Марк 7 1-37

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА


Мар 7:1-37

У гэтым разьдзеле мы ўбачым тое, як разыходзяцца погляды на юдэйскія традыцыі паміж Ісусам і фарысэямі з кніжнікамі. Чаму Ісус і вучні Ягоныя не кіруюцца традыцыямі старэйшых? Але што гэта за традыцыі і дзе іхні пачатак? Ад пачатку гэта быў закон – дзесяць запаведзяў і пяць першых кніг Старога запавету, дзе дадзена пэўная колькасьць нормаў паводзінаў і маральных правілаў жыцьця. Гебраі доўгі час і карысталіся гэтым, але за чатыры стагодзьдзя да Хрыста сфармавалася асобая каста законьнікаў – кніжнікі. Яны лічылі, што існуючыя номы і правілы трэба падрабязна ўдакладняць, у выніку чаго зьявіліся тысячы і тысячы новых дробязных нормаў, якія рэгулявалі кожны крок жыцьця чалавека. Менавіта гэта яны і называлі традыцыямі старэйшых.

Мар 7:1-14
«І сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму. І, убачыўшы некаторых з вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, гэта значыць нямытымі, рукамі, вінавацілі іх. Бо самі фарысэі і ўсе Юдэі не ядуць, не абмыўшы чыста рук, трымаючыся традыцыяў старэйшых. І пасьля рынку, пакуль не абмыюцца, не ядуць; і ёсьць шмат іншага, чаго яны прытрымліваюцца: абмываньня келіхаў і конавак, мядніцаў і сталоў. Пасьля пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: “Чаму вучні Твае ня ходзяць паводле традыцыяў старэйшых, але нячыстымі рукамі ядуць хлеб?” Ён жа, адказваючы, сказаў ім: “Добра пра вас, крывадушнікаў, прарочыў Ісая, як напісана: “Народ гэты губамі шануе Мяне, а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”. Бо вы, пакінуўшы прыказаньне Божае, трымаецеся традыцыі чалавечай, абмываньня конавак і келіхаў, і шмат іншага, да гэтага падобнага, чыніце”. І сказаў ім: “Ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб захаваць вашую традыцыю? Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку твайго і маці тваю”, і: “Хто праклінае бацьку або маці, няхай сьмерцю памрэ”. А вы гаворыце: “Калі скажа чалавек бацьку або маці: “Карбан”, гэта значыць дар Богу тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся”, і ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі свайго або маці сваёй, пазбаўляючы сілы слова Божае праз традыцыю вашую, якую вы перадаяцё, і шмат да гэтага падобнага чыніце”. І, паклікаўшы ўвесь натоўп, гаварыў ім: “Слухайце Мяне ўсе і разумейце”» (Мар 7:1-14).

Нячыстыя рукі. Чалавек, які пагарджаў гэтай працэдурай лічыўся ня проста неахайным, але і нячыстым у вачах Бога. Лічылася, што чалавека, які грэбаваў мыцьцё рук, чакала беднасьць і спусташэньне. Аднога рабіна адлучылі ад сынагогі і пахавалі за тое, што ён забыўся памыць рукі. Яшчэ адзін рабін, у рымскай турме, ледзь не памёр ад смагі таму, што вырашыў выканаць правілы абрадавай чысьціні. Вось гэта і было рэлігіяй у вачах кніжнікаў і фарысэяў. Такія вось рытуалы і правілы лічыліся сутнасьцю богаслужэньня. Маральная сутнасьць рэлігіі была пахаванаю гэтым грузам забаронаў і правілаў. Ісус быў супраць гэтага, бо лічыў гэтае няправільным, а яны, фарысэі і кніжнікі, лічылі Яго дрэнным чалавекам. Кніжнікі і фарысэі бачылі, што вучні Ісуса ня ходзяць паводле традыцыяў старэйшых у пытаньнях абмыцьця рук перад ежаю і пад час яе. Ісус прыцытаваў ім з Ісаі, дзе прарок папракае людзей у тым, што яны ўзносяць хвалу Богу ў той час, калі сэрцы іхнія заклапочаныя зусім іншым. Тым самым, Ісус абвінавачваў кніжнікаў і фарысэяў у двух рэчах.

