Мат 5 1-48
Мац 5:1-48
Як мы ўжо пабачылі, Мацьвей, пры напісаньні Эвангельля, даводзіць да нас дакладную канцэпцыю. Аповяд пра хрост паказвае, што Ісус, у той момант, усьвядоміў, што Ягоны час настаў і Ён павінен выступіць у Свой паход. Далей, у аповядзе пра спакушэньне, Мацьвей паказвае Ісуса, Які адкідвае любыя прапановы, якія супярэчаць волі Божай. І далей, Мацьвей паказвае нам тое, як Ісус выбірае Сваіх памочнікаў і супрацоўнікаў. Але для таго, каб памочнікі мелі магчымасьць добра выконваць сваю працу, іх, спачатку, трэба навучыць. І Мацьвей паказвае нам, як Нагорная пропаведзь Ісуса настаўляе і вучыць вучняў дабравесьцю, якое яны павінны панесьці да іншых людзей.
Мац 5:1-12
«Убачыўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару, і, калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя. І Ён, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, кажучы: «Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае. Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя. Шчасьлівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю. Шчасьлівыя тыя, што прагнуць і смагнуць праведнасьці, бо яны будуць насычаныя. Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя. Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя. Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праведнасьць, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае. Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне будуць зьневажаць вас, і перасьледаваць, і казаць усякае злое слова хлусьліва. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая нагарода вашая ў небе; бо так перасьледавалі прарокаў, якія былі раней за вас» (Мац 5:1-12).
Эвангельле паводле Мацьвея – гэта, перш за ўсё, Эвангельле хрысьціянскага вучэньня. Мацьвей сабраў усё вучэньне Ісуса ў пэўную схему. Нагорная Пропаведзь – гэта ня проста адна асобная пропаведзь, якую Ісус выказаў у гэтым месцы, але гэта ёсьць кансьпект Ягонага пасьлядоўнага настаўленьня для вучняў. Выбраўшы ж дванаццаць вучняў, Ісус адыйшоў з імі ў больш спакойнае месца, каб вучыць іх у гэта час. Нагорная ж Пропаведзь – гэта кароткі выклад гэтага вучэньня. Зараз жа паглядзем на гэтае дзеяньне з больш блізкай адлегласьці.
Ісус пачаў вучыць, калі сеў. Ён бачыў гэта з дзяцінства шмат разоў, калі рабін, пад час афіцыйнага вучэньня, сядзеў. Сучаснае слова «кафедра», у-ва многіх народах, азначае «крэсла прафэсара». Тагачасны рабін, вучачы, мог вольна хадзіць, але, калі ён пачынаў афіцыйнае вучэньне, ён пачынаў гэта, сеўшы на сваё месца. Такім чынам тое, што Ісус сеў на пачатку вучэньня, паказвае нам, што гэтае вучэньне займае цэнтральнае месца і з’яўляецца афіцыйным.
Ісус, пачынаючы Сваё вучэньне, даводзіць да нас восем характэрных рысаў шчасьлівых людзей, якія ўяўляюць сабой галоўныя дабрадзейнасьці хрысьціяніна. І на кожную з іх абвяшчаецца дабраславеньне сёняшняга часу і часу будучага. Хто ж зьяўляецца шчасьлівым чалавекам?
Шчасьлівыя ўбогія духам. Існуе такая духоўная ўбогасьць, якая, да словаў Ісуса, ня мае ніякага дачыненьня, бо зьяўляецца грэхам: маладушнасьць, дабраахвотнае падпарадкаваньне чалавечым пахацінствам і г. д. Але тая ўбогасьць духа, пра якую кажа Ісус, - гэта ласкавы настрой душы, калі мы ачышчаем сябе ад асабістага «Я», каб напоўніцца Ісусам Хрыстом. Быць жа ўбогім духам, азначае наступнае:
Здавольвацца беднасьцю і быць гатовым згубіць багацьце сьвету, калі гэта заўгодна Богу, каб гэта было нашай долей. Мы бачым у сьвеце шмат бедных людзей, але фанабэрыстых і гордых, якія наракаюць на свой лёс ды зайздросьцяць іншым. У Ісуса ж не пра гэта. Мы павінны спакойна ставіцца да беднасьці і ўмець у гэтым жыць, як пацьверджвае апостал Павал: «Ведаю, як у паніжэньні быць, і ведаю, як у дастатку; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім: і насычацца, і галадаваць, мець і дастатак і нястачу» (Філ 4:12). Трэба быць абыякавым да сьвецкага багацьця, не прывязвацца да яго сэрцам і мужна пераносіць страты ды расчараваньні. Мы павінны быць гатовымі сустрэцца з беднасьцю бяз страха. Ёў, напрыклад, убачыў гэтую ўбогасьць духа, калі падзякаваў Богу, Які ўзяў у яго тое, што даў. Быць убогім духам, гэта значыць прызнаваць, што Бог вялікі, а мы нікчэмныя, што Ён сьвяты, а мы грэшнікі, што мы скараемся перад Ім і аддаем сябе пад Ягоную моцную руку. Такія людзі шчасьлівыя. Шчасьлівыя ўжо зараз, у гэтым сьвеце. Ласку на ласку дае ім Бог. Яны жывуць шчасьлівым жыцьцём, яны самі спакойныя і навакольным людзям з імі спакойна. У іх нічога не здараецца знянацку, у той жа час як напышлівы духам заўсёды неспакойны. А таму убогія духам і маюць Валадарства Нябеснае.
Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя. Яшчэ адзін дзіўны бок шчасьця. Але давайце разьбярэмся. У сьвеце лічыцца шчасьлівым той, хто сьмяецца, а Ісус кажа наадварот: «Шчасьлівыя тыя, што плачуць». Пра што гэта? Ці ня той гэта праведны плач, які гатуе шлях да шчасьця?
Гэта плач пакаяньня за свае асабістыя грахі. Гэта той смутак пра грахі, з вачамі, што глядзяць на Ісуса Хрыста. Гэта плач спачуваньня пра бедствы іншых людзей, плач тых, хто плача з тымі, хто плача. Гэта плач тых, хто спачувае гінушчым душам, як Ісус плакаў пра Ерусалім. Такія людзі шчасьлівыя, бо яны прыпадобніліся да Госпада Ісуса, Які быў Мужам скрухі. Мы нідзе не чытаем, каб Ісус сьмяяўся, але бачым, як Ён плача. Хто плача гэтым плачам узброеныя супраць шмат якіх спакушэньняў і падгатаваныя да Божага суцяшэньня. І яны будуць суцешанымі, бо дзеля іх зьзяе сьвятло ў нябёсах, як гэта адбылося з Лазарам. Шчасьце нябёсаў і складаецца з дасканалага і вечнага суцяшэньня, дзе Бог сатрэ кожную сьлязіну з вачэй Сваіх сыноў і дачок. Нябёсы будуць добрым прытулкам для тых, хто плакаў тут, хто гатаваў жатву Божую са сьлязьмі і чый шлях праходзіў у даліне сьлёз.
Шчасьлівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю. Ціхія – гэта тыя, хто ў супакоі падпарадкоўваецца Богу, як і настаўляў апостал Павал Ціта: «Нагадвай ім, каб падпарадкоўваліся і слухаліся начальнікаў і ўлады, былі падрыхтаваныя на ўсякую добрую справу, на нікога ня блюзьнілі, не былі ваяўнічымі, былі спагаднымі і зьяўлялі ўсякую ціхасьць адносна ўсіх людзей» (Ціт 3:1-2). Ціхія – гэта тыя, хто кіруючы сваім духам, хутчэй прабачыць шмат якіх крыўдзіцеляў, чым адпомсьціць хоць адному з іх. Ціхія шчасьлівыя нават і ў гэтым сьвеце, бо яны ўмеюць жыць з усімі людзьмі і ў любых умовах; яны ўмеюць жыць і ўмеюць паміраць. Ціхія людзі возьмуць у спадчыну зямлю: «А ціхія зямлю ўспадкуюць, і ўраскошуюцца супакоем вялікім» (Пс 36:11). Ціхасьць, як адно з праяваў сапраўднай набожнасьці, мае абяцаньне сапраўднага жыцьця. Ціхім і спакойным жывецца нашмат лягчэй чым чым людзям неспакойным. Такім чынам, усе дабраславеньні нябёсаў і ўсе дабраславеньні зямлі зьяўляюцца долей ціхіх.
Шчасьлівыя тыя, што прагнуць і смагнуць праведнасьці, бо яны будуць насычаныя. Пад словам «праведнасьць», у гэтым кантэксьце, мы разумеем усе духоўныя дабраславеньні. Яны набытыя для нас праведнасьцю Ісуса Хрыста, якая гарантуецца нам на падставе дадзенай нам праведнасьці нашага Збаўцы. Мы павінны прагнуць і смагнуць гэтых духоўных дабраславеньняў, а для гэтага трэба працаваць. Смага – гэта патрэба ў асьвяжальнай вадзе, гэта значыць у апраўдальнай праведнасьці і сьвядомасьці нашага апраўданьня. Хто прагне і смагне духоўных дабраславеньняў, будуць шчасьлівымі ў гэтых жаданьнях і будуць насычанымі ў гэтых дабраславеньнях.
Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя. Сьвет так ня лічыць, бо міласьцівыя ня могуць быць мудрымі і багатымі. Але Ісус называе іх шчасьлівымі, як пра гэта і кажа Стары Запавет: «Шчасьлівы, хто дбае пра ўбогага. У дзень бедства выбавіць яго Госпад. Госпад ахавае яго і жыцьцё яму зьберажэ; шчасьлівы ён на зямлі будзе» (Пс 40:2-3). Адно з самых чыстых і высакародных адчуваньняў у гэтым сьвеце ёсьць цудоўнае адчуваньне створанага дабра. Міласьцівыя будуць памілаваныя. Гэта значыць, што яны атрымаюць падзяку ня толькі ад людзей, але і ад Бога. І ў першую чаргу ад Бога, бо з міласьцівымі Ён і ўчыняе міласьціва: «З міласьцівымі Ты міласьцівы, з чалавекам шчырым – Ты шчыры, з чыстым – чысты, а з хітрым – паводле хітрыны ягонай» (Пс 17:26-27).
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Мы бачым найбольш поўнае вызначэньне шчасьлівага чалавека – мець чыстае сэрца. Сапраўднае хрысьціянства і вызначаецца чысьцінёй сэрца ды ачышчэньня яго ад нядобрага. Мы павінны ўзносіць да Бога ня толькі чыстыя рукі, але і чыстае сэрца: «Той, у каго рукі невінаватыя і чыстае сэрца, не прысягаў хто душой сваёю напуста і не бажыўся хлусьліва, той атрымае дабраславеньне ад Госпада і міласьць ад Бога, Збаўцы свайго (Пс 23:4-5)». Сэрца трэба захоўваць ад пажаданьняў сьвету, ад усякай нечысьціні цела і духа, ад усяго таго, што апаганьвае чалавека. Сэрца павінна быць ачышчаным вераю і цалкам аддадзеным Госпаду. Але найвышэйшая кропка шчасьця – убачыць Бога. Бачыць вачыма веры, бачыць Яго так, як Ён ёсьць, а не праз мутнае шкло. Бачыць Яго і быць падобнымі да Яго, бачыць Яго заўсёды, ніколі не губляючы Яго з-пад увагі.
Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя. Мудрасьць, якая зыходзіць звыш, заўсёды чыстая і мірная. Таму шчасьлівыя і людзі, чыстыя перад Богам мірныя і перад іншымі людзьмі. Быць міратворцам азначае любіць мір, жадаць міру і быць у міры з усімі. Такія людзі сапраўды шчасьлівыя, бо самі адчуваюць сябе добра, захоўваючы мір і аказваюць сапраўдную карысьць для іншых, калі схіляюць іх да міру. Яны ёсьць супрацоўнікамі Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у сьвет, каб зьнішчыць усякую варожасьць і абвесьціць мір на ўсёй зямлі. Міратворцы будуць названыя сынамі Божымі, бо яны ўпадобніваюцца Яму. Пасьля таго, як Бог абвесьціў пра Сваё прымірэньне з усімі намі, Ён не прызнае тых, хто знаходзіцца ў варожасьці адзін з адным. Ісус ня меў намеру распаўсюджваць Сваё вучэньне гвалтоўна, а таму сыны Божыя – міратворцы, мірныя людзі гэтага сьвету.
Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праведнасьць, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае. Гэта найвялікшы з усіх парадоксаў, які характэрны менавіта да хрысьціянства і, як бачыцца, пералічваецца апошнім ды апісваецца больш поўна, чым усе папярэднія. Перасьледаваць сьвятых – гэта азначае гнаць, што вельмі хутка праявіцца ўяве, пасьля папярэджаньня Ісуса да Сваіх вучняў. Усякае ж ганеньне зьдзяйсьняецца за праўду, а гэта значыць за Хрыста. Ворагі праўды – гэта ворагі Хрыста, бо што б не казалі ганіцелі ў сваё апраўданьне, яны ненавідзяць і гоняць Хрыста ды Ягоную праўду: «Бо дзеля Цябе я цярплю зьнявагу і ганьбаю пакрываюць аблічча маё» (Пс 68:8). Але іх чакае нагарода, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае. Ужо тут, на зямлі, яны маюць упэўненасьць і прадчуваньне радасьці будучага. Хаця ў гэтых пакутах няма чым ганарыцца, тым ня меньш за гэтае будзе нагарода ў нябёсах. І вось яшчэ што. Недастаткова пераносіць пакуты пакорліва, не адказваючы злом на зло, але яшчэ і радавацца за гэтыя пакуты дзеля Хрыста, ведаючы, што Хрыстос ідзе наперадзе нас і ніколі нас не пакіне: «Але, як супольнікі ў пакутах Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў адкрыцьці славы Ягонай радавацца і весяліцца. Калі зьневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасьлівыя, бо Дух славы, Дух Божы супачывае на вас. Тыя блюзьняць на Яго, а вы славіце» (1 Пят 4:13-14).
