Мат 7 1-29

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 7:1-29

Ісус, у Сваёй дзейнасьці, выкарыстоўваў словы і ідэі, якія былі вельмі блізкімі думкам юдэяў. Рабіны заўсёды вучылі людзей таму, каб яны не судзілі іншых: «Хто дабразычліва судзіць свайго суседа, таго дабразычліва будзе судзіць Бог». Яны таксама абвяшчалі, што ёсьць шэсьць добрых справаў, якія даюць чалавеку давер у гэтым сьвеце і ў сьвеце будучым: вучэньне, наведваньне хворых, гасьціннасьць, пабожнасьць у малітве, навучаньне дзяцей закону Бога і стварэньне сабе добрых ўяўленьняў пра іншых людзей. Яны ведалі, што мяккасьць у меркаваньні – гэта сьвяты абавязак кожнага юдэя. Але ня ўсё так проста ў нашым жыцьці, бо наўрад ці ёсьць такі чалавек, які б не пацярпеў ад няправільнай асуды і ці ёсьць такі чалавек, які б сам не асудзіў іншага чалавека. Усё ж па парадку.

Мац 7:1-6
«Не судзіце, каб не былі суджаныя. Бо якім судом судзіце, такім будзеце суджаны, і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць. Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш? Ці як скажаш брату твайму: “Дазволь, выму сучок з вока твайго”, а вось, у воку тваім — бервяно? Крывадушнік! Вымі перш бервяно з вока твайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок з вока брата твайго. Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, павярнуўшыся, не парвалі вас» (Мац 7:1-6).

Ніхто і ніколі з людзей ня ведае іншага чалавека ў поўнай меры, а таму кагосьці судзіць – справа вельмі небясьпечная. Заснавальнік фарысэйскага руху Гілель калісьці сказаў: «Не судзі чалавека да таго часу, пакуль ты сам не апынуўся ў ягоным становішчы ці ў тых жа абставінах». Ніхто ня ведае сілы спакушэньня іншага чалавека. Чалавек ціхі ня можа ўявіць сабе спакушэньні чалавека вельмі тэмпераментнага, запал якога гарыць ды кіпіць. Чалавек з добрым выхаваньнем і адукацыяй нічога ня ведае пра запал чалавека, які выхаваны ў местах, дзе пануе зло і няшчасьці. Гэтыя параўнаньні можна працягваць, але падсумуем гэта тым, што калі б мы ўсьвядомілі шлях чалавека, дык наўрад ці сталі яго асуджаць.

Ці можа чалавек быць справядлівым у сваім судзе? Наўрад ці. Нас вельмі часта захоплівае і ўносіць інстыктыўные ды безразважные адносіны да чалавека. Кажуць, што старажытныя грэкі выносілі найбольш важныя судовыя рашэньні ў цемры, каб судзьдзя і памочнікі ня бачылі падсуднага і судзілі толькі на падставе фактаў. Французкі філосаф Мантэнь кажа пра сумную гісторыю персідзкага судзьдзі, які , пад узьдзеяньнем хабару, вынес несправядлівы прысуд. Валадар Камбіз, празнаўшы пра гэта, загадаў катаваць гэтага судзьдзю і, зьняўшы з яго скуру, пакласьці на лаўку ў судзе, каб іншым судзьдзям, седзячы на ёй, гэта было напамінам пра тое, што ніякія спакусы не павінны ўзьдзейнічаць на іхнія рашэньні. Толькі непрадузяты чалавек мае права судзіць і выносіць судовыя рашэньні, але чалавек, па прыродзе сваёй, ня можа быць дасканалым. А таму судзіць можа толькі Бог.

Толькі бясспрэчныя ў сваіх паводзінах людзі могуць шукаць памылкі ў іншых. Чалавек толькі тады можа крытыкаваць тое, што робіць іншы, калі сам можа зрабіць гэтае лепей. Мы бачым на спартовых арэнах вельмі вялікую колькасьць людзей, якія крытыкуюць спартоўцаў, але якое б было відовішча, калі гэтыя крытыкі самі сталі на баксёрскі рынг ці футбольнае поле. Сьвет поўны людзей, патрабучых для сябе права крытыкаваць, але ня робячых нічога. Чалавек ня мае права крытыкаваць іншых, калі ён не гатовы стаць на іхняе месца. У кожнага з нас дастаткова клопатаў па выпраўленьню свайго жыцьця і таму ня мае сэнсу выпраўляць жыцьцё іншых. І будзе добра, калі кожны з нас засяродзіць свае высілкі на асабістых недахопах і пакіне Госпаду судзіць пра недахопы іншых.

«Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, павярнуўшыся, не парвалі вас». Вельмі няпростае выказваньне Ісуса, таму што, на першы погляд, яно патрабуе для кагосьці выключных правоў, што несупадае з хрысьціянскай весткай. Гэты выраз выкарыстоўвалі юдэі, якія лічылі, што Божая ласка прыналежыць адзіна юдэям. Але што меў на ўвазе Ісус, калі казаў пра сабак і сьвіньней? Можа гэта намёк на тое, што некаторыя людзі недастойныя прыяднаньня да сьвятыняў? У часы Ісуса «сабакамі ды сьвіньнямі» юдэі называлі паганаў і з гэтага вынікае, што Ісус папярэджвае вучняў, каб тыя не намагаліся несьці разуменьне Божага Валадарства тым, хто зусім не разумее жыцьця гебраяў. Але пройдзе час і хрысьціянства ўпэўнена ўвойдзе ў паганскі сьвет, бо сам Ісус скажа вучням: «Ідзіце і вучыце ўсе народы да краю зямлі», каб Эвангельле сталася вядомым усім. Сэнс жа ў тым, каб апосталы і далейшыя пасьлядоўнікі Хрыста захоўвалі праўду Эвангельля так, як сьвятары Храма захоўваюць свае сьвятыні. У сучасным сьвеце Эвангельле адкрыта для ўсіх, але будзе правільным лічыць пасланьне пра Божае Валадарства таямнічым і цудоўным – тым, што трэба вельмі цаніць і вельмі берагчы.

Мац 7:7-12
«Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.  Ці ёсьць між вамі чалавек, які, калі сын ягоны папросіць хлеба, дасьць яму камень? І калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю? Дык калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго. Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі» (Мац 7:7-12).

Адзін вядомы аўтар хрысьціянскіх твораў вызначыў назву гэтай частцы Нагорнай пропаведзі, як «Пачніце любіць». Любіць іншых любоўю Госпада – гэта азначае ня пышыцца асабістай праведнасьцю і не судзіць бяздумна. Сапраўдная любоў праяўляецца ў дзеяньні, якое прыносіць плод і зьяўляецца сапраўднай мераю і доказам любові. Ісус дае некалькі прычынаў, каб выконваць Ягоную запаведзь любіць іншых, як самога сябе.

«Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць». Гэта адно з найвялікшых і самых зразумелых абяцаньняў, якое дае нам свабоду любіць іншых, ахвяраваць дзеля іх, таму што наш Бог паказвае прыклад, калі прапануе вечны скарб, каб папоўніць нашыя асабістыя патрэбы і ня толькі нашыя. Ён прапануе мудрасьць, бо Божая мудрасьць – гэта адна з найвялікшых скарбаў, дзеля чаго варта прасіць, шукаць і стукаць. Без дапамогі Нябеснага Айца нельга стаць праніклівым ды пераборлівым, а таму галоўным сродкам дасягненьня такой мудрасьці зьяўляецца малітва прашэньня: «Калі ж у каго з вас не хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, Які дае ўсім шчыра і не дакараючы, і будзе яму дадзена. Але няхай просіць з вераю, ані не сумняваючыся, бо той, хто сумняецца, падобны да хваляваньня марскога, якое вецер уздымае і ганяе» (Як 1:5-6).

Бог жадае, каб мы размаўлялі з Ім як з Айцом. Акрамя гэтага нам неабходны Яго Дух, Які тлумачыць і адкрывае праўду, а таксама падтрымлівае і абадзёрвае веруючых. Бог зусім не патрабуе, каб у нас заўсёды былі адказы на ўсе пытаньні. Ён дае нам Слова Сваё, бо Біблія – гэта невычарпальная крыніца Божай праўды і гэтая крыніца ня скончыцца ніколі, нават пасьля стараннага вывучэньня даўжынёй у чалавечае жыцьцё. Яго Слова ня толькі накіроўвае нашае жыцьцё, але і прыцягвае да Яго. Фактычна Ісус кажа тут наступнае: «Калі вам патрэбная мудрасьць, каб ведаць, як дапамагчы іншым і адрозьніць ілжэвучэньне ды адступніцтва, ідзіце да вашага Нябеснага Айца. Прасіце, шукайце і стукайце ў нябесныя дзьверы і вы атрымаеце, і дзьверы адчыняцца».

