Марк 9 2-50

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА


Мар 9:2-50

Пачатак гэтага разьдзелу аповяда ад Марка нясе ў сабе пэўнае адценьне таямніцы. Мы ня ведаем пра канкрэтныя дзеі Ісуса на працягу шасьці дзён пасьля той памятнай размовы Ісуса з вучнямі ў дарозе да Цэзарэі Філіпавай, але разумеем тое, што яны былі, бо, пры такім насычаным служэньні Ісуса, інакшага і не праглядаецца. Гэта першае. Далей наступнае пытаньне: «На якой гары адбылося перамяненьне Ісуса?» Традыцыйнае паданьне кажа пра тое, што ўсё гэта адбылося на гары Фавор, але аўтар гэтых радкоў схільны з гэтым не пагадзіцца. Гара Фавор знаходзіцца на поўдні Галілеі і даволі далёка ад Цэзарэі Філіпавай, а значыць ад гары Гермон. Гара Фавор ня ёсьць высокаю, бо трыста метраў вышыні – гэта ня больш чым высокі прагорак. Больш таго, пад час жыцьця Ісуса, на гэтай гары зноходзілася крэпасьць рымскага гарнізону. Іншая справа Гермон, вышыня якой – 4500 метраў, можа таму і казаў Марк пра высокую гару, дзе аблокі не дасягалі нават і вяршыні.

Мар 9:2-13
«І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, і Якуба, і Яна, і вядзе іх асобна адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі. І адзеньне Яго сталася бліскучым і такім белым, як сьнег, такім, што на зямлі бялільшчык выбеліць ня зможа. І зьявіўся ім Ільля з Майсеем, і вялі гутарку з Ісусам. І, адказваючы, Пётр гаворыць Ісусу: “Раббі, добра нам тут быць, зробім тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і Ільлі адзін”. Бо ня ведаў, што гаворыць, бо яны былі напалоханыя. І сталася воблака, ахінуўшае іх, і голас выйшаў з воблака, які казаў: “Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!” І раптам, разгледзеўшыся наўкола, нікога больш ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса. Калі ж яны зыходзілі з гары, Ён загадаў ім, каб нікому не расказвалі пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых. І яны затрымалі гэтае слова, пытаючыся адзін аднаго: “Што гэта значыць: уваскрэснуць з мёртвых?”. І спыталіся ў Яго, кажучы: “Чаму кніжнікі кажуць, што спачатку павінен прыйсьці Ільля?”А Ён, адказваючы, сказаў ім: “Ільля, прыйшоўшы спачатку, направіць усё; і як напісана пра Сына Чалавечага, што шмат перацерпіць і будзе лічыцца за нішто. Але кажу вам: і Ільля прыйшоў, і ўчынілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго”» (Мар 9:2-13).

У юдэйскім бачаньні прысутнасьць Бога заўсёды было цесна зьвязаным з воблакам. Майсей сустрэў Бога ў воблацы. У воблацы Бог зьявіўся ў скінію. Воблака напоўніла Храм пра адкрыцьці яго пад час Саламона. Юдэі і марылі пра тое, што калі Мэсія зьявіцца на зямлю, дык воблака Божай прысутнасьці запоўніць Храм. Але, што азначае перамяненьне Ісуса?

Яно было надзвычайна важным для самога Ісуса, Які павінен быў прыняць галоўнае рашэньне. Ён ужо прыняў рашэньне ісьці ў Ерусалім, але Ён павінен быў праверыць правільнасьць прынятага Ім рашэньня. На гэтай гары Ён і атрымаў пацьверджаньне гэтага рашэньня. З Ім сустрэліся Майсей і Ільля, першы законадаўца для Ізраіля і першы Божы прарок. Сустрэча гэтых вялікіх гістарычных асобаў з Ісусам азначала тое, што найвялікшы з законадаўцаў і найвялікшы з прарокаў сказалі Ісусу: «Так, ідзі». Гэта азначала і тое, што яны бачылі ў Ім усё тое, што чакалі і на што спадзяваліся яны ў мінулым ды і на што спадзявалася ўся гісторыя гэтага сьвету. У гэты момант пацьвердзілася тое, што Ісус знаходзіцца на правільным шляху і што ўся гісторыя чалавецтва вяла Яго да ўкрыжаваньня.

