Марк 12 1-44
Марк 12: 1-44
Мы ўжо казалі, што прыповесьць нельга разглядаць як алегорыю і што нельга шукаць сэнсу ў кожнай дэталі. Першапачаткова прыповесьці Ісуса былі прызначаныя не для чытаньня, але для пераказу, сэнс якіх быў заключаны ў тых думках, якія ўзьнікалі ў людзей пры першым слуханьні. Але гэтая прыповесьць зьяўляецца, у нейкім сэнсе, выключэньнем, бо гэта ёсьць гібрыдам алегорыі з прыповесьцю. Але, усё па парадку.
Марк 12:1-12
«І пачаў гаварыць да іх у прыповесьцях: “Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў. І паслаў у свой час да вінаградараў слугу, каб узяў у вінаградараў пладоў з вінаградніку. Яны ж, схапіўшы яго, зьбілі і выправілі ні з чым. І зноў паслаў да іх іншага слугу, і тому камянямі разьбілі галаву, і выправілі, зьняважыўшы. І зноў паслаў іншага, і яго забілі, і многіх іншых адных білі, другіх забівалі. Дык маючы яшчэ адзінага сына, улюбёнага свайго, урэшце паслаў і яго да іх, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”. Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Пойдзем, заб’ем яго, і нашаю будзе спадчына”. І, схапіўшы яго, забілі, і выкінулі з вінаградніку. Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і выгубіць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым. Няўжо вы не чыталі гэтага Пісаньня: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”. І шукалі схапіць Яго, але баяліся натоўпу, бо ведалі, што пра іх сказаў гэтую прыповесьць. І, пакінуўшы Яго, адыйшлі» (Мар 12:1-12).
Безвыніковая размова пасланцаў сынедрыёна з Ісусам ня скончылася, бо ён пачаў казаць ім прыповесьць і казаў гэта вобразамі, якія былі неад’емнай часткаю юдэйскага мысьленьня і творчасьці. Гаспадар вінаградніку – гэта Бог, а сам вінаграднік – гэта народ Ізраіля. Гэтая алегорыя была добра вядомай юдэям, бо менавіта з Ісаі былі ўзятымі некаторыя дэталі і выразы гэтай прыповесьці. Гэты вінаграднік быў добра ўладкаваны: абнесены агарожаю, які абараняў яго ад разбоўнікаў і дзікіх зьвяроў. Вінатока і вежа, якая выкарыстоўвалася для жыцья вінаградараў і назіраньня ад злодзеяў, былі складаючымі гэтага ўладкаваньня. Вінаградары сымбалізуюць кіраўнікоў Ізраіля на працягу ўсёй яго гісторыі. Слугі, якіх пасылае гаспадар вінаградніка сымбалізуюць прарокаў. Слуга ці раб Божы – гэта звычайныя тытулы. Так называлі Майсея і Давіда, а таксама і іншых прарокаў. Сын – гэта Сам Ісус. Слухачы, пад узьдзеяньнем моманту, маглі распазнаць усё гэта, бо ўсе гэтыя вобразы былі ім добра знаёмыя. Самая гэтая гісторыя ня ёсьць неверагоднай і адлюстроўвае сапраўдную сітуацыю. Гэтая прыповесьць вельмі зьмястоўная і ў ёй сказана пра Бога.
Мы бачым шчодрасьць Бога, бо вінаграднік мае ўсё неабходнае для забяспячэньня добрай працы. Бог шчодры ў жыцьці і ў сьвеце, які Ён даў людзям. Мы бачым давер Бога, Які даў вінаградарам самім весьці сваю справу. Бог давярае нам настолькі, што дае нам свабоду будаваць нашае жыцьцё па сваім меркаваньні. Мы бачым цярпеньне Бога. Неаднаразова гаспадар даваў вінаградарам магчымасьць заплаціць сваю пазыку. Ён праявіў да іх цярпеньне, якое яны не заслугоўвалі. Мы бачым пра канчатковае правасудзьдзе Бога. Людзі, магчыма, карыстаюцца Божым цярпеньнем, але, у рэшце рэшт, адбудзецца правасудзьдзе і справядлівасьць. Бог можа доўга мірыцца з непадпарадкаваньнем, але потым Ён дзейнічае.