Мац 5: 13-20
«Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям. Вы — сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць у доме. Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які ў небе. Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон ці Прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, аніводная ёта ці рыска не праміне з Закону, пакуль ня станецца ўсё. Вось жа, хто парушыць адно з гэтых найменшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым названы будзе ў Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе ў Валадарстве Нябесным. Бо кажу вам: калі праведнасьць вашая не перавысіць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, вы ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае» (Мац 5:13-20).
Незадоўга да гэтага Ісус сказаў Сваім першым вучням, што яны стануць лаўцамі чалавекаў. Зараз жа Ён кажа ім, што іхняе прызначэньне быць сольлю зямлі і сьвятлом сьвету, а таксама і тое, што яны павінны быць тымі, якімі яны і павінны быць.
Вы – соль зямлі. У старажытным сьвеце соль была адзіным сродкам для захоўваньня прадуктаў харчаваньня ад сапсаваньня. Старажытныя грэкі соль абагаўлялі, а ў рымлянаў казалі: «Няма нічога больш карыснага, чым сонца ды соль». Соль зьвязвалі з чысьцінёй, а таму, калі хрысьціянін ёсьць сольлю зямлі, дык ён павінен быць узорам маральнай чысьціні чалавечага жыцьця. Соль дае ежы смак, як павінна рабіць і хрысьціянства – даваць смак жыцьцю. Але як соль можа згубіць сваю сілу? Тагачасны юдэй добра разумеў тое, пра што зараз ідзе гаворка, але, у наш час, мала хто разумее гэтыя словы. А справа ў тым, што ў тагачасным Ізраілі печы будавалі звонку дому і, каб захаваць цяпло, у падмурак печы закладалі даволі вялікі пласт солі. Праз некаторы час гэтая соль губляла свае якасьці і яе выкідвалі на дарогу – на патаптаньне людзям. Так і з хрысьціянствам, бо калі мы не выконваем даручэньняў Ісуса Хрыста, дык нас чакае доля той самай «адпрацаванай» солі з пад печы – быць выкінутай на дарогу, на патаптаньне людзям. Мы павінны быць сольлю зямлі і калі мы не надаем жыцьцю чысьціні, якую і павінны заўсёды несьці, мы наводзім на сябе няшчасьце долю той самай патаптанай солі.
Вы – сьвятло сьвету. Вяртаемся да выказваньня рымлянаў: «Няма нічога больш карыснага, чым сонца ды соль». Усе хрысьціяне – гэта сьвятло ў Госпадзе і будучы сьвятлом, яны стаяць перад людзьмі такімі як яны і ёсьць, каб асьвятляць шлях да Госпада усім, хто хоча гэтага сьвятла. Такім было першае сьвятло першага дня сьвету, калі яно зазьзяла з цемры, такім жа сьвятлом зьяўляецца для ўсіх разумных людзей Эвангельле. Сьвет быў у цемры, калі Ісус вызначыў Сваіх вучняў, каб яны зазьзялі ў Ім і несьлі ў сьвет Ягонае сьвятло. Як і чым? Сваёй добрай пропаведзьдзю, сваімі ведамі і сваімі талентамі, што ёсьць ад Бога. Таксама і сваім жыцьцём, бо несьці праўду Хрыста ў сьвет ня ёсьць справаю бясьпечнай, але зусім наадварот. Сьвятло – гэта тое, што можна бачыць кожнаму ўяве. У хатах тагачаснага Ізраіля было даволі цёмна, бо вокнаў было няшмат, а сьвятло, у большасьці, было ад лямпаў. Хрысьціянскае сьвятло – гэта сьвятло лямпы Ісуса Хрыста, якае дае сьвятло ўсяму сьвету, як той неабходны шлях, які дае добры нкірунак да веры і Божага Валадарства.