Ён абвіначваў іх у крывадушнасьці, бо той, хто лічыць рэлігію выкананьнем пэўных зьнешніх правілаў, зьвязаных з выкананьнем абрадаў і забаронаў, будзе выглядаць крывадушнікам, бо лічыць сябе дабрачынным чалавекам, нягледзячы на стан свайго сэрца. Такія людзі прымаюць да ўвагі толькі зьнешнія дзеяньні і ўчынкі чалавека, і зусім не прымаюць да ўвагі ягоныя ўнутраныя пачуцьці. Яны сапраўды могуць добра служыць Богу сваімі зьнешнімі дзеяньнямі, але зусім не падпарадкоўвацца Яму ўнутрана – гэта і ёсьць крывадушнасьць. Ісус абвінавачваў іх, таксама і ў тым, што яны замяняюць закон Божы сваімі прыдумкамі і, нават, сваёй вынаходлівасьцю. Яны прыслухоўваюцца не да голасу Бога, але да майстэрскіх довадаў, распрацаваных дробязяў і лоўкіх тлумачэньняў законьнікаў. Рэлігія ня можа быць вынікам чалавечага розуму. Яна павінна быць вынікам слуханьня і трыманьня голасу Бога.
На пытаньне фарысэяў і кніжнікаў Ісус адказвае цытаваньнем з Ісаі, а потым прыводзіць прыклад мудрагелістага злоўжываньня, з дапамогай якога трыдыцыя ці звычай вызваляе чалавека ад фінансавых абавязкаў перад бацькамі. Як лоўкі бухгалтар, які знайшоў шчыліну ў законе, якая дазваляе не плаціць падаткі, кніжнікі прыдумалі мудрагелісты спосаб, калі абвяшчаюць сваю маёмасьць уласнасьцю Бога, каб быць вольнымі ад неабходнасьці даглядаць бацькоў.

«Калі скажа чалавек бацьку або маці: “Карбан”, гэта значыць дар Богу тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся». Дар - гэта пэўныя матэрыяльныя сродкі, якія пасьвячаліся Богу і выводзіліся з абароту ў свеце. Складваецца ўражаньне, што некаторыя тагачасныя людзі навучыліся, падманным чынам, карыстацца словам «карбан», каб адмовіць, маючым патрэбу бацькам, кажучы прыкладна так: «Шкадую вельмі, але я нічым ня здольны вам дапамагчы, бо пасьвяціў усё сваё Богу і не магу вам нічога даць». Такім чынам падобны зарок прыводзіў да парушэньня адной з дзесяці Божых запаведзяў.

Ісус выступае супраць сістэмы, якая ставіць нормы і правілы вышэй за патрэбы чалавека. Запаведзь Божая кажа, што вышэй за ўсё ёсьць патрабаваньне любові, а запаведзь кніжнікаў казала тое, што вышэй за ўсё ёсьць патрабаваньні нормаў і правілаў, якія яны ж і распрацавалі. Ісус быў цалкам упэўненым у тым, што любое патрабаваньне ці правіла, якое забараняе аказваць чалавеку дапамогу ў ягоных патрэбах – супярэчыць Божаму закону. І гэта да ўсіх нас, бо мы павінны зьвярнуь асаблівую ўвагу на тое, каб нормы і правілы ніколі не перашкаджалі нам выконваць патрабаваньні любові. Бог ніколі ня ўхваліць таго, хто перашкаджае нам аказваць дапамогу блізкаму.

