Шэры свавольнiк

                ***

     Нядоўга Фантазёр паводзіў сябе як выхаваны кот. Званочак, які некаторы час вісеў на шэрай пухнатай шыйцы, перайшоў да сарокі Златы. Пазбавіўшыся ад назіральніка на вяроўцы, ужо некалькі тыдняў Фантазёр падумваў, як яму абясшкодзіць пільную мыш Касю.

     Аднойчы кату-дыверсанту пашчасціла сустрэць на ўзлеску рудога дзікага ката Партоса. А той вазьмі ды пахваліся, што вераб’і дужа смачныя, пасля чаго прапанаваў Фантазёру разам налавіць птушак. Паколькі Фантазёр быў вядомым аматарам прыгод, то ён адразу ж пагадзіўся ўдзельнічаць у аферы.

     Задраўшы свае хвасты, каты пабеглі да вёскі Коцікі. А дзе ж яшчэ зловіш вераб’я, як не ў сяле! Гэтыя шумныя скакункі заўсёды імкнуцца быць бліжэй да людзей.

     Пакуль Фантазёр толькі вучыўся ціха падкрадвацца да зграйкі вераб’ёў, дасведчаны кудлаты ваяка Партос паспеў злавіць некалькі даволі прыткіх птушак. І так Фантазёру прыйшлося да спадобы дзікае кацінае паляванне, што шэры свавольнік нават не заўважыў, як надышоў вечар.

— Цудоўна мы правялі час! — радаваўся Фантазёр. — Але я зразумеў, што кепскі з мяне паляўнічы. Ніводнага верабейкі я так і не сцапаў! Трэба бегці зараз у сядзібу: гаспадыня малачка мусіць ужо надаіла. Так што, Партосік, выбачай.

— Добра вам дамашнім катам: кормять вас, гультаёў, задарма! А нам, небаракам, самім трэба ежу здабываць. Нават трохі крыўдна ад гэтага становіцца за сябе.

— Ты дужа памыляешся, калі думаеш, што хатнім катам усё з неба падае, — абурыўся Фантазёр. — Вам, напрыклад, шмат чаго дазволена самой прыродай, амаль усё сыходзіць з цэпкіх лап. А мне не так даўно Міцька званочак на шыю павесіў, каб я ў камору не лазіў і вяршкі з каўбасой не цягаў. Амаль што месяц бегаў я з жалезным кантралёрам на шыі, пакуль не давялося ратаваць пярсцёнак нашага заатэхніка. Я вымушаны быў таргавацца з сарокай Златай. Яна вярнула рэч гаспадара, а я ёй сваю дрынкалку з шыі зняў за гэта.

— А што, калі нам удваіх прабрацца ў камору? — хітра глянуўшы на Фантазёра, прапанаваў Партос і пачухаў лапай абадранае вуха. — Адзін талент добра, а два, вядома, лепш!

— Па праўдзе кажучы, не вельмі я хацеў бы з гэтай недаверлівай мышшу сустракацца, — прамуркаў Фантазёр. — Але бачыў я, як на днях гаспадар аднёс у кладоўку некалькі калец тміннай каўбаскі, дзеля якой можна было б і рызыкнуць разок…

— Сёння я ўжо перакусіў, ты таксама малака нап’ешся… А вось заўтра прапаную прыступіць спачатку да распрацоўкі плана пранікнення ў Касіну гаспадарку, — узяўшы на сябе ролю крымінальнага аўтарытэта, заявіў Партос. — Потым абгаворым астатнія дробязі аперацыі.

— А калі нас затрымаюць на месцы злачынства, то ты, Партосік, уцячэш у свой лес, а я буду за ўсё несці адказ, — усміхаючыся, меркаваў Фантазёр. — У такім выпадку, я нават дзеля тміннай каўбаскі не стану пэцкаць лапкі. Так што давай развітвацца, дружа.

— Якія ж вы, хатнія каты, баязліўцы! Баішся нейкую шэрую мыш! Пабягу я тады да сваіх братоў. А ты звяртайся, калі надумаеш вераб’ямі паснедаць, — на развітанне сказаў Партос і пабег у бок лесу.

     Навучаны горкім каціным досведам шэры свавольнік Фантазёр з таго часу болей не імкнуўся трапіць у кладоўку па вяршкі і каўбаску. Каток пасталеў і стаў прыкладам у паводзінах для маленькіх насельнікаў Міцькінага падворка.


Рецензии