Марк 15 1-47
Мар 15 :1-47
Тое, што мы чыталі ў папярэднім разьдзеле было толькі пралогам да гэтых падзеяў, але зараз мы маем поўнае уяўленьне іхняга завяршэньня. Мы пакінулі Ісуса, асуджанага першасьвятарамі, якія маглі толькі прадэманстраваць свае зубы, але загрысьці не маглі. І зараз мы ўбачым суд у Пілата, адпрэчаньне юдэямі, укрыжаваньне і сьмерць, а таксама і Ягонае пахаваньне.
Мар 15:1-15
«І адразу раніцою, зрабіўшы нараду, першасьвятары са старшынямі і кніжнікамі, і ўвесь сынэдрыён, зьвязаўшы Ісуса, павялі і выдалі Пілату. І спытаўся ў Яго Пілат: “Ты — Валадар Юдэйскі?” А Ён, адказваючы, гаворыць яму: “Ты кажаш”. І вінавацілі Яго першасьвятары ў многім. А Пілат зноў спытаўся ў Яго: “Нічога не адказваеш? Глядзі, як шмат сьведчаць супраць Цябе?” Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат зьдзівіўся. А на сьвята ён звальняў ім аднаго з вязьняў, за якога прасілі. Быў жа адзін, называны Барабба, увязьнены разам з супольнікамі, якія пад час паўстаньня ўчынілі забойства. І, закрычаўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што рабіў ім заўсёды. А Пілат адказаў ім, кажучы: “Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага?” Бо ведаў, што першасьвятары праз зайздрасьць выдалі Яго. Але першасьвятары падбухторылі натоўп, каб лепш адпусьціў ім Бараббу. Дык Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: “Што вы хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго называеце Валадаром Юдэйскім?” Але яны зноў закрычалі: “Укрыжуй Яго!” Пілат жа сказаў ім: “Што ліхога ўчыніў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: “Укрыжуй Яго!” Дык Пілат, хочучы дагадзіць натоўпу, адпусьціў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў на ўкрыжаваньне» (Мар 15:1-15).
Мы ўжо пабачылі тое, якую пякучую ды глыбокую злосьць несьлі ў сабе юдэі ў адносінах да Ісуса. Яго абвінавацілі ў блюзьнерстве і абразе Бога. Але да Пілата Яго прывялі ўжо ня з гэтым абвінавачваньнем, бо добра ведалі тое, што Пілат ня будзе разлядаць рэлігійныя спрэчкі юдэяў. Яны ж абвесьцілі Пілату зусім іншае, кажучы тое, што Ісус разбэшчвае народ, забараняючы плаціць падаткі цэзару, называючы Сябе, пры гэтым, Хрыстом Валадаром. Мы бачым палітычную заяву юдэяў дзеля таго, каб Пілат быў вымушаны іх выслухаць. Бачыцца і тое, што Пілат ведаў сапраўднае абвінавачваньне юдэяў да Ісуса, але вымушаны быў рэагаваць на заяву ад першасьвятароў, бо яна была афіцыйнай і палітычна сур’ёзнай.
«І спытаўся ў Яго Пілат: “Ты — Валадар Юдэйскі?” А Ён, адказваючы, гаворыць яму: “Ты кажаш”». Мы бачым тое, што адказ Ісуса ня мае ні адмоўнага, ні станоўчага характару, але бачыцца і тое, што Пілат зразумеў гэты адказ Ісуса і, магчыма, у такім кантэксты: «Можа быць, Я і прэтэндаваў на тое, што Я - Валадар Юдэяў, але ты добра ведаеш, што я ўкладваў у гэта зусім не той сэнс, які Мае абвінаваўцы ўкладаюць у іх абвінавачанне. Я не палітычны рэвалюцыянер. Маё Валадарства — гэта Валадарства любові». Юдэі ж, чуючы адказ Ісуса, яшчэ больш узмацнілі ўціск на Пілата, яшчэ больш і больш нагаворваючы на Ісуса, але Ісус, пры гэтым, захоўваў маўчаньне. Часам маўчаньне больш красамоўнае за словы, бо маўчаньнем можна выказаць тое, што нельга выказаць словамі. Але што ёсьць маўчаньне і якім яно бывае?
