Марк 10 1-52
Мар 10:1-52
Ісус ійшоў далей на поўдзень. Ён пакінуў Галілею і прыйшоў у межы Юдэі. Ён яшчэ не ў Ерусаліме, але крок за крокам, этап за этапам, набліжаўся да апошняга месца дзеяньня.
Мар 10 1-16
«Устаўшы адтуль, прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам. І зноў зьбіраецца вакол Яго натоўп, і Ён, як меў звычай, зноў навучаў іх. І, падыйшоўшы, фарысэі спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго: “Ці можна мужу кінуць жонку?” Ён жа, адказваючы, сказаў ім: “А што загадаў вам Майсей?” Яны ж сказалі: “Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе”. І, адказваючы, сказаў ім Ісус: “Дзеля жорсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэткае прыказаньне. Але на пачатку стварэньня мужчынай і жанчынай стварыў іх Бог. Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адным целам; дык іх ужо ня двое, але адно цела. Што вось Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае”. І ў доме вучні Ягоныя зноў пра тое самае пыталіся ў Яго. І кажа ім: “Хто пакіне жонку сваю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць з ёю. І калі жонка пакіне мужа свайго і пойдзе за іншага — чужаложыць”. І прыносілі дзетак да Яго, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранялі тым, што прыносілі. Бачачы гэта, Ісус абурыўся і сказаў ім: “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэтакіх ёсьць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто ня прыйме Валадарства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго”. І, прытуліўшы іх і ўсклаўшы на іх рукі, дабраславіў іх» (Мар 10:1-16).
Фарысэі, намагаючыся выпрабаваць Ісуса, зьвярнуліся да Яго з пытаньнем пра развод. Гэтае пытаньне было вельмі войстрым у дыскусіях рабінаў і, магчыма, фарысэі і сапраўды хацелі даведацца пра гэта ад Ісуса. А можа фарысэі хацелі пачуць, як Ён, магчыма, зможа супярэчыць закону Майсея, што уласна Ён і зрабіў, каб абгрунтаваць абвінавачваньне Яго ў парушэньні закону. Але зусім ясна тое, што гэтае пытаньне не ўяўляе толькі нейкі акадэмічны інтарэс для рабінскіх школаў. Гэта быў адзін з самых надзённых пытаньняў таго часу.
Тэарэтычна ідэял юдэйскага шлюбу ня меў роўнага ў тагачасным сьвеце. Цнота лічылася найвялікшай дабрадзейнасьцю. Цытаваць гэта можна вельмі шмат: «Бог доўгацярплівы да ўсіх грахоў, акрамя грэху няцноты. Няцнота пазбаўляе славы Божай. Нават алтар плача, калі чалавек разводзіцца з жонкай сваёй маладосьці». Ідэял быў, але практыка была зусім іншай. Юдэйскі закон не даваў жанчыне ніякіх правоў і яна знаходзілася ў поўнай уладзе мужа, галавы сям’і. Мужчына мог разьвесьцісьця з жонкай амаль што на любой падставе, спасылаючыся на закон Майсея, даючы жонцы разводны ліст. У часы Ісуса такі разводны ліст мог скласьці толькі рабін, які, праз суд рабінаў, зацьверджваўся ў сынедрыёне. Але ўся працэдура разводу заставалася надзвычайна простай і залежала цалкам ад погляду мужа, на баку якога быў закон Майсея. Там напісана, што мужчына можа разьвесьціся з жонкай, калі ён знаходзіць у ёй нешта брыдкае. Але што гэта азначае?
Існавала школа Шамая, якая вырашала праблему вельмі сторга. Пад брыдкім яны разумелі пералюб і толькі пералюб. Нават калі жанчына будзе непрыгожай і з дрэнным характарам, гэта ня можа быць падставай для разводу, калі яна не вінаватая ў пералюбе. Іншы накірунак несла школа Гілеля. Яны тлумачылі гэта нашмат шырэй. Яны казалі дзіўныя рэчы. Дастаткова, казалі яны, каб жонка дрэнна прыгатавала абед ці непаважліва адклікалася пра родных мужа ў ягонай прысутнасьці і гэтак далей. Справа зайшла так далёка, што ў гэтыя часы жанчыны баяліся выходзіць замуж, таму што шлюб быў вельмі нетрывалым. Калі ж Ісус прамовіў Свае словы, Ён выступаў у абарону жанчынаў, імкнучыся надаць шлюбу належнае яму значэньне.