У прыповесьці сказана і пра Ісуса, які лічыў Сябе не слугой, але Сынам Божым. Ісус сьвядома адасабляе Сябе ад прарокаў. Яны былі слугамі, але Ён – Сынам, а значыць – Мэсіяй. З прыповесьці зразумела тое, што Ён павінен будзе памерці і Ісус ведаў гэта, але ўсё ж ішоў наперад і ў гэтым ёсьць веліч Ягонай мужнасьці. Сказана тут і пра чалавека, які думае тое, што можа чыніць супраць волі Божай і застацца непакараным. Людзі намагаюцца сьпекуляваць на сваёй свабодзе і цярплівасьці Бога, але дзень адплаты абавязкова прыйдзе. Калі чалавек адмовіцца ад сваіх абавязкаў і адказнасьці за іх, яны пяройдуць да іншага. Прыповесьць і дае ўяўленьне далейшага разьвіціця гісторыі: адхіленьне юдэяў і пераход іхніх перавагаў ды адказнасьці да паганаў.
«Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых». Ісус завяршае прыповесьць вытрымкай з Псальма 117, які ўзбуджаныя пілігрымы пелі некалькі дзён таму, сустракаючы Ісуса на асьляняці, пры ўваходзе ў Ерусалім. Менавіта тут і згадваецца гэтая будаўнічая дэталь, якой і вызначаўся Храм, бо гэты камень ні на які іншы не падобны, як толькі ў зводзе вугла ці ў цэнтры аркі. Гэты вобраз і патрабаваўся Ісусу, каб падкрэсьліць тое, што Ён павінен выканаць і які не падыходзіць ні да якога іншага «будынку» і будзе адкінута «будаўнікамі, у якіх свае асабістыя інтарэсы». І ня дзіўна тое, што першасьвятары, якія асьцерагаюцца згубіць уладу, зараз намагаюцца пазбавіцца ад Ісуса. Мы ж бачым, што з дапамогаю гэтай прыповесьці Марк вядзе нас ад ачышчэньня Храма да арышту, суду і сьмерці Ісуса.
Мар 12:13-17
«І пасылаюць да Яго некаторых з фарысэяў і ірадыянаў, каб злавіць Яго на слове. Яны, прыйшоўшы, гавораць Яму: “Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на абліччы людзей, але шляху Божаму паводле праўды навучаеш. Ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?” А Ён, ведаючы крывадушнасьць іхнюю, сказаў ім: “Чаму Мяне спакушаеце? Прынясіце Мне дынар, каб Я пабачыў”. Яны прынесьлі. І гаворыць ім: “Чый гэта вобраз і надпіс?” Яны сказалі Яму: “Цэзараў”. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а што Божае, — Богу”. І зьдзіўляліся з Яго» (Мар 12:13-17).
Неабходнасьць плаціць падаткі Рыму заўсёды раздражняла юдэяў. Яны плацілі мясцовыя падаткі і падаткі на Храм, але вось яшчэ трэба было плаціць рымскаму цэзару. Народ Божы ня мае палітычнай свабоды і на іхняй тэрыторыі ходзяць рымскія грошы з выяваю імператара. Сам гэты дынар зьневажаў рэлігійныя пачуцьці юдэяў, бо ніякіх выяваў на манетах не павінна было быць, але з дынара холадна і пагардліва глядзеў на ўсіх Тыберый. А якія надпісы на дынары? З аднога боку стаяў надпіс на латыні: «Тыберый Аўгуст, сын боскага Аўгуста», а з другога: «Першасьвятар рымскага народу». Складаецца ўражаньне на тое, што калі б рымляне хацелі мэтанакіравана абразіць юдэяў, дык гэта ў іх добра атрымалася. І вось Марк паказвае ўвесь гэты трагізм і іронію, калі Ісус, сапраўдны Валадар і Сын Божы стаіць у Храме, які эксплуатуецца першасьвятарамі.
