Введение
Кніга Эвангельля паводле Мацьвея не прэтэндуе на тое, каб быць поўным аповядам жыцьця Ісуса Хрыста. Яна пачынаецца з генеалагічнага пераліку чалавечага роду Хрыста, гісторыі Ягонага нараджэньня і Ягоных дзіцячых гадоў да вяртаньня бацькоў, разам з Ісусам, у Назарэт. І ўжо з трэцяга разьдзелу гэтай кнігі Мацьвей пераносіць нас у час дарослага жыцьця Ісуса, калі пачынае сваё грамадзкае служэньне Ян Прадвесьнік. Мацьвей паступова павядзе нас да кульмінацыі гэтага аповяду: пакутам, сьмерці, уваскрасеньню і ўзьнясеньню Госпада Ісуса. Гэтая кульмінацыя нясе ў сабе вялікі сэнс, бо нясе ў сабе аснову збаўленьня чалавека. Менавіта таму гэтая кніга мае назву «Эвангельле» і ня столькі таму, што яна паказвае шлях вызваленьня для грэшнікаў, сколькі таму, што яна паказвае нам ахвярнае служэньне Хрыста, дзякуючы якому і стала магчымым нашае збаўленьне. І вось з гэтай весткай Мацьвей зьвяртаецца ня толькі да гебраяў, але, перш за ўсё, да іх.
Эвангельле паводле Мацьвея, разам з Эвангельлямі паводле Марка і Лукі, называюць сінаптычнымі, што азначае – «бачыць разам». І гэта кажа пра тое, што у іх запісаныя адны і тыя ж падзеі, якія адбываліся пад час служэньня Ісуса. Безумоўна і тое, што кожны з аўтараў нешта ад сябе дадаваў ці прыбіраў. Але, увогуле, яны выкладзены на адных і тых жа фактах і разьмешчаны гэтыя факты таксама аднолькава. Лічыцца, што першае Эвангельле было напісанае Маркам, а два іншых – Эвангельле паводле Мацьвея і Эвангельле паводле Лукі – напісаныя, грунтуючыся на Эвангельлі паводле Марка. Існуе таксама думка, што ў тыя часы існавала нейкая кніга выказваньняў Ісуса, з якой аўтары і чэрпалі матэрыял для сваіх твораў. Як жа ж тое не было, мы будзем бясконца ўдзячнымі Мацьвею, бо менавіта яму мы абавязаны Нагорнай пропаведзьдзю і амаль што ўсім тым, што мы ведаем пра вучэньне Ісуса Хрыста. Іншымі словамі, Марку мы абавязаныя нашымі ведамі пра падзеі жыцьця Ісуса, а Мацьвею – веданьнем сутнасьці вучэньня Хрыста.
Пра аўтара гэтага Эвангельля зьвестак няшмат. Ён быў мытнікам,- сборшчыкам падаткаў. Ведаем мы таксама, што юдэі вельмі дрэнна ставіліся да гэтай катэгорыі юдэяў, якія служылі рымлянам і таму лічыліся здраднікамі народа. Ісус жа, насуперак меркаваньню юдэяў, паклікаў Мацьвея, які, бяз усякіх пытаньняў, падняўся і пайшоў за Настаўнікам. Але гэта і ня ўсё. У Мацьвея быў вельмі прыкметны дар ад Бога. У адрозьненьні ад простых рыбакоў, ён быў няблага адукаваным і меў здольнасьці выкладаць думкі і словы пісьмова. Бачыцца, што калі Ісус паклікаў Мацьвея, дык той, ідучы за Ісусам, кінуў усё, акрамя пісьмовых прыладаў. У будучым Мацьвей добра ўжыў свой літаратурны талент і стаўся першым чалавекам, хто выклаў пісьмова вучэньне Ісуса Хрыста. Па думцы большасьці дасьледчыкаў Пісаньня, Эвангельле паводле Мацьвея было напісанае ў прамежку 55-65 гг. Паколькі сам тэкст Эвангельля вызнае, што Храм яшчэ разбураны ня быў, дык вызначаны час напісаньня гэтае кнігі выглядае безумоўна магчымым.
У сваім Эвангельлі Мацьвей прадстаўляе Ісуса Валадаром Ізраіля і Мэсіей, Які прыйшоў у сьвет, каб гэты сьвет збавіць. Ісус ёсьць для нас Настаўнікам, нашмат большым, чым Майсей. Ён ёсьць Сынам Чалавечым, Які аддаў Сваё жыцьцё дзеля збаўленьня ўсіх нас. Мацьвей заклікае нас спасьцігнуць Яго мудрасьць і прыняць новы вобраз жыцьця, пра які і кажа Ісус. Дык вось, гэтая кніга дадзена для ўсіх і для кожнага – Эвангельле паводле Мацьвея.
Свидетельство о публикации №225123000464