«Ці ёсьць між вамі чалавек, які, калі сын ягоны папросіць хлеба, дасьць яму камень? І калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю?» Адказ відавочны – няма такога чалавека. Нават самы жорсткі бацька наўрад ці пойдзе на падман, даючы сыну ў ежу камень, што падобны на хлеб. Тое ж і пра зьмяю замест рыбы. І тут трэба патлумачыць. Паколькі зьмеі былі нячыстымі жывёламі, гебраям не дазвалялася есьці зьмяінае мяса, а таму любячы бацька-гебрай ніколі б не падмануў і не апаганіў сына, даўшы яму нячыстую ежу. Праўда ж ад Ісуса ў тым, што калі грэшныя людзі дабраахвотна даюць сваім дзецям усё неабходнае для жыцьця, дык Бог бясконца перавышае іх у якасьці ды колькасьці ласкі ад Яго. Калі мы жадаем, каб Бог выяўляў Сваю шчодрую любоў у нашым жыцьці, дык павінны з той жа любоўю адносіцца да іншых, бо мы ёсьць Ягоны вобраз і падабенства.

«Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі». Ісус фактычна падсумоўвае тое, што Ён казаў крыху раней. Ісус прыйшоў не для таго, каб скасаваць, але каб выканаць Закон. Ён пакажа Ізраілю сапраўднага Бога, навучыць людзей праведна жыць, верыць, любіць, слухацца Яго і выконваць волю Божую. Ісус ня быў першым, хто казаў падобныя словы, але любоў Нябеснага Айца, якая ляжыць у аснове вучэньня Ісуса, істотна адрозьнівае Яго ад іншых настаўнікаў. Таму, у-ва ўсіх нас, павінна быць яснае разуменьне таго, што Бог любіць нас і, адначасова, гатоўнасьці падпарадкаваньня Яго волі свабодна і з радасьцю. Вучні Хрыста павінны ўсьвядоміць, што могуць несьці ў гэты сьвет Божую любоў і Божае сьвятло.

Мац 7:13-23
«Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторны шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто ўваходзіць праз іх, бо цесная брама і вузкі шлях, што вядуць у жыцьцё, і мала хто знаходзіць іх. Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны — ваўкі драпежныя. Паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з церняў вінаград або з асоту фігі? Гэтак усякае добрае дрэва дае плады добрыя, а благое дрэва дае плады дрэнныя. Ня можа дрэва добрае даваць плады дрэнныя, ані благое дрэва даваць плады добрыя. Усякае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь. Таму паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. Ня кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе! Госпадзе!”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе. Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?” І тады прызнаюся ім: “Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне”» (Мац 7:13-23).

Ісус папярэджвае ўсіх нас, што, калі мы крочым за Ім, мы не павінны ісьці як-небудзь, спадзяючыся толькі на сябе, але кожнае імгненьне свайго жыцьця глядзець на Ісуса, каб ня трапіць у пастку спакусаў гэтага сьвету. Ісус прапануе упэўніцца, што мы ўваходзім да Яго не праз шырокую браму, але цесную. Ён хоча, каб мы сьцерагліся людзей, якія будуць намагацца зьвесьці нас з Яго шляху. Ён хоча нашага разуменьня ня бегчы за натоўпам, каб дасягнуць плоду. Папярэджаньні Ісуса вельмі важныя і вельмі сур’ёзныя. Паставімся ж да гэтага вельмі сур’ёзна і ўсе мы.
Ісус кажа пра цесную браму, але што гэта азначае? У Ерусаліме, па сёняшні дзень, захаваліся некалькі брамаў. Некаторыя з іх даволі шырокія, бо праз іх можна праехаць нават і на аўто. А ёсьць і такія, што праз іх можа прайсьці толькі чалавек ці невялікая каляска. Тагачасным гебраям былі вядомымі і іншыя гарады, дзе былі такія цесныя ўваходы ў горад, што людзям прыходзілася чакаць нямала часу ў чарзе, каб прайсьці праз гэтую браму. Дык вось, уявім сабе шырокую браму і, недзе непадалёк, браму цесную. Ісус асацыюе шырокую са шляхам да загубы, а цесную са шляхам да Госпада, а значыць і вечнага жыцьця з Ім. І вось Ісус запрашае падыходзячых людзей да цеснае брамы, кажучы ім пра небясьпеку ўваходу праз браму шырокую. І што мы бачым? Невялікая група людзей паверыла закліку Ісуса і накіравалася да цеснай брамы, негледзячы на пэўныя цяжкасьці і насьмешкі з боку большасьці, што пайшлі па «лёгкаму» шляху да шырокай брамы. Ды і як яны, абцяжараныя маёмасьцю і асабістымі забабонамі, праціснуцца ў гэты цесны праход?. Не, няхай гэтае робяць дзівакі, што паверылі гэтаму Ісусу. А што веруючыя?

