Марк 16 1-20

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА


Мар 16:1-20

У гэтым разьдзеле зьмястуецца кароткі аповяд уваскрасеньня і ўзьнясеньня Госпада Ісуса, якое нясе радасьць і ўрачыстасьць усім веруючым, хто, у папярэдніх разьдзелах, спачуваў Ісусу Хрысту. Мы ўбачым абвяшчэньне жанчынам пра ўваскрасеньне Ісуса, мы ўбачым зьяўленьне Ісуса Марыі Магдалене і вучням, якія ішлі ў Эмаус. Мы ўбачым зьўленьне Ісуса Адзінаццаці, якім Ён даручае ўзводзіць Сваё Валадарства ў гэтым сьвеце і для выкананьня гэтага даручэньня дае ім настаўленьне і паўнамоцтвы. Мы ўбачым узьнясеньне Ісуса і адабрэньне Богам апосталаў у іхняй працы. Дык вось.

Мар 16:1-8
«І калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якубава, і Салямэя купілі духмянасьцяў, каб пайсьці памазаць Яго. І вельмі рана, у першы дзень пасьля суботы, прыходзяць да магілы, калі ўзыходзіла сонца. І гаварылі між сабою: “Хто нам адваліць камень ад уваходу ў магілу?” І, глянуўшы, бачаць, што камень адвалены, а быў ён надта вялікі. І, увайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белую шату, і напалохаліся. А ён кажа ім: “Не палохайцеся, шукаеце Ісуса з Назарэту, укрыжаванага? Ён уваскрос. Няма Яго тут. Вось месца, дзе палажылі Яго. Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: “Ён ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам”. І яны, выйшаўшы, пабеглі ад магілы, і ахапіла іх трымценьне і захапленьне, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся» (Мар 16:1-8).

Часу, пад час пахаваньня Ісуса ў пятніцу, не заставалася, бо ў шэсьць гадзінаў увечары пачыналася субота і жанчыны, якія хацелі намазаць пахошчамі цела Ісуса, не маглі гэтага зрабіць. Але вось, у шэсьць гадзінаў наступнага дня, увечары, субота мінула і настала нядзеля, першы дзень тыдня. Яшчэ заставаўся час і жанчыны, пра якіх кажа Марк, закупілі пахошчы, каб, наступным ранкам, прыйсьці да магілы і выканаць сваю жалобную місію. Намазаць цела памерлага лічылася неабходным як з-за любові да яго, так і з-за таго, каб пах раскладаньня не насычаў магілу, куды трэба будзе класьці іншых памерлых, пакуль не настане час сабраць косткі і пакласьці іх у асусарый – другое пахаваньне.

«І вельмі рана, у першы дзень пасьля суботы, прыходзяць да магілы, калі ўзыходзіла сонца». Толькі адно непакоіла іх – камень, які закрываў уваход у магілу. Справа ў тым, што ўваходам у магілу была адтуліна, якая закрывалася круглым камянём, памерам з кола арбы, які перасоўваўся па жолабе, вырабленым у зямлі. Жанчыны ведалі тое, што ім ня будзе пад сілу скрануць гэты камень і таму вельмі перажывалі з-за гэтага. Але што яны ўбачылі?

Камень адсунуты і магіла адкрытая, а ў самой магіле сядзіць пасланьнік у белай шаце, які расказаў ім неверагодную навіну пра тое, што Ісус паўстаў з мёртвых і чакае Сваіх вучняў у Галілеі. Гэты юнак перадае ім тое, што яны павінныя перадаць гэта вучням і асабіста Пятру. Вызначым апошняе, бо Ісус дае яму зразумець тое, што нават тройчая здрада не выкрэсьлівае яго з ліку сяброў Ісуса. Пётр не безнадзейны. Зразумела ж, што гэтыя жанчыны пабеглі дадому вельмі напужанымі, бо, кажучы сучаснаю мова, былі ў шоку. Але галоўнае тое, што яны сталіся апосталамі для апосталаў, што было ўзнагародай за іхнюю любоў да Ісуса. Яны першымі прыйшлі і першымі атрымалі радасную вестку: ніхто іншы з вучняў не адважыўся наблізіцца да магілы ці пацікавіцца пра Ісуса. Ніхто не прыйшоў да Яго, акрамя некалькіх жанчынаў, ня здольных нават скрануць магільны камень.

