць ад уціску Сары. Але Бог усюдны і бачыць усё. Ён ня можа не дапамагчы і гэтаму самавольнаму семені Абрама.
«І сказаў ёй анёл Госпадаў: “Вярніся, да гаспадыні сваёй і скарыся ёй”. І сказаў ёй анёл Госпадаў: “Множачы памножу нашчадкаў тваіх, так, што нельга будзе і палічыць іх ад іх мноства”. І яшчэ сказаў ёй анёл Госпадаў: “Вось, ты цяжарная, і народзіш сына, і дасі яму імя: Ізмаіл, бо пачуў Госпад пакуту тваю”» (Быц 16:9-11).
Бог загадвае Агары вярнуцца да гаспадыні сваёй і скарыцца, бо ня хоча разладу ў сэрцы Абрама. Ён выбранец Божы і вялікая частка плана Божага, бо менавіта яму абяцана быць бацькам усіх веруючых. Агар нарадзіла сына, і Абрам назваў яго Ізмаілам, які ня быў абяцаным семенем. А тым часам Абраму было ўжо восемдзесят шэсьць гадоў.
Узаемаадносіны Агар і Сары трэба разглядаць як адносіны да цялеснага і Божага. Агар нарадзіла Ізмаіла па цялеснаму дзеяньню – дзеяньню асабістага бачаньня гэтага жыцьця, а Сара, няхай і пазьней, нарадзіла Ісаака па абяцаньні Госпада і які быў дзіцём веры. Апостал Павал кажа: «Бо напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служкі і аднаго ад свабоднай. Але той, які ад служкі, народжаны паводле цела, а той, які ад свабоднай, — праз абяцаньне. Гэта ёсьць алегорыя. Бо гэта два запаветы: адзін — ад гары Сынай, які нараджае на няволю, які ёсьць Агар, бо Агар ёсьць гара Сынай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, які ў няволі з дзецьмі сваімі, а Ерусалім, які ўверсе, — свабодны, ён ёсьць маці ўсім нам» (Гал 4:22-26). Апостал дадае: «А мы, браты, паводле Ісака — дзеці абяцаньня» (Гал 4:28). Павал кажа, што ўсе сапраўдныя веруючыя – нашчадкі Абрама і Сары, маці абяцаньня і запавета з Богам.
Бог даў Свае абяцаньні Абраму і заключыў запавет з ім, калі прайшоў агнём паміж расьсечаных жывёлаў, але замову трэба ўмацаваць пячаткаю – абразаньнем усіх мужчын сям’і Абрама.
«Абраму было дзевяноста дзевяць гадоў, і Госпад зьявіўся Абраму і сказаў яму: “Я Бог Усемагутны. Хадзі прад абліччам Маім і будзь беспахібны. І пастанаўлю запавет Мой паміж Мною і табою, і вельмі, вельмі памножу цябе”» (Быц 17:1-2).
Бог, праз трынаццаць гадоў зьявіўся Абраму. Ён загадвае Абраму быць беспахібным перад Ім, і мы разумеем гэта як заклік Госпада да абсалютнай адданасьці Яму. Бог ня мае на ўвазе чалавечую дасканаласьць, бо мы ведаем, як кажа Госпад пра Ёва: «Быў чалавек у зямлі Уц, імя ягонае Ёў. І быў чалавек гэты беззаганны, справядлівы і богабаязны і ўхіляўся ад зла» (Ёў 1:1), але мы ведаем і тое, што Ёў ня быў бязгрэшным.
«І ўпаў Абрам на аблічча сваё. Бог гаварыў з ім далей і сказаў: Я – вось запавет Мой з табою: ты будзеш бацькай мноства народаў, і ня будзеш ты болей звацца Абрамам, а будзе табе імя Абрагам, бо Я зраблю цябе бацькам мноства народаў; і вельмі, вельмі распладжу цябе, і выведу ад цябе народы, і валадары пойдуць ад цябе» (Быц 17:3-6).