Ёсьць маўчаньне, якое выказвае зьдзіўленьне і захапленьне. Прыемна, калі нас хваляць, але яшчэ больш прыемна ўбачыць падзяку ў вачах, якія выказваюць тое, што нельга выказаць на словах.
Ёсьць пагардлівае маўчаньне, якое сустракае нейкі довад ці прабачэньне, каб паказаць тое, што яны недастойныя таго, каб на іх даваць нейкі адказ на словах.
Ёсьць маўчаньне страха, якое выказвае боязь нават нешта і казаць. Страх прымушае многіх сарамліва маўчаць.
Ёсьць маўчаньне абражанага сэрца, якое забараняе сустрэчныя пратэсты, узаемныя абразы ці сварку. Самы глыбокі смутак – гэта смутак бяз словаў, што вышэй за гнеў, папрокі і ўсяго таго, што нясуць у сабе словы чалавека.
Ёсьць трагічнае маўчаньне, калі няма ўжо што-небудзь гаварыць. Трагічнае маўчаньне і зьяўляецца маўчаньнем Ісуса, бо Ён ведаў тое, што нельга знайсьці ўзаемапаразуменьня з юдэйскімі кіраўнікамі, як ведаў і тое, што і да Пілата было безсэнсоўна зьвяртацца. Ісус ведаў тое, што ўсякая сувязь з імі ёсьць парушанай, бо нянавісьць юдэяў уяўляла сабою жалезную заслону, праз якую не маглі прабіцца ніякія словы. Таксама і палітычная асьцярожнасьць Пілата перад натоўпам юдэяў і Рымам стварылі паміж ім і Ісусам такую ж заслону, праз якую слова не праб’ецца. І гэтая праўда да ўсіх нас, бо гэта вельмі жахліва, калі сэрца чалавека стварае заслону ад Ісуса і калі Ісус ведае тое, што ня варта казаць тут ніякіх словаў. Няхай ня будзе так з намі.
«А на сьвята ён звальняў ім аднаго з вязьняў, за якога прасілі. Быў жа адзін, называны Барабба, увязьнены разам з супольнікамі, якія пад час паўстаньня ўчынілі забойства». Пра Бараббу мы ведаем толькі тое, што сказана ў Эвангельлях. Гэта ня быў нейкі дробны злачынца, але, як бачыцца, значным ўдзельнікам паўстаньня супраць рымлянаў, якое вызначалася забойствамі рымскіх грамадзянаў і тых, хто з імі супрацоўнічаў. Зусім магчыма тое, што Барабба і быў такім вось патрыётам нацыяналістам, якога ведалі ў Ізраілі, як чалавека сьмелага і таму папулярнага. Вяртаючыся ж да Пілата, мы бачым, што ён зразумеў тое, што першасьвятары абвінавацілі Ісуса з-а зайздрасьці ад таго, што Ён набыў таакую славу, якая значна перабольшвае іхнюю асабістую. Параўноўваючы моцныя намаганьні першасьвятароў са слабымі доказамі Ягонай вінаватасьці, можна бачыць тое, што іх займала не Ягонае злачынства, ня нешта шкоднае ды ганебнае, але нешта пахвальнае і слаўнае. І Пілат, чуючы пра пэўныя сімпатыыі да Ісуса з боку народа, выказаў здагадку на тое, што ён можа, у абыход першасьвятароў, зьвярнуцца да натоўпу, які, на ягоную думку, вызваліць Ісуса. Так, быў яшчэ вязьнік Барабба, які на думку Пілата, атрымаў бы некалькі галасоў з натоўпу, але ён быў упэўненым на тое, што большасьць натоўпу выкажацца за свабоду Ісуса. Але чаму ўсё атрымалася наадварот і натоўп выказаўся за свабоду адносна Бараббы? Чаму людзі, якія некалькі дзён таму віталі Ісуса пры ўваходзе ў Ерусалім, зараз жадаюць Ягонай сьмерці?