Людзі павінны бачыць нашыя добрыя справы, якія, у сваю чаргу, павінны быць ня толькі добрымі, але і прывабнымі. Сьвяцільня павінна асьвятляць тую прастору, да якой яна і прызначана. Так і хрысьціяне павінныя быць тым сьвятлом, якое дасягае сэрцаў людзей, каб данесьці да іх сьвятло вучэньня Ісуса Хрыста. Як, дарэчы, Ізраіль павінен быў стаць сьвятлом для паганаў. У свой час. Але ня сталася. Ісус жа не зьбіраўся адмаўляцца ад прарокаў, бо абяцаньні, дадзеныя Богам народу Ізраіля, павінныя быць выкананы праз Мэсію. І вось настаў той самы момант, калі Сын Божы павінен перавярнуць гісторыю чалавецтва так, каб кожны чалавек зразумеў гэта і навярнуўся да Бога.
Мац 5:21-26
«Вы чулі, што сказана старадаўным: “Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду”. А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: “Рака”, падлягае сынэдрыёну, а хто скажа: “Дурань”, падлягае гееньне вогненай. Дык калі ты прынясеш дар твой на ахвярнік, і там узгадаеш, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар твой перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з братам тваім, а тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой. Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе паслугачу, і ня быў ты кінуты ў вязьніцу. Сапраўды кажу табе: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта» (Мац 5:21-26).
Ісус тлумачыць, усім вядомую, шостую запаведзь, паказваючы яе сапраўднае прызначэньне і паўнату яе зьместу. Ісус зьвяртаецца да тых, хто ведае закон і для каго, кожную суботу ў сынагогзе, чыталі кнігі Майсея. Божыя законы маюць даўнюю гісторыю, але яны ніяк не зьмяніліся для чалавека. Гэты маральны закон цалкам гармануе з законам натуральным і стаіць на баку дабра. Шостая запаведзь забараняе забойства як самога сябе, так і іншага чалавека. Хоць непасрэдна, хоць ускосна, як і тое, што садзейнічае забойству. Закон Бога – гэта дзейсная абарона нашага жыцьця. Гэтая ж запаведзь была дадзена, адной з першых, яшчэ Ною: «Я спаганю і вашую кроў, у якой жыцьцё вашае, спаганю яе з усякай жывёлы, спаганю таксама душу чалавека з рукі чалавека, з рукі брата ягонага. Хто пралье кроў чалавечую, таго кроў пральецца рукою чалавека, бо чалавек створаны паводле вобраза Божага» (Быц 9:5-6).
Тлумачэньне шостай запаведзі юдэйскімі настаўнікамі было даволі спрошчаным, бо забараняў непасрэдна забойства і ня нёс у сабе абмежаваньні унутранага запалу, які і быў каталізатарам варожасьці сярод людзей. Ісус жа кажа пра тое, што дарэмны ці безпадстаўны гнеў ёсьць забойства, якое зьдзяйсьняецца ў сэрцы чалавека. Што гэта, як не парушэньне шостай запаведзі. Ісус кажа далей, што не павінен чалавек абражаць іншага, называючы таго пустым ці шалёным. Наогул, слова «Рака» азначае пустога чалавека, што ёсьць пагардлівае і зьневажальнае слова, якое, як сказаў Салямон, дзейнічае ў запале гордасьці. Слова ж «Дурань» (шалёны) – слова з’едлівае, якое выходзіць з нянавісьці, а таму гэта таксама ёсьць парушэньнем шостай запаведзі, бо забіваецца добрае імя нашага блізкага.
І з гэтага мы павінны зрабіць выснову пра хрысьціянскую любоў і мір з усімі нашымі братамі і сёстрамі, а калі гэта, нейкім чынам, парушаецца, дык тэрмінова трэба прыкласьці пэўныя і неабходныя намаганьні, каб аднавіць Божую любоў і мір. Калі брат твой мае нешта супраць цябе, трэба прабачыць яго, а калі вінаваты ты, дык трэба замірыцца з ім, каб поўнавартасна наблізіцца да Бога і прымаць удзел у сьвятых таемствах. Мы павінны быць мудрымі і рабіць гэта хутка, , бо хто застаецца ў варожасьці з Богам, той мае небясьпеку пакараньня. Вельмі жахліва апынуцца перад Госпадам і мець перспектыву вечнага пакараньня і быць кінутым ў вечную вязьніцу пекла ды быць вымушанным пазбавіцца апошняга кадранта. Але ці магчыма гэта?
