Марк 6 1-57

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА


Мар 6:1-57

Гэты разьдзел пачынаецца з таго, што Ісус прыходзіць у Назарэт і пачынае вучыць у сынагозе. І гэта пры тым, што ў іншых месцах Галілеі сынагогі не прымаюць Ісуса, а таму вучэньне адбываецца, у асноўным, вакол Галілейскага мора. Чаму? Можа таму, што гэтая сынагога была роднай Ісусу, бо яна вучыла Яго ад дзяцінства. Можа быць. Але ёсьць яшчэ некалькі пытаньняў, якія трэба абавязкова разглядзець. Пытаньні храналогіі. Мацьвей, у сваім Эвангельлі, вызначае Назарэт адразу ж пасьля хросту і спакушэньня ў пустыні: «І пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капернауме прыморскім» (Мац 4:13), пасьля чаго і адбываліся ўсе асноўныя этапы служэньня Ісуса. Зьвяртаючыся ж да Лукі, мы бачым тое, што, пасьля хросту і спакушэньня ў пустыне, Ісус вучыў у сынагогах Галілеі перад прыходам у Назарэт, пасьля чаго Ён адыйшоў у Капернаум, пасьля чаго і адбывалія ўсе асноўныя падзеі служэньня Ісуса. Агульнавядома, што менавіта Марк першым даў сьвету Эвангельле пра служэньне Ісуса Хрыста і толькі потым гэта зрабілі, адпаведна, Мацьвей і Лука. Марк чуў гэтую гісторыю ад Пятра, а Мацьвей – ад самога Ісуса, бо не былі яшчэ, на той момант, пакліканыя вучні. Мабыць таму і вызначае Мацьвей падзею ў Назарэце вельмі коратка, як прадумову служэньня ў Капернауме. Але, як бы тое не было, гэта не зьмяняе сутнасьці служэньня Ісуса Хрыста.


Мар 6:1-6
«І выйшаў адтуль, і прыйшоў у бацькаўшчыну Сваю, і вучні Ягоныя ідуць за Ім. І калі сталася субота, пачаў вучыць у сынагозе. І многія, слухаючы, дзівіліся і казалі: “Адкуль у Яго гэтае? І што за мудрасьць дадзеная Яму, што нават цуды гэткія стаюцца праз рукі Яго? Ці ж гэта не цясьляр, сын Марыі, брат Якуба, Ёсіі, Юды і Сымона? Ці ж ня сёстры Ягоныя тут сярод нас?” І горшыліся праз Яго. А Ісус сказаў ім: “Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і сярод сваякоў сваіх, і ў доме сваім”. І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькіх нямоглых, усклаўшы рукі на іх, аздаравіў. І зьдзіўляўся з недаверства іхняга. І абыходзіў навакольныя мястэчкі, навучаючы» (Мар 6:1-6).

Вяртаючыся ў Назарэт, Ісус, хутчэй за ўсё, чакаў строгага іспыту з боку Сваіх землякоў, якія ведалі Яго з дзяцінства. Але, як бачыцца, нават і Ён не чакаў, што гэты візіт станецца такім кароткім. Ён пайшоў у сынагогу і вучыў, але Яго сустрэлі з непрыхаванай пагардай. Людзі былі шакаваныя тым, што чалавек, з такім паходжаньнем, можа казаць так, як Ён зараз кажа. Цясьляр ня можа, ды і не павінен казаць так, як кажуць кніжнікі і фарысэі. Ды, да таго ж, лічыць сябе неверагодна кім. Жыхары Назарэту пагардзілі Ісусам таму, што Ён быў простым цясьляром. Для нас жа ў гэтым і ёсьць Ягоная слава, таму што гэта азначае наступнае: «Ісус, калі прыйшоў на зямлю, не прэтэндаваў на нейкі асаблівы стан у грамадзтве, бо Божае Валадарства не будуецца загадам з валадарскага палацу».

Жыхары Назарэту пагарджалі Яго, таму што ведалі Яго сям’ю. Вельмі часта блізкае знаёмства выліваецца не ў павагу, але ў крайнюю фамільярнасьць. У выніку гэтага Ісус ня мог зрабіць у Назарэце нічога істотнага, бо абстаноўка ў гэтым месцы была непадыходнай для служэньня. У такой абстаноўцы цяжка прапаведаваць. Нашыя цэрквы былі б зусім іншымі, калі б людзі памяталі, што большая частка посьпеху пропаведзі залежыць ад іх саміх. У абстаноўцы чаканьня нават і нязначныя высілкі могуць завесьці прысутных у царкве. І наадварот. У абстаноўцы халоднага крытыканства ці паважлівай абыякавасьці нават і вельмі добрыя пропаведзі могуць не атрымаць ніякага выніку.