Мар 7:15-23
«Няма нічога, што звонку чалавека, што ўваходзячы ў яго, можа яго апаганіць, але тое, што з чалавека выходзіць, апаганьвае яго. Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае. І калі Ён увайшоў у дом ад натоўпу, пыталіся Яго вучні Ягоныя пра прыповесьць. І кажа ім: “Няўжо і вы такія няцямкія? Няўжо не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа яго апаганіць, бо ўваходзіць ня ў сэрца ягонае, але ў жывот, і выкідаецца прэч, ачышчаючы ўсякую ежу”. І сказаў: “Тое, што выходзіць з чалавека, тое апаганьвае яго, бо з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, чужалоства, распуснасьць, забойствы, крадзяжы, хцівасьць, зласьлівасьць, подступ, бессаромнасьць, злое вока, блюзьнерствы, пыха, глупота. Уся гэтая ліхота знутры выходзіць і апаганьвае чалавека» (Мар 7:15-23).

Ісус абмяркоўвае, калі можна так сказаць, з кніжнікамі розныя пытаньні традыцыйнага і непісанага закону. Ён паказаў недарэчнасьць складанага абмыцьця, як і тое, што трыманьне традыцыям старэйшых зьяўляецца парушэньнем Божага закону. Але Ён робіць яшчэ больш громкую заяву, калі кажа пра тое, што ўваходзячае ў чалавека, ня можа апаганьваць яго, таму што пападае толькі ў чэрава, якое самое ачышчаецца звычайным фізічным шляхам. Ні адзін юдэй так, да гэтага часу, ня думаў. У кнізе Лявіт прыведзены даволі доўгі сьпіс нячыстых жывёлаў, якіх нельга выкарыстоўваць у ежу. Гебраі адносіліся да гэтага вельмі сур’ёзна. Сірыйскі валадар Антыёх Епіфан вырашыў выкараніць юдэйскую веру, а таму прымушаў гебраяў есьці сьвініну, але яны паміралі сотнямі, не пагаджаючыся з гэтым. І перад такімі ўяўленьнямі Ісус робіць Сваю рэвалюцыйную заяву пра тое, што нічога ўваходзячае ў чалавека, ня можа яго апаганіць. Тым самым абвяргаюцца законы, за якія юдэі прымалі пакуты і паміралі.

Менавіта таму Ісус і кажа тут гэтай невялікай прыповесьцю бо ў толькі такой форме можна было выказаць такія ашаламляльныя рэчы. Калі нехта скажа тое, што гэты сьвет рухаецца ня ў тым напрамку і што ўсе шанаваныя героі загіблі дарма, дык яму неабходна некаторую асьцярожнасьць і казаць не напрамую, але ўскосна. Фарысэі, безумоўна, патрабавалі адказу, але Ісус ня бачыў у гэтым нейкага сэнсу. Ён разьлічвае на вучняў, але тыя, як заўсёды, не разумеюць. Яны разгубленыя, як і ўсе прысутныя, бо ўсе гэтыя «уваходзячыя» і «выходзячыя» успрымаюцца як нізкабытавы гумар, што можа адбыцца ў грэцкай камедыі, але зусім ня ў вестцы Госпада. Але што Ён мае наўвазе?
Вярнуўшыся ў дом, Ісус тлумачыць Свае словы вучням так , як і пра прыповесьць пра сейбіта. Ён кажа пра тое, што звычайная ежа не ўзьдзейнічае на чысьціню чалавека, але Ён кажа пра тое, што зыходзіць ад сэрца. Ён кажа пра тое, што законы пра чысьціню створаны дзеля сапраўдных намаганьняў чалавека, дзеля чысьціні падахвочваньняў. Ежце любое мяса, хоць кракадзіла ці сьвіньню і нічога ад гэтага ня здарыцца, і ня зьменіцца. Ня трэба клапаціцца пра зьнешнюю чысьціню, калі ня бачная сутнасьць Пісаньня – таго, што зьвернутае да сэрца чалавека. Трэба думаць пра духоўную чысьціню – таго, што зьвернута да сэрца чалавека. Ісус кажа пра тое, што зьнешняе і матэрыяльнае зыходзіць ад унутраных крыніцаў, а ўсе зьнешнія рытуалы патрэбныя толькі дзеля таго, каб вызначыць сапраўдную праблему – атручаныя крыніцы нашых рашэньняў. І калі такая праблема ёсьць, дык выконваць зьнешнюю чысьціню – тое ж самае, як заклейваць расколіну сьцяны шпалерамі. Нашая канструкцыя ў небясьпецы і расколіна зусім не павярхоўная, але ідзе ў глыб. Калі зло існуе ў чалавеку, яно атручвае яго цалкам. Вось так і трэба разумець чысьціню ці нечысьціню.