Бачыцца тое, што гэты натоўп быў зусім іншым і вось чаму. Мы бачылі, што арышт Ісуса быў зьдзейсьнены ўначы, калі вучні Ісуса разьбегліся і пахаваліся. Сынедрыён, адкінуўшы свае ж правілы, зьдзейсьніў парадыйны суд над Ісусам ноччу і зрабіў усё магчымае, каб на суд Пілата прыйшлі прыхільнікі першасьвятароў і непасрэдна Бараббы. Так што не настрой натоўпу так зьнянацку зьмяніўся, але зьмяніўся склад натоўпу, які, тым ня меньш, меў права выбіраць, калі перад ім стаялі Ісус і Барабба. Натоўп выбраў Бараббу. Ён аддаў перавагу нянавісьці і гвалту перад любоўю. Увогуле, Барабба і Ісус сымбалізуюць два розных шляху жыцьця, дзе Барабба сымбалізуе нянавісьць у сэрцы чалавека і відавочны гвалт, а Ісус жа прапануе людзям шлях любові. Як часта і бывае ў жыцьці, у сэрцах людзей панавала нянавісьць, а таму любоў яны адкідвалі. Людзі аддалі перавагу таму, каб і далей ісььці да перамогі сваім шляхам замест таго, каб зразумець тое, што перамогі можна дасягнуць толькі з любоўю.
«Дык Пілат, хочучы дагадзіць натоўпу, адпусьціў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў на ўкрыжаваньне». За адным словам «убічаваўшы» захоўваецца цэлая трагедыя, бо рымскае ўбічаваньне ўяўляла сабою вельмі жахлівую рэч. Біч уяўляў сабою скураны пляцёны рамень з кавалкамі драблёных костак, які, у літаральным сэнсе, паласаваў сьпіну чалавека, а таму многія нават не вытрымлівалі такога бічаваньня і паміралі. Такому вось папярэдняму пакараньню і падвергнулі Ісуса перад укрыжаваньнем.
Мар 15:16-32
«І жаўнеры завялі Яго на панадворак, што завецца прэторыя, і склікаюць усю кагорту. І апранаюць Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, ускладаюць на Яго. І пачалі вітаць Яго: “Радуйся, Валадару Юдэйскі!” І білі Яго трысьцінай па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, пакланяліся Яму. І калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпур, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае. І вядуць Яго, каб Яго ўкрыжаваць. І прымушаюць нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб узяў крыж Ягоны. І прыводзяць Яго на Гальготу, месца, што перакладаецца Месца Чэрапа. І далі Яму піць віно, зьмяшанае са сьмірнай, але Ён не прыняў. І тыя, што крыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, хто мае яго ўзяць. А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго. І быў надпіс віны Ягонай напісаны: “Валадар Юдэйскі”. І разам з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго. І споўнілася Пісаньне: “І да беззаконьнікаў залічаны”. І тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: “Гэй, Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш, выратуй Сябе Самога і зыйдзі з крыжа”. Падобна і першасьвятары, насьмяхаючыся, гаварылі з кніжнікамі адзін аднаму: “Іншых ратаваў, а Сябе ўратаваць ня можа. Хрыстос, Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі”. І тыя, што былі ўкрыжаваныя з Ім, зьневажалі Яго» (Мар 15:16-32).
Мы ўжо бачылі тое, што ўсе дзеі прысутных юдэяў былі напоўненыя злосьцю і нянавісьцю. Згода Пілата на сьмяротнае пакараньне Ісуса была выклікана ды прадыктавана баязлівым імкненьнем пазьбегнуць адказнасьці і супакоіць рэлігійных кіраўнікоў, разам з раз’юшаным натоўпам юдэяў. Зараз жа пра дзеі жаўнераў, якія паказна зьдзекваліся над Ісусам. Так, іхнія дзеі былі жорсткімі, але яны былі незласьлівымі, бо ў іхніх вачах Ісус быў толькі адным з тых, хто быў асуджаны на ўкрыжаваньне. Жаўнеры разыгравалі сваю казарменную пантаміму для валадарскай улады, як грубы жарт. Бачыцца ж тое, што гэтыя зьдзекі з боку жаўнераў былі дробязьзю пасьля сапраўдных зьдзекаў – рымскага ўбічаваньня. Але гэтыя зьдзекі жаўнераў былі прадвесьнікам многіх будучых зьдзекаў.