Дык вось, Ісусу было пастаўлена даволі правакацыйнае пытаньне. Фарысэі і ірадыяне пачалі з лісьлівасьці, каб расьсеяць увагу Ісуса і ня даць Яму магчымасьці ўхіліцца ад адказу. У сьвятле гэтых абставінаў можна сказаць тое, што пытаньне ад фарысэяў і ірадыянаў ўяўляла сабою дасканалы ўзор падступства. Яны былі ўпэўненымі ў тым, што паставілі Ісуса перад неабходнасьцю выбіраць любое з двух адмоўных адказаў. Калі Ён скажа тое, што абавязкова трэба плаціць падатак, дык Ён згубіць аўтарытэт сярод народу, які яўна палічыць Ісуса здраднікам. Калі ж Ён скажа тое, што гэтага ня трэба рабіць, дык вельмі хутка Ісуса арыштуюць самі рымляне. Бачыцца тое, што фарысэі ды ірадыяне былі ўпэўненымі ў тым, што падгатавалі Ісусу пастку, з якой выйсьця не праглядаецца.
«Чаму Мяне спакушаеце? Прынясіце Мне дынар, каб Я пабачыў». Дык вось, перад Ісусам было пастаўлена пытаньне рэлігійнай накіраванасьці. Многіх юдэяў рымскія манеты шакавалі настолькі, што яны ігнаравалі іх, не беручы гэтыя грошы нават і ў рукі, а некаторыя юдэі не лічылі патрэбным нават і глядзець на іх. Калі ж Ісус просіць прынясьці да Яго дынар, Ён не абвяшчае пра тое, што ніколі ня ўзяў бы у рукі нешча падобнае, але ставіць фарысэяў і ірадыянаў у вельмі нязручнае становішча, бо хто хто, а яны дакладна ведаюць, дзе гэтую самую рымскую манету ўзяць.
«Аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а што Божае, — Богу». Перад гэтым Ён запытаў: «Чый гэта вобраз і надпіс?» і атрымаўшы адказ, сваім адказам цалкам разьбіў усе хітрыкі фарысэяў і ірадыянаў. Але, каб зразумець глыбей словы Ісуса, трэба перанесьці свой позірк на дзьвесьці гадоў у ранейшы час, калі Макабэі ўзьнялі паўстаньне супраць Сірыі пад лозунгам: «Аддайце паганам іхнюю адплату і выконваеце закон!» Так вось адзінай фразай вызначыўся абавязак гебраяў перад Богам у адносінаў да паганаў. Першая частка гэтага закліку, па сутнасьці азначала: «Што атрымліваеце ад іх, тое і вяртайце». Іншымі словамі, гэта быў заклік да помсты: адплаціць паганам гвалтам на гвалт. Але Ісус не жадае гвалтоўнага бунту і Ягоны Мэсіянскі рух кранае больш глыбокае зло, ніж паганская акупацыя сама па сабе. Адказ Ісуса можна разглядаць, як разумную параду: «Так, плаціце падаткі», але ня трэба да гэтага дадаваць, што гэта можа разглядацца, як прызнаньне рымлянаў сваімі гаспадарамі. І паколькі Ісус завойстрыў увагу на вобраз і надпіс, Ягоныя словы набываюць адценьне грэблівых: «Вярніце гэтую мярзоту тым, ад каго яны і зыходзіць». Адказ Ісуса ёсьць узорам, які захоўвае нацыянальную гордасьць і не падвяргае Ісуса небясьпецы з боку ўладаў.
Словы ж Ісуса аддаваць Богу тое, што Божае, таксама выклікаюць шэраг пытаньняў. Ці жадаў Ён сказаць гэтым, што людзі створаны на вобраз Божы і таму павінныя аддаваць Богу саміх сябе і сваё жыцьцё, як тыя падаткі цэзару ў выглядзе рымскіх дынараў? Ці казаў Ён у Храме тое, што сістэма ахвярапрынашэньняў з мэтаю аддаць належнае Богу, будзе адмененай і замененай больш дасканалым служэньнем? Ці казаў Ён і тое, што калі аддаць сябе цалкам Богу, дык выявіцца, што ўжываньне гвалту супраць гвалту, супраціву злом супраць зла не працуе? Бачыцца тое, што Ісус меў усё гэта наўвазе, ды магчыма і ня толькі гэта. Наогул, гебрайская думка, як потым і хрысьціянская, разглядала сьвет у цэлым ды ўсё што ў ім, як стварэньне адзінага Бога, а таму ўсе асьпекты гэтага сьвету падпарадкаваныя толькі Ягонай уладзе.
