Мат 2 1-12

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 2:1-12

Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме, нявялікім горадзе ў васьмі кіламетрах ад Ерусаліма ў паўдзённым напрамку. Бэтлеем азначае «дом хлеба» і гэта не было проста назвай, бо пладародная сялянская мясьціна цалкам апраўдвала ягоную назву. Горад знаходзіўся даволі высока, выглядаючы як амфітэатр сярод прыгоркаў. У горада была даўняя гісторыя. Тут Якуб пахаваў Рахіль, там жыла Рут, калі стала жонкаю Ваоза. Бэтлеем жа, перш за ўсё, стаўся горадам валадара Давіда, які павінен быў паслаць Збаўцу з роду знакамітага валадара. Калі Бог Славы прыйшоў у гэты сьвет, Ён быў народжаны ў памяшканьні для захоўваньня зерня ў гасьцініцы Бэтлеема і з гэтага пачаўся новы адлік часу чалавецтва.

2:1-12
«Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні валадара Ірада, прыйшлі ў Ерусалім мудрацы з усходу і кажуць: «Дзе народжаны Валадар Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». Пачуўшы гэтае, Ірад валадар стрывожыўся, і ўвесь Ерусалім з ім. І, сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Хрыстос. Яны ж сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока: “І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым ня меншы за ваяводзтвы Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраіль”». Тады Ірад, цішком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі. І, паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Пайдзіце, добра даведайцеся пра Дзіцятка і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму». Яны, выслухаўшы валадара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіцятка. Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасьцю вельмі вялікаю. І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Марыяй, маці Ягонай, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынесьлі Яму падарункі: золата, ладан і сьмірну. І, меўшы ў сьне слова не варочацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю» (Мац 2:1-12).

Калі ў Бэтлееме нарадзіўся Ісус, з усходу прыйшлі мудрацы, каб пакланіцца Яму. Што вядома пра іх? Грэцкі гісторык Герадот кажа, што гэта былі прадстаўнікі мідыйскага племяні, якія сталі ў Персіі амаль што тым жа, што і лявіты ў Ізраілі. Яны сталі мудрацамі і людзьмі сьвятасьці, якія вучылі мудрасьці персідскіх валадароў.

У тыя часы ўсе верылі астралогіі, калі па зорках можна было прадказаць будучыню, а зоркі заўсёды крочаць сваім шляхам. Менавіта яны і сымбалізуюць парадак гэтага сьвету. Калі ж зьяўлялася новая зорка, дык узьнікала ўпэўненасьць таго, што абвяшчалася нешта асаблівае. Мы ня ведаем, што азначала гэтая зорка, якую бачылі мудрацы. На гэты конт было выказана шмат здагадак і адна з іх казала пра тое, што ў першы дзень егіпецкага месяца «мэсоры» зорка Сірыус узыходзіла разам з Сонцам і была незвычайна сьветлай. Назва ж месяца азначала нараджэньне прынца і старажытныя астраномы зьвязвалі гэта з нараджэньнем вялікага валадара. Няма ніякіх падставаў думаць, што аповяд пра мудрацоў, якія прыйшлі да калыскі Хрыста – гэта толькі нейкі міт, бо гэты час азначаўся вялікім чаканьнем прышэсьця Валадара ад Бога. Так гэта і сталася, калі каля Ягонай калыскі сабраліся пасланцы дальніх краінаў. Гэта быў першы знак і сымбаль заваёвы Хрыстом гэтага сьвету.


Рецензии