Парадак гэтага пакараньня, які быў у Рымскай імперыі, заставаўся ранейшым. Злачынца, у саправаджэньні чатырох жаўнераў, павінен быў сам несьці свой крыж да месца пакараньня. Шлях да месца пакараньня выбіралі самым доўгім, каб, як можна больш людзей маглі пабачыць асуджанага. Дасягнуўшы месца пакараньня крыж клалі на зямлю, а асуджанага ўскладалі на крыж, прыбіваючы рукі да перакладзіны крыжа цьвікамі і прывязваючы ногі. Пасьля ўстаноўкі крыжа асуджаны пакідаўся паміраць у такім выглядзе. Крыж ня быў высокім і быў выкананы ў форме літары «Т», бяз верхняй часткі. Укрыжаваны, часам, мог вісець да сваёй сьмерці нават і тыдзень.
«І прымушаюць нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб узяў крыж Ягоны». Мы ня ведаем сапраўдныя адчуваньні Сымона, але ён павінен быў ведаць тое, што любы чалавек у акупаванай краіне мог быць прыцягнутым рымлянамі да любой кароткачасовай працы. Дастаткова было дакрануцца да чалавека дзідай рымляніна да пляча, каб было зразумелым тое, што ён прыцягнуты для выкананьня нейкага даручэньня. Сымон быў з Кірэнэі, што ў паўночнай Афрыкі і бачыцца тое, што гэты доўгі шлях Сымона ў Ерусалім ня быў лёгкім шпацырам, а тут вось такое выпрабаваньне. Цяжка ўявіць сабе тое, што адчуваў у гэты час Сымон. Непрыязнасьць да рымлянаў, да гэтага злачынцы і да гэтага крыжа? Магчыма, але тое, што Марк прамаўляе тут імёны Аляксандра і Руфа, кажа пра адваротнае. Сымон прайшоў гэты шлях, бачыў укрыжаваньне Ісуса, бачыў далейшае пасьля сьмерці Ісуса і, як бачыцца, паверыў у тое, што Ісус і ёсьць Сынам Божым. Чаму?
Апостал Павал кажа у сваім пасланьні да рымлянаў: «Прывітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, і маці ягоную і маю». Супадзеньне? Наўрад ці, бо Марк добра ведаў Рым, ведаў Паўла і ведаў рымскіх хрысьціянаў, у тым ліку і гэтага Руфа, з ягоным паходжаньнем. Таму тое і выглядае лагічным, што кажучы пра Сымона з Кірэнэі, Марк кажа пра Руфа, а разам з ім і Аляксандра. І ўсё гэта кажа пра тое, што з Сымонам на Гальгоце адбылося нешта незвычайнае і ў пацьверджаньне гэта зьвярнемся да кнігі Дзеі (13:1), калі кіраўнікі царквы Антыёхіі выпраўлялі ў першую місіянэрскую вандроўку Паўла і Барнабу: «Былі ж у Антыёхіі, у тамтэйшай царкве, некаторыя прарокі і настаўнікі: і Барнаба, і Сымон, называны Нігер, і Луцый Кірэнэец, і Манаэн, што гадаваўся разам з Ірадам тэтрархам, і Саўл». Сымон, называны Нігерам, што дае арыентацыю на Афрыку, вельмі магчыма і ёсьць тым самым Сымонам Кірэнэйцам. А калі гэта так, дык уявім сабе гэты ланцужок, які вядзе да ўсіх нас, сучасных хрысьціянаў. Перажытае Сымонам ў той дзень па дарозе на Гальготу моцна прывязала Сымона да Ісуса і зрабіла яго хрысьціянінам. Потым ён становіцца кіраўніком царквы ў Антыёхіі, які пасылае апостала Паўла да паганаў распаўсюджваць Эвангельле, якое далей прыходзіць у Грэцыю і на абшары рымскай імперыі, а потым, праз многія стагодзьдзі і да нас з вамі. І гэта азначае тое, што мы сталі хрысьціянамі таму, што ў той пасхальны дзень аднаго пілігрыма з Кірэнэі, які вельмі разлаваўся спачатку, неназваны рымскі афіцэр прымусіў несьці крыж Ісуса Хрыста.