Заўважым і тое, што Ісус, пакуль што, толькі ставіць дыягназ, не прапануючы лячэньня. Пакуль што трэба думаць самім. Але гэта абавязкова будзе і Ісус дасьць добрыя лекі ад гэтай сардэчнай хваробы, ад якой ідуць дурныя думкі і справы, ужо хуткім часам. Імя гэтым лекам – Валадарства Божае. Марк пакуль не сьпяшаецца тлумачыць сэнс гэтага, бо чакае тое, каб гэтае пытаньне зайшло паглыбей у душу кожнага з нас. Ён, як бы прапануе: чытайце далей і ўсё зразумееце самі.

Дык пра што ж спрачаліся Ісус з фарысэямі ды кніжнікамі? Вядома, што любое грамадзтва ці культура імкнецца захоўваць сваю рытуальную чысьціню і калі нейкая іншая культура намагаецца на яе ўзьдзейнічаць, дык атрымлівае супраць сябе сьпіс забаронаў і прадпісаньняў. Выснова ж з гэтага наступная: шмат стагодзьдзяў гебраі жылі ў атачэньні паганаў, падвяргаючыся, пры гэтым, культурным і ваенным узьдзеяньням. А таму зусім натуральна тое, што яны ўмацоўвалі свае правілы, абвяшчаючы ўсяму сьвету на зразумелай мове: «Мы – гебраі! Мы – іншыя, не такія, як усе! Мы жывем па іншаму!»

І вось зараз, Божае Валадарства патрабуе прыняць у склад Божага народу ўсякага, хто пакаецца і паверыць? Як жа быць з культурнымі сымбалямі юдэйства? Марк і паказвае нам, што Ісус нясе менавіта такое Валадарства, а таму і паўстае супраць рытуальнай чысьціні. Аповяд Марка зьвяртае ўвагу на вельмі важны факт, пра які першыя пакаленьні хрысьціянаў успаміналі зноў і зноў пра правілы чыстай і нячыстай ежы, правілы, якія былі прызначаныя толькі для гебраяў, каб аддзяліць іх ад паганаў. Пасланьні апостала Паўла сьведчаць пра тое, як гэтыя спрэчкі працягвалі бушаваць у раньняй Царкве, а Марк, ведаючы пра гэта, усьведамляе неабходнасьць разабрацца з гэтым пытаньнем.

Выходзіць так, што Ісус, у чымсьці, адвяргае Пісаньне, дзе гебраі чэрпаюць падзяленьне на чыстую і нячыстую ежу? І так, і не. З аднога боку, Біблія забараняла сьвіньніну, а Марк кажа, што Ісус скасаваў усе гэтыя забароны. Ісус кажа не пра канкрэтныя харчовыя забароны, а пра тое, што ўсё гэта не вырашае галоўнай праблемы чалавека, той, якую вырашае Божае Валадарства. Мы бачым думку пра тое, што ўсё, зьдзейсьненае ў Хрысьце, сталася выкананьнем Пісаньня, Запавета, заключанага Богам з Ізраілем. Усім нам трэба зразумець тое, што Стары Запавет ня ёсьць, раз і назаўсёды, правілы паводзінаў, але гэта ёсьць гісторыя, якая разварочваецца ў часе і вядзе нас да Ісуса Хрыста. Наступае час больш глыбокай праўды, на якую Пісаньне і паказвала. Усе вехі Пісаньня вядуць нас да адзінай мэты – да Ісуса Хрыста, пасля чаго ўсё радыкальна зьмяняецца. Усьвядоміць гэтую перамену і, адначасова, захаваць вернась Пісаньню – гэта і ёсьць адною з галоўных задачаў хрысьціянства ў-ва ўсе часы.