Яно было вельмі важным і для вучняў Ісуса. Яны былі ашаломленыя заявай Ісуса пра тое, што Ён пойдзе на сьмерць. Ім уяўляўся не такі Мэсія і яны, пакуль што, не маглі прыняць гэтага. Адбывалася нешта такое, што зьбівала іх з панталыку і разьбівала іхнія сэрцы, але ўбачанае імі на гары давала ім нейкі накірунак скрозь свае неразуменьне. І як бы тое далей не было – яны чулі голас Бога, Які назваў Ісуса Сваім Сынам. Гэтая падзея зрабіла іх, у нейкім сэнсе, сьведкамі славы Хрыста. Наогул сьведка – гэта той чалавек, які спачатку бачыць, а потым сьведчыць. Тут жа яны павінны былі захоўваць убачанае да моманту, калі прыйдзе прызначаны час. Ісус зноў забараняе сьведкам расказваць пра тое, што яны бачылі і чулі, але на гэты раз Ён акрэсьлівае мяжу гэтага маўчаньня.

«Пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых». Вось гэтая мяжа, якую акрэсьліў Ісус. Бачыцца тое, што гэтае ўказаньне вельмі зьбянтэжыла вучняў, бо тагачаснае ўяўленьне гебраяў пра ўваскрасеньне складалася з таго, што праведнікі ўваскрэснуць на прыканцы часоў адразу ўсе. Няўжо Ісус кажа пра тое, што Сын Чалавечы ўвасрэсьне ўжо хутка, пакуль астатнія людзі будуць жыць, як і яны – сьведкі, якія будуць расказваць пра дзеі Ісуса Мэсіі. Чытачы Марка ўжо ведалі пра ўваскрасеньне Ісуса, а вось зараз, у гэты час, вучні гэтага не адчувалі. Як многія іншыя словы Ісуса, так і гэтая забарона застанецца незразумелай і бянтэжлівай – пакуль усё ня зьдзейсьніцца.

«І спыталіся ў Яго, кажучы: “Чаму кніжнікі кажуць, што спачатку павінен прыйсьці Ільля?”» Гэтая размова, пэўным чынам, збівае з панталыку. Вучні намагаюцца разабрацца ў убачаным і пачутым. Добра гэта ведаючы, яны спасылаюцца на кніжнікаў, якія казалі, што паперш Мэсіі павінен прыйсьці Ільля. Ісус адказвае ім, зьвяртаючыся да прарокаў Данііла і Ісаі і кажа, на першы погляд, загадкавыя словы, што Ільля ўжо прыйшоў. Тое, што павінен быў зрабіць Ільля зрабіў Ян Хрысьціцель, а гэта, у сваю чаргу азначае, што Ісусу засталося выканаць апошнюю мэсіянскую задачу, пра якую Ён і казаў – пакуты і сьмерць.

Што ж тычыцца ўсіх нас, дык і мы з цяжкасьцю разумеем тое, што адбываецца вакол нас і з намі. У сваім жыцьці нам вельмі ня часта даводзіцца сутыкацца з чым-небудзь настолькі драматычным і звычайна мы не спрабуем супаставіць падзеі свайго жыцьця і свайго часу з падрабязна выкладзеным у Пісаньні замыслам. Але кожны з нас пакліканы голасам звыш: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!» Па меры таго, як мы вучымся слухаць Яго, няхай часам мы памыляемся і нясем нейкую лухту, мы адчуваем тое, як тая слава знянацку захоплівае, ахінае нас, умацоўваючы нас, як некалі ўмацоўвала вучняў Хрыста, для далейшага шляху.

Мац 9:14-29
«І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп і кніжнікаў, што спрачаліся з імі. І адразу ўвесь натоўп, убачыўшы Яго, здумеўся, і, падбягаючы, вітаў Яго. І Ён спытаўся ў кніжнікаў: “Пра што спрачаецеся з імі?” І, адказваючы, адзін з натоўпу сказаў: “Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога. І ён, дзе схопіць яго, кідае яго на зямлю, і ён пеніцца, і скрыгоча зубамі ды пруцянее. І я казаў вучням Тваім, каб выгналі яго, і яны ня здолелі”. Ён жа, адказваючы яму, гаворыць: “О, пакаленьне бязьвернае! Як доўга буду з вамі? Як доўга буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне”. І прывялі яго да Яго. І, убачыўшы Яго, адразу дух тузануў яго, і ён упаў на зямлю і качаўся, выпускаючы пену. І спытаўся Ён у бацькі ягонага: “Як даўно гэта зрабілася з ім?” А ён сказаў: “Ад дзяцінства; і шмат разоў кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб яго загубіць. Але, калі што можаш, дапамажы нам, зьлітаваўшыся над намі”. Ісус жа сказаў яму: “Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць”. І адразу, загаласіўшы, бацька хлопца сказаў праз сьлёзы: “Веру, Госпадзе! Дапамажы майму недаверству”. Ісус, убачыўшы, што зьбіраецца натоўп, забараніў духу нячыстаму, кажучы яму: “Духу нямы і глухі! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!” І той, закрычаўшы і моцна тузануўшы ім, выйшаў; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі, што ён памёр. Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў. І калі ўвайшоў у дом, вучні Ягоныя ўжо адны пыталіся ў Яго: “Чаму мы не маглі выгнаць яго?” І Ён сказаў ім: “Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост”» (Мар 9:14-29).