У дрэннай абстаноўцы ня могуць існаваць міралюбівыя адносіны. Людзі, што зьбіраюцца, каб ненавідзець – будуць ненавідзець; калі яны адмаўляюцца разумець – яны будуць разумець няправільна; калі яны зьбіраюцца, каб разумець толькі сваю кропку погляду – яны ня будуць разумець іншых. Калі ж людзі зьбіраюцца таму, што яны любяць Ісуса Хрыста і намагаюцца разумець адзін аднога, дык у Ім могуць сысьціся вельмі розныя па характару і сьветапогляду людзі. Увогуле, на нас ляжыць вялікая адказнасьць, таму што мы можам садзейнічаць працы Ісуса Хрыста, але мжам і перашкаджаць ёй. Мы можам шырока адчыніць Яму дзьверы, але можам і зачыніць яе перад Ім.

Мар 6:7-13
«І паклікаў Дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. І загадаў ім, каб ня бралі нічога ў дарогу, акрамя аднаго кія: ані торбы, ані хлеба, ані медзі ў поясе, але ў сандалы абувацца і не апранацца ў дзьве вопраткі. І сказаў ім: “Дзе толькі ўвойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль ня пойдзеце адтуль. І калі хто ня прыйме вас і ня будзе вас слухаць, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з вашых ног на сьведчаньне ім. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суду, чым гораду гэтаму”. І яны, пайшоўшы, абвяшчалі, каб навярталіся, і мноства дэманаў выганялі, і многіх нямоглых мазалі алеем і аздараўлялі» (Мар 6:7-13).
У старажытныя часы існвала катэгорыя вандроўных прапаведнікаў, якія прасілі міласьціну і прапаведавалі пра тое, што сёняшні сьвет, з ягоным багацьцем і раскошай ёсьць пустым ды нікчэмным, а таму належыць не зьвяртаць увагі на гэты разбэшчаны сьвет. Грэкі такіх людзей называлі «кінікамі», што азначала «сабакі», таму што яны як бы «брахалі» на багатых і заможных людзей. Гэтыя бедна адзетыя людзі ня мелі пры сабе нічога асабістага і жылі на міласьціну ад людзей. Бачыцца, што і вучняў Ісуса, спачатку, людзі прымалі за прадстаўнікоў гэтага братэрства.
Але хутка стала ясна, што іхняя падобнасьць да кінікаў толькі зьнешняя, бо яны выганялі дэманаў, а, паводле Марка, вучні і былі пасланымі Ісусам для таго, каб такім чынам аздараўляць людзей, абвяшчаючы гэтым, што наблізілася Божае Валадарства. Весьнікі Валадарства выступілі ў шлях, каб папярэдзіць людзей пра будучыя перамены, каб, нейкім чынам падгатаваць іх да гэтага. Пакаяньне, а ня проста шкадаваньне за дрэнныя ўчынкі. Заклік Ісуса не пакідаў месца нейкім кампрамісам і не пакідаў часу. Ісус добра ведаў, што дзе-нідзе Ягоных вучняў сустрэнуць дрэнна. Заўсёды знойдуцца людзі, якія не пагадзяцца з новым, але будуць трымацца за старое. На гэтую ўпартасьць вучні павінны былі адказаць радыкальна: абтрэсьці пыл гэтага дому з ног на іхняе сьведчаньне. Сьведчаньне прыкрасьці, бо ў гэтай сітуацыі нішто іншае і не магло дапамагчы, а час вельмі дарагі. Эвангельле паводле Марка сьпяшаецца і калі людзі не жадаюць прыслухацца, трэба хутчэй ісьці далей ад тых, хто ўпускае свой шанец.

