Марк 14 1-72

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА


Мар 14:1-72

У папярэднім разьдзеле Марк паказвае нам тое, як навальнічныя хмары згушчаюцца над Ерусалімам. Зараз жа, яны зьбіраюцца над галавою Ісуса. Паралель паміж гэтымі падзеямі істотная: Ісус прадказаў пагібель Храма ад рук ворагаў-паганаў, а зараз той жа лёс чакае і Яго. Марк паказвае разьвіцьцё гэтай падзеі, даючы кожнаму з нас магчымасьць усьвядоміць сьмерць Ісуса Хрыста.


Мар 14:1-11
«Праз два дні была Пасха і сьвята Праснакоў, і шукалі першасьвятары і кніжнікі, як узяць Яго подступам і забіць, але казалі: “Не на сьвята, каб не было замяшаньня ў народзе”. І калі Ён быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў за сталом, прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага, чыстага і каштоўнага, і, пабіўшы алябастар, выліла Яму на галаву. І былі некаторыя, якія абураліся ў сабе і казалі: “Навошта такое марнаваньне гэтага міра? Можна ж было прадаць яго даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім”. І наракалі на яе. А Ісус сказаў: “Пакіньце яе! Навошта робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне. Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою і можаце ім дабро рабіць, калі захочаце, а Мяне маеце не заўсёды. Яна, што магла, зрабіла: наперад памазала цела Маё на пахаваньне. Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе”. І Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім. Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму грошы. І ён шукаў, як у адпаведны час Яго выдаць» (Мар 14:1-11).

Гэта была серада таго фатальнага тыдня. Праз два дні настане сьвята Пасхі, якое абвесьціць пра пачатак сямі дзён сьвята Праснакоў. Рэлігійныя кіраўнікі Ізраіля былі ў рашучасьці ўсьмерціць Ісуса, але не хацелі гэтага рабіць пад час рэлігійнага сьвята, бо многія з народу палічылі б гэта непрымальным. І вось Марк даводзіць да нас дзіўную падзею, якую можна кваліфікаваць, як апошнюю праяву дабрыні да Ісуса.

Ісус знаходзіўся ў доме Сымона, што ў вёсцы Бэтанія, узлягаючы за сталом вячэры. Менавіта з гэтага моманту аповяд ад Марка набывае канцэнтраваны выгляд будучага сьмяротнага пакараньня Ісуса. Уявім сабе мастацкую карціну трыпціх. Сярэдняя карціна паказвае нам галоўнае дзеяньне гэтага дня – безназоўная жанчына вылівае, пабіўшы алябастар, каштоўнае міра на галаву Ісуса. Але ўвесь змрочны сэнс гэтага трыпціху закладзены ў правай і левай яго частцы. З аднога боку мы бачым першасьвятароў ды кніжнікаў, якія плануюць забойства Ісуса, а з іншага боку мы бачым Юду Іскарыёта, які імкнецца да іх, каб дамовіцца з імі на выдачу Ісуса. Кожная дэталь у гэтым аповядзе Марка кажа нам пра тое, што канец ужо блізкі. Гэта ведае Ісус, як ведаюць гэта і сьвятары з Юдам. І толькі гэтая безназоўная жачына з мірам, падпарадкоўваючыся прадчуваньню, зрабіла тое, што зрабіла – памазала цела Ісуса на пахаваньне.

«Навошта такое марнаваньне гэтага міра? Можна ж было прадаць яго даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». Трыста дынараў – практычна гадавы заробак простага работніка. Немалыя грошы, а таму многім практычным людзям гэты ўчынак падаўся, ня больш ня меньш, пустым марнатраўствам. Але Ісус зноў ня згодны з гэтымі практычнымі вучнямі, бо яна, гэтая жанчына, зрабіла гэта з любові да Яго і ня варта думаць тое, што яна нейкім чынам ведала пра Ягоную хуткую сьмерць, хаця і адмаўляць цалкам гэтаму ня варта, бо і яна магла што-нішто чуць ад Ісуса ды зразумець гэтае па свойму. Але, як бы тое не было, яна дзейнічае ад паўнаты сэрца, інтуітыўна пранікаючы ў сутнасьць рэчаў і не зьвяртаючы ўвагі на заўвагі ці папрокі атачаючых яе людзей. Кожнаму з нас неабходна задумацца пра асабістае стаўленьне да гэтага эпізоду. Ці здольныя мы на падобны ўчынак дзеля Ісуса, як зрабіла гэтая непрактычная жанчына ў сваёй любові ды шчырасьці да Яго?

