Про хвалу Господа
«Хвалеце Бога ў сьвятыні Ягонай; хвалеце Яго на цьвердзі
сілы Ягонай. Хвалеце Яго паводле магутнасьці Ягонай,
хвалеце Яго паводле мноства велічы Ягонай. Хвалеце Яго
гукам трубным, хвалеце Яго на псалтыры і арфе. Хвалеце
Яго тымпанам і танцам, хвалеце Яго струнамі і арганам.
Хвалеце Яго гучнымі кімваламі, хвалеце Яго кімваламі
гучнагалоснымі. Усё, што дыхае, хай славіць Госпада!
Алілуя». (Пс 150:1-6).
«Хвалеце Бога» – кажа Творца стварэньням Сваім. Гэта загад, бо Ён мае на гэта права Валадара сусьвету: «Хвалеце Яго». Загад ёсьць, ад пачатку ўсяго і ён адвечны, як вечная слава Валадара валадароў і Бацькі вечнасьці. Апостал Пётр сказаў: «Яму слава і цяпер, і ў дзень вечны» (2 Пят 3:18) і на нябёсах будзе вечна гучаць хвала Ісусу Хрысту. І ніколі хвала Яму ня спыніцца, бо тое, што было выкуплена сьвятой крывёю, павінна існаваць вечна.
Мы павінны славіць Госпада, сьпяваць Яму гімны хвалы, бо мы абавязаныя Яму ўсім. Сваім жыцьцём, дабрабытам, здароўем, сваім розумам, здольнасьцямі і ўсім іншым, што ёсьць у нас і вакол нас. Кожны з нас павінен рабіць гэта. Але ці добра мы выконваем загад Госпада? Няхай кожны паставіць перад сабою гэтае пытаньне і адкажа на яго ў шчырасьці сэрца свайго. І калі мы ўбачым, што парушаем загад Госпада, дык давайце станем перад Ім і пакаемся за сваё непаслушэнства і малавернасьць.
Бог чакае ад нас праслаўленьня, бо гэта Ягоная слава і Ён патрабуе ад нас Сваё. Так, слава Госпада не паменьшыцца ад таго славім мы Яго ці не, бо Ягоная слава – гэта вечнасьць. Бог загадвае нам гэта рабіць таму, што гэта патрэбна нам. Бог любіць нас і таму патрабуе ад нас праслаўленьня, бо калі мы славім Госпада, дык займаем правільную пазіцыю ў адносінах да Бога. І ня толькі да Бога, але і да саміх сябе. Госпад з прыемнасьцю прымае нашу хвалу. Ён зьвяртае на гэта ўвагу і адказвае нам. І вось такі цудоўны кантакт з Богам дае нам разуменьне таго, што ты – чалавек Божы і таму дастойны Божай прысутнасьці.
«Госпадзе Божа наш! Якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая па-над нябёсы! З вуснаў дзяцей і немаўлятак Ты зладзіў хвалу, дзеля ворагаў Тваіх, каб зьнямовіць мсьціўцу і ворага. Калі я гляджу на нябёсы Твае, - твор Тваіх рук, на месяц і зоркі, якія Ты паставіў, дык што ёсьць чалавек, якога Ты памятаеш, і сын чалавечы, якога наведваеш Ты? Нядужа Ты зьменьшыў яго славаю, гонарам увянчаў яго. Паставіў яго ўладаром над творамі рук Тваіх. Пад ногі паклаў яму ўсё: валоў і авечак усіх, і польных зьвяроў таксама, птушак нябесных і рыбін марскіх, усё, што праходзіць марскімі шляхамі. Госпадзе Божа наш! Якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі!” (Пс 8:2-10). Гэта гімн хвалы Госпаду, які даў нам усё.
Калі мы глядзім у бясконцае блакітнае неба, мы бачым веліч Госпада, бо менавіта Ён стварыў гэтае неба з нічога. Бог стварыў зямлю і ўсё, што на ёй і гэта веліч Госпада. Ён стварыў акіяны і рэкі, і ўсё, што ў іх і гэта веліч Госпада. Ён паставіў нас уладарамі над творамі рук Ягоных і ў гэтым веліч Госпада. Ён даў нам Сваё велічнае імя і Ён чакае ад нас падзякі за Сваю цудоўную працу дзеля нас. Ён бачыць нас, чуе нас і памятае пра нас. Бог рэагуе на нашую хвалу да Яго і адказвае нам. Напэўна той, хто робіць гэта кожнадзённа і шчыра, можа пацьвердзіць гэта.