Ісус, выслухаўшы пра закон Майсея, патлумачыў ім, што Майсей напісаў гэта па жорсткасьці людзей. Ісус жа, спасылаючыся на кнігу Быцьця лічыць, што шлюб, па сваёй прыродзе, непарушны інстытут, які моцна яднае дзьвух людзей і гэты зьвяз ня можа быць парушаным ніякімі чалавечымі законамі і пастановамі. Ісус упэўнены ў тым, што так закладзена ў-ва ўсім сусьвеце, што шлюб вызначае абсалютную сталасьць і адзінства. І ніякі закон Майсея, рэгулюючы нейкі часовы стан справаў, ня можа зьмяніць гэтага.
Сутнасьць гэтага ўрыўка заключана ў тым, што Ісус настойваў на выпраўленьні існуючага ўяўленьня пра тагачасную палавую мараль. Але гэта тычыцца і ўсіх нас. Тым, хто бярэ шлюб выключна для асалоды, трэба памятаць тое, што ў шлюбе існуе і адказнасьць. Тым, хто шукае ў шлюбе выключна задавальненьне свайго фізічнага запалу, трэба памятаць, што гэта таксама і духоўнае адзінства. Ісус і намагаўся абараніць сям’ю ды хатні агмень.
Юдэйскія жанчыны заўсёды імкнуліся да таго, каб іхніх дзяцей дабраславіў хто-небудзь з вялікіх і вядомых рабінаў. Яны імкнуліся прыносіць сваіх дзяцей у першы іхні дзень народзінаў. Бачыцца тое, што так было і з Ісусам, вядомасьць Якога ійшла далёка перад Ім. Ісус быў на шляху да ўкрыжаваньня і Ён гэтае ведаў, але нават і ў такі час Ён быў уважлівым да дзяцей. Ён знаходзіў час, каб браць дзяцей на Свае рукі і гуляць з імі. Вучні ж, як бачыцца, забаранялі прыносіць дзяцей да Ісуса зусім не таму, што яны былі, у гэтым сэнсе, нявыхаванымі, але адзіна таму, каб даць Ісусу адпачнуць. Ісус жа з вучнямі не пагадзіўся і запрасіў дзяцей прыходзіць да Яго. Гэты эпізод яскрава кажа пра тое, што Ісус вельмі любіў дзяцей і што дзеці любілі Ісуса. Што ня дзіўна, бо ў Сваёй сям’і Ён, як старэйшы пасьля сьмерці бацьці Язэпа, выхоўваў усіх Сваіх малодшых братоў і сёстраў. Ісус выпраменьваў дабрыню і дзеці бачылі Ягоную ўсьмешку і вясёлы сьмех. Нехта сказаў, што ня можа паверыць у хрысьціянства чалавека, калі каля ягонай дзьверы не гуляюць дзеці. Гэты маленькі эпізод кідае яркае сьвятло на чалавечую прыроду Хрыста, Які ня мог быць суровым і змрочным чалавекам у адносінах ня толькі дзяцей, але і ўсіх нас, дзяцей Божых.
Мар 10:17-31
«І калі выходзіў у дарогу, нехта, падбегшы і ўпаўшы перад Ім на калені, спытаўся ў Яго: “Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?” Ісус жа сказаў яму: “Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. Ведаеш прыказаньні: “Не чужалож”, “Не забівай”, “Не крадзі”, “Ня сьведчы фальшыва”, “Не рабі крыўды”, “Шануй бацьку твайго і маці”». А ён, адказваючы, сказаў Яму: “Настаўнік, усё гэта я захаваў ад юнацтва майго”. Ісус жа, паглядзеўшы на яго, узьлюбіў яго і сказаў яму: “Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною, узяўшы крыж”. Той жа, спахмурнелы ад гэтага слова, адыйшоўся сумны, бо меў вялікую маёмасьць. І Ісус, паглядзеўшы вакол, кажа вучням Сваім: “Як цяжка тым, што маюць грошы, увайсьці ў Валадарства Божае”. Вучні аслупянелі дзеля словаў Ягоных. Але Ісус зноў, адказваючы, кажа ім: “Дзеці, як цяжка ўвайсьці ў Валадарства Божае тым, хто ўскладае надзею на багацьце. Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае”. А яны яшчэ больш дзівіліся, гаворачы між сабою: “Хто ж тады можа быць збаўлены?” Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: “У людзей гэта немагчыма, але ня ў Бога, бо ў Бога ўсё магчыма”. І Пётр пачаў гаварыць Яму: “Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою”. Адказваючы, Ісус сказаў: “Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, і не атрымаў бы цяпер, у гэты час, сярод перасьледаваньняў, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў будучым веку — жыцьцё вечнае. І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі» (Мар 10:17-31).
