Марк 5 1-43

ЭВАНГЕЛБЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА


Мар 5:1-43

Пачатак гэтага разьдзелу ёсьць даволі жудасная гісторыя, але дзе нам патрэбна добра падумаць і чытаць паміж радкоў, таму што ў ёй думаюць і кажуць у выразах, якія былі вельмі добра знаёмымі тагачасным гебраям, але незнаёмымі нам. Гісторыя ад Марка зьвязвае яе з агульным яго аповядам. Гэтая дзея адбылася, па ўсёй верагоднасьці, зранку, калі ноч толькі перадавала свае правы дню. Човен Ісуса выйшаў на ваду з пачаткам ночы, каб перасекчы мора, а гэта каля васьмі кіламетраў. Мы ня ведаем траекторыю руху чаўна, але, з улікам вялікай буры, зусім магчыма тое, што ён дасягнуў берагу толькі на пачатку дня. Тут жа, у прыбярэжнай частцы, было шмат пячор у вапняковых скалах, якія выкарыстоўваліся ў якасьці магілаў. Нават і днём гэтае месца не радавала вока, а зараз, у перадсьвітальны час, наогул было вельмі змрочным.

Мар 5:1-20
«І прыйшлі на другі бок мора ў край Гадарэнскі. І калі выйшаў Ён з чаўна, адразу пераняў Яго чалавек з магілаў, апанаваны нячыстым духам, які меў жытло ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі. Бо шмат разоў зьвязвалі яго кайданамі і ланцугамі, і ён рваў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог утаймаваць яго. І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і ў гарах крычаў і біў сябе каменьнямі. І, здалёк убачыўшы Ісуса, прыбег, і пакланіўся Яму, і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: “Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Заклінаю Цябе Богам, ня мучай мяне”. Бо Ісус сказаў яму: “Выйдзі, духу нячысты, з гэтага чалавека”. І спытаўся ў яго: “Якое імя тваё?” А ён адказаў, кажучы: “Маё імя — легіён, бо нас многа”. І вельмі прасіў Яго, каб не выганяў іх прэч з гэтага краю. А там каля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіняў. І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: “Пашлі нас у сьвіняў, каб мы ў іх увайшлі”. І Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіняў, і рынуўся гурт са стромы ў мора, а было іх каля дзьвюх тысячаў, і патанулі ў моры. А тыя, што пасьвілі сьвіняў, уцяклі і абвясьцілі ў горадзе і вёсках, і людзі выйшлі паглядзець, што сталася. І прыходзяць да Ісуса, і бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры здаровым розуме, і спалохаліся. І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з апанаваным дэманам, і пра сьвіняў. І пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў ад межаў іхніх. І калі Ён увайшоў у човен, той, што быў апанаваны дэманам, прасіў Яго, каб быць з Ім. Ісус жа не дазволіў яму, але гаворыць: “Ідзі ў дом твой да сваіх, і раскажы ім, што Госпад учыніў табе і зьлітаваўся над табою”. І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся» (Мар 5:1-20).

З магілаў выйшаў апантаны. Мы не зразумеем гэтай гісторыі, калі не ўявім сабе складанасьць апантанасьці гэтага чалавека, бо нават Ісус ня змог адразу яго аздаравіць. Звычайны загад Ісуса выйсьці духу нячыстаму не дапамагае і таму Ісус запытвае пра імя гэтага чалавека. Тагачасныя людзі верылі, што калі вядомае імя дэмана, дык сіла ягоная зламаная. Але і гэтага было недастаткова, а таму патрабаваўся трэці акт гэтае драмы, калі дэманы зьвярнуліся да Ісуса з незвычайнаю просьбай. Яны прасілі Ісуса, каб Ён паслаў іх у статак сьвіней. І Ён гэтае робіць. Статак жа, стаўшыся апантаным, пачаў бегчы і кінуўся з высокага берагу ў мора. Збаўленьне апантанага чалавека супраць пагібелі статку сьвіней. Такога яшчэ ня бачыў ніхто і відавочна бачыцца вялікае зьдзіўленьне прысутных вакол Ісуса. Не, яны не шкадавалі гэтых нячыстых жывёлін, але сам факт гэтага дзеяньня вельмі зьдзіўляе. Падаецца тое, што і нам шкада гэтых жывёлін, але збаўленьне душы чалавека Бог ставіць вышэй за гэты статак.

Зразумела тое, што даглядчыкі статку пабеглі ў горад, каб абвесьціць пра гэты незвычайны выпадак на беразе мора. Зацікаўленыя гараджане, якія прыбеглі на месца здарэньня, убачылі апантанага чалавека, якога, як бачыцца, яны добра ведалі, ў спакойным і здаровым стане. Дзікі і голы апантаны сядзіць у адзёжы, выглядаючы здаровым і разумным чалавекам. Чаму не радавацца? Але мы бачым нешта іншае, бо яны глядзелі на ўсё гэтае з жахам. Замест таго, каб запрасіць Ісуса да сябе ў горад для праявы Сваёй незвычайнай сілы, яны сталі прасіць Яго, як мага хутчэй, адыйсьці ад гэтых мясьцінаў. Але чаму яны адпрэчылі Хрыста?

