Марк 8 1-31 9 1
Мар 8:1-31; 9:1
Ад пачатку гэтай гісторыі ад Марка, мы бачым трапяткія адносіны Ісуса да людзей. Самым дзіўным у Ісусе зьяўляецца Ягоная незвычайная дэлікатнасьць. А дэлікатнасьць, як вядома, зьвяртае асаблівую ўвагу на дробязі жыцьця. Так і сталася, калі Ісус глядзеў на натоўп, які тры дні знаходзіўся каля Яго. І гэта ёсьць нябеснае пачуцьце, калі спачуваньне выклікае патрэбу аказаць дапамогу.
Мар 8:1-10
«У тыя дні, калі сабраўся вельмі вялікі натоўп і ня мелі што есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім: “Шкада Мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні са Мною, і ня маюць што есьці. І калі іх галоднымі адпушчу ў дамы іхнія, саслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк”. І адказалі Яму вучні Ягоныя: “Адкуль мог бы хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?” І спытаўся ў іх: “Колькі маеце хлябоў?” Яны сказалі: “Сем”. І загадаў натоўпу сесьці на зямлю, і, узяўшы сем хлябоў і падзякаваўшы, паламаў, і даў вучням Сваім, каб раздалі; і яны раздалі натоўпу. І мелі яны некалькі рыбаў. І, іх дабраславіўшы, сказаў раздаць і тыя. І елі, і наеліся, і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў. А тых, што елі, было каля чатырох тысячаў; і адпусьціў іх. І адразу, увайшоўшы з вучнямі Сваімі ў човен, прыйшоў у межы Дальмануты» (Мар 8:1-10).
Марк паказвае нам цуд ад Ісуса, які бачыцца паўторам таго, што мы ўжо бачылі крыху раней. Якая паміж імі розьніца? На два хлябы больш, на тысячу чалавек меньш і на пяць кашоў з кавалкамі меньш, чым у папярэднім выпадку. Ня будзем адшукваць у гэтым параўнаньні нейкі сымбалізм, як параўнаньне паміж гебраямі і паганскім сьветам, але пагадзімся з тым, што гэты цуд адбываецца ў межах Дэкаполіса, у большасьці сваёй, паганскага. Марк не ўдакладняе, колькі там было гебраяў, а колькі паганаў. Яго больш цікавіць тое, як доўга з Ім зноходзіліся людзі і Марк падкрэсьлівае тыя абставіны, што, у адрозьненьні ад падобнага папярэдняга цуда, не было ніякіх вёсак, дзе б можна было б нешта купіць. Сітуацыя нашмат цяжэйшая, чым у папярэдні час. Акрамя гэтага Марк паказвае нам няздольнасьць вучняў цалкам усьвядоміць тое, што тут адбываецца. Але ці можна іх за гэтае вінаваціць? Марк гэтага ня робіць, нягледзячы на тое, што вучні былі з Ісусам усе восем месяцаў апошняй вандроўцы і навучаліся ад Яго кожны дзень. Які ж урок з гэтага можна вынесьці нам з вамі?
Можна разважыць пра той хрысьцянскі вопыт, які складваецца ў нас, калі кожны раз Ісус шкадуе нас, Сваіх слухачоў, не забываючы пра нашыя патрэбы і клапоціцца пра нас, часам нечаканым і дзіўным спосабам. Менавіта пра гэта кажа апостал Павал у сваім пасланьні да філіпянаў: «Не турбуйцеся ні пра што, але ў-ва ўсякай малітве і просьбе з падзякай няхай адкрываюцца жаданьні вашыя перад Богам, і супакой Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Ісусе». Мы ведаем, што ўваскросшы Ісус клапоціцца за Свой народ ня меньш, чым у часы Свайго зямнога жыцьця і гэта ўмацоўвае нас у нашай малітве. Заўважым тое, што Марк не ўключае ў сваё Эвангельле Госпадаву малітву, але Ісус, безумоўна, заахвочвае нас маліцца ня толькі пра Божае Валадарства на зямлі, але і пра хлеб наш штодзённы. Многія хрысьціяне недаацэньваюць тую асабістую апеку, якую мае пра іх Бог, але гэта ёсьць і гэта ёсьць Божай праўдаю.
