Марк 13 1-37

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА


Мар 13:1-37

Трынаццаты разьдзел аповяду Марка ёсьць адной з самай цяжкай для разуменьня сучаснага чытача, бо, гэты разьдзел насычаны тагачасным мысьленьнем юдэяў. Ісус выкарыстоўвае ў ім асацыяцыі, вобразы і паняцьці, якія былі добра вядомымі юдэям таго часу, але якія падаюцца дзіўнымі сучаснаму чалавеку. Але, тым ня меньш, мы ня можам ігнараваць гэта, бо ўсё гэта кажа пра Другое прышэсьце Хрыста. Гэта вельмі няпростае пытаньне і стараннае вывучэньне гэтага разьдзелу дазволіць нам выпрацаваць правільны погляд на гэтую праблему.

Мар 13:1-13
«І калі выходзіў Ён са сьвятыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Ягоных: “Настаўнік, паглядзі, якія камяні ды якія пабудовы!” А Ісус, адказваючы, сказаў яму: “Бачыш усе гэтыя вялізарныя пабудовы? Не застанецца камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны”. І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў Яго насамоце Пётр, і Якуб, і Ян, і Андрэй: “Скажы нам, калі гэта станецца, і які знак, калі ўсё гэта мае скончыцца?” Ісус, адказваючы ім, пачаў гаварыць: “Глядзіце, каб вас хто не падмануў. Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх падмануць. А калі пачуеце пра войны і чуткі ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца, але гэта яшчэ не канец. Бо паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства, і будуць месцамі землятрусы, і будуць голад і замяшаньні. Гэта пачатак мукаў радзін. Глядзіце ж і вы самі, бо будуць вас выдаваць у сынэдрыёны і біць у сынагогах, і будзеце пастаўленыя перад ваяводамі і валадарамі дзеля Мяне на сьведчаньне ім. І ўсім народам павінна спачатку быць абвешчана Эвангельле. І калі павядуць вас, каб выдаць, не клапаціцеся наперад, што маеце гаварыць, і не абдумвайце, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое кажыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына; і дзеці паўстануць супраць бацькоў і будуць забіваць іх, і будзеце вы ў нянавісьці ў-ва ўсіх дзеля імя Майго. Але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены» (Мар 13:1-13).

Адбудованы Ірадам Вялікім храм лічыўся адным з цудаў сьвету, але, пры жыцьці Ісуса, ня быў яшчэ да канца дабудаваным. Можна вельмі працяглы час апісваць розныя часткі і шматлікія дэталі пабудовы храма, але зьвярнемся да тагачаснага юдэйскага гісторыка Язэпа Флавія, які паказаў тое, што бачылі тагачасныя людзі: «Фасад храма, яго пярэднюю сцяну, мусіць, нельга было ўпрыгожыць яшчэ чым-небудзь, каб яшчэ больш уражвала позірк. Храм быў запар пакрыты цяжкімі залатымі лістамі, і з першымі промнямі сонца ён зьзяў вогненым бляскам і прымушаў людзей, якія намагаліся глядзець на яго, адводзіць вочы, як ад промняў самога сонца. Але для тых, хто бачыў яго ўпершыню здалёк, ён здаваўся як бы сьнежнай вяршыняй, таму што тыя яго часткі, што не былі пакрытыя залатымі лістамі, былі асляпляльна белымі… Камяні — некаторыя з іх былі ў 45 локцяў у даўжыню, пяць локцяў у вышыню і шэсць у шырыню». Трэба да гэтага дадаць тое, што 1 локаць роўны 45 см. І вось гэтае зьзяньне і бляск вельмі ўразілі вучняў Ісуса, як дасягненьне вяршыні чалавечых дасягненьняў. Ён быў настолькі вялікім і моцным, што, падавалася, будзе стаяць вечна. Але Ісус бачыў той дзень, калі ад яго не застанецца нічога. Але калі гэта станецца? І на пытаньне зьдзіўленых вучняў, яны пачулі і дзіўны адказ.