Бог дае Абраму новае імя – Абрагам. Старое імя Абрам азначае «бацька ўзвышаны», а новае імя Абрагам – гэта «бацька мноства». Гэта азначае, што абяцаньне Госпада распаўсюджваецца на ўсе народы і тычыцца ўсіх веруючых у Ісуса Хрыста, бо як кажа апостал Павал: «А калі вы — Хрыстовыя, дык вы — насеньне Абрагама і паводле абяцаньня — спадкаемцы» (Гал 3:29).
Бог кажа Абрагаму, што ад яго пойдуць і валадары. І мы бачым сэнс гэтых словаў, бо менавіта ад нашчадкаў Абрагама пойдзе валадарскі род Давіда. Але галоўнае ў гэтым абяцаньні Госпада тое, што нашчадкам Абрагама будзе Валадар валадароў і сын Давідаў – Ісус Хрыстос.
«І сказаў Бог Абрагаму: “Сару, жонку тваю, не называй Сараю, а хай будзе імя ёй, Сарра. Я дабраслаўляю яе і дам табе ад яе сына, дабраслаўляю яе, і пойдуць ад яе народы, і валадары народаў пойдуць ад яе”» (Быц 17:15-16).
Зьмяніўшы імя Абрама, Бог зьмяняе і імя Сары. Чаму Госпад зрабіў гэта? Для нас гэта таямніца, бо сэнс перамены імёнаў істотна не зьмяняецца. Але Сара больш ня будзе Сараю, бо атрымлівае новае імя – Сарра, што азначае «прынцэса», як дарэчы і старое імя. На гэтае пытаньне адказаць цяжка, але мы ведаем, што згодна Пісаньня новае імя ёсьць адзнака новага жыцьця, а значэньня імя прынцэса відавочна паказвае нам на валадарскі стан чалавека, як і на тое, што менавіта ад Сарры пойдуць валадары па ўсёй зямлі.
«І ўпаў Абрагам на аблічча сваё, і сказаў сам сабе: “Няўжо ад стогадовага будзе сын? І Сарра, дзевяностагадовая, няўжо народзіць?”» (Быц 17:17).
Абрагам у пакоры падае на аблічча сваё, але зноў не давярае Госпаду, бо сам сабе кажа, што гэтага ня можа быць. Абрагам сьмяяўся ў душы сваёй і гэта не засталося не заўважаным з боку Бога. Сьмех Абрагама спарадзіў імя абяцанага Богам сына, бо імя Ісаак выходзіць ад слова «сьмяяцца».
«А Бог сказаў: “Менавіта Сарра, жонка твая, народзіць табе сына, і ты дасі яму імя: Ісаак. І пастанаўлю запавет мой зь ім запаветам вечным, нашчадкам ягоным пасьля яго”» (Быц 17:19).
Бог адказавае на недавер Абрагама па зьдзяйсьненьню гэтага абяцаньня і кажа, што менавіта Сарра народзіць яму сына і што яго трэба назваць Ісаакам, па значэньні ён смяецца. Магчыма, Бог наўмысна і з насьмешкай назваў дзіця гэтым імем, каб паказаць ім, хто смяецца апошнім. Бо смяяўся ня толькі Абрагам, але і жонка ягоная Сарра.
«Сарра ўнутрана засьмяялая, сказаўшы: “Ці мне, калі я пастарэла, мець гэтую ўцеху? І гаспадар мой стары”. І сказаў Госпад Абрагаму: “Чаго гэта засьмяялася Сарра, сказаўшы: “Няўжо я магу нарадзіць, калі я пастарэла? Ці ёсьць што цяжкае для Госпада? У назначаны ў цябе на другі год, і будзе ў Сарры сын”. А Сарра не прызналася, а сказала: “Я не сьмяялася”. Бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: “Не, ты сьмяялася”» (Быц 18:12-15).