Заўважым тое, што ўжо другі раз Ісус ня толькі корміць натоўп, але і дае даручэньне Сваім вучням. Чым бліжэй мы да Ісуса, тым большая верагоднасьць таго, што Ён падзеліць з намі працу спагады, аздараўленьня і кармленьня, распаўсюджваючы сваё служэньне Валадарству на ўсё больш шырокае кола людзей. Хрысьціянскае жыцьцё, падпарадкованае рытму трыманьня Хрыста, прадугледжвае ня толькі пасіўнае «кармленьне», але і тое, што мы становімся, у сваю чаргу, праваднікамі Ягонай любові да сьвету. Мы разумеем тое, што нашыя магчымасьці заўсёды недастатковыя, але з гэтай праблемай пастаянна мае справу Ісус, але ня мы. Нашая ж задача – ня хныкаць пра тое, што ў нас мала хлябоў і рыбак для кармленьня натоўпу, а прынесьці гэтыя хлябы і рыбу да Ісуса і няхай Ён зробіць з імі тое, што палічыць патрэбным.
Мац 8:11-21
«І выйшлі фарысэі, і пачалі з Ім спрачацца, дамагаючыся ў Яго знаку з неба, спакушаючы Яго. І Ён, уздыхнуўшы ў духу, гаворыць: “Чаму гэтае пакаленьне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: Знак ня будзе дадзены пакаленьню гэтаму”. І, пакінуўшы іх, увайшоў у човен і выправіўся на другі бок. І забыліся ўзяць хлеб, і нічога ня мелі з сабою ў чаўне, апрача аднаго хлеба. І Ён перасьцерагаў іх, кажучы: “Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і кісьлі Ірадавай”. І яны разважалі між сабой, кажучы: “Гэта таму, што хлеба ня маем”. І, зразумеўшы, Ісус кажа ім: “Чаму разважаеце, што ня маеце хлеба? Ці яшчэ ня цяміце і не разумееце? Ці яшчэ скамянелае маеце сэрца вашае? Маючы вочы, ня бачыце? І маючы вушы, ня чуеце? І ня памятаеце? Калі Я пяць хлябоў падзяліў між пяці тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў вы назьбіралі?” Кажуць Яму: “Дванаццаць”. “А калі сем між чатырох тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў назьбіралі?” Яны сказалі: “Сем”. І сказаў ім: “Як жа не разумееце?”» (Мац 8:11-21).
Час, у якім жыў Ісус, шукаў Бога ў незвычайным. Гебраі верылі ў тое, што калі прыйдзе Мэсія, пачнуць адбывацца вельмі незвычайныя рэчы. Менавіта таму і зьяўляліся, час ад часу, ілжывыя мэсіі, якія абяцалі людзім розныя незвычайныя рэчы, як, напрыклад, разбурэньне муроў горада адным словам. Былі і іншыя абяцанкі, да чаго людзі ўжо і звыкліся. Менавіта падобнага знаку і патрабавалі фарысэі ад Ісуса. Яны хацелі, каб зазьзяў у небе нейкі незвычайны знак, які б супярэчыў законам прыроды і ўразіў бы ўсіх людзей. Ісус жа палічыў, што гэткае патрабаваньне зьяўляецца няздольнасьцю людзей бачыць руку Божую ў справах штодзённага жыцьця. Для Ісуса ўвесь сьвет быў поўным знакаў: зерне ў полі, кісьля ў хлебе, ды і шмат яшчэ чаго іншага. Усё гэта ад Бога. Для кожнага, хто мае вочы, Бог прысутны ў гэтым сьвеце.
Сапраўдна рэлігійны чалавек прыходзіць у царкву не таму, каб убачыць Бога, бо ён бачыць Яго ўсюды. Такі чалавек не ўладкоўвае мноства сьвятых месцаў, але асьвячае звычайныя. Для чалавека, у якога ёсьць вочы, каб бачыць і сэрца, каб адчуваць, штодзённы цуд дня і ночы, штодзённая прыгажосьць усяго, што атачае нас – дастаткова яркі знак ад Госпада.
«Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і кісьлі Ірадавай». Гэты эпізод пралівае яркае сьвятло на вучняў Хрыста. Яны плылі на другі бераг Галілейскага мора, ня ўзяўшы з сабою нават і хлеба. Безумоўна тое, што Ён бачыў гэты клопат вучняў, але Ісус разважаў пра фарысэйскія патрабаваньні даць ім знак з неба і пра страх Ірада Антыпы. Для юдэяў кісьля сымбалізавала зло. Што гэта за кісьля? Кавалак цеста, пакінуты пасьля папярэдняга разу і які забродзіў. Юдэі параўноўвалі бражэньне з гніеньнем, а таму кісьля і давала ім падставу ў тым, каб лічыць гэта злом. Калі-некалі юдэі выкарыстоўвалі гэтае слова, як першародны грэх ці натуральную загану чалавечай прыроды. Такім чынам, словы Ісуса мелі значэньне таго, каб берагчыся згубнага ўзьдзеяньня фарысэяў і Ірада. Ня трэба хадзіць шляхам, па якому пайшлі фарысэі і Ірад. Але які сэнс у гэтых словах Ісуса і дзе сувязь паміж фарысэямі і Ірадам?
Фарысэі патрабавалі ад Яго знаку, што падводзіла Яго пад нацыянальны трыумф і палітычнае панаваньне гебраяў. Ірад, у сваю чаргу, жадаў стварыць добрае жыцьцё, дамагчыся ўлады, багацьця, уплыву і прэстыжу. У нейкім сэнсе і для фарысэяў, і для Ірада Божае Валадарства было валадарствам зямным, бо было заснаваным на зямной ўладзе, велічы і перамогах, якія атрымліваюцца з дапамогаю сілы. Гэтай, мабыць выпадковай, заўвагаю Ісус гатаваў вучняў да падзеяў, якія наступяць ужо ў хуткім часе. Але Ён нічога не тлумачыў. Сумнае адкрыцьцё было яшчэ наперадзе. Вучні ж не зьвярнулі на словы Ісуса ніякай увагі, бо думалі толькі пра тое, што забылі ўзяць з сабою хлеба. Сумнае відовішча, але Ісус бачыў усё гэта і падводзіў іх, як павольнага дзіцяці, да відавочнай чысьціні. Як?
Ён даў напамін вучням пра тое, што Ён ужо двойчы ня толькі ўдосыць накарміў натоўпы, але даў ім больш, чым ім было патрэбна. Занадта часта вопыт напаўняе нас песімізмам, паказваючы тое, што мы ня можам зрабіць тое ці іншае. Але бывае і іншы вопыт, калі прыйшоў смутак, а мы не сагнуліся пад ягоным цяжарам. Прыйшлі спакушэньні, але мы ёсьць камень. Самы цяжкі іспыт не зламаў нас. Але мы таксама і сьляпыя, бо калі б мы правільна ацэньвалі жыцьцёвыя ўрокі, мы б убачылі тое, што менавіта Бог вядзе нас праз усё, што б нас не чакала.
І вось пытаньне, якое трэба задаць усім нам, бо калі мы ўжо пачынаем разумець пра місію Ісуса і на ёй замацоўваем сваю веру ды надзею, мы павінны запытаць сябе: «Ці ўсьведамляем мы тое, што робіць Ён у гэтую хвіліну для нас асабіста і для сьвета ў цэлым?» Ці задаволены намі Ісус і ці ня скажа нам, як сказаў тым разам вучням: «Як жа не разумееце?»
Мар 8:22-30
«І прыходзіць у Бэтсаіду, і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць Яго, каб дакрануўся да яго. І, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго за мястэчка і, плюнуўшы на вочы ягоныя і ўсклаўшы на яго рукі, спытаўся ў яго, ці што бачыць. І той, зірнуўшы, сказаў: “Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць”. Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў, каб бачыў. І той зрабіўся здаровым, і ясна мог усё бачыць. І паслаў яго ў дом ягоны, кажучы: “Не заходзь у мястэчка і не кажы нікому ў мястэчку”. І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: “Кім называюць Мяне людзі?” Яны адказалі: “Янам Хрысьціцелям, а іншыя — Ільлём, а іншыя — адным з прарокаў”. І Ён кажа ім: “А вы кім называеце Мяне?” І адказваючы, Пётр кажа Яму: “Ты — Хрыстос!” І забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго» (Мар 8:22-30).
Адразу адзначым, што сьляпата, у тыя часы, была сапраўдным праклёнам Усходу. Невыносная сьпякота, бязьлітасны бляск сонца і недасканалая гігіена рабілі сваю справу. І вось, мы бачым гэты эпізод ад Марка, які паказвае нам некалькі вельмі цікавых момантаў.