Як жа добра было Пятру на гары разам з Ісусам, у прысутнасьці славы Божай і недарма ён сказаў тады: «Добра нам тут быць, зробім тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і Ільлі адзін». Там, на гары, жыцьцё было такім добрым у такой блізкасьці да Бога. Ды і навошта было спускацца адтуль? Але сэнс жыцьця з таго і складаецца, што чалавек павінен спускацца з вяршыні гары ў прысутнасьць іншых людзей. Нехта заўважыў, што ў рэлігіі патрэбна адзінота, але не самотнасьць. Адзінота патрэбна чалавеку, таму што яму патрэбныя асабістыя зносіны з Богам, але калі чалавек самаізалюецца ад сваіх братоў і станецца глухім да клопату пра блізкага – гэта не рэлігія. Адзінота ж павінна даваць людзям магчымасьць лепш спраўляцца з патрабаваньнямі штодзённага жыцьця.

А вось і такая сітуацыя. Чалавек прывёў да вучняў свайго сына, які быў апантаны нямым духам. Апантанасьць відавочная, але вучні нічога з гэтым зрабіць не маглі і гэта, адразу ж, выкарысталі кніжнікі, якія пачалі прыніжаць ня толькі вучняў, але і Ісуса. Непрыемная сітуацыя. Так і ў нашым жыцьці, калі ўсе жыцьцёвыя сітуацыі няпростыя для хрысьціяніна, бо ягоныя паводзіны, словы, ягоныя здольнасьці ці няздольнасьці да пэўных жыцьцёвых абставінаў, выкарыстоўваюць іншыя людзі для пэўнага меркаваньня ня толькі пра такога чалавека, але і пра Ісуса Хрыста. Бачыцца тое, што так было і зараз, але вось нечакана зьяўляецца Ісус і ўсе людзі зьдзіўляюцца таму, што Ён прыйшоў як раз у неабходны момант. Нечаканы, але вельмі дарэчны момант.

Ісус ішоў Сваім шляхам да ўкрыжаваньня, але Ён, на гэтым шляху, быў гатовым сустрэць і будзёную праблему. Наогул, чалавеку ўласьціва, нават калі ён дастойна сустракае крытычныя моманты жыцьця, раздражняцца з-за звычайных будзёных праблемаў. Людзі часта геройскі вытрымліваюць зруйнавальныя ўдары лёсу, але хвалююцца ды засмучаюцца з-за дробязных непрыемнасьцяў у жыцьці. Многія людзі спакойна сустракаюць вялікае няшчасьце, але выходзяць з сябе з-за няўдала прыгатаванай стравы ці затрыманьня цягніка. Але ня так з Ісусам, Які зьвяртаўся да Бога ня толькі ў крытычныя моманты жыцьця, як гэта робяць многія людзі. Ён жыў з Богам кожнае імгненьне Свайго жыцьця. Ён прыйшоў у сьвет, каб збавіць яго, але, у той жа час, цалкам аддаваў Сябе праблемам іншых людзей, дапамагаючы ім. Нашмат прасьцей прапаведаваць Эвангельле любові ўсяму чалавецтву, чым любіць кожнага асобнага, ня вельмі прывабнага, грэшніка. Ісус жа меў у Сабе гэты валадарскі дар – цалкам пасьвячаць Сябе чалавеку, з якім Ён сустракаўся.

«О, пакаленьне бязьвернае! Як доўга буду з вамі? Як доўга буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне». Марк паказвае нам крык, які вырваўся з сэрца Ісуса. Ён толькі што быў на гары і бачыў тую грандыёзную задачу, якая чакала Яго. Ён павінен быў ахвяраваць Сваім жыцьцём, каб збавіць сьвет. І што Ён бачыць зараз? Сваіх выбраных вучняў, якія сталіся бязьдзейнымі і бездапаможнымі. Бачыцца тое, што нават і Ісус быў зьбянтэжаным, калі ўбачыў усё гэта. Тое, як скардзіцца бацька хворага, як напірае бяздухоўным інтарэсам натоўп і як бясьсільна здаюцца вучні – падказвае Ісусу тое, што веры тут няма.