Мар 7:24-30
«І, устаўшы адтуль, Ён адыйшоў у межы Тыру і Сідону. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, але ўтоіцца ня змог. Бо пачула пра Яго жанчына, у якой дачка мела ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упала да ног Ягоных. А жанчына гэтая была Грэчанка, родам Сірафінікіянка; і прасіла яна Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі ейнай. Але Ісус сказаў ёй: “Дазволь перш насыціцца дзецям, бо ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам”. Яна ж адказала і кажа Яму: “Так, Госпадзе, але ж і сабакі пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей”. І сказаў ёй: “Дзеля такога слова ідзі; дэман выйшаў з дачкі тваёй”. І адыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на ложку» (Мар 7:24-30).

Калі паглядзець на гэты эпізод на агульным фоне, мы можам пабачыць тое, што гэта ёсьць адным з самых кранальных эпізодаў у жыцьці Ісуса. Тыр і Сідон былі фінікійскімі гарадамі, якія ўваходзілі ў склад Сірыі. Фінікія знаходзілася на поўнач ад гары Карміл, на прыбярэжнай даліне паміж Галілеяй і Сяродземным морам і, як казаў Язэп Флавій, – атачала Галілею. Адлегласьць ад Капернаума да Тыру складала шэсьдзясят пяць кіламетраў. Назва Тыр азначае скала, бо, ад пачатку, пабудаваны на двух прыбярэжных скалах, якія злучаліся паміж сабою дамбай, даўжынёй калі аднаго кіламетра і якая служыла гораду адначасова як хваляломам, так і для абароны горада. Тыр – гэта знакаміты, са старажытных часоў порт, чыі маракі першымі навучыліся хадзіць на моры па зорках, што давала магчымасьць адыходзіць далёка ад берагу на абшары ўсяго Сяродземнага мора, а нават і далей. Таксама і Сідон, які знаходзіўся ў сарака кіламетрах ад Тыру ў-ва паўночна-заходнім накірунку, меў тыя ж марскія і эканамічныя якасьці. Фармальна гэтыя гарады уваходзілі ў склад Сірыі, але, па факту, яны былі незалежнымі і нават чаканілі сваю манету. Такім чынам, як мы бачым, Ісус прыйшоў у паганскую краіну. Але навошта Ён апынуўся тут і ці выпадкова тая падзея, якую апісаў нам Марк, адбылася менавіта тут, у Фінікіі?

Ісус, як бачыцца, пайшоў у паўночную краіну, каб мець крыху часу для адпачынку. У Галілеі Ён ужо адчуваў варожы наступ з усіх бакоў. Фарысэі і кніжнікі затаўравалі Яго як грэшніка, таму што Ён парушаў іхнія нормы і правілы. Ірад Антыпа таксама ўжо бачыў у Ім пагрозу асабіста для сябе. Нават і жыхары роднага Назарэту абвінавацілі Яго ў блюзьнерстве, пагражаючы нават і забіць. Так, настане яшчэ час, калі Ён зробіць адкрыта выклік усім Сваім ворагам, але гэты час яшчэ не настаў. І вось зараз Ён шукае адзіноцтва і супакою, а вынікам гэтага стане заснаваньне сярод паганаў Божага Валадарства. Гэты эпізод ад Марка ёсьць пачаткам усёй гісторыі хрысьціянства. Адмаўленьне юдэямі Весткі ад Хрыста адкрывае вялікія магчымасьці для паганаў.