Ісус падзяліў Сваю місію з вучнямі, каб тыя ўсьвядомілі сваю адказнасьць і, такім чынам, добра выконвалі сваю працу. Гэтыя дванаццаць вучняў ёсьць увасабленьнем Божага народу, калі зло бяжыць ад іхняга твару, абуджаючы ўспамін пра ранейшыя прароцтвы і пра тое, што з прыйсьцем Валадарства хворыя аздаровяцца. Ісус гэтым вырашаў дзьве задачы: зьбіраў прыхільнікаў і даваў магчымасьць людзям пакаяцца.
Калі мы чытаем гэтыя радкі ад Марка сёньня, мы не павінны даслоўна прымяняць да сябе даручэньне Ісуса, якое Ён даў Сваім апосталам, але і не павінны ігнараваць гэтае даручэньне. Хрысьціянскае вучнёўства мае наўвазе духоўную чуласьць і ўменьне адрозьніваць тое, дзе ёсьць неабходнасьць неадкладнай дапамогі і тыя меры, якія патрбныя на дадзены момант. Хрысьціянства і ў далейшым адпраўляла сваіх весьнікаў, як Ісус Сваіх апосталаў, у розныя куткі зямлі, каб папярэдзіць людзей пра тое, што сьвет рухаецца ў небясьпечным накірунку. Царква павінна была зьяўляць справы, якія б паказалі ўсім, што зло атрымала паразу ад Ісуса, а таму можа быць пераможана і сёньня.

Мар 6:14-16
«І пачуў валадар Ірад пра Яго, бо імя Ягонае сталася ведамым, і сказаў: “Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, і таму цуды дзеюцца праз Яго”. Іншыя казалі: “Гэта Ільля”, а іншыя казалі: “Гэта прарок, або як адзін з прарокаў”. Пачуўшы гэта, Ірад сказаў: “Гэта Ян, якому я сьцяў галаву. Ён уваскрос з мёртвых”» (Мар 6 14-16).

З цягам часу чуткі пра Ісуса распаўсюдзіліся па ўсяму Галілейскаму краю. Пачуў пра гэтае і валадар Ірад, які знаходзіўся ў сваім палацы ў Тыверыядзе. Дзейнасьць апосталаў разьнесла славу пра Ісуса па ўсёй Галілеі, ды і ня толькі. Усе ўжо чулі пра маладога прарока і пра ягоныя справы. Чуткі памнажаліся. Ці гэта быў Ільля, які, па гебрайскаму паданьню, павінен быў вярнуцца перад Божым судом, бо ўсе ведалі, што Ільля не памёр, але ўзьнёсься ў нябёсы, а таму мог і вярнуцца. А можа хто з іншых прарокаў?

Але Ірад выказаў больш дакладную здагадку, больш цікавую ў сьвятле далейшых падзеяў. Ён вырашыў, што Ісус – гэта ўваскросшы Ян Хрысьціцель і гэтым, на ягоную думку, тлумачыліся незвычайныя здольнасьці новага прарока. Калі пакараны Ян паўстаў з мёртвых, дык тут магчыма ўсё. Пры жыцьці Ян не вызначаўся цудамі, але калі ён уваскрос, дык можа рабіць нешта новае і незвычайнае. Наўрад ці Ірад пасьлядоўна прадумваў гэтую логіку ўваскрасеньня, бо такія, ці падобныя, ўяўленьні луналі ў паветры і ён, як бачыцца, толькі карыстаўся імі.

Марк не пакідае сумненьняў наконт таго, якая доля чакае людзей, якія абвяшчаюць і ўкараняюць Божае Валадарства. Успаміны Яна Хрысьціцеля, блытаныя разважаньні Ірада, зноў адсылаюць нас да будучай кульмінацыі. Ірад памыліўся, але ня так што б і вельмі, бо ў Ісусе, на самой справе, дзейнічае ўваскрашаючая сіла Бога, але не таму, што гэта уваскросшы з мёртвых Ян. Але таму, што Ён ёсьць Той, Хто ў хуткім часе канчаткова пераможа сьмерць. Вялікія справы Ісуса, перамогі над валадарствам цемры, дасягнуць сваёй кульмінацыі ў той час, калі Ён напрамую сутыкнецца з гэтым валадарствам. Але паперш Ён, падобна Яну прыйме жорсткае і незаслужанае пакараньне.