«Дапамажы майму недаверству». Марк зьвяртае ўвагу на чалавека, які і заварыў усю гэтую кашу. Гэта ўжо ня першы эпізод з бацькам, які намагаецца збавіць свайго дзіцяці. Мы адчуваем напружаньне і складаную сітуацыю. Раней, у аповядзе Марка, людзі зьвярталіся да Ісуса і вера давалася ім лёгка. Дастаткова было крануцца краю шаты Ісуса, каб аздаравіцца. А гэты бацька хацеў бы, але паверыць ня можа. І таму ён прамаўляе гэтыя словы, якія, дарэчы, могуць зьўляцца малітвай для чалавека, які знаходзіцца паміж верай і нявер’ем. Паколькі вучні ня справіліся з гэтай праблемай, гэты бацька ня ўпэўнены ў тым, што з гэтым справіца і Ісус. Зьвяртаючыся да Ісуса, ён безнадзей паціскае плячыма: «Але, калі што можаш, дапамажы нам, зьлітаваўшыся над намі». Ісус выкрывае ягонае нявер’е і заклікае яго паверыць і тады будзе па ягонай веры. Так і сталася, а вынікам мы бачым аздароўленага хлопчыка.

У гэтым эпізодзе Марк раз за разам паказвае нам, што зараз шлях будзе нашмат складаней і цяжэй, але Ісус, а з Ім збаўляльная Божая задума, у выніку дасягнуць сваёй мэты. Ён панясе Свой крыж, захаваўшы вернасьць да канца, пакладзе пачатак Валадарству. І перад намі, таксама, стаіць гэтае пытаньне: «Пойдзем мы за Ісусам ці застанемся стаяць у разгубленасьці, ня здольныя рабіць нават і тое, што рабілі раней, як гэта было з вучнямі Хрыста?» На сваім шляху нам трэба зрабіць сур’ёзны паварот, усьвядоміўшы тое, што нам патрэбуецца больш духоўнай моцы, больш часу, больш стараннасьці ў малітве. Мы павінны памятаць гэты эпізод, каб гэта паслужыла нам папярэджаньнем. Вучні атрымалі сваю сілу і ўладу непасрэдна ад Ісуса, але яны не насычалі гэта малітвай і сіла адразу ж зьнікла. Які б дар мы не атрымалі ад Бога, мы згубім яго, калі будзем карыстацца ім выключна дзеля сябе. Але мы можам захаваць і ўдасканальваць яго ў бесперапынных зносінах з Богам, ад Якога мы гэты дар і атрымалі.

Мар 9:30-37
«І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся. Бо навучаў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей і заб’юць Яго, але забіты праз тры дні ўваскрэсьне. Але яны слова гэтага не разумелі, а спытацца ў Яго баяліся. І прыйшоў у Капэрнаум, і як былі ў доме, спытаўся ў іх: “Пра што ў дарозе вы між сабою разважалі?” Але яны маўчалі, бо дарогаю вялі гутарку між сабою, хто большы. І, сеўшы, паклікаў Дванаццаць, і кажа ім: “Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і служыцелем для ўсіх”. І, узяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх, і, прытуліўшы яго, сказаў ім: “Хто прыйме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, Хто Мяне паслаў”» (Мар 30-37)

Вельмі важны час для Ісуса. Ён пакідае паўночную частку краіны і накіроўваецца ў бок Капернаума, зрабіўшы першыя крокі на шляху ў Ерусалім да ўкрыжаваньня. Зараз Ён не хацеў бачыць вакол Сябе натоўпы, бо добра разумеў, што Яму трэба сканцэнтравацца на вучнях, бо калі Ён не здолее зьмясьціць Сваё пасланьне ў сэрцах выбраных ім людзей – усё прапала. Паперш чым пакінуць гэтую зямлю фізічна, Ён павінен быць упэўненым у тым, што застануцца тыя нямногія, якія разумеюць, хоць і вельмі смутна тое, што Ён хацеў да іх данесьці і якая была мэта Ягонага прыходу.

На працягу свайго Эвангельля Марк паказвае гэты працэс навучаньня. Спачатку Ісус казаў намёкамі і вучні не разумелі Яго. Потым прыповесьці – гэтыя зашыфраваныя пасланьні, якія яны паступова вучыліся тлумачыць з дапамогаю Ісуса. Калі Ісус перасьцерагаў іх ад кісьлі фарысэйскай, вучні гэта зразумелі па свойму, думаючы пра гаспадарчы пралік, калі яны ня ўзялі з сабою хлябоў. Яны хацелі таго, каб словы Ісуса мелі зразумелае зьнешняе значэньне, але патрабуецца глядзець глыбей гэтай павярхоўнасьці і знайсьці іншы, захаваны сэнс.

