Марк 4 1-41

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА


Мар 4:1-42

Пачынаецца новы этап дзейнасьці Ісуса. Ён больш не вучыў у сынагогах, а на беразе Галілейскага мора. Спачатку Ён вучыў па методыцы рабінаў, але зараз Ён зьвяртаецца да новых метадаў пропаведзі. Можна адзначыць тое, што Ісус быў падгатаваным для таго, каб несьці Сваё вучэньне пад адкрытым небам вялікай колькасьці народу. Сярод артадаксальных гебраяў было шмат такіх, якія глядзелі на гэта , як на вольнасьць і на пагоню за сенсацыей, але Ісус быў дастаткова мудрым, каб разумець тое, калі неабходна было выкарыстаць новыя метады ў сваім служэньні і дастаткова рашучым ды сьмелым, каб прымяніць гэтыя метады. Адыход ад традыцыйнай формы пропаведзі патрабаваў і новых метадаў, адным з якіх быў заключаны ў тым, што Ён казаў прыповесьцямі.

Мар 4:1-21
«І зноў Ён пачаў навучаць каля мора; і сабраўся да Яго вялізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў човен, сядзеў у моры, а ўвесь натоўп быў на беразе каля мора. І навучаў іх шмат у прыповесьцях, і гаварыў ім у Сваёй навуцы: “Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць. І сталася, калі сеяў, адно зерне ўпала пры дарозе; і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго. Іншае ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і адразу ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая; а калі ўзыйшло сонца, зьвяла, і, як ня мела кораня, высахла. А іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі яго, і не дало плоду. А іншае ўпала ў добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла адно трыццаць, адно шэсьцьдзесят, і адно сто”. І сказаў ім: “Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае”. Калі ж Ён застаўся Сам, тыя, што з Ім былі, разам з Дванаццацьцю спыталіся ў Яго адносна прыповесьці. І сказаў Ён ім: “Вам дадзена разумець таямніцу Валадарства Божага; а тым, якія вонкі, усё стаецца ў прыповесьцях, каб гледзячы глядзелі, і ня бачылі, і каб слухаючы слухалі, і не разумелі, каб не навярнуліся і не былі ім адпушчаны грахі” І кажа ім: “Не разумееце гэтай прыповесьці? А як жа ўсе прыповесьці зразумееце? Сейбіт слова сее. Вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць яго, адразу прыходзіць шатан і забірае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх. Таксама і тыя, што на камяністым месцы пасеяны, пачуўшы слова, адразу з радасьцю прыймаюць яго, але ня маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыйдзе прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу ж горшацца. А тыя, што ў цернях пасеяныя, чуюць слова, але клопаты веку гэтага і ашуканства багацьця ды іншыя пажаданьні, уваходзячы, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным. А тыя, што пасеяныя ў добрую зямлю, гэта тыя, што чуюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод: адзін — трыццаць, іншы — шэсьцьдзесят, а іншы — сто”» (Мар 4:1-21).

Папярэдні разьдзел пачынаўся з таго, што Ісус прыйшоў вучыць у сынагогу. Зараз жа Ён вучыць каля Галілейскага мора, дзе зьбіраліся
ўсе жадаючыя, нават і тыя, каму нельга было ўваходзіць у сынагогу. Прапаведуючы, Ісус выбраў метад прыповесьцяў дзеля таго, каб зацікавіць людзей і заахвоціць іх у слуханьні. Ён добра ведаў, што найлепшы спосаб прыцягнуць увагу людзей – расказваць ім гісторыі, а Ісус, як вядома, быў і назаўсёды застаўся непераўзыдзеным майстрам прыповесьцяў. Выкарыстоўваючы метад прыповесьцяў, Ісус зьвяртаўся да юдэйскіх настаўнікаў, якія ведалі прыповесьці Старога Запавету, ды і ня толькі.

Прыповесьцямі, Ісус канкрэтаваў абстрактныя ідэі, якія непадуладныя розуму большасьці з людзей. Большасьць людзей думае вобразамі і карцінамі. Можна доўга казаць пра прыгажосьць і гэта не дабавіць нікому розуму ці веданьня, але калі паказаць прыгожага чалавека, дык кожнаму будзе зразумела тое, што ёсьць прыгажосьць. Таксама і дабрадзейнасьць, калі відавочная добрая справа упэўнівае чалавека. У нейкім сэнсе, слова павінна набыць цела і кожная ідэя павінна мець прыклад ад чалавека. Вера, напрыклад, набывае цела ў Абрагаме. Ісус быў мудрым настаўнікам і добра разумеў, што розум простага чалавека не дасягае абстрактнай ідэі, а таму Ён і паказвае гэтыя ідэі ў простай і паказальнай карціне.