Трэба заўважыць і тое, што мы ня знойдзем у гэтых словах вычарпальнай хрысьціянскай праўды па пытаньнях узаемаадносінаў рэлігіі і грамадзтва ці Царквы і дзяржавы. Гэта быў кароткі ды з’едлівы адказ у дачыненьні да канкрэтнага выпадку. Але ўсё, сказанае Ісусам патрабуе глыбокага асэнсаваньня. Божае Валадарства выходзіць за вузкія межы альтэрнатыўных патаньняў, якія наровяць задаць мудрагелістыя людзі, нават і з лісьлівасьцю, як у дадзеным выпадку. Бог дае нам мудрасьць унікнуць у сутнасьць рэчаў і цалкам аддаць сябе свайму сапраўднаму Богу і Валадару.
Мац 12:18-27
«І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы: “Настаўнік, Майсей напісаў нам: “Калі памрэ нечый брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны мае ўзяць жонку яго і аднавіць насеньне брату свайму”. Было сем братоў, і першы ўзяў жонку, і, паміраючы, не пакінуў насеньня. І другі ўзяў яе, і памёр, і не пакінуў насеньня, і трэці гэтак сама. І бралі яе сямёра, і не пакінулі насеньня. Пасьля ўсіх памерла і жанчына. Дык пры ўваскрасеньні, калі яны ўваскрэснуць, якога з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку”. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: “Ці ж не таму вы памыляецеся, што ня ведаеце ані Пісаньня, ані моцы Божай? Бо калі ўвасрэснуць з мёртвых, ня будуць ані жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы, якія ў небе. А пра мёртвых, што яны ўстануць, ці ж вы не чыталі ў кнізе Майсея, як Бог з куста сказаў да яго, кажучы: “Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба?” Ён ня ёсьць Бог мёртвых, але Бог жывых! Таму вы моцна памыляецеся» (Мац 12:18-27).
Садукеі, эліта гебрайскага сьвятарства, не прызнавалі ўваскрасеньня. Яны не складалі вялікай партыі сярод юдэяў, але гэта былі багатыя людзі з арыстакратаў, куды, дарэчы, уваходзілі і сьвятары. Першасьвятарамі, як правіла, станавіліся садукеі і паколькі гэта былі заможныя людзі, яны, захоўваючы свае багацьці, і былі гатовымі супрацоўнічаць з рымлянамі ў кіраваньні краінай. У некаторых пытаньнях яны вельмі адрозьніваліся ад фарысэяў. Яны надавалі ўвагу толькі пяці кнігам Майсея і не прызнавалі ўсёй той масы законаў традыцыйнага вуснага права, якое прапаведвалі фарысэі. І, па другое, садукеі ня верылі ні ў бессьмяротнасьць, ні ў д’ябла, ні ў анёлаў, бо пяць кнігаў Майсея пра гэта не казалі.
На гэтай падставе садукеі і падыйшлі да Ісуса з пытаньнем, які павінен быў абсьмяяць веру ў васкрасеньне. У гебрайскім законе існавала норма пад назвай левірат, якая выкладзена ў Другім Законе 25:5-10, прыклад якой і даводзяць да Ісуса садукеі. Пытаньне садукеяў пра сем братоў было, безумоўна, перабольшваньнем, але грунтавалася на законе Майсея. Садукеям падавалася тое, што, паставіўшы гэтае пытаньне такім чынам, яны выставілі ўсю ідэю ўваскрасеньня ў вельмі сьмешным сьвятле. Мы бачым адказ Ісуса даволі рэзкім, бо Ён абвінавачвае садукеяў у няведаньні Пісанья і сапраўднай сілы Божай.