Зараз жа Ён кажа ім словы, якія мы, сучасныя чытачы, разумеем літаральна, таму што ведаем заканчэньне гэтай гісторыі, а тагачасных вучняў словы Ісуса зьбіваць з панталыку і яны дарэмна шукаюць іншы, захаваны сэнс. Тое, што Ён кажа ім, не прызначана для натоўпу, бо гэта ёсьць глыбокая і захаваная сутнасьць Ягонага жыцьцёвага шляху і служэньня. Іншыя ж зразумеюць гэта потым, калі ўсё зьдзейсьніцца. Зараз Ён ня кажа прыповесьцямі, калі гаворыць пра Свой далейшы шлях. Потым Ісус яшчэ зьдзейсьніць незразумелыя для вучняў справы і скажа зусім незразумелыя для іх словы, але пакуль Ён проста кажа вучням пра тое, як Ён бачыць тое, што павінна адбыцца. Яго выдадуць у рукі людзей, Ён будзе забіты, а праз тры дні ўваскрэсьне. Але чаму яны зноў не разумеюць? Галоўным чынам таму, што гэта ніяк не ўкладваецца ў іхнія планы, у іхнія ўяўленьні пра тое, што можа і павінен зрабіць Мэсія. Зьдзіўленьне вучняў толькі ўзмацнялася ад таго, што словам Ісуса пра Сваю сьмерць і ўваскрасеньне, можна было прыпісваць іншы сэнс. Як бачыцца, вучні безвынікова намагаліся расшыфраваць Ягоныя словы, якія, на гэты раз, былі прамымі і адназначнымі. Як шыфр яны маглі ўспрыняць словы Ісуса пра тое, што Ён праз тры дні ўваскрэсьне. Раней мы ўжо ўсьвядомілі тое, што гебраі верылі ў уваскрасеньне мёртвых у канцы часоў, але не разьлічвалі на тое, што адзін, няхай і выключны чалавек, можа ўваскрэснуць раней за іншых.

«Бо дарогаю вялі гутарку між сабою, хто большы». І тут, усім нам, належала пашкадаваць вучняў Ісуса, але і запытаць саміх сябе, ці нашмат мы адрозьніваемся ад іх. Калі Бог хоча нам нешта сказаць, дык ці чуем мы Яго? Калі мы ўсё яшчэ заклапочаны сваім статусам, падобна вучням Ісуса, калі запытваем пра тое, што мы будзем з гэтага мець, на такое пытаньне прыдзецца адказаць адмоўна. Калі мы разьлічваем, ідучы за Ісусам, павялічыць асабісты статус, асабістую самаацэнку ці памножыць свой рахунак у банку, сапраўдных словаў Бога мы не пачуем. Чаму ж Ісусу і не засмуціцца, калі вучні пачалі спрачацца пра свой асабісты статус. Гэта ёсьць небясьпечным, калі прымаецца частковае разуменьне – тым больш, калі прымаецца толькі прыемная частка. Вучняў задавальняла лічыць Ісуса Мэсіей, бо яны, адразу ж, уявілі сябе прыдворнымі будучага Валадара. Яшчэ некаторы час іхнія думкі будуць круціцца вакол гэтай ідэі, пакуль жахлівая праўда ня зваліцца на іхнія галовы.

«Хто прыйме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, Хто Мяне паслаў». Каб вывесьці вучняў з гэтага становішча прыводзіць ім у прыклад дзіця. У старажытнім сьвеце дзіця не ставілася высока, калі не лічыць унутраных сямейных адносінаў. Дзіця ня мела статусу ці прэстыжу. Ісус цьвёрда кажа вучням тое, што прыхільнасьць Яму не павысіць іхні сацыяльны статус і ня дасьць ім нейкай перавагі, бо той, хто прымае дзіця ў імя Ісуса, прымае самога Ісуса і тым самым прымае Айца. Іншымі словамі, кожны прыхільнік Ісуса напрамую мае зносіны з Валадаром і Айцом, і ніякай перавагі ня мае.

