Марк 11 1-33
Мар 11:1-33
Дарога з Ерыхону да Ерусаліма ўвесь час ідзе ў гору. Ерыхон знаходзіцца на 250 метраў ніжэй узроўня мора, а Ерусалім, прыкладна, на вышыні 750 метраў вышэй узроўня мора. Паміж імі было 25 км. і можна толькі ўявіць, як цяжка было пілігрымам падымацца ў Ерусалім. Дарога вядзе па сьпякотнай пыстыне аж да вяршыны Аліўнай гары, дзе падарожнік можа ўбачыць нейкую расьліну і цудоўны від на Ерусалім. Пойдзем і мы разам з пілігрымамі, бачачы Ісуса і слухаючы Яго.
Мар 11:1-10
«І калі наблізіліся да Ерусаліму, да Бэтфагі і Бэтаніі на гары Аліўнай, Ён пасылае двух вучняў Сваіх і гаворыць ім: “Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, і адразу, уваходзячы ў яго, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога яшчэ ніхто з людзей не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце. І калі хто скажа вам: “Што вы гэта робіце?”, скажыце, што Госпад яго патрабуе, і адразу пашле яго сюды”. Яны пайшлі і знайшлі асьляня пры дзьвярах звонку на вуліцы, і адвязалі яго. І некаторыя, што там стаялі, гаварылі ім: “Што вы робіце, адвязваючы асьляня?” Яны ж сказалі ім, як загадаў Ісус, і пусьцілі іх. І прывялі асьляня да Ісуса, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; і Ён сеў на яго. І многія пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе. І тыя, што ішлі наперадзе, і тыя, што ішлі за Ім, крычалі, кажучы: “Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Хто прыходзіць у імя Госпада! Дабраслаўлёнае валадарства бацькі нашага Давіда, якое прыходзіць у імя Госпада! Гасанна на вышынях!» (Мар 11:1-10).
Мы прысутнічаем пры разглядзе апошняга этапу служэньня Ісуса. Мы памятаем Цэзарэю Філіпаву, падзеі на гары Гэрмон і, як вынік, шлях у Ерусалім праз Ерыхон на гару Аліўную. Трэба заўважыць, што Ісус добра ведаў гэтую дарогу, бо быў ў Ерусаліме шмат разоў, нягледзячы на тое, што першыя тры Эвангельлі пра гэтае прама ня кажуць, але блізкае сяброўства з Мартай, Марыяй і Лазарам, якія жылі ў Бэтаніі, яскрава пра гэтае кажуць. Ён ведаў гэтыя месцы і гісторыя з ясьлянём таму пацьверджаньне. Ісус ведаў, што рабіў. І хаця гэта выглядае кансьпіралагічным, але аўтарам бачыцца тое, што Ісус пасылаў вучняў па ясьляня мэтанакіравана і з канкрэтным паролем: «Госпад яго патрабуе».
Вёска Бэтфагі перакладаецца, як дом смокваў, а Бэтанія, як дом фінікаў. Яны знаходзіліся па суседству, пра што і сьведчыць Стары Запавет. Бэтфагі разьмяшчалася зусім побач з Ерусалімам, на адлегласьці 1 км. Бэтанія ж знаходзілася побач і была прызнаным месцам начлегу пілігрымаў пад час Пасхі, калі Ерусалім быў перапоўненым. Зараз жа Бэтанія была напоўненай праходзячымі пілігрымамі і менавіта тут пачынаўся ўваход Ісуса ў Ерусалім. Гэтая сцэна выглядала вельмі драматычнай, калі вучні прывялі да Ісуса маладога асьляня, усклаўшы на яго сваё адзеньне. Усё сталася так, як і казаў прарок Захарыя: «Весяліся ад радасьці, дачка Сыёна: радуйся, дачка Ерусаліма: вось, Валадар твой ідзе да цябе, праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай». Увесь націск рабіўся на тое, што Валадар твой ідзе да цябе. Усе навокал і ўбачылі гэты валадрскі знак, бо неаб’езджанае асьляня магло выкарыстоўвацца толькі для нейкага сьвятога дзеяньня. Ісус прыйшоў ратавальным ды лагодным у сьвет і дзеля сьвету. Людзі віталі Яго, як Сына Давіда, але яны нічога не зразумелі, напаўняючы свае сэрцы іншымі ўяўленьнямі. Яны чакалі валадара, які скрышыць ворагаў Ізраіля, але Ён зьявіўся сьціплым і лагодным, вярхом на асьле. Уяжджаючы гэтым днём у Ерусалім, Ісус абвесьціў Сваё права быць Валадаром сьвету.
«Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Хто прыходзіць у імя Госпада! Дабраслаўлёнае валадарства бацькі нашага Давіда, якое прыходзіць у імя Госпада! Гасанна на вышынях!» Ісус неаднойчы абвяшчаў пра Сваё права на тытул Мэсіі, але, адначасова, імкнуўся паказаць тое, што людзі ня маюць правільнага ўяўленьня пра Мэсію. Так было і тут, калі людзі віталі не Валадара любові, але пераможцу, які зьнішчыць усіх ворагаў Ізраіля. Яны крычалі «Гасанна», вітаючы Ісуса, але ці правільна мы разумеем гэтае слова? Гэтае слова ня ёсьць хвалою, але ёсьць заклікам да збаўленьня. Тыя, хто крычалі «гасанна» ня славілі Ісуса, але заклікалі да Бога ўмяшацца ў ход гісторыі і збавіць Свой народ зараз, калі прыйшоў Мэсія. Нідзе больш ня бачна так ясна сьмеласьць Ісуса, як у гэтым эпізодзе. Прыйшоў час і Ён увайшоў у Ерусалім так, што да Яго была прыкаванай ўвага ўсіх людзей, якія знаходзіліся ў Ерусаліме. Мы бачым Ісуса, Які ў апошні раз зьвяртаецца да юдэяў з любоўю і са сьмеласьцю, якая мяжуе з гераізмам.
Мац 11:11-26
«І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў сьвятыню; і, агледзеўшы ўсё, бо гадзіна ўжо была вечаровая, выйшаў у Бэтанію з Дванаццацьцю. І назаўтра, калі ішлі яны з Бэтаніі, Ён адчуў голад. І, убачыўшы здалёк фігавае дрэва, пакрытае лісьцем, падыйшоў, ці ня знойдзе што на ім; але, падыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, акрамя лістоты, бо не была пара на фігі. І, адказваючы, Ісус сказаў да яго: “Няхай ніхто ўжо да веку ня есьць з цябе плоду”. І чулі гэта вучні Ягоныя. І прыходзяць у Ерусалім. І Ісус, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў, і не дазваляў, каб хто насіў хоць якую рэч праз сьвятыню. І навучаў, кажучы ім: “Ці ж не напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў”. І пачулі гэта першасьвятары і кніжнікі, і шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, бо ўвесь натоўп захапляўся Яго навукаю. І калі зьвечарэла, Ён выйшаў з гораду. І раніцаю, праходзячы міма, убачылі фігавае дрэва, ссохшае ад кораня. І, узгадаўшы, Пётр кажа Яму: “Раббі, вось, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла”. І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: “Мейце веру Божую! Бо сапраўды кажу вам: калі хто скажа гэтай гары: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, і ня будзе сумнявацца ў сэрцы сваім, але будзе верыць, што станецца так, як гаворыць, — будзе яму, што б ні сказаў.Дзеля гэтага кажу вам: Усё, пра што ў малітве будзеце прасіць, верце, што атрымаеце, і будзе вам. І калі стаіцё ў малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, дараваў вам грахі вашыя. Калі ж вы не даруеце, дык і Айцец ваш, Які ў небе, не даруе вам грахоў вашых”» (Мар 11:11-26).
