Мат 3 1 17

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 3:1-17

Зьяўленьне Яна Хрысьціцеля быў падобны гуку Бога, які прагучаў зьнянацку. Да гэтага часу юдэі з сумам усьведамлялі, што голас прарокаў больш не казаў сярод народу Божага. Усе ведалі, што ўжо чатыраста гадоў не было ніводнага прарока, але ў Яне Прадвесьніку зноў прагучаў прароцкі голас.

3:1-10
«У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель, абвяшчаючы ў пустыні Юдэйскай і кажучы: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». Бо ён той, пра якога сказаў прарок Ісая: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму». Сам жа Ян меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ежаю яго была саранча і дзікі мёд. Тады выходзілі да яго Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдану, і хрысьціліся ў яго ў Ярдане, вызнаючы грахі свае. А ўбачыўшы мноства фарысэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: «Спараджэньні яхідны, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Учыніце ж плод, годны навяртаньня, і ня думайце гаварыць у думках сваіх: “Бацьку маем Абрагама”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; дык кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь» (Мац 3:1-10).

Заклік прарока Ісаі: «Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму» ня быў забытым у Ізраілі. Праз вякі яно рэхам гучала ў грамадзтве, аж да пропаведзі Яна Хрысьціцеля. Гэтыя словы азначалі напружанае чаканьне таго, што Госпад хутка прыйдзе і прынясе народу свабоду і супакой, а таму словы: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае» вымушала многіх людзей усхвалявацца ды задумацца. Прарокі абяцалі ім, што Ён вернецца, калі яны пакаюцца і навернуцца да Яго ўсім сэрцам. Менавіта гэтага і патрабаваў ад іх Ян, і натоўпы гебраяў пачалі зьбірацца, каб пачуць пропаведзь Хрысьціцеля. Тады ўпершыню і зьдзейсьнілася таемства хросту з пакаяньнем грахоў чалавека. Ян хрысьціў людзей у Ярдане і гэта не было проста сымбалічным ачышчэньнем, але знакам пералому ў гісторыі Ізраіля і ўсяго сьвету. Каля тысячы гадоў таму гебраі перайшлі гэтую раку і ўпершыню адчулі пад сваімі нагамі Зямлю абяцаную, каб пачаць яе заваёву. І вось іх клічуць зноў увайсьці ў Ярдан, каб падгатавацца да ўваходу ў Валадарства Нябеснае на зямлі, як і на Нябёсах.

Пасланьне Яна не было простым. Ён кажа пра агонь, які будзе палаць і пра сякеру, якая сьсячэ дрэва. Ян жорстка прапануе фарысэям сапраўднае пакаяньне, што азначае поўную зьмену сэрца і жыцьця, бо фармальны хрост ніяк не набліжае чалавека да Валадарства Нябеснага. У чым жа павінны былі пакаяцца гебраі, што слухалі Яна? Фарысэі, напрыклад, ганарыліся сваёй чысьцінёй і не лічылі сябе вінаватымі ў распаўсюджаных грахах. І ў гэтым ёсьць праўда, але іхняя гордасьць сваёй перавагі як у грамадзтве Ізраіля, так і ў-ва ўсім сьвеце, стаяла на шляху да Госпада. Ян кажа фарысэям, што іхні зварот да Абрагама яшчэ нічога не азначае, бо Бог можа лёгка стварыць новых дзяцей Абрагаму з камянёў, па якіх яны ходзяць. Сякера гатова зрубіць сухое дрэва і адзіным спосабам пазьбегнуць гэтага ёсьць доказ таго, што мы ёсьць дрэва пладаноснае.

Зьяўленьне Яна Хрысьціцеля было падобным на раптоўны голас Госпада. Юдэі ўбачылі ў Яне прарока, але якую вестку нёс ім гэты дзіўны чалавек?

Ян асуджаў загану заўсёды і ўсюды, дзе яе бачыў і чуў. Ён асуджаў валадара Ірада за ягоны бязбожны шлюб. Ён папракаў садукеяў і фарысэяў за тое, што яны загразлі ў фармалізьме і рытуалах. Ян ня меў у гэтым ніякага страху і быў падобным на сьвятло, які асьвятляў цёмныя месцы.

Ян настойліва заклікаў людзей да праведнасьці і тым самым аднаўляў маральныя нормы Бога. Ён заклікаў іх рабіць тое, што яны павінны былі рабіць і стаць такімі, якімі яны маглі стаць. Заклік Яна тычыцца і ўсіх нас, бо ці заўсёды Царква казала людзям пра высокі хрысьціянскі ідэял замест звычных пастановаў пра тое, што нельга рабіць.