«І далі Яму піць віно, зьмяшанае са сьмірнай, але Ён не прыняў». Ісусу прапанавалі абезбольвальнае, настаянае на сьпецыях, віно, але Ён адмовіўся ад гэтага. Набожныя і міласэрныя ерусалімскія жанчыны прыходзілі на такія пакараньні і давалі злачынцам моцнага віна, каб паменьшыць іхнія жахлівыя пакуты. Ісус жа адмовіўся ад гэтага, бо вырашыў прыняць сьмерць у самым горкім выглядзе і стаць перад Богам у ясным розуме. Жаўнеры ж, гэтым часам, дзялілі Ягонае адзеньне, кідаючы жэрабя. Мы ўжо бачылі тое, як Яго вялі, у атачэньні чатырох жаўнераў, да месца пакараньня. Гэтыя жаўнеры і атрымлівалі, у якасьці дадатковай узнагароды, адзеньне ахвяры пакараньня: ніжнюю кашулю, верхняе адзеньне, сандалы, пояс і галаўную хустку. Падзяліўшы дробныя рэчы, яны пачалі кідаць жэрабя, каб вызначыць уладальніка верхняга адзеньня. І ўсё гэта адбывалася пад трымя крыжамі, дзе быў укрыжаваны Ісус паміж дзьвума разбойнікамі, што было глыбока сымбалічным. Нават напрыканцы Свайго зямнога жыцьця Ён заставаўся разам з грэшнікамі.
«Іншых ратаваў, а Сябе ўратаваць ня можа. Хрыстос, Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Юдэйскія кіраўнікі працягвалі зьдзеквацца над Ісусам, але менавіта гэты іхні заклік і быў памылковым. І, каб адказаць гэтым людзям, мы працытуем аднаго вядомага чалавека-хрысьціяніна: «Мы верым у Ісуса менавіта таму, што Ён не сыйшоў з крыжа. Сьмерць Ісуса была зусім неабходнай і вось чаму: Ісус прыйшоў, каб расказаць людзям пра любоў Божую, больш за тое, Ён быў Сам увасабленьнем любові Божай. Калі б Ён адмовіўся прыняць крыж або, калі б Ён у канцы сыйшоў з крыжа, гэта азначала б тое, што ёсць мяжа любові Божай; што існуе нешта такое, чаго гэтая любоў не хоча выносіць дзеля людзей; што існуе мяжа, праз якую гэтае любоў ня можа перайсьці. Але Ісус прайшоў увесь наканаваны Яму шлях і памёр на крыжы. Гэта значыць, што ў літаральным сэнсе слова, любоў Божая ня ведае межаў. Няма нічога ў сусьвеце, чаго б гэтая любоў не была б гатовай вынесці дзеля людзей. Няма нічога такога, няхай гэта будзе нават сьмерць на крыжы, чаго яна ня вынесла б дзеля людзей. Калі мы глядзім на ўкрыжаванне, Ісус кажа нам: “Вось так любіць вас Бог: Ягоная любоў ня мае межаў. Ягоная любоў можа вынесці любую пакуту”».
Вось што такое пакліканьне Сына, дадзенае Айцом памазаньне, даведзеная да канца місія. Вось якім чынам пачынаецца Валадарства. Прыслухаемся і пачуем з вераю той самы голас, які прамаўляў пры хрышчэньні і пераўтварэньні. Гэты голас з сумнай гордасьцю прамаўляе ўсе тыя ж словы: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».
Мар 15 :33-41
«А калі настала гадзіна шостая, сталася цемра па ўсёй зямлі ажно да гадзіны дзявятай. І а дзявятай гадзіне Ісус загаласіў моцным голасам, кажучы: «Элёі, элёі, ламма сабахтані», што перакладаецца: “Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?” І некаторыя з тых, што вакол стаялі, пачуўшы, казалі: “Вось, Ільлю кліча”. А адзін, пабегшы і напоўніўшы губку воцатам ды ўсклаўшы яе на трысьціну, даваў Яму піць, гаворачы: “Пакіньце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго”. Ісус жа, усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа. І заслона ў бажніцы была разьдзертая надвое ад верху да нізу. Сотнік жа, што стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што так закрычаўшы, аддаў духа, сказаў: “Праўда, Чалавек Гэты быў Сын Божы” Былі таксама жанчыны, што глядзелі здалёк, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Ёсіі, і Салямэя, якія, калі Ён быў у Галілеі, хадзілі за Ім і паслугавалі Яму, і шмат іншых, што прыйшлі з Ім у Ерусалім» (Мар 15:33-41).