Але, як бы тое не было, зусім ясна, што калі б Ісус не паўстаў, мы б ніколі пра Яго не пачулі. Зразумела і тое, што жанчыны прыйшлі для таго, каб выканаць апошнія паслугі памерламу целу, а вучні лічылі, што гэта быў трагічны канец. Усё ж сталася ня так і лепшым доказам уваскрасеньня Ісуса зьяўляецца існаваньне хрысьціянскай Царквы, бо нічога іншае не магло б навярнуць сумных і якія ў роспачы людзей у людзей, якія зьзяюць ад радасьці і напоўненыя сьмеласьцю.

Уваскрасеньне Ісуса Хрыста – гэта галоўны элемент хрысьціянскае веры і з гэтага мы разумеем, што Ісус ня дзеючы герой нейкага раману, але жывы Чалавек. Недастаткова проста вывучаць жыцьцё Ісуса, як жыцьцё нейкай гістарычнай асобы. З гэтага можна пачаць, але завяршыць трэба асабістай сустрэчай з Ім. Трэба памятаць і тое, што Ісус ня ёсьць успамінам, бо Ён прысутнічае тут Сам. Нават самыя каштоўныя ўспаміны паступова зьнікаюць, а з гэтага вынікае тое, што час ўжо даўно сьцёр бы імя Ісуса з нашай памяці, калі б Ён ня быў заўсёды жывым і побач з намі.
 
Яны, Марыя Магдалена, Марыя Якубава, і Салямэя, павінныя былі распавесьці вучням, што Ён уваскрос. Для вучняў жа гэта быў цяжкі час, бо іхні Настаўнік памёр і ўсе надзеі ды радасьці пахаваныя разам з Ім у магіле. Вучні лічылі сваё становішча безнадзейным і самі былі гатовымі стаць лёгкай здабычай для сваіх ворагаў, бо зусім пазбавіліся прысутнасьці духа і зайшлі ў поўны тупік. Але яны ня ведалі таго, што Ісус уваскрос, як і тое, што Ён верне ім прысутнасьць духа і ўтрымае іх ад поўнага адчаю. Трэба адзначыць і тое, што Ісус не пасаромеўся прызнаць Сваіх недарэчных вучняў, бо, праз жанчынаў, яны даведаліся пра Ягоныя планы адносна іх. Ісус ня будзе заўважаць памылкі тых, чыі сэрцы шчырыя перад Ім. Вучні баязьліва пакінулі Яго, але Ён, тым ня меньш, клапоціцца пра іх. Так і з усімі намі.

Пра Ісуса ня трэба проста разважаць, але з Ім трэба абавязкова сустрэцца. Жыцьцё хрысьціяніна – гэта не жыцьцё чалавека, які ведае пра Хрыста, але жыцьцё чалавека, які ведае Хрыста. У гэтым і заключана ўся розьніца – ведаць пра чалавека ці ведаць чалавека. Амаль што кожны чалавек ведае нешта пра вельмі вядомых людзей, але зусім ня многія ведаюць іх. Найвялікшы вучоны ў сьвеце, які ўсё ведае пра Хрыста, ведае найменьш самога сьціплага хрысьціяніна, які ведае Яго. І гэта да ўсіх нас, бо якімі ворагамі мы становімся самі па сабе, калі не разважаем пра словы Хрыста і не падмацоўваем іх верай. Ісусу было больш важным суцешыць раскаянага грэшніка, чым пакараць ягоны грэх, як пра гэта нехта сказаў: «Самае выдатнае і дарагое ў Ісусе тое, як Ён давярае нам у момант нашае паразы».