«Глядзіце, каб вас хто не падмануў. Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх падмануць. А калі пачуеце пра войны і чуткі ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца, але гэта яшчэ не канец». Адказваючы на пытаньне вучняў Ісус дае ім ня столькі непасрэдны адказ, колькі накірунак іхніх думак. Ён, як і раней, не дае ім канкрэтнай прывязцы да часу для гэтых падзеяў, якія знаходзяцца ў-ва ўладзе Айца. Але Ісус папярэджвае вучняў пра тое, што сапраўды трэба было ведаць – якія падзеі адбудуцца ў даволі хуткім часе. Марк як бы зводзіць усё разам пра будучыню, але гэтыя выказваньні Ісуса кранаюць розныя асьпекты жыцьця. Якія ж?

Прароцтва пра разбурэньне Ерусаліма. Ісус прадбачыў гэта, што і адбылося ў 70 годзе, калі Ерусалім быў захопленым рымскім войскам, а храм быў разбураны цалкам.
Папярэджаньне пра будучы перасьлед пасьлядоўнікаў Хрыста, якія маюць пацярпець за веру і сьведчаньне пра Ісуса.

Папярэджаньне пра жахі і небясьпекі апошніх дзён, а Ісус бачыў тое, што прыйдуць людзі, якія будуць перакручваць хрысьціянскую веру. Гэта непазьбежна павінна было здарыцца, бо Ісус, добра ведаючы людзей, бачыў тое, што яны аддаюць перавагу сваім ганарлівым пачуцьцям, чым прыслухоўваюцца да голасу Бога. Мэта Ісуса і была ў тым, каб загадзьдзя абараніць Сваіх пасьлядоўнікаў ад герэтычнай ілжы, якая пранікае ў Царкву.

Папярэджаньне пра Другое прышэсьце, як дня Госпада, што было вельмі неабходным, бо ніхто ня мог ведаць, калі і як сапраўды гэта адбудзецца, бо можам уяўляць сабе гэта толькі з намалёваных словам карцінаў прарокаў.

Папярэджаньне быць да гэтага гатовымі. Калі людзі жывуць пад знакам вечнасьці, калі яны чакаюць умяшальніцтва Бога, калі яны чакаюць Другога прышэсьця і калі адзін Бог ведае пра гэты час, дык, у такім выпадку, неабходна быць у кожнадзённай гатоўнасьці.

Падсумоўваючы словы Ісуса ад Марка, мы разумеем тое, што Ісус заклікае вучняў, пасьля таго як пакіне іх, навучыцца цярпеньню. Ілжэпрарокі, жахлівыя чуткі, прыродныя катастрофы будуць выклікаць панічныя настроі, але трэба ім процістаяць, бо гэта толькі пачатак мукаў радзін. Ягоныя пасьлядоўнікі будуць жыць у тым месцы і ў той час, дзе сыходзяцца замысел Бога і зло гэтага сьвету, а таму безумоўна і тое, што яны на сабе адчуюць гэтыя мукі. Хутка і будзе гэтага пачатак, калі Нэрон распачне першы перасьлед хрысьціянаў па ўсёй імперыі за пажар у Рыме. Вынікам якога, дарэчы, сталася сьмяротнае пакараньне апостала Паўла. Пасьля ж мы ўбачым і рзбурэньне храма ў Ерусаліме. Настаўленьне Ісуса накірована і да ўсіх нас, бо і нам патрабуецца цярпеньне, каб трымацца да самога канца, бо калі няма непасрэднай пагрозы перасьледу, дык існуе пагроза страціць вернасьць Ісусу і вырашыць тое, што Валадарства Божае ёсьць добрай, цудоўнай ды непазьбежнай казкай. Але зноў і зноў мы павінны бачыць загрозы гэтага сьвету, будучы цярплівымі і разумеючымі тое, што гэта зусім не па характару існуючаму сьвету.