Гэты ўрок будзе паўтарацца на працягу многіх вякоў хрысьціянскай гісторыі, бо колькі людзей разьлічвалі вызначыцца сваёй блізкасьцю да Хрыста, нястомнай працаю ў імя Яго. Але тыя, хто сапраўды вывучыў гэты ўрок Ісуса, добра разумее, што толку з гэтых самых высілкаў ня будзе. Ісус ідзе на крыж, пераварочваючы з ног на галаву ўсё тое, у-ва што верылі Ягоныя вучні і многія нашыя ўяўленьні, за які мы чапляемся і сёньня. І калі нам шкада вучняў Ісуса ў іхнім замяшаньні, трэба запытаці саміх сябе: «А мы што, хіба ўжо перасталі блытацца ў сваіх уяўленьнях да Хрыста?» Па сутнасьці Ісус кажа пра тое, каб мы не шукалі зносінаў з тымі людзьмі, якія нешта зробяць для нас, а з тымі людзьмі, для якіх мы можам зрабіць нешта, таму што, учыняючы так, мы шукаем прысутнасьці Хрыста. Як і сказана ў Мацьвея: «Сапраўды кажу вам: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі».

Марк 9:38-50
«І адказаў Яму Ян, кажучы: “Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяе дэманаў, але ня ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён ня ходзіць за намі”. А Ісус сказаў: “Не забараняйце яму, бо няма нікога, хто, учыніўшы цуд у імя Маё, мог бы хутка праклінаць Мяне. Бо хто ня супраць вас, той за вас. Бо хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды сваёй. А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі млынавы камень на шыю ягоную і кінулі яго ў мора. І калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве рукі, ісьці ў геенну, у агонь нязгасны, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае. І калі нага твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе кульгавым увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве нагі, быць укінутым у геенну, у агонь нязгасны, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае. І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, лепш табе з адным вокам увайсьці ў Валадарства Божае, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае. Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра сольлю будзе пасоленая. Соль добрая, але калі соль станецца несалёнай, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце між сабою”» (Мац 9:38-50).

У часы Ісуса людзі верылі ў існаваньне дэманаў. Усе верылі, што фізічныя і душэўныя захворваньні існуюць ад шкоднага ўплыву злых духаў. Існаваў жа адзін тыповы спосаб выганяць дэманаў. Калі нехта ведаў імя больш сільнага духа і загадаваў ягоным імем больш слабаму выйсьці з чалавека, лічылася, што больш слабы дух ня мае сілаў для супраціву і таму выходзіць з чалавека. Вось пра гэта тут і ідзе гаворка. Ян бачыў чалавека, які выганяў дэманаў, карыстаючыся ўсемагутным імем і паспрабаваў забараніць яму гэтае рабіць, бо той не ўваходзіў у вузкі круг бліжэйшых вучняў Ісуса. Але Ісус патлумачыў, што ніводны чалавек ня можа, робячы добрую справу, быць, адначасова, Ягоным ворагам. А потым Ісус выклаў вялікі прынцып: «Бо хто ня супраць вас, той за вас». Гэта вялікі ўрок памяркоўнасьці ад Ісуса, які карысна вывучыць кожнаму з нас.

Кожны чалавек мае права думаць і самастойна фармуляваць свае думкі, пакуль ня прыйдзе да самастойных вывадаў і перакананьняў. Гэтае права трэба паважаць. Але многія людзі вельмі часта сьпяшаюцца затаўраваць тое, чаго яны самі не разумеюць, як і сказана ў пасланьні ад Юды: «А гэтыя блюзьняць супраць таго, чаго ня ведаюць». І таму трэба памятаць тое, што да Бога вядзе ня толькі адзін шлях. Адзін вядомы пісьменьнік аднойчы сказаў: «Бог многімі шляхамі прыводзіць Сваіх у неба». І вельмі небясьпечна тое, калі чалавек ці царква думаюць, што менавіта яны маюць манаполію на збаўленьне. Трэба памятаць і тое, што праўда заўсёды большая, чым чалавечае разуменьне, а таму ніводны чалавек ня здольны зразумець усёй праўды. Вядомы ангельскі грамадзкі дзеяч і гісторык Джон Морлі казаў больш за сто гадоў таму: «Памяркоўнасьць – гэта павага ўсіх магчымасьцяў праўды, гэта прызнаньне таго, што яна жыве ў розных дамах, носіць адзеньне розных каляроў і размаўляе на розных мовах. Гэта шчырая павага свабоды жывой сьвядомасьці, а не механічныя шаблоны, афіцыйныя меркаваньні ці гвалт грамадзтва. Гэта міласэрнасьць, якая нават перавышае веру і надзею». Наадварот непамяркоўнасьць – гэта прыкмета фанабэрыстасьці, якая паказвае на тое, што чалавек верыць таму, што існуе толькі тая праўда, у якую верыць ён.