Гэтую гісторыю апісваюць таксама Мацьвей і Лука. Мацьвей дае нам зьвесткі таго, што гэта быў малады чалавек, а Лука кажа, што ён быў прадстаўніком уладных колаў. Так што ў гэтага чалавека было ўсё – маладосьць, улада і багацьце. І вось гэты багаты чалавек кідаецца на калені перад Ісусам, Які, па сутнасьці, ня меў нічога з матэрыяльнага.
«Настаўнік добры». Менавіта так гэты малады і багаты чалавек зьвярнуўся да Ісуса. Ісус жа запярэчыў Яму, загадаўшы яму захаваць гэтыя словы для Бога. У гэтым урок і для ўсіх нас. Чаму? Малады чалавек прыйшоў да Ісуса ў момант крайняй узрушанасьці, калі Ісус вырабіў на яго вялікае ўражаньне. Відавочна тое, што Ісус зрабіў тое, што павінен памятаць і рабіць кожны прапаведнік і кожны настаўнік. Па-першае, Ён сказаў: «Супакоўся і падумай. І паглядзі на Бога». Па сутнасьці, Ісус паказваў прыклад усім будучым настаўнікам, калі паказвае, што настаўнік павінен прыцягваць увагу не да сябе, але да Бога.
Марк вельмі выразна паказвае істотную частку хрысьціянскага жыцьця – аднога шанаваньня запаведзяў мала. Ісус працытаваў запаведзі, выкананьне якіх патрэбна для добрага жыцьця, а малады чалавек, адразу ж, адказаў, што ён выконвае іх ад юнацтва. Па сутнасьці гэты чалавек, як бы кажа: «За ўсё сваё жыцьцё я не зрабіў нікому шкоды». Ісус добра гэта бачыў, але ўзьнікае іншае пытаньне: «Што добрага ты зрабіў іншым? Ці ахвяраваў ты маёмасьцю сваёю на карысьць іншых людзей, якія маюць у гэтым патрэбу? Ці імкнуўся ты, у меру сваіх сілаў і магчымасьцяў, дапамагчы іншым, супакоіць іх і надаць ім сілы?» Шанаваньне, увогуле, заключана ў тым, каб не рабіць чагосьці. Сэнс жа хрысьціянства, як раз і заключана ў тым, каб нешта рабіць. Менавіта ў гэтым сэнсе малады чалавек, як і многія з нас, не вытрымлівае гэтага іспыту. Ісус кінуў яму выклік, кажучы, каб той не глядзеў на дабрачыннасьць, як устрыманасьць ад зьдзяйсьненьня ўчынкаў. Трэба ахвяраваць тым, што ў цябе ёсьць для іншых і толькі тады ты набудзеш сапраўднае шчасьце зараз і ў вечнасьці. Але малады чалавек ня змог гэтага зрабіць. Ён меў вялікую маёмасьць і яму ніколі не прыходзіла ў галаву аддаць іншым хаця б частку таго. Так, ён ня краў, не падманваў, але і ніколі ня быў шчодрым і ніколі пра гэтае не разважаў. Проста прыстойны чалавек той, хто не адымае ад людзей, але ня так у хрысьціянстве, калі трэба даваць людзям. Да гэтага ж малады чалавек гатовым ня быў.
«Дзеці, як цяжка ўвайсьці ў Валадарства Божае тым, хто ўскладае надзею на багацьце. Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае». Надзея на багацьце. Гэтыя словы ўразілі вучняў і гэта Марк падкрэсьлівае двойчы. Справа ж у тым, што Ісус пераварочваў усталёваныя юдэйскія нормы. Тагачасная мараль была простай: юдэі лічылі, што багацьце і посьпех у справах – добрая прыкмета, бо калі чалавек багаты, значыць Бог дабраслаўляе яго. Менавіта багацьце ёсьць доказам добрага характара чалавека і Божага дабраславеньня. Ня дзіўна таму, што вучні вельмі зьдзівіліся, бо лічылі тое, што чым багацей чалавек, тым хутчэй увойдзе ў Божае Валадарства. Але ня так з Ісусам, Які ясна бачыў небясьпеку, якую нясе багацьце. Але што гэта за небясьпека?.