Тое, што ўбачылі гэтыя людзі зьдзівіла і прымусіла іх прызнаць уладу Ісуса, як і тое, што Ён дастойны страху і трапятаньня. Але, калі яны ўбачылі тое, што іхні статак загінуў, дык гэта сталася ня толькі непрыемным, але і непрыязным. Ну, што ж, можна канстатаваць пра тое, што дэманы, у гэтым выпадку, свайго дасягнулі, бо адвярнулі гэтых людзей ад Хрыста, добра ведаючы любоў гэтых людзей да матарыяльнага сьвету. Гэтыя людзі баяліся таго, што калі Ісус прыйдзе да іх, дык яны атрымаюць яшчэ нейкае іншае пакараньне, у той час, калі б яны пажадалі б пакінуць свае грахі, Ісус даў бы ім добрае жыцьцё і збаўленьне. Але ж яны не пажадалі пакінуць грахоў, памятаючы пра матарыяльныя страты, і адмовіліся ад свайго Збаўцы.

«Ідзі ў дом твой да сваіх, і раскажы ім, што Госпад учыніў табе і зьлітаваўся над табою”. І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся». Гэты чалавек, аздароўлены Ісусам, прасіў Яго, каб быць з Ім. Чаму? Магчыма што з-за страху зноў стацца апанаваным, а можа дзеля вучэньня, бо вызваленыя ад нячыстага ня могуць не жадаць зносінаў з Хрыстом. Усё гэта адбывалася ў Дэкапалісе – пэўнае аб’яднаньне дзесяці грэцкіх гарадоў: Пела; Дыён; Гадара, Фідалэльфія; Гіпас; Дамаск; Гераса; Рафана; Канафа і Скіфапаль, што на правым беразе Ярдана. Заснаваньне гэтых гарадоў цягнецца ад Аляксандра Македонскага, бо гэтым і тлумачыцца знаходжаньне там большасьці грэкаў. Гэтыя гарады да Макабэяў былі самастойнымі, маючы самакіраваньне. Рымскі ваявода Пампей, у 63 годзе да Р.Х., вызваліўшы гэтыя гарады ад юдэйскай залежнасьці і вярнуўшы ім іхнія свабоды, але яны павінны былі плаціць падаткі Рыму і папаўняць рымскае войска. Гэта былі прыгожыя гарады, якія мелі свае храмы, амфітэатры і грэцкі лад жыцьця.

Кароткая знаходжаньне Ісуса ў Дэкаполісе, як бы накіроўвае нас у будучыню, як заваёву Хрыстом усяго сьвету і разуменьне будучага разрыву хрысьціянства з юдаізмам. Завяршаючы ж разгляд грэцкага характару Дэкаполіса, вызначым некалькі выбітных імёнаў з гэтых мясьцінаў. Адсюль паходзіў вядомы эпікурэйскі філосаф Філадэм, сучасьнік Цыцэрона, вядомы майстар грэцкай эпіграмы Мэлеагр, вядомы сатырык Мэніп і рытар Тэадор – настаўнік імпэратара Тыберыя. Так што нешта вельмі важнае адбылося ў той дзень, калі Ісус ступіў на тэрыторыю Дэкаполіса.
Ісус не дазволіў аздароўленаму чалавеку ісьць з Ім, але накіраваў яго абвяшчаць пра Божую міласьць у Дэкаполісе. Ён павінен быў быць жывым прыкладам таго, што Хрыстос можа зрабіць для чалавека. Слава нашая ня ў тым, што мы можам зрабіць для Хрыста, але ў тым, што Хрыстос можа зрабіць для нас. Адроджаны чалавекі ёсьць сапраўдным аргументам хрысьціянства. Гэты чалавек павінен быў стаць першым зернем вялікага будучага ўраджаю і больш таго, як бачыцца, ён стаўся першым пасланцам Хрыста ў асяродзьдзі паганаў. Усё недзе бярэ свой пачатак, і ўся тая слава, дадзеная хрысьціянству грэцкім розумам і геніем, пачалася з аздароўленага Хрыстом апанаванага дэманамі. Хрыстос заўсёды пачынае з некага. І ў нашым асяродзі таксама, дык няхай Ён нешта пачне з нас.