Хвала вышэй за просьбу і таму мы павінны больш праслаўляць і хваліць Госпада, чым прасіць Яго пра розныя чалавечыя патрэбы. Бог даў нам усё неабходнае для жыцьця на гэтай зямлі і Ён чакае падзякі ад нас. І калі Ён атрымлівае ад нас шчырую падзяку і бачыць, што Ягоная веліч прымаецца нашымі сэрцамі, дык Ён адгукнецца на нашыя просьбы і дасьць тое, што нам сапраўды неабходна. Так, Бог ня ўсё дае і ня ўсё адкрывае, а калі нешта адкрывае, дык адкрывае на добрае і столькі, колькі можа ўспрыняць чалавек розумам і сэрцам сваім.
Галоўны адказ Госпада, калі мы зьвяртаемся да Яго, - адказ на шчырае праслаўленьне, якое выходзіць з нашага сэрца праз нашыя вусны. Кожная малітва мае пэўны вынік, але малітва-хвала мае вынік найбольшы, бо на жаданую Ім малітву, Ён абавязкова адкажа, бо жадае адказаць. Хваліце Госпада і будзе адказ. Мы абавязкова ўбачым і пачуем Яго. У шчырасьці сэрца, бо настрой сэрца дае шчырае праслаўленьне Госпада і той адказ, які мы абавязкова атрымаем ад Яго, будзе залежыць ад адкрытасьці і шчырасьці нашага сэрца да нашага Валадара.
Бог ня любіць фармалізму, бо ўсё створанае Ім насычана Ягонай любоўю, праўдай і міласэрнасьцю. І тут няма нічога фармальнага. Бог не прымае фармальныя служэньні і фармальныя праслаўленьні. Ён чакае ад нас шчырасьці і эмацыйнасьці ў сваім служэньні, як рабіў гэта Давід: «Славіць буду Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, абвяшчаць пра ўсе цуды Твае, я буду радавацца, весяліцца, імя Тваё апяваць, Усявышні» (Пс 9:2-3). Фармальнае праслаўленьне – падман ня толькі атачаючых цябе людзей, але ў першую чаргу Госпада, а потым і сябе. Калі мы молімся і думаем пры гэтым пра свае патрэбы і нявырашаныя праблемы, дык няма ніякай карысьці ад такой малітвы. Бог патрабуе поўнай увагі да Сябе і ўзнагародзіць нас за такую малітву праслаўленьня, дзе ня будзе нікога і нічога, акрамя Ягонай велічы і славы.
Мы павінны славіць Госпада, як славіў Яго Давід, як славілі і хвалілі Яго простыя пастухі за тую радасную вестку, якую Ён даў ім пра нараджэньне ў горадзе Давідавым Збаўцы, Які ёсьць Хрыстос Госпад. Пастухі, шануючы Госпада, усхвалялі Яго: «І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана» (Лук 2:20). Мы знаходзімся ў тым жа становішчы, што і біблійныя пастухі, бо бачым веліч Божую ў навакольлі і чуем Эвангельле, - што ёсьць радасная Добрая Вестка пра Хрыста Госпада. І таму мы сьпяваем Яму. Сьпяваем у радасьці і ў шчырасьці сардэчнай, бо ў сьпевах ёсьць салодкія мелодыі, якія прыносяць Яму радасьць, бо калі мы па сапраўднаму праслаўляем Бога, калі сьпяваем псальмы і гімны, дык мы робім ніяк ня меньш, чым чытаючы ці слухаючы пропаведзі. Калі мы хвалім Бога і сэрцам, і вуснамі, дык мы праслаўляем Яго найлепшым чынам. «Хто ў ахвяру падзяку прыносіць, той шануе Мяне» (Пс 49:23), - кажа Госпад. І таму давайце сьпяваць. Сьпяваць паасобку і сьпяваць разам, раскрываючы сэрца сваё перад Госпадам. Нашая хвала радуе Яго, - ня проста словы, якія выходзяць з нашых вуснаў, але мелодыі нашай глыбокай сардэчнай удзячнасьці.
