Мат 1 1-25

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 1:1-25

Новы Запавет пачынаецца з Эвангельля паводле Мацьвея. Вялікая колькасьць веруючых, адкрываючы для сябе Ісуса Хрыста, прачыталі Ягоны радавод ад Абрагама, адзначыўшы ў ім наяўнасьць валадарскага роду Ісуса. Усьвядоміўшы гэта мы можам працягнуць гэты аповяд і ўбачыць нараджэньне Хрыста. Нараджэньне Ісуса азначае абяцаную Богам падзею, якога людзі чакалі на працягу некалькіх тысячагодзьдзяў. Але, у той жа час, гэтая падзея сталася нечым новым і нечаканым. Сёньня ж, як і раней, Бог працягвае тварыць цуды для тых, хто вучыцца верыць у Ісуса Хрыста.

1:1-17
«Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давіда, Сына Абрагама: Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і братоў ягоных; Юда нарадзіў Пэрэса і Зару ад Тамар; Пэрэс нарадзіў Эсрома; Эсром нарадзіў Арама; Арам нарадзіў Амінадава; Амінадаў нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона; Сальмон нарадзіў Боаза ад Рахаў; Боаз нарадзіў Абэда ад Рут; Абэд нарадзіў Есэя; Есэй нарадзіў Давіда валадара; Давід валадар нарадзіў Салямона ад Урыявай; Салямон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абію; Абія нарадзіў Асу; Аса нарадзіў Ясафата; Ясафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Озію; Озія нарадзіў Ёатама; Ёатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэкію; Эзэкія нарадзіў Манасу; Манаса нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію; Ёсія нарадзіў Ёакіма; Ёакім нарадзіў Ехонію і братоў ягоных перад перасяленьнем у Бабілон. А пасьля перасяленьня ў Бабілон Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зэрубабэля; Зэрубабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліякіма; Эліякім нарадзіў Азора; Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда; Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Маттана; Маттан нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос. Гэтак усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; ад Давіда да перасяленьня ў Бабілон чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілон да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў» (Мац 1:1-17).

Крыху дзіўна для сучаснага чалавека такі пачатак гэтае кнігі, калі першы разьдзел пачынаецца з доўгага сьпісу імёнаў. Але мы павінны разумець, што для юдэяў гэта было звычайным, калі пачынаецца аповяд пра жыцьцё чалавека. Наогул, юдэі вельмі пяшчотна ставіліся да радаводаў і гэта мы часта сустракаем у Старым Запавеце. Калі знакаміты юдэйскі гісторык Язэп Флавій, напрыклад, пісаў сваю біяграфію, пачынаючы з радаводу. Чаму? Юдэі надавалі гэтаму вялікае значэньне, бо вельмі важным была чысьціня паходжаньня, якая вызначала права быць у супольнасьці выбранага Богам народа. Юдэйскі сьвятар павінен быў прад’явіць поўны радаводны сьпіс ад самога Аарона, а ягоная жонка – на пяць, як мінімум, пакаленьняў назад. Кніга Старога Запавету Эздры кажа, напрыклад, што сыны Хабая, Гакоца і Вэрзэлія былі выключаны з сьвятарства, бо не знайшлі запісу сваіх радаводаў. Пачатак гэтай кнігі ў выглядзе сьпісу радавода быў для юдэяў надзвычайна важным, каб радавод Ісуса магчыма было адсачыць да Абрагама.

Трэба адзначыць, што гэты радавод падзелены на тры часткі - па чатырнаццаць чалавек у кожнай і гэта было зроблена наўмысна. І вось чаму. Эвангельле было напісанае за шмат гадоў да таго, калі зьявіліся друкарскія кнігі, а копіі Эвангельляў маглі мець, у тыя часы, нямногія людзі. І таму радавод складаўся такім чынам, каб яго можна было лёгка запомніць. Ён павінен быў быць доказам таго, што Ісус ёсь Сын Давідаў і складзены так, каб яго лёгка было насіць у памяці. Першая частка радавода ахоплівае ўсю гісторыю да валадара Давіда, які згуртаваў Ізраіля ў моцную дзяржаву тагачаснага сьвету. Другая частка ахоплівае перыяд гісторыі гебраяў да Бабілонскага палону, кажучы пра ганьбу ды трагедыю Ізраіля. Трэцяя ж частка ахоплівае далейшую гісторыю да Ісуса Хрыста, Які вызваліў людзей ад рабства грэху. Гэтыя ж тры часткі сымбалізуюць тры этапы духоўнай гісторыі чалавецтва.