Мар 6:17-29
«Бо Ірад сам паслаў і ўзяў Яна, і ўвязьніў яго ў вязьніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, якую ён узяў за жонку. Бо Ян гаварыў Іраду: “Нельга табе мець жонку брата твайго”. А сама Ірадыяда злавала на яго і хацела яго зьнішчыць, але не магла, бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек праведны і сьвяты, і сьцярог яго і шмат што рабіў, слухаючыся яго, і ахвотна яго слухаў. І як надарыўся зручны дзень, калі Ірад з нагоды сваіх урадзін справіў вячэру для магнатаў сваіх, тысячнікаў і начальнікаў Галілейскіх, дачка Ірадыяды ўвайшла і таньчыла, і спадабалася Іраду і тым, што з ім узьлягалі. І сказаў валадар дзяўчыне: “Прасі ў мяне, што хочаш, і я дам табе”. І прысягнуў ёй: “Што папросіш у мяне, дам табе, хоць бы нават палову валадарства майго”. Яна, выйшаўшы, спыталася ў маці сваёй: “Што мне прасіць?” Тая ж сказала: “Галаву Яна Хрысьціцеля”. І яна, адразу шпарка вярнуўшыся да валадара, прасіла, кажучы: “Хачу, каб неадкладна даў ты мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля”. І валадар, хоць засмуткаваўшы, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі, не захацеў ёй адмовіць. І адразу, паслаўшы ката, валадар загадаў прынесьці галаву яго. Той, пайшоўшы, сьцяў яго ў вязьніцы, і прынёс галаву ягоную на місе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе маці сваёй. І, пачуўшы пра гэта, вучні ягоныя прыйшлі і ўзялі цела ягонае, і палажылі яго ў магілу» (Мар 6:17-29).

Мы бачым жахлівую драму, якая адбылася ў крэпасьці Махерон, што ўзвышалася над усходнім берагам Мёртвага мора. Менавіта ў гэтай крэпасьці і прайшлі апошнія дні жыцьця Яна Хрысьціцеля. Зараз жа зьвярнем увагу на галоўных дзеячых асобаў гэтае драмы.

Ірад Антыпа, тэтрарх, сын Ірада Вялікага і Мальфакі, які ажаніўся на жонцы своднага брата Ірада Філіпа Ірадыяды, якая мела ўжо дачку Саламею, якая, дарэчы, танчыла на той вячэры перад Ірадам. Да гэтага ж, ён быў жанатым на дачцы валадара Арэты з арабскай Набатэі, якая, пасьля разрыву з Ірадам, зьбегла да свайго бацькі ў Набатэю. Арэта ж, у сваю чаргу, каб адпомсьціць за чэсьць дачкі, пайшоў вайной на Ірада Антыпу і нанёс яму цяжкую паразу. Трэба яшчэ дадаць да гэта карціны некалькі мазкоў. Ірад Вялікі быў яшчэ жанатым на Клеапатры Ерусалімскай, якая нарадзіла яму сына Філіпа, тэтрарха, які потым ажэніцца з Саламеяй. Ірад Антыпа быў даволі дзіўным чалавекам, бо ён, адначасова і баяўся Яна, і паважаў яго. Дзейнічаў жа ён пад уплывам моманта, калі даў, не падумаўшы, абяцаньне Саламеі на гэтай вячэры. Гэта да ўсіх нас, бо чалавек павінен паперш думаць, чым гаварыць. Нельга настолькі станавіцца рабом сваіх слабасьцяў, каб забываць здаровы сэнс і рабіць тое, за што потым прыйдзецца саромецца.

Далей ідзе Ірадыяда – жонка Ірада Антыпы, якая і была аўтарам сьмяротнага прысуду Яну. Таксама мы бачым і маладую Саламею, якая ня мае асаблівых гістарычных асаблівасьцяў і якая толькі падгуляла сваёй маці Ірадыяды. На прыкладзе Ірадыяды бачна тое, на што здольная ўзлаваная жанчына. У сьвеце нічога больш добрага, чым добрая жанчына, але і нічога больш дрэннага, чым ёсьць дрэнная жанчына. Юдэйскія рабіны казалі пра тое, што добрая жанчына можа выйсьці замуж за дрэннага мужчыну, таму што тады яна зможа вывесьці яго на свой узровень. І наадварот, калі добры мужчына ажэніцца на дрэннай жанчыне, дык тая можа зьвесьці яго да свайго ўзроўню. Складанасьць праблемы Ірадыяды ў тым, што яна наважылася зьнішчыць адзінага чалавека, які сьмела даў ёй напамін пра яе маральныя паводзіны. Яна дабілася забойства Яна Хрысьціцеля таму, каб, як і раней, грашыць і далей.