Мы бачым незвычайную дэлікатнасьць Ісуса, Які вывеў сляпога з натоўпу, каб застацца з ім сам на сам. Але чаму? Падобна на тое, што гэты чалавек быў сляпым ад нараджэньня і Ісусу быў відавочным той шок, які напаткае хворага, калі ён нечакана ўбачыць сотні людзей. Ісус бачыў ягоныя праблемы знешнія і ўнутраныя цяжкасьці. Наогул, Ён меў дар дэлікатных зносінаў з людзьмі, бо думаў іхнімі думкамі і адчуваў іхнімі пачуцьцямі. Няхай Бог дасьць і ўсім нам такі дар, які быў і ёсьць у Ісуса Хрыста.
Другі цікавы, а нават і ўнікальны, момант у тым, што гэты цуд праходзіў у некалькі стадыяў. Толькі ў Марка мы бачым гэты цуд, у якім зрок вяртаўся не адразу, але паступова. У гэтым мы бачым пэўны сымбалізм, бо ніводны чалавек ня здольны бачыць адразу ж Божую праўду. Гэта тычыцца ўсіх, хто прыходзіць да Хрыста і вялікі падман хаваецца ў тым, што, дзе-нідзе, культывуецца падыход, які кажа пра тое, што калі чалавек прыходзіць да Хрыста, дык адразу ж перамяняецца настолькі, што становіцца дасканалым хрысьціянінам. Гэта ня так, бо прыход да Хрыста – гэта толькі пачатак хрысьціянскага шляху, па якім чалавек будзе ісьці ўсё сваё жыцьцё. Гэты шлях ёсьць шляхам адкрыцьця невычарпальных скарбаў Хрыста і вельмі шкада, што жыцьцё чалавека мае вельмі малы тэрмін, а калі б гэта было ня так, дык наколькі больш мы маглі б спазаваць з бясконцага цуда і прыгажосьці Ісуса Хрыста. Праўда ёсьць у тым, што раптоўнае навяртаньне – гэта цудоўнейшая магчымасьць, але праўда і ў тым, што чалавек павінен кожны дзень навяртацца наноў. З дапамогаю Божай ласкі чалавек можа кожны дзень спазнаваць Госпада і ўсё ж яму патрабуецца вечнасьць, каб даведацца Бога так, як ведае яго Бог.
Цэзарэя Філіпава знаходзілася за межамі Галілеі на тэрыторыі, падуладнай Філіпу – чверцьуладніку. Ад Бэтсаіды да Цэзарэі шлях немалы. Бэтсаіда разьмяшчалася на паўночным беразе Галілейскага мора, а Цэзарэя Філіпава на поўначы, каля гары Гермон, дзе знаходзіўся выток ракі Ярдан. Калі падняцца вышэй на Гермон, ды адтуль будзе добра бачнай даліна Ярдана. Але навошта Ісус павёў туды вучняў, каб правесьці гэтую размову? Гэтае пытаньне патрабуе пэўнага разважаньня. Дадзены эпізод ад Марка ёсьць ключавым, паваротным момантам гэтага Эвангельля. Ён падобны на горны схіл Гермона, з якога можна, пазірнуўшы на ўжо прачытаныя старонкі, паглядзець наперад, у тую самую даліну Ярдана, на той шлях, які павядзе да галоўнага гораду гебраяў, да фінальнага сутыкненьня ў Ерусаліме.
Марк, як бачыцца, сьвядома аб’ядноўвае гэтыя два эпізоды: аздараўленьне сьляпога і набыцьцё вучнямі ўнутранага зроку. Такім чынам ён вылучае сэнс другога эпізода, супастаўляючы яго з першым. Ісус уводзіць сьляпога падалей ад мястэчка, як уводзіць і Сваіх вучняў падалей ад Бэтсаіды і натоўпу. У абодвух выпадках Ён патрабуе захоўваць тайну і гэта было вельмі важным, бо тое, што Ісус сказаў вучням пра Божае Валадарства, ёсьць мэсіянскім, а гэта ўжо было вельмі небясьпечным. Час яшчэ не прыйшоў, а таму і дзейнічаць патрэбна хутка ды таемна.