Марк паказвае нам некалькі характэрных асаблівасьцяў Ісуса. Мы бачым, як Ён мэтанакірована падсумоўвае зробленае, не кідаючыся насустрач небясьпецы. Аглядаючы абстаноўку, Ісус, падобна камандзіру, ацэньваў сілы праціўніка і Свае сілы, гатуючыся да рашучага бою. Мы бачым і тое, дзе Ісус чэрпаў Свае сілы. Ён пайшоў назад у Бэтанію, дзе Яго чакалі блізкія Яму людзі і дзе Ён мог знайсьці цішыню, каб быць сам насам з Богам, бо толькі той, хто кожны дзень сустракаецца з Богам, можа сьмела глядзець людзям у твар. Але гэта ня ўсё, бо маем даведку і пра вучняў Ісуса. Бачыцца тое, што яны, безумоўна, ужо добра ўсьвядомілі тое, што Ісус ідзе на сьмерць ці шукае сьмерці. Мы крытыкавалі гэтых людзей за тое, што яны былі недастаткова вернымі Яму, але той факт, што яны, у гэты момант, былі з Ім кажа на іхнюю карысьць. Хаця яны і ня ўсё разумелі, але яны, зараз, знаходзіліся побач з Ісусам.
«Няхай ніхто ўжо да веку ня есьць з цябе плоду». Гэтыя словы пра смакоўніцу. Марк не падзяляе гэтую гісторыю на дзьве часткі, але разглядае яе, як рамачнае апавяданьне пра смакоўніцу, унутры якога – драматычная сцэна ў Храме. Гэтыя гісторыі ўзаемна растлумачваюць сітуацыю. Наогул, гісторыя са смакоўніцай выглядае вельмі дзіўна. Да часу пладоў яшчэ далёка і адсутнасьць іх на смакоўніцы ёсьць нармальнай зьяваю ў гэты час Дык што спадзьвігае Ісуса праклясьці дрэва за атсутнасьць пладоў? Бачыцца тое, што ў Марка – гэта толькі прыповесьць, прыклад, без усякай прывязкі да вясеньняга часу прыроды. Гэта ёсьць драматычнае дзеяньне, якое паказвае нам тое, што Ісус плануе зрабіць у Храме.
«І Ісус, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, што продалі і куплялі ў сьвятыні». Гэты эпізод таксама патрабуе ўважлівага разгляду на дзейнасьць Ісуса ў Храме. З першага погляду падаецца тое, што Ён паказвае Свой пратэст камерцыйнай дзейнасьці ў сьвятыні, каб пакласьці канец усякай сьвецкай дзейнасьці на тэрыторыі Храма і захаваць яе для малітвы і ахвяраваньня. Але ці так гэта? Марк ясна дае нам зразумець тое, што ўстаўляючы эпізод у Храме паміж дзьвума паловамі прыповесьці пра смакоўніцу, ён разглядае гэта як драматызаваную прыповесьць пра суд. Такім вось чынам, Ісус абвесьціў пра суд Божы як над Храмам, так і над усім, што ён сымбалізаваў у нацыянальным жыцьці Ізраіля.
Выказваньні Ісуса з прарокаў ёсьць ключом для абвінавачваньня Храма, бо цытуючы з Ісаі і Ераміі, Ісус дае напамін слухачам пра неадназначную ролю Храма з тых часоў, як яго пабудаваў Саламон. Храм ня можа стаць сапраўдным і адзіным, у поўным сэнсе гэтага слова, домам Бога жывога. Бог абяцаў дабраславіць Ізраіля праз Храм і зьвязаных з ім абяцаньняў, але паколькі Ізраіль уявіў тое, што дабраславеньне яму гарантавана і ператварыў Храм, разам з абяцаньнямі праз яго, у апраўданьне асабістай несправядлівасьці і амаральнасьці, дык суд павінен адбыцца і над самім Храмам. Менавіта пра гэта і ідзе гаворка ў словах Ераміі: «А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
Чаму гэта пячора разбойнікаў? Не таму што сюды некаторыя прыходзяць зарабіць нейкія грошы, а таму што Ізраіль увогуле злоўжываў сваім пакліканьнем стаць сьвятлом сьвету і перайшоў да жорсткай палітыцы, якая ня тое што не асьвятляла ўвесь сьвет, але, наадварот, была накірованай на ягоную асуду. Храм павінен быў сымбалізаваць знаходжаньне Бога з Ізраілем дзеля дабра для ўсяго сьвету, але гебраі арганізавалі служэньне такім чынам, што замест Божага дабраславеньня ўсім народам было прадэманстравана адчужэньне і адрыньваньне ўсіх ад Творцы. Храм і стаўся правадніком такой палітыкі, а папячыцелі Храма фанабэрыліся сваім багацьцем ды прыгняталі народ. І вось для яго, Храма, як да смакоўніцы, у Ісуса знаходзіцца толькі адно слова – асуда.