Марк паказвае нам гэты апошні эпізод настолькі жахлівым, што нават неба пакрылася цемрай і падаецца, што нават прырода адрэагавала на тое, што адбывалася на Гальгоце. Але, каб глыбока зразумець тое што адбываецца, паглядзім на тых людзей, якія прымаюць удзел у гэтым эпізодзе.
Паглядзім на Ісуса, Які выказаўся двойчы. Спачатку Ён выгукнуў наступнае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» За гэтым крыкам стіць таямніца, вельмі цяжкая для нашага разуменьня. Магчыма справа ў тым, што Ісус жыў нашым жыцьцём. Ён нарадзіўся, жыў у сям’і, вучыўся ў школе, Сам кіраваў сям’ёй і выхоўваў Сваіх братоў і сёстраў. Ён рабіў нашую працу, бачыў нашыя спакусы і пераносіў нашыя цяжкасьці жыцьця. Ён спазнаў безгрунтоўнасць сяброў, нянавісьць недабразычліўцаў і злосьць ворагаў. Ён спазнаў усё тое, што можа спазнаць чалавек у сваім жыцьці, за выключэньнем аднога – Ён ніколі ня ведаў наступстваў грэху, які, у першую чаргу, ставіць заслону паміж намі і Богам. Толькі гэтага адчуваньня ніколі ня ведаў Ісус, бо быў бязгрэшным. Магчыма гэта Ісус і адчуў, але не таму, што Ён зграшыў, а дзеля таго, каб цалкам зьяднацца з чалавецтвам і ўсім чалавечым. І ў гэтым ёсьць прадаксальная праўда – Ісус спазнаў тое, што значыць быць грэшнікам. Бачыцца і тое, што такое адчуваньне павінна быць пакутлівым удвая, таму што Ён ня ведаў тое, што азначае гэты факт – быць аддзеленым ад Бога заслонай. Менавіта з гэтае прычыны Ён можа добра зразумець нашае становішча, а таму мы не павінны баяцца зьвярнуцца да Ісуса, калі нашыя грахі аддзяляюць нас ад Бога. Ён прайшоў праз гэта, а таму можа дапамагчы тым, хто праходзіць праз гэта, бо няма такіх глыбіняў чалавечых перажываньняў, у якія Ён ня мог пранікнуць.
«Ісус жа, усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа». Марк кажа пра моцны вокліч Ісуса. Мацьвей (25:50) і Лука (23:46), таксама кажуць пра гэта, а Ян (19:30) кажа пра тое, што Ісус памёр, прамовіўшы: «Зьдзейсьнілася!» Гэтае слова і было тым моцным воклічам Ісуса ад Марка. Ісус памёр з пераможным воклічам на вуснах. Ён перамог. Жахлівая цемра зноў зьмянілася сьвятлом і Ён вярнуўся дадому да Бога урачыстым пераможцам.
Паглядзім на тых, хто, стоячы побач, хацеў пабачыць на тое ці прыйдзе Ільля. Іхнюю хворую цікаўнасьць не парушыла нават і выгляд укрыжаваньня. У іх не было жаласьці і яны мелі намер эксперыментаваць нават і момант сьмерці Ісуса.
Паглядзім на рымскага сотніка, вопытнага воіна, які шмат разоў бачыў тое, як памірае чалавек, але ён ніколі ня бачыў такой сьмерці і таму прыйшоў да высновы на тое, што Ісус ёсьць Сынам Божым.
Паглядзім на прысутных жанчын, якіх ахапіла гора і сум. Яны так любілі Ісуса, што і тут не маглі яго пакінуць. Любоў цягне чалавека нават і тады, калі розум заходзіць у тупік. Любоў і толькі любоў прывязвае чалавека да Ісуса так, што ніякія нягоды ня могуць парушыць гэтую сувязь.
«І заслона ў бажніцы была разьдзертая надвое ад верху да нізу». Гэта і была тая самая заслона, якая аддзяляла самы галоўны пакой Храма, у які ні адзін чалавек, акрамя першасьвятара і адзін раз на год, ня мог увайсьці, але зараз разьдзёртая заслона паказала тое, што шлях да Бога шырока адкрыты для кожнага. Бог больш не схаваны ад людзей і зараз людзі маглі глядзець на Ісуса, кажучы: «Вось які Бог і Ён любіць мяне».