І нарэшце Ян Хрысьціцель, які тут не выступае, за выключэньнем ягонай адсечанай галавы. Але ён падаецца сьмелым і мужным чалавекам, які быў сынам пустыні і волі. Вязьніца ў Махероне ўяўляла для яго сур’ёзнае катаваньне. Ён жыў дзеля праўды і памёр за яе. Чалавек, які нясе голас Бога, выступае як сумленьне і як сьвядомасьць. І гэта яшчэ раз да нас. Многія людзі гатовыя змусіць замаўчаць сваё сумленьне, а таму чалавек, які кажа ад імя Бога, заўсёды рызыкуе сваім жыцьцём і сваёю долей.

Мар 6:30-34
«І сабраліся апосталы да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаго навучылі. І Ён сказаў ім: “Ідзіце адны ў пустыннае месца, і супачыньце крыху”. Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесьці ня мелі часу. І паплылі ў пустыннае месца на чаўне адны. І бачыў натоўп, як яны адплывалі, і многія пазналі іх, і зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зыйшліся да Яго. І, выйшаўшы, Ісус убачыў вялікі натоўп, і зьлітаваўся з іх, бо яны былі як авечкі, што ня маюць пастуха, і пачаў навучаць іх шмат» (Мар 6:30-34).

Ісус выслухаў справаздачу апосталаў пра зробленае імі. Ён ведаў і бачыў, што ў Ягоных вучняў не было магчымасьці нават і паесьці, каб данесьці сьвету пра Божае Валадарства. І таму Ісус прапананаваў ім пайсьці ў пустаннае месца, каб крыху супачыць. Гэта і ёсьць рытмам хрысьціянскага жыцьця, бо хрысьціянскае жыцьцё – гэта пастаянны пераход з прысутнасьці чалавечай у прысутнасьць Божую і вяртаньне з прысутнасьці Божай у прысутнасьць чалавечую. І трэба памятаць тое, што чалавек ня можа весьці хрысьціянскі лад жыцьця, калі ў яго няма часу на зносіны з Богам. І зусім можа быць тое, што ўсе непрыемнасьці нашага жыцьця адбываюцца таму, што мы не даем Богу магчымасьці паразмаўляць з намі, бо ня ведаем, як трэба маўчаць і слухаць Яго. Бог дае сілу, а атрымаць яе мы можам толькі тады, калі мы, у адзіноцтве і супакоі, шукаем Божай прысутнасьці.

Але тут ёсьць і небясьпека, калі назіраецца занадта вялікі ўход ад грамадзскага жыцьця. Набожнасьць павінна пераходзіць у дзейнасьць, бо інакш гэта не сапраўдная набожнасьць. Калі малітва не падмацоўваецца адпаведнымі справамі, дык не сапраўдная малітва. Божую прысутнасць шукаюць ня дзяля таго, каб пазьбягаць людзей, але дзеля таго, каб быць дастойным гэтай прысутнасьці. Хрысьціянскае жыцьцё і павінна будавацца так, каб, сустрэўшыся сам на сам з Богам, ісьці ў сьвет, каб служыць людзям.

«І паплылі ў пустыннае месца на чаўне адны. І бачыў натоўп, як яны адплывалі, і многія пазналі іх, і зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зыйшліся да Яго». Пустыннае месца каля Галілейскага мора можна было знайсьці толькі на ягоным ўсходнім беразе. Шырыня мора, у гэтым месцы, складала прыкладна пяць кіламетраў і пры папутным ветры гэты шлях можна было прайсьці даволі хутка. Але, пры адсутнасьці ветра ці пры ветры сустрэчным, гэта магло займаць значную колькасьць часу. Бачыцца, што так яно і было, бо людзі, якія пайшлі вакол мора пешшу, а гэта каля пятнаццаці кіламетраў, хуткай хадою маглі нават і апярэдзіць човен Ісуса. Людзі так і зрабілі. І калі Ісус з вучнямі выйшаў з чаўна, дык там іх ужо чакаў натоўп, ад якога яны пайшлі, каб атрымаць хоць крышку адпачынку.
Звычайнага чалавека падобная сітуацыя магла нават і раззлаваць, бо калі чалавек стаміўся і жадае адпачынку, дык безумоўна што бачыцца нейкі негатыў з боку такога чалавека. Але ня так з Ісусам, які быў крануты імкненьнем і пачуцьцямі натоўпу. Ён бачыў гэтых людзей у сур’ёзнасьці намераў і якім так было патрэбна тое, што толькі Ён мог даць ім. Яны, гэтыя людзі, былі падобнымі на авечак, якія згубілі пастуха. Але пра што гэта?