Вялікая годнасьць прыповесьці заключана ў тым, што падахвочвае чалавека задумацца. Прыповесьць не дае ўсё гатовым, але прымушае рабіць асабістыя высновы і асабіста знаходзіць праўду. Паглядзім на жыцьцё звычайнага чалавека і, у прыватнасьці, на выхаваньне дзіцяці. Самую дрэнную паслугу дзіцяці аказвае той, хто робіць за яго ягоную працу. Нічога карыснага ня будзе, калі мы зробім за дзіця школьнае заданьне, але будзе карысным стымуляваньне працы дзіцяці парадай і тлумачэньнем. Ісус так і робіць. Праўда, калі яна ўяўляе сабою асабістае адкрыцьцё, нашмат больш уплывае на чалавека. Ісус ня хоча пазбаўляць чалавека інтэлектуальнай працы, але падахвочвае чалавека да разважаньня, а таму і выкарыстоўвае метад вучэньня прыповесьцямі. Ён паказвае людзям праўду ў завуаляваным выглядзе дзеля таго, каб, зрабіўшы пэўнае намаганьне, яны самі змаглі адкрыць праўду для сябе і, такім чынам, убачыць сапраўдны шлях жыцьця чалавека.

«Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць». Прыповесьць пра сейбіта пачынаецца словам «слухайце» і закончваецца словамі «хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае». Словы Хрыста патрабуць увагі і нават тады, калі мы не да канца і не зусім правільна разумеем, мы павінны адносіцца да іх з увагаю, верачы ў іхнюю разумнасьць і важнасьць, як і ў тое, што мы, у рэшце рэшт, зразумеем іх. У словах Ісуса мы знойдзем нашмат больш, чым бачыцца з першага погляду. А знойдзем мы тое, што існуе сапраўднае сваяцтва паміж небам і зямлёй і што людзі могуць убачыць Бога ў звычайных, будзёных, жыцьцёвых рэчах. Ісус вучыць людзей бачыць Божае ў звычайным і кожнадзённым: узыходзячым сонцы, падаючым дажджы, расьліне, якая вырастае з зярнятка. Гэта тое, пра што скажа апостал Павал у сваім пасланьні да рымлянаў, а скажа ён пра тое, што бачны сьвет існуе для таго, каб у ім было бачнае нябачнае ад Бога.

Самая важная асаблівасьць прыповесьцяў ад Ісуса заключана ў тым, што яны былі імправізаванымі і нечаканымі, як пошук агульных кропак судотыку з народам, калі Ісус аглядаецца вакол Сябе. Як і зараз, калі ён бачыць сейбіта і адразу знаходзіць тэму. Наогул усе прыповесьці Ісуса, гэтыя несьмяротныя кароткія апавяданьні, ствараліся па ходзе жыцьця, пад час зносінаў з народам, калі Ён вучыў атачаючых Яго. Мы будзем яшчэ больш зьдзіўляцца і захапляцца, калі ўсьвядомім, што прыповесьці Ісуса былі створаны экспромтам, што яны адказвалі патрабаваньням моманту і грунтаваліся на наглядным прыкладзе.

Ісус казаў людзям прыповесьці, каб іх ахінула думка і каб асьвятліць ім Божую праўду. Але, ў вачах натоўпу, Ён бачыў толькі неразуменьне, бо людзі былі асьлепленыя забабонамі, глухімі да ўсяго, акрамя сваіх эгаістычных думак. І таму Ён зьвяртаецца да вучняў, кажучы ім з Ісаі пра тое, што калі Ён прыйшоў з Божай весткай да выбранага народу Ізраіля, яны настолькі нічога не разумелі, што можна было падумаць пра тое, быццам бы Бог не адкрыў ім розум, але закрыў яго. Тое ж адчуваў і Ісус. Ён казаў гэта бяз гневу ці горычы, але ў пакутлівай зьнямозе з-за дарма растрачанай любові да людзей і войстрым суме да таго, што гэты народ не прымае, па сваёй сьлепаце і няведаньню, той найвялікшы дар, які Ён прынёс ім. Мы ня чуем у Ісусе раздражненьня і таму бачым у іх ня Бога, што наўмысна асьляпіў людзей і схаваў ад іх Сваю праўду, але людзей, настолькі эгаістычных і неразумеючых, што падаецца, было б безнадзейным нават Богу прабіць і разбурыць гэтую браню ляноты і неразуменьня. Гэтыя словы Ісуса накіраваны і да ўсіх нас і няхай мы будзем чуць Ягоную праўду.