Першая частка кажа пра тое, што, калі чалавек быў створаны на вобраз і падабенства Бога, дык чалавеку было прадвызначана быць у блізкіх зносінах з Богам. Дзеля гэтага чалавек і быў створаны Богам. Цыцэрон, на гэты конт, казаў: «Адрозьненьне паміж чалавекам і Богам зводзяцца толькі да часу». Запомнім гэтыя словы і паглядзім на сваё жыцьцё ды нашыя адносіны да Бога.

Другая частка кажа пра тое, што чалавек згубіў сваю блізкасьць да Бога і стаўся рабом грэху. Ангельскі пісьменьнік Чэстэртан выказаў, на гэты конт, наступнае: «Што ж, аднак, праўда пра чалавека, дык гэта тое, што ён зусім ня тое, чым ён павінен быў быць». Чалавек выкарыстаў дадзеную яму свабоду волі ад Бога дзеля таго, каб процістаяць Яму і, у выніку, зьвёў на «не» план Бога адносна Ягонага стварэньня.

Трэцяя ж частка кажа нам пра тое, што чалавек можа зноў набыць тое, што згубіў. Бог не пакінуў чалавека, нават пасьля ягонай здрады. Ён не дапусьціў, каб чалавек знішчыў сябе сваёй неразважлівасьцю і ўсё ня скончылася вялікай трагедыяй. Бог паслаў у гэты сьвет Сына Свайго, Ісуса Хрыста, каб Ён збавіў чалавека з багны грэху, у якой ён апынуўся і пазбавіць яго ад ланцугоў, што трымаюць чалавека ў грэху.

У радаводзе Ісуса Мацьвей паказвае нам набытую валадарскую веліч, трагедыю згубленай свабоды і славу набытай гэтай жа свабоды. І гэта ёсьць, па міласьці Божай, гісторыя чалавецтва і кожнага чалавека.
Вельмі заўважлівым у радаводзе зьяўляецца тое, што мы бачым імёны жанчынаў. Тагачасная жанчына ня мела юрыдычных правоў і паказальнае тое, як юдэй дзякаваў Бога за тое, што Ён не зрабіў яго паганінам, рабом ці жанчынай. А таму існаваньне жаночых імёнаў у радаводзе ўяўляе сабою нешта незвычайнае і таму спадзьвігае нас на вывучэньне гэтага фенамену. Калі паглядзець на гэтых жанчынаў, дык можна ўбачыць нешта цікавае ды незвычайнае. Рааў была блудніцай з Ерыхону. Рут была не гебрайкай, але маавіцянкай і ці не сказана было, што маавіцяне ня могуць увайсьці ў супольнасьць Госпада нават і ў дзясятым пакаленьні. Тамар была вопытным спакусіцелем. Вірсавію, маці Салямона, Давід вельмі жорсткім чынам адабраў у свайго падначаленага Урыі. Мацьвей наўмысна паказаў нам гэтых жанчынаў, каб мы ўбачылі, як падаюць стэрэатыпы. І вось як.

Зьнік бар’ер паміж паганінам і юдэям. Рааў з Ерыхону і Рут маавіцянка атрымалі сваё месца ў радаводзе Ісуса Хрыста. І гэта кажа пра тую праўду, што ў Хрысьце няма эліна ці юдэя, а ёсьць усеагульнасьць Эвангельля і любові Бога.

Зьнік бар’ер паміж жанчынай і мужчынай. У радаводзе Ісуса, у адрозьненьні ад звычайнай, ёсьць жаночыя імёны. Пагарда прайшла, бо мужчыны і жанчыны аднолькава блізкія да Бога і аднолькава важныя для зьдзяйсьненьня Божых мэтаў.

Зьнік бар’ер паміж сьвятым і грэшнікам. Бог можа выкарыстоўваць дзеля Сваіх мэтаў і тых, хто шмат грашыў, як і напісана: «Бо Я прыйшоў не праведнікаў, але грэшнікаў клікаць да навяртаньня» (Мац 9:13).