Мац 5: 27-37
«Вы чулі, што сказана старадаўным: “Не чужалож”. А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну, жадаючы яе, ужо чужаложыць з ёю ў сэрцы сваім. Калі ж правае вока тваё згаршае цябе, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну. І калі правая рука твая згаршае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну. Сказана таксама, што, калі хто разлучаецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй развод. А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты, той робіць яе чужаложніцай, і хто жэніцца з разьведзенай, той чужаложыць. Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўным: “Не прысягай фальшыва, але спаўняй перад Госпадам прысягі твае”. А Я кажу вам: не прысягай зусім, ані небам, бо яно — пасад Божы; ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Ягоных, ані Ерусалімам, бо ён — горад вялікага Валадара; ані галавою сваёю не прысягай, бо ня можаш аніводнага воласу зрабіць белым ці чорным. Але няхай будзе слова вашае: “Так, так”, “Не, не”, а што больш таго, тое ад злога» (Мац 5:27-37).
«Не чужалож» - гэта сёмая запаведзь Бога, дадзенай гебраям пры выхадзе з Егіпту. Настаўнікі народа заўсёды вельмі сур’ёзна ставіліся да гэтай запаведзі, бо недарма вінаватыя ў яе парушэньні падлягалі сьмяротнаму пакараньню. Ісус жа дадае да гэтага, што нават такая думка вядзе чалавека да Божага пакараньня. Пра што тут кажа Ісус? Безумоўна ж не пра натуральнае чалавечае жаданьне, якое зьяўляецца часткай прыроды і фізічных інстынктаў чалавека. Гаворка ідзе пра тых, хто відавочна распаляе сябе, каб узбудзіць запал і наўмысна ўзьняць заганае жаданьне. Нехта калісьці сказаў: «Чужалоства – гэта вынік унутранага жаданьня» і мы бачым, што сэнс словаў Ісуса менавіта ў гэтым. Папярэджаньне Ісуса пралягае праз усе вякі, да нашага часу. Мы ж бачым, якія спакусы прыдумляе гэты сьвет для праяваў заганых жаданьняў: адпаведныя кнігі, мастацкія стужкі, тэатральныя пастановы, мода і нават рэклама. Ісус асуджае тут чалавека, які атрымлівае пэўную асалоду ў тым, што абуджае жаданьне забароненага. Юрлівы погляд, нячыстыя размовы і думкі, нават і адзёжа, прызначаная на тое, каб зьвярнуць на сябе юрлівую ўвагу – гэта і ёсьць усё тое, пра што папярэджвае і што асуджае Ісус.
Далей Ісус ставіць перад намі вялікае і радыкальнае патрабаваньне: адсекчы і выгнаць з жыцьця ўсё, што, так ці інакш, вядзе, праз спакушэньне, да грэху. Безумоўна тое, што ня трэба разумець літаральна адсячэньне рук ці вырываньне вачэй, як пра гэта кажа Ісус. Ён мае на ўвазе, што з жыцьця чалавека павінна з каранём быць вырвана тое, што вядзе чалавека да заганы. Ці проста гэта? Безумоўна што не, бо нельга сядзець і думаць, што мы ня будзем думаць пра гэтыя забароненыя жаданьні. Чым больш мы будзем пра гэтае думаць, тым больш нашыя думкі будуць канцэнтравацца на забароненым. Якое выйсьце? Хрысьціянскае жыцьцё, як дзеяньне. Трэба максімальна напоўніць сваё жыцьцё хрысьціянскім служэньнем і тым пакліканьнем, якое даручыў нам Бог. Сапраўднае ацаленьне ад заганых думак – максімальна насычанае жыцьцё з Госпадам і для Госпада.