Слухачам, якія слухалі Ісуса, былі добра знаёмымі нават і дробязі гэтай прыповесьці, таму што гэтыя дэталі былі дэталямі іхняга штодзённага жыцьця, бо сельская гаспадарка была асноўным заняткам тагачаснага Ізраіля. Палі сялянаў уяўлялі сабою доўгія і вузкія палосы, падзеленыя сьцяжынкамі-дарогамі, якія, пад нагамі людзей, станавіліся вельмі цьвёрдымі. І калі сейбіт сеяў, якім бы спосабам ён гэта не рабіў, некаторае зерне трапляла на гэтую цьвёрдую глебу, дзе яно ніяк не магло прарасьці і станавілася лёгкай здабычаю птушак. Так і некаторыя людзі, у сэрцы якіх зерне хрысьціянскай праўды ніяк ня можа прарасьці і становіцца лёгкай здабычай д’ябла. Гэта адбываецца таму, што такі чалавек ня мае да гэтага ніякага інтарэсу, а адсутнасьць такога інтарэсу тлумачыцца тым, што ёсьць неразуменьне важнасьці прыняцьця рашэньня на карысьць хрысьціянства. Такія людзі лічаць, што хрысьціянства ім не патрэбна і што яны самадастатковыя і бяз гэтага. Магчыма гэта было б і так, калі б жыцьцё было простым і лёгкім і калі б у ім не было цяжкасьцяў, сьлёз і трагедый. І галоўная трагедыя жыцьця заключана менавіта ў тым, што многія людзі разумеюць гэта занадта позна.

У Ізраілі і, у прыватнасьці, у Галілеі было шмат мясьцінаў, дзе каменная маса блізка падыходзіць да паверхні зямлі, калі ўрадлівы пласт вельмі і вельмі малы. Зерне, якое ўпала на такую глебу, добра прарастала, але хутка і памірала, бо сонца вельмі хутка высушвала гэтю глебу, не даючы праросшаму зерню далейшага жыцьця. Так і ў нашым жыцьці. Заўсёды лягчэй пачаць справу, чым завершыць яе. Многія людзі ўстаюць на хрысьціянскі шлях, але вельмі хутка зыходзяць з яго, бо парастак хрысьціянскае веры засыхае пад узьдзеяньнем сьвету. Чаму так адбываецца? Па-першае, гэта няўменьне старанна прадумваць свае крокі, няўменьне ведаць наперад значэньне сваіх дзеяў і зьвязаныя з гэтым высілкі і рызык. А па-другое, хрысьціянства прыцягвае шмат людзей, але гэта павярхоўнае захапленьне, якія не кранаюць сутнасьці іхняга жыцьця. Хрысьціянства ж патрабуе ад чалавека ўсяго ці нічога, а чалавек можа быць збаўленым толькі тады, калі ён цалкам аддасьць сябе Хрысту.

Была ў гэтых мясьцінах, як дарэчы і розных іншых, глеба, якая зарастала цернем. Безумоўна што гэта адбывалася з-за ляноты чалавека, які зрэзаў гэтае пустазельле зьверху, пакідаючы карані ў зямлі, якія хутка давалі парасткі і набывалі сілу. Яны расьлі так хутка, што не давалі ніякага росту пасеянаму зерню. Так і чалавек, якога займае толькі матэр’яльнае, ня мае часу для Хрыста, а тыя складанасьці на гэтым шляху наогул Хрыста ня бачаць.

Але была і добрая, вольная ад камянёў і пустазельля глеба, у якой зерне добра прарастала і разьвівалася. Калі мы сапраўды жадаем скарыстаць хрысьціянскую вестку на карысьць сабе, мы павінны бачыць, што гэтая прыповесьць кажа нам пра наступнае.

Мы павінны прымаць вестку хрысьціянства так, каб сапраўды ўсвойваць яе нашым розумам. Наогул, чалавечы розум дзіўны і небясьпечны інструмант. Бог стварыў чалавека так, што вока аўтаматычна зачыняецца ад нейкай парушынкі. Калі да нашага розуму даходзяць рэчы, якія яму ня хочацца чуць, ён аўтаматычна зачыняе ім уваход. Але мы прымаем непрыемныя лекі, каб захаваць сваё здароўе . Зачыняць розум для непрыемнай праўды – гэта ёсьць шлях да пагібелі і трагедыі.