1:18-25
«Нараджэньне Ісуса Хрыста было вось як: па заручынах маці Яго Марыі з Язэпам, раней, чым яны зыйшліся, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога. Язэп, муж ейны, будучы праведным і ня хочучы агаласіць яе, хацеў цішком адпусьціць яе. Але, калі ён падумаў гэтае, вось, анёл Госпадаў зьявіўся яму ў-ва сьне і сказаў: «Язэп, сыне Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо Тое, што нарадзілася ў ёй, ёсьць ад Духа Сьвятога. Вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іхніх». А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «Вось, Дзева прыйме ва ўлоньне і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Іммануэль, гэта значыць: З намі Бог». Устаўшы зо-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Госпадаў, і прыняў жонку сваю, і не спазнаў яе, аж нарадзіла Сына свайго Першароднага, і ён даў Яму імя Ісус» (Мац 1:18-25).
Вяртаючыся да вызначэньня трох Эвангельляў (акрамя Яна) сінаптычнымі, якія, тым ці іншым чынам, дадаюць адно аднога, мы можам убачыць гэта і на прыкладзе нараджэньня Ісуса Хрыста. Эвангельле паводле Мацьвея паказвае нам гэтую гісторыю вачамі Язэпа, а Эвангельле паводле Лукі дае нам тое ж вачамі Марыі (Марыям). Лука паказвае нам усхвалёваную Марыю, якая гатуецца даць жыцьцё Мэсіі, Мацьвей жа – разважлівага Язэпа, які выявіў цяжарнасьць будучай жонцы. Адзіны момант, які аб’ядноўвае гэтыя погляды на цяжарнасьць Марыі – гэта прысутнасьць анёла Габрыэля, які кажа Язэпу: «Ня бойся». І гэта вельмі важныя словы пры разглядзе гэтай жыцьцёвай сітуацыі.

Тое, як дастойна выйшлі з гэтай вельмі складанай жыцьцёвай сітуацыі Язэп і Марыя, мы бачым з аповядаў Мацьвея і Лукі, але ня ўсё так проста было ў розуме пазьнейшых хрысьціянаў і таксама юдэяў. Стагодзямі ворагі хрысьціянства (ата нават і некаторыя хрысьціяне) лічылі, што гэтая гісторыя неверагодная, бо нараджэньне дзіцяці бяз удзелу бацькі – гэта ўжо занадта. Вакол гісторыі нараджэньня Ісуса ўзьнікла мноства розных здагадак, але аповяды Мацьвея і Лукі засталіся на ўсе вякі як праўда, а ўсе розныя здагадкі – ня больш, чым здагадкамі. І яшчэ адно цікавае назіраньне. Мацьвей завяршае гэтую гісторыю словамі Ісаі: «Вось, Дзева прыйме ва ўлоньне і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Іммануэль, гэта значыць: З намі Бог». Дасьледчыкі Пісаньня кажуць, што Мацьвей першым заўважыў прадказаньне прарока пра зьяўленьне Мэсіі і гэтым адкрыў нешта новае ў прароцтвах Ісаі.

Мацьвей прапануе нам не ўспрымаць ягоны аповяд, як нешта адарванае ад гісторыі Ізраіля, у якім заўсёды была Божая прысутнасьць праз Ягоныя дзеяньні і цуды. Сьвяты Дух прысутнічае тут заўсёды. І найгалоўнейшы цуд Божага дзеяньня ў тым, што Ісус быў зачаты Духам Сьвятым. Дух – Стваральнік сьвету і Той, Хто дае жыцьцё. Такім чынам, у Ісусе Хрысьце, у сьвет прыйшла ствараючая жыцьцё сіла Божая. Тая самая сіла, якая ўпарадкавала першабытны хаос, а зараз прыйшла да нас, каб упарадкаваць хаос нашых сэрцаў і ўдыхнуць жыцьцё ў нашую слабасьць і нашую марнасьць. Можна сказаць, што мы не жывыя па-сапраўднаму, пакуль у нашае жыцьцё ня ўвойдзе Ісус Хрыстос. Ісус можа зноў адрадзіць загіблую ў грэху душу. Ён можа аднавіць жыцьцё, калі людзі згубілі ўсё тое, што гэтае жыцьцё і азначае.

З прачытанага намі вынікае, што ў нараджэньні Ісуса Дух Божы прымае такі ўдзел, як ніколі ад стварэньня сьвету. Нараджэньне Ісуса дае нам здольнасьць бачыць, які Бог і якім павінен быць чалавек. Ісус адкрывае розум для разуменьня таго, што ёсьць Божая праўда для нас. Ісус ёсьць сіла Творцы, якая прыйшла да нас, каб вызваліць чалавечыя душы ад грахоўнай сьмерці. Нараджэньне Ісуса адкрывае нам сілу Бога, якая адкрывае нам новыя дзіўныя шляхі сваёй бязьмежнай любові і міласьці, як выкананьне Сваіх абяцаньняў.


Рецензии