Мар 13:14-27
«А калі ўбачыце агіду спусташэньня, як сказана праз Данііла прарока, што стане там, дзе не павінна, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, а хто на даху, няхай не зыходзіць у дом і не ўваходзіць узяць нешта з дому свайго, і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад узяць адзеньне сваё. Але гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні. Дык маліцеся, каб не былі ўцёкі вашыя ў зіму. Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе. І калі б Госпад не скараціў гэтых дзён, не выратавалася б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў гэтыя дні. І тады калі хто вам скажа: “Вось тут Хрыстос”, ці: “Вось, там”, — ня верце. Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць рабіць знакі і цуды, каб зьвесьці, калі магчыма, і выбраных. Вы ж глядзіце: вось, Я вам усё наперад сказаў. Але ў тыя дні, пасьля прыгнёту таго, зацьмее сонца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі нябесныя падаць будуць, і сілы, што ў небе, захістаюцца. І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках з вялікай моцаю і славаю. І тады Ён пашле анёлаў Сваіх, і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба» (Мар 13:14-27).

Ісус прадказваў тыя жахі, якія спасьціглі Ерусалім пад час ягонай аблогі рымлянамі і хуткага ягонага зьнішчэньня. Ён папярэджваў людзей, каб, пры небясьпецы, яны беглі з гораду, нават і без адзёжы ды маёмасьці. Большасьць людзей зрабілі, як раз, наадварот, калі, ў гэтым выпадку, прыйшлі з усёй Юдэі, каб схавацца за мурамі Ерусаліма. Але яны сталіся агіднымі, як і месца – агідаю спусташэньня, як тая зямля ворага, якою ты грэбуеш. Ісус бярэ гэты выраз у Данііла, каб паказаць будучыя жахі. Ерусалім ня вытрымаў перад войскам Ціта, будучага імператара Рыму. Гэтая заваёва падрабязна апісаная тагачасным гісторыкам Язэпам Флавіям у пятай кнізе «Юдэйскія войны». Ён кажа пра 97000 чалавек, узятымі ў палон і 1100000 чалавек, якія памерлі ад голада і меча: «Голад узмацняўся і зьнішчаў цэлыя сем'і. Верхнія паверхі дамоў былі перапоўнены жанчынамі і дзецьмі, якія паміралі ад голаду. Вуліцы горада былі запоўнены трупамі старых. Дзеці і маладыя людзі, як цені, блукалі па рынкавых плошчах, апухлыя ад голаду, і падалі мёртва там, дзе сьмерць забірала іх. Хаваць іх не было каму. А тых, хто быў здаровы і моцны, палохала велізарная колькасць мёртвых і боязь уласнай сьмерці падчас пахавання іншых. Многія самі клаліся ў свае труны да наступленьня непазьбежнай гадзіны. Сярод гэтых бедстваў ніхто не аплакваў памерлых... голад здушыў усе натуральныя пачуцьці. Глыбокая цішыня і свайго роду мёртвая ноч ахапіла горад». Ці ж гэта ня жах, калі ўсьведамляеш гэтыя гістарычныя факты?

«І тады калі хто вам скажа: “Вось тут Хрыстос”, ці: “Вось, там”, — ня верце. Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць рабіць знакі і цуды, каб зьвесьці, калі магчыма, і выбраных». Ня будзем гэтаму верыць, бо ведаем тое, што Ісус ёсьць у небе і прыйдзе ў канцы часоў. Але будзем ведаць тое, што д’ябал сабраў усе свае сілы, каб процістаяць Валадарству, ужываючы ўсю сваю хітрасьць. Мы павінны ведаць і тое, што Бог дапускае гэта дзеля доказу шчырасьці адных і крывадушнасьці другіх, а таксама для спакушэньня тых, хто ведаў, але не прыняў Яго. Ісус наперад сказаў усё вучням, каб яны, будучы ўзброенымі вучэньнем Хрыста, маглі процістаяць гэтай небясьпецы.