Як Ён паказаў гэтую асуду? Храм быў прызначаны для ахвярапрынашэньняў. Час ад часу веруючыя прыходзілі ў Храм, мянялі ў мяняльнікаў свае грошы на храмавыя манеты, куплялі жывёлаў і аддавалі сьвятарам, якія іх рэзалі і прыносілі належную частку Богу. Уся гэта сістэма ахвярапрынашэньняў, як і самое утрыманьне Храма, трымалася на гэтым абмене грошай і купле жывёлаў. Парушышы ж гэты працэс, няхай нават і на кароткі, але глыбока сымбалічны, момант, Ісус, Сваім учынкам, мацней за ўсякія словы, абвесціў: «Храм падлягае Божаму суду і сэнс ягонага існаваньня зьнік». Мы ж павінныя памятаць, што такога кшталту сымбалічныя дзеі абыходзяцца дорага. Ісус ідзе на гэты крок на вяршыне Свайго служэньня ацаленьняў, пропаведзі і іншых праяваў любові, каб весьці людзей у новае жыцьцё з Богам. І менавіта гэты ўчынак стаўся непасрэднай прычынаю Ягонай сьмерці.
«І калі стаіцё ў малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, дараваў вам грахі вашыя. Калі ж вы не даруеце, дык і Айцец ваш, Які ў небе, не даруе вам грахоў вашых». Ісус заклікае Сваіх пасьлядоўнікаў маліцца пра тое, каб цяперашні парадак зьмяніўся Божымі пастановамі. Ён відавочна выключае асабістую злосьць ці іншыя праявы агрэсіі, бо нават скідваючы сістэму, што перакруціла Божую задуму пра Ізраіля, Ён завершвае пропаведзь патрабаваньнем прабачэньня. Гэта і для ўсіх нас, бо толькі тыя, хто зразумее сэнс гэтых словаў, змогуць ад імя Ісуса выступіць супраць несправядлівасьці і зла нашага часу. І яшчэ. Няхай кожны чытач гэтага аповяда паводле Марка разумее гэтую гісторыю як ён хоча, але бачыцца тое, што літаральнае яе разуменьне можа выклікаць пэўныя цяжкасьці. Але, як бы гэтае не было, з яе можна ўсьвядоміць урок: бескарыснасьць цягне за сабою пагібель.
Мац 11:27-33
«І зноў прыходзяць у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у сьвятыні, падыйшлі да Яго першасьвятары, кніжнікі і старшыні, і гаварылі Яму: “Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе ўладу рабіць гэтае?” А Ісус, адказваючы, сказаў ім: “Спытаюся і Я ў вас адно слова, і вы адкажыце Мне, і Я вам скажу, якою ўладай Я раблю гэта. Хрышчэньне Яна з неба было ці ад людзей? Адкажыце Мне”. І яны разважалі між сабой, кажучы: “Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа: “Дык чаму тады не паверылі яму?” А сказаць: “Ад людзей”, баяліся натоўпу, бо ўсе мелі Яна за праўдзівага прарока. І, адказваючы, гавораць Ісусу: “Ня ведаем”. І Ісус, адказваючы, гаворыць ім: “І Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю”» (Мац 11:27-33).
Храм стагодзьдзямі займаўся сваім, даволі пасьпяховым, бізьнесам пад кіраўніцтвам першасьвятароў і падпарадкаваным ім іншых людзей. І вось раптам, зьяўляецца нейкі малады прарок з Галілеі і пачынае ўсталёўваць Свае парадкі ў Храме. І ўсе навокал прыслухоўваюцца да Яго. Дык кім Ён Сябе ўявіў? Хто навучыў Яго на тое, што Ён можа весьці Сябе падобным чынам?