Адказ Ісуса падзяляецца на дзьве часткі. Першая частка гэтага адказу кранае прынцып уваскрасеньня, калі Ісус кажа тое, што пасьля ўваскрасеньня старыя фізічныя законы ўжо ня будуць дзейнічаць. Уваскросшыя падобныя на анёлаў без усякіх фізічных і матэрыяльных праблемаў, а шлюб і шлюбныя адносіны ня маюць да гэтага ніякага дачыненьня. Далейшае тычыцца самога факту ўваскрасеньня. Ісус бярэ Свой доказ з Пяцікніжжа, якое садукеі вельмі шанавалі і, пры гэтым, сьцьвярджалі тое, што ў ім няма ніякіх сьведчаньняў пра бессьмяротнасьць. Але Ісус дае ім такі доказ. У кнізе Выхад 3:6 Бог кажа тое, што Ён ёсьць Бог Абрагама, Ісаака і Якуба. Калі Бог нават і зараз ёсьць Богам патрыярхаў, дык гэта азначае тое, што яны і зараз павінныя быць жывымі, бо Бог жывы і павінен быць Богам жывых, але ня мёртвых. А калі патрыярхі жывыя, дык і факт уваскрасеньня даказаны. Ісус адбіў напад садукеяў. І хаця закранутае ў гэтым урыўке пытаньне, магчыма, далёкае ад нашага разуменьня, у ім, як бачыцца, выкладзены некалькі вельмі каштоўных рэчаў.
Садукеі памыляліся, калі ўяўлялі нябёсы, як зямлю. Людзі заўсёды рабілі так. Многія народы ўяўлялі сабе нябёсы так, як ім гэтага вельмі хацелася, але, абавязкова, з усімі атрыбутамі зямнога фізічнага жыцьця. Але давайце паслухаем апостала Паўла, які, зьвяртаючыся да карынцянаў і спасылаючыся на Ісаю, казаў ім наступнае: «Ня бачыла таго вока і ня чула вуха, і ня ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што тым Бог падрыхтаваў, хто любіць Яго». Сапраўды, жыцьцё нябеснае будзе нашмат больш велічным і грандыёзным, чым мы можам сабе ўявіць.
Па словах Ісуса, уваскрасеньне не азначае паўтор усіх бакоў чалавечай прыроды. Мы набываем цялеснае і зразумелае чалавечае быцьцё, але адбудуцца таксама і істоныя перамены, пра сапраўдную прыроду мы можам толькі здагадвацца. Калі Ісус кажа садукеям пра Абрагама, Ісаака і Якуба, дык зусім не настойвае на тым, што яны зараз жывыя і знаходзяцца ў прысутнасьці Бога. Сутнасьць жа ў тым, што зараз яны «мёртвыя», але паколькі Бог адкрывае Сябе ў якасьці іхняга Бога, дык зразумела тое, што Ён мае намер уваскрасіць іх у будучым. Бо што ёсьць для Бога час, калі Ён знаходзіцца па-за ім.
Дык вось, уваскрасеньне ня ёсць нейкім эўфемізмам сьмерці, бо гэта нешта новае, процілеглае сьмерці – новае цела, якое дае Бог чалавеку ў новым сьвеце. Вера ў уваскрасеньне азначае ня толькі спадзяваньне на нашую будучую лепшую долю – яна надае каштоўнасьць і цяперашняму створанаму Богам сьвету: што Бог стварыў, Ён зьменіць і адновіць.
Мар 12:28-34
«І адзін з кніжнікаў, падыйшоўшы і пачуўшы, як яны пыталіся, і бачачы, што добра ім адказаў, спытаўся ў Яго: “Якое першае з усіх прыказаньняў?” Ісус адказаў яму: “Першае з усіх прыказаньняў: “Слухай, Ізраіль! Госпад, Бог наш — Госпад адзіны”, і: “Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім разуменьнем тваім і ўсёю моцаю тваёю”. І другое, падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго як самога сябе”. Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма”. І сказаў Яму кніжнік: “Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага апрача Яго, і любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душою ды ўсёю моцаю, і любіць бліжняга як самога сябе больш, чым усе цэласпаленьні і ахвяры”. І Ісус, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: “Недалёка ты ад Валадарства Божага”. І ніхто ўжо болей не адважваўся пытацца ў Яго» (Мар 12:28-34).