«І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках з вялікай моцаю і славаю. І тады Ён пашле анёлаў Сваіх, і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба». Але перад гэтым адбудуцца палохаючыя парушэньні ў небе, бо сонца і месяц не дадуць сьвятла, сілы нябесныя захістаюцца. Вось тады, сярод жаху, і ўбачаць людзі Сына Чалавечага, Які вяртаецца на зямлю Пераможцам у славе. Ён прыйдзе на аблоках у суправаджэньні анёлаў, якія і зьбяруць для Яго выбраных Сваіх, якія вызнавалі Яго сваім Госпадам і Збаўцам. Ад краю неба і да краю зямлі прыйдуць яны, каб быць з Ім у вечнасьці, ведаючы і тое, што ўсе Ягоныя ворагі будуць зьнішчанымі.

Мар 13:28-37
«У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккай і пускае лісты, разумееце, што блізка лета. Гэтак і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, разумейце, што блізка, у дзьвярах. Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, аж усё гэта станецца. Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць. А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ані анёлы, што ў небе, ані Сын, а толькі Айцец. Глядзіце, ня сьпіце і маліцеся, бо ня ведаеце, калі прыйдзе пара. Як чалавек, які, выяжджаючы, пакінуў дом свой, і даў уладу слугам сваім, і кожнаму свой абавязак, і загадаў прыдзьверніку, каб чуваў. Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: вечарам, ці апоўначы, ці як певень засьпявае, ці раніцай, каб, калі вернецца неспадзявана, не знайшоў вас, што сьпіцё. А што вам кажу, усім кажу: Чувайце!» (Мар 13:28-37).

У адрозьненьні ад таго фігавага дрэва, якое было праклятым толькі з-за таго, што толькі пусьціўшы лісты яно ня мела пладоў, зараз Ісус паказаў тое, як на прыкладзе фігавага дрэва можна зразумець наступ лета – другое Прышэсьце Хрыста. Трэба чуваць і чакаць сур’ёзных пераменаў. Гэта будзе ўжо зусім хутка і пачаткам гэтага будзе трагедыя Ерусаліма. Але што гэта азначае для нас, калі ўсё гэта адбылося ў далёкім I веку? Перш за ўсё нам трэба адчуць дух той гістарычнай эпохі, калі адбываўся гэты гістарычны пералом. Хрысьціяне павінны прызнаць тое, што без пранікненьня ў той час, мы не спасьцігнем і свой час, не зразумеем нават і тое, якімі людзьмі мы пакліканыя быць.

Але вельмі важна таксама паўтараць гэты заклік – чуваць, бадзёрыцца і заставацца насьцярожаным. Мы пачынаем разумець тое, што прысуд, які напаткаў Храм і Ерусалім – гэта толькі элемент, часьцінка суду над усім сьветам. Калі ж настане час усеагульнага суду, дык знакаў ня будзе, а таму дарэмна разьлічваць ды вылічваць, бо ня будзе ніякіх папярэджваньняў. Застаецца толькі адна вечная запаведзь, дадзеная праз Ісуса народу Божаму: захоўваць вернасьць Яму, ня ісьці на кампрамісы з патрэбамі ды пастановамі гэтага сьвету. Але чуваць, бадзёрыцца і ведаць тое, што самае неразумнае ў жыцьці – гэта забыць Бога і загразнуць у сьвецкім. Мудры чалавек, а хрысьціянін павінен ім быць, ніколі не забывае тое, што павінен быць гатовым да таго моманту, калі Госпад пакліча яго. І хто жыве менавіта так, памятаючы гэта, той адчуе ня страх, але вечнае шчасьце: «А што вам кажу, усім кажу: “Чувайце!”»


Рецензии