Ісус прыходзіць у Фінікію, каб, нейкім чынам, схавацца ад людзей, але, у выніку, Ён стварае цуд, які зьнішчае той культурны бар’ер, які адбудавалі гебраі адносна паганаў. З гэтага і трэба разумець той дыялог, які адбыўся паміж жанчынай і Ісусам. Пры ўсёй напружанасьці размовы, дзе адчуваецца адчай гэтай жанчыны, мы адчуваем і нейкую іранічнасьць. Як гэта разумець? За звычайны папрок у бок Ісуса ў сэнсе таго, што і Ісус лічыць паганаў другагатункавымі людзьмі? А як жа размовы пра чыстае і нячыстае? Не, Марк ня хоча гэтага і таму паказвае, што гэтая жанчына прымае гэтае пагардлівае слова «сабака», а менавіта так гебраі і называлі паганаў, але ўсе ведалі і тое, што і пагане нічога добрага пра гебраяў не казалі. І таму гэтая мудрая жанчына абарочвае гэтую пагарду на сваю асабістую карысьць.
Як бачыцца, Сам Ісус і Ягоныя вучні разумелі, што ў місію Ісуса не ўваходзіла распаўсюджваньне весткі Божага Валадарства сярод паганаў. Ён павінен быў прапаведаваць юдэям пра тое, што доўгачаканае збаўленьне ўжо наблізілася і завяршыць Сваю місію ў Ерусаліме. Яны думалі таксама, што, пасьля адкупленьня Ізраіля, настане час і для паганскага сьвету, калі менавіта Ізраіль прывядзе паганаў пад уладу адзінага Бога Ізраіля. Пагане навярнуцца дастаткова хутка, а таму няма сэнсу адхіляцца ад галоўнай мэты служэньня Ісуса. Ісус жа накіраваўся на поўнач да паганаў ня з мэтай прапаведаваць ды аздараўляць, але адпачнуць пасьля напружанага служэньня ў Галілеі.

«Яна ж адказала і кажа Яму: “Так, Госпадзе, але ж і сабакі пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей”. І сказаў ёй: “Дзеля такога слова ідзі; дэман выйшаў з дачкі тваёй”». Як мы ведаем ад Марка, гэтая жанчына была грэчанкай, а гэты народ пачуцьцём гумару валодаў і таму, нягледзячы на сумны стан сэрца гэтай жанчыны, мы і чуем менавіта такі адказ у бок Ісуса. Яму вельмі спадабаўся такі адказ. Сьветлая і радасная вера гэтай паганскай жанчыны не магла атрымаць нават і дэлікатнай адмовы ад Ісуса. Ісус добра бачыў трагічнае становішча жанчыны у сувязі з цяжкай хваробай дачкі, але Ён добра бачыў і тое, што ў яе сэрцы было дастаткова і сьвятла, каб адказаць Яму ўсьмешкай. Яе вера была сапраўднаю і вытрымала іспыт ад Ісуса, адрымаўшы адказ ад Яго. Гэтая грэчанка сымбілізуе сабою паганскі сьвет, які горача падхапіў ежу нябесную, якую так недарэчна адкідвалі юдэі.

Марк апісаў учынак Ісуса як знак, які пацьверджвае кожнае Ягонае слова пра рытуальную чысьціню. Старажытныя забароны зьмятаюцца. Сабакі пад сталом ужо ядуць сваю частку ад дзіцячага хлеба, а вельмі хутка яны перастануць быць сабакамі і стануць дзіцямі, як і ўсе астатнія. Зразумела тое, што Марк зьвяртаецца да паганскага сьвету, паказваючы будучую перспектыву, але ён зьвяртаецца і да сьвету юдэйскаму з тым, што ім застаееца зусім мала часу, каб пачуць і прыняць Добрую вестку. Мы павінны разумець, што апісаная тут тэрміновая і напружаная сітуацыя скончыцца ўкрыжаваньнем і ніколі больш ня вернецца. Ісус памрэ на Крыжы, а рымскі сотнік засьведчыць наступнае: «Праўда, Чалавек Гэты быў Сын Божы». З гэтага моманту для ўсяго сьвету стала сапраўдным тое, што было прадбачана ў гэтым эпізодзе з сірафінікіянкай. Ісус Хрыстос стаўся Збаўцам сьвету.

Мар 7:31-37
«І зноў, выйшаўшы з межаў Тыру і Сідону, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкапаля. І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасьцю гаварыў, і просяць Яго ўскласьці на яго руку. І, узяўшы яго ад натоўпу на бок, уклаў пальцы Свае ў ягоныя вушы, і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага. І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў, і гаворыць яму: “Эффата”, што значыць: “Адчыніся”. І адразу адчыніліся вушы ягоныя і разьвязаліся путы языка ягонага, і ён пачаў добра гаварыць. І Ён перасьцерагаў іх, каб нікому не расказвалі, але колькі ні забараняў, яны яшчэ шырэй абвяшчалі. І надзвычай дзівіліся, кажучы: “Усё добра зрабіў, і глухім робіць, каб чулі, і нямым, каб гаварылі”» (Мар 7:31-37).