Без пастуха авечкі ня могуць самастойна знайсьці свой шлях. Так і з намі, бо калі мы застанемся адныя, дык згубімся ў жыцьці і зойдзем у тупік. Наш шлях мы можам знайсьці толькі тады, калі Ісус вядзе нас, а мы крочым за Ім. Без пастуха авечкі ня знойдуць пашы і корму. У гэтым жыцьці мы вымушаныя шукаць сродкі для існаваньня. Нам патрэбныя сілы, каб ісьці далей і нам патрэбнае надхненьне, якое падымае наш дух. Гэтыя сілы можа даць нам толькі Ён, Хто ёсьць хлеб наш штодзённы. Чалавек жа, які чэрпае сілы недзе ў іншым месцы, застаецца незадаволеным, а сэрца ягонае будзе неспакойным і душа стомленай. Без пастуха авечкі зусім безабаронныя ў небясьпецы. Яны безабаронныя перад разбойнікамі і драпежнікамі. Жыцьцё навучыла чалавека таму, што ён ня можа жыць у адзіноцтве. Чалавек безабаронны супраць спакусаў сьвету і зла. Але толькі з Ісусам мы можам жыць, захоўваючы сябе незаплямленым. Без Яго мы безабаронныя, а з Ім мы ў бясьпецы.

Мар 6:35-44
«І калі мінула шмат часу, вучні Ягоныя, прыйшоўшы да Яго, кажуць: “Месца гэтае пустыннае, а гадзіна ўжо позьняя. Адпусьці іх, каб, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і мястэчкі, купілі сабе хлеба, бо яны ня маюць, што есьці”. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: “Вы дайце ім есьці”. І кажуць Яму: “Няўжо маем пайсьці і купіць за дзьвесьце дынараў хлеба, і даць ім есьці?” Ён жа гаворыць ім: “Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!” Яны, даведаўшыся, кажуць: “Пяць, і дзьве рыбы”. І загадаў ім пасадзіць усіх грамадамі на зялёнай траве. І паселі шэраг за шэрагам па сто і па пяцьдзясят. І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуўшы ў неба, дабраславіў і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбы разьдзяліў для ўсіх. І елі ўсе, і наеліся. І сабралі кавалкаў дванаццаць поўных кашоў, і рэшткі рыбы. А тых, што елі хлябы, было каля пяці тысячаў мужчынаў» (Мар 6:35-44).

Няма ніякіх сумненьняў ў тым, што гэты цуд ад Ісуса ўразіў вучняў так, як ніякі іншы. Можа таму і сталася так, што гэтая гісторыя выкладзена ў-ва ўсіх чатырох Эвангельлях. Калі мы чытаем гэтую гісторыю ад Марка, дык складаецца ўражаньне, што аўтар запісваў гэта з вуснаў жывога сьведкі, якім і быў апостал Пётр. Чаму? Таму што мы бачым некаторыя яркія і рэалістычныя дэталі гэтай гісторыі. Людзей пасадзілі грамадамі на зялёнай траве. Пётр, як быццам бы, зноў уяве бачыў гэтую незабыўную карціну, якая, дарэчы, дае нам шмат інфармацыі. Зялёная трава магла быць позьняй вясной ці на пачатку лета. Вось у гэты час і адбыўся гэты цуд ад Ісуса.

Калі ж людзі наеліся, вучні набралі кавалкаў ад хлеба і рэшткаў рыбы дванаццаць поўных кашоў. Чаму дванаццаць? Па колькасьці вучняў Ісуса, якія, па гаспадарскі, сабралі рэшткі ад ежы. Заўважым ды патлумачым і тое, што ні адзін праверны гебрай не вандраваў без асабістага каша, дзе знаходзіліся пэўныя запасы ежы, каб быць упэўненым у тым, што ён будзе есьці абрадава-чыстую ежу.

«Адпусьці іх, каб, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і мястэчкі, купілі сабе хлеба, бо яны ня маюць, што есьці. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: “Вы дайце ім есьці”». Перад намі два погляды на чалавечую патрэбу. Вучні прапанавалі Ісусу адпусьціць людзей, каб жыхары навакольных вёскаў паклапаціліся пра іх. Заўсёды ёсьць людзі, якія добра разумеюць цяжкасьці і складанасьці людзей, але хочуць ускласьці ўсю адказнасьць і неабходнасьць нешта зрабіць для іх на іншых. Але ёсьць і такія людзі, якія, бачачы ўсё гэта, адчуваюць свой абавязак, каб дамагчы чым-небудзь іншым ў іхніх патрэбах.

«Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце! Яны, даведаўшыся, кажуць: “Пяць, і дзьве рыбы”». Бачыцца, што калі Ісус прапанаваў вучням самім даць ім есьці, Ён ужо ведаў адказ ад вучняў і таму ўжо гатуе выкананьне гэтага цуда. У наяўнасьці аказалася пяць хлябоў і дзьве рыбы. У Эвангельлі паводле Яна мы чытаем, што гэты былі самыя простыя ячменныя хлябы. І да іх рыба. Звычайная невялікая салёная рыба, вельмі распаўсюджаная ў Галілеі ды і ня толькі, бо недарма Магдала мела другую назву - Тарыхея, што азначала горад салёнай рыбы. Менавіта тут і была вытворчасьць вельмі смачнай салёнай рыбы, якая разыходзілася па ўсім рымскім сьвеце.

Увогуле, у руках вучняў, было вельмі і вельмі мала ежы. Але Ісус творыць цуд і ежы хапае на усіх, а колькасьць прысутных людзей была зусім не малая, бо толькі мужчынаў налічылася каля пяці тысячаў. У руках Ісуса любое малое заўсёды становіцца вялікім. Часам чалавек думае, што ў яго мала таленту і ці яшчэ чаго, што ён мог бы аддаць Ісусу, але гэта ня можа быць повадам для песімізму, як гэта атрымалася з вучнямі, бо калі мы аддаем сябе ў рукі Хрыста, мы будзем вельмі зьдзіўленымі таму, што Ён можа зрабіць з намі і праз нас.

Мар 6:45-52
«І адразу змусіў вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці наперад на другі бок, у Бэтсаіду, пакуль Ён адпусьціць натоўп. І, адпусьціўшы іх, пайшоў на гару маліцца. І як надыйшоў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі. І ўбачыў іх, як мучыліся, плывучы, бо вецер быў супраціўны, і каля чацьвёртай варты ночы прыходзіць да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх. Яны, убачыўшы Яго, як ішоў па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі. Усе бо бачылі Яго, і стрывожыліся. І Ён адразу прамовіў да іх, і кажа ім: “Будзьце пэўныя, гэта Я, ня бойцеся!” І ўвайшоў да іх у човен, і вецер сьціх. І яны празьмерна здумеліся ў сабе, і зьдзіўляліся, бо не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іхняе было скамянелае» (Мар 6:45-52).

Цуд адбыўся. Людзі накормленыя. Ісус адсылае вучняў у адваротны шлях, а Сам адпускае натоўп. Марк не дае ніякіх падрабязнасьцей гэтага, але магчымае тлумачэньне мы можам знайсьці ў Эвангельлі паводле Яна, які кажа пра тое, што пасьля таго, як людзі наеліся, у іх зьявілася жаданьне зрабіць Яго валадаром. Такога ж разьвіцьця падзеяў Ісус ніяк не жадаў, бо гэта быў бы той спакусьлівы шлях, які Ён рашуча адкінуў у пустыні. Таму Ён і адаслаў вучняў у чаўне наперад, а Сам адпусьціў натоўп. Ісус добра ведаў Галілею, якая заўсёды была горанам бунту, а гэта зусім не ўваходзіла ў Ягоныя планы.

Адпусьціўшы натоўп, Ён узыйшоў на гару памаліцца. І было чаго, бо праблемы хутка навальваліся на Яго: варожасьць кніжнікаў і фарысэяў, страх і падазронасьць Ірада Антыпы, гарачыя галовы з натоўпу, жадаўшых бачыць Яго валадаром. Усе гэты цяжкія думкі патрабавалі адзіноцтва і размовы з Айцом. Так і сталася. Некалькі гадзінаў Ён заставаўся ў адзіноцтве з Богам. Як мы ўжо казалі, магчымы час гэтага дзеяньня азначаў заканчэньне вясны, а значыць месяц красавік і, як бачыцца, напапярэдні Пасхі, якая супадала з поўным месяцам. Юдэйская ноч пачыналася ў шэсьць гадзін вечара і скончвалася ў шэсьць гадзін раніцай. Марк кажа нам пра чацьвёртую варту ночы, якая была з трох гадзінаў ночы да шасьці гадзінаў ранку. Менавіта ў гэты час Ісус перарваў малітву, калі убачыў вучняў сярод мора, якія намагаліся плыць супраць ветру ў Бэтсаіду. Яны былі ў цяжкім становішчы і Ён, убачыўшы гэта, пасьпяшаўся ім на дапамогу. Марк не дэталізуе гэты эпізод на моры, а толькі кажа пра тое, што калі прыйшоў да іх, дык вецер адразу ж сьціх. Калі Ён быў побач з імі, дык усё было добра.