«І Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім». Марк майстэрскі ставіць побач гэтыя два эпізоды - памазаньне у Бэтаніі і здраду Юды Іскарыёта: акт безразважнай любові і жахлівую здраду. Бачыцца тое, што ніякае сэрца не застаецца абыякавым, калі розум перадае яму гэтыя зьвесткі. Марк выкладае гэтую падзею проста і сьцісла, але гэта не азначае тое, што мы ня маем ад гэтага магчымасьцяў для разважаньня. Але што мы можам сказаць пра ўчынак самога Юды і пра тыя матывы, што кіравалі ім? Паспрабуем паглядзець на гэта з кропкі погляду звычайнага чалавека, які знаходзіцца ў-ва ўладзе грэху.

Сквапнасьць. Мацьвей, напрыклад, кажа пра тое, што Юда пайшоў да першасьвятароў, каб даведацца пра плату за здраду і дамовіўся з імі на трыццаць срэбнікаў. Але можа быць і так, што ўлады ўжо вызначылі плату за інфармацыю таго, дзе знаходзіцца Ісус з магчымасьцю Ягонага арышту. Апостал Ян кажа ў сваім пасланьні тое, што Юда, будучы скарбнікам апостальскай групы, займаўся крадзяжом з агульных сродкаў. Так магло і быць, бо запал да грошай можа стацца зьяваю жахлівай. Ён можа асьляпіць чалавека так, што гэта пазбавіць чалавека нормаў прыстойнасьці. Калі так было з Юдай, дык ён, як бачыцца, спазніўся з разуменьнем таго, што некаторыя рэчы каштуюць вельмі дорага.

Зайздрасьць. Многія дасьледчыкі лічылі тое, што Юда, калі прыйшоў да Ісуса, быў вельмі здольным і меў усе магчымасьці стаць адным з лепшых вучняў Хрыста, але яго пачала паглынаць зайздрасьць да таго, што Ісус аддае перавагу іншым Сваім вучням. Гэтая зайздрасьць і падштурхнула Юду на жахлівае злачынства. Толькі нямногае можа так сапсаваць жыцьцё чалавека, як зайздрасьць ды рэўнасьць.

Славалюбства. Мы ўжо пабачылі тое, што апосталы думалі пра Валадарста ў зямных катэгорыях і бачылі сябе ў высокім становішчы, у тым будучым. Зусім верагодна тое, што і Юда таксама жыў гэтымі ўяўленьнямі. Магчыма. Але магчыма і тое, што, у нейкі час, ён зразумеў памылковасьць гэтае мары і вырашыў узяць хоць нешта з гэтай сітуацыі. Бывае ж у людзей такое славалюбства, якое паядае любоў і гонар ды і ўсё добрае ў імкненьні дасягненьня пастаўленых мэтаў.

Нацыяналізм. Пра гэта нельга не сказаць, бо ў-ва ўсе часы існавала думка пра тое, што Юда зусім не хацеў сьмерці Ісуса, бо бачыў у Ім таго, хто дапаможа зьдзейсьніць мары народа пра нацыянальную незалежнасьць і славу. І вось зараз, калі ён бачыў тое, што Ісус сьвядома ідзе насустрач Сваёй сьмерці, ён павінен абвойстрыць сітуацыю так, каб Ісус пачаў дзейнічаць дзеля Свайго збаўленьня і каб гэта было пачаткам таго, пра што Юда і марыў. Магчыма гэтая думка і падмацоўваецца тым фактам, што Юда, убачыўшы наступствы свайго ўчынку, кінуў атрыманыя за гэта грошы і павесіўся. Калі гэта так, дык Юда перажыў найвялікшую ў гісторыі трагедыю.

Д’ябал. Лука і Ян пра гэта і кажуць. Юда хацеў бачыць Ісуса тым, кім ён хацеў Яго бачыць, але ня тым, хто быў Ісус на самой справе. Юда і стаў вучням Ісуса ня дзеля таго, каб быць Ягоным пасьлядоўнікам, але дзеля таго, каб падштурхнуць Ісуса зьдзейсьніць ягоныя планы і жаданьні. Гэтага ж, у выніку, ён ня ўбачыў, а таму і атрымалася гэтая здрада. У аснове любога грэху ляжыць гордасьць, як імкненьне рабіць тое, што хочам мы, але ня Бог, а гэтае і патрэбна д’яблу, што стаіць на баку любога супраціву Богу. Так было і з Юдам, якога д’ябал і апанаваў. Але падумаем яшчэ раз – сквапнасьць, зайздрасьць, рэўнасьць, славалюбства і непераадольнае жаданьне рабіць па свойму – ці далёка ад усяго гэтага адыйшлі ўсе мы? Усё гэтае прывяло Юду да таго, што ён здрадзіў Ісусу, але і сёньня, гэтыя ж якасьці падштурхоўваць людзей на шлях здрады Ісусу.