Мы павінны ажыцьцявіць хрысьціянскую вестку ў дзейнасьць і жыцьцё. Прыповесьць кажа пра тое, што ўраджай бывае ў трыццаць, шэсьцьдзясят і сто разоў больш пасеянага. Хрысьціянская праўда і павінна праяўляцца ў дзеяньні і жыцьці, бо, у рэшце рэшт, хрысьціянін пакліканы ня толькі разважаць, але і дзейнічаць.
Такое і ёсьць значэньне гэтай прыповесьці, але малаверагодна тое, што гэтыя думкі прыйдуць у галовы тых, хто ўпершыню чуе яе. Але, які момант гэтай прыповесьці павінен быў адкласьціся ў розуму таго, хто пачуў яе на беразе Галілейскага мора? Магчыма, што гэта было так: калі частка зерня ніколі і не прарасьце, дык зусім відавочна тое, што пасьля ўсяго гэтага, чалавек атрымае добры ўраджай. Гэтая прыповесьць паказвае людзям тое, што ня ўсё так безнадзейна і ня трэба адчайвацца, хаця многія нашыя высілкі, як падаецца, марныя. Напэўна такія думкі былі ў вучняў Хрыста, калі яны бачылі тое, што Яго не пускаюць ў сынагогі і глядзяць на Яго падазрона. Падавалася і тое, што Ягоная вестка ня будзе мець посьпеху. Але гэтая прыповесьць казала ім, як кажа і нам: «Цярпеньне. Рабіце вашу працу. Сейце зерне, а астатняе дайце Богу. І вы абавязкова атрымаеце добры ўраджай».

Мар 4:21-25
«І сказаў ім: “Ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці не на тое, каб была пастаўлена на сьвечніку? Бо няма нічога тайнага, каб не выявілася, і няма нічога схаванага, каб не сталася яўным. Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае”. І сказаў ім: “Глядзіце, што слухаеце! Якою меркаю мерыце, такою вам будзе адмерана і будзе дададзена вам, якія слухаеце. Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, дык і тое, што мае, будзе забрана ў яго”» (Мар 4:21-25).

Мы бачым тут чатыры павучэньня ад Ісуса: пра сьвечку; пра схаванае і тайнае; пра тое, што нам адмераецца, як адмераем і мы і пра тое, што ў каго ёсьць, будзе дадзена і яшчэ. Заўважым, што гэтыя павучэньні, ніяк не зьвязаныя паміж сабою, у Марка сабраныя ў адным месцы, а ў Мацьвея, напрыклад, яны раскіданы па ўсяму тэксту. Але чаму так адбылося? Таму што Ісус – непераўзыдзены майстар слова, а таму выказваўся надзвычайна вобразна і сьцісла. Ён мог казаць так, што гэта вельмі добра запаміналася, а калі ўсьвядоміць, што Ісус, ходзячы па розных месцах, паўтараў гэтыя рэчы, дык людзі памяталі сказанае, не памятаючы ўжо месца, дзе яны казаліся. І ў выніку атрымалася, што многія выказваньні Ісуса згубілі сувязь з месцамі іхняга выказваньня. Выказваньні і павучэньні замацаваліся ў розуме людзей, але кантэкст, у якім яны былі дадзены, забыты. Возьмем жа гэтыя выказваньні Ісуса і разглядзім іх паасобку.

«Ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці не на тое, каб была пастаўлена на сьвечніку? Бо няма нічога тайнага, каб не выявілася, і няма нічога схаванага, каб не сталася яўным». Праўда павінна быць бачнаю людзям і яе нельга хаваць. Зразумела, што бываюць часы, калі казаць праўду небясьпечна, але сапраўдны хрысьціянін будзе гэта рабіць, нягледзячы ні на што. Прыкладаў такіх хрысьціянскіх паводзінаў гісторыя ведае дастаткова. Мы памятаем служэньне апостала Паўла, мы памятаем Яна Гуса, спаленага ў вогнішчы інквізіцыі, мы памятаем і Марціна Лютара, які мужна выступіў супраць продажу індульгенцый, калі прыбіў свае дзевяноста пяць тэзісаў на дзьверы царквы ў Вітэнбергу. Можна пералічваць яшчэ і яшчэ, і з гэтага памятаць, што ў жыцьці бываюць моманты, калі мы добра ведаем, чаго патрабуе праўда і што трэба для гэтага рабіць хрысьціянам. Трэба памятаць, што сьвечку праўды трэба трымаць высока, а не хаваць яе баязьліва ў інтарэсах асабістай бясьпекі.