Ісус выкладае нам нормы шлюбу, гледзячы на тагачасную гістарычную і жыцьцёвую сітуацыю і гэтая сітуацыя прыходзілася на пачатак узьнікненьня хрысьціянста, якое нараджалася ў юдэйскай цывілізацыі і актыўна пранікала ў грэка-рымскую. У юдэйскім грамадзтве былі самыя высокія ідэялы шлюбу ў тагачасным сьвеце. Гэта быў сьвяты абавязак кожнага чалавека за выключэньнем тых, хто прысьвячае ўсё сваё жыцьцё вывучэньню закона. Звычайны ж чалавек, калі адмаўляўся ад шлюбу, зьневажаў Бога, «забіваючы сваіх нашчадкаў». Але ня ўсё так проста і ў гэтым грамадзтве, бо рэчаіснасьць у гэтым пытаньні была даволі далёкай ад юдэйскага ідэялу. У вачах закона жанчына ня мела якіх-небудзь правоў у сваёй сям’і, знаходзячыся ў поўнай залежнасьці ад бацькі, мужа ці, нават, старэйшага брата. Жанчына ня мела, па сутнасьці, ніякай магчымасьці скасаваць шлюб са сваім мужам, але муж меў такую магчымасьць, не абвяшчаючы ніякіх на гэта прычынаў. Другі закон, на гэты конт, кажа: «Калі хто возьме жонку і зробіцца мужам яе, і яна ня знойдзе ўпадабаньня ў вачах ягоных, бо ён знаходзіць у ёй што-небудзь агіднае, і напіша ёй разводны ліст, і дасьць ёй у рукі, і адпусьць яе з дому свайго» (2 Зак 24:1). Тлумачэньне словаў «Што-небудзь агіднае», у юдэйскай практыцы, мела вельмі шырокі сьпектр, бо, часам, за перасолены суп можна было атрымаць разводны ліст ад мужа. Ісус добра гэта ведаў і быў катэгарычна супраць такога падыходу да жанчыны ў сям’і, бо Сам, будучы шмат гадоў галавою Сваёй сям’і, узгодніваў шлюбы Сваіх малодшых братоў і сёстраў, выхоўваючы іх у традыцыі адноснага раўнапраўя паміж мужам і жонкай. Ісус ведаў і шлюбныя звычаі розных паганскіх народаў, бо Ён бачыў гэта ў Александрыі, Рыме і Атэнах. Ісус бачыў адзіноцтва грэцкіх жонак і звычайныя пазашлюбныя адносіны мужоў. Ён бачыў трагедыю сям’і ў Рыме, дзе жанчына была нашмат больш свабоднай, чым у Грэцыі, але дзе ступень разбэшчанасьці дасягала неверагоднага. І вось зараз Ісус прапануе, па сутнасьці, ідэял хрысьціянскага шлюбу. Але да гэтага мы яшчэ вернемся пры разглядзе разьдзела 19 Эвангельля паводле Мацьвея.
Прапаведаючы, Ісус дае напамін юдэям пра тое, што тым было добра вядома. Юдэйскія настаўнікі заўсёды патрабавалі, каб людзі казалі толькі праўду, нягледзячы ні на якія абставіны. Гэта ёсьць тлумачэньне трэцяй запаведзі Бога, якую нам трэба правільна разумець, бо сказана, што Бог не пакіне непакараным таго, хто прамаўляе імя Яго дарма, нягледзячы на тое, што парушальнік можа лічыць сябе і невінаватым. Пра што ж кажа гэтая запаведзь? Яна забараняе хлусьлівыя клятвы, як і выкарыстаньне імя Бога дарма, дзеля ніякай справы ці ілжы: «Той, у каго рукі невінаватыя і чыстае сэрца, не прысягаў хто душою сваёю напуста і не бажыўся хлусьліва, той атрымае дабраславеньне ад Бога, Збаўцы свайго» (Пс23:4-5). Што ж павінны рабіць мы? Мы павінны ў падобных размовах казаць «так» ці «не». Наогул, чалавек не павінен падмацоўваць сапраўднасьць сваіх словаў нейкімі клятвамі ці гарантыямі. Сакрат казаў пра гэта наступнае: «Чалавек павінен мець такое жыцьцё, якое выклікае да яго больш даверу, чым любая клятва». Такім чынам, словы Ісуса накладаюць на нас два абавязкі. Мы абавязаныя стаць такімі, каб людзі добра бачылі нашую дабрадзейнасьць, не патрабуючы ад нас ніякай клятвы, а мы абавязаны рабіць гэты сьвет такім, каб у ім не было ілжы і нявернасьці. І, каб тым самым, знікла б неабходнасьць у клятвах і пустых зваротах да грамадзтва.
Мац 5:38-48
«Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”. А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, павярні да яго і другую, і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе вопратку, аддай яму і шаты; і хто прымусіць цябе ісьці з ім адну мілю, ідзі з ім дзьве. Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся. Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас і перасьледуюць вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ў небе, бо Ён узьнімае сонца Сваё над добрымі і злымі і спасылае дождж на праведных і няправедных. Бо калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам нагарода? Ці ж ня так робяць і мытнікі? І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж не такім чынам робяць і мытнікі? Дык будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш, Які ў небе» (Мац 5:38-48).
«Вока за вока і зуб за зуб». Стары Запавет шмат разоў кажа пра тое, што кожны чалавек мае права патрабаваць помсты за свае вокі ды зубы. Тагачасныя юдэйскія настаўнікі і настойвалі на тым, каб «справядлівая» помста зьдзяйсьнялася абавязкова, не пакідаючы месца для прабачэньня ці адкупленьня. Але што прапануе Новы Запавет? Ісус Хрыстос кажа нам наступнае.