Ян прыйшоў ад Бога з пустыні. Ён прыйшоў да людзей пасьля таго, як атрымаў ад Бога вельмі сур’ёзную падрыхтоўку, пачынаючы ад нараджэньня. Ён прыйшоў не са сваімі асабістымі думкамі, але з весткай ад Бога. Мы бачым з гэтага, што прапаведнік ці настаўнік з прароцкім голасам, павінен прыходзіць да людзей, маючы ў сабе Божую прысутнасьць.

Ян паказваў людзям шлях наперад і ўверх. Ён быў ня толькі праменем сьвятла, што выявіў загану ды голасам, што асудзіў грэх. Ён быў указальным знакам на шляху да Бога і такім чынам гатаваў людзей да прышэсьця Мэсіі.

Ян называе фарысэяў и садукеяў спараджэньнем яхідны і пытае, хто навучыў іх уцякаць ад будучага гневу. Як знаўца пустыні і увогуле прыроды, Ян думае менавіта вобразамі гэтай прыроды. Калі фарысэі і садукеі сапраўды жадаюць хросту, яны падобныя на тых жывёлаў пустыні, якія бягуць ад пажару перад імі.

Ян ня толькі пагражаў, але даваў і надзею з папярэджаньнем. Ён казаў пра Таго, Хто ідзе за ім і што ён ня варты несьці Ягоныя сандалы, паставіўшы сябе ў становішча раба. Ян скараў сябе перад Госпадам, кажучы, што прыйдзе дужэйшы за яго і будзе хрысьціць іх Сьвятым Духам і агнём.

Мац 3:11-17
«Я хрышчу вас у вадзе на навяртаньне, але Той, Хто ідзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варты несьці сандалы Ягоныя. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў агні. Веялка Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём нязгасным. Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна хрысьціцца ў яго. Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: «Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?» А Ісус, адказваючы, сказаў яму: “Пакінь цяпер; бо гэтак нам належыць споўніць усякую праведнасьць”. Тады дапускае Яго. І, ахрысьціўшыся, Ісус адразу ж выйшаў з вады, і вось, расчынілася Яму неба, і ўгледзеў Духа Божага, Які зыходзіў, як голуб, і прыходзіў на Яго. І вось, голас з неба, які казаў: “Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне”».

Юдэі, на працягу ўсёй сваёй гісторыі, чакалі прышэсьця новага Духа. Прарок Езэкііль даводзіць сказанае Богам: «І дам вам сэрца новае і дух новы дам вам. І вазьму з цела вашага сэрца каменнае і дам вам сэрца плацяное. Укладу ўсярэдзіну вас дух Мой і зраблю так, што вы будзеце хадзіць у запаведзях Маіх і пастановы Мае будзеце захоўваць і выконваць» (Ез 36:26-27). Таксама і Ісая кажа: «Бо Я вылью на спрагненае, вылью дух Мой на племя тваё і дабраславеньне Маё на нашчадкаў тваіх. І будуць расьці сярод травы, як вербы пры патоках водаў» (Іс 44:3-4). Ян кажа пра Духа Сьвятога, але якія дары Ён дае і якія Ягоныя дзеі?

Ян, будучы юдэем, зьвяртаўся да юдэяў на зразумелай ім мове. Дух – гэта дыханьне, што ёсьць жыцьцё і таму абацаньне Духа – гэта абяцаньне жыцьця. Дух Божы ўдыхае ў чалавека жыцьцё Божае і калі гэта адбываецца, дык чалавек адчувае новы якасны пад’ём, бо зьнікае стомленасьць, шэрасьць жыцьця і сьвядомасьць сваёй няздольнасьці зьдзейсьніць нешта незвычайна дабрае.

У гебрайскім разуменьні слова дух, дыханьне – гэта яшчэ і вецер, а вецер – гэта сіла. Менавіта вецер нясе перад сабою ветразьныя судны па вадзе, вырывае з каранямі дрэвы і зрывае дахі з дамоў. Дух Божы – гэта Дух сілы і калі Ён уваходзіць у чалавека, ягоная слабасьць напаўняецца сілаю Божай. Чалавек набывае здольнась рабіць немагчымае, пераносіць любыя цяжкасьці і сустракаць неверагоднае. Ён разьвітваецца з няўдачамі і ідзе насустрач перамогам.

Сьвяты Дух – гэта Дух творчасьці, ад пачатку: «На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданьню, і Дух Божы лунаў над вадою» (Быц 1:1-2). Дух Божы пераўтварыў хаос у хараство неба і зямлі. Дух Божы можа пераўтварыць і нас. Дух Божы, уваходзячы ў чалавека зьвяртае бязладзіцу чалавечай прыроды ў Божы парадак і зьвяртае нашае раскіданае ды бязладнае жыцьцё ў Божую гармонію.