Мар 15:42-47
«І калі ўжо настаў вечар, — а быў гэта дзень прыгатаваньня, які ёсьць перад суботаю, — прыйшоў Язэп з Арыматэі, паважаны ратман, які сам чакаў Валадарства Божага. Адважыўшыся, ён увайшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса. А Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр, і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно памёр, і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу. І той, купіўшы палатніну і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і палажыў Яго ў магілу, якая была высечаная ў скале, і прываліў камень да ўваходу ў магілу. А Марыя Магдалена і Марыя Ёсіева глядзелі, дзе палажылі Яго» (Мар 15:42-47).
Ісус памёр у тры гадзіны дня пятніцы, а праз тры гадзіны пачыналася субота і клопаты пра пахаваньне бачыліся немагчымымі, бо субота забараняла ўсякую працу. І вось тут зьяўляецца Язэп з Арыматэі. Марк не дарма падкрэсьлівае тое, што гэта быў паважаны ратман, бо гэта паказвае на сур’ёзную адміністрацыйную пасаду, магчыма што і ў сынэдрыёне. Але, як бы гэта і не было, Марк падкрэсьлівае гэтым тое, што Язэп меў магчымасьць уваходу да Пілата. Больш таго, Язэп чакаў Валадарства Божага, а значыць быў вучнем Ісуса. І вось ён, адважыўшыся, увайшоў да Пілата, каб прасіць цела Ісуса і пахаваць Яго да шасьці гадзінаў увечары.
Бачыцца тое, што для Пілата сьмерць Ісуса была нечаканасьцю. Магчыма і ён чакаў, што Ісус зыйдзе з крыжа і збавіцца ад сьмерці. Як жа можа быць тое, што чалавек, які меў надзвычайную сілу так проста саступіў сьмерці? Сотнік пацьвердзіў праўду пра сьмерць Ісуса і таму Пілат аддаў цела Язэпу. Пілат дазволіў Язэпу забраць Цела і пахаваць Яго так, як той лічыць патрэбным. Але вельмі дзіўна тое, што першасьвятары не пасьпяшаліся да Пілата, каб папрасіць цела Ісуса і па свойму выкарыстаць гэты факт. Бачыцца, што Бог утаймаваў рэшту іхняй ярасьці і даў неацэнны падарунак Язэпу, які добра ведаў Ягоную каштоўнасьць.
Язэп хутка набыў новую плашчаніцу, каб абвіць цела Ісуса. І гэта да ўсіх нас, бо аддаючы чэсьць Хрысту, мы павінныя быць шчодрымі, як Язэп, аддаючы Яму лепшае з таго, што мы маем, а ня тым, што нам ужо непатрэбна. Ён зьняў змучанае Цела і абвіў плашчаніцаю, як вялікую каштоўнасьць і паклаў Яго ў асабістую новую магілу, якая была высечанай у скале, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магілу, як гэта было ў гебраяў і заведзена. Некаторыя жанчыны, якія прысутнічалі на ўкрыжаваньні, глядзелі і на тое, як Ісуса ўскладалі ў магілу Язэпа. Яны ўжо зараз думалі, каб, пасьля суботы, прыйсьці і памазаць цела Ісуса.
Вяртаючыся ж да Язэпа трэба заўважыць тое, што мы ня бачылі таго, як ён, неяк ці нейкім чынам, нешта зрабіў у абарону Ісуса і выказаў хоць адно слова на Ягоную карысьць. Язэп аддаў сваю магілу , калі Ісус памёр, але маўчаў, калі Ісус быў жывым. І ў гэтым трагедыя многіх. Але мы ня будзем асуджаць Язэпа, таму што і на яго, як і на некаторых іншых, укрыжаваньне падзейнічала больш, чым нават жыцьцё Ісуса. Калі Язэп бачыў Ісуса жывым, дык ён адчуваў Ягоную прыцягальную сілу, але і ня больш за тое. Калі ж ён убачыў Ісуса мёртвым, а ён прысутнічаў пры пакараньні, ягонае сэрца перапоўніла любоў. Спачатку сотнік, потым і сам Язэп – гэты дзіўна, як хутка пачалі зьдзяйсьняцца словы Ісуса пра тое, што як толькі Ён будзе ўзьнесены ў нябёсы, Ён усіх прыцягне да Сябе.
Свидетельство о публикации №225122900779