Чытачам Марка адказ вядомы. Ісус – сапраўдны Валадар, памазаны ў хросьце і гэты Валадар мае ўладу над Храмам, які зьяўляўся камянём сутыкненьня для сьвятароў тых часоў. Чаму камянём сутыкненьня? Таму што ад часоў Саламона, калі і быў пабудаваны Храм, ён заўсёды быў цесна зьвязаным з валадарскай ўладаю. Ірад Вялікі кіраваў сьвятарамі, а зараз права прызначаць першасьвятароў і некаторыя іншыя паўнамоцтвы перайшлі да рымлянаў. І вось, у Ерусалім прыйшоў Ісус, як нечаканы але законны Валадар.
Зараз жа да Яго падыходзіць група выбраных сьвятароў і знаўцаў закону у складзе рабінаў, кніжнікаў і старшыняў, якія, безумоўна, былі пасланыя Сынедрыёнам, каб паставіць перад Ісусам простае пытаньне: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе ўладу рабіць гэтае?» Яны спадзяваліся паставіць Ісуса перад дылемай: калі Ён скажа, дзейнічае ад імя Сваёй улады, яны могуць Яго арыштаваць за манію велічы, каб Ён не нарабіў яшчэ чаго хужэйшага. Яны ж, увогуле, маглі арыштаваць Яго і тады, калі б Ён сказаў, што робіць гэта ўладаю Бога, абвінаваціўшы Яго ў блюзьнерстве і спасылаючыся на тое, што Бог ніколі ня дасьць нікому права парушаць супакой і чыніць непарадак у дварах дому Бога.
Ісус добра бачыў ды разумеў іхнюю задуму і таму Ягоны адказ паставіў іх перад яшчэ хужэйшай дылемай. Ён сказаў, што адкажа на іхняе пытаньне, калі яны адкажуць Яму на адно пытаньне: «Хрышчэньне Яна з неба было ці ад людзей?» Прадстаўнікі сынедрыёна павінныя былі выбіраць з двух вельмі непрыемных адказаў. Калі яны скажуць, што Янаў хрост мае боскі характар, дык адразу ж атрымаюць дадатковае пытаньне: «Чаму ж вы выступаеце супраць Мяне?» Калі б яны сказалі тое, што хрост Яна быў прадвызначаны Богам, Ісус нагадаў бы ім тое, што Ян паказваў людзям на Яго і таму ў Яго ўжо ёсьць нябеснае прызнаньне, і Яму не патрабуецца іншых паўнамоцтваў. Калі б пасланцы Сынедрыёна прызналі боскасьць дзейнасьці Яна, яны павінныя былі б прызнаць тое, што Ісус ёсьць Мэсіяй. Але яны разумелі і тое, што калі б яны прызналі хрост Яна дзеяньне чалавечым, дык мог бы адбыцца і бунт, бо людзі лічылі Яна за праўдзівага прарока. І таму яны былі вымушаны сказаць тое, што ня ведаюць на гэтае адказу, што, аўтаматычна, вызваляла Ісуса ад адказу на іхняе пытаньне.
Уся гэтая гісторыя ёсьць яркай ілюстрацыяй таго, што адбываецца з людзьмі, якія адмаўляюцца бачыць праўду. Яны вымушаныя выкручвацца ды падманваць і, у рэшце рэшт, самі апынаюцца ў бязвыходным становішчы. Той, хто не прызнае праўды, будзе яшчэ больш паглыбляцца ў безнадзейнасьць. Дык вось, пытаньне пра ўладу Ісуса, быццам бы бумеранг, вяртаецца з першых разьдзелаў аповяду Марка, калі Ягоная ўлада вельмі ўразіла галілейцаў. Зараз жа аўтарытэт, з якім Ён вучыў і аздараўляў, ператвараецца ў сьцьвярджаемую ўладу над галоўнай цьвярдыняй юдаізму. Дык кім жа Ён Сябе ўявіў? Менавіта так і думалі кіраўнікі Храма, і таму будзе хуткі шлях на допыт да першасьвятара, а ад яго – на Крыж.
Свидетельство о публикации №225122801620