Веруючых няшмат не таму, што брама занадта цесная і ня можа зьмесьціць вялікую колькасьць людзей. Зусім не. Няма абмежаваньняў колькасьці людзей, якія могуць увайсьці ў гэтую браму і пайсьці Божым шляхам, праз пакаяньне ў сваіх грахах і веру ў Ісуса Хрыста. Нябесная прастора таксама неабмежаваная, як і Божая ласка, якая накіраваная на вялікую колькасьць збаўленых людзей. І Бог зусім не жадае, каб большасьць пайшла ў загубу, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяньня: «Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як гэта некаторыя за маруднасьць уважаюць, але Ён доўгацярплівы да нас, не жадаючы некага загубіць, але каб усіх прывесьці да навяртаньня» (2 Пят 3:9).

«Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны — ваўкі драпежныя». Заклікаўшы людзей уваходзіць праз цесную браму Ісус кажа пра тое, што ня ўсе тыя, хто называе сябе веруючым у Бога і кажучы ад Ягонага імя, сапраўды такія. Робячы свой выбар, мы павінны памятаць, што сапраўдны шлях да Бог вельмі вузкі, а фальшывы шырокі. Сапраўдны шлях цяжкі і адказны, а фальшывы лёгкі і даступны. Па сапраўднаму шляху ідуць нямногія, а па фальшываму – мноства.

Фальшывыя прарокі існавалі ў Ізраілі заўсёды. Калі Бог ставіў на служэньне сапраўдных прарокаў, д’ябал знаходзіў прарокаў фальшывых. Так было ад пачатку гісторыі адкупленьня, як гэта казаў Майсей: «Што я загадваю вам, тое захоўвайце і рабеце, нічога не дадаючы і не адымаючы.Калі паўстане сярод цябе прарок або выясьніцель сноў і пакажа табе знак або цуд,і споўніцца той цуд, што ён прадказаў, i скажа табе снавідзец: “Пойдзем за іншымі багамі, якіх ты ня ведаеш, і будзем ім служыць”, то ня слухай словаў такога прарока або выясьніцеля, бо выспрабоўвае вас Госпад, Бог ваш, каб даведацца, ці любіш ты Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй, ці не. За Госпадам, Богам вашым, ідзіце і Яго бойцеся, і загады Ягоныя спаўняйце, i слухайцеся голасу Ягонага, Яму служыце і да Яго туліцеся» (2 Зак 13:1-5).

Апостал Павал папярэджваў веруючых у Рыме: «Прашу вас, браты, зважайце на тых, якія робяць нязгоду і згаршэньні насуперак навуцы, якое вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх. Бо гэткія служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, але свайму жывату, і красамоўствам ды ласкавасьцю зводзяць сэрцы нявінных» (Рым 16:17-18). Фальшывыя прарокі заўсёды знаходзілі неблагую глебу для свайго вучэньня, таму што, у сваёй большасьці, людзі не жадаюць ведаць праўды. Яны жадаюць ведаць тое, што ім прыемна ды пахвальна, нават і тады, калі яно фальшывае ды небясьпечнае. І, пры гэтым, адпрэчваючы тое, што непрыемна, нават і тады, калі яно сапраўднае ды карыснае. Што ж тычыцца Царквы, ад першай і да сучаснасьці, фальшывых прарокаў было больш чым дастаткова. Сучасныя хрыстагандляры пакуюць хрысьціянства ў рознакаляровыя вокладкі кнігаў ці відэазапісаў, каб атрымаць з гэтага прыбытак.

Ісус ясна кажа пра тое, якая доля ў будучым для фальшывых прарокаў. Паколькі яны ўвайшлі ў шырокую браму і ідуць шырокім шляхам, дык іхні канец – загуба. І калі яны паўстануць перад Госпадам у дзень суду і скажуць: «Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?», дык Ён адкажа ім: «Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне». Тых, хто стаў на шырокі шлях, які вядзе да загубы, падман падцікоўвае на кожным кроку чалавека. Шырокая брама – гэта шлях, на якім д’ябал ставіць шматлікія пасткі, каб людзі, на гэтым шляху, залежалі ад грэху і служылі бацьку хлусьні. І таму вельмі важна навучыцца бачыць пасткі д’ябла, але важней за ўсё – знайсьці сапраўдны шлях і крочыць па ім за Ісусам Хрыстом.

Мац 7: 24-29
«Дык кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыраўняю да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на скале. І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў умацаваны на скале. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека дурнога, які пабудаваў дом свой на пяску. І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той, і ён упаў, і было падзеньне ягонае вялікае. І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, і не як кніжнікі» (Мац 7:24-29).
 