Марк паказвае нам даволі працяглую вандроўку Ісуса ад межаў Тыру і Сідону на ўсход Фінікіі, а потым на поўдзень, праз Ітурэю, у межы Дэкапаля да Галілейскага мора. Немалая вандроўка. Некаторыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што такая тагачасная вандроўка павінна была працягвацца ня меньш за восем месяцаў і гэта ёсьць ня толькі зусім верагодным, але і мае вялікі сэнс. Бачыцца тое, што гэтая доўгая вандроўка – супакой перад бурай, як магчымасьць працяглых зносінаў з вучнямі, каб дастойна сустрэць гэтую самую буру. І вось, Марк паказвае нам першае дзеяньне Ісуса пасьля гэтай вандроўкі ў межах Дэкапаля.

Да Ісуса падвялі глухога, які з цяжкасьцю гаварыў, з просьбаю аздаравіць хворага. Ён адвёў хворага далей ад натоўпу і там аздаравіў яго. Ісус глянуў у неба, каб паказаць глухому, што дапамога прыйдзе з неба ад Бога, а потым сказаў слова і чалавек быў аздароўлены. Калі ж усё гэтае адбылося, у натоўпе сталі казаць, што Ён усё зрабіў добра. Ці не дае гэта напамін пра адзнаку Богам Сваёй прыцы на пачатку тварэньня? Калі прыйшоў Ісус, даючы аздараўленьне целам і збаўленьне душам людзей, Ён пачаў наноў працу тварэньня. Ад пачатку ўсё было добра, але грэх парушыў усё. І вось Ісус зноў нясе Божую прыгажосьць гэтаму сьвету, які стаўся зьнявечаным грэхам чалавека.

«І Ён перасьцерагаў іх, каб нікому не расказвалі, але колькі ні забараняў, яны яшчэ шырэй абвяшчалі». Калі мы разважым пра тое, як людзі здольныя захоўваць таямніцы, дык зразумеем, што ўсё адбылося вельмі натуральна. Чалавек быў глухі і амаль што не размаўляў. Марк выкарыстоўвае тут вельмі красамоўны выраз, калі кажа: «І адразу адчыніліся вушы ягоныя і разьвязаліся путы языка ягонага». Ісус прасіў людзей не не казаць нікому пра гэта, але і іхнія языкі таксама разьвязаліся, што азначала распаўсюджваньне чутак пра Ісуса. Але чаму Ісус не жадаў гэтага?

Мы ўжо бачылі тое, што ўчынкі Ісуса выклікалі ў многіх падазронасьць і асьцярогу. Кніжнікі і фарысэі былі Ім незадаволеныя, чуткі пра Яго заляцелі ў палац Ірада Антыпы. Наогул, у гэтыя часы, калі чуткі зьяўляліся самым хуткім і эфектыўным сродкам распаўсюджваньня навінаў, калі назвацца прарокам азначала набыць сьмяротную пагрозу для жыцьця, а ўся краіна поўнілася чуткамі пра новага прарока – Ісуса. А Яму яшчэ трэба было ажыцьцявіць Сваю місію, зрынуць тыранію ворага і пакласьці пачатак Божага Валадарства. Ісус адчуваў, што яшчэ некалькі такіх цудаў і Ягоная вядомасьць стане крытычнай для ўладаў. Але Ён ня мог прыпыніць Сваю працу па ўкараненьню Божага Валадарства, ня мог Ён і перашкодзіць людзям казаць пра гэта. Заклікаючы чытача крочыць за Ісусам, Марк кліча іх не ў руціннае рэлігійнае жыцьцё, але ў сьвет незвычайных падзеяў. Калі ж мы глухія да Ягоных словаў, дык гэта нашая праблема, але не Яго.


Рецензии