Сарра не паверыла Госпаду. Больш таго, яна сьмяецца, бо словы Бога здаюцца ёй немагчымымі. Але Бог можа ўсё і для Яго нічога немагчымага няма і Ён заклікае нас верыць Яму. Верыць, што ўсе нашыя грахі абмыты Крывёю Ісуса Хрыста і што Хрыстос падгатаваў нам месца ў нябёсах, дзе мы будзем жыць вечна. Бог заўсёды выконвае Свае абяцаньні, і таму ў Ягонага народа няма падставаў ня верыць Яму.
Амаль дваццаць пяць гадоў прайшло з таго часу, калі Бог паабяцаў Абрагаму зямлю і мноства нашчадкаў, з таго часу, калі Госпад паклікаў Абрагама. Мы бачым хістаньні Абрагама ад даверу да недаверу Госпаду. Мы бачым падман і спробы вырашаць жыцьцёвыя пытаньні, не зьвяртаючыся да Бога, асабістымі сіламі Мы бачым вынікі гэтых хістаньняў. Праблемы, разлад у сям’і, сардэчныя хваляваньні і іншае зло, якія немінуча прыйдуць да кожнага з нас, калі мы будзем спадзявацца толькі на сябе ці на іншых людзей, не бачачы Тага, ад Каго ўсё, што мы маем, бачым і чуем, бо праўда не ў нас, але ў Яго.
Запытаем сябе. Як мы часам паводзім сябе, калі не адчуваем адказу Госпада на тыя ці іншыя праблемы і цяжкасьці, якія ўзьнікаюць у нашым жыцьці? Праўляем нецярплівасьць ці наогул разважаем пра тое, што Бог ня чуе нашых малітваў? Мы павінны памятаць, што ўсе нашыя непрыемнасьці – гэта нашыя справы, якія выходзяць толькі з нас, як і тое, што Бог чуе і бачыць нас, але час Госпада – не наш час, бо Ён існуе па-за часам і дае нам тады, калі лічыць гэта патрэбным і на нашую карысьць, бо Ён любіць нас і ў тым ліку за нашае цярпеньне.
Каб Абрагам набыў упэўненасьць зьдзяйсьненьня абяцаньняў Госпада, Ён даў яму азнаку на ягоным целе – абразаньне, як сымбаль таго, што ўсе абяцаньні Госпада зьдзейсьняцца. Дабраславеньне Бог дае і нам, хрысьціянам. Ён дае нам хрост, і таму хрысьціяне, падобна Абрагаму, атрымаюць Божыя абяцаньні, як і тое, што мы абавязаны быць цярплівымі ў чаканьні гэтых абяцаньняў.
«І паглядзеў Госпад на Сарру, як сказаў, і зрабіў Госпад Сарры, як казаў. Сарра зачала і нарадзіла Абрагаму сына ў старасьці ягонай у час, пра які казаў яму Бог. І даў імя свайму сыну, які нарадзіўся ў яго, якога нарадзіла яму Сарра: Ісаак. І абрэзаў Абрагам Ісаака сына свайго, на восьмы дзень, як наказаў яму Бог. Абрагаму было сто гадоў, калі нарадзіўся яму Ісаак, сын ягоны» (Быц 21:1-5).
Прайшло дваццаць пяць гадоў з таго часу, як Бог заклікаў Абрагама выйсьці з Харана ў Зямлю Ханаанскую і паабяцаў яму нашчадкаў. І вось, Слова Божае пачынае зьдзяйсьняцца. Але чаму толькі праз дваццаць пяць гадоў? Гэтае пытаньне, здаецца, прысутнічае ці прысутнічала ў кожным з нас. Пісаньне ня кажа нам пра гэта адкрыта, але Госпад жадае нашых разважаньняў і асэнсаваньня шляху Абрагама да сапраўднай веры і атрыманьня Божых абяцаньняў. Магчыма, гэта Божая таямніца, але падаецца, што можна зрабіць пэўныя высновы, калі ўважліва паглядзець на гэтыя дваццаць пяць гадоў жыцьця Абрагама і Сарры.