«Якою меркаю мерыце, такою вам будзе адмерана». Гэта тычыцца ўсіх відаў вучэньня, бо чым больш чалавек гатовы вучыцца, тым больш карысьці ён можа атрымаць ад вывучаемай дысцыпліны. У некаторых старажытных краінах давалі есьці маладым людзям толькі тады, калі тыя, робячы нейкую працу, пакрываліся потам. Так і з вучэньнем, якое нясе чалавеку тым большае задавальненьне, чым больш намаганьняў ён гатовы прыкласьці да яго. Асабліва гэта тычыцца вывучэньня Бібліі. Часам чалавеку можа падацца, што некаторыя часткі Бібліі ёсьць незразумелымі і таму нецікавымі, але калі ён прыкладзе пэўныя высілкі да іхняга вывучэньня, яны могуць апынуцца самымі дабрадатнымі. Гэта ж таксама тычыцца і богаслужэньня, бо чым больш мы ўдзельнічаем у богаслужэньні, тым больш мы набываем для сябе. Але гэта можа быць і ня так, калі мы прыходзім у дом Божы дзеля нейкіх іншых мэтаў. Якіх?
Проста прыходзіць для таго, каб нешта атрымаць асабіста прыемнае. Калі мы прыйшлі з гэтай мэтаю, дык хутчэй за ўсё мы будзем крытыкаваць музычную групу праслаўленьня і шукаць недахопы ў пропаведзі служыцеля. Мы пачнем глядзець на богаслужэньне як на забаўку, якая павінна цікавым чынам даць нам добры адпачынак. Так быць не павінна. Мы павінны прыходзіць у царкву гатовымі даваць, памятуючы, што богаслужэньне – гэта калектыўнае дзеяньне, дзе кожны можа даць свой унёсак. Калі мы будзем запытваць: «Што я магу даць гэтаму служэньню», а ня думаць: «Што дасьць мне гэтае служэньне», дык мы заўсёды атрымаем ад яго нашмат больш, чым проста будзем прыходзіць, каб атрымліваць.

Проста прыходзіць без усякіх чаканьняў. Мы можам прыходзіць у царкву проста па звычцы, каб выканаць пункт свайго тыднёвага распарадку, але трэба прыходзіць сюды, каб праславіць Госпада, а калі мы Яго праслаўляем, можа адбыцца многае.
Проста прыходзіць у царкву непадгатаванымі сэрцам і розумам, калі чалавек сьпяшаецца ды яшчэ і спазьняецца. Але было б інакш, калі б мы нясьпешна прыселі і зявярнуліся да Бога з малітвай. Гебрайскія рабіны казалі сваім вучням наступнае: «Тыя людзі добра моляцца з іншымі разам, якія спачатку моляцца адны».

«Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, дык і тое, што мае, будзе забрана ў яго». Суровае выказваньне, але жыцьцё паказвае, што гэта ёсьць глыбокая і непазьбежная праўда. І гэта тычыцца многіх бакоў дзеяньня і пачуцьяў чалавека, а таму прыпынімся на некаторых з іх, бо гэтае вучэньне Ісуса накладае канкрэтны адбітак на ўсё нашае жыцьцё. Дык вось.

Гэта дакладна ў адносінах да веданьня, бо чым больш чалавек ведае, тым больш ён можа даведацца. Прыкладаў шмат. Чалавек атрымае больш асалоды ад музыкі, калі будзе ведаць форму і склад таго ці іншага музычнага твору. Відавочна тое, што, калі чалавек ня будзе ўмацоўваць сваё веданьне, дык, хутчэй заўсё, ён згубіць яго. Усе мы вывучалі ў школе ці ўніверсітэце замежную мову, але потым, не карыстаючыся ёй, забыліся яе. Чым больш чалавек ведае, тым больш магчымасьцяў даведацца новага, але калі ён ня будзе пашыраць кола свайго веданьня, дык хутка можа згубіць і тое, што ведаў.

Гэта дакладна ў адносінах да намаганьняў, бо чым дужэйшы чалавек, тым больш сілы ў ягоным целе. Чым больш чалавек захоўвае сваё цела ў сіле, тым больш ён можа зрабіць і наадварот. Нельга забываць і тое, што нашае цела і душа прыналежаць Богу, а таму мы павінныя ставіцца да стану свайго здароўя вельмі адказна і захоўваць яго ў-ва ўсе дні свайго жыцьця.