Мар 16:9-20
«Уваскросшы раніцаю ў першы дзень пасьля суботы, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў. Яна, пайшоўшы, паведаміла тым, што з Ім былі, якія плакалі і галасілі. Але тыя, пачуўшы, што Ён жывы і яна бачыла Яго, не паверылі. Пасьля гэтага Ён зьявіўся ў іншым выглядзе дваім з іх у дарозе, як ішлі ў вёску. І тыя, вярнуўшыся, паведамілі іншым, але і ім не паверылі. Нарэшце Ён зьявіўся Адзінаццаці, калі ўзьлягалі пры стале, і дакараў за недаверства іхняе і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага. І сказаў ім: “Ідзіце на ўвесь сьвет і абвяшчайце Эвангельле ўсяму стварэньню. Хто паверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. А тым, што павераць, будуць такія знакі: у імя Маё выганяць будуць дэманаў, новымі мовамі гаварыць будуць, зьмеяў браць будуць, і калі што сьмяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім, на нямоглых рукі ўскладуць, і яны будуць здаровыя”. Госпад жа пасьля размовы з імі ўзьнёсься ў неба і сеў праваруч Бога. А яны, пайшоўшы, абвяшчалі паўсюль Госпада, Які ўспамагаў іх і сьцьвярджаў словы знакамі, якія іх суправаджалі. Амэн» (Мар 16:9-20).

Канец Эвангельля ад Марка азначаецца восьмым вершам, бо чытаньне гэтага разьдзелу паказвае адрозьненьне ад усяго Эвангельля. Але чаму так здарылася? Лічыцца, што канец Эвангельля ад Марка згубіўся і гэта, як бачыцца, не пустыя словы, бо гэтаму ёсьць пэўныя доказы. Мы ня будзем паглыбляцца ў гэтае дасьледваньне, але дапусьцім тое, што працяг гэтай гісторыі ад Марка згубіўся: магчыма што пацярпеў сьвітак і канец яго быў адарваны, а можа і выпадкова. Вельмі важнае значэньне гэтай часткі Эвангельля паводле Марка ў тым, што ў ім вельмі добра выкладзена задача Царквы і хрысьціянаў. Чалавек, які дапісаў гэты ўрывак, безумоўна верыў у тое, што на Царкве ляжаць пэўныя задачы, якія ўсклаў на яе Ісус. Але што ёсьць гэтыя задачы?

На Царкве ляжыць задача пропаведзі. Гэта ёсьць абавязак Царквы і, адпаведна, абавязак кожнага хрысьціяніна распавядаць гісторыю Добрай Весткі, якая прынесена Ісусам тым, хто ніколі гэтага ня чуў. Хрысьціянін павінен быць вястуном Ісуса.

На Царкве ляжыць задача аздараўленьня, бо хрысьціянства кранае ня толькі душу і дух чалавека, але і ягонае цела. Ісус жадаў несьці аздараўленьне для цела і душы.
 
У Царквы ёсьць крыніца сілы, але ня трэба разумець усё ў літаральным сэнсе. Гэтая вобразная мова перадае ўпэўненасьць таго, што хрысьціянін, як ніхто іншы, нададзены сілай і здольнасьцю даць рады праблемам жыцьця.

Царква не адна ў выкананьні гэтай задачы, бо Ісус Хрыстос заўсёды працуе разам з ёй і праз яе. Госпад Царквы прысутнічае ў ёй і сёньня. Ён і сёньня ёсьць Госпадам сілы.

Канцоўка гэтага Эвангельля напіхвае нас на разважаньне пра нашае асабістае вучнёўства і пра тое даручэньне, якое і на нас ускладае ўваскросшы Ісус.

Праз сорак дзён пасьля Свайго ўваскрасеньня Ісус узьнёсься ў неба і сеў праваруч Бога, што ёсьць месца пашаны і ўлады. Вучні ж пайшлі наперад, як палаючыя паходні, прапаведаючы эвангельскую вестку і набываючы душы для Збаўцы. Сіла Госпада была з імі, бо абяцанае Госпадам суправаджала іхнюю пропаведзь, умацоўваючы слова, якое казалі яны.

На гэтым і завяршаецца аповяд ад Марка – Хрыстос у нябёсах, а бліжэйшыя вучні на зямлі ўзялі на сябе ўвесь цяжар эвангелізацыі сьвету і цалкам аддалі сябе гэтаму. Мы ж разумеем тое, што вынікі гэтага будуць мець месца ў вечнасьці і ў нашай малітве: «Ойча наш, да сьвяціцца імя Тваё, да будзе Валадарства Тваё, як у небе так і на зямлі». Амэн.


Рецензии