Зямны бацька Ісуса Язэп быў прафесійным будаўніком і вельмі добра ведаў, дзе і як трэба будаваць чалавеку свой дом. Ісус жа, будучы дасканалым Чалавекам, ад дзяцінства пераймаў гэтае майстэрства і, пасьля сьмерці Якуба, таксама займаўся гэтым прафесійна. Так што Ён вельмі добра ведаў тое, пра што кажа. Ісус быў таксама дасканалым знаўцам Пісаньня, так што карціна, намалёваная Ім, базуецца на мудрасьці Кнігі Прыповесьцяў: «Калі пранясецца віхор, дык ня будзе больш бязбожніка, а праведнік мае вечны падмурак» (Прып 10:24). Толькі той дом, які стаіць на надзейным падмурку, можа вытрымаць стыхію прыроды. Толькі тое жыцьцё, якое збудаванае на надзейным маральным падмурку, здольнае пасьпяхова вытрымліваць стыхію выбару. Ісус і паказвае людзям, як ствараць надзейны падмурак свайго жыцьця, а для гэтага Ён прапануе дзьве рэчы.

Ісус настойвае на тым, каб людзі слухалі Ягонае слова. Ён добра ведае пра што кажа, бо нават і сёньня гэтае пытаньне вельмі актуальнае. Вялікая цяжкасьць заключана ў тым, што людзі ня ведаюць, што казаў Ісус ці чаму вучыць Царква. Але ў рэчаіснасьці ўсё нашмат хужэй, таму што людзі маюць памылковае ўяўленьне таго, пра што казаў Ісус і чаму вучыць Царква. Таму Ісус і заклікае людзей слухаць Яго. Слухаць уважліва і разважаць, таму што першы крок да хрысьціянскага жыцьця – проста мудра прыслухацца да таго, што кажа Ісус Хрыстос.

Ісус настойвае на тым, каб людзі дзейнічалі, бо веданьне карыснае толькі тады, калі яно падмацоўваецца справамі. Калі чалавек уважліва прачытаў Біблію і што-нішто можа працытаваць, дык гэта ніяк не азначае, што гэты чалавек прыналежыць Госпаду. Веданьне павінна стаць справаю, тэорыя павінна стаць практыкай, а багаслоўе – жыцьцём. Няма сэнсу хадзіць да лекара, параду якога мы не прымаем. Тым ня меньш шмат людзей слухаюць нядзельныя пропаведзі і вучэньне Ісуса Хрыста, ведаючы тое, пра што гэтае вучэньне, але, пры гэтым, ня робяць пэўных высілкаў, каб увасобіць гэта ў жыцьцё. Хто хоча быць пасьлядоўнікам Ісуса Хрыста, павінен слухаць і рабіць. А ці ёсьць такое слова, якое аб’яднае слуханьне і дзеяньне? Так і гэтае слова выказвае сэнс падпарадкаваньня ці паслушэньня. Ісус патрабуе нашага безумоўнага паслушэньня, бо навучыцца слухацца – самае важнае ў жыцьці. Ісус абвяшчае, што падпарадкаваньне Яму зьяўляецца надзейнай падставай для жыцьця. І таму Ён кажа, што жыцьцё, якое грунтуецца на падпарадкаваньні Яму, знаходзіцца ў поўнай бясьпецы, незалежна ад таго, якія прыйдуць катаклізмы.

«І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, і не як кніжнікі». Можна здагадацца, што гэта нямногіх заахвоціла крочыць за Хрыстом, але, у той момант, яны былі вельмі зьдзіўленымі. Чаму? Таму што людзі могуць захапляцца добрай пропаведзьдзю, застаючыся, пры гэтым, невуцкімі і няверуючымі. Прычына ж іхняга зьдзіўленьня ў тым, што Ён вучыў, як маючы ўладу, а ня як кніжнікі і фарысэі. Кніжнікі, як і розныя іншыя настаўнікі, прэтэндавалі на ўладу і карысталіся ўсімі тымі зьнешнімі прывілеямі, якія магчыма было мець. Але гэтыя пропаведзі былі пасрэднымі, сумнымі і беднымі, бо яны казалі пра тое, чым самі не валодалі. Іхнія словы ня мелі ў сабе сілы і жыцьця, бо прамаўлялі іх, як вучань адказвае завучаны ўрок. Ісус жа прамаўляе Сваю пропаведзь як Судзьдзя, які выносіць Свой прысуд. Ён сапраўды вучыў, як маючы ўладу, а Ягоныя ўрокі набылі статус законаў. Дык вось, калі Ісус Духам Сваім вучыць душу, Ён вучыць з уладаю. Ён, як быццам бы, кажа: «Хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло» (Быц 1:3).


Рецензии