Кніжнікі і садукеі не паважалі адзін аднога. Чаму? Задача і праца кніжнікаў складалася з тлумачэньня закону ды ягоных шматлікіх нормаў і правілаў. Працай кніжнікаў было веданьне і прымяненьне традыцыйнага непісанага права, у той час, як садукеі наогул не прызнавалі гэтае традыцыйнае права. Бачыцца тое, што кніжнікаў парадавала параза садукеяў і яны зьвярнуліся да Ісуса з пытаньнем, якое часта дыскутавалася ў школах рабінаў. У тагачасным юдаізьме існавала войстрая дыскусія: з аднога боку пашырыць закон да сотняў ці тысячаў нормаў і правілаў, а з другога боку – звесьці ўвесь закон у адно агульнае становішча, нейкім чынам сьцісла сфармуляваць усё веравучэньне.
«Якое першае з усіх прыказаньняў?» Такое вось пытаньне паставіў перад Ісусам кніжнік, знаўца права і, як бачыцца, удзельнік войстрай дыскусіі сярод кніжнікаў. Якая запаведзь найбольш важная ў вялікай колькасьці гебрайскага закона? На чым заснаваны выбар і як быць з усім астатнім? А астатняга было нямала. Вялікі рабін Шамай, ня ў прыклад «творчасьці» кніжнікаў, вучыў таму, што Майсей атрымаў на гары Сынай 613 настаўленьняў і ўказаньняў: 365 – па колькасьці дзён у годзе і 248 – па колькасьці пакаленьняў людзей. Дык што ж вынікае з гэтага пытаньня кніжніка?
Гаворка тут ідзе ня толькі пра пабудову нейкага «кодэкса асабістай этыкі», але ёсьць тут і іншыя асьпекты. Гебрайскі закон заснаваны на пакланеньні Богу і любові да Яго, таму што чалавек, створаны па Божаму вобразу, цалкам знаходзіць сябе толькі ў любові і пакланеньні Таму, чый вобраз ён носіць. Паўмеры недапушчальныя, бо сэрца, душа і розум – усе бакі чалавечага жыцьця – павінныя цалкам удзельнічаць у служэньні адзінаму і сапраўднаму Богу. Усё тое, што мы робім, трэба рабіць у імя Бога і калі б мы былі здольнымі так пражыць хоць адзін дзень, дык Валадарства Божае настала б на зямлі, як і на небе. Ісус кажа, што дзякуючы Яго служэньню і місіі Валадарства, гэтая запаведзь зараз даступная і для нас.
Кніжнік прасіў Ісуса паказаць яму толькі галоўную запаведзь, а Ён прыяднаў да яе другую, вельмі важную для ўсёй Ягонай місіі: «Любі бліжняга свайго як самога сябе». Гэта не азначае любіць бліжняга больш за сябе ці замест сябе, але ўсім людзям мы павінныя выказваць той жа клопат і павагу, як і самім сябе. Калі б людзі жылі згодна гэтай запаведзі, самыя цяжкія праблемы вырашаліся б за адзін дзень. Ісус настойвае на тым, што Ягоная місія па стварэньню Валадарства зрабіла выканьне гэтай запаведзі магчымым. Ён патрабуе, каб Ягоныя пасьлядоўнікі жылі па гэтай запаведзі, таму што Бог цяпер выконвае даўняе абяцаньне аднавіць сэрцы людзей.
І вось выснова, вельмі важная для ўсяго Ерусалімскага эпізоду, які паказаў нам Марк. Кніжнік, падумаўшы над адказам Ісуса, сам зрабіў гэтую выснову, якую Ісус не казаў услых, але якую ён меў наўвазе: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага апрача Яго, і любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душою ды ўсёю моцаю, і любіць бліжняга як самога сябе больш, чым усе цэласпаленьні і ахвяры». Кніжнік ухапіў гэтую думку і пагадзіўся з ёй, прыняўшы пахвалу ад Ісуса: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». Гэты кніжнік узьняўся над сваімі сучасьнікамі і таму заслужыў павагу Ісуса. Бачыцца тое, што ў вачах Ісуса сьвяцілася любоў, калі Ён казаў гэтаму кніжніку: «Ты пайшоў далёка. Можа быць і так, што ты пойдзеш яшчэ далей і прыймеш Мой вобраз думак і дзеяньняў. Тады ты будзеш сапраўдным грамадзянінам Божага Валадарства».