Мар 14:12-25
«І ў першы дзень Праснакоў, калі закалваецца пасхальнае ягня, кажуць Яму вучні Ягоныя: “Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?” І пасылае двух вучняў сваіх, і гаворыць ім: “Ідзіце ў горад, і сустрэнецца вам чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім. І куды ён увойдзе, скажыце ўладальніку: “Настаўнік гаворыць: “Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху разам з вучнямі Маімі?” І ён пакажа вам залю вялікую, засланую, падрыхтаваную; там падрыхтуйце нам”. І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху. І калі настаў вечар, прыходзіць з Дванаццацьцю. І калі ўзлягалі за сталом і елі, Ісус сказаў: “Сапраўды кажу вам: Адзін з вас, што есьць са Мною, выдасьць Мяне”. Яны ж засмуціліся і пачалі адзін за адным гаварыць Яму: “Ці ня я?” І іншыя: “Ці ня я?” Ён жа, адказваючы, сказаў ім: “Адзін з Дванаццаці, што мачае са Мною ў місе. Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца! Лепш было б, каб чалавек той ня быў нарадзіўшыся”. І калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіўшы, паламаў і даў ім, і сказаў: “Бярыце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё”. І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, даў ім; і пілі з яго ўсе. І сказаў ім: “Гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца. Сапраўды кажу вам, што больш ня буду піць з гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае віно ў Валадарстве Божым”» (Мар 14:12-25).

Гэта вельмі цікавая, але і дзіўная гісторыя. Ісус паслаў вучняў падгатаваць Пасху, сустрэўшы чалавека, які будзе несьці збан вады, каб той паказаў месца для сьвяткаваньня Пасхі. Чаму гэта дзіўна? Таму што мужчына са збанам вады – гэта неверагоднае выключэньне ў грамадзтве Ізраіля. Такога практычна не бывае, але чаму Ісус накіроўвае на гэта? Можа таму, што Ісус, нейкім чынам, падгатаваў гэта? Гэтага ня ведае ніхто, акрамя Ісуса, але, як бы гэтае не было, так і атрымалася, а месца для сьвяткаваньня Пасхі было вызначаным і падгатаваным. Многія юдэйскія дамы мелі верхнюю залю, якая служыла месцам для спакойнай адзіноты і прыёму гасьцей. Так рабілі рабіны, калі прымалі вучняў. Так зрабіў і Ісус.

Але трэба памятаць і тое, як юдэі вялі падлік дзён. Новы дзень пачынаўся ў шэсьць гадзінаў вечару, а таму будзем памятаць тое, што пятніца 14 нісана пачыналася ў чацьвер 13 нісана. Уявім жа сабе гэтую карціну. Нізкі стол у форме квадрата з адным адкрытым бокам, які павінен быў несьці на сабе вельмі неабходнае: ягня, як напамін крыві ў абарону Ізраіля; праснакі, каб даць напамін пра хлеб, які елі пры Выхадзе; келіх салёнай вады, як напамін пра сьлёзы рабства і ваду Чэрмнага мора; набор горкіх траваў, каб памятаць гаркату рабства ў Егіпце; сумесь з яблыкаў, гранатаў і арэхаў, як напамін пра гліну, з якой яны рабілі цэглу ў Егіпце, а таксама і чатыры келіхі віна, як напамін абяцаньняў Госпада. І вось, за такім сталом і сядзеў Той, Хто даў шлях вызваленьня усяго сьвету ад грэху і сьмерці.
Новы дзень і пачаўся з таго, што ў шэсьць гадзінаў увечары Ісус узьлёг з вучнямі, каб есьці Пасху. Гэтая вячэра, як бачыцца, адлюстроўвала ў сабе той глыбокі інстынкт, дадзены дарэчы Богам, адзначаць значныя падзеі адпаведнаю ежай. Так было і тут, бо такая ежа насычае ня толькі цела, але гэтая ежа нешта паведамляе і аб’ядноўвае нас. Такія і былі гебрайскія сьвяты, пры гэтым большасьць з іх зьвязаныя з успамінамі пра тое, як Бог вывеў Ізраіля з егіпецкага рабства.