Матэрыяльныя каштоўнасьці вельмі прывязваюць чалавека да гэтага сьвету. Ён столькі ўклаў у фармаваньне свайго багацьця, што яму цяжка ўявіць тое, што можа быць нешта вышэй за ягоны набытак. Небясьпека багацьця заключана ў тым, што яно прывязвае інтарэсы і думкі чалавека да зямлі. Чалавек, які больш за ўсё цікавіцца матэрыяльным, пачынае ўсё разглядаць з кропкі погляду цаны і кошту, але не каштоўнасьці. Ён думае, што ўсё можна купіць за грошы, але гэта ня так, бо ў жыцьці існуюць рэчы, якія нельга купіць за грошы і вельмі жахліва тое, калі чалавек гэтага не разумее.
Ісус сказаў бы, што багацьце чалавека мае два бакі. Гэта сур’ёзны іспыт чалавека. Бачыцца тое, што на сотню чалавек, якія здольныя вытрымаць нягоду, толькі адзін здольны вытрымаць росквіт, бо гэта вельмі часта робіць чалавека ганарыстым, фанабэрыстым і, увогуле, сьвецкім. Багацьце можа вытрымаць толькі сапраўды добры чалавек. Гэта таксама і адказнасьць, бо чым большым багацьцем валодае чалавек, тым большую адказнасьць ён за гэтае нясе. Распараджаецца ён багацьцем, як адзіны ўласьнік ці валодае ім памятаючы, што кіруе Божай маёмасьцю?
Вучні, якія слухалі Ісуса вырашылі, па словах Ісуса, што калі гэта ёсьць праўда, дык у чалавека няма і малой магчымасьці да збаўленьня. Ён жа, у адказ, кажа наступнае: «У людзей гэта немагчыма, але ня ў Бога, бо ў Бога ўсё магчыма». Чалавек, які давярае толькі сабе і свайму багацьцю, ня мае магчымасьці набыць збаўленьне, а чалавек, які верыць у збаўляльную сілу і адкупляльную Божую любоў, ідзе проста да свайго збаўленьня. Гэтую думку Ісус і выказвае, якая, між тым, тычыцца ўсіх нас, бо ёсьць галоўнай у хрысьціянстве.
«Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою». Думка Пятра працуе. Ён бачыць маладога чалавека, які не адгукнуўся на заклік Ісуса і, дзякуючы свайму багацьцю, сам зачыніў перад сабою браму Божага Валадарства. Пётр ня мог не параўнаць дзеяньні гэтага чалавека з паводзінамі вучняў Ісуса і проста пытае Ісуса пра тое, што яны будуць мець за сваю прысутнасьць каля Яго. Адказ Ісуса паказальны, бо яны атрымаюць у сто разаў больш. Так і будзе, бо прыняцьце чалавекам хрысьціянства магло азначыць страту дома, сваіх хатніх і сваіх сяброў, але, з гэтым, набыцьцё яшчэ большай сям’і, дзе ўсе родныя па духу. Мы бачым гэта на прыкладзе апостала Паўла, які згубіў сваю спадчыну ў Тарсе, але набыў вялікую хрысьціянскую сям’ю ў Малой Азіі, Грэцыі і Італіі.
«І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі». Гэтая перасьцярога Ісуса, у першую чаргу, накірована да Пятра, які, як бачыцца, меркаваў у розуме сваю нагароду і ацэньваў яе даволі высока. Ісус жа кажа пра тое, што канчатковая ацэнка ёсьць толькі ў Бога. Многія людзі займаюць добрае становішча ў вачах людзей, але толькі Бог ведае сапраўднае становішча. Перасьцярога Ісуса – гэта перасьцярога супраць усякай гордасьці чалавека. Толькі Бог ведае ўсе матывы чалавечага сэрца. Перасьцярога Ісуса – гэта перасьцярога таго, што нябеснае меркаваньне можа цалкам зямную славу чалавека.