Мар 12:35-44
«І, адказваючы, гаварыў Ісус, навучаючы ў сьвятыні: “Чаму кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда? Бо сам Давід сказаў праз Духа Сьвятога: “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”. Сам Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — сын ягоны?” І вялізарны натоўп з ахвотай слухаў Яго. І гаварыў ім у навуцы Сваёй: “Паглядзіце на кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах і прывітаньні на рынку, і першыя месцы ў сынагогах, і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах, якія аб’ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд”. І Ісус, сеўшы насупраць скарбніцы, глядзеў, як натоўп кідае медзь у скарбніцу. І многія багатыя кідалі шмат. І, прыйшоўшы, адна ўбогая ўдава кінула дзьве лепты, гэта значыць кадрант. І, паклікаўшы вучняў Сваіх, Ён гаворыць ім: “Сапраўды кажу вам, што гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбніцу. Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а яна з нястачы сваёй укінула ўсё, што мела, усё сваё ўтрыманьне» (Мар 12:35-44).
Гэты ўрывак ад Марка ня ёсьць лёгкім для разуменьня, але для натоўпу ў Храме не было нічога незразумелага і цяжкага, бо людзі былі добра знаёмымі з гэтым спосабам спрачацца, выкарыстоўваючы Пісаньне. У тыя часы юдэі лічылі тое, што ўсё псальмы, ці іх большасьць, напісаныя валадаром Давідам. Яны таксама лічылі тое, што ў гэтым псальме гаворка ідзе пра будучага Мэсію, а валадар Давід называе Будучага сваім Госпадам. Вось таму Ісус і задае пытаньне пра тое, як мог валадар Давід зьвяртацца да тытулу Госпада - да таго Хто, быццам бы, быў ягоным сынам? Што гэтым хоча сказаць Ісус? Сын Давідаў – гэта быў самым тыповым, з усіх, тытулаў Мэсіі. Юдэі заўсёды чакалі ад Бога збаўцу, які павінен быў быць з роду валадара Давіда. Гэтым тытулам людзі часта сустракалі Ісуса і былі ўпэўненымі ў тым, што Ісус сапраўды быў сынам валадара Давіда. Зьвесткі гэтага, дарэчы, сутракаюцца ў-ва ўсім Новым Запавеце. Радаводы ў Мацьвея і Лукі паказваюць тое, што Ісус сапраўды паходзіць з роду валадара Давіда. Ісус не адмаўляе таго, што Мэсія ёсьць сынам валадара Давіда, але ёсьць і Госпадам Давіда. А што людзі?
Уся праблема заключаецца ў тым, што тытул Сына Давідавага сталі зьвязваць з ідэяй пра пераможнага Мэсію, палітычнымі і нацыяналістычнымі ідэямі, мэтамі ды памкненьнямі. Ісус жа кажа пра тое, што тытул сына Давіда, як яго разумеюць іншыя, недарэчны ў адносінах да Яго, тама што Ён ёсьць Госпадам. Ісус пры гэтым кажа тое, што Ён не прыйшоў шукаць для Сябе зямнога валадарства, але прынесьці людзям Бога. Ён хоча вызваліць людзей ад іхняга ўяўленьня пра пераможнага Мэсію, які павінен заснаваць зямное валадарства. Ён хоча ўкласьці ім думку пра Мэсію, слузе Божым, Які прынясе людзям Божую любоў.
Далей Ісус, вельмі нечакана, пераходзіць ад тэалагічных разважаньняў да абвінавачваньня кніжнікаў. Але чаму ёсьць такі рэзкі пераход у аповядзе ад Марка? Дасьледчыкі зьвязваюць гэта з няўдалым падзелам тэкста Эвангельля на вершы, спасылаючыся, пры гэтым, на архіепіскапа Кентэберыйскага Стэфана Лангтона, які займаўся гэтым у 13 стагодзьдзі. Але ёсьць тое, што ёсьць і мы вяртаемся да словаў Ісуса: «Паглядзіце на кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах і пры вітаньні на рынку, і першыя месцы ў сынагогах, і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах, якія аб’ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд». Кніжнікі любілі хадзіць у доўгіх шатах, якія цягнуліся па зямлі. Магчыма гэта былі шаты з доўгімі пэндзьлямі ўнізе, як паказчык важнага чалавека таго часу. Магчыма і вельмі нават. Так і рабілі фарысэі, каб падкрэсьліць сваё асаблівае становішча і каб прывабіць сябе на рынкавай плошчы. Таксама ж яны любілі сядзець на пачэсных месцах у сынагозе ды і іншых мерапрыемствах. Любілі яны і тое, каб людзі абавязкова віталі іх у прысутных месцах паважліва да з шанаваньнем.