Галоўны ж з гэтых успамінаў – Пасха, калі ня толькі даецца ўспамін пра Божае збаўленьня, але даецца і магчымасьць блізкім людзям узьлягаць за адным сталом, каб яшчэ і яшчэ раз абвесьціць усяму сьвету: «Насуперак усяму мы застаемся свабодным народам Божым». Так захоўваецца вернасьць, так захоўваецца вера, надзея і любоў. Вось так, прыняўшы ўсё гэта за аснову, уявім сябе ў гэтым пакоі, дзе ўзьлягае Ісус з вучнямі, каб есьці Пасху.

Вячэра пачалася як звычайна, але толькі Ісус ведае наколькі незвычайнай станецца гэтая Пасха – падобна Майсею, Ён пойдзе наперадзе Дванаццаці, на чале Ізраіля, на чале ўсяго сьвету, каб вывесьці сьвет на свабоду. Гэтая асблівая пасхальная вячэра павінна патлумачыць, лепш за ўсякія словы, сэнс Ягоных дзеяў і пакутаў, праз якія Яму належыць прайсці ў наступным дні і ня толькі патлумачыць. Бо з таго дня і па сёньня пасьлядоўнікі Ісуса становяцца ўдзельнікамі Ягонай апошняй трапезы, чэрпаюць з яе сілы і самое жыцьцё. Каб асэнсаваць усё гэта, каб напоўніцца сэнсам таго, што адбылося на Гальгоце, трэба пачаць з гэтай вячэры. Ужо нямала часу Ісус намагаецца сказаць вучням пра сваю хуткую сьмерць, але яны былі нейкім чынам неўспрымальнымі да гэтага. Ён прапанаваў ім розныя тлумачэньні, як з кропкі погляду біблійных прароцтваў (Сын чалавечы), так і з кропкі погляду палітыцы (перагляд поглядаў сьвецкай улады), а таксама з багаслоўскага погляду (аддаць жыцьцё, як адкупленьне за многіх). Усё гэта сымбалічна аб’ядноўваецца ў гэтай вячэры.

Ён еў з Дванаццацьцю, якія былі Ягонай сям’ёй, каб навучыць усе сем’і падтрымліваць сярод іх набожнасьць і пакланяцца разам з імі Богу. Калі ж Ён прыйшоў з Дванаццацьцю, дык гэта азначае тое, што сярод іх быў і Юда, хаця той ужо стаў на шлях здрады Ісусу. Бачыцца і тое, што Юда прысутнічаў тут, каб пазьбегнуць падазрэньня ў здрадзе, а таксама і вызнаць далейшую лакацыю Ісуса. Ісус жа ведаў намеры Юды, але не пазбавіў яго сьвята, бо гэтая здрада яшчэ не адкрылася. Ісус дае гэтым прыклад усім нам пра допуск да Ягонай трапезы тых, хто мае фармальную веру, таму што тыя ня здольныя распазнаць горкі корань да таго часу, пакуль той ня дасьць парастак. Ісус мог чытаць сэрца Юды. Цікава тое, што астатнія вучні, як бачыцца, нічога не падазравалі. Калі б яны ведалі, у якую справу ўблытаўся Юда, дык яны, безумоўна, прыпынілі б яго, нават і сілай. Гэта ўрок і ўсім нам, бо што-нішто мы можам утаіць ад нашых братоў, але ад Ісуса нічога ўтаіць нельга. Ён знаўца чалавечага сэрца і Ён ведае, што такое чалавек.

Спачатку бяседа Ісуса з вучнямі была звычайнаю. Яны ўспаміналі пра выхад гебраяў з Егіпту і пра захаваньне жыцьця першынцаў. Яны атрымлівалі асалоду, размаўляючы разам, да таго часу, пакуль Ісус не сказаў ім нешта такое, што не ўкладаецца ў агульнапрыняты сцэнар сьвяткаваньня. Ім было прыемна знаходзіцца разам з Ісусам, але Ён раптам кажа пра тое, што яны хутка пазбавяцца Яго, бо Ён выдаецца на ўкрыжаваньне. Так вызначыў Яму Бог, як гэта і напісана ў прароцтвах Старога Запавету і ніяк інакш гэтага ня будзе. Але гэта было словам, а Ісус хацеў захаваць гэта у памяці Сваіх вучняў дзеямі, каб аб’яднаць гэтае драматызаванае дзеяньне са старажытным сьвятам Сваго народу. І таму, паказваючы, Ён сказаў: «Глядзіце! Вось так, як ламаецца гэты хлеб, так паламаецца і цела Маё. Таксама, як выліваецца гэтае віно, так і кроў Мая будзе пралітаю за вас. І гэта ёсьць новым Божым Запаветам, які дадзены вам навечна і які грунтуецца на любові. Тое, што Я раблю, Я раблю дзеля таго, каб паказаць вам тое, што Бог любіць вас». Ісус ведаў тое, што Ён павінен памерці, але ведаў і тое, што Ягонае Валадарства прыйдзе. Ён быў упэўненым у тым, што Яго чакае крыж, але Ён быў упэўненым і тым, што Яго чакае слава. Ён быў упэўненым у любові Божай, як і ў грахоўнасьці людзей, але Ён ведаў тое, што, у рэшце рэшт, любоў пераможа грэх.