Гэта дакладна ў адносінах да любога мастацтва ці рамяства, бо чым больш чалавек удасканальвае сваё майстэрства, тым большага ён дасягне. А калі чалавек не працуе ў гэтым напрамку, дык ён, напачатку, прыпыняецца ў сваім разьвіцьці, а потым і наогул дэградуе.

Гэта дакладна ў адносінах да пачуцьця адказнасьці, бо чым болей адказнасьці бярэ на сябе чалавек, тым большую адказнасьць ён зможа несьці. Чалавек жа, які ўхіляецца ад адказнасьці і прыняцьця рашэньняў, паступова ператворыцца ў слабавольнага чалавека без пачуцьця адказнасьці і няздольнага прыняць якое-небудзь самастойнае рашэньне. Ісус заўсёды ўказвае на тое, што нагародай за добрую працу будзе яшчэ больш складанае і адказнае даручэньне. Чым больш мы дасягнем, тым большага можна дасягнуць і яшчэ, а калі мы не прыкладзем да гэтага намаганьняў, дык згубім і тое, што мелі да гэтага.

Мар 4:26-34
«І сказаў: «Гэтак ёсьць Валадарства Божае, як быццам чалавек кідае насеньне ў зямлю. І ці ён сьпіць, ці ўстае ноччу і днём, а насеньне ўзыходзіць і расьце, і ён ня ведае як. Бо зямля сама сабою родзіць спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж плод сасьпее, адразу пасылае серп, бо надыйшло жніво». І сказаў: “Да чаго падобнае Валадарства Божае? Або ў якой прыповесьці выявім яго? Як гарчычнае зерне, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншым за ўсе насеньні на зямлі; а калі пасеянае, узыходзіць і робіцца большым за ўсе расьліны, і пускае галіны вялікія, так што птушкі нябесныя могуць хавацца ў засені яго”. І многімі падобнымі прыповесьцямі гаварыў ім слова, колькі маглі яны слухаць, і без прыповесьці не гаварыў ім, а вучням асобна тлумачыў усё» (Мар 4:26-34).

Гэтая прыповесьць ёсьць толькі ў Марка. Валадарства Божае азначае валадараньне Бога, калі Ягоная воля будзе зьдзяйсьняцца на зямлі таксама ідэяльна, як і ў небе. Гэтая кароткая прыповесьць яскрава раскрывае Божую праўду пра стварэньне Божага Валадарства. Чалавек росьціць зерне, кінуўшы яго ў зямлю, але ён ня ведае і ня бачыць дзеяньне унутранага механізму зерня, які прачынаецца і дае парастак. Сакрэт жыцьця закладзены ў самім зерне. Ніводны чалавек ніколі ня ведаў тайны жыцьця і не стварыў нічога ў поўным сэнсе гэтага слова. Чалавек можа адкрыць, зьмяніць, удасканаліць зямныя рэчы, але ён ня можа іх стварыць. Так і з Божым Валадарствам. Мы ня здольныя стварыць Божае Валадарства, бо яно прыналежыць Богу. Відавочна толькі тое, што мы здольныя перашкаджаць яму ці ствараць умовы для таго, каб яно наблізілася хутчэй, але за ўсім гэтым стаіць Бог і Ягоныя сіла ды воля.

Усе элементы жывой прыроды разьвіваюцца бесперапынна. Днём ды ў начы рост і разьвіцьцё працягваецца. Божая праца, у адрозьненьні ад працы чалавечай, ідзе ня толькі бесперапынна, але і раўнамерна, зьдзяйсьняючы Свой план. Рост непазьбежны і няма большай сілы ў прыродзе як рост. Усе ведаюць, як карані дрэваў, пры сваім росьце, разбураюць дарожнае пакрыцьцё, а трава прабіваецца з любой расколіны гэтага пакрыцьця. Рост – вялікая сіла. Так і з Божым Валадарствам, бо, нягледзячы на бунт і непаслушэньне людзей, Бог працягвае Сваю справу і нішто ня можа перашкодзіць Божым прызначэньням.