Яны аб’ядалі дамы ўдоваў. Гэта вельмі сур’ёзнае абвінавачваньне ў бок фарысэяў і кніжнікаў. Гебрайскі гісторык Язэп Флаві, фарысэй па паходжаньню, добра ведаў гэтыя падманныя дзеі з боку фарысэяў ды кніжнікаў, якія, выдаючы сябе за найлепшых знаўцаў закону, падманным чынам выманьвалі ад удоваў грошы на сваё ўтрыманьне. Таксама і з доўгімі малітвамі, якія складаліся такім лоўкім чынам, што былі накірованы не да Бога, але да чалавека, каб узьдзейнічаць на яго для сваёй карысьці. Больш таго, яны, гэтыя малітвы, прамаўляліся ў прысутных месцах, каб усе маглі пабачыць тое, якія, прамаўляючыя гэтыя малітвы, глыбока веруючыя людзі. Гэта і да ўсіх нас, бо малітва, таксама і доўгая, павінна быць зьвернутай, у сардэчнай шчырасьці, да Бога. А калі ня так, дык куды нас завядзе крывадушнасьць?
«Сапраўды кажу вам, што гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбніцу. Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а яна з нястачы сваёй укінула ўсё, што мела, усё сваё ўтрыманьне». Паміж дваром паганаў і дваром жанчынаў знаходзілася прыгожая брама, дзе, як бачыцца, і супыніўся Ісус, каб хоць крышку адпачнуць ад папярэдніх дыялогаў. На двары жанчынаў стаялі трынаццаць скарбонак для ахвяраваньняў на розныя патрэбы храма. Многія прыходзілі сюды, кідаючы ў скарбніцу даволі значныя грошы. Але вось прыйшла бедная ўдава, якая кінула ў скарбніцу дзьве лепты, дробнай манеты коштам у 1/124 дынара. Ісус жа выказаўся на тое, што гэтая ўдава ахвяравала больш за ўсіх астатніх, бо аддала ўсё сваё ўтрыманьне. І гэта ёсьць урок усім нам на тое, якім павінна быць ахвяраваньне Госпаду. Гэта вялікая падтрымка для тых, у каго вельмі мала грашовых ці матэрыяльных сродкаў, але ёсьць вялікае жаданьне ахвяраваць Богу.
Зьдзіўляе ж у гэтай гісторыі тое, што ўсе мы можам захапляцца ўдавою і пагаджацца з думкаю Ісуса, але мы, у пераважнай большасьці, не пераймаем прыкладу гэтай жанчыны. Калі б мы сапраўды верылі ў тое, у што мы, па нашых словах, верым, дык мы б зрабілі тое ж самае, што і ўдава. У гэтым ахвяраваньні яна выказала сваю ўпэўненасьць у тым, што ўсё прыналежыць Госпаду і што Ён дастойны ўсяго, што ёсьць у гэтым сьвеце. Не сакрэт і тое, што сярод сучасных хрысьціянаў ёсьць шмат такіх, хто крытыкуе гэтую ўдаву за тое, што яна не паклапацілася пра сваю бліжэйшую будучыню. Дык што ж, яе ўчынак кажа пра адсутнасьць прадбачлівасьці і разважлівасьці? Так, з гэтым многія пагадзяцца. Але жыцьцё веры ў тым і ёсьць, каб аддаваць усё на Божую справу зараз, давяраючы Яму будучыню. Ці Ён не абяцаў паклапаціцца пра тых, хто, перш за ўсё, шукае Божага Валадарства і Ягонай праведнасьці? Няхай кожны разважыць пра гэтае сам і зробіць асабістую выснову з гэтага самага дасканалага ахвяраваньня ў сьвеце.
Свидетельство о публикации №225122801813