Мар 14:26-52
«І, засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную. І кажа ім Ісус: “Усе вы згоршыцеся праз Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі”, але пасьля Майго ўваскрасеньня прыйду перад вамі ў Галілею”. А Пётр сказаў Яму: “Калі нават усе згоршацца, але ня я”. І кажа яму Ісус: “Сапраўды кажу табе, што ты сёньня, у гэтую ноч, перш, чым певень двойчы запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне”. Але той тым мацней гаварыў: “Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не адракуся ад Цябе”. Гэтак сама і ўсе гаварылі. І прыходзяць у месца, званае Гетсэманія, і гаворыць вучням Сваім: “Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся”. І бярэ з Сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць. І кажа ім: “Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце”. І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна. І гаварыў: “Абба;, Ойча! Усё магчыма для Цябе, пранясі ад Мяне гэты келіх, але ня тое, што Я хачу, але што Ты!” І прыходзіць, і знаходзіць іх, што яны сьпяць, і гаворыць Пятру: “Сымоне! Ты сьпіш? Ня маеш сілы аднае гадзіны чуваць? Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу, бо дух ахвочы, а цела кволае”. І зноў, адыйшоўшыся, маліўся, гаворачы тое самае слова. І, вярнуўшыся, знайшоў зноў, што яны сьпяць, бо вочы іхнія абцяжэлі, і ня ведалі, што Яму адказаць. І прыходзіць трэці раз, і кажа ім: “Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Даволі! Прыйшла гадзіна. Вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. Уставайце! Хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае” І адразу, калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасьвятароў, і кніжнікаў, і старшыняў. А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: “Каго я пацалую, гэта Ён, бярыце Яго і вядзіце асьцярожна”. І, прыйшоўшы, адразу падыйшоў да Яго і кажа: “Раббі! Раббі!”, і пацалаваў Яго. Яны ж усклалі рукі свае на Яго і схапілі Яго. А адзін з тых, што стаялі там, выхапіўшы меч, ударыў слугу першасьвятара і адсек яму вуха. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: “Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб схапіць Мяне. Штодзень быў Я з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне, але няхай споўніцца Пісаньне”. І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі. І адзін юнак, апрануўшы палатніну на голае цела, ішоў за Ім, і жаўнеры схапілі яго, але ён, пакінуўшы палатніну, голы ўцёк ад іх» (Мар 14:26-52).

Гэта вельмі цяжкі эпізод ад Марка, бо ён падаецца ўварваньнем у-ва ўнутраную душэўную барацьбу Ісуса. Заставацца далей у пасхальным пакоі было ўжо небясьпечным, бо Юда ўжо пайшоў ад іх і мы здагадваемся куды. Гэтая трапеза скончылася традыцыйным сьпевам гімна з псальмоў. Згодна Марка, складваецца ўражаньне на тое, што гэта быў не адзін псальм, але яны сьпявалі і іншыя псальмы на шляху да гары Аліўнай. Гэта быў, як кажуць, лебядзіны сьпеў Ісуса, які Ён сьпяваў перад Сваёй душэўнай барацьбой у гэтсіманскім садзе.
І вось Марк зноў паказвае нам трыпціх, у цэнтры якога і знаходзіцца карціна, на якой мы бачым Ісуса ў Гэтсіманскім садзе, які моліцца да Айца. Мы бачым Ісуса ў-ва ўладзе жаху, Які моліцца пра магчымы іншы шлях, прамаўляючы тое, чаму ўжо навучыў вучняў: «Богу ўсё магчыма”, але атрымлівае непахісны адказ: «Зваротнага шляху няма». Ён прайшоў праз вялікую барацьбу, Ён тройчы заклікаў пра збаўленьне, але, відавочна, Той, каго Ён называе Абба адказвае: «Не». Калі ж нават Ісус атрымаў адмоўны адказ на самую гарачую малітву, дык што ж зьдзіўляцца таму, калі падобнае адбываецца і з намі. Пасьля малітвы Ён вяртаецца засяроджаным і зноў кантралюе сітуацыю, калі з іроніяй аклікае вучняў: «Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Даволі!»