Мац 10:32-45
«Калі яны былі ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў наперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы за Ім, былі ў страху. І, узяўшы зноў Дванаццаць, пачаў гаварыць ім пра тое, што з Ім мае здарыцца: “Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго паганам, і будуць зьдзекавацца з Яго, будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне”. І падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Зэбэдэевы, кажучы: “Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам, пра што будзем прасіць”. Ён жа сказаў ім: “Што хочаце, каб Я зрабіў вам?” Яны ж сказалі Яму: “Дай нам, каб нам сесьці аднаму праваруч Цябе, а другому — леваруч Цябе ў славе Тваёй”. Ісус жа сказаў ім: “Ня ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?” Яны сказалі Яму: “Можам”. Ісус жа сказаў ім: “Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны. Але сесьці праваруч Мяне або леваруч Мяне ня Мне даваць, але каму падрыхтавана”. І, пачуўшы, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна. Ісус жа, паклікаўшы іх, гаворыць ім: “Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і магнаты іхнія маюць уладу над імі. У вас няхай будзе ня гэтак, але хто хоча стацца між вамі большым, няхай будзе служыцелем вашым. І хто хоча ў вас стацца першым, няхай будзе слугою ўсіх. Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх”» (Мар 10:32-45).
Сьцісласьць словаў Марка ўражвае. Ісус з вучнямі ўваходзяць у Ерусалім – апошняе месца дзеяньня. Ісус выбраў Свой шлях і ішоў па яму цьвёрда і непахісна. У Ерусалім на ўкрыжаваньне. Марк дакладна вызначае этапы гэтага шляху: спачатку Галілея, потым Цэзарэя Філіпавая, некаторы час на ўсходзе Ярдану і вось зараз апошняя сцэна – шлях у Ерусалім. Зараз жа, менавіта з гэтага эпізоду, мы бачым нешта непасрэдна пра Ісуса. Менавіта пра што? Пра Ягонае адзіноцтва, бо калі яны ішлі па дарозе, вучні, ашаломленыя непазьбежнасьцю трагедыі, баяліся нават падыйсьці да Яго. Увогуле, пэўныя рашэньні кожны чалавек павінен прымаць сам, але калі б Ісус запытаў адказу ў дванаццаці, яны маглі б толькі паспрабаваць утрымаць Яго. Але мы бачым тое, што адзіноцтва Ісуса – гэта ёсьць вельмі важнае і патрэбнае, у якім супакойвае Яго Бог.
Марк кажа нам пра сьмеласьць Ісуса. Тры разы прадказваў Ён пра будучую долю і з кожным разам гэтыя прадказаньні станавіліся ўсё больш змрочнымі. Ёсьць два віды сьмеласьці. Першы – гэта калі чалавек мужна рэагуе на раптоўную небясьпеку. Другі ж паказвае нам мужнасьць чалавека, які бачыць небясьпеку здалёк, але не прымае пэўных дзеяў, каб яе пазьбегнуць. Такую вось сьмеласьць і праяўляе Ісус, паказваючы нам прыклад найвялікшага героя ўсіх часоў. Заўважым і прыцягальную сілу Ісуса, бо нягледзячы на тое, што вучні былі цалкам зьбітымі з панталыку, яны ўсё ж крочылі за Ім. Вучні былі ўпэўненыя ў тым, што Ісус – гэта Мэсія, але яны ўжо ведалі і пра тое, што Ісус зьбіраецца памерці ў Ерусаліме, а ўсё гэта разам падавалася, у іхнім розуме, несумяшчальным. Яны не разумелі нічога, акрамя таго, што яны любяць Ісуса, а таму і пойдуць за Ім. Яны спазналі ад Ісуса нешта тое, што складае самую сутнасьць жыцьця і веры, а таму былі гатовымі прыняць тое, што яны, у той момант, не маглі зразумець.