«Калі ж плод сасьпее, адразу пасылае серп, бо надыйшло жніво». Прыповесьць кажа пра тое, што будзе канец сьвету. Настане дзень жніва , калі той, хто зьбірае сасьпелыя плады, вырывае з каранём пустазельле, робіць дзьве розныя прыцы. Жніво і суд ідуць побач, а таму мы павінны разумець некаторыя рэчы. Гэта ёсьць заклікам да цярпеньня, бо чалавек ёсьць часовым жыхаром на зямлі, а таму небазьбежна думае пра сёняшняе і мінучае. Бог жа творыць у вечнасьці і Ён не абмежаваны па часе: «Бо прад вачыма Тваімі тысяча гадоў, як дзень учарашні, калі ён прыйшоў, як варта начная» (Пс 89:5). Мы павінны росьціць у нашым розуме, замест нецярплівай сьпешцы, цярпеньне ды чакаць Божае прышэсьце. Гэта ёсьць заклікам і да надзеі, бо ўсе мы жывем у сьвеце адчаю, калі многія і многія глядзяць у будучыню з жахам. Непарадак у сьвеце, дыктатуры і войны не дадаюць аптымізму чалавецтву. Але чалавек не павінен так думаць і адначасова верыць у Бога, бо калі мы верым Яму, мы не дадзім месца песімізму. Мы можам раскайвацца, шкадаваць, але адчай не павінен ахінуць нас. Гата ёсьць, таксама, заклікам да гатоўнасьці, бо заўсёды павінны быць гатовымі да таго часу, калі канец сьвету настане і мы сустрэнемся з нашым Богам. Жывучы ў цярпеньні, якое нічога ня можа пахіснуць, у надзеі, якая ніколі не адчайваецца і ў гатоўнасьці, што пазірае на жыцьцё ў вечнасьці, мы будзем з ласкай Бога гатовыя да канцу сьвету, калі ён настане.

«Як гарчычнае зерне, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншым за ўсе насеньні на зямлі; а калі пасеянае, узыходзіць і робіцца большым за ўсе расьліны, і пускае галіны вялікія, так што птушкі нябесныя могуць хавацца ў засені яго». Гэтая прыповесьць кажа нам пра простую рэч, каб нам не бянтэжыцца за сьціплы пачатак нашага хрысьціянства. Але, калі ісці з Хрыстом, навучаючыся ад Яго, кропля за кропляй, дык гэтае малае зерне веры будзе вырастаць у вялікае дрэва. Мы часта адчуваем тое, што нам не хапае сілы, каб зрабіць тую ці іншую справу, але трэба памятатаць, што ўсё ў гэтым сьвеце, а нават і сам сьвет, меў свой пачатак. Шмат што у гэтым сьвеце дадзена чалавеку з магмасьцю ўдасканаленьня, бо таму Бог і даў чалавеку розум ды здольнасьці. Мы абавязаныя зрабіць тое, што ў нашых сілах, а агульны эфект усіх невялікіх намаганьняў можа прывесьці да незвычайных вынікаў.
«І многімі падобнымі прыповесьцямі гаварыў ім слова, колькі маглі яны слухаць, і без прыповесьці не гаварыў ім, а вучням асобна тлумачыў усё». Мы бачым яркае вызначэньне мудрага настаўніка. Ісус настаўляў Сваіх вучняў, улічваючы іхнія асаблівыя здольнасьці. Гэта і ёсьць першая і галоўная асаблівасьць мудрага настаўленьня. Але, якія яшчэ ёсьць асаблівасьці ў гэтай справе?

Настаўнік не павінен займацца самарэкламай. Ён павінен прыцягваць увагу не да сябе, але да свайго прадмету. Любоў жа да самарэкламы ёсьць рэч небясьпечная, бо выклікае жаданьне вылучацца самому за кошт праўды. Добры настаўнік любіць свой прадмет, а не самога сябе. Ён любіць сваіх вучняў, але і вучні, праяўляючы мудрасьць, павінны імкнуцца быць разам з настаўнікам. Так і было паміж вучнямі і Настаўнікам Ісусам. Пасьля пропаведзяў Ісуса, яны заставаліся з Ім і Ён расказваў ім значэньне ўсяго. У выніку, у сапраўдным настаўніку нас цікавіць, разам з ягоным вучэньнем, і ён сам. Чалавек, які жадае чамусьці навучыцца ў Хрыста, павінен ісьці з Ім і быць разам з Ім. Калі ён так зробіць, дык ён адолее ня толькі вучэньне, а і самое жыцьцё.