Бог кажа Абрагаму, што дасьць яму зямлю Ханаанскую і вывядзе ад яго вялікі народ. Заўважым, што Бог не заклікае і нават не загадвае Абрагаму якім-небудзь чынам нарадзіць нашчадка, але кажа: «Я выведу ад цябе вялікі народ». Бог упэўнены ў гэтым, нягледзячы на тое, што кажа Пісаньне: «І Сара была няплодная і бязьдзетная» (Быц 11:30). Бог прызначыў Абрагама быць бацькам усіх веруючых, але Абрагам павінен быць падгатаваным да таго ўзроўню праведнасьці, які дае магчымасьць Госпаду заключыць з ім запавет і паставіць асаблівую пячатку – абразаньне для Абрагама, як і хрост для хрысьціянаў. Але, каб прыйсьці да гэтага ўрачыстага моманту, кожнаму з нас, як і Абрагаму, трэба прайсьці пэўны жыцьцёвы шлях.
Абрагам прайшоў гэты шлях за дваццаць пяць гадоў, і гэта зафіксавана Пісаньнем. Ці магло быць інакш? Падаецца, што так. Але. Свабодная воля чалавека мае права на ўчынкі, якія здараюцца на працягу гэтага шляху. Учынкі розныя. Як тыя, што падабаюцца Госпаду, як і тыя, што не падабаюцца. Бог бачыць наш шлях, як бачыць і тое, што перашкаджае нам ісьці да Божага запавету. Бог працуе ў нас Духам Сваім, дапамагаючы нам Сваімі справамі і даючы нам правільны накірунак. Воля Абрагама, ягоныя ўчынкі, як і разважаньні сэрца адбіваліся на працягласьці гэтага шляху і калі ён дасягнуў пэўнага ўзроўню праведнасьці, дык стрэлка жыцьцёвага сьпідометра замерла на лічбе – дваццаць пяць. Мы ня здольныя бачыць даўжыню шляху да Божага запавета, але Бог здольны. Бог вядзе нас па гэтаму шляху і можна упэўнена сказаць, што Ён пераможа нашую пахібнасьць, але тэрмін гэтай перамогі залежыць ня толькі ад Госпада, але і ад нас, бо менавіта мы самі падаўжаем тэрмін атрыманьня запавета Госпада, як і Ягоных абяцаньняў.
Бог мае ўсю славу, якая толькі можа быць у-ва ўсім сусьвеце, бо гэта Ягоная слава па праву стварэньня ўсяго і таму можна з упэўненасьцю сказаць, што зачацьце Сарры, як і стварэньне праз Ісаака выбранага народа, – гэта праца і слава Госпада. Слава Яму.
Хрысьціяне, як нашчадкі Абрагама, – народ выбраны, і ўся слава стварэньня выбранага хрысьціянскага народу прыналежала, прыналежыць і будзе прыналежыць Ісусу Хрысту, які стварае нас, бо нараджае ў новае жыцьцё.
Мы павінны памятаць, што ў кожнага Божага абяцаньня для нас ёсьць свой канкрэтны тэрмін выкананьня, які нам невядомы. Але па колькі мы не разумеем адлік Божага часу, дык нам часам здаецца, што Бог запамятаваў пра нас, але гэта ня так, бо ўся праблема ў саміх нас. Мы, на жаль, здольныя самі ставіць Богу ўмовы ды тэрміны выкананьня і вельмі злуемся, калі яны не выконваюцца. Але трэба памятаць, што час Бога – ня наш час. Ён і толькі Ён мае права вырашаць, калі і што можа здарыцца. А мы павінны быць цярплівымі і чакаць дзеяў Госпадавых.
«І было пасьля падзей Бог спакушаў Абрагама і сказаў яму: “Абрагаме!” Ён сказаў: “Вось я”. Бог сказаў: “Вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака і ідзі ў зямлю Морыя і там прынясі яго на цэласпаленьне на адной з гор, пра якую Я скажу табе”» (Быц 22:1-2).