«Дай нам, каб нам сесьці аднаму праваруч Цябе, а другому — леваруч Цябе ў славе Тваёй» Гэта словы Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэевых, якія зьвярнуліся до Ісуса. Трэба заўважыць тое, што гэты эпізод апісаны і ў Мацьвея, але там да Ісуса зьвяртаецца маці братоў Саламія. Бачыцца, што Мацьвей, які пісаў сваё Эвангельле пасьля Марка, хацеў трошкі ўпрыгожыць сваіх сяброў і зьняць з іх адказнасьць за гэты ўчынак. Магчыма з добрых памкненьняў, дзеля захаваньня адзінства тагачасных і будучых вучняў Хрыста. Існуе гісторыя напісаньня партрэта кіраўніка Англіі сярэдзіны сямнаццатага стагодзьдзя, твар якога быў непрыгожым ад шматлікіх барадавак. Мастак не намаляваў іх, зрабіўшы гэты твар даволі прывабным, але гэты кіраўнік не прыняў карціну, загадаўшы мастаку дамаляваць усе барадаўкі. Гэта і пра Марка, які паказаў непрыемную, але праўду, бо вучні Ісуса не былі сьвятымі, але былі звычайнымі людзьмі. Менавіта з такімі людзьмі, такімі як і мы, Ісус і пачаў зьмяняць сьвет. І гэта зрабіў. Але як гэта характарызуе Якуба і Яна?
Мы бачым тое, што яны славалюбныя, бо, пасьля перамогі Мэсіі, яны бачылі сябе галоўнымі каля Ісуса. Магчыма на гэта падзейнічаў той факт, што Ісус нейкім чынам вызначаў іх асобна, а што азначае для іхняй сьвядомасьці вызначэньне іх, у ліку трох, на сустрэчу Ісуса на гары Гэрмон з Майсеем і Ільлёй? Мы бачым і тое, што яны зусім не зразумелі Ісуса. Паказальна ня тое, што яны гэта зрабілі ўвогуле, але тое, што гэта здарылася ў той момант, калі Ісус вызначана і даволі падрабязна прадказаў Сваю сьмерць. Гэта ж, як нішто іншае паказавае тое, як мала яны зразумелі з таго, што казаў ім Ісус. Словы Ісуса не змаглі вызваліць іх ад уяўленьня пра Мэсію, Які набудзе зямную ўладу і славу. Толькі ўкрыжаваньне і ўваскрасеньне Ісуса зможа гэтае зрабіць.
«Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?» Якуб і Ян, нават не задумваючыся, кажуць пра станоўчы вынік. Чаму? Бачыцца тое, што яны разумелі гэтыя словы, як простае фізічнае дзеяньне зараз, а не тое, што адбудзецца ў будучым. Ісус бачыць іхнюю памылку, але Ён пагаджаецца з імі, бо бачыць тое, што з імі адбудзецца пасьля Ягонага ўкрыжаваньня. Але што меў на ўвазе Ісус, калі казаў пра келіх і хрышчэньне?
Выраз «келіх», у тагачасным грамадзтве азначаў выпрабаваньні і перажываньні, якія Бог пасылае людзям. Менавіта пра гэта мы чытаем у Псальмах: «Келіх мой напоўнены», калі аўтар кажа пра шчаснае жыцьцё і добрыя перажываньні; «Бо келіх у руцэ Госпада», калі гаворка ідзе пра лёс бязбожных і шалёных. Таксама і Ісая кажа, што Ерусалім выпіў келіх гневу Госпада. Так што келіх – гэта метафара, якая сымбалізуе Божы гнеў ці наадварот – Божую ласку.
Другі выраз «хрышчэньне» уводзіць нас у пэўную памылку. Грэцкае тлумачэньне гэтага слова азначае «пагружаны». Звычайна яно азначала – пагружаны ў перажываньне. Прыкладаў шмат: пра п’яніцу кажуць – пагружаны ў п’янства; пра чалавека, якога напаткала гора – пагружаны ў гора; пра вучонага чалавека кажуць – пагружаны ў навуку і гэтак далей. Таму Ісус, як бы кажа гэтым Сваім вучням: «Ці можаце вы перажыць і вынесьці тыя перажываньні, якія перажываю Я? Ці можаце вы вынесьці той стан пагружанасьці ў нянавісьць, болю і сьмерць, у якія пагружаны Я?» А што Якуб і Ян?
У будучым яны пройдуць перажываньні Ісуса. Якубу адсячэ галаву Ірад Агрыпа, а Ян, які перажыў усіх апосталаў, шмат пацярпеў за Хрыста. Так што словы Ісуса: «Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны», як выклік Ісуса, тычыліся будучых выпрабаваньняў гэтых вучняў, якія адбудуцца пасьля сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса Хрыста. Ісус дадаў Якубу і Яну тое, што канчатковае рашэньне ў-ва ўсім прыналежыць Богу і вырашаць лёс кожнага – гэта права Бога і залежыць гэта ад падрыхтаванасьці чалавека перад Госпадам.