Сьвяты Дух нясе людзям Божую праўду. Кожнае новае адкрыцьцё ў любой вобласьці веданьня – гэта дар Духа, Які ўваходзіць у чалавечую сьвядомасьць і ператварае чалавечую здагадку ў Божую ўпэўненасьць, а чалавечае няведаньне ў Божае веданьне. Сьвяты Дух дае людзям здольнасьць спазнаць праўду пры сустрэчы з ёй. Калі Дух уваходзіць у нашае сэрца, з нашых вачэй зьнікае цемра забабонаў і мы атрымліваем здольнасьць бачыць праўду.

Ян кажа, што Той, Хто ідзе за ім будзе хрысьціць таксама і агнём. Але што азначае хрышчэньне агнём і як нам гэта разумець? Тым больш, што ў нашым хросьце была вада, а не агонь. Думка пра хрышчэньне агнём мае, у сваім складзе, тры ідэі. Гэтыя тры ідэі ёсьць думкаю вядомых сучасных дасьледчыкаў Пісаньня, а аўтар гэтых радкоў цалкам падтрымлівае гэтую думку.

Ідэя асьветы. Сьвятло полымя адкідвае сьвятло ў ноч і асьвятляе самыя цёмныя куткі. Сьвятло маяка накіроўвае марака ў порт, а вандроўніка – да ягонай мэты. Агонь – гэта сьвятло і накірунак. Ісус – сьвятло маяка, што вядзе людзей да праўды і ў дом Божы.

Ідэя цяплыні. Калі ў жыцьцё чалавека прыходзіць Ісус, Ён запальвае сэрца цяплынёй любові да Бога і сваіх субратоў. Хрысьціянства – гэта рэлігія запаленага сэрца.
Ідэя ачышчэньня. Гэта азначае гібель усяго нячыстага, бо ачышчальны агонь спальвае ўсё нядобрае і пакідае сапраўднае. Полымя загуртоўвае і ўмацоўвае метал. Калі Хрыстос уваходзіць у сэрца чалавека, бязбожныя рэчы спальваюцца. Часам гэта зьвязана з хворымі перажываньнямі, але, калі чалавек верыць, што Бог усё вядзе да добрага, дык ён выйдзе з гэтых перажываньняў з ачышчаным характарам і сумленьнем, і, у рэшце рэшт, будзе настолькі чыстым сэрцам, што зможа бачыць Госпада.
Такім чынам, Янава слова «агонь» нясе ў сабе асьвету, цяплыню і ачышчэньне, якія набывае чалавек, калі ў ягонае сэрца ўваходзіць Ісус Хрыстос.

Зварот Яна да юдэяў нясе ў сабе яшчэ эпізод, у якім мы бачым як абяцаньне, так і пагрозу – гэта карціна гумна. Нагадаем чытачу сутнасьць гэтага працэсу. Так веялі зерне: бралі яго лапатай з зямлі і падкідвалі яго ў паветра. Тяжэйшае зерне падала на зямлю, а лёгкую мякіну зносіла ветрам. Пасьля гэтага зерне зьбіралі ў сьвіран, а салома ды мякіна спальваліся па розных патрэбах. Што гэтым кажа Ян?

З прышэсьцем Хрыста адбываецца падзел: ці людзі прымаюць Яго, ці ад Яго адмаўляюцца. Чалавек, сустрэўшыся з Ім, абавязкова павінен зрабіць выбар – так ці супраць. І гэты выбар вызначае лёс чалавека. Людзей падзяляе іхнія адносіны да Ісуса Хрыста. Хрысьціянства не пакідае ніякай магчымасьці бегчы ад гэтага выбару і, у рэшце рэшт, кожны чалавек павінен зрабіць гэты выбар.

Калі ж Ян зьвяртаўся да народу ў сваёй пропаведзі, прыйшоў да яго Ісус, каб хрысьціцца ў Яна. Зьдзіўлены Ян не хацеў гэтага рабіць, бо лічыў, што Ісусу гэта не патрабуецца. Наадварот, гэта Ян павінен хрысьціцца ў Ісуса, бо яму самому патрэбна было тое, што мог даць яму Ісус. Хрост Ісуса Хрыста заслугоўвае асобнай размовы і вось чаму. Людзі разважалі над гэтым пытаньнем многія вякі. Многім, хто пачынаў разважаць над эвангельскім аповядам, цяжка было зразумець гісторыю хросту Ісуса. У Янавым хросьце ўсе бачылі заклік да пакаяньня, што адкрывала шлях да прабачэньня грахоў. Але Ісусу ня трэба было ніякага пакаяньня і ніякага прабачэньня. Хрост Яна быў прызначаны да грэшнікаў, якія ўсьведамлялі свой грэх і з гэтага вынікала, што Хрысту зусім непатрэбны гэты хрост.