Любое служэньне Госпаду патрабуе пэўнай напругі і асабістых высілкаў. Бяда гэтага сьвету ў тым, што ён не разумее сур’ёзнай духоўнай працы і ўсё зводзіць да рытуальнага фармалізму, а часам і да бязбожных адносінаў да справы Госпадавай. Але мы – «валадарскае сьвятарства». Так, сьвятарства праз Ісуса Хрыста, бо пакліканы Ім для служэньня Яму сваім жыцьцём і таму ўсе нашыя сілы: інтэлектуальныя, фізічныя і творчыя, – павінны служыць Яму па воле Ягонай і на Ягоную славу.
«Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых» (Пс 106:8). Калі б мы меньш скардзіліся, выказваючы розныя незадаволенасьці, а больш славілі свайго Бога, мы былі б больш шчасьлівыя, бо Ён атрымліваў бы больш славы, якая Яму і прыналежыць. Мы павінны кожны дзень хваліць Госпада за звычайныя штодзённыя міласьці. Ухвалім Госпада за нашыя вочы, якімі мы глядзім у неба. Ухвалім Госпада за нашае здароўе і сілы, якія дазваляюць служыць Яму, за ежу, якую мы ядзім і за вопратку, якую мы носім. Давайце славіць Яго за тое, што мы не залічаны да Ягоных ворагаў і таму не баімся помсты, але маем абарону Божую. Давайце дзякаваць Госпада за тую свабоду, якую даў нам Ён Сваёй ахвярнай сьмерцю. Давайце дзякаваць Яго за сяброў, за супакой і мір у нашых сем’ях. Давайце праслаўляць і вывышаць Госпада за ўсё тое, што было дадзена нам Ягонай шчодрай рукою, бо заслугі нашыя амаль ніякія, а шчодрасьць Ягоная бязьмежная. Давайце памятаць пра Ягоную любоў, дзякуючы якой мы збавіліся, бо гэта павінна быць галоўнай тэмай нашых сьпеваў хвалы.
Калі мы пазналі збаўленьне, дык давайце будзем заўсёды памятаць пра падзяку нашаму Госпаду. Мы былі пазбаўлены ад улады нашых грахоў і Бог прывёў нас да ўкрыжаваньня Хрыстова, дзе і былі скрышаны кайданы нашых грахоў. І вось, мы ўжо не рабы грэху, а дзеці Бога жывога. Мы павінны дзякаваць за гэта Госпада, бо ўжо зараз мы апранутыя ў Ягонае адзеньне праведнасьці і сьвятасьці. Мы павіны безперапынна дзякаваць за гэта нашага Госпада.
«Бо ўсё з Яго і праз Яго, і для Яго. Яму слава на вякі. Амэн» (Рым 11:36). «Яму слава на вякі» – гэта тыя словы, якія павінны стаць асноўным жаданьнем кожнага хрысьціяніна. Усе астатнія жаданьні павінны вылівацца з яго. Мы павінны прасіць посьпеху ў справах сваіх, але дзеля таго, каб гэта дапамагала нам праслаўляць Бога. Як хрысьціяне, мы «ад Бога і з Богам» і таму павінны жыць «для Бога».
Няхай смага славіць Госпада ўзрастае ў нас дзень у дзень і няхай хвала Яму памнажаецца. Калі Госпад дае нам посьпех у справах, дык няхай мы адкажам Яму падзякай і вернасьцю. Калі Госпад вучыць нас мудрасьці, дык няхай нашыя словы будуць прыемнымі Яму. Калі мы пазбаўлены хваробы і наш смутак ператварыўся ў радасьць, дык няхай мы будзем яшчэ грамчэй славіць Ягонае імя і сьпяваць Яму гімны хвалы.
Госпадзе, дай нам праславіць Цябе жыцьцём сваім, сваім служэньнем і ўзрастаньнем у Тваёй праведнасьці і сьвятасьці. Дай нам Госпадзе Тваёй прысутнасьці і няхай славіцца імя Тваё на вякі вякоў. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122300989