Па адзін бок ад цэнтральнай карціны мы бачым другую – ня меньш напружаную размову Ісуса з вучнямі па дарозе на Аліўную гару, дзе Ён прадказвае тое, што ўсе зьбягуць ад Яго. Зноў Ён цытуе Пісаньне і мы бачым тое, што ўсе прароцтва супалі разам у гэты дзень. Ісус вёў Свой маленькі статак з таго дня, калі Ён сабраў яго ў Галілеі і да гэтага часу, але зараз авечкі разьбягуцца ў пошуках сховішча. Але і гэта ёсьць часткаю замысла: Ісус адзін увойдзе ў гэты жахлівы і цёмны час, які чакае Яго. Яны ж няхай моляцца на тое, каб гэты жах іх абмінуў.

І вось Пётр, «Камень» - як заўсёды неабдуманы – спачатку скажа, а потым падумае, дык і ён будзе перакулены гэтымі жахлівымі падзеямі. Тройчае адрачэньне Пятра глядзіцца, як жудасная пародыя тройчай малітвы Ісуса ў садзе – тройчы Ісус аддае Сябе ў рукі Айца і волі Яго, тройчы і Пётр, правая рука Ісуса, адмовіцца ад знаёмства з ім.

Па другі бок ад цэнтральнай карціны - карціна здрады і арышта Ісуса. Юда выбраў ідэяльнае месца: сярод ночы, па-за горадам, падалей ад натоўпу. Няма неабходнасьці ў сілавым захопе Ісуса, бо Ён ня меўся быць рэвалюцыянерам, хаця Юда заўсёды марыў пра адваротнае. Адзін з тых, хто стаяў там, ня вытрымаў і, выхапіўшы меч, адсёк вуха слузе першасьвятара. Ян, у сваім Эвангельлі, называе ягонае імя – Пётр, але ў іншых Эвангельлях гэтага імя няма. Марк, разумеючы ўсю безсэнсоўнасьць гэтага дзеяньня, нават не адносіць да гэтага вучняў Ісуса. Таксама ж Марк апісвае і натоўп, які прыйшоў арыштоўваць Ісуса, а далей паведамляе пра тых, хто паўцякаў, дзе мы ня бачым слова «вучні», бо Марк, як бачыцца, пазбаўляе іх гэтага высокага званьня.

Нарэшце мы бачым юнака, які, як калісьці Язэп (Быц 39:12), збаўляецца, пакінуўшы сваё адзеньне. У-ва ўсе вякі выказваецца здагадка на тое, што гэта быў сам Марк, бо іншыя Эвангельлі гэтага не паведамляюць. Няма ніякіх доказаў прысутнасьці тут Марка, але гэтая здагадка цалкам дапушчальная. Галоўнае ж у гэтым эпізодзе не асоба гэтага юнака, але тое, што ў адрозьненьні ад гэтага юнака, яны хаваюць свой сорам у садзе. Яны зьняслаўленыя.

Мы ж павінныя прыпыніцца каля гэтага трыпціха і падумаць яшчэ раз: «Дзе ж нашае месца на гэтай карціне?» Можа мы, падобна вучням: то выхваляемся, то сьпім, то разьбягаемся ў сораме і страхе? Можа мы гатовыя здрадзіць Ісусу, калі нашыя планы не адпавядаюць планам Ісуса? Ці ж мы жадаем бадзёрыцца з Ісусам у садзе і падзяліць з Ім Ягоную пакутлівую малітву? Царква хрысьціянаў паклікана заняць сваё месца ў гэтай вялікай карціне, пасярод замяшаньня, ілжывай лаяльнасьці, адкрытай агрэсіі і здрадлівых пацалункаў. Тыя ж, хто прыняў імя Хрыста, застануцца з Ім у садзе, пакуль ня выканаецца воля Айца.