Мар 5:21-34
«І калі Ісус зноў пераправіўся ў чаўне на другі бок, зыйшлося да Яго мноства людзей, і Ён быў каля мора. І вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Яір, і, убачыўшы Яго, падае да ног Ягоных, і вельмі просіць Яго, кажучы: “Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі рукі на яе, каб была выратаваная і жыла». І Ён пайшоў з ім. І ішоў за Ім вялізарны натоўп, і ціснулі Яго. І нейкая жанчына, хворая на цячэньне крыві дванаццаць гадоў, якая шмат нацярпелася ад шматлікіх лекараў, і выдаткавала ўсё, што мела, і не атрымала аніякай карысьці, але яшчэ горш пачувалася, пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да шаты Ягонае, бо казала: “Калі толькі дакрануся шаты Ягонае, буду выратаваная”. І адразу высахла ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што паздаравела ад немачы. І адразу Ісус, адчуўшы ў Сабе, што моц выйшла з Яго, павярнуўся да натоўпу і сказаў: “Хто дакрануўся шаты Маёй?” І сказалі Яму вучні Ягоныя: “Бачыш натоўп, які цісьне Цябе, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?” Але Ён паглядзеў кругом, каб убачыць тую, што зрабіла гэта. А жанчына, спалохаўшыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. Ён жа сказаў ёй: “Дачка! Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь здаровая ад немачы тваёй» (Мар 5:21-34).

Край Гадарэнскі не прыняў Ісуса, прасіўшы, каб Ён адыйшоў ад іх. І вось, Ён зноў у Галілеі, дзе, каля Яго, зноў мноства людзей. І вось Марк дае нам унікальную частку свайго Эвангельля, бо разьмяшчае адзін аповяд унутры другога. Зьнешняя гісторыя пралівае сьвятло на ўнутраную, а ўнутраная ўпрыгожвае зьнешнюю. Зьнешняя гісторыя – пра нейкага Яіра, начальніка сынагогі і пра яго дванаццацігадовую дачку, а ўнутры яе хаваецца гісторыя жанчыны, якая, тыя ж дванаццаць гадоў, пакутвала ад крывацечы. Гэтыя дзьве гісторыі пра страх і веру, пра ўладу Ісуса ўводзіць людзей ад страху да веры. Паглядзім на Яіра, які займаў адміністратыўную пасаду ў сынагозе і быў, як бачыцца, паважаным чалавекам у мясцовай гебрайскай суполцы. Як ён ставіўся да Ісуса? Складанае пытаньне, бо, з аднога боку, ён бачыў ці чуў пра цуды Ісуса, а з іншага ён ведаў пра адносіны да Яго з боку кніжнікаў і фарысэяў. І хутчэй за ўсё пазыцыя Яіра – гэта пэўны нейтралітэт.

І вось, у ягоны дом прыйшло гора. Цяжка захварэла дачка Яіра, якой толькі споўнілася дванаццаць гадоў, што ўжо азначала жаночую даросласьць. Можна толькі ўявіць становішча Яіра, які ўсьведамляў тое, што дачка памірае. Калі ж ягоных вушэй дасягнула вестка пра тое, што вядомы Сваімі цудамі Ісус, прыплыў на чаўне з таго берагу Галілейскага мора. Аір праглынае гордасьць і адкідвае страх перад кніжнікамі і фарысэямі, бо зараз не да гэтага. Ён бяжыць да Ісуса і кідаецца Яму ў ногі, ня думаючы пра тое, што будуць казаць пра яго іншыя людзі. Ісус жа, выслухаўшы Яіра, адразу ж пагадзіўся пайсьці з ім. І тут Марк перарывае свой аповяд, распавядаючы зусім іншую гісторыю, якая ўклініваецца ў гісторыю з дачкой Аіра.

«Калі толькі дакрануся шаты Ягонае, буду выратаваная». Хворая на крывацечу жанчына кранаецца да шаты Ісуса і аздараўляецца. Хранічная нечыстата гэтай жанчыны адлучала яе ад сям’і і грамадзкага жыцьця, насычаючы яе страхам, які забараняў ёй ня толькі адкрыта прасіць дапамогі, але і прызнацца на тое, што яна самавольна атрымала аздараўленьне. Ісус адчуў гэта, бо на нейкі час моц пакінула Яго. Ён даволі хутка вызначыў гэтую жанчыну і дабраславіў яе Сваім словам. Прыгожы фінал гэтае гісторыі, але цікава будзе адзначыць і наступнае.