«І, пачуўшы, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна». Учынак Якуба і Яна выклікаў непазьбежнае абурэньне ад іншых вучняў, якія палічылі, што яны намагаліся несумленна апярэдзіць іншых, каб атрымаць перавагу. Зноў пачынала распальвацца старая спрэчка пра тое, хто павінен быць большым. Але Ісус, бачачы гэта, не дае распаліцца гэтай непатрэбнай спрэчцы, якая вядзе да разбурэньня сяброўскіх адносінаў паміж вучнямі. Ён тлумачыць ім розьніцу ў мерках велічы Ягонага Валадарства і валадарствах гэтага сьвету, дзе меркаю велічы былі сіла і ўлада. У Валадарстве ж Ісуса меркаю велічы будзе служэньне, бо сапраўдная веліч заключана ня ў тым, каб прымусіць іншых служыць сабе, але ў тым, каб служыць іншым. На жаль, у аснове сьвецкіх адносінаў ляжыць прынцып рабіць як мага меньш і атрымліваць як мага больш, але толькі тады, калі людзі будуць гатовымі ўкладваць у жыцьцё больш чым браць, іхняе асабістае жыцьцё і жыцьцё іншых стнецца больш заможным і шчасным.
Сьвету патрэбныя людзі, ідэыялам якіх станецца служэньне і якія ўсьвядомяць праўду Ісуса, Які дае ў прыклад Сябе і Сваё жыцьцё. Ён меў сілу ды ўладу і мог бы ўладкаваць Сваё жыцьцё так, як Яму хацелася, але Ён прысьвяціў усе Свае сілу і ўладу на служэньне іншым. Ён прыйшоў, каб аддаць душу Сваю дзеля адкупленьня многіх і гэтае выказваньне ёсьць найвялікшым у Эвангельлі. Але, аддаючы даніну аб’ектыўнасьці, трэба дадаць і тое, як гэтыя словы трактавалі хрысьціяне больш позьніх часоў. Гэтае ня тычыцца першых хрысьціянаў і, у прыватнасьці, апостала Паўла, але ўжо Арыген задае пытаньне: «Каму аддаў Ён сваё жыццё на адкупленьне многіх? Бо ня Богу ж? Можа быць, д'яблу тады? Бо д'ябал моцна трымаў нас у руках, пакуль яму ня быў выплачаны выкуп, жыцьцё Ісуса, таму што ён падманваўся думкай, што завалодае ёю і ня бачыў, што ня зможа вытрымаць звязанай з утрыманнем яе мукі». Гэта была дзіўная тэорыя, нібыта жыцьцё Ісуса была выплачанай у якасьці выкупу д’яблу дзеля таго, каб д’ябал адпусьціў людзей з рабства, у якім ён іх трымаў, але потым д’ябал зразумеў, што, прыняўшы такі выкуп, прайграў. У больш позьні час Рыгор Вялікі, падхапіўшы гэтую тэорыю, выказаў сваю фантастычную тэорыю: увасабленьне было вялікай хітрасьцю, каб злавіць вялікага левіяфана. Нават у дванаццатым стагодзьдзі схаластычны філосаф і багаслоў Пётр Ламбардзкі сказаў: «Укрыжаваньне было пасткай дзеля злову д’ябла, у якой прынадаю была кроў Хрыста». Усё гэта паказвае на тое, што адбываецца, калі людзі бяруць каштоўны ды цудоўны вобраз і робяць з яго халоднае багаслоўе.
Сумнае назіраньне, але неабходнае, каб ніхто не займаўся нейкай кансьпіралогіяй, а па сутнасьці халодным багаслоўем. Гэтае выказваньне Ісуса ёсьць простым ды вобразным спосабам выказаць тое, каб навярнуць людзей ад грэху да любові Хрыста, Які заплаціць за гэтае Сваім жыцьцём. Гэта азначае, што коштам нашага збаўленьня было ўкрыжаваньне Хрыста. Далей гэтага нічога шукаць ня трэба і няхай у сэрцы нашым будзе толькі тое, што менавіта на Крыжы адбылося тое, што адкрыла нам шлях да Бога.