Мар 14:53-72
«І прывялі Ісуса да першасьвятара, і зьбіраюцца да яго ўсе першасьвятары, і старшыні, і кніжнікі. І Пётр здалёк ішоў за Ім ажно на панадворак першасьвятара, і сядзеў з паслугачамі і грэўся пры агні. А першасьвятары і ўвесь сынэдрыён шукалі сьведчаньня супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць, і не знаходзілі. Бо шмат хто фальшыва сьведчыў супраць Яго, але іхнія сьведчаньні не былі згоднымі. І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сьведчылі супраць Яго, кажучы: “Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную гэтую бажніцу, зробленую рукамі, і праз тры дні збудую іншую, якая не рукамі зробленая”. Але і іх сьведчаньні не былі згоднымі. І першасьвятар, стаўшы на сярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: “Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?” А Ён маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і гаворыць Яму: “Ці Ты — Хрыстос, Сын Дабраслаўлёнага?” А Ісус сказаў: “Гэта Я, і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і Які ідзе на аблоках нябесных”. Тады першасьвятар, разьдзёршы вопраткі свае, кажа: “Нашто патрэбны нам яшчэ сьведкі? Вы чулі блюзьнерства? Як вам здаецца?” Тыя ж усе прысудзілі, што Ён варты сьмерці. І некаторыя пачалі пляваць на Яго, і засланяць аблічча Яго, і біць Яго, і гаварыць Яму: “Праракуй!” І паслугачы білі Яго па шчоках. І калі Пётр быў на панадворку ўнізе, прыходзіць адна са служак першасьвятара і, убачыўшы Пятра, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: “І ты быў з Ісусам з Назарэту?” Але ён адрокся, кажучы: “Ня ведаю і не разумею, што ты гаворыш”. І выйшаў вонкі на пярэдні панадворак, і запяяў певень. І служка, зноў убачыўшы яго, пачала казаць тым, што стаялі побач: “Гэты адзін з іх”. А ён зноў адрокся. І, неўзабаве, тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: “Праўда, ты з іх, бо ты — Галілеец, і гаворка твая падобная”. А ён пачаў клясьціся і прысягаць: “Ня ведаю Чалавека Гэтага, пра Якога гаворыце”. І другі раз запяяў певень, і ўзгадаў Пётр слова, якое сказаў яму Ісус: “Перш, чым певень двойчы запяе, ты тройчы адрачэшся ад Мяне”. І пачаў плакаць» (Мар 14:53-72).

Ісус верны Сабе, хаця гэта ёсьць коштам жыцьця і Пётр, які зьмяняе сябе, каб захаваць асабістую скуру. Сур’ёзны кантраст, а таму мы бачым яшчэ адну карціну ад Марка, якая складаецца з двух карцін. Дыптых ад Марка.

Пётр прыходзіць на панадворак першасьвятара, калі мы ўжо ведаем прароцтва Ісуса: «Сапраўды кажу табе, што ты сёньня, у гэтую ноч, перш, чым певень двойчы запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне». Тым часам Ісуса судзяць у доме першасьвятара. Пасьля прысуду над Ім зьдзекваюцца: бьюць, прыгаворваючы пра тое, што той ня можа згадаць на тое, хто Яго б’е. Але перанясем нашую ўвагу на першую карціну, дзе Пётр чыніць дакладна па словах Ісуса. Прароцтва Ісуса зьдзяйсьняецца. Мы бачым адступніцтва Пятра, а з гэтым і адзіноцтва Ісуса, бо Яму здраджвае бліжэйшы вучань, а астатнія дзесяць ужо зьбеглі. Марк падкрэсьлівае тое, што ўсё тое, што зьдзейсьніць з гэтага часу Ісус, Ён зьдзейсьніць адзін. Больш ніхто не пакладзе сваё жыцьцё за адкупленьне многіх. Калі прыйшоў Мэсія, дык гэта і ёсьць той момант, калі Ён павінен дзейнічаць адзін. Час настаў.

Чалавечая драма Пятра, ягоная пахвальба і зьневажальнае падзеньне, патрабуе шчыльнай увагі з розных кропак погляду. Яна можа разглядацца пад рознымі вугламі, каб мы ўбачылі ўсе свае хібы, усе выпадкі, калі мы выбіраем замест непрыемнай праўды супакой і бясьпеку. Але Марк кажа пра падзеньне Пятра такім чынам, каб яшчэ ярчэй зазьзяла апошняя і галоўная заява Ісуса пра Ягонае пакліканьне. Што ж адбылося ў той момант, калі Ісус паўстаў перад судом сынедрыёна.

У допыце ў першасьвятара можна выдзеліць чатыры фазы, якія павялічваюцца адна за адной, як у музакльнай кампазіцыі ёсьць тэрмін «крэшчэнда» - нарастаючы тэмп. Мы і разглядзе гэтую нарастаючую пасьлядоўнасьць, каб цалкам зразумець думку ад Марка.

Асноўнае абвінавачваньне да Ісуса – ілжэпрарок, які зьбівае Ізраіля з ягонага шляху. Пісаньне папярэджвае наконт такіх людзей, які ствараюць людзі і спакушаюць народ не слухацца Бога Ізраіля і Закона Ізраіля. Усе памяталі дзеі Ісуса ў Галілеі і тое, што ўжо тады Яму выказвалі нешта падобнае. На думку сьвятарства, выступаць супраць Храма мог толькі самазванец. Вось чаму Яму завязалі вочы і цкавалі як ілжэпрарока.