Мы павінныя прызнаваць ня толькі права кожнага чалавека думаць самастойна, але і права казаць тое, што ён лічыць патрэбным. З усіх дэмакратычных свабодаў самая каштоўная – гэта свабода слова. Безумоўна і тое, што павінны існаваць нейкія межы. Калі чалавек накіроўвае свае словы на зьнішчэньне маралі, а таксама цывілізаванага хрысьціянскага грамадзтва, дык з гэтым трэба весьці барацьбу. Але гэта не азначае, што яго трэба зьнішчыць ці адправіць у турму. Трэба даказаць такому чалавеку, што ён памыляецца. Вальтэр калісьці сказаў вялікія словы: «Я ненавіджу тое, што ты кажаш, але я памру за тваё права казаць гэта».

«Бо хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды сваёй». Мараль гэтых словаў Ісуса простая, відавочная і карысная. Кожны чалавек, маючы такую патрэбу, дарагі і блізкі Хрысту, а таму мы абавязаныя дапамагчы яму. Калі б Ісус знаходзіўся сярод нас у целе, дык Ён дапамог бы ў самым лепшым выглядзе, але зараз гэты абавязак перайшоў да нас. Заўважым, што дапамога часта бывае вельмі простай, але нават кубак вады – гэта Божы дар. Ня трэба рабіць немагчымае, але трэба даць тое, што можаш. Дапамагчы – гэта значыць атрымаць вечную нагароду. Але ёсьць і супрацьлеглае дзеяньне – «Згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне». Заахвоціць больш слабога брата спатыкнуцца – значыць быць асуджаным на вечнае пакараньне, а таму прапануецца больш лёгкае пакараньне – млынавы камень на шыю і ў мора. Млынавы камень у дадзеным выпадку – гэта вялікі млынавы камень, які прыводзіўся ў рух асламі. Чалавек, якога кідалі ў мора з такім камянём на шыі, ня меў ніякіх шанцаў застацца жывым. Грэх жахлівы, але вучыць грашыць іншых – нашмат хужэй. Бог не адносіцца сурова да грэшніка, але Ён вельмі строгі ў адносінах да тых, хто спрыяе таму, каб грашылі іншыя і чыі паводзіны і дзеі ставяць камень прадкненьня на шляху больш слабога блізкага.

«І калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве рукі, ісьці ў геенну, у агонь нязгасны, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае». Жывою ўсходняй моваю тут выкладзена праўда, што ў жыцьці павінна быць адзіная мэта, дзеля якой можна ахвяраваць усім. Фізічна гэта можа азначаць тое, што чалавеку прыдзецца пазбавіцца нейкага члена ці органа цела, каб застацца жывым. Часам хірургічнае выдаленьне нейкага органа ці ампутацыя канечнасьці застаюцца адзінай магчымасьцю захаваць жыцьцё чалавека. Тое ж самае можа мець месца і ў сфэры духоўнага жыцьця. У тагачасных юдэяў былі прымаўкі, зьвязаныя з тым, як могуць грашыць асобныя часткі цела: «Вочы – пясярэднікі грэху. Вочы і сэрца – дзьве служкі грэху. Запал гнязьдзіцца толькі ў тым, хто бачыць. Гора таму, хто крочыць за сваімі вачамі, таму што вочы падманваюць». Пэўныя інстынкты і пэўныя органы чалавечага цела спрыяюць грэху. Але выказваньні Ісуса ня трэба разумець літаральна, бо гэта азначае тое, што ў жыцьці ёсьць мэта, якая каштуе усякай ахвяры.

Геенна. Што гэта? Па-першае, яно пераводзіцца як пекла. Па-другое ж, яна знаходзілася ў даліне каля паўднёва-заходняй частцы тагачаснага Ерусаліму і з назвай Еном. Гэтая даліна мела злавеснае мінулае. Яшчэ, калісьці, Ахаз стварыў тут месца пакланеньня агню і прынясеньня, як ахвяраў, маленькіх дзяцей. Гэта ж жалівае паганскае ідалапаклонства рабіў тут і Манасія. Даліна Еном, генна была, таму, адным з самых жахлівых месцаў зьдзяйсьненьня паганскіх звычаяў у гісторыі Ізраіля. Далей Ёсія абвесьціў гэтую даліну нячыстай і апаганенай, а таму яна была прызначанным месцам для спальваньня сьмецьця. У выніку гэтага яна лічылася брудным месцам, дзе на адкідах размножваліся агідныя чэрві і дзе заўсёды ўсё тлела ды дымілася, як у агромістай печы, дзе спальвалі сьмецьце. Фраза ж пра тое чарвяк не памірае і агонь не згасае, узятае з апісаньня лёсу злых ворагаў Ізраіля з Ісаі: «Бо чарвяк іх не памрэ, і агонь іх не пагасьне; і будуць яны мярзотаю для ўсякага цела» (Іс 66:24). У выніку ўсяго гэтага геенна стала прататыпам ці сымбалем пекла, месцам, дзе будуць мучыцца і гарэць душы злых і заганых людзей. Так і сказана ў Талмудзе: «Грэшнік, які не выконвае слова закона, у канцы мае ў спадчыну геенну». Назва гэтай даліны стала метафарай таго лёсу, якога чакае пасьля сьмерці той, хто абвяргае Божы шлях. Такім чынам Ісус аб’ядноўвае гэтыя два значэньня.