Агульная ж тэма гэтых эпізодаў у тым, што гэта ёсьць дзьве стадыі працэса прасьвятленьня. Спачатку сьляпы бачыць людзей, якія падобныя на хадзячыя дрэвы, так і натоўп бачыць Ісуса, прымаючы Яго за звычайнага прарока. Але вось другое дакрананьне да вачэй сьляпога – гэта тое ж, як пытаньне Ісуса да вучняў, якія, як і той сьляпы, атрымалі зоркасьць. Яны зразумелі тое, што яны не разумелі раней і вуснамі Пятра адказалі Яму: «Ты — Хрыстос!»
Ісус ужо ня раз казаў вучням той набор задач для Хрыста Мэсіі. Ён не зьбіраў войска, не зьбіраўся зьвяргаць садукейскіх першасьвятароў і існуючую ўладу. Ён хадзіў па краіне, робячы справы, якія спакойна, але таямніча і ўладна, абвяшчалі пра нейкія новыя задачы. Аздараўляльная сіла Бога захапіла краіну, зьмяняючы яе і спараджаючы ў кімсьці гарачую адданасьць, а кімсьці такі ж гарачы супраціў. Калі Ісус тлумачыў адбывалае, Ён, часам, выказваўся так загадкава, што нават і вучні заставаліся ў разгубленасьці. Але зараз, яны зразумелі тое, што Ісус прынёс ім уяўленьне пра Хрыста Мэсію. Жыцьцё ўжо ніколі ня зможа быць такой жа, як і раней. Той жа Пётр ня мог болей існаваць толькі для самога сябе. Калі Ісус – Мэсія, дык Пётр павінен жыць для Яго, цалкам адкінуўшы самога сябе. Гэтае ж тычыццца і ўсіх нас.
Мац 8:31-9:1
«І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын Чалавечы шмат перацярпеў, і быў адкінуты старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і быў забіты, і па трох днях уваскрос. І гаварыў пра гэта адкрыта. І Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў забараняць Яму. Ён жа, павярнуўшыся і глянуўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, кажучы: “Адыйдзі ад Мяне, шатан, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае”. І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім: “Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною. Бо хто хоча выратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, той збавіць яе. Бо што за карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю? Бо хто пасароміцца Мяне і словаў Маіх у гэтым пакаленьні, чужаложным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі сьвятымі І сказаў ім: “Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божае, што прыходзіць у моцы”» (Мац 8:31-9:1).
Гэты ўрывак ад Марка трэба чытаць, памятаючы пра тое, што мы ўжо ведаем ўяўленьні юдэяў пра Мэсію. Калі Ісус зьвязаў Сваю дзейнасьць з пакутамі і сьмерцю, дык вучні не палічылі гэта праўдападобным і дасягальным, бо ўсё сваё жыцьцё думалі пра Мэсію, як пра непераможнага заваёўніка, але ніяк не пра тое, што кажа зараз Ісус. Дзеяньне Пятра лагічнае, бо ён думаў так, як і ўсе. Але чаму Ісус пачаў так жорстка папракаць Пятра? Таму што Пётр услых выказаў тое, што Ісус чуў ад д’ябла ў пустыне. Наперадзе крыж і Ён ведаў, што мае сілы і ўладу для перамогі, але зараз Ісус зноў перажывае спакушэньне, каб не ісьці Божым шляхам. Небясьпечней за ўсё, калі д’ябал нападае на нас праз вусны любячых нас і з клопатам пра нас. Тое ж адбылося ў гэты дзень і з Ісусам, а таму мы і бачым такі жорсткі адказ. Нават і ўмольны голас любові не павінен заглушаць голас Божы.
«І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім». Што сказаў ім Ісус? Вельмі важныя рэчы, як важныя моманты хрысьціянскай веры, якія павінны вывучацца намі як цалкам, так і па кожнаму складу. Адзначым адразу две вельмі важных рэчы. Першая – гэта дзіўная шчырасьць Ісуса, бо ніхто ня можа сьцьвярджаць тое, што яго падманам прымусілі крочыць за Ісусам. Ісус ніколі і нікому не абяцаў лёгкага шляху ці супакою. Ён абяцаў ім славу. Абвесьціць чалавеку тое, што ён павінен несьці свой крыж, азначала сказаць яму, што той павінен нават і памерці за Ісуса. Вялікія правадыры заўсёды вызначаліся шчырасьцю. Так і Ісус ніколі ня клікаў да Сябе людзей, абяцаючы ім лёгкае жыцьцё. Ён прыйшоў ня дзеля таго, каб даць палёгку жыцьцю, але каб надаць яму сэнс. Відавочна і тое, што Ісус ніколі не заклікаў людзей рабіць нешта такое, чаго Ён Сам ня мог перанесьці. Ісус меў права заклікаць нас несьці свой крыж, таму што Ён Сам першым панёс Свой крыж.
«Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе». Менавіта так кажа Ісус людзям, якія жадаюць крочыць за Ім. Значэньне гэтага патрабаваньня лепш зразумець, калі чытаць яго проста і літаральна: «Скажы сабе не». Чалавек, які ідзе за Хрыстом, павінен заўсёды казаць «не» сабе і «так» Ісусу. Чалавек павінен адмовіцца ад паводзінаў, заснаванага на чалавечых заганах і станоўча адказваць на заклік Ісуса Хрыста. Чалавек павінен паўтарыць за апосталам Паўлам тое, што жыве ўжо ня ён, але Хрыстос у ім, што ён жыве ня дзеля таго каб крочыць за сваімі жаданьнямі, але дзеля таго, каб выконваць волю Хрыста і знаходзіць у гэтым абсалютную свабоду.
«Бо хто хоча выратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, той збавіць яе». Існуюць рэчы, якуя будуць загубленымі, калі іх не выкарыстоўваць. Такія і ёсьць таленты ды здольнасьці чалавека, бо калі чалавек карыстаецца імі, дык ён іх і ўдасканальвае. Гэта ёсьць агульнавядомая праўда. Бог даў нам жыцьцё, каб мы растрачвалі яго, а не хавалі. Калі мы будзем жыць, шануючы толькі свае выгоды, камфорт і асабістую бясьпеку, калі мы будзем клапаціцца толькі пра сябе, дык мы губляем нашае жыцьцё. Калі ж мы трацім яе дзеля іншых, забываючы пра сябе, пра час, пра маёмасьць і пра камфорт, у жаданьні зрабіць нешта для Хрыста і людзей, дзеля якіх памёр Ісус, мы набываем жыыцьцё.
«Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божае, што прыходзіць у моцы». Мы бачым дзіўную ўпэўненасьць Ісуса. Ён толькі што казаў пра Сваю сьмерць; Ён ведае тое, што наперадзе крыж, але Ён таксама ўпэўнены ў тым, што наперадзе – перамога. Як жа гэта разумець усім нам? Як заканчэньне старога часу і пачатак новага? На мове Пісаньня гэта ёсьць радыкальная перамога, зьнішчэньне зла, якое засела вельмі глыбока. Але гэта не зьнішчэньне ўсяго, што стварыў і любіць Бог. Ісус абяцае тое, што зло будзе пераможана і Валадарства настане, таму што гэта зьдзейсьніцца Ягонымі пакутамі і Ягонай сьмерцю. Чаму Ён так вырашыў і што гэта азначала для Ягоных пасьлядоўнікаў, мы хутка даведаемся, але ўжо зразумела тое, што адзіны шлях – гэта крочыць за Ім. Гэта і ёсьць жыцьцём хрысьціяніна. Небясьпечна? Так. А на што мы разлічвалі? На невялікі «рамонт» нашага жыцьця і няхай ўсё гэтым абмяжуецца? Разважым разам.
Што ж адбылося потым, у гісторыі хрысьціянства? Меньш чым за трыццаць гадоў хрысьціянства распаўсюдзілася па Малой Азіі, калі ў Антыёхіі ўзьнікла буйная хрысьціянская царква. Хрысьціянства ўвайшло ў Грэцыю, Рым і распаўсюдзілася па ўсёй рымскай імперыі, як нястрымны марскі прыліў. Гэта было адкрыцьцё Божай праўды, калі яшчэ пры жыцьці непасрэдных вучняў Хрыста, насуперак усім чаканьням, хрысьціянства зьявілася ў сіле. Ісус зусім не памыляўся і ніколі не адчайваўся. Перад абліччам чалавечай тупасьці і супраціву чалавечага розуму, перад абліччам укрыжаваньня і сьмерці Ён быў ўпэўненым у канчатковай перамозе, бо быў упэўненым у Богу. Тое, што немагчыма з людзьмі, магчыма з Ім. Амэн.
Свидетельство о публикации №225122800532