Абвінавачваньне Ісуса кранала Ягоныя адносіны да Храма. Мы ўжо бачылі дзеі Ісуса ў Храме, якія вызначалі тое, што Ісус ня толькі прэтэндуе на нейкую ўладу над Храмам, але і пагражае Храму Божым судом ды канчатковым разбурэньнем. Паводзіны Ісуса ў Храме і паслужылі падставай для Ягонага арышту і суду.

Судзьдзі ведалі таксама тое, што за словамі і ўчынкамі Ісуса хаваецца імкненьне да валдарскай улады, бо некаторыя Ягоныя ўчынкі маюць сэнс толькі ў тым выпадку, калі лічыць Сябе сапраўдным Валадаром і Мэсіей. У гэтым не было нічога дрэннага. Калі чалавек называў сябе мэсіей, гэта магло быць як небясьпечна, так і сьмешна, бо гебрайскі Закон не лічыў гэта за злачынства. Але судзьдзі, як і сам Ісус, добра ведалі тое, што калі хто-небудзь абвесьціць сябе валадаром і пра гэта даведаюцца рымскія ўлады, дык вынік гэтага прадвызначаны. Укрыжаваньне. Вось чаму, калі Ісус не адказвае на пытаньне пра Храм, першасьвятар задае галоўнае пытаньне: «Ці Ты — Хрыстос, Сын Дабраслаўлёнага?»

Марк усьведамляе трагічную іронію таго, што адбываецца, бо пытаньне першасьвятара гучыць, як сцьвярджэньне. Дадатак «Сын Дабраслаўлёнага» азначае тое, што «Сын Божы» лічыўся пачэсным тытулам Мэсіі, што добра ведаў першасьвятар. Але для Марка, і для ўсіх нас, гэты выраз гатуе шакуючы адказ Ісуса і, разам з тым, вяртае нас да самога пачатку Эвангельля, калі голас з неба запэўніў усіх, што Ісус сапраўды Сын Божы.

Ісус прызнае Свае прароцтвы і Свае, накірованыя супраць Храма, ўчынкі, як упэўненасьць у тым, што Ён ёсьць Памазанік Бога. Усё сказанае ці зробленае Ім з моманту хроста, грунтуецца на гэтай упэўненасьці і Ён не зьбіраецца ад гэтага адмаўляцца. Больш таго, Ён ідзе далей, калі аб’ядноўвае дзьве цытаты ў адну (Пс 109 і Дан 7:13): «І вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і Які ідзе на аблоках нябесных». Правакацыйная цытата, якая дазваляе першасьвятару абвінаваціць Ісуса ў імкненьні да валадарскай улады і кваліфікаваць гэта, як спробу бунту, а таксама абвінаваціць Яго ў блюзьнерстве, што апраўдвае, у вачах гебраяў, выдачу Ісуса рымскім уладам.

У сьціслым выглядзе адказ Ісуса абвяшчае: «Так, Я – сапраўдны Прарок. Так, усё, што Я сказаў пра Храм адбудзецца. Так, Я – Мэсія і вы ўбачыце, як Я буду апраўданы і падзялю пасад з Богам Ізраіля». Усё. Кропка. Маскі скінутыя і ўсе таямніцы выйшлі вонкі, бо час загадкавых выказваньняў і прыповесьцяў прайшоў. Сын Чалавечы стаіць перад кіраўніцтвам Ізраіля і абвяшчае тое, што Бог пакажа Ягоную правату і неправату суда. Далёка ня факт тое, што нават у гэтым можна знайсьці склад злачынства, але для тагачаснага суду гэтага хапала. Што б не азначалі словы Ісуса, іх палічылі палітычна небясьпечнымі і блюзьнерскімі. Абразы і насьмешкі – гэта хутчэй зьнешні эфект, бо судзьдзяў цікавіла іншае: зараз яны змогуць выдаць Ісуса Пілату, як правадыра бунтаўшчыкоў, а гебраям паказаць Яго ў якасьці ілжэпрарока, які вёў Ізраіля да катастрофы. Чытачам жа Марка застаецца толькі з жахам і спачуваньнем глядзець на Ісуса і Пятра, бо ўпершыню становіцца зразумелым словы, сказаныя Ісусам раней: «Бо хто хоча выратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, той збавіць яе».


Рецензии