Багаслоў IV стагодзьдзя Іеранім, спасылаючыся на некананічнае Эвангельле паводле гебраяў выказаў здагадку таго, што Ісус пайшоў хрысьціцца, каб дагадзіць Сваёй маці і Сваім братам. Іеранім дае і вытрымку з гэтае крыніцы: «Маці Госпада і браты Яго сказалі Яму: “Ян Хрысьціцель хрысьціць дзеля прабачэньня грахоў; пойдзем і ахрысьцімся ў яго”. Але Ён сказаў ім: “У чым зграшыў Я, што павінен ісьці хрысьціцца ў яго? Ці што сказанае Мною зараз, магчыма, зьяўляецца грэхам няведаньня”».

Ісус пражыў Свае трыццаць гадоў, як дасканалы чалавек. З дзяцінства Ён жыў сярод юдэяў, выхоўваўся юдэем бацькамі, якія, дарэчы, былі рэлігійна сьвядомымі і даволі адукаванымі людзьмі. Маці Ісуса, напрыклад, выхоўвалася ў жаночай школе пры Ерусалімскім храме, а зямны багабаязны бацька Язэп няблага ведаў Пісаньне. Сам Ісус выдатна вучыўся ў школе пры сынагозе, а потым, пасьля сьмерці Язэпа, з посьпехам вучыў і выхоўваў Сваіх малодшых братоў і сёстраў, будучы ўжо галавой сям’і. Ён добра ведаў рамёствы, назіраў за прыродай і два гады вандраваў па Рымскай імперыі з пропаведзьдзю і настаўленьнем. Ужо з дванаццаці гадоў Ён адчуваў існаваньне Нябеснага Айца і з гадамі адчуваньне Сваёй незвычайнай місіі толькі павялічвалася. Посьпех любой справы, ў вялікай ступені, залежыць ад таго, наколькі правільна выбраны момант для яе пачатку. Ісус, як бачыцца, чакаў, калі прыйдзе Ягоны час і своечасова прагучыць заклік да гэтай незвычайнай місіі. І вось, калі зьявіўся, у сваім служэньні Ян, Ісус зразумеў, што Ягоны час прыйшоў. Але чаму ўсё павінна было адбыцца менавіта так?

На працягу ўсёй гісторыі ад Майсея, ніводны гебрай не пагаджаўся хрысьціцца. Юдэі ведалі хрост, але толькі для празэлітаў, якія пераходзілі ў юдаізм з іншай веры. Тагачасны юдэй і не ўяўляў сабе, што яму, прадстаўніку выбранага Богам народа і нашчадку Абрагама, якому збаўленьне забясьпечана аўтаматычна, калі-небудзь трэба будзе хрысьціцца. Хрост быў для грэшнікаў, а не для юдэяў, якія не маглі і думаць пра сябе, як пра грэшнікаў. І вось зараз, упершыню ў гісторыі, юдэі ўсьвядомілі сваю асабістую грахоўнасьць і таму адгукнуліся на заклік Яна. Ніколі раней у юдэяў не было такога імкненьня да пакаяньня і пошука Бога. І гэта быў той момант, якога чакаў Ісус. Размова з маці і братамі адносна хросту, як бачыцца, толькі канчаткова ўпэўнілі Ісуса ў тым, што Ягоны час настаў. Мы ня ведаем дакладна пра прысутнасьць Ягоных родных на гэтым хросьце, але, спасылаючыся на Іераніма, пасьля размовы Ісуса з маці і братамі, выключаць гэтую магчымасьць нелагічна.

Хрост Ісуса адбыўся і Дух Божы зыйшоў на Яго, а з ім прагучаў голас з неба: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне». Кожны юдэй ведаў, што гэтыя словы, ад Псальмаў і Ісаі, указвалі на Мэсію, будучага Валадара Ізраіля. Такім чынам, гэтым хростам, Ісус набыў падвойную ўпэўненасьць ў тым, што Ён сапраўды Сын Божы і што Ягоны далейшы шлях – крыжовы шлях. Так, Ён выбраны Богам стаць Валадаром, але пасадам Яму будзе Крыж. У той момант перад Ісусам была вызначана задача і ўказаны адзіны спосаб выканаць яе.


Рецензии