Доўг, прадпісваны нам у гэтым выпадку: вырві вока, адсякі руку і ногу, азначае наступнае: усьмерці любімы запал, укрыжуй яго, змагайся з ім не падсілкоўвай яго. Няхай ідалы, якія складаюць прадмет асалоды, будуць выкінутыя прэч, як нешта брыдкае. Чаму гэта трэба рабіць? Цела павінна памерці для грэху, каб мы маглі ўвайсьці ў новае жыцьцё, у Божае Валадарства. Гэта патрэбна дзеля жыцьця, дзеля Валадарства Божага, якое немагчыма дасягнуць ніякім іншым шляхам. Чаму небясьпечна не рабіць гэтага? Пытаньне зводзіцца да таго, што ці грэх павінен памерці, ці мы. Мукі і згрызоты сумленьня грэшніка – вось той чарвяк, які не памірае.

«Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра сольлю будзе пасоленая. Соль добрая, але калі соль станецца несалёнай, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце між сабою». Марк паказвае нам тры асобных, не зьвязаных паміж сабою, выказваньня Ісуса. Бачыцца, што яны заселі ў галаве Марка менавіта ў такім парадку таму, што ў-ва ўсіх трох сустракаецца слова соль. Іншымі словамі – гэта маленькі збор выказваньняў Ісуса, у якіх Ён выкарыстоўвае слова соль у якасьці метафараў для розных карцінаў і таму ня трэба шукаць ніякай сувязі паміж гэтымі трымя выказваньнямі.

«Кожны агнём будзе пасолены». Па юдэйскаму закону кожную ахвяру трэба было пасаліць перад ахвяраваньнем Богу на алтары. Гэта ахвярная соль называлася сольлю запавета. Таму гэтае выказваньне Ісуса кажа пра тое, што хрысьціянскае жыцьцё, каб быць угодным Богу, павінна падвергнутай ачышчэньню агнём таксама, як кожнае ахвярапрынашэньне пасыпаецца сольлю.

«Соль добрая, але калі соль станецца несалёнай, чым яе прыправіце?» Наогул соль мае дзьве асаблівасьці, дзьве карысных уласьцівасьці. Па-першае яна дае смак. Акрамя таго, з старажытнасьці, яна выкарыстоўвалася ў якасьці кансэрвуючага сродку. Каб прадукты не сапсаваліся, іх салілі. Соль абараняла ад псуты. Мы ведаем тое, што калі ў тагачасны паганскі, досыць распутны сьвет, прыйшло хрысьціянства, дык менавіта яно прынесла гэтаму сьвету новы смак жыцьця, як соль да стравы. Сьвету патрэбныя смак і чысьціня, якія можа даць толькі хрысьціянства. А калі хрысьціянін сам згубіць войстрае адчуваньне жыцьця і чысьціню, як жа гэты сьвет увогуле зможа набыць іх?

«Мейце ў сабе соль і супакой мейце між сабою». Тут соль мае значэньне чысьціні. У тыя часы казалі, што соль – гэта самы чысты элемент у сьвеце, таму яе атрымліваюць з дзьвух самых чыстых элементаў – сонца і мора. Сама беласьць солі служыла вобразам чысьціні. Там гэты выраз азначае наступнае: «Майце ў сабе ачышчальнае ўзьдзеяньне Духа Хрыста. Будзьце чыстымі ад эгаізму і карысталюбства, а горычы, гневу і зайздрасьці, будзьце чыстымі ад раздражняльнасьці і эгацэнтрызму, і толькі тады вы зможаце жыць у міры з субратамі». Іншымі словамі, Ісус кажа пра тое, што ў сапраўдным братэрстве з людзьмі можа жыць толькі чалавек, пазбаўлены эгаізму і перапоўнены Хрыстом.


Рецензии