Мар 4:35-41
«І ў той самы дзень, калі надыйшоў вечар, кажа ім: “Пераплывем на другі бок”. І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго, бо Ён быў у чаўне, і іншыя чаўны былі з Ім. І сталася вялікая бура, і хвалі білі ў човен, так што ён ужо напаўняўся вадою. А Ён спаў на карне на падушцы. І будзяць Яго, і кажуць Яму: “Настаўнік! Ці ж Цябе ня рупіць, што мы гінем?” І Ён, падняўшыся, забараніў ветру і сказаў мору: “Замаўчы, суцішся!” І сьціх вецер, і сталася вялікая ціша. І кажа ім: “Чаму вы так палахлівыя? Ці ж ня маеце веры?” І яны спалохаліся страхам вялікім, і гаварылі адзін аднаму: “Хто ж Ён, што вецер і мора слухаюцца Яго?”» (Мар 4 35-41).

Галілейскае мора – мора асаблівае, бо пераход ад поўнага супакою да вялікай буры можа быць вельмі хуткім, нават і імгненным. Ісус, як дарэчы і тыя, хто быў з Ім, добра ведалі асаблівасьці іхняга мора, але такой моцы буры не чакалі нават і яны. Яны выходзілі ў ноч, пры цалкам спакойным моры і падавалася тое, што яны без усякіх перашкодаў і хутка дасягнуць другога берагу мора, маючы магчымасьць яшчэ і адпачнуць да ранку. Але вецер, што прыляцеў з боку гары Гермон, перакрэсьліў іхнюю надзею на хуткі ды спакойны адпачынак.

Ісус знаходзіўся ў чаўне, займаючы месца на карне, дзе звычайна знаходзіліся дыван ды падушка, для адпачынку. Дзень працы стамілі Ісуса і Ён спаў на карне, прылёгшы на падушку. Невялікі ветрык, напаўняючы ветразь, рухаў човен, які праразаў водную роўнядзь з невялікім плёскатам вады. Побач было і некалькі іншых чаўноў, якія ішлі разам з імі на другі бок мора. Бура ж, наляцеўшы зьнянацку, устрывожыла вучняў, бо ўзьняўшыя хвалі жорстка білі барты чаўна, заліваючы човен знутры. Можна толькі ўявіць, што вучні, будучы вопытнымі рыбакамі перажылі мноства бур на гэтым моры, але зараз спужаліся, бо, як бачыцца, бура была вельмі вялікай.

«Настаўнік! Ці ж Цябе ня рупіць, што мы гінем?» Такі зварот вучняў да Ісуса бачыцца вельмі выразным, але даволі грубым і больш падобным на папрок за тое, што Ён спіць, калі навокал небясьпека. Чаму гэта так? Можа таму, што яны былі ў вельмі цесных адносінах з Ім, а таксама з-за тых абставінаў, у якіх яны апынуліся. Ісус жа, без ніякіх дэбатаў, супакойвае буру і тут цікава заўважыць тое, што Ісус зьвяртаецца да ветру і хваляў з тымі ж словамі, як і пры аздараўленьні апантанага дэманам. Разбуральная сіла гэтай буры была падобнай на разбуральную сілу дэманаў. Калі ж вучні ўбачылі гэты цуд і бура сталася штылям, у іхніх сэрцых запанаваў ціхамірны супакой. Вандроўка з Ісусам сталася лёгкім шпацырам па вадзе Галілейскага мора. Гэтая праўда Ісуса ёсьць універсальнаю, бо ўсё гэта можа адбыцца і з намі. Калі Ісус з намі, мы можам быць спакойнымі ў самых жорсткіх жыцьцёвых бурах.

Ісус заўсёды дае нам супакой, калі жыцьцёвыя праблемы заносяць нас у буру сумнёваў і няўпэўненасьці. У кожнага з нас бываюць моманты, калі мы проста ня ведаем, што рабіць далей. Мы прыпыняемся на раздарожжы жыцьця, ня ведаючы якім шляхам ісьці далей. Калі ж мы зьвярнемся да Ісуса з пытаньнем пра далейшы шлях, нам стане зразумелым, па якому шляху пайсьці. Трагедыя чалавека ў тым, што ён не гатовы прыняць прапанову Хрыста, бо каб прыняць супакой, трэба падпарадкавацца волі Ісуса. Ісус дае нам супакой у буры трывогаў, якія ёсьць ворагам супакою. Трывога за сябе, трывога за нявызначаную будучыню, трывога за блізкіх нам людзей. Але Ісус кажа нам пра любоў Бога, якую ня можа парушыць ніхто. Ён нясе нам супакой Божай любові.


Рецензии