Мац 10:46-52
«І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сьляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе, жабруючы. І, пачуўшы, што гэта Ісус з Назарэту, пачаў крычаць і казаць: “Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!” І сварыліся многія на яго, каб замаўчаў, але ён тым мацней закрычаў: “Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!” І, спыніўшыся, Ісус сказаў паклікаць яго. І клічуць сьляпога, гаворачы яму: “Будзь пэўны, уставай, кліча цябе”. Ён, пакінуўшы адзеньне сваё, устаў і прыйшоў да Ісуса. І, адказваючы, гаворыць яму Ісус: “Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?” Сьляпы сказаў Яму: “Раббоні, каб мне бачыць”. Ісус жа сказаў яму: “Ідзі, вера твая збавіла цябе”. І адразу ён стаў бачыць, і пайшоў за Ісусам па дарозе» (Мац 10:46-52).
Ерыхон. Да Ерусаліму застаецца толькі 25 км. Уявім сабе гэты шлях. Шмат паломнікаў ідзе на сьвята Пасхі, а па баках гэтага шляху мясцовыя жыхары гучна вітаюць паломнікаў, жадаючы ім усяго добрага. І сярод паломнікаў ідзе Ісус з вучнямі, адказваючы на пытаньні паломнікаў і вучачы іх. Уявім сабе і позірк Ісуса, Які бачыў у сустракаючых натоўпах ня толькі вітаньне, але і шмат халодных, змрочных і варожых позіркаў. І вось брама Ерыхону, што адкрывае шлях на Ерусалім і дзе сядзіць сьляпы жабрак Бартымей.
І вось Бартымей, які пачуў гул крокаў паломнікаў, запытаў прысутных пра тое, што адбываецца. Даведаўшыся ж пра тое, што ідзе Ісус з Назарэту, ён пачаў крычаць, каб прыцягнуць увагу набліжаючага Ісуса. Крык Бартымея перашкаджаў слухаючым Ісуса і яго намагаліся нейкім чынам супакоіць, але той не хацеў упусьціць шанец пазбавіцца сваёй сьляпаты і крычаў так громка ды настойліва, што шэсьце прыпынілася і ён апынуўся перад Ісусам. Гэта вельмі павучальная гісторыя, таму што мы з гэтага можам бачыць тое, што можна назваць умовамі зьдзейсьненага цуда.
Мы бачым вялікую настойлівасьць Бартымея, бо нічога не магло прымусіць яго прыпыніць спробы сустрэцца з Ісусам, каб выкласьці Яму свае праблемы, а менавіта такое адчайнае жаданьне і робяць справы. Бартымей адказаў на кліч Ісуса адразу і горача, бо скінуў з сябе верхняе адзеньне, каб хутчэй бегчы да Ісуса. Шмат хто, калі чуе кліч Ісуса, не сьпяшаюцца да Яго пад падставай таго, што яшчэ не завершаныя нейкія пэўныя справы. Але гэта не пра Бартымея, які адразу ж адгукнуўся на кліч Ісуса, бо адчуў тое, што гэта ягоны адзіны шанец, каб пазбавіцца сьляпаты. Бартымей ня меў сапраўднага ўяўленьня пра Ісуса, называючы Яго Сынам Давіда, як Мэсію, Які прывядзе Ізраіля да нацыянальнай велічы. Але Бартымей верыў, а гэтая вера ў сотні разоў перавышала недахопы ягоных багаслоўскіх уяўленьняў. Наогул, пра поўнае разуменьне Ісуса ня можа быць і гаворкі, бо гэтага ніхто з нас, у сваім жыцьці, ніколі не дасягне. Але павінна быць вера.
Адзін пісьменьнік сказаў: «Трэба патрабаваць ад людзей тое, каб яны думалі, але нельга чакаць, што яны стануць багасловамі да таго, як яны стануць хрысьціянамі». Хрысьціянства і пачынаецца з пачуцьця любові і асабістага ўспрыяцьця Хрыста, Які і можа даць нам неабходнае. І вось вельмі важная рыска. Хаця Бартымей і быў жабраком каля брамы Ерыхона, у яго было вельмі моцнае пачуцьце падзякі. Атрымаўшы зрок, ён пакрочыў за Ісусам. Калі ягоная праблема сталася вырашанай, дык ён не пайшоў у іншы бок па сваіх справах. Ён пачаў са сваёй патрэбы, потым перайшоў да падзякі і скончыў вернасьцю. Гэта і ёсьць прыступкі вучнёўства ў Ісусе Хрысце.
Свидетельство о публикации №225122801376