Аздараўленьне дакрананьнем, калі сам лекар, як бы напрамую і ня ўдзельнічае, настолькі незвычайна, што мы наўрад ці зразумеем механізм гэтага аздараўленьня. Тут ёсьць праява таго цуду, які мае месца зносінам паміж Ісусам і кожным чалавекам. Жыцьцё цісьне на нас з усіх бакоў. Але ўсё ж можна падыйсьці бліжэй да Ісуса і, працягнуўшы руку, дакрануцца да Яго з той дзіўнай сумесі страха і веры, якая і складае сутнасьць хрысьціянскага вучнёўства. І яшчэ адзін цікавы момант: улада Ісуса збавіла гэтую жанчыну ці яе асабістая вера? Мы чытаем пра тое, як з Яго выйшаў моц, а сам Ён кажа: «Вера твая збавіла цябе». Відавочна, што вера, сама па сабе, аздараўляць ня можа, але зьяўляецца тым каналам, па якому перадаецца і дзейнічае моц Ісуса. Ён не чараўнік, што паказвае фокусы перад публікай. Ён ёсьць Сын Божы, праз Каго ўваскрашаецца Іхраіль, чалавецтва і сьвет. Вера, нават калі тут прысутнічае страх, і хваляваньне ёсьць першай прыкметай абнаўленьня жыцьця. Дык якое месца і мы адвялі для сябе ў гэтай гісторыі.

Мац 5:35-43
«Яшчэ Ён гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі людзі і кажуць: “Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?” Ісус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: “Ня бойся, толькі вер”. І не дазволіў нікому ісьці за Ім, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. І прыходзіць у дом начальніка сынагогі, і бачыць замяшаньне, плач і лямант вялікі. І, увайшоўшы, гаворыць ім: “Чаму вы ўзрушаныя і плачаце? Дзіцятка не памерла, але сьпіць”. І сьмяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзіцяці ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзіцятка. І, узяўшы руку дзіцяці, гаворыць ёй: “Таліта; кумі», што значыць: “Дзяўчынка, табе кажу, устань!” І адразу ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І ўсе дзівіліся з захапленьнем вялікім. І перасьцерагаў іх, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб далі ёй есьці» (Мар 5:35-43).

Хвароба і сьмерць прыйшлі ў сьвет праз грэх да непаслухмянасьць першага Адама, але ласка другога Адама перамагла і тое, і другое. Ісус, аздаравіўшы невылечную хваробу, ідзе далей, каб атрымаць перамогу над сьмерцю. Яіру прынесьлі сумную вестку пра тое, што ягоная дачка памерла і, адпаведна, Ісусу можна ўжо далей і не ісьці, калі Ён такі ж лекар, як і іншыя. Але гэты выпадак быў незвычайным, бо сьмерць дзяўчыны ня стала, як гэта бывае звычайна, канцом апавяданьня. Ісус кажа гэтаму чалавеку, каб той працягваў спадзявацца на тое, што ягоны зварот да Ісуса ня быў марным: «Ня бойся, толькі вер». Можна толькі выказаць здагадку, што Яір апынуўся ў нерашучасьці: прасіць Ісуса крочыць далей ці не. Ісус бачыць гэта і таму бярэ сітуацыю ў свае рукі, кажучы, што трэба ісьці далей. Ісус ідзе да дому, дзе ляжыць мёртвая дзяўчына ў суправаджэньні людзей, якім Ён дазволіў ісьці з Ім.
Ісус уваскрасіў яе ўладным словам сірыйскага паходжаньня: «Таліта кумі», што азначала: «Дзяўчына, табе кажу, устань». Такі ж і заклік Эвангельля да тых, хто мёртвы па грахах і ня больш здольны ўваскрэснуць сваімі асабістымі высілкамі, чым гэтая памерлая дзяўчына. Духоўнае жыцьцё даецца менавіта па слову Хрыста і Ягонай сілаю. Дзяўчына, да якой вярнулася жыцьцё, устала і пачала хадзіць. Так і з намі, бо калі духоўнае жыцьцё праявіцца ў нас, тады мы ўстанем з ложку ляноты і безтурботнасьці ды пачнем хадзіць у імя Ісуса Хрыста і з Ягонай сілаю.

Усе, хто бачыў гэты цуд ці пачуў пра яго, захапляліся гэтым, але яны ня ведалі пра тое, як да гэтага патрэбна ставіцца. А тым часам Ісус паклапаціўся пра тое, каб гэтай дзяўчыне далі есьці, а з гэтага вынікае ня толькі тое, што яна сталася здаровай, але і тое, што ў яе зьявіўся апетыт. І недарма, бо Бог, калі стварыў чалавека, паклапаціўся і пра ежу ад пладоў зямлі, таксама створанай Ім. Калі Хрыстос даў духоўнае жыцьцё, дык Ён забясьпечыць і ежай для падтрыманьня яе аж да вечнага жыцьця, бо Ён ніколі не забывае пра Свае дзеі. Людзі сьмяяліся над Ім, але іхні сьмех стаўся зьдзіўленьнем, калі яны ўбачылі тое, што можа зрабіць Бог. Усё можна сьмела сустрэць і ўсё можна перамагчы, нават і сьмерць,калі гэта рабіць у любові Божай у Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым.


Рецензии