Бог спакушае Абрагама, бо хоча ўпэўніцца ў сапраўднае жахлівае выпрабаваньне Абрагама, бо ён павінен ахвяраваць адзіным, доўгачаканым і любым сынам. Ён павінен закалоць нажом, а потым спаліць роднага сына. Абрагам атрымаў загад ня толькі прынесьці ў ахвяру сына, якога ён чакаў дваццаць пяць гадоў, але і зьмірыцца з думкай пра тое, што сьмерць Ісаака перакрэсьлівае ўсе абяцаньні Бога. Але Абрагам кладзе на плечы свайго сына дровы, на якіх ён павінен быць спаленым. Цяжкі груз у Ісаака, але што можна казаць пра Абрагама, які нясе нож і агонь. Абрагам гатовы выканаць волю Бога, дзякуючы сваёй веры і поўнаму пасьвячэньню Госпаду.
«І падняў Абрагам руку сваю і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго. Але анел Госпадаў заклікаў яго з неба і сказаў: “Абрагаме! Абрагаме!” Ён сказаў: “Вось я”. Анёл сказаў: “Не падымай рукі тваёй на хлопчыка, і не рабі з ім нічога, бо цяпер я ведаю, што баішся ты Бога і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго, дзеля Мяне”» (Быц 22:10-12).
Учынак Абрагама кажа пра тое, што ён меў страх перад Богам, але ня нейкі жывёльны страх, а страх, які зьвязаны з паслушэнствам і шанаваньнем. Дык што жадаў бачыць Бог, каб праверыць сапраўднасьць веры Абрагама? Бог бачыць усё, як і ўзровень веры Абрагама. Гэтае выпрабаваньне Абрагама было неабходнае дзеля яго самога, каб ён адчуў і ўбачыў сапраўную веру ў свайго Госпада. Пісаньне кажа пра гэта: «Вераю Абрагам, спакушаны, прынёс у ахвяру Ісаака, і прынёс адзінароднага, якога прыняў як абяцаньне, пра якога было сказана: “У Ісааку будзе названае насеньне табе», бо ён лічыў, што Бог мае моц і з мёртвых уваскрасіць, дзеля чаго і атрымаў яго як прыклад» (Геб 11:17-19). Вось, чалавек веры, бо ён быў гатовы адмовіцца ад усяго дзеля Бога. Сапраўдная вера можа жыць без усіх, без усяго, але толькі з Богам. А ці ёсьць такая вера ў нас? Няхай кожны запытае сябе.
Хрысьціяне заўсёды лічылі, што Ісаак быў правобразам Ісуса Хрыста. Тэртуліян, напрыклад, казаў: «Па-першае, Ісаак, калі бацька аддаваў яго на ахвяру, нёс на сабе дровы, на якіх павінен быў памерці. Ужо адным гэтым ён прадказаў сьмерць Хрыста, адданага Айцом у ахвяру і панёслага крыж пакутаў Сваіх». Можна таксама заўважыць і той факт, што дзея ахвяраваньня як Ісаака, так і Хрыста адбывалася на гары. Апостал Павал кажа гебраям, што Абрагам павінен быў атрымаць Ісаака з мёртвых, як прадказаньне ўваскрасеньня Ісуса Хрыста. Сэнс гэтага параўнаньня ў тым, што Бог захавае семя Сваё, уваскрэсіўшы яго з мёртвых.
Ісус Хрыстос прыйшоў у гэты сьвет дзеля нас, дзеля нашай веры ў Яго. Бог залічыў веру Абрагама ў праведнасьць і калі мы паверым у Ісуса Хрыста, дык гэта будзе таксама залічана нам у праведнасьць. Бог дабраслаўляе нас, як дабраславіў Ён Абрагама. У імя Айца, Сына і Духа сьвятога. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122300956