Не павінныя мы быць помстлівымі: «Не праціўцеся злому», гэта ёсьць злому чалавеку, які пакрыўдзіў цябе. Мы можам пазьбягаць зла і супрацівіцца яму, наколькі гэта неабходна для нашай бясьпекі, але мы не павінны адказваць злом на зло і помсьціць за гэтае зло. Мы павінны быць вышэй за ўсё гэта, прабачыўшы ім усё: «Не кажы: “Я адплачу табе за зло”. Даверся Госпаду і Ён ахавае цябе» (Выс 20:22). Адплата прыналежыць ня нам, але Госпаду, Які лепш ведае той спосаб, якім будзе пакараны крыўдзіцель. Што ж да нас, дык мы не павінны адказваць ударам на ўдар, бо менавіта другі ўдар нараджае свару. Калі мы пакрыўджаныя, дык нам даецца магчымасьць, замест такога ж адказу, паказаць сябе сапраўднымі вучнямі Хрыста і прабачыць крыўдзіцеля. Але трэба сказаць і тое, што ўсё гэта тычыцца асабістых адносінаў, але ніяк ня цяжкіх злачынстваў ці ваеннай агрэсіі.
«Хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе вопратку, аддай яму і шаты». Удакладнім для разуменьня: вопратка – гэта ніжняе адзеньне чалавека, а шаты – верхняя, якая служыла чалавеку ў якасьці коўдры пад час начнога адпачынку. Закон, дарэчы, не дазваляў беззваротна забіраць верхнюю адзёжу ў чалавека: «Калі возьмеш у заклад вопратку блізкага твайго, да захаду сонца аддай яе, бо яна адзіная пакрыва ў яго, яна – адзеньне цела ягонага, у чым будзе ён спаць? Дык вось, калі ён залямантуе да Мяне, Я пачую, бо Я міласэрны» (Вых 22:26-27). Вельмі цяжкае для разуменьня звычайнага чалавека прапанова Ісуса, але так хрысьціянін і павінен рабіць, бо калі недабрасумленны судовы пазоўнік намагаецца зьняць з вас нават ніжнюю вопратку, трэба, дэманстратыўна і шчыра, аддаць яму і верхнюю шату. Бог убачыць ды пачуе гэты лямант і Сваёй міласьцю ніколі не пакіне такога хрысьціяніна, які, безумоўна, атрымае дапамогу ад Госпада.
Мы павінны быць міласэрнымі і шчодрымі, робячы добрае сваім бліжнім. Мы павінны быць гатовымі да таго, каб даваць і менавіта пра гэта, шматразова, кажа нам Пісаньне. Але ў гэтай справе трэба быць ня толькі міласэрнымі, але і разважлівымі, бо ня трэба даваць людзям бязьдзейным і недастойным.
«Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго». Ісус кінуў выклік і гэтаму закону, але чаму? Пад бліжнім гебраі мелі на ўвазе толькі тых, хто належыў да Ізраіля і да яго Бога. Гебраі ад сябе дадалі пра нянавісьць да ворагаў на той падставе, што калісьці Бог загадаў ім зьнішчыць сем ханаанскіх народаў. Ісус жа заклікае да неверагоднага: «Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас і перасьледуюць вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ў небе, бо Ён узьнімае сонца Сваё над добрымі і злымі і спасылае дождж на праведных і няправедных. Бо калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам нагарода?» Ісус, Сваім жыцьцём, даказаў гэтыя словы, калі паказваў тым, хто крочыць за Ім. Калі людзі насьмяхаліся над Ім, Ён не адказваў ім. Калі Яму задавалі каверзныя пытаньні, Ён расказваў ім прыповесьці, якія прымушалі людзей сур’ёзна задумацца. Калі Яго білі, Ён мужна цярпеў болю. Калі на Ягоныя плечы ўсклалі цяжкі крыж, Ён нёс яго да месца Свайго пакараньня. Калі Яго прыбівалі цьвікамі да крыжа, Ён маліўся за Сваіх катаў.
Наогул, Нагорную пропаведзь Ісуса нельга ўспрымаць, як нейкі ідэял жыцьця чалавека. Але гэта ідэял асабістага жыцьця Хрыста, які мы ня маем права ігнараваць. Аповяд Мацьвея паступова праясьняецца, бо ў Ісусе ўсё больш мы бачым Эмануэля і гэта азначае для нас, што «З намі Бог». Нагорная пропаведзь вучыць ня толькі таму, як сябе паводзіць, але дапамагае нам убачыць праз Ісуса жывога Бога. Яна вучыць нас аддаваць Божую любоў, у якой мае такую вялікую патрэбу гэты сьвет.
Свидетельство о публикации №225123001014