У свой час выказаўся нехта пра гэты эпізод наступным чынам: «Ён прыйшоў, утаймоўваючы хвалі і так жа сама Ён утаймоўвае ўсякае хваляваньне. Хрысьціяне, чаго вы баіцеся?» Гэты просты факт жыцьця пацьвердзілі мільёны людзей усіх пакаленьняў, бо калі побач Хрыстос, бура сьціхае, хваляваньне пераходзіць у супакой, зьдзяйсьняецца ўсё магчымае, нявыноснае становіцца нармальным і людзі пераносяць самы крытычныя сітуацыі. Калі мы ідзем з Хрыстом, дык мы таксама пераможам буру.

«І яны празьмерна здумеліся ў сабе, і зьдзіўляліся, бо не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іхняе было скамянелае».

Гэтая заўвага Марка тычыцца ня толькі вучняў Хрыста, але і ўсіх нас. Што мы зразумелі з памнажэньня хлябоў? Марк гатуе нас, каб мы не зьдзіўляліся, калі Ісус пойдзе па вадзе, бо як звычайны чалавек, у любы гістарычны час, можа не зьдзівіцца пры такім відовішчы. Марк падкрэсьлівае ўладу Ісуса над прыроднымі зьявамі. А што вучні? Чаму яны так і не засвоілі ўрок, хаця цуды адбываліся на іхнія ўласныя вочы?

Мар 6:53-56
«І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэт, і прысталі да берагу. І калі яны выйшлі з чаўна, адразу пазналі Яго, абеглі ўвесь той край, і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ён. І, калі Ён уваходзіў у якое паселішча, або горад, або вёску, клалі нядужых на плошчах, і прасілі Яго, каб хоць крыса шаты Яго дакрануцца; і колькі іх дакранулася Яго, былі аздароўлены» (Мар 6:53-56).

Калі Ісус ступіў ня зямлю каля Генэсарэту, як Яго зноў атачыў натоўп. Магчыма што многія з тых, хто быў на тым цудзе харчаваньня, прыйшлі сюды, паклікаўшы і шмат якіх іншых. Што бачыў і што думаў Ісус, калі аглядаў гэты натоўп людзей? Ён бачыў і разумеў тое, што яны прыходзілі ў сваіх патрэбах, каб атрымаць усё тое карыснае для сябе і ў сваіх мэтах. Атрымаць, але не аддаваць. Гэта і пра ўсіх нас. Зусім нармальна тое, што мы прыходзім да Ісуса, каб атрымаць ад Яго тое, што нам патрэбна, але заўсёды сорамна толькі браць не аддаючы, але як гэта адпавядае чалавечай прыродзе.

Толькі браць. Гэта можа тычыцца сяброў, калі ад некаторых мы атрымліваем лісты ці тэлефонныя званкі толькі тады, калі ад нас нешта патрабуецца. Гэта тычыцца і тых, хто імкнецца выкарыстоўваць Бога ў сваіх мэтах. Яны ўспамінаюць пра Яго толькі тады, калі ім ад Яго нешта патрэбна. Усе іхнія малітвы складаюцца з просьбаў, а нават і з патрабаваньняў. Нехта вельмі дакладна адлюстраваў гэта на наступным прыкладзе. У шмат якіх амерыканскіх гатэлях існуе пасада пасыльнага – хлопчыка на пабягушках. Націснуць на кнопку, выклікаць яго і той прынясе ўсё тое, што вы запатрабуеце. Так многія людзі глядзяць на Бога, Які павінен выконваць гэтыя ж функцыі. Калі ж мы паглядзім на сябе ўважліва, дык убачым тое, што і мы, у значнай ступені, павінныя ў гэтых грахах. Сэрца Ісус будзе радавацца, калі мы будзем прапаноўваць Яму нашую любоў, нашае служэньне, нашую адданасьць больш